Поиск по этому блогу

Апавяданне "Сатанінскі пакой"

 

                                                                                                     Аляксей Якімовіч

 

САТАНІНСКІ ПАКОЙ

Апавяданне

 

1

Перад гасцініцай Івана Іванавіча сустрэла цыганка.

-- Дай паваражу табе, малады, прыгожы, -- сказала, нібы праспявала, яна.

Іван Іванавіч пстрыкнуў пад ногі слінай, падцягнуў жывоцік і ўзяўся за ручку дзвярэй.

Вострым, бы шпілька, локцем цыганка таўханула яго ў бок.

-- Сёння ты будзеш спаць у сатанінскім пакоі. Запомні гэта.

-- А ідзі ты!.. – вылаяўся Іван Іванавіч і ўвайшоў у невялікі вестыбюль гасцініцы, падобны на вузкі абшарпаны драўляны пенал.

З-за высокай стойкі высунулася сонная вусатая галава адміністратаршы. Яна працягнула Івану Іванавічу жоўты ключ і варухнула чорнымі вусамі, паказаўшы