Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. ГАЛОЎНЫЯ (ДЗЕЙНІК, ВЫКАЗНІК) І ДАДАНЫЯ ЧЛЕНЫ СКАЗА

 

Творчы ўрок у 3 класе. ГАЛОЎНЫЯ (ДЗЕЙНІК, ВЫКАЗНІК) І ДАДАНЫЯ ЧЛЕНЫ СКАЗА

 

Мэты: засвоіць  галоўныя і даданыя члены сказа; паказаць іх асаблівасці; фарміраваць уменні і навыкі вылучаць галоўныя і даданыя члены сказа; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы, да слова; прывіваць любоў да прыроды.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны этап.

                                                          Хуткі, лепшы,

                                                          Сціплы, вечаровы.

                                                          Любім, вымаўляем

                                                          Нашай мовы словы.

                                                                    Аляксей Якімовіч.

• Якія беларускія словы вы ведаеце? Назавіце іх.

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Прачытайце і ўстаўце прапушчаную арфаграму. Растлумачце яе напісанне. Адгадайце загадку.

                                               Прыйшла ч..рная маці,

                                               Усіх паклала спаць. (Ноч.) [1, с. 362, “Беларускія прыказкі”].                         

• Колькі сказаў у гэтым тэксце?

4. Чыстапісанне.

                      На  но  не

                     Ноч надвор'е  нара

Наступіла ноч. Ужо наступіла цёмная ноч.

• Чым першы сказ адрозніваецца ад другога?

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Н а с т а ў н і к. Як нараджаюцца сказы? Спачатку мы ўяўляем нейкую карціну ці падзею цалкам. Потым падбіраем словы, каб назваць тое, пра што думаем. Нарэшце мы ставім кожнае слова на сваё месца ў патрэбнай форме. Словы становяцца членамі сказа. Члены сказа -- гэта словы, з якіх складаецца сказ і да якіх можна паставіць пытанні.

Так здарылася, што гэты сказ згубіў адзін свой член сказа і стаў выглядаць вось як: Завывае мяцеліца. Бядуе сказ, месца сабе не знаходзіць. Можа, вы яму дапаможаце, знойдзеце тое згубленае слова пасля таго, як пазнаёміцеся з тэмай урока "Галоўныя (дзейнік, выказнік) і даданыя члены сказа"? Згодны? Тады паслухайце казку і помніце, што ў краіне Мовазнавіі ёсць пакрыўджаны сказ.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Аднаго разу  Шпачок звярнуўся да старэйшага брата:

- Тата, многія птушкі кажуць, што хутка восень наступіць. Апішы мне гэтую восень, каб я мог уявіць яе, як жывую.

Старэйшы брат да знаёмага Грака сабраўся ляцець, не меў часу. Таму вось як апісаў наступленне восені:

Пакарацелі дні. Пайшлі дажджы. Пажаўцела лісце. Закурлыкалі жураўлі. Наступіла восень.

Сядзіць Шпачок за сталом, уважліва чытае татаў тэкст, а восень уявіць, як жывую, ніяк не можа.

Невядома, што ён рабіў бы, калі б суседка Сарока да яго не завітала.

- Сарока-белабока, птушкі кажуць, што восень наступіць. Я папрасіў брата, каб апісаў яе як жывую. Ён, здаецца, апісаў, але я не магу ўявіць яе, - паскардзіўся Шпачок.

Сарока села побач са Шпачком за стол, прачытала тэкст і заявіла:

- Слабавата апісаў твой брат. Мабыць, кудысьці спяшаўся.

- Чаму слабавата? - пацікавіўся Шпачок.

- Слухай і, як людзі кажуць, на вус матай, - прамовіла Сарока. - Сказы твайго брата складаюцца толькі з галоўных членаў сказа. Ведаеш, якія члены сказа з'яўляюцца галоўнымі?

Праца з вучэбным дапаможнікам.

- Прачытайце ў падручніку правіла "Галоўныя і даданыя члены сказа"  і раскажыце пра галоўныя члены сказа – пра         дзейнік і выказнік.

Праца з тэкстам.

Спішыце першыя чатыры сказы. Устаўце прапушчаныя літары. Падкрэсліце ў сказах дзейнік і выказнік: дзейнік – адной лініяй, выказнік – двумя.

Максім падабраў Р..ыжка на вуліцы.

Р..жык сядзеў каля дашчанага кіёска. Ён др..жаў усім сваім маленькім цельцам і час ад часу тоненька скуголіў.

Максім пр..сеў каля сабачкі, а ён паглядзеў на хлопчыка сумнымі вачыма, выцягнуў шыю і лізнуў у твар.

Максім узяў Р..жыка на рукі. Р..жык пярэднімі лапкамі абхапіў Максімаву руку (Аляксей Якімовіч) [4, с. 3 -- 4, “Каб мама ўсміхалася”].       

Чытанне працягу казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

 Н а с т а ў н і к. Паслухайце працяг нашай казкі.

Шпачок правільна адказаў на пытанне Сарокі.

- Малайчына! - пахваліла яна Шпачка.

