Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс. Займеннік як часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля

 

ВЫВУЧАЕМ ЧАСЦІНЫ МОВЫ: ПРАКТЫКУМ

6 клас

              Тэма: Займеннік як часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля.

              Псіхалагічны настрой.            

                                                          Склады но, я; шта, не;

                                                          Кі, ней; калькі, не

                                                          Я старанна вымаўляю,

                                                          З іх займеннікі складаю.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

• Назавіце словы (займеннікі), у якія ўваходзяць склады но, я; шта, не; кі, ней; калькі, не. (Яно, нешта, нейкі, некалькі.) Запішыце іх.

• Якую тэму мы сёння будзем вывучаць? Здагадаліся?

Вучымся разважаць.

• Пастаўце пытанні да займеннікаў яно, нешта, нейкі, некалькі.

• Прааналізаваўшы запісаныя займеннікі і пастаўленыя да іх пытанні, выберыце патрэбнае:

а) займеннік паказвае на прадметы, прыметы прадметаў, колькасць, не называючы іх;

б) займеннік называе прадметы, прыметы прадметаў, іх колькасць.

А д к а з: а.

• Прачытайце ў вучэбным дапаможніку па беларускай мове для 6-га класа (2020) лінгвістычны матэрыял параграфа 65 і праверце, ці правільна вы разважалі.

Праца са словам.

Адгадайце загадку.

                                                    Чым больш з яе бярэш,

                                                    Тым большай яна робіцца. (Яма.)

                                                                              З народнага.

   •  Якім займеннікам можна замяніць назоўнік яма? (Яна.)

• Назавіце слова, якое рыфмуецца з займеннікам яна.

Яе, яны, ёй, акна, ён. (Акна.)

         • Ці ўсе гэтыя словы з'яўляюцца займеннікамі? Абгрунтуйце сваю думку.

• Ці ўсе прапанаваныя займеннікі стаяць у пачатковай форме?

• Складзіце і запішыце сказ з займеннікам яна.    

Д л я  д а в е д к і.

Пачатковая форма займенніка – Н. скл., м. р. (калі змяняецца па родах(, адз. л. (калі змяняецца па ліках).

Назавіце слова.

                                               Мы збіралі ягадкі,

                                               Нас яны чакалі.

                                               Мы свае збаночкі  

                                               Хутка … (напаўнялі).

                                                         Аляксей Якімовіч.

• Якімі членамі сказа бываюць займеннікі? (Бываюць рознымі  членамі сказа.)  Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага дапаможніка.

• Вызначце, якімі членамі сказа з’яўляюцца займеннікі ў вершаваным тэксце.

• У слове “чакалі”  пасля ч пішам а.  А як чытаем? (Цвёрда.) 

   Хвілінка кемлівасці.                                              

   Дапішыце прыказкі і прымаўкі, выбраўшы патрэбны варыянт з прапанаваных.

1. Быў квас, …(ды не было вас). 2. Гэтаму танцу … (не будзе канца). 3. З табой добра, … (а без цябе яшчэ лепей). 4. І курыца … (на сваім сметніку гаспадыня). 5. Каб нам жылося, былося, … (каб у нашым жыце калоссе вялося) [1, с. 243, 245, 249, 250, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].  

         Д л я  д а в е д к і: не будзе канца; каб у нашым жыце калоссе вялося; а без цябе яшчэ лепей; на сваім сметніку гаспадыня; ды не было вас.

   • Назавіце займеннікі і вызначце іх склон. Як вы гэта зрабілі?

• Што вам вядома пра напісанне займенніка “цябе”? (У першым складзе перад  націскам пішацца а.)

Працуем са спалучэннямі слоў.          

• Да спалучэння слоў нехта падбег падбярыце спалучэнне з сінонімам-займеннікам.

• Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

• На якую асобу ці прадмет паказваюць займеннікі нехта, нешта: на пэўную ці на няпэўную? (На няпэўную асобу, на невядомы прадмет.)

• Выберыце патрэбнае.

Займеннікі нехта, нешта ўжываюцца: а) замест назоўнікаў; б) замест прыметнікаў.

• Што вам вядома пра напісанне слова “падбег”? (Прыстаўка пад- у беларускай мове пішацца нязменна.)

Д л я  д а в е д к і: нехта падбег – хтосьці падбег.

Праца з вершаваным тэкстам.

Вось што займеннік паведамляе пра сябе:

                                                     Іншыя часціны мовы

                                                     Вельмі часта замяняю.

                                                     Упрыгожваю я мову,

                                                     Ад паўтораў пазбаўляю.

                                                                  Аляксей Якімовіч.

• Складзіце два сказы, выкарыстаўшы назоўнік лета і займеннік яно.

