Поиск по этому блогу

Устаўныя канструкцыі

 

ВЫВУЧАЕМ ПУНКТУАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ: ПРАКТЫКУМ

 

Тэма: Устаўныя канструкцыі. Знакі прыпынку ў сказах з устаўнымі канструкцыямі.

Псіхалагічны настрой.

Назавіце слова па яго мовазнаўчых прыметах.

Гэта дзеяслоў, незакончанага трывання, незваротны, 1 спр., ужываецца ў форме умоўнага ладу, цяперашняга часу, адзіночнага ліку, 1-й асобы.

Да яго можна падабраць аднакаранёвае слова “позірк”, пачынаецца з сямнаццатай літары алфавіта і заканчваецца дваццаць восьмай.

• Устаўце літары ў клетачкі ланцужка, запісаўшы патрэбныя нам словы.

                                                             

                                                          (пазіраў бы)

• Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Паведамленне тэмы ўрока.

Разгледзьце прапанаваную схему. Пра якую сінтаксічную адзінку (канструкцыю) яна нам паведамляе?

                                                        [,        ].

                                                        [,         ], [         ].  

                                                        [   , ,   ],  (каб…).

 

(Пра простыя і складаныя сказы з  устаўнымі канструкцыямі.)

Для даведкі.

-- устаўная канструкцыя.

Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.          

Знаёмімся.

Устаўныя канструкцыі – сінтаксічныя адзінкі, якія дапаўняюць, паясняюць, удакладняюць інфармацыйны змест сказа ці яго асобных членаў. Такія канструкцыі звязаны са сказам сэнсава і інтанацыйна: вымаўляюцца паніжаным тонам і паскораным тэмпам [2, стар. 124, “Беларуская мова”]. Імі могуць быць словы, спалучэнні слоў і сказы. могуалучэнні слоў і

Ствараем праблемную сітуацыю.

Як пішам?

Кожны бацька павінен (гэта яго абавязак) выхоўваць сваіх дзяцей.

Або

Кожны бацька павінен, гэта яго абавязак, выхоўваць сваіх дзяцей.

Што трэба ведаць, каб адказаць на пастаўленае пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Пачнём з правіла.

Запомніце! На пісьме ўстаўныя канструкцыі афармляюцца дужкамі або працяжнікамі [2, стар. 124, “Беларуская мова”].

Тлумачэнне.         

Прыведзены сказ з устаўной канструкцыяй гэта яго абавязак. Яна перадае дадатковую заўвагу і стаіць у сярэдзіне сказа.       

Вырашэнне праблемнай сітуацыі, вывад.

Пішам.

Кожны бацька павінен (гэта яго абавязак) выхоўваць сваіх дзяцей.

Успамінаем вывучанае.          

Запішыце сказ, дапоўніўшы яго аднародным членам.

Дзеясловы (аб гэтым можна прачытаць у вучэбніку беларускай мовы) могуць быць зваротнымі і … .  (Незваротнымі.)

• Растлумачце ўмову пастаноўкі знакаў прыпынку ў сказе.

Пунктуацыйная сітуацыя.

• Пры ўстаўной канструкцыі, якая выдзяляецца дужкамі, згодна з будовай сказа трэба паставіць і коску. Дзе вы яе паставіце: перад дужкай ці пасля яе?

(Пасля дужкі.)

Працуем з сінонімамі і фразеалагізмамі.

Замест кропак устаўце прапушчаны сінонім (аднародны член сказа).

Наш агульны знаёмы Міхась палкі, … , чалавек (паверце мне), вам з ім будзе нялёгка. (Гарачы.)

• Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў сказе.

• Якім фразеалагічным зваротам можна замяніць спалучэнне слоў “палкі, гарачы чалавек”? (Гарачая галава.) [5, стар. 66, “Фразеалагічны слоўнік”].

 Пунктуацыйная сітуацыя.

 • Устаўная канструкцыя ў сказе выдзяляецца працяжнікамі. Ці могуць яны ў некаторых выпадках спалучацца з коскамі?  Як вы лічыце?

