Поиск по этому блогу

Мае малітвы


 У цэнтры горада Слоніма на месцы разбуранага пасля вайны бальшавікамі праваслаўнага храма без дазволу ўлады ўстанаўліваем з аднадумцамі праваслаўны крыж. Калі не памыляюся, я на заднім плане ў кепцы.

Рыхтуем месца для ўстаноўкі праваслаўнага крыжа
Мітынгуем на месцы ўстаноўленага крыжа. Цяпер тут узведзены праваслаўны храм.
Выступае Мікалай Ракевіч. Я ў цэнтры ў скураной куртцы. 




МАЕ МАЛІТВЫ
Ранішняя малітва
У імя Айца, і Сына і Святога Духа. Амін. (Перахрысціся тройчы.)
Божа, будзь літасцівы да мяне грэшнага (-ай). (Тройчы прыкладваючы кулак да грудзей.)
Госпадзе Ісусе Хрысце, Сыне Божы, Збаўца наш, дзеля малітваў Маці Твае і ўсіх святых, памілуй нас. Амін.
Слава Табе, Божа наш, слава Табе. Амін.
Уладару нябесны, Уцяшыцелю, Духу ісціны, што ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра й Жыццядацелю, прыйдзі і ўсяліся ў нас і ачысці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.
Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, памілуй нас. (Тройчы.)
Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер і ўвесь час, і на вякі вякоў. Амін.
Найсвяцейшая Тройца, злітуйся над намі. Госпадзе, ачысці правіны нашы. Уладару, выбач бяспраўе наша. Святы, наведай нас і аздараві немачы нашы дзеля імя Твайго.
Госпадзе, памілуй. (Тройчы.)
Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер і ўвесь час, і на вякі вякоў. Амін.
Ойча наш нябесны! Свяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё ды станься воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і выбач нам правіны нашы, як і мы выбачаем вінаватым прад намі, і ня дай нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Бо Тваё ёсць валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Святога Духа, цяпер і ўвесь час, і на вякі вякоў. Амін.
Устаўшы ад сну, прыпадаем да Цябе, Добры, і анёльскую песню натхнёна пяем Табе: святы, святы, святы Ты, Божа, Багародзіцай памілуй нас.
Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу.
Госпадзе, што з пасцелі й сну падняў мяне, прасвятлі розум мой і сэрца маё, і вусны мае адчыні, каб пяяць Табе, Святая Тройца: святы, святы, святы Ты, Божа, Багародзіцай памілуй нас.
І цяпер і ўвесь час, і на вякі вякоў. Амін.
Неспадзявана Суддзя прыйдзе, і выявяцца ўчынкі кожнага, таму апоўначы са страхам усклікнем: святы, святы, святы Ты, Божа, Багародзіцай памілуй нас.
1
Госпадзе, памілуй. (12 разоў.)
[1, с. 7 -- 10]
Малітва бацькоў за дзяцей
Госпадзе, Божа наш, Ты дабраславіў нашае сужэнства дзяцьмі ды паставіў нас настаўнікамі й праваднікамі іхнымі; Ты аддаў пад апеку нашу вінаграднік Свой, які мы маем даглядаць. Дзеля гэтага просім Цябе, Госпадзе, дай нам чысты розум і волю непахісную, каб мы маглі рассудна й належна выхаваць іх на годных людзей і справядлівых слугаў Тваіх. Дабраслаў, Ойча нябесны, дзетак нашых, пашлі добрую волю ў сэрцы іхныя, добрыя жаданні й намеры, любоў да ўсяго, што разумнае, праведнае й святое. Ахавай іх Тваёй святой ласкай, а мы будзем славіць Цябе ўва ўсе дні жыцця нашага. Амін. [1, с. 60]
Песня дзіцяткі
О, анёле, дружа мой! Ты заўсёды пры мне стой. Зрання, ўвечар і ўначы Будзь ласкавы памагчы: Верна мне служыці Богу, Каб адолець духа злога, Ды любіці маму, тату, Родны край і нашу хату. [1, с. 61]
Малітва за беларускі народ
Уладару неба й зямлі, спрадвечны Божа! Ласка Твая да нябёсаў, а праўда над воблакі! Ты ўвесь свет стварыў і Духам Святым усё прасвятляеш, ажыўляеш і мацуеш. А людскі род так палюбіў, што Свайго Сына адзінароднага на зямлю паслаў, каб усе, што ўвераць у Яго, сталі дзяцьмі Тваймі, удзельнікамі Твайго нябеснага валадарства.
