Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс. Лічэбнік як часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля

 

ВЫВУЧАЕМ ЧАСЦІНЫ МОВЫ: ПРАКТЫКУМ

6 клас

              Тэма: Лічэбнік як часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля.

              Псіхалагічны настрой.            

                                                          Склады сем, во; гі, дру

                                                          Я старанна вымаўляю,

                                                          З іх лічэбнікі складаю.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Назавіце словы (лічэбнікі), у якія ўваходзяць склады сем, во; гі, дру. (Восем, другі.) Запішыце іх.

Якую тэму мы сёння будзем вывучаць? Здагадаліся?

Вучымся разважаць.

Запішыце спалучэнні з лічэбнікамі восем, другі:  восем і дванаццаць – дваццаць, восем яблыкаў, другі дзень.

Да лічэбнікаў восем, дванаццаць, дваццаць, другі пастаўце пытанні.

Прааналізаваўшы запісаныя спалучэнні, выберыце патрэбнае:

а) лічэбнікі абазначаюць лік, колькасць прадметаў;

б) лічэбнікі паказваюць на парадак лічэння прадметаў;

в) лічэбнікі абазначаюць прадмет.

А д к а з ы: а, б.

Д л я  д а в е д к і. Лічэбнікі могуць адказваць на пытанні к о л ь к і? к а т о р ы?  

Прачытайце ў вучэбным дапаможніку па беларускай мове для 6-га класа (2020) лінгвістычны матэрыял параграфа 56 і праверце, ці правільна вы разважалі.

Якую тэму ўрока мы сёння будзем вывучаць? Здагадаліся?

Праца са словам.

Адгадайце загадку.

                                                    Дзесяць пальцаў,

                                                    А ногцяў няма. (Пальчаткі.)

                                                                     З народнага [1, с. 317, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].

Назавіце слова, якое рыфмуецца з лічэбнікам дзесяць.

Два, трэцім, месяць, мільён, сто. (Месяць.)

         Ці ўсе гэтыя словы адносяцца да лічэбнікаў? Абгрунтуйце свой адказ.

Ці ўсе лічэбнікі стаяць у пачатковай форме?

Складзіце і запішыце сказ з лічэбнікам дзесяць.

   Д л я  д а в е д к і.

Пачатковая форма лічэбніка – Н. скл., м. р. (калі змяняецца па родах), адз. л. (калі змяняецца па ліках).

Назавіце слова.

Каля хаты на бярозе

                                              Тры шпакі прыселі.

                                              Натаміліся яны:

                                              З-за мора … (прыляцелі).

                                                       Аляксей Якімовіч.

Якімі членамі сказа бываюць лічэбнікі? (Дзейнікам, выказнікам, азначэннем, дапаўненнем, акалічнасцю.) Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага дапаможніка.

Вызначце, якім членам сказа з’яўляецца лічэбнік у вершаваным тэксце.

У слове “тры”  пасля р пішам ы.  А як чытаем? (Цвёрда.)

Д л я  д а в е д к і.

Спалучэнне колькаснага лічэбніка з назоўнікам звычайна з’яўляецца адным членам сказа.

Праца з вершаваным тэкстам.

Вось што лічэбнік паведамляе пра сябе:

                                                    Пра мяне, напэўна, чулі.

                                                    Я сакрэтаў не хаваю.

                                                    Тыя лікі, што ўжываем,

                                                    Берагу, абазначаю.

                                                                 Аляксей Якімовіч.

Прывядзіце прыклады лічэбнікаў, якія абазначаюць лікі.

Праца са словам.

Складзіце прыметнік з першых літар наступных слоў: схаваць, тлумачэнне, ордэн. (Сто.)

Складзіце словазлучэнне з лічэбнікам сто так, каб яно абазначала колькасць прадметаў. (Сто дубоў.)

Назавіце свісцячы зычны гук у слове “сто”. (С.)

   Хвілінка кемлівасці.

   Дапішыце прыказкі і прымаўкі, выбраўшы патрэбны варыянт з прапанаваных.

              1. Дзясятая вада (на кісялі). 2. Да першага грому … (зямля не    ачышчаецца). 3. Будзе сем вёрст, шмат поля … (і кавалак лесу). 4. На кожнай  

руцэ … (па пяць пальцаў). 5. Трэба, … (як сабаку пятая нага) [1, с. 79, 217, 243, 256, 267, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].  

              П р а п а н а в а н ы я  в а р ы я н т ы: зямля не ачышчаецца; як сабаку

     пятая нага; і кавалак лесу; на кісялі; па пяць пальцаў.

   Назавіце лічэбнікі. Што яны абазначаюць: лік, колькасць прадметаў ці

     іх парадак пры лічэнні?

