Цікавае ў жыцці. Ці можа рыба
лазіць па дрэвах?
Як
вы лічыце: ці можа рыба залезці на дрэва і нейкі час сядзець там?
Ці
ўсе рыбы маюць падобныя здольнасці?
Такая рыба жыве ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Называецца яна
ілісты скакун. Гэта рыба без асаблівых цяжкасцей можа ўскарабкацца на ствол
куста, дрэва, абхапіўшы яго груднымі плаўнікамі. Большую палову жыцця ілісты
скакун праводзіць не ў вадзе, а на ствале альбо на іле, дзе корміцца дробнымі
рачкамі. Ён можа скакаць па балоце не горш, чым жаба.
Што дапамагае ілістаму скакуну праводзіць немалую частку
жыцця без вады?
У яго асаблівае дыхальнае прыстасаванне. Знаходзячыся ў
вадзе, ілісты скакун, як і іншыя рыбы, карыстаецца жабрамі. Яны адсейваюць для
яго раствораны ў вадзе кісларод. А на сушы ён запаўняе жаберныя камеры сумессю
паветра і вільгаці, што дазваляе яму не адну гадзіну прабыць у паветраным
асяроддзі.
Што штурхае ілістага скакуна лезці на дрэва, на куст?
На ствале дрэва ці куста ён грэецца на сонцы. Гэта яму
вельмі падабаецца.
Ці вялікі ілісты скакун?
Невялікі, сантыметраў дзесяць у даўжыню.
Заданні для дапытлівых.
1. Колькі літар у слове “скакун”? Назавіце іх.
2. А колькі гукаў? Назавіце іх.
3. Назавіце беларускія словы, якія пачынаюцца з літар,
што ўваходзяць у склад слова “скакун”. Для гэтага з дапамогай слоўніка ці без
яго перакладзіце рускія словы на нашу, беларускую мову. Вось яны: столб, возле,
но, мять, защитить, кто-то.
4. Да якой часціны мовы адносіцца слова “ілісты”: да прыметніка
ці да дзеепрыметніка?
Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; словы
напісаны наадварот).
1. Ьцсэш: с, к, а, к, у, н.
2. Ьцсэш: с, к, а, к, у, н.
3. Пулс, ялак, ела, ьцычямак, ьцінарабу, атхен.
4. Акінтемырп.
Сядзіць скакун на дрэве:
Любіць ён пагрэцца,
Калі сонца з неба
На прастору льецца.
Аляксей Якімовіч.
Якіх часцін мовы найбольш у гэтым вершаваным тэксце: назоўнікаў
ці дзеясловаў?
Адказ (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; слова напісана
наадварот): ўакінўозан.