А Шпачок усклікнуў:

- Я здагадаўся! Каб уявіць восень як жывую, трэба ўжыць сказы, у якіх ёсць і галоўныя, і даданыя члены сказа.

- Канешне! Зараз мы гэтыя  сказы перабудуем так, каб ты мог уявіць сабе восень як жывую, як гаспадыню нашых палёў і лясоў. Згодзен? -- прамовіла Сарока.

- Згодзен! - ад нецярпення падскочыў у крэсле Шпачок.

- Першы сказ я перабудую так, - пачала Сарока. - Нечакана пакарацелі дні.

Шпачок лапкай пачухаў бурую пярынку на крыле.

- Выходзіць, ночы пабольшалі?

- А як ты думаў! Далей слухай, - незадаволена прагаварыла Сарока. У гэты дзень яна была без асаблівага настрою. Напэўна, устала не з той лапкі. - Пайшлі халодныя дажджы.

Шпачок сагнуўся, скурчыўся.

- Не люблю, калі ідуць халодныя дажджы.

Сарока незадаволена зірнула на Шпачка і наступны сказ перабудавала так:

- Адразу ж пажаўцела зялёнае лісце.

- Не хачу, каб лісце адразу ж жаўцела! - не вытрываў, перапыніў Шпачок.

Сарока дзюбаю пастукала па стале, патрабуючы ўвагі.

- Трывожна закурлыкалі жураўлі.

- Бр-р-р! - страсянуўся Шпачок. Дрыжыкамі яго працяло.

- Наступіла халодная восень, - бадзёра закончыла Сарока.

 - Мне страшна, - прызнаўся Шпачок.

- Ты ж хацеў уявіць восень як жывую. Вось і ўяўляй сабе! - сказала Сарока.

- Мне страшна! - паўтарыў Шпачок.

Рэдагаванне тэксту.

Дапамажыце Шпачку, перабудуйце сказы такім чынам, каб ён не баяўся восені, каб  для яго восень стала прывабнай. Яна ж бывае рознай.

У выніку можа атрымацца іншы тэкст: “Непрыкметна пакарацелі дні. Пайшлі цёплыя грыбныя дажджы. У небе гучна закурлыкалі даўганогія жураўлі. На дрэвах пажаўцела лісце. Наступіла залатая восень”.

Праца з вучэбным дапаможнікам.

Якія члены сказа дапамаглі перабудаваць сказы? Яшчэ раз прачытайце аб гэтых членах сказа (даданых членах сказа) у вучэбным дапаможніку.

Вырашэнне займальнай сітуацыі, створанай у пачатку ўрока.

• Якое слова згубіў сказ "Завывае мяцеліца"?

• Якім членам сказа з'яўляецца гэта слова: галоўным ці даданым?

Самастойная праца.

Спішыце, устаўляючы прапушчаныя літары. Назавіце дзейнікі і выказнікі.  Вусна пастаўце пытанні да выдзеленых даданых членаў сказа. Які з іх дапаўняе дзейнік, які -- выказнік?

                                                    Ярка на камінку

                                                    Смольны корч палае,

                                                    Бац..ка на кало..цы

                                                    Лапці выплятае.

                                                               Якуб Колас [3, с. 20, “Раніца ў нядзельку”].         

• Якім вы ўяўляеце даўняе жыццё беларуса?

Праца са сказам.

Запішыце сказ.

Я прыехаў у родную вёсачку зімой.

• Вучань сцвярджае, што ў сказе а) ёсць даданы член, які паясняе іншы даданы член сказа, б) няма даданага члена, які паясняе іншы даданы член сказа. Ці правільна гэта?

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце верш і назавіце патрэбнае слова.

                                              Ляцяць з лесу камары –

                                              Даўганосыя … (сябры).

                                                             Аляксей Якімовіч.

• Вусна пастаўце пытанні да выдзеленых даданых членаў сказа. Яны дапаўняюць дзейнік, выказнік ці іншы даданы член сказа?

Хвілінка адкрыцця.

Прачытайце. Устаўляйце ў сказы даданыя члены па пытаннях. Змяняйце словы для даведкі так, як патрабуе сэнс.

1. Мая мама працуе (дзе?) у ... . 2. Летняй раніцай мы адправіліся (куды?) у ... . 3. Мой дзядуля вельмі (які?) ... . 4. Я дапамагаю (каму?) ... .

Словы для даведкі: лес, бальніцы, тату,  працавіты.

Праца са словам.

1. Пачатак размовы.

Вучні па чарзе задаюць адзін аднаму пытанні.

- Як ідзе ў вас вучоба?

- Які ў вас настрой?

Варыянты адказаў, у якіх вучні выкарыстоўваюць сказы з даданымі членамі сказа і сказы з галоўнымі і даданымі членамі сказа:

- Вельмі добры. (- Настрой у мяне вельмі добры.)

- Някепскі. (- Настрой у мяне някепскі.)

- Звычайны. (- Настрой у мяне звычайны.)

- Кепскі. (- Настрой у мяне кепскі.)

- Трывожны. (- Трывожна ў мяне на душы.)

- Мог бы быць лепшы.