Мы, дзеці Беларускага Народу, стараліся выконваць волю Тваю й запаветы Твае; у шчырай пакоры просім Цябе: выбач нам свядомыя й несвядомыя правіны нашы. Ратуй нас ад усялякіх спакусаў, пашлі нам еднасць, згоду й паразуменне. Умацуй Святым Духам Тваім зняволеных братоў і сёстраў нашых – працай абцяжаных і тых, хто на ссылках і ў турмах пакутуе.
Дабраслаў нашае святарства і адабры працу сялянства, работнікаў, настаўнікаў, пісьменнікаў, мастакоў і вучоных, каб наш народ мог разумна й добра жыць і Цябе, Айца нашага нябеснага, увесь час славіць.
Асвятлі наш розум Тваім евангельскім святлом, каб мы, як анёлы нябесныя, заўсёды былі з Табою. Пашлі Беларускаму Народу слугаў Сваіх, якія пабожным жыццём і дзейнасцю вялі б наш народ да лепшае долі.
Пашлі нам, Госпадзе, дар Духа Святога, каб мы сталіся народам святым і сваё пасланства выканалі, і Табе, спрадвечнаму Ўладару й Богу нашаму, у Святой Тройцы адзінаму, вернасць, падзяку, любоў і славу аддавалі – Богу Айцу, і Богу Сыну, і Богу Духу Святому, цяпер і ўвесь час, і на вякі вякоў. Амін.
[1, с. 71, 72]
Малітва за Беларусь
2
У імя Айца, і Сына, і Святога духа. Амінь. Божа ўсемагутны, адхіні напасці ад Бацькаўшчыны нашай Беларусі, захавай на вякі вечныя край вольным, зямлю плоднай, паветра чыстым, ваду здаровай, нетры непарушанымі, каб цешылася з ласкі Тваёй усё жывое: і чалавек, і птушка, і жывёліна, і рыба, і малая кузурка.
Ойча Нябесны, дабраслаў люд беларускі як у краю, так і далёка па-за яго межамі. Захавай ад варожага ўціску, вайны, голаду, мору, агню пякельнага, д’ябальскай сілы чарнобыльскай, а такжа ад брацкай нязгоды.
Дабраслаў на еднасць і ўзаемадапамогу люд беларускі ў кожным месцы зямлі Тваёй, накіруй на шлях дабра і справядлівасці, спагады да бліжніх і далёкіх нашых.
Памажы нам захаваць у сэрцах веру нашу і славіць Святое імя Тваё на святой мове нашай роднай беларускай.
Дай спазнаць літасць Тваю, выбач нам грахі нашыя: злабу і гультайства, распусту і хцівасць, а роўна ж і абыякавасць да лёсу Беларусі і да гора людскога. Адвядзі нас ад спакусы здрады і нявернасці, крывой прысягі, слоў аблудных і іншых учынкаў, што губяць душы нашы і нясуць сорам Краю нашаму. Сцеражы нас, Божа, ад граху халуйства, ад прыніжэння годнасці Бацькаўшчыны і нашаму народу беларускаму.
Не карай нас беспамяцтвам і не дай забыцца святой мовы нашай беларускай, гісторыі, і традыцыяў нашых, а дай сілы і шчырасці з адданай любоўю і пашанаю прымнажаць спрадвечнае і высакароднае, што стварылі да нас продкі нашы.
Божа магутны, Божа літасцівы, пашлі нам сілы і цярпення ў стараннях нашых аб росквіце і волі Бацькаўшчыны нашай і дай нам бязмерную любоў, каб мы бясконца любілі святую Беларусь, і захавай яе нам на векі вечныя. Амінь.
[1, с. 74 -- 75]
Як малітва выратавала мяне
Па-мойму, тады стаяла лета. Той перыяд жыцця для мяне быў вельмі цяжкі. Так сталася, што жыў адзін, і канфлікты клубкамі круціліся каля мяне. У апошнія дні перад здарэннем, пра якое цяпер расказваю, у кватэры сталі раздавацца незразумелыя, трывожныя гудкі: паднімаю тэлефонную трубку, кажу “ало!”, а ў адказ – маўчанне.