(Могуць у залежнасці ад будовы сказа.)

Скорагаворка.

               Мне заўжды здавалася, -- спадзяюся, што не памыляюся, -- Міхась не быў нашым сябрам, але цягнуўся да нас (Аляксей Якімовіч).                              

• Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў сказе скорагаворкі.

Прыказкі, прымаўкі.

Прачытайце.

1. Увесну не прыслухайся, што баліць (не прыслухайся да болю). 2. Пераначуем – болей пачуем (лепей пачуем). 3. Хто не шануе людскога (чужога), той і свайго не мае. 4. Хутчэй, але (дужа) не спяшайся. 5. Не гаспадыня, што апоўдні (апоўначы) у печы паліць. 6. Ад парога (да стала) хату мяце, а ў гаршку блінцы пячэ. 7. Пра цябе (пра яго і  падобных) і куры не шэпчуць    [4, стар. 120, 250, 267, 283, 290, 334, “Беларускія прыказкі…”].

• Ці правільна пастаўлены знакі прыпынку ў сказах? Чаму вы так лічыце?

• Ці ёсць у гэтых сказах зваротныя дзеясловы?

Перакладчыкі.

Запішыце афарызмы па-беларуску і выдзеліце  дужкамі падкрэсленыя ўстаўныя канструкцыі (падкрэслены для даведкі настаўніку).

1. Рукоплещите, комедия окончена обычное обращение римского актёра к зрителям в конце представления. (Цыцэрон).

2. Внимательно слушай что говорят другие и тщательно обдумывай прежде чем браться за что-либо. (Публілій Сір).

3. Всякого прими радушно умно, с удовольствием (Гарацый).

4. Кто сделал доброе дело оказал благодеяние, пусть молчит -- говорит пусть тот, для кого оно было сделано (Сенека). 

5. Да здравствует университет, да здравствуют профессора из старинной студенческой песни [6, стар. 282, 287, 299, 304, “Античные афоризмы”].

Слоўнік.           

Рукоплескать – пляскаць у далоні, апладзіраваць; представление –  прадстаўленне, спектакль; тщательно – старанна, рупліва, шчыра, дбайна, пільна, уважліва, акуратна, дакладна; всякий – усякі, усялякі; радушно – гасцінна, ветліва, сардэчна; благодеяние – дабрадзейства, дабро, добры ўчынак, спрыянне; старинный – даўні.

Для даведкі.

Цыцэрон (106 – 43 да н. э.) – рымскі аратар, філосаф і дзяржаўны дзеяч.

Публілій Сір (1 ст. да н. э.) – рымскі паэт, аўтар мімаў (драматычных сцэнак бытавога зместу).

Гарацый  (65 – 8 да н. э.) – рымскі паэт.

Сенека (каля 4 да н. э. – 65 н. э.) – рымскі філосаф і паэт.      

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма напішыце беларускае слова “працяжнік” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

У гасцях у тлумачальнага слоўніка.

Выкарыстаўшы ўзор, прачытайце і запішыце слоўнікавы артыкул да назоўніка "атракцыён".

Узор. Глыба, -ы, ж. -- вялікі бясформенны абломак цвёрдага рэчыва. Глыба мёрзлай зямлі.

Атракцыён, -а, м. – 2) Назва забаў у парках, на святочных гулянках (карусель, гушкалка, цір і інш.) [1, стар. 46, 88, “Тлумачальны слоўнік”].

Ці ёсць у гэтым сказе ўстаўная канструкцыя?

Акцэнталагічная хвілінка.

Пастаўце націскі ў словах і прачытайце іх.

Атракцыён, парсюк (вяпрук), баразна (разора), басанож, босы, шлюб, сварыцца (лаяцца).       

Адказ. Атракцыён, парсюк (вяпрук), баразна (разора), басанож, босы, шлюб, сварыцца (лаяцца).   

Для даведкі.

Аттракцион (1), боров (2), борозда (3), босиком (4), босой (5), брак (6), браниться (7).

Праца з вершаваным тэкстам.

