Поиск по этому блогу

Гульня "Вадзіць за нос"

 Фразеалагічныя заданні на літару “В” “Правер сябе”

 

Падбярыце фразеалагічныя звароты (фразеалагізмы) так, каб яны адпавядалі ўказаным лексічным значэнням.

 

Тлумачыцца значэнне фразеалагізмаў, якія трэба падабраць

 

1. Уводзіць у зман, абяцаць што-небудзь і не выконваць.

2. Займацца бескарыснай справай, пустой гаворкай, марнаваць час.

3. Быць ціхім, сціплым, лагодным, пакорлівым.

4. Ісці, ехаць гуртам, натоўпам.

5. Пра пачуццё неспадзяванага страху, жаху.

6. Быць знясіленым, вельмі слабым.

7. Абвінавачваць у чым-небудзь бязвіннага.

8. Меркаваць, думаць.

9. Вельмі хутка бегчы.

10. Не з’яўляцца, не прыходзіць да каго-небудзь, куды-небудзь.

11. Пра кепскае верхняе адзенне, якое не засцерагае ад холаду.

12. Быць у небяспецы, быць пад пагрозай чагосьці.

13. Пра вельмі сціплага, лагоднага чалавека.

14. Кепска канчацца для каго-небудзь, не праходзіць бясследна (звычайна пра расплату за які-небудзь кепскі ўчынак).

15. Пра таго, хто зразумеў сутнасць чаго-небудзь, убачыў тое, чаго нейкі час не заўважаў.

16. Дакучаць, назаляць, дапякаць сваёй прысутнасцю.

17. Даверліва, з цікавасцю слухаць.

18. Перастаць думаць, забыцца пра кагосьці, штосьці.

19. Старацца як ёсць моцы-сілы.

20. Уцячы, знікнуць, выратавацца ад небяспекі.

21. Выклікаць непакой, хваляванне, трывогу.

 

Фразеалагізмы, якія падбіраем да ўказаных тлумачэнняў

 

Вушы развесіць, вынесці ногі, вочы адкрыліся, вока не запарушыць, вачэй не паказваць, вадзіць за нос, валіцца з ног, ва ўсе лапаткі, валам валіць, варушыць галавою, ветрам шыта, вомегам вылазіць, вярэдзіць душу, вылузвацца (лезці) са скуры, ваду таўчы ў ступе, валасы сталі дыбам, вочы мазоліць, выкінуць з галавы, вады не замуціць, вісець на павуцінцы, валіць з хворай галавы на здаровую.

 

Для даведкі (выкарыстоўвайце толькі для кантролю, каб праверыць сябе).

 

17. Вушы развесіць. 20. Вынесці ногі. 15. Вочы адкрыліся. 13. Вока не запарушыць. 10. Вачэй не паказваць. 1. Вадзіць за нос. 6. Валіцца з ног. 9. Ва ўсе лапаткі. 4. Валам валіць. 8. Варушыць галавою. 11. Ветрам шыта. 14. Вомегам вылазіць. 21. Вярэдзіць душу. 19. Вылузвацца (лезці) са скуры. 2. Ваду таўчы ў ступе. 5. Валасы сталі дыбам. 16. Вочы мазоліць. 18. Выкінуць з галавы. 3. Вады не замуціць. 12. Вісець на павуцінцы. 7. Валіць з хворай галавы на здаровую.

 

 

      [1, стар. 34 -- 61, “Фразеалагічны слоўнік”]

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

                                                                           Склаў Аляксей Якімовіч