Што вам вядома пра напісанне слова “зямля”? (У першым складзе перад  націскам пішацца я.)

Працуем са спалучэннямі слоў.          

Выкарыстаўшы лічэбнік першы, падбярыце і запішыце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Што абазначае гэты лічэбнік?

Д л я  д а в е д к і: першы вучань (які стаіць першы ў радзе) – першы вучань (які паказвае найлепшыя вынікі ў вучобе).

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Ці згодны вы з наступным сцверджаннем?

Сем разоў адрэж, адзін раз адмерай.

       Запішыце сказ у выпраўленым варыянце. (Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж.)  [1, с. 228, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].

         Вызначце лічэбнікі. Яны колькасныя ці парадкавыя? Дакажыце гэта.

Ці згодны вы з прыказкай?

Гульня “Шукаю сябра”.

Падбярыце слова з такімі ж марфалагічнымі прыметамі, як і ў лічэбніка дзясятая, ужытага ў рубрыцы “Хвілінка кемлівасці”.                                    

Фізкультхвілінка.

Успомніце, якія беларускія словы-лічэбнікі вы запісалі ў пачатку ўрока. (Восем, другі.) На столі, на сцяне вачыма напішыце іх і лагодна ўсміхніцеся ім, добрым і ласкавым.

Пазнайце слова.

Пазнайце слова па яго апісанні: корань, як у слове “сорак”, ,суфікс, як у слове “гадавы”, канчатак, як у слове “грыбы”.

Так, гэта слова “саракавы”. Дзякуючы кораню суфіксу і канчатку мы здагадаліся, як яно гучыць. А да якой часціны мовы адносіцца? (Гэта лічэбнік.) Як вы дакажаце гэта?

Скорагаворка.

Вымаўляем правільна.

На палатцы сядзелі чатыры шпакі (Аляксей Якімовіч).

Вызначце лічэбнік і змяніце яго форму так, каб ён паказваў на парадак лічэння прадметаў. (Чацвёрты.)

Як вымаўляецца спалучэнне зычных у слове “палатцы”?

Запомніце! Пішам палатцы, а вымаўляем [пала‾цы].

Праца з дыялогам.

Выкарыстаўшы лічэбнікі, дапоўніце дыялог Аляксея Якімовіча адказамі суразмоўцы. Устаўце прапушчаную літару. У якой частцы слова яна знаходзіцца?

-- Насцечка, у якім клас.. ты вучышся? (-- Я вучуся ў шостым класе.)

         -- Колькі табе гадоў?  (-- Мне дванаццаць гадоў.)

         -- А колькі гадоў твайму брату? (-- Майму брату нядаўна споўнілася дваццаць два гады.)

         Вучаніца сказала: “Колькасныя лічэбнікі змяняюцца па родах і ліках”. Удакладніце адказ вучаніцы.

З пазычаных складоў.

Прачытайце словы. Вазьміце па адным складзе з кожнага і ўтварыце парадкавы лічэбнік у форме множнага ліку.

Дваццаць, цана, масты, ясень. (Дваццатыя.)

Пастаўце лічэбнік дваццатыя ў форму адзіночнага ліку. (Дваццаты.)

Выберыце патрэбнае.

Дваццаты (дзень, карабель, мех, мёд, грыб).

Перакладзіце лічэбнік дваццаты  на рускую мову. (Двадцатый.)  

      Параўнайце  гучанне і напісанне.

Назавіце слова.

Прыбеглі мы дваццатыя.

                                          Стаім, як … (вінаватыя).

                                                        Аляксей Якімовіч.

Запомніце, як пішацца лічэбнік дваццаты.

Перакладаем.

Запішыце па-беларуску.

Масса многих птиц небольшая. Так, воробей полевой весит двадцатьдвадцать пять грамм. Воробей домовой весит немного больше: тридцать пять грамм. А масса иволги составляет девяносто грамм  (Аляксей Якімовіч).

Назавіце ў тэксце лічэбнікі.

С л о ў н і к: составляет – складае, иволга – івалга.

Сустрэча з пісьменнікам.

Раскрываючы дужкі, устаўце патрэбныя літары.

Косця, Пе..я і Вадзім – выпускнікі адзінаццатага класа – на мяккіх кр..слах сядзелі ў Пеці на дачы. Дача была цагляная, двухпав..рховая. Пеця тут ч..ста адпачываў разам са сваімі с.брамі, а цяпер, у пачатку лета, рыхтаваўся да чарговага выпускнога экзамена па гісторыі.

За адчыненым акном весела шчабяталі птушкі, цвілі яблыні (Аляксей Якімовіч ) [2, с. 146, “Карп у футры”].

Падбярыце сінонім да слова “цвілі”. (Красавалі.)