Праца са словам.

Складзіце займеннік з першых літар наступных слоў: імкнуцца, насенне, шаша, абавязак, ельнік. (Іншае.)

• У словазлучэнні “нішто іншае” адзін займеннік ці два? (Два.)

• Чаму ў слове “іншае” пасля ш пішам а? ([ш]  -- зацвярдзелы зычны.)

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Ці згодны вы з наступным сцверджаннем?

Кожны праўду любіць, ды не кожны яе знае.

       • Запішыце сказ у выпраўленым варыянце. (Кожны праўду знае, ды не кожны яе любіць.) [1, с. 108, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].

         • Назавіце ў сказе займеннікі і вызначце іх род. Як вы гэта зрабілі?

• Як вы адносіцеся да праўды?

Гульня “Шукаю сябра”.

         Падбярыце слова з такімі ж марфалагічнымі прыметамі, як у займенніка табой, ужытага ў рубрыцы “Хвілінка кемлівасці”.                                    

Фізкультхвілінка.

Успомніце, якія беларускія словы-займеннікі вы запісалі ў пачатку ўрока. (Яно, нешта.) На столі, на сцяне вачыма напішыце іх і лагодна ўсміхніцеся ім, добрым і ласкавым.

Пазнайце слова.

Пазнайце слова па яго апісанні: корань, як у слове “самы”, канчатак, як у слове “гара”.

Так, гэта слова “сама”. Дзякуючы кораню і канчатку мы здагадаліся, як яно гучыць. А да якой часціны мовы адносіцца? (Гэта займеннік.) Як вы дакажаце гэта?

Скорагаворка.

Вымаўляем правільна.

Цяпер езджу на іншым аўтамабілі.

• Вызначце займеннік. (Іншы.) Ці змяняецца ён па родах, ліках і склонах, як прыметнік? Паразважайце.

• Як вымаўляецца спалучэнне зычных у слове “езджу”?

Запомніце! Пішам езджу, а вымаўляем [й′эжджу].

Праца з дыялогам.

Выкарыстаўшы займеннікі, дапоўніце дыялог Аляксея Якімовіча адказамі суразмоўцы. Устаўце прапушчаную літару. У якой частцы слова яна знаходзіцца?

-- Васілёк, ты заўжды сам выконваеш хатні.. заданні? (Я заўжды сам выконваю хатнія заданні.)

         -- Якое тваё самае любімае захапленне?  (-- Я люблю гуляць у футбол, зімою катаюся на лыжах.)

         -- Ты ўсім любіш расказваць пра сябе? (Абы з кім не хочацца размаўляць.)

         • Выпішыце займеннікі.

         •  Вучаніца сказала: “Займеннік паказвае на прадметы, прыметы прадметаў, колькасць”. Удакладніце сцверджанне вучаніцы.

З пазычаных складоў.

Прачытайце словы. Вазьміце па адным складзе з кожнага і ўтварыце займеннік.

Ураджай, павесь. (Увесь.)

• Выберыце патрэбнае.

 Увесь (год, канцэрт, снег, урокі, пень).

• Перакладзіце займеннік увесь  на рускую мову. (Весь.)  

      Параўнайце  гучанне і напісанне.

• Назавіце слова.

Увесь дзень мы працавалі:

                                         Ў лесе ягадкі … (збіралі).

                                                           Аляксей Якімовіч.

• Запомніце, як пішацца займеннік увесь.

Перакладчыкі.

Запішыце па-беларуску.

Сколько птиц на нашей планете? Сколько цветов растёт во всех уголках земного шара? Кто-нибудь когда-нибудь точно подсчитает их? Вы верите в это? (Аляксей Якімовіч). 

• Назавіце займеннікі ў тэксце.

С л о ў н і к: уголок – куточак, точно – дакладна.

Сустрэча з пісьменнікам.

Ва ўрыўку з кнігі Аляксея Якімовіча “Сем гісторый пра Воўка і Вожыка” устаўце патрэбныя літары.

Са страхі дома звісаў Лядзяш. З..явіўся ён тут даўно, кожны  дзень пакрыху падрастаў і стаў тоўсты, доўгі і востры, як піка.

-- Я тут самы дужы! – набраўшыся гонару, аднаго разу заявіў.

-- Ты тут не самы дужы, -- падала голас Сініца Вялікая. Яна сядзела на маладзенькім клёне, які рос н..падалёку.

-- Але ж ты баішся мяне! – усклікну.. Лядзяш. Ён даўно заўважыў, што птушкі абмінаюць яго.

-- Баюся, бо ты вельмі халодны, -- прамовіла Сініца і страсянулася. Дрыжыкамі яе працяло.

