ВЫВУЧАЕМ ПУНКТУАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ: ПРАКТЫКУМ
Тэма: сказы з аднароднымі членамі, якія звязаны спалучальнымі
злучнікамі.
Псіхалагічны настрой.
Назавіце слова па яго мовазнаўчых прыметах.
Гэта назоўнік другога скланення, агульны, неадушаўлёны, ужываецца ў форме
мужчынскага роду, адзіночнага ліку.
Абазначае назву агародніны, пачынаецца з другой літары алфавіта і
заканчваецца дванаццатай.
• Устаўце літары ў клетачкі ланцужка, запісаўшы патрэбнае нам слова.
(бурак)
• Якія словы беларускай
мовы вам запомніліся, падабаюцца?
Паведамленне тэмы ўрока.
Разгледзьце
прапанаваную схему. Пра якую сінтаксічную адзінку (канструкцыю) яна нам
паведамляе?
[○ і ○].
(Пра апавядальны сказ з двума аднароднымі членамі, якія звязаны злучальным злучнікам і.)
Вывучэнне і замацаванне новага
матэрыялу.
Успамінаем.
Паводле значэння
злучальныя злучнікі падзяляюцца на спалучальныя, супраціўныя і размеркавальныя.
Спалучальныя
злучнікі: і, ды (у значэнні і), і – і, ні – ні, як –
так і [5, стар. 187, Беларуская мова].
Праца з вершаваным тэкстам.
Вось што спалучальныя
злучнікі паведамляюць пра сябе:
Сярод нас ёсць такія:
І – і, ні – ні.
Спалучыце, паспрабуйце
Два словы: прыйдзі, сажні.
Аляксей Якімовіч.
• Выканайце заданне,
прпанаванае аўтарам тэксту.
Ствараем праблемную сітуацыю.
• Як
пішам?
1. Паабапал пясчанай
лясной дарогі раслі бярозы ды асіны. 2. Паабапал пясчанай лясной дарогі раслі
бярозы, ды асіны.
Што трэба ведаць, каб
адказаць на пастаўленае пытанне?
Хвілінка кемлівасці.
Ці ставіцца коска паміж
аднароднымі членамі, звязанымі
спалучальнымі злучнікамі і, ды (у значэнні і),
якія не паўтараюцца? Як вы лічыце? Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага
дапаможніка.
(Не ставіцца.)
Тлумачэнне.
У вышэй прыведзеных
сказах аднародныя члены бярозы, асіны звязаны злучнікам ды,
які ўжываецца ў значэнні злучніка і. Ён не паўтараецца.
Вырашэнне праблемнай сітуацыі, вывад.
Пішам.
Паабапал пясчанай
лясной дарогі раслі бярозы ды асіны.
Скорагаворка.
Раслі
тоўстыя сосны і тонкія сасонкі (Аляксей
Якімовіч).
• Вызначце аднародныя
члены сказа. Ці трэба ставіць паміж імі коску?
• Якія гэтыя аднародныя
члены: развітыя ці неразвітыя?
Успамінаем вывучанае.
Закончыце сказ,
дапоўніўшы яго аднароднымі членамі.
Па інтанацыі сказы
бываюць … і … . (Клічныя і няклічныя.)
• Пастаўце пытанні да
аднародных членаў і падкрэсліце іх як члены сказа.
Ствараем праблемную сітуацыю.
• Як
пішам?
1.
На гэтым выпаленым сонцам пагорку не было ні кусціка, ні травінкі. 2. На гэтым
выпаленым сонцам пагорку не было ні кусціка ні травінкі.
Што трэба ведаць, каб адказаць на
пастаўленае пытанне?
Хвілінка кемлівасці.
Ці
ставіцца коска паміж аднароднымі членамі, звязанымі спалучальнымі злучнікамі і, ды (у значэнні і),
якія паўтараюцца? Як вы лічыце? Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага
дапаможніка.
(Ставіцца.)
Тлумачэнне.
У вышэй прыведзеных
сказах аднародныя члены кусціка, травінкі звязаны
спалучальным злучнікам ні, які паўтараецца.
Вырашэнне праблемнай сітуацыі.
Пішам.
На гэтым выпаленым сонцам пагорку не было ні кусціка, ні травінкі.