Вырашыў схадзіць да варажбіткі, якая жыла непадалёку (назавём яе бабуляй Волькай, яе сын працаваў у ахове прыроды).
Бабуля Волька жыла адна, без мужа (праўда, як высветліў пазней, кватаравала ў яе дзяўчына з нашага Слонімскага медыцынскага каледжа) і спачатку сустрэла мяне насцярожана. Але потым запрасіла сесці, прынесла карты і ўсклікнула, паваражыўшы: “Цябе заб’юць!”
Як сябе адчуў у той час? Вядома, было трывожна, непрыемна. Бабуля Волька крыху паўзіралася на мяне, а потым стала старанна хрысціць з усіх бакоў, кажучы нейкую малітву.
Калі ўжо збіраўся дамоў, прапанавала паваражыць яшчэ раз. Не стаў пярэчыць ёй, пагадзіўся.
Пасля другой варажбы бабуля Волька сказала прыкладна так: “Не, цябе не заб’юць. Цябе выратуе чарнавалосы мужчына. А перад гэтым ты ўбачыш п’янага мужчыну. Ён за табою пасланы сачыць, але не бойся: цябе выратуе чарнавалосы”.
На душы ў мяне крыху палягчэла, а бабуля Волька прынесла малітоўнік, алоўкам на паперцы перапісала з яго малітву для тых, хто ў дарозе, аддала яе мне і наказала, каб не разлучаўся з ёю, каб бярог.
Выйшаўшы на двор, на ўсякі выпадак вырашыў памяняць у дзвярах сваёй кватэры замок. Наведаў некалькі гаспадарчых магазінаў, але патрэбнага замка так і не знайшоў. Вяртаючыся з магазіна “Тысячы дробязяў”, сустрэў знаёмага, які даў мне замок проста так, без усякай платы, вырашыў выручыць.
3
Ідучы да свайго дома, убачыў п’янага мужчыну (ён жыў у гэтым жа мікрараёне). П’яны стаяў воддаль і моўчкі глядзеў на мяне. “Па маю душу прыслалі?” – хацеў сказаць яму, але стрымаўся, каб не распальваць новы канфлікт.
Каля свайго дома (хочаце верце, хочаце не верце) сустрэў чарнавалосага – мужчыну Валеру з суседняга пад’езда. “Валера, -- звярнуўся да яго, -- дапамажы памяняць замок у дзвярах”. “Добра, -- кіўнуў галавою Валера. -- Пачакай каля пад’езда. Мне дамоў трэба зайсці”.
Я не стаў чакаць Валеру каля пад’езда. Зайшоў у сваю кватэру і... адразу ж пачуў тэлефонны званок. Падняў тэлефонную трубку і прамовіў: “Ало!” З тэлефоннай трубкі данесліся кароткія гудкі.
“Яны, мае ворагі, правяраюць, ці дома я. Яны непадалёку, неўзабаве з’явяцца тут”, -- падумаў я і, успомніўшы пра Валеру, узяў са стала кухонны нож, схаваў яго пад кашулю, выйшаў з пад’езда і сеў на лаўку, упёршыся спінаю ў сцяну прыбудоўкі для смеццяпровада. “Буду чакаць. Альбо іх, альбо Валеру”, -- вырашыў. Ведаў, што пры Валеры на двары сярод белага дня ніхто не асмеліцца нападаць на мяне.
На дзвярах пад’езда побач вісела аб’ява, у якой паведамлялася, што ў доме некалькі дзён не будзе гарачай вады.
З-за вугла прыбудоўкі, як здань, з’явіўся мажны мужчына сярэдняга ўзросту. “Ён падобны да вайскоўца”, -- адзначыў я пра сябе.
Убачыўшы мяне, мужчына рэзка спыніўся, а потым, схамянуўшыся, падбег да дзвярэй, паглядзеў на аб’яву і вылаяўся: “Зноў гарачай вады не будзе!”
“Навошта табе гарачая вада ў чужым доме? Каго ты тут мыць сабраўся?” – падумаў я і мацней сціснуў ручку нажа. А мужчына (тады ўваходныя дзверы былі звычайныя, драўляныя) рвануў дзверы на сябе і імгненна схаваўся ў пад’ездзе.
