Поиск по этому блогу

Апісанне “Сасонка і глог”


Апісанне “Сасонка і глог”

 

На ўзгорачку, на касагоры, па суседству выраслі, падняліся сасонка і глог. Іх атуляюць вузкія вострыя сцябліны асакі і трава. Яна за лета выцягнулася. Яе каласкі-мяцёлачкі, пацямнелыя ад дажджу і сонца, ківаюцца пад ветрыкам, задумаўшыся аб чымсьці.

Глог расце ледзь не каля самай дарогі, якая праходзіць па ўзгорачку і вядзе людзей у лес. Ён затуляе сабою сасонку, не дазваляе, каб яе пакрыўдзілі. Не верыце? Тады дакраніцеся да галінкі глогу. Вострымі шыпамі, якія сядзяць на галінках, ён адразу ж уколе вас. Чаранкі глогу тонкія, але трывалыя. Некалькі прадаўгаватых вузенькіх лісточкаў прымасціліся на кожным. Некаторыя з іх ужо пажаўцелі. А чырванавата-аранжавыя ягады глогу, падобныя на тоўсценькія зачыненыя збаночкі, яшчэ здалёку прымушаюць спыніцца і падзівіцца на іх.

Да куста глогу цягнецца зялёная галінка-рука сасонкі. Ці абніме калісьці яго? Напэўна, не зробіць гэтага. Пабаіцца востранькіх шыпоў.

Ствол сасонкі выгінасты, пакручаны сонцам, дажджом і ветрам. Як і кожная жывая расліна, ён імкнецца ўгору, да сонца, сваім зялёным уборам з доўгіх іголак упрыгожваючы зямлю (Аляксей Якімовіч).

 Ваколіца горада Слоніма каля вуліцы Скарыны. 8. 09. 2018 г.

[Урывак з аповесці “Белакрылая птушка”, с. 35 -- 36] 

Зборнік выйшаў у выдавецтве “Беларусь”

Якімовіч, А. М. Белакрылая птушка : аповесці, вершы / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 199 с.