Прыказкі, прымаўкі.
Прачытайце.
1. І службу служы, і
сябру дапамажы. 2. Быў на кані і пад канём. 3. Гаспадарлівы ні сцюжы, ні спёкі
не баіцца. 4. Дай зямлі, і яна табе дасць. 5. І шытае і поранае ведае. 6. І
кіўну, і маргну, і да сэрца прыгарну. 7. Ні рукою ні нагою. 8. Аднаго Юрку ўпусцілі,
ды ўся хата заюрылася [4, стар. 89, 97, 99, 101, 104, 139, 283, 342,
“Беларускія прыказкі…”].
• Назавіце спалучальныя
злучнікі. Ці ўсе яны злучаюць аднародныя члены сказа? Ці правільна пастаўлены
знакі прыпынку пры іх?
• Раскрыйце сэнс слова
“заюрылася”. (Стала неспакойна ў хаце.)
• Ці ставіцца коска ў
фразеалагічных зваротах? Як вы лічыце? Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага
дапаможніка.
(Не ставіцца. Напрыклад: ні кала ні двара, і нашым і вашым.)
Перакладчыкі.
Запішыце афарызмы
па-беларуску, паставіўшы, дзе трэба, коскі.
Природа породила и
создала нас для каких-то больших
(более значительных дел) (Цыцэрон).
Кто является добрым
гражданином? – Тот, кто соблюдает и решения отцов(,) и права(,) и законы (Гарацый).
У наших предков никогда
не было недостатка ни в благоразумии(,) ни в храбрости (Саллюсцій) [7, стар. 13, 26, 29, “Античные афоризмы”].
• Ці ва ўсіх
прыведзеных афарызмах ёсць аднародныя члены сказа?
Слоўнік.
Породить -- нарадзіць, парадзіць; большой – большы; соблюдать – захоўваць; благоразумие -- разважнасць, разважлівасць.
Для даведкі.
Квінт Гарацый Флак (65
– 8 да н. э.) – рымскі паэт.
Марк Тулій Цыцэрон (106
– 43 да н. э.) – рымскі аратар, філосаф і дзяржаўны дзеяч.
Гай Салюсцій Крысп (86
– каля 35 да н. э.) – рымскі гісторык.
Ствараем праблемную сітуацыю.
• Як
пішам?
1. І
дарослыя, і дзеці сабраліся ў гэты гарачы летні час на нядаўна скошаным лузе.
2. 1. І дарослыя і дзеці сабраліся ў гэты гарачы летні час на нядаўна скошаным
лузе.
Што трэба ведаць, каб адказаць на
пастаўленае пытанне?
Хвілінка кемлівасці.
Звяртаемся да правіла.
Ведайце! Коска паміж аднароднымі членамі ставіцца, калі яны спалучаны паўторнымі
спалучальнымі і размеркавальнымі злучнікамі: і, і; ці, ці [1, стар. 155, Беларуская мова].
Тлумачэнне.
У вышэй прыведзеных
сказах аднародныя члены дарослыя, дзеці звязаны паўторным
спалучальным злучнікам і, і. Яго
другая частка але і.
Вырашэнне праблемнай сітуацыі.
Пішам.
1. І дарослыя, і дзеці
сабраліся ў гэты гарачы летні час на нядаўна скошаным лузе.
Праца са сказам.
Складзіце скорагаворку
са слоў.
Так, завяжаш, і,
скажаш, як. (Як скажаш, так і завяжаш.)
• Дакажыце, што аднародныя члены звязаны двайным спалучальным злучнікам. Якімі
часцінамі мовы яны выражаны?
Фізкультхвілінка.
На столі, на сцяне
вачыма напішыце беларускае слова “клічны” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце
яго, добрае і ласкавае.
У гасцях у тлумачальнага
слоўніка.
Выкарыстаўшы адпаведны артыкул у слоўніку, прачытайце і запішыце
кароткае азначэнне назоўніка "ангар". ( Ангар -- памяшканне для стаянкі і рамонту самалётаў.)
Узор. Глыба, -ы, ж. -- вялікі бясформенны абломак
цвёрдага рэчыва. Глыба мёрзлай зямлі [2, стар. 31, 88, Тлумачальны
слоўнік].
