Поиск по этому блогу

Неабходнасць наспела


З напісанага даўней

Неабходнасць наспела

Цяпер у Слоніме, як і ва ўсёй нашай рэспубліцы, праводзіцца збор подпісаў у падтрымку прапановы аб правядзенні рэферэндума. На рэферэндуме, як вядома, будзе пастаўлена пытанне аб роспуску Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Падобнага ў паслякастрычніцкі час у нас яшчэ не было. Гэта сведчанне таго, што ў Беларусі з’явілася палітычная сіла, якая пачынае заяўляць аб сабе  -- Беларускі народны фронт. Хоць я і не маю білета члена БНФ, але збіраў подпісы ў падтрымку рэферэндуму, бо лічу, што ў гэтым даўно наспела неабходнасць.
Што імпануе ў пазіцыі БНФ? Ён супраць насілля. Насілле – гэта кроў, слёзы, разбурэнне, а нам трэба ствараць. БНФ супраць тых, хто імкнецца разарваць тэрыторыю Беларусі. На жаль, такія тэндэнцыі існуюць у пэўных асяродках нашых грамадзян. Ёсць шкоднікі і крыху іншага складу: некаторыя сённяшнія наменклатуршчыкі з мэтай не дапусціць правядзенне рэферэндуму распальваюць міжнацыянальную варожасць, заяўляюць аб тым, што беларусы будуць знішчаць рускіх ці праганяць іх. Сам чуў гэта ад рускіх па нацыянальнасці. У любой цывілізаванай краіне такія махляры-падбухторшчыкі адказалі б перад судом, але ў нас яны на кані.
Або ўзяць адносіны БНФ да камуністаў.
Па-рознаму прыходзілі людзі ў КПСС. Адны па перакананню, другія таму, што хацелі выкарыстаць свае магчымасці для службовага росту, бо беспартыйных на адказныя пасады не прызначалі. Многія з гэтых людзей і цяпер сумленна працуюць. Думаецца, што будуць працаваць і далей. Няхай баяцца за сябе тыя, хто няздатны кіраваць, хто арганізоўваў і арганізоўвае мафіёзныя карумпіраваныя структуры.
Як БНФ мяркуе вывесці рэспубліку з эканамічнага і сацыяльнага крызісу?
Не трэба вынаходзіць веласіпед. Прыкладам для нас павінны стаць краіны Прыбалтыкі і Усходняй Еўропы, якія ўжо не толькі распрацавалі праграмы выхаду з эканамічнага крызісу, але і паслядоўна іх ажыццяўляюць. БНФ за прыватызацыю без усякіх ільгот. Ільготы – гэта шчылінка для сквапных кіраўнікоў і заканадаўцаў, якія за гады савецкай улады добра навучыліся абводзіць народ вакол пальца. Неабходна паставіць заслону марнатраўству. Хіба не злачынна за  грашы вывозіць тое, што мае ва ўсім свеце найбольшую каштоўнасць – сыравіну? Трэба тэрмінова ствараць у гарадах, у вёсках невялікія майстэрні, цэхі па выпуску цэглы, абутку, па перапрацоўцы агародніны, па выпуску ільняных тканін і інш., будаваць прадпрыемствы з закончаным цыклам, каб не быць залежнымі ад палітыкі іншых дзяржаў.
Дзе асядае тая валюта, якая зарабляецца дзяржавай? Чаму не набываем за яе сучаснае абсталяванне, сучасную тэхналогію? Годзе будаваць для начальнікаў басейны, лазні і яшчэ немаведама што. Грошы неабходна ўкладваць у вытворчасць, абнаўляючы і расшыраючы яе. Не сакрэт, што цяпер ва ўстановах, на прадпрыемствах шмат работнікаў, якія проста не патрэбны. Знойдзем ім іншую працу.
Дырэктарам розных узроўнях у апошні час была дадзена вялікая самастойнасць. Як многія з іх выкарысталі яе? Можна сказаць адным словам: аніяк. Сядзяць, атрымліваюць немалую зарплату, перыядычна адсылаючы рабочых у адпачынак за свой кошт. А чаму ж не ўвесці іншы прынцып? Пасылаеш рабочых за свой кошт – і сам не атрымлівай зарплату. Пахадзі не толькі ў воўчай, але і ў авечай шкуры. Назіраецца працэс, калі звальняюць інвалідаў, састарэлых (самому даводзілася гутарыць з такімі), а “цёплыя” месцы займаюць нядаўнія адстаўнікі – мужчыны ў росквіце сіл, якім наша дзяржава плаціць неблагую пенсію.
Вось яшчэ адна праблема: вайсковая. На ўжо забітую войскамі Беларусь з Еўропы спаўзаюцца новыя вайсковыя палкі, дывізіі. Няхай не крыўдуюць на мяне вайскоўцы (многія з іх належным чынам выконвалі  і выконваюць ускладзеныя на іх абавязкі), але Беларусь не гумавая. Ёй будзе цяжка пракарміць і забяспечыць рабочымі месцамі ўсю гэтую армаду.
Балюча чуць ад некаторых людзей, каалі яны абвінавачваюць лідэраў БНФ у сквапнасці і яшчэ немаведама ў чым. Дэпутаты – члены БНФ – не толькі прапаноўваюць распусціць Вярхоўны Савет, але і самі гатовы пазбавіцца дэпутацкіх мандатаў. Хіба гэта не ўчынак прыстойнага чалавека?
Роспуск Вярхоўнага Савета – не жаданне заявіць аб сабе, а жыццёвая неабходнасць. Існуючыя дзяржаўныя структуры зжылі сябе. Калі іх не рэарганізаваць, то яны з цягам часу немінуча струхлеюць, разбурацца, як разбурыўся Саюз, пакінуўшы пасля сябе нянавісць паміж народамі, феадальную арганізацыю працы, устарэлыя тэхналогіі, разбэшчаную мараль, разрабаваныя прыродныя нетры і шматмільярдную знешнюю і ўнутраную пазыку.
                                                                Аляксей Якімовіч, красавік 1992 года.