Поиск по этому блогу

Як узнік фразеалагізм "Вачэй не паказваць"

 

                                                                                                             Аляксей Якімовіч

 

Вачэй не паказваць

                                 Мастацкая гіпотэза

 

У вёсцы Дзераўная жылі па суседству Змітрок і Мікіта. Мікіта панадзіўся хадзіць да Змітрака, каб пазычыць што-небудзь.

Прыйшоў неяк, топчацца ў парозе.

-- Сусед, пазыч сваю сякеру. Заўтра прынясу.

-- Навошта табе мая сякера? – здзівіўся Змітрок. Ён ведаў, што ў кожнага гаспадара ёсць свае прылады працы.

-- У маёй сякеры тапарышча пабілася, сукаватыя калоды не пасяку ёю, зусім даб’ю, -- паскардзіўся Мікіта.

-- Новае зрабі!

Мікіта пачухаў патыліцу.

-- Канешне, зраблю, але не сёння. Сёння дровы трэба калоць. Жонка заядае. У хаце каля печы ні палена няма.

Хоць і не хацелася Змітраку сваю сякеру ў чужыя рукі даваць, але ўсё-ткі прынёс яе з каморкі, працягнуў Мікіту.

-- Бяры. Толькі тапарышча паберажы!

Праз некалькі дзён Мікіта зноў заявіўся і пачаў здалёку:

-- Сусед, мне на лузе сена трэба зграбці.

Змітрок паціснуў плячыма.

-- Хіба я табе перашкаджаю?

-- Не перашкаджаеш, канешне. Але ў маіх граблях аж тры зубы паламаліся. Шчарбатыя ў гумне стаяць.

-- Новыя зрабі.

-- Няма калі рабіць! Хмарыцца на дварэ. Дождж можа пайсці!

-- Граблі хочаш пазычыць? – здагадаўся Змітрок.

-- Яшчэ як хачу! – усклікнуў Мікіта.

Змітрок мусіў даць яму граблі, пазычыў.

Надвячоркам прынёс іх Мікіта без двух зубоў.

Змітрок узяў граблі і пакруціў іх, падзівіўшыся.

-- Зубы выламаў?

-- Калі б не гроб сена, то не выламаў бы. Купіны на балоце, няроўнае! Сам ведаеш, -- стаў тлумачыць Мікіта.

“Чаму ж ты новыя зубы не зрабіў і не ўставіў?” – хацеў сказаць Змітрок, але пасаромеўся. Дый Мікіта яго апярэдзіў, іншую гаворку распачаў:

-- Сусед, пазыч рэшата.

-- Муку трэба прасеяць?

-- Канешне, муку!

-- А з тваім рэшатам што здарылася?

-- Наша са стала ўпала і пакацілася. А жонка спатыкнулася і на яго звалілася. Трэснула, паламалася яно! – нявесела закончыў Мікіта.

“Апошні раз пазычаю. Больш нічога не выпрасіш ты ў мяне”, -- вырашыў Змітрок і даў, пазычыў суседу рэшата.

А вечарам жонка Таклюся прайшлася па хаце і запыталася:

-- Змітрок, дзе наша рэшата? Мне муку трэба прасеяць. Хлеб буду пячы.

Змітрок цяжка ўздыхнуў.

-- Мікіта кожны дзень ходзіць і ходзіць, пазычае! Сёння нашы граблі пакалечаныя прынёс.

-- І рэшата ты яму пазычыў?

-- Не змог адмовіць!

Жонка паглядзела на Змітрака і заспявала:

                                          Сусед ў хату ходзіць,

                                          Нешта пазычае,

                                          Не магу адмовіць,

                                          Духу не хапае.

-- Не хапае! – паўтарыў Змітрок.

А Таклюся далей спявае:

                                          Граблі ён пазычыў,

                                          Без зубоў прынёс.

                                          Жыць з такім суседам

                                          Вызначыў мне лёс.

-- Такі лёс! – з горкасцю прамовіў Змітрок.

-- Навучу цябе, як Мікіту адвадзіць, адвучыць, каб не прыходзіў да нас пазычаць, -- прамовіла жонка.

Змітрок наставіў вушы.

-- Слухаю!

-- Цяпер ты да яго штодзень хадзі і прасі, каб нешта пазычыў!

-- У мяне ўсё сваё, -- адказаў Змітрок. – Навошта мне чужое, пазычанае?

-- А каб адвадзіць! -- сказала жонка.

“Трэба паспрабаваць, зраблю так, як яна кажа”, -- падумаў Змітрок і на другі дзень адправіўся да Мікіты.

-- Касу пазыч, Мікіта.

У Мікіты вочы на лоб палезлі, як пачуў гэта.

-- А твая дзе?

-- Ляжыць! Паламаў!

-- А я сваю не кляпаў!

“Шкадуеш, жмінда! На чужое ласы”, -- падумаў Змітрок.

-- Некляпанай пакашу.

-- Няма! Няма! Няма касы! – замахаў рукамі Мікіта. – Некаму пазычыў.

На наступны дзень Змітрок прыйшоў да яго, каб плужок пазычыць. І плужок Мікіта не даў, пашкадаваў. А на трэці дзень у хату не пусціў Змітрака. Убачыўшы на падворку, замкнуўся, схаваўся.

-- Дапамагла табе мая парада? – пацікавілася ў Змітрака Таклюся.

-- Яшчэ як дапамагла! Ужо не прыходзіць да нас, вачэй не паказвае. Баіцца, каб я не папрасіў у яго што-небудзь.

-- Сядай за стол, заспяваем з такой радасці, -- прапанавала Змітраку жонка.

Змітрок і Таклюся селі за стол і заспявалі разам:

                                          Не з’яўляецца Мікіта,

                                          Не прыходзіць пазычаць.

                                          Не паглядвай на чужое.

                                          Сваім сярпом трэба жаць.

Вось так Змітрок з Дзераўной прыдумаў выраз вачэй не паказваць.  Напэўна, вы ўжо здагадаліся, што ён азначае не прыходзіць да каго-небудзь, куды-небудзь, не з’яўляцца там, у яго.

 

Надрукавана ў кнізе “Нязваныя госці”.

Выдадзена ў выдавецтве “Беларусь”.

Якімовіч, А. М. Нязваныя госці : прыгодніцка-гістарычная аповесць, мастацкія гіпотэзы, вершы, прыпеўкі для настрою / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2022. – 199 с.