2. Размова.

- Паслухайце размову.

- Добры дзень вам! Як вашы дзеці?

- Дзеці растуць як грыбы. А вы як маецеся?

- Жыву, на зямлі працую. Зямелька – матка наша:  і корміць, і поіць, і адзявае нас [1, с. 80, 102, “Беларускія прыказкі”].       

• Удзельнікі гэтай размовы, на вашу думку, людзі чужыя ці добра знаёмыя? Якія члены сказа яны ўжываюць?

• Назавіце прыказку і прымаўку, якія выкарыстаны ў размове.

Фізкультхвілінка.

Настаўнік. Пакажыце, як з-за лесу выходзіць сонца, як узнімаецца ўсё вышэй, як рассылае навокал свае цёплыя праменні.

Хвілінка адкрыцця.

Сказы толькі з галоўнымі членамі сказа перабудуйце ў сказы з галоўнымі і даданымі членамі сказа, каб атрымаўся тэкст.

Сонца зайшло. Стаіць жыта. Пазіраюць васількі. Даносяцца спевы. Звіняць галасы.

Слоўнікавая праца.

 Перакладзіце на рускую мову слова "звінець". Параўнайце гучанне і напісанне.

• Прачытайце. Чым адрозніваюцца гэтыя спалучэнні слоў?

Звініць званок, звініць у вушах.

• Складзіце і запішыце сказы са словам "звінець".

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Звінець -- слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і абазначце арфаграму.

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Я чытаю верш, а крык пеўня -- ку-ка-рэ-ку -- перадасце вы.

                                                           “Ко-ко-ко, ко-ко-ко”, --

                                                           Пеўнік вымаўляе.

                                                           З курачкай рабенькай

                                                           Зярняткі выграбае.                    

                                                                        Аляксей Якімовіч.

• Назавіце ў першым і чацвёртым сказах дзейнік і выказнік.

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                   Гарач(і,ы)  дзень. На полі душна.

                                   Пр(і, ы)ціх той ветр(ы, і)к непаслушны,

                                   Як бы сваім аддаўся марам.

                                   Зацішак поля дыша варам

                                   І гоні(т, ц)ь з твару поту рагі,

                                   І сохну(ц, т)ь губы ад той смагі.

                                   А жнейкі жну(ц, т)ь  [2, с. 203 -- 204, “Новая зямля”].

• Падбярыце літаратурны адпаведнік да аўтарскага слова “дыша”. (Дыхае.)

• Якія члены сказа адказваюць на наступныя пытанні: які? як? чыім?

• Раскрыйце сэнс слоў “вар” (вада, якая закіпела), “рагі” ( брудныя палосы), “жнейка” (жанчына, якая жне), “смага” (жаданне піць).

Чытанне працягу казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Н а с т а ў н і к. Зноў запрашаю вас на сустрэчу з Сарокай і Шпачком. (Перад чытаннем казкі вучням прапануецца раскрыць сэнс слова "каравай".)

- Сарока-белабока, - звярнуўся да суседкі Шпачок, - паслухай, што скажу.

- Калі ласка,  - падрыхтавалася слухаць Сарока.

- Учора Варона з суседняй вёскі прыляцела, на слуп села і паўдня пракаркала: "Каравай! Каравай!"

- Няхай каркае на здароўе. Хто як умее, так і спявае.

- Няхай, - пагадзіўся Шпачок. - Але мяне вельмі зацікавіла гэта слова -- каравай. Ты не магла б сказаць, што яно абазначае?

- Чаму ж не! - прамовіла Сарока. - Каравай -- гэта круглы бохан з пшанічнай мукі, спечаны да якой-небудзь урачыстасці.

Складанне сказаў.

-- Складзіце сказы са словам каравай". Якімі членамі сказа будзе з'яўляцца гэта слова?

Праца з практыкаваннем.

Устаўце прапушчаныя літары. Выпішыце з кожнага сказа спачатку дзейнік з даданым членам, які дапаўняе яго; потым -- выказнік з даданым членам сказа, які яго дапаўняе. У дужках стаўце пытанні да даданых членаў сказа.

Узор: Пчолка (якая?) працавітая, вылецела (адкуль?) з вулея.

 

Белыя сняжынкі

 

У паветры лятаюць белыя сн..жынкі. Яны падскокваюць у паветры, а потым ціха апускаюцца на з..млю і засцілаюць яе тоўстаю белаю коўдраю. Пад гэтаю коўдраю цёпла розным былінкам і траве.

Тэст.

Выберыце сказ, якія складаецца толькі з галоўных членаў.

1. Дзеці спяваюць.

 2. Школьнікі спяваюць свае любімыя песні.

3. Дзяўчынкі танцуюць на сцэне.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

• Якія члены сказа з'яўляюцца галоўнымі?

• Якія члены сказа з'яўляюцца даданымі?

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

2.  Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Якуб Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

3.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

4. Якімовіч, Аляксей. Каб мама ўсміхалася : апавяданні, казкі, смяшынкі / А. М. Якімовіч. – Мінск : Нар. асвета, 2010. – 120 с.

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 20 (2017 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.