Вось што ўстаўныя канструкцыі паведамляюць пра сябе:

                                                     У сказ нас устаўляюць.

                                                     У ім штосьці дапаўняем.

                                                     І сказамі, і словамі

                                                     У тым сказе мы бываем.

                                                                  Аляксей Якімовіч.

• Прывядзіце прыклады сказаў з устаўнымі канструкцыямі.

Сустрэча з беларускай народнай казкай.

Прачытайце  тэкст паводле казкі “Рогі”.

У некаторым царстве (не ў тым, дзе мы) жыў сабе чалавек. І былі ў яго сынкі (тры саколікі). Ён іх вырасціў, выгадаваў і сказаў аднойчы:

-- Трэба мне вас раздзяліць. Нясіце мяне да сіняга мора (урывак паводле казкі “Рогі”)  [3, стар. 193, “Беларускія народныя казкі”].

Назавіце  ўстаўныя канструкцыі ў празаічным тэксце. Як вы іх распазналі?

  Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку.

Праца са сказам.        

Складзіце скорагаворку са слоў з устаўной канструкцыяй.

Навошта?; расказваем; разумныя; добрыя; і; якія; мы. (Расказваем (навошта?), якія разумныя і добрыя мы.)

  Што ўяўляе сабою ўстаўная канструкцыя? (Гэта слова.) Як вы выдзеліце яго?

Назавіце слова.

 Бяжыць ручай, спяшаецца

                                                        (Так хочацца яму).

                                                        А я гляджу і думаю:

                                                        -- Чаму, чаму, … (чаму)?

                                                              Аляксей Якімовіч.

• Вызначце ўстаўную канстуркцыю ў вершаваным тэксце. Што вы можаце сказаць аб ёй?

Сустрэча з народным параўнаннем.                 

Назавіце народнае параўнанне ў вершы Аляксея Якімовіча, якое складаецца з чатырох слоў (першая яго частка “як трава”).

                                                               У каструлі каша

                                                               (Варыць кашу Воля).

                                                               Страва ў нашай Волі

                                                               Як трава … .

                                                          Аляксей Якімовіч.

• Назавіце ўстаўную канструкцыю ў вершаваным тэксце. Чаму ў народным параўнанні пры словах “як трава” ўведзена дадатковая заўвага “без солі”?

Другая частка народнага параўнання, напісаная наадварот: (ілос зеб) [4, стар. 402, “Беларускія прыказкі…”].

Праца са сказамі.

Запішыце сказы ў адпаведнасці з пунктуацыйнымі нормамі і выберыце патрэбнае тлумачэнне для кожнага.

Коскі ў спалучэнні з працяжнікам у сказе з устаўной канструкцыяй а) залежаць ад будовы сказа, б) не залежаць ад будовы сказа. 

Туман – ён быў шэрым, як на Алесіным малюнку(,) -- клубамі плыў над балотам.

Маланкі – Міхась лічыў іх пасланцамі неба – вогненнымі змейкамі праляталі над вёскай.

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

Памалу, звольна і ў Парэччы

                                              (Такая ўрода чалавеча)

                                              Зжывалісь з месцам, прывыкалі,

                                              Гн(е, я)здо старое забывалі,

                                              І праз якія дзве-тры нядзелі                      

                                              Ўжо весялей на свет гл(я, е)дзелі

                                              Будынкі гэтыя старыя –

                                              Яны зрабілісь як не тыя [7, стар. 44, “Паэмы Я. Коласа”].

• Чаму выдзелена дужкамі спалучэнне слоў такая ўрода чалавеча? Ці з’яўляецца яно ўстаўной канструкцыяй? Як вы лічыце?

• Падбярыце літаратурныя адпаведнікі да аўтарскіх слоў “зжывалісь” (зжываліся), “забывалі” (забываліся), “зрабілісь” (зрабіліся), “нядзеля” (тут: тыдзень).

Праца са сказамі.

Паставіўшы прапушчаныя знакі прыпынку, выпішыце сказы з устаўнымі канструкцыямі.