• Ці можна ў вышэй прыведзеным сказе са слоўнікавага артыкула
паміж аднароднымі членамі стаянкі,
рамонту ўставіць іншы спалучальны злучнік? Ці захаваецца ў такім
выпадку коска? (Можна ўставіць злучнік ды.)
Акцэнталагічная хвілінка.
Пастаўце націскі ў словах і прачытайце іх.
Ангар, пунсовы, дыямент, сквапны, свіронак,
апатыя, кавун.
Адказ. Ангар, пунсовы, дыямент, сквапны, свіронак, апатыя, кавун.
Для даведкі.
Алый (2), алмаз (3), амбарчик (5), арбуз (7).
Сустрэча з беларускай
народнай казкай.
Прачытайце тэкст паводле казкі “Верабей і мыш”.
Тым часам хітрая мыш пабегла ў поле да начлежнікаў, ухапіла
галавешку і падпаліла іржышча, дзе спаў сокал. Узняўся агонь і асмаліў сокалу
крыллі.
Прачнуўся сокал, а ў яго крылляў няма… Пабедаваў ён ды падаўся
пехатою да мора (урывак паводле казкі
“Верабей і мыш”) [3,
стар. 58, “Беларускія народныя казкі”].
• Назавіце спалучальныя злучнікі, якія звязваюць аднародныя
члены сказа. Ці трэба перад імі ставіць коскі?
• Падбярыце сінонім да слова “пехатою”. (Пяшком.)
• Раскрыйце сэнс слова “начлежнік”. (Той, хто начуе ноччу на дварэ.)
Працуем з сінонімамі і
фразеалагізмамі.
Дапоўніце сказ
сінонімам (аднародным членам).
Ні малых, ні старых не
сустрэў Змітрок у гэтай занядбанай, … (закінутай)
людзьмі вёсачцы.
•
Колькі аднародных радоў у гэтым сказе: адзін ці два? Ці правільна пастаўлены ў
ім знакі прыпынку?
• Якім фразеалагічным
зваротам можна замяніць аднародныя члены ні малых, ні старых? (Ні жывой душы.) [6, стар. 214,
“Фразеалагічны слоўнік”].
•
Які гэты сказ па інтанацыі?
Назавіце слова.
Ягадамі і арэхамі
Харчуецца сойка.
“Чжээ-чжээ, “кэйй…кэйй”, --
Яна спявае … (бойка).
Аляксей Якімовіч.
• Вы лічыце, што ў
вершаваным тэксце ёсць аднародныя члены сказа, паміж якімі не ставіцца коска.
Дакажыце гэта.
Сустрэча з народным параўнаннем.
Назавіце народнае
параўнанне ў вершы Аляксея Якімовіча, якое складаецца з трох слоў (першая яго
частка “цвіце як”).
Не палохае Алесю
Ні мароз, ні сцюжа.
Па дарозе яна крочыць
І цвіце як … .
• Вызначце аднародныя
члены сказа ў вершаваным тэксце. Чаму паміж імі ставіцца коска? Да якога слова
яны адносяцца? Якой часцінай мовы яно выражана?
Другая частка народнага параўнання, напісаная наадварот: ажур [4, стар. 437, “Беларускія
прыказкі…”].
Праца са сказам.
Запішыце сказ. Выбраўшы патрэбнае тлумачэнне, вызначце, ці трэба
ставіць паміж аднароднымі членамі коску.
Мы ставім коску ў наступных выпадках:
1) калі спалучальныя злучнікі, выкарыстаныя ў сказе, паўтараюцца;
2) перад другой часткай двайнога спалучальнага злучніка,
выкарыстанага ў сказе;
3) паміж аднароднымі членамі, выкарыстанымі ў сказе, калі яны не звязаны злучнікамі.
Як летам(,) так і зімою бываюць школьныя канікулы.
Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.
Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна
прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.
Мінула
ночка. Дзень праз вокны
Знішчае цёмны(е, я) валокны,
На
печ, у запек зазірае
І
ночку з хаты вы(ц, т)іскае.
У
печы ўжо палаюць дровы,
І іх
астатнія размовы
Так
гучна, бойка застралялі,
Як
бы паны запалявалі [8,
стар. 117 -- 118, “Паэмы Я. Коласа”].