“Зараз на двор выскачыш. Там табе цяпер няма чаго рабіць”, -- думаў я, па- ранейшаму седзячы на лаўцы.
Сапраўды, мужчына неўзабаве выскачыў з пад’езда і хутка пакрочыў за вугал прыбудоўкі.
Я ўскочыў з лаўкі і накіраваўся за ім, каб праверыць, хто яшчэ прыехаў па маю душу: не сумняваў, што ён будзе не адзін.
І праўда, на гэты раз ужо я ўбачыў чарнавалосага мужчыну сярэдняга ўзросту (яго сустракаў на адным прадпрыемстве горада Слоніма, а таму адразу пазнаў). Ён спяшаўся, таропка крочыў насустрач нам.
Мужчына з ваеннай выпраўкай махнуў рукою чарнавалосаму: маўляў, уцякай! Чарнавалосы павярнуўся і пабег праз дарогу да суседняга дома. А я ўзышоў на высокі пастамент (ён падыходзіў да сцяны нашага дома, умацоўваючы яго) і ўбачыў легкавушку. У легкавушцы за рулём сядзеў хударлявы мужчына сярэдняга росту ў акулярах. З вышыні пастаменту я нахабна глядзеў на яго і на мужчыну з ваеннай выпраўкай. Той ускочыў у легкавушку, плюхнуўся на пярэдняе сядзенне, і легкавушка ірванула з месца. А на чарнавалосага напаў суседскі сабака, з брэхам прыпусціўся за ім. Чарнавалосы ўскочыў у апошні пад’езд дома. Хвілін праз пяць вылез адтуль і пабег у напрамку вуліцы Шасэйнай.
З хударлявым акулярыкам я потым сустракаўся два разы: першы раз у цэнтры Слоніма, каля кіёска, што размешчаны непадалёку ад скверыка. Заўважыўшы мяне, ён так рвануў, што аж пяткі заблішчалі. Тое ж самае здарылася і тады, калі сустрэў яго ў мікрараёне праспекта Незалежнасці непадалёку ад перакрыжавання, што ў нашым Слоніме мяжуе з вуліцай Тапалёвай.
А я палічыў (так лічу і цяпер), што мне моцна дапамагла малітва добрай бабулі Волькі. Праўда, пасля бабуля Волька мне сказала, што гэта былі іншыя людзі, не тыя, якія з’явіліся ў яе картах. Магчыма, яна мела рацыю (у тыя неспакойныя дні былі яшчэ тры падобныя выпадкі). Магчыма, памылілася. Магчыма, не хацела выклікаць у маёй душы помсту.
4
З удзячнасцю ўспамінаю добрую бабулю Вольку і друкую “Малітву падарожніка”. Спадзяюся, што яна дапаможа камусьці ў нядобрую хвіліну.
Малітва падарожніка
Калі апосталы Твае, Ісусе Хрысце, былі на моры падчас навальніцы, Ты прйшоў да іх, кажучы: “Ня бойцеся!” І бура прыціхла, і Ты спакойна прывёў іх да берагу.
Так, Госпадзе, і мяне ахоўвай падчас майго падарожжа; будзь мне памочнікам і вартаўніком прад усякай небяспекай; памагай мне ў цяжкасцях і ахоўвай ад усякага ліха, што можа мяне спаткаць.
Аддаю сябе пад Тваю ахову, і Ты давядзі мяне да шчаслівага канца ў маім падарожжы.
На Тваю дапамогу я спадзяюся і ўвесь час вочы мае будуць да Цябе звернены. У часе небяспекі ратуй мяне й давядзі да спакойнага месца майго прабывання.
[1, с. 62]
Спіс выкарыстанай літаратуры
1. Праваслаўны малітоўнік /Другое выданне папраўленае й дапоўненае : Кансысторыя Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. – Таронта, Канада, 1990. – 164 с.
Дабраславіў на выданне 16 лютага году Божага 1966 Архіяпіскап Васіль. Перад усімі заслужыліся: Яго Прасвячэнства Архіяпіскап Ньюёрскі й Віленскі Васіль. Яго Прападобнасць Архімандрыт Таронцкі й Тураўскі Мікалай. Яго Прападобнасць Пратаярэй Мітрат Сцяпан Вайтэнка