Мае вершы, надрукаваныя ў “Газеце пенсіянера” – 7
Аляксей Якімовіч
Сцяна
Я прыйшоў і спыніўся.
Прада мною – сцяна
З камянёў і дубоў,
Без дзвярэй і акна.
За сцяною – жыццё.
Там красуе вясна.
Ад жыцця аддзяляе
Мяне гэта сцяна.
Там і песня, і мова,
Там і казка дзядоў,
Там у печы на свята
Напякуць пірагоў.
Зубы сцяўшы, за камень
Абамшэлы бяруся.
Я сцярплю, я змагу,
Па сцяне паднімуся.
За сцяною глухою
На травіцу прылягу,
Падпаўзу да крыніцы,
Наталю сваю смагу.
Па сцяжынцы шырокай
Да людзей я пайду,
Пакідаючы ззаду
І адчай, і нуду.
Людзі ўбачаць, прывецяць,
Слёзы вытруць з вачэй.
На сцяну трэба лезці,
Не марудзіць, хутчэй.
У крыві мае пальцы:
Камень востры ў сцяне.
Не пускае, трымае
Сцяна помсты мяне.
Зубы сцяўшы, стаю,
На сцяну гляджу зноў.
Анямела сцяна
З камянёў і дубоў.
2021 год
“Газета пенсіянера”, № 43, кастрычнік 2025 года.
Аляксей Якімовіч
Маміна хусцінка
Халадок
у хату зайшоў.
Коле душу льдзінка.
Яе растапіла
Маміна хусцінка.
Белая хусцінка
З кветкамі чырвонымі.
Мама ўзімку вышывала
Ніткамі шаўковымі.
Заплюшчваю вочы.
Паплыла хусцінка,
Нібы незвычайная,
Лёгкая пярынка.
Як жыццё вясковае,
Плыве, праплывае,
Думкі мітуслівыя
У цішы наганяе.
Праплываюць хата,
Вішня, агародчык.
Мне здалося на хвілінку:
Не стары я, хлопчык.
Іду каля мамы,
Ведаю: не здрадзіць.
А калі стамлюся,
Нешта мне парадзіць.
Над вясковай вуліцай
Сонца шар узыходзіць.
Вясковая вуліца
Многіх у свет выводзіць.
І мяне выводзіла.
Мама адпраўляла.
У хусцінцы белай
На ганачку стаяла.
Маміну хусцінку
Бачу прад сабою.
Хачу дакрануцца
Да яе рукою.
2025 год
“Газета пенсіянера”, № 46, лістапад 2025 года.
Аляксей Якімовіч
Запрасіў
Бусел сена накасіў
І гняздо сабе зрабіў.
А як сонейка зайшло,
Жабу ў госці запрасіў.
Жаба цешыцца, увіхаецца,
Да бусла збіраецца.
Бант з куфэрачка дастала
І на шыю навязала.
Камары павыляталі,
На ўвесь голас закрычалі:
-- Туды ў госці не ідзі,
Лепей дома пасядзі!
Бусел дзюбай моцна б’ецца,
Пазбыткуе, пасмяецца.
Ён прымусіць клякатаць,
Па-буслінаму спяваць.
-- Хачу быць сама сабою, --
Пакруціўшы галавою,
Камарам жаба сказала.
Бант у куфэрачак схавала.
2022 год
“Газета пенсіянера”, № 3, студзень 2026 года.