• Чаму перад злучнікам і
ў першым чатырохрадкоўі не ставіцца коска, а ў другім – ставіцца?
• Раскрыйце сэнс слова
“запек (запечак)”. (Месца паміж сцяною і
печчу.)
• Падбярыце сінонім да
слова “астатнія”. (Апошнія.)
Праца са сказамі.
1. Міколка любіў … (і) вішні(,) … (і) чарэшні(,) … (і) слівы (Аляксей Якімовіч). 2. … (І) вішні(,) (і)
чарэшні(,) (і) яблыкі прадавалі вясковыя дзядзькі (і) жанчыны на базары (Аляксей
Якімовіч). 3. Летам Змітрака можа было ўбачыць … (і) на полі(,) … (і) на
лузе (Аляксей Якімовіч). 4. Летам
Змітрака можна было ўбачыць на полі … (і) на лузе (Аляксей Якімовіч). 5. … (Ні) лісічак(,) (ні) баравікоў ў гэты дзень
Васілёк не прынёс з лесу. 6. Дождж ішоў … (як) днём (,) … (так і) ноччу (Аляксей Якімовіч).
• Устаўце патрэбныя спалучальныя злучнікі. Пастаўце прапушчаныя знакі
прыпынку.
Хвілінка творчасці.
Якія словы тут
рыфмуюцца?
1. Апошняе слова
аднародных членаў дубы і бярозы ды асіны
Рыфмуецца з апошнім словам
такіх жа членаў дубы і бярозы, і р..
.
2. Апошняе слова
аднародных членаў і вераб’і, і салаўі, і
шпакі
Рыфмуецца з апошнім словам
такіх жа членаў галубы і вароны ды г..
.
3. Апошняе слова
аднародных членаў ні старыя, ні маладыя
Рыфмуецца з апошнім словам
такіх жа членаў ні садовыя, ні л.. .
4. Апошняе слова
аднародных членаў як сёння, так і тады
Рыфмуецца з апошнім словам
такіх жа членаў як вёскі, так і г.. .
• Растлумачце
пастаноўку знакаў прыпынку.
Д л я д а в е д к і.
Адказы да вершаванага тэксту (выкарыстоўвайце толькі для кантролю;
напісана наадварот апошняе слова сказа): ынібар, ікарг, яынсял, ыдараг.
Адказы на заданне і пытанне.
• Назавіце спалучальныя злучнікі.
• Калі паміж
аднароднымі членамі сказа, звязанымі спалучальнымі злучнікамі, ставіцца коска?
Тэст.
Назавіце сказы,
запісаныя правільна, без парушэння пунктуацыйнай нормы.
1. У гэты час у лесе
растуць грыбы ды ягады.
2. Ужо даўно паспелі
слівы і грушы.
3. І поле, і лес
пакрыліся туманам.
4. Туманам пакрыліся
поле, і лес.
5. Сонца выйшла з-за
лесу і асвяціла наваколле.
Адказ: 1, 2, 3, 5.
Спіс выкарыстанай літаратуры
1. Бадзевіч, З. І. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 8-га кл.
устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання / З. І. Бадзевіч, І. М. Саматыя. – Мінск :
Нац. ін-т адукацыі, 2020. – 256 с.
2. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік
беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П.
Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --
Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.
3.
Беларускія народныя казкі / Склад. Г. А. Барташэвіч, К. П. Кабашнікаў – Мн. :
Навука і тэхніка, 1981. – 480 с.
4.
Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы
/ склаў Ф. Янкоўскі. – 2-е выд., дап. -- Мінск : Выд-ва АН БССР, 1962. –
556 с.
5. Валочка,
Г. М. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 7-га кл. устаноў агул. сярэд.
адук. з беларус. і рус. мовамі навучання / Г. М. Валочка, В. У. Зелянко, С. А.
Язерская. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. – С. 239.
6. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны
слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М.
Янкоўскага. – Мн., “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.
Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М.
Янкоўскі.
7. Казачёнок Т. Г.,
Громыко И. Н. Античные афоризмы : Темат. сб. – Мн. : Выш. шк., 1987. – 318 с.
8. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск :
Маст. літ., 1986. — 448 с.
Урок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў
часопісе “Беларуская мова і літаратура”, № 3, сакавік 2023 г.