Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс: правапіс свісцячых і шыпячых зычных

 

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ  

 

Тэма: правапіс свісцячых і шыпячых зычных.

Псіхалагічны настрой.                             

                                                   Стомлены, дажджлівы,

                                                   Прыемны, ружовы --

                                                   Гэта словы нашай мовы.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца? 

 

Успомнім, якія зычныя адносяцца да свісцячых і шыпячых.

Зычныя

свісцячыя [з], [з′], [с], [с′], [дз], [дз′],[ц], [ц′];

шыпячыя[ж], [ш], [дж], [ч].

Ствараем праблемную сітуацыю.

Як пішам: на дудачцы ці на дудаццы?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэтае пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Нагадаем правіла.

Запомніце! Шыпячыя зычныя гукі перад свісцячымі вымаўляюцца як свісцячыя.

Каб не памыліцца ў напісанні, у большасці выпадкаў можна падабраць праверачнае слова з галосным пасля невыразнага зычнага (там, дзе гэта магчыма) [1, стар. 45, “Беларуская мова”].

Возьмем як прыклад словы з шыпячымі зычнымі гукамі [ж], [ч] перад свісцячай зычнай [ц] і падбяром праверачнае слова з галосным пасля невыразнага зычнага (калі гэта магчыма): у лыжцы – лыжачка, у клетачцы – клетачак.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: на дудачцы.

Праца са сказам.       

Складзіце скорагаворку са слоў, запісаўшы словы ў алфавітным парадку.

Вучышся, мыешся, брыешся. (Брыешся, вучышся, мыешся.)          

Растлумачце правапіс выдзеленых літар.

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                  Песняй прывіталі.

                                                  Прыляцелі птушкі ў сад,

                                                  Тату, маму і мяне

                                                  На грушцы селі, заспявалі,

Адказ: 1 – 2, 2 – 4, 3 – 3, 4 – 1.

Знайдзіце ў вершы слова з арфаграмай на вывучанае правіла. Растлумачце яе напісанне.

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя літары ж, ш, ч, потым напішыце беларускае слова “лавачка” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Ствараем праблемную сітуацыю.

Як пішам: зжаць ці жжаць?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэтае пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Звяртаемся да правіла.

Помніце! Свісцячыя зычныя гукі перад шыпячымі вымаўляюцца як шыпячыя.

Каб не памыліцца ў напісанні, у большасці выпадкаў можна падабраць праверачнае слова з галосным пасля невыразнага зычнага (там, дзе гэта магчыма) [1, стар. 45, “Беларуская мова”].

Возьмем як прыклад словы з свісцячымі зычнымі гукамі [с], [з] перад шыпячым [ч] і падбяром праверачнае слова з галосным пасля невыразнага зычнага: падпісчык – падпісацца, возчык – вазіць.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: зжаць.

                  [4, стар. 102, 135, “Беларуская мова”]

Праца са спалучэннямі слоў.                  

Са словам “расчырванецца” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Што вам вядома пра напісанне слова “расчырванецца”?

Для даведкі: твар расчырванеўся – неба расчырванелася.

Назавіце слова.

                                                          Пішам з с

                                                          Сшытак, счапляць,

                                                          Счарнець, счасаць,

                                                           … (Расчараваць).

                                                                   Аляксей Якімовіч.

Растлумачце правапіс выдзеленых галосных літар у словах вершаванага тэксту “сшытак”, “счапляць”, “счарнець”, “счасаць”, “расчараваць”.

Назавіце слова.

                                                          Пішам з ч

                                                          На ручцы, у грэчцы,

                                                          Пры дачцэ, у лямпачцы,

                                                          На … (печцы).

                                                                        Аляксей Якімовіч.

Растлумачце правапіс выдзеленых галосных літар у словах вершаванага тэксту “на ручцы”, “у грэчцы”, “пры дачцэ”, “у лямпачцы”, “на печцы”.

Скорагаворкі.

На рэчцы добра і авечцы (Аляксей Якімовіч).

Перапісчык заняўся касьбой (Аляксей Якімовіч).

Якая арфаграма паўтараецца ў словах скорагаворак?

Сустрэча з фразеалагізмам.

Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які абазначае  “неадчэпна, неадступна, увесь час не даваць спакою (пра думку, ідэю і інш.)”.

                                                           “Вось каб быў у нас пагру..чык!

                                                           Маглі б ра..чысціць, ра..чарціць”, --

                                                           Непакоіць мяне думка,

                                                           … .

Устаўце прапушчаныя літары.

Назавіце ў словах фразеалагізма свісцячыя зычныя.

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: у евалаг, моківц, ьціздя [2, стар. 291, “Фразеалагічны слоўнік”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                   І між марозам і вадою

                                   На гэтай рэча(ч, ц)ы зімою

                                   Такія справы вынікаюць,

                                   Што на(т, д)та Костуся займаюць [3, стар. 150, “Паэмы Я. Коласа”].

Якім словам можна  замяніць прыслоўе “надта”? (Вельмі.)

Адказ на пытанне.        

 Як вымаўляюцца шыпячыя гукі перад свісцячымі, а свісцячыя – перад шыпячымі?

Тэст.

Назавіце словы з шыпячымі зычнымі, якія стаяць перад свісцячымі.

1. Расчоска.

2. У бочцы.

3. Закаляешся.

4. Счышчаць.

5. Вучышся.

6. У кніжцы.

7. Сшываць.

Адказ: 2, 3, 5, 6.

 

Выкарыстаная літаратура

1. Валочка, Г. М. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 5-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання : у 2 ч.  – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2019. – Ч. 2. --  144 с.  

2. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

3. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

4. Красней, В. П., Лаўрэль, Я. М. Беларуская мова : Падруч. для 5-га кл. шк. з беларус. мовай навучання. – 3-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 1992. --  318 с. : іл.    

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, жнівень 2020 года, № 8 (226).