Поиск по этому блогу

Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма: Аднародныя і неаднародныя азначэнні, іх адрозненне

 

Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма: Аднародныя і неаднародныя азначэнні, іх адрозненне

 

Што трэба ведаць пра аднародныя і неаднародныя азначэнні?

 

Азначэнне – гэта даданы член сказа, які абазначае прымету прадмета і адказвае на пытанні я к і?, к а т о р ы?, ч ы й?

 

Як іх распазнаць?

 

У неаднародных азначэннях звычайна адно з іх выражаецца якасным прыметнікам, а другое -- адносным.

Цёплае летняе сонца. Цёплае -- якасны прыметнік, летняе -- адносны.

Праца са сказам.

Вызначце азначэнні ў сказе. Якімі прыметнікамі яны выражаюцца? Дакажыце, што яны дапасаваныя.

Наступіла халодная зімовая ноч.

Для даведкі (напісана на картцы):  якасныя прыметнікі абазначаюць якасць прадмета, якая можа выяўляцца ў большай ці меншай ступені: высокая (гара) – вышэйшая  (гара) -- самая высокая (гара); адносныя прыметнікі абазначаюць такую прымету прадмета, якая паказвае на яго адносіны да іншага прадмета (гэта могуць быць адносіны да матэрыялу, з якога зроблены прадмет (залаты гадзіннік), да месца яго знаходжання (цэнтральная плошча), часу існавання (майская кветка), да нейкага дзеяння (лічыльная машына).

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Аднародныя азначэнні аднолькава адносяцца да паяснёнага слова. У такім выпадку яны вымаўляюцца з інтанацыяй пералічэння і паміж імі можна паставіць злучнік і: Лес быў густы, непраходны.

Неаднародныя азначэнні адносяцца да паяснёнага слова па-рознаму: непасрэдна да назоўніка адносіцца толькі першае, бліжэйшае з іх. А другое азначэнне адносіцца да ўсяго словазлучэння "назоўнік + першае азначэнне".  У гэтым выпадку азначэнні вымаўляюцца без інтанацыі пералічэння, паміж імі няма паўзы, лагічны націск падае на паяснёнае слова. Паміж імі нельга ўставіць злучнік і: Мой тата пабудаваў вялікую драўляную хату.

Выкананне практыкавання.

Выпішыце словазлучэнні з неаднароднымі азначэннямі.

1. Белыя лёгкія хмаркі павольна плылі нада мною. 2. Чырвоная, імклівая маланка змяёю пранеслася па небе. 3. Дзеці сабраліся ў невялікім, утульным пакоі. 4. Крутая пясчаная дарога вяла ўгору.

Назавіце прыметнік, да якога можны прымяніць наступнае выказванне:  

          Вёсны -- вясна!..

                                                                Пасля мяккай зычнай напішам я:

                                                                У першым складзе перад націскам яна.

                                                                                                                            (Пясчаная.)

Назіранне за словам.

Прачытайце з патрэбнай інтанацыяй і правядзіце даследаванне: а) знайдзіце ў сказах азначэнні; б) вызначце, якія з іх вымаўляюцца з інтанацыяй пералічэння, а якія -- не; в) вызначце, паміж якімі азначэннямі можна паставіць злучнік і; г) вызначце, якія яны: якасныя ці адносныя.

1. Вясною, як пачынаў ажываць свет, выбілася з зямлі тоненькая маленькая хвойка. І ўсё ёй здавалася цікавым.

Аб чым спяваў жаваранак, снуючы высока ў паветры над густым зялёным лесам? Маладая цікаўная хвойка была ўся захоплена гэтай песняй. Ёй хацелася пабачыць здатнага, вясёлага песняра. Яна падымала сваю галоўку так, што шапачка яе скінулася і невялікія, зялёныя іголкі разышліся, пачалі раскрывацца, як бы смяяліся, пачуўшы такую цудоўную песню. Прыбегшы з узгорка, ціхі веснавы ветрык не мог утрымацца, каб не пацалаваць маладую, прыгожую ёлку. А яна ад радасці задрыжала ўся (Якуб Колас).

Назавіце прыметнік, ад якога нельга ўтварыць формы ступеней параўнання. (Веснавы.)

Карысна ведаць.

У 1596 годзе беларус Лаўрэнцій Зізаній выдаў  "Граматыку" для народа з дадаткам "Лексіс" (слоўнік), у якім на старажытнай беларускай мове растлумачыў значэнне многіх  царкоўнаславянскіх слоў. У “Лексісе” можна знайсці шмат слоў жывой сучаснай мовы беларусаў.

Назавіце азначэнні ў першым сказе. Якія яны: аднародныя ці неаднародныя?

Пагартаем "Лексіс" Лаўрэнція Зізанія.

Неизречённыи -- невымоўны.

Выкарыстаўшы слова "невымоўны", складзіце і запішыце сказ з аднароднымі ці неаднароднымі азначэннямі. (Невымоўныя, балючыя словы каменем застылі на душы дзяўчыны.) Зрабіце сінтаксічны разбор гэтага сказа.

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма напішыце прыгожае беларускае слова “азначэнне” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

У гасцях у тлумачальнага слоўніка.

Выкарыстаўшы ўзор, прачытайце і запішыце слоўнікавы артыкул да слова "фарватэр". (Водны шлях, па якім могуць свабодна праходзіць судны.)

Узор. Дзеяч, -а, м. Асоба, што праявіла сябе ў якой-небудзь галіне дзейнасці. Вядомы дзеяч.

Выкарыстаўшы слова "фарватэр", пабудуйце і запішыце сказ з аднародным ці неаднародным азначэннем. (Мае аднавяскоўцы агарадзілі фарватэр сігнальнымі вехамі.)

              [1, стар. 340, 103,“Тлумачальны слоўнік”]

Акцэнталагічная хвілінка.

Пастаўце націскі ў словах і прачытайце іх.

Фарватэр, гліняны, каменны, удалы, пераводны, прэміраваны.

Адказ. Фарватэр, гліняны, каменны, удалы, пераводны, прэміраваны.

Падбярыце сінонім да слова "фарватэр". (Шлях.)

Падбярыце аднакаранёвае слова да назоўніка "фарватэр". Выдзеліце ў іх корань. (Фарватэрны.)

Пры напісанні слова "фарватэр" у якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна? Чаму?

Падбярыце рускі адпаведнік да слова "фарватэр". (Фарватер.) Параўнайце гучанне і напісанне.

Пабудуйце словазлучэнне са словам "фарватэр". (Шырокі фарватэр.)

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Азначэнні, з дапамогай якіх ствараюць партрэт, могуць характарызаваць чалавека з розных бакоў, аднак гэтыя азначэнні ўсё роўна лічацца аднароднымі і раздзяляюцца коскамі, таму што ствараецца адно яркае агульнае ўражанне, напрыклад: Нас сустрэла стройная, блакітнавокая дзяўчына. Прыгожыя, яркія ўзоры ўбачылі мы на малюнку.

Праца з вучэбным дапаможнікам.

У вучэбным дапаможніку прачытайце лінгвістычны матэрыял аб тым, якія азначэнні заўсёды з'яўляюцца аднароднымі.

Перакладчыкі.

Запішыце афарызмы па-беларуску. Пастаўце прапушчаныя знакі прыпынку. Зрабіце сінтаксічны разбор аднаго-двух сказаў.

Пусть сограждане мои будут здоровыми(,) счастливыми и живут в безопасности (Гарацый).

Таков порок, присущий нашей природе: вещи невидимые(,) скрытые и непознанные порождают в нас и большую веру и сильнейший страх (Цэзар).

Истребительная губительная война (Публілій Сір).

Порядочный (честный(,) добрый) человек всегда простак (так как его легко провести) (Цыцэрон).

Словы для даведкі: сограждане -- суграмадзяне, порок -- загана, недахоп, присущий -- уласцівы, губительный -- знішчальны, порядочный -- прыстойны, простак -- прасцяк, провести -- ашукаць.

Самастойная праца.

Дапоўніце словазлучэнні аднароднымі і неаднароднымі азначэннямі.

Узор. Кучаравыя валасы – чорныя кучаравыя валасы. Утульны парк – вялікі, утульны парк.

Густы лес -- (бярозавы) густы лес, светлае неба -- (высокае) светлае неба, цагляны будынак -- (прыгожы) цагляны будынак, лугавыя кветкі -- (духмяныя) лугавыя кветкі.

Густы куст -- высокі, (густы) куст, вялікі сабака -- злосны, (вялікі) сабака, здольны музыкант -- малады, (здольны) музыкант.

Праца са сказам.

Запішыце сказ. Вызначце, ці з'яўляюцца азначэнні аднароднымі. Для гэтага выберыце патрэбнае тлумачэнне.

Заўсёды аднародныя:

1) азначэнні, адно з якіх выражана прыметнікам, а другое -- дзеепрыметнікам;

2) дапасаваныя азначэнні, якія стаяць пасля азначаемага слова;

3) мастацкія азначэнні-эпітэты.

Сад здзічэлы, зарослы крапівою цягнуўся за невялікай, пахіленай хаткай.

Тэст.

Адзначце сказы, у якіх знакі прыпынку пастаўлены правільна.

1. Густая, высокая асака расла каля берага ракі.

2. Першыя, дажджавыя кроплі ўпалі на зямлю.

3. Родная, знаёмая сцяжынка неўзабаве прывяла Міхася да бацькоўскай хаты.

4. Халодны, асенні вецер пранізваў да касцей.

5. Вялікія, цяжкія хмары апускаліся ўсё ніжэй.

Адказы. Сказы, у якіх знакі прыпынку пастаўлены правільна: 1, 3, 5.

5. Падвядзенне вынікаў урока.

Н а с т а ў н і к. Вы сёння добра папрацавалі. Успомніце, які матэрыял засвоілі. (Вывучылі аднародныя і неаднародныя азначэнні, вучыліся размяжоўваць іх і аддзяляць аднародныя азначэнні коскай.)

 

Выкарыстаная літаратура

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.