Лядзяш засмяяўся, ды так гучна, што нават закалыхаўся (Аляксей Якімовіч) [2, с. 4, “Сем гісторый пра Воўка і Вожыка”].

• Падбярыце сінонім да слова “страха”. (Дах.)

• Падкрэсіце займеннікі як члены сказа.

Гульня “Шукаю сябра”.

Да займенніка самы, ужытага ў рубрыцы “Сустрэча з пісьменнікам”, падбярыце займеннік з такімі ж марфалагічнымі прыметамі.

Падбярыце патрэбнае.

Каб правільна вызначыць значэнне слова, з двух прапанаваных у дужках варыянтаў выберыце той, які падыходзіць да першага слова па сэнсе. 

Адзетак (з магазіна, з неба).

• Якім словам можна замяніць назоўнік “адзетак” (размоўны)? Выберыце з двух варыянтаў: адзенне, гульня.

                                                  Верабейка ў магазіне

                                                  Накупляў адзетак.

                                                  У яго, мае сябры,

                                                  У гняздзе шмат дзетак.

                                                                    Аляксей Якімовіч.

• Назавіце займеннікі, выкарыстаныя ў вершаваным тэксце. Што вы пра іх можаце сказаць?

• Падбярыце сінонім да слова “шмат”.

Адказы (словы напісаны наадварот): анізагам з; еннезда; агонм.

               Праца са сказамі.

1. Дзеці любяць пабегаць, пагуляць. … надакучае стаяць на адным месцы (Аляксей Якімовіч). 2. Помні мудрае правіла: паважай і …, і іншых (Аляксей Якімовіч). 3. Рабі так, каб потым не саромеўся … учынкаў (Аляксей Якімовіч). 4. Кастусь прынёс у школу дзесяць кілаграмаў макулатуры. … ж здаў і я (Аляксей Якімовіч). 5. “Наперад!” – усклікнуў я. Слова … вырвалася з маіх грудзей (Аляксей Якімовіч). 6. “… гэты дом?” – запытаўся я ў Міхася (Аляксей Якімовіч).  7. У той дзень я так і не даведаўся, … хат у бабулінай вёсцы (Аляксей Якімовіч).  8. … агеньчык мільгануў за павароткам дарогі (Аляксей Якімовіч). 9. За вёскай мы ўбачылі невялікі дубок з паламанай верхавінкай. “Я …!” -- скалануўшыся, прашаптаў ён (Аляксей Якімовіч).

• Устаўце ў сказы асабовы (1), зваротны (2), прыналежны (3), указальны (4), азначальны (5), пытальны (6), адносны (7), няпэўны (8), адмоўны (9) займеннікі.

• Адказы да сказаў (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот): мі, ебяс, хіавс, ікьлутэг, омас, йыч, ікьлок, ікйен, йычін.

Творчая хвілінка.

Якія займеннікі тут рыфмуюцца?

1. З назоўнікам барана

                                                Рыфмуецца займеннік я.. .

                                                   2. З назоўнікам рой

                                                   Рыфмуецца займеннік м.. .

                                                   3. З назоўнікам маслякі

                                                   Рыфмуецца займеннік т.. .

                                                   4. З назоўнікам вусамі

                                                   Рыфмуецца займеннік с.. .

                                                   5. З назоўнікам маякі

                                                   Рыфмуецца займеннік я.. .

                                                   6. З назоўнікам госці

                                                   Рыфмуецца займеннік хт.. .

                                                   7. З назоўнікам сабакі

                                                   Рыфмуецца займеннік ні.. .

• Адказы да вершаванага тэксту (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот): аня, йом, ікат, імас, ікя, іцьсотх, ікяін.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

На ўроку Міколка выканаў практыкаванне, праверыў і хацеў здаць сшытак, але Ніна спыніла яго.

-- Пачакай, -- прашаптала яна. – Ты не падкрэсліў няпарны звонкі зычны ў слове “каторы”, якое паказвае на парадак прадметаў.

• Якой часцінай мовы з'яўляецца слова “каторы”? (Займеннікам.)

• Што называецца займеннікам?

• Замест якіх часцін мовы найчасцей ужываюцца займеннікі?

• Якімі членамі сказа бываюць займеннікі?

• Назавіце няпарны звонкі зычны ў займенніку каторы. (Р.)

8. Тэст.

Адзначце займеннікі.

1) Намі;

2) свае;

3) зрок;

4) нехта;

5) імклівы;

6) якісьці;

7) які-небудзь.

Адказы: 1, 2, 4, 6, 7.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

2. Аляксей Якімовіч. Сем гісторый пра Воўка і Вожыка : апавяданні і казкі  / А. М. Якімовіч. – Мінск : Пачатковая школа, 2016. – 58 с.

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, № 8, 2024 год.