1. Міна праляцела над траншэяй пералёт! і разарвалася непадалёку ў густых кустах (Аляксей Якімовіч). У густых кустах з самай раніцы шчабяталі птушкі (Аляксей Якімовіч). 2.  Мне падабаюцца не толькі вершаваныя, але і празаічныя творы Якуба Коласа (Аляксей Якімовіч).  Якуб Колас Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч працаваў настаўнікам на Палессі ў вёсках Люсіна і Пінкавічы (Аляксей Якімовіч). 3. Нядаўна ў маёй вёсцы  ўсе дружна адзначалі Купалле – прыгожае старажытнае свята нашых продкаў (Аляксей Якімовіч).  У дзяцінстве я разам з мамай і братам здаецца, гэта было зусім нядаўна часта хадзіў у лес, каб назбіраць там грыбоў, ягадаў (Аляксей Якімовіч).

Творчая хвілінка.   

Якія словы тут рыфмуюцца?

          1. Спалучэнне з устаўной канструкцыяй  я (прызнаюся вам) узяў

          Рыфмуецца з такім жа спалучэннем ён (так здарылася) п.. .

         2. Спалучэнне з устаўной канструкцыяй вішні (усе маладыя!) расцвіталі

         Рыфмуецца з такім жа спалучэннем песні (усе беларускія!) на сцэне  гучалі.. .

         3. Спалучэнне з устаўной канструкцыяй Алесь (Аляксандр Міхайлавіч) Адамовіч.                                                      

         Рыфмуецца з такім жа спалучэннем Кандрат Крапіва (Кандрат Кандратавіч А..).

         4. Спалучэнне з устаўной канструкцыяй смех (гэта ведае кожны) настрой паднімае                                     

         Рыфмуецца з такім жа спалучэннем шчырая гутарка (так многія лічаць) з.. .                                                          

         5. Спалучэнне з устаўной канструкцыяй  мама прыйшла (нарэшце!) і павіншавала

         Рыфмуецца з такім жа спалучэннем густая трава (атава) на сонцы заззяла.

         6. Спалучэнне з устаўной канструкцыяй мы (гэта было ўчора) грыбы збіралі

         Рыфмуецца з такім жа спалучэннем дрэўцы – іх было тры – дружна п.. .

Адказы да вершаванага тэксту (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісана наадварот апошняе слова сказа): ўапсарп, ілачуг, чівохартА, еажілбз, аляззаз, ілатсардап.         

Адказы на пытанні.

  Як  можна адрозніць устаўныя канструкцыі ад пабочных слоў, словазлучэнняў і сказаў?

• Што вы ведаеце пра пастаноўку знакаў прыпынку пры ўстаўных канструкцыях?

Тэст.

Назавіце сказы, запісаныя правільна, без парушэння пунктуацыйнай нормы.

1. У тыя гады (у дзяцінстве) жылося лёгка, бесклапотна.

2. Ён (мой дзядзька) вельмі паважаў мяне.

3. Мае сябры з імі ў дзяцінстве бегаў басанож заўжды былі побач.

4. У суседнню вёску (у Якімавічы) мы часта хадзілі на танцы.

5. Вечарам я пазнаёміўся з Аннэтай (полькай з суседняга гарадка).

Адказ: 1, 2, 4, 5.

                                                                                                            

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 11-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання  / Г. М. Валочка [і інш.]. – 2-е выд., перапрац. і дап. – Мінск. : Нац. ін-т адукацыі, 2016. – 256 с.

3. Беларускія народныя казкі / Склад. Г. А. Барташэвіч, К. П. Кабашнікаў – Мн. : Навука і тэхніка, 1981. – 480 с.

4. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы  / склаў Ф. Янкоўскі. – 2-е выд., дап. -- Мінск : Выд-ва АН БССР, 1962. – 556 с.

5. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

6. Казачёнок Т. Г., Громыко И. Н. Античные афоризмы : Темат. сб. – Мн. : Выш. шк., 1987. – 318 с.  

7. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.