Поиск по этому блогу

Апісанне “На пагорку”

 Апісанне “На пагорку”

 

Дзесяць гадзін раніцы. Сонца пячэ, прыпякае, нясе нам  ці не апошнюю летнюю гарачыню.

На ўсходзе, дзе сонца праменіцца ярка, неба чыстае, светлае, як у бязгрэшным храме. Толькі зрэдку з’яўляюцца хмаркі, дзіўнымі белымі караблямі самай рознай формы праплываюць па ім. А на захадзе хмарак шмат. Падобныя на зубчатыя марскія хвалі, яны нерухома, ціснучыся адна да адной, стаяць на небе. Адтуль да мяне прылятае лёгкі вецярок, лашчыць, абдымае, мабыць, хоча падтрымаць, даць сілы ў гэты гарачы вераснёўскі дзень.

Стаю на пагорку на даўно зжатым жытнёвым полі. Праз колкія сцябліны іржышча прабіваецца зеленаватая траўка. Далей, у нізінцы, узвышаецца рыжае, спелае пустазелле. Гаспадаром яно адчувае сябе на зжатым, сіратлівым полі.

За полем – прамавугольны густы лясок з арэшніку, лазняку, баярышніку. На ўскрайку – бярозкі з выгнутымі, пачарнелымі камлямі. Адна з іх падобна на рагатку: ад камля разыходзяцца, ідуць угару два стволікі-блізняткі, упрыгожаныя густым лісцем. Стволікі ківаюць кучаравымі галовамі-вершалінамі, як бы вітаюць адзін аднаго. На самым вуглу прамавугольніка-ляска – пышная, высокая паненка-асіна. Лісце на ёй бесперапынна трасецца, трапечацца. Складваецца ўражанне, што рой пчолак сабраўся там і гуляе разам з ветрыкам.

За полем – адзнака цывілізацыі – лінія электраперадачы. Ад слупа да слупа цягнуцца правады, каб злучыць нас, людзей, каб даць святло і энергію, патрэбную для жыцця (Аляксей Якімовіч).

Ваколіца горада Слоніма каля вуліцы Скарыны. 6. 09. 2018 г.

[Урывак з аповесці “Белакрылая птушка”, с. 15] 

Зборнік выйшаў у выдавецтве “Беларусь”

Якімовіч, А. М. Белакрылая птушка : аповесці, вершы / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 199 с.