Аляксей
Якімовіч
ВУСЕНЬ
фантастычна-містычнае апавяданне
1
На вуліцы пад векавой разложыстай ліпай ляжаў Вусень. Ён
быў тоўсты, бардова-чырвоны, з шырокай чорнай паласой на спіне.
У гэты дзень вясенняе сонца свяціла па-летняму і,
падняўшыся ў зеніт, стала прыпякаць.
Вусень прыўзняў круглую тлустую галаву і прыжмуранымі
вочкамі паглядзеў на ліпу, дзе яшчэ зусім нядаўна сядзеў, учапіўшыся касматымі
лапкамі за пахучы клейкі зялёненькі лісток. Трэба добра пастарацца, каб па
шурпатай кары на дрэва запаўзці, ад пякучага сонца схавацца.
Вусень апусціў галаву, выцягнуўся і папоўз, праклінаючы
бязлітасныя промні.
2
Весела гамонячы, з хаты выйшлі браты-блізнюкі Косцік і
Алег. Яны селі на лаўку, што стаяла пад векавой разложыстай ліпай, каб у цяньку
пачакаць аднакласніцу Валю, якая паабяцала ім прынесці касету з новымі запісамі
знакамітага спевака.
-- Алег, глянь, які агідны чарвяк ляжыць! – усклікнуў
Косцік і тыцнуў пальцам, паказаўшы на вялікага бардова-чырвонага Вусеня з
шырокай чорнай паласой на спіне.
Вусень перастаў паўзці, застыў, як сухі сучок на галінцы.
Жывучы на ліпе, ён не раз і не два застываў вось так, прытварыўшыся сучком,
калі побач садзілася якая-небудзь птушка, хоць і ведаў, што яна не адважыцца
крануць яго, такога тоўстага, яркага, валасатага. Птушкі звычайна яго абміналі,
але сёння яму не пашанцавала. Старая шэрая варона, мабыць, проста так, дзеля
пацехі, дзеўбанула па спіне і скінула з абжытай утульнай ліпы.
“Чарвяком мяне абзываеш, а я Вусень. Я не агідны, я сваім
дзеткам вельмі даспадобы,” – падумаў Вусень, цікуючы за хлопцамі. Ён іх ведаў,
часта пазіраў на іх з ліпы.
Алег устаў з лаўкі і падняў нагу, абутую ў цяжкі чаравік.
-- Зараз раздушу яго. Няхай не аб'ядае нашу ліпу.
Вусень сцяўся, напружыўся. Вунь што задумаў гэты
хударлявы цёмнавалосы хлопец! Са свету хоча звесці, знішчыць, як звычайнага
чарвяка. Не, ён не паддасца яму, да апошняга будзе бараніцца.
-- Душы. Няхай не мазоліць нам вочы, – падахвоціў брата
круглатвары Косцік.
Алег апусціў нагу і рабрыстай падэшвай прыціснуў Вусеня,
імкнучыся расцерці, змяшаць з зямлёю. Штосьці гучна трэснула, быццам сухі сучок
на дрэве паламалі.
-- Ён трэснуў? -- запытаўся Косцік і скрывіўся.
Алег ступіў уперад, закульгаў.
-- Ён цэлы, жывы! У маёй назе штосьці трэснула. Мабыць,
мышца.
Вусень ляжаў, скруціўшыся, не варушыўся. Калі Алег
наступіў чаравікам, у яго пацямнела ўваччу, дыханне заняло, але трывалы панцыр
не трэснуў, не лопнуў, не разарваўся. Можна перадыхнуць, пакуль людзі не
прыдумаюць, як перамагчы яго. Яны ўпартыя, проста так не адступяцца.
-- Я яго зараз кіем прапару! – са злосцю прагаварыў
Косцік і, ускочыўшы з лаўкі, падняў з зямлі невялікі кіёчак.
-- Кіем ты яго не прапораш. Ён цвёрды, як камень, --
сказаў Алег і адышоўся ўбок.
-- Пабачыш, што прапару, -- ухмыльнуўся Косцік. Ягоныя
вочы прыжмурыліся і сталі падобныя на дзве замёрзлыя кропелькі.
Вусень адчуў, як рэзкі, пякучы боль працяў усё цела, ад
галавы да хваста, але ён і на гэты раз не паддаўся, не разамкнуў сваё касцяное
кольца.
-- Прапароў? – бы здалёку, данёсся да Вусеня голас Алега.