Падкрэсіце лічэбнік як член сказа.

Гульня “Шукаю сябра”.

Падбярыце слова з такімі ж марфалагічнымі прыметамі, як у лічэбніка адзінаццатага, ужытага ў рубрыцы “Сустрэча з пісьменнікам”.

Падбярыце патрэбнае.

Каб правільна вызначыць значэнне слова, падбярыце да яго іншае з двух, дадзеных у дужках.

Абсяг (шырокі, дажджлівы).

Якім словам можна замяніць назоўнік “абсяг”? Выберыце з двух варыянтаў: стажок, прастор.

              Каля рэчкі, на пагорку,

                                                  Узвялі нядаўна гмах.

                                                  Ён з дваццатага паверха

                                                  Адкрывае нам абсяг.

                                                            Аляксей Якімовіч.

Якім сінонімам можна замяніць слова “гмах”?

Што вы можаце сказаць пра лічэбнік “дваццатага”, выкарыстаны ў вершаваным тэксце?

Адказы (словы напісаны наадварот): ікорыш, ротсарп, ківохряваптамш.

Праца са сказамі.

1. Над нашым хлявом доўга кружыліся … буслы (Аляксей Якімовіч). 2. Раніцай у нашу школу прывезлі … новых сталоў (Аляксей Якімовіч). 3. У нашай трохпавярховай школе вучыцца … дзяцей (Аляксей Якімовіч). 4. Вясною каля гарадскога стадыёна мы пасадзілі … дрэўцы (Аляксей Якімовіч). 5. Больш чым … хвілін мы блукалі па лесе, але ўсё-ткі выйшлі на знаёмую дарогу (Аляксей Якімовіч). 6. Васіль вельмі стаміўся, пакуль падняўся на … паверх новага шматпавярховіка (Аляксей Якімовіч). 7. Дубы каля ўрочышча Замошша займаюць невялікую плошчу: толькі … працэнта (Аляксей Якімовіч). 8. У нашай суседкі Аксені … малых дзяцей (Аляксей Якімовіч).

Устаўце лічэбнік у пачатковай форме (1), просты (2), складаны (3), састаўны (4), колькасны (5), парадкавы (6), дробавы (7), зборны лічэбнік (8).

Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот): авд, месов, тосьцяп, ырт ьцаццырт, карос, ытаццанізда, хытясязд ырт і хылэц ьцявезд, еовд.

Творчая хвілінка.

Якія лічэбнікі тут рыфмуюцца?

                                      1. З дзеясловам спаць

                                      Рыфмуецца лічэбнік у пачатковай форме п.. .

                                      2. З дзеясловам залезце

                                      Рыфмуецца колькасны лічэбнік дз.. .

                                      3. З прыметнікам дарагі

                                      Рыфмуецца парадкавы лічэбнік д.. .

                                      4. З дзеясловам ем

                                      Рыфмуецца просты лічэбнік с.. .

                                      5. З назоўнікам брат

                                      Рыфмуецца складаны лічэбнік п.. .

                                      6. З дзеясловам узараць

                                      Рыфмуецца састаўны лічэбнік с.. п.. .

                                      7. З назоўнікам гара

                                      Рыфмуецца дробавы лічэбнік п.. .

                                      8. З прыметнікам багатыя

                                      Рыфмуецца дробавы лічэбнік т.. п.. .

                                      9. З назоўнікам мора

                                      Рыфмуецца зборны лічэбнік с.. .

Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот): ьцяп, ецсевзд, ігурд, мес, тясездьцяп, ьцяп карос, аратўап, яытяп ырт, арёмяс.                    

7. Падвядзенне вынікаў.

На ўроку Міколка выканаў практыкаванне, праверыў і хацеў здаць сшытак, але Ніна спыніла яго.

-- Пачакай, -- прашаптала яна. – Ты не ўказаў колькасць гукаў і літар у слове “дзевяць”.

На якое пытанне адказвае слова “дзевяць”? (Колькі?)

Якой часцінай мовы яно з'яўляецца? (Лічэбнікам.)

Што абазначае лічэбнік і на якія пытанні ён адказвае?

Якімі членамі сказа бываюць лічэбнікі?

Назавіце разрады лічэбнікаў паводле значэння.

Колькі гукаў і колькі літар у лічэбніку дзевяць? (5 гукаў і сем літар.)

8. Тэст.

Адзначце колькасныя лічэбнікі.

1) Шэсцьсот;

2) шасцітысячны;

3) чатырыста дзевяць;

4) пяцёрка;

5) сто;

6) сотня;

7) соты.

Адказы: 1, 3, 5.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

2. Якімовіч, А. М. Карп у футры : апавяданні, вершы, прыпеўкі  / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 167 с.

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, № 8, 2024 год.