Поиск по этому блогу

Экспертыза "Праблемы ў дзіцячым садку"

 

Праблемы ў дзіцячым садку

 

Вось што мне прыйшлося пачуць ад маладой жанчыны Ганны.

-- Мой хлопчык не хоча хадзіць у дзіцячы садок. Кожную раніцу плача, сілком адпраўляю яго туды. Размаўляла з выхавацельніцамі. Тыя кажуць, што не трэба хвалявацца, усё наладзіцца.

 

Як Вы, нашы эксперты, ацэньваеце гэту сітуацыю?

Што зрабілі б у дадзеным выпадку?

 

Эксперт Насця.

-- Магчыма, наладзіцца, а, магчыма, і не. Пачуўшы цябе, я адразу адчула, што хвалююся. Ёсць нейкая прычына, трэба яе высветліць, разабрацца, каб твой сын не плакаў, збіраючыся ў садок.

Эксперт Мікіта.

-- Ты не ведаеш, як высветліць, як разабрацца? Без сваркі, без крыку далікатна пагавары з сынам. Ён абавязкова скажа, што трывожыць, што мучыць яго штодзень, чаму садок стаў для яго страшны, ненавісны.

Эксперт Ніна.

-- Можна пагаварыць не толькі з сынам, але і з дзецьмі, якія з тваім хлопчыкам ходзяць у адну групу. Яны хоць і малыя, але назіральныя, бачаць, ведаюць, што адбываецца вакол твайго сына.

Эксперт Дзмітрый.

-- Ёсць такое нядобрае паняцце, як дзедаўшчына. Яна можа быць не толькі ў войску альбо ў школе, але і ў дзіцячым садку. Ужо ў гэты час некаторыя нявыхаваныя дзеці могуць праяўляць агрэсію ў адносінах да іншых. Калі гэта сапраўды так, у прысутнасці тых жа выхавацеляў трэба пагаварыць з імі. Магчыма, не адзін раз. Кантралюй іх паводзіны, Ганна.

 

Эксперт Даша.

-- Проста так нічога не бывае. Дапамажы свайму маленькаму, Ганна. Веру, што разам з ім вы пераадолееце няўпэненасць і страх. Не бойся, не  саромейся. Ты змагаешся не проста за сына, а за сваю здаровую сям’ю, за сваю будучыню. Ужо ў гэтым узросце ствараецца, фарміруецца характар дзіцяці. Адмоўныя эмоцыі, якія перапаўняюць твайго сына, не спрыяюць яму.

А як да гэтай сітуацыі адносіцеся Вы, нашы чытачы?