-- Не, -- адказаў Косцік. – Супраціўляецца, моцна хоча
жыць. Хадзем у гараж, з каністры ў бутэльку бензіну нальем і падпалім яго, --
прапанаваў Алег.
3
Косцік і Алег накіраваліся ў гараж. Вусень расплюшчыў
вочы і ўбачыў над сабою Чорнага Чалавека сярэдніх гадоў. У яго былі чорныя
вусы, чорная барада, чорныя ўскудлачаныя валасы на галаве.
-- Маладыя абібокі цябе хочуць спаліць! – як да роўні,
звярнуўся Чорны Чалавек да Вусеня. – Хутка ты пырснеш і разляцішся, быццам
старая порхаўка. Ну, не адчайвайся, не бядуй, пагавары крыху са мною.
-- Яны кажуць, што я ліпу аб'ем, -- неспадзявана для
самога сябе прагаварыў Вусень як чалавек і ад такой неспадзеўкі страсянуўся,
замаўчаў на імгненне, а затым перавёў дух і зноў стаў казаць як па-пісанаму,
адчуўшы новую сілу ў сабе: -- Мы, Вусені, шмат гадоў жывём на ліпе. Яна як
стаяла, так і стаіць, не прапала. А людзі...
-- Не табе судзіць людзей. Запомні, што скажу. Я табе даў
мову, неўзабаве дам сілу і спрыт яшчаркі, каб ты крыху пагуляў з людзьмі, сам
пацешыўся і мяне пацешыў. Ды не пераходзь тую мяжу, якая аддзяляе цябе ад
нас, людзей. Зразумеў? – прамовіў Чорны
Чалавек і крануў рукою чорную скураную сумку з газетамі, якая вісела ў яго на
плячы.
-- Ты новы вясковы паштальён? – не вытрываў, пацікавіўся
Вусень.
Чорны Чалавек нядобра ўсміхнуўся.
-- Я вядзьмак!
-- А сумку паштальёна для маскіроўкі носіш?
-- Так, -- кіўнуў галавою Чорны Чалавек і, дастаўшы з
сумкі вялікі сіні канверт і чорную шкатулку, двума пальцамі ўзяў Вусеня. – Лезь
у шкатулку, пасядзі ў ёй.
Вусеню зусім не хацелася лезці ў гэтую цесную скрыначку.
Ён закруціўся, затрапятаўся і прапішчаў:
-- Не! Не палезу!
Не зважаючы на піск, Чорны Чалавек запхнуў яго ў
шкатулку, зачыніў яе і паклаў ў сіні канверт.
“Ён не лепшы за Косціка і Алега. Ён з мяне сёння ўволю
наздзекуецца,” – падумаў Вусень, лежачы ў цемнаце.
4
Выйшаўшы з гаража, Косцік і Алег убачылі на падворку
Чорнага Чалавека з сумкай паштальёна на плячы.
-- Добры дзень вам, маладыя людзі, -- прыязна
ўсміхнуўшыся, прывітаўся Чорны Чалавек.
-- Добры дзень, -- уразнабой адказалі хлопцы і
насупіліся, тым самым паказаўшы, што не жадаюць заводзіць гаворку з незнаёмцам.
-- Я ваш новы паштальён, -- як нічога ніякага
адрэкамендаваўся той і дастаў з сумкі тоўсты сіні канверт. – Вам бандэроль
прыйшла. Вазьміце і распішыцеся, калі ласка.
Косцік выцягнуў шыю і заморгаў вачыма.
-- Ад каго?
-- Не ведаю, -- паціснуў плячыма Чорны Чалавек. –
Зваротнага адраса на бандэролі няма. Толькі ваш напісаны.
-- А што ў ёй? – пацікавіўся Алег і ад нецярпення засоп
носам.
-- Здаецца, нейкая шкатулка.
Чорны Чалавек
працягнуў Алегу канверт.
Алег абедзвюма рукамі ўзяў яго, памацаў пальцамі і
прагаварыў з недаўменнем:
-- Сапраўды, шкатулка!
-- Распішыцеся, -- напомніў Чорны Чалавек.
5
Хлопцы сядзелі ў хаце за сталом. На белай настольніцы
ляжаў нераспячатаны сіні канверт.
-- Недаспадобы мне гэтая бандэроль, -- у задуменні
прамовіў Косцік.
-- Думаеш, бомба-сюрпрыз у ёй ляжыць? -- нявесела
пажартаваў Алег.
-- У наш час хапае сюрпрызаў. На кожным кроку яны цябе
падпільноўваюць, -- Косцік уздыхнуў, узяў канверт і паднёс да вуха,
прыслухоўваючыся. Шчокі і вушы ў яго пачырванелі. – Алежак! Там штосьці жывое
поўзае, шасціць!
Алег пацепнуў плячыма. Хто ж ім прыслаў такую дзіўную
бандэроль? Чаму менавіта іх выбраў?
-- Братка, што будзем рабіць? – запытаўся Косцік. Ён не
любіў рызыкаваць, прытрымліваўся вядомага правіла: сем раз адмерай, а адзін раз
адрэж.
Алег нахмурыўся.
-- Яшчэ раз паслухай. Можа, не шасціць? Можа, здалося
табе?
Косцік зноў паднёс да вуха канверт і наморшчыў лоб.
-- Не шасціць? – не сцярпеў Алег.
Косцік закруціў галавою.
-- Не. Магчыма, сапраўды тады здалося мне.
-- Канешне, здалося. Адкрывай! – пажвавеў Алег.
6
Вусень чуў размову хлопцаў. Ён замёр, затаіўся, каб не
адзіным гукам не выдаць сябе. У шкатулцы няўтульна, душна, хочацца выбрацца на
волю, убачыць сонца, надыхацца церпкім вясеннім паветрам! А Косцік і Алег
марудзяць, баяцца адкрыць шкатулку.
Па целе Вусеня прабеглі дрыжыкі. Яго стала калаціць, як,
бывае, калоціць чалавека ў час вялікага нервовага напружання. І ў гэты момант
пачуўся трэск паперы.
Вусень зразумеў, што браты, пераадолеўшы страх і
нерашучасць, адкрываюць бандэроль. Яму
хацелася заплакаць ад радасці. Але ён не ўмеў плакаць. Чорны Чалавек яго
гэтаму не навучыў.
7
Косцік адчыніў чорную шкатулку і ўбачыў у ёй
бардова-чырвонага валасатага Вусеня, падобнага на таго, што не так даўно ляжаў
пад ліпай.
-- Такі ж самы! – вырвалася ў яго.
-- Вусень? – усклікнуў Алег і папярхнуўся, закашляўся. На
ягоных шчоках выступілі белыя, быццам намаляваныя, плямы.
-- Апчхі! – гучна чхнуў Вусень і, выскачыўшы са шкатулкі,
знік з вачэй.
-- Алежак, ты чуў, як ён чхнуў? – прагаварыў Косцік і
ўсміхнуўся, як дзівак.
Алег моўчкі кіўнуў галавою.
-- А бачыў, як са шкатулкі выскачыў? Быццам ветрам адтуль
яго здзьмула. Братка, ён не падобны на звычайнага вусеня. Звычайныя вусені
марудна поўзаюць. А гэты як чорт.
Алег выцягнуў руку, паказаўшы на чорную шкатулку.
-- Выкінь! Яна загавораная, бяду прыносіць!
Косцік схапіў са стала шкатулку, падбег да акна, насцеж
адчыніў яго і, размахнуўшыся, шпурнуў на вуліцу ведзьмакоў падаруначак.
-- Ну й ну! – прамовіў Алег і апусціўся на канапу, што
стаяла пры сцяне.
8
Уцёкшы са шкатулкі, Вусень схаваўся за канапай. Спачатку
ён хацеў праціснуцца ў якую-небудзь шчылінку і выбрацца на двор, уцячы з хаты,
але перадумаў, паназіраўшы за хлопцамі. Яны яго баяцца, са страху шкатулку
выкінулі, не пашкадавалі. А не так даўно вунь якія смелыя былі: здзекаваліся,
кіем паролі, збіраліся спаліць. Цяпер з іх трэба паздзекавацца, адпомсціць.
Вусень разявіў роцік, выскаліў вострыя зубкі, якія раптам
з'явіліся ў яго, залез на канапу, а потым Алегу на плячо. Ён не баяўся Алега.
Чорны Чалавек даў яму не толькі мову, хуткасць і спрыт, але і нахабнасць.
9
Першым Вусеня заўважыў Косцік.
-- Братка, гэты чарвяк на плячо табе залез! – закрычаў ён
і задам адступіў да стала, прыціснуўшыся да яго. Стол жаласна зарыпеў і
скрануўся з месца, пасунуўся па падлозе.
Алег павярнуў галаву і ўсклікнуў, як дзіцё, якое не ўмее
словамі выказаць сваю скаргу:
-- У-у-у!.. У-у-у!..
-- Ха-ха-ха... – зарагатаў Вусень, саскочыўшы на падлогу.
Алег усхапіўся і кінуўся на двор. Косцік рвануўся за ім.
10
Дзесяцікласніца Валя таропка крочыла па вуліцы. Сёння яна
паабяцала сваім аднакласнікам Алегу і Косціку, што прынясе касету з новымі
запісамі знакамітага спевака. Хлопцы, напэўна, з нецярпеннем чакаюць яе.
Вось і іх хата з зялёным шчытом. Насупраць хаты пад
векавой разложыстай ліпай ляжала прыгожая чорная шкатулка.
Валя спынілася, падняла шкатулку і пакруціла ў руках,
уважліва разглядваючы.
-- Дарагую рэч знайшла! Пашанцавала табе! – неспадзявана
пачуўся побач галасок, падобны на дзіцячы.
Дзяўчына азірнулася, але анікога паблізу не заўважыла.
“Няўжо за хатай нейкі жартаўнік схаваўся і пацяшаецца з мяне?” – падумала яна.
11
Вусень сядзеў у траве і назіраў за Валяй. Ён апярэдзіў
Косціка і Алега: праз адчыненае акно выскачыў на двор і затаіўся пад лаўкай. А
калі Валя падняла чорную шкатулку, то не сцярпеў, сказаў са здзекам:
-- Дарагую рэч знайшла! Пашанцавала табе!
У гэты час з хаты выбеглі Косцік і Алег. Абодва яны былі
расчырванелыя, узбуджаныя.
Валя з недаўменнем глядзела на іх і трымала перад сабою
чорную шкатулку.
-- Кінь шкатулку! У ёй Вусень жыве! – гукнуў Косцік.
Валіны бровы-дужкі папаўзлі ўгору.
-- Які вусень?
-- Я Вусень! Я! – зноў пачуўся побач тонкі галасок,
падобны на дзіцячы.
Валя павярнулася і ўбачыла бардова-чырвонага касматага
Вусеня, які стаяў на лаўцы і выгінаўся, крыўляючыся.
-- Гэта ён з чорнай шкатулкі вылез! – прашаптаў Алег.
Валя выпусціла з рук шкатулку. Яна ўпала на зямлю і
расчынілася.
Алег з сілай стукнуў па ёй абцасам.
-- Што ж ты нарабіў! – абурыўся на лаўцы Вусень. – Я
хацеў жыць у шкатулцы, а ты яе паламаў!
-- На ліпе жыві. Там тваё прыстанішча, -- апраўдваючыся,
запярэчыў Алег.
-- Указчык знайшоўся! – не на жарты разышоўся Вусень. – Я
сам выбіраю, дзе мне жыць! Я! Я!
Да лаўкі няспешна наблізіўся Чорны Чалавек. Ні Валя, ні
Косцік, ні Алег не заўважылі, калі ён падышоў сюды.
-- Чаго ты так раз'якаўся? – звярнуўся ён да Вусеня.
Вусень выскаліў востранькія зубкі.
-- І ты мне не ўказчык!
У руках Чорнага Чалавека бліснула доўгая іголка, падобная
на шыла. Яе сталёвым вастрыём, нібы дзідай, Чорны Чалавек прапароў Вусеня і
падняў угору. Вусень затрапятаўся на іголцы, уздыхнуў у апошні раз як чалавек і
заціх.
-- Казаў табе: ведай меру, мяжу не пераходзь, -- з
дакорам прагаварыў Чорны Чалавек.
“Кар-р!..” – гучна каркнула ў вышыні варона, і з ліпы
ўпаў бардова-чырвоны валасаты Вусень. Алег падняў нагу, намерваючыся наступіць
на яго, але Чорны Чалавек адштурхнуў Алега, прысеў і пальцам асцярожна правёў
па шырокай чорнай паласе на спіне Вусеня. Вочы ў яго заблішчалі, а губы
расплыліся ва ўсмешцы.
Зборнік выдадзены ў
выдавецтве “Беларусь”.
Якімовіч, А. М. Русалка :
фантастычна-містычныя апавяданні /
Аляксей Якімовіч . – Мінск : Беларусь, 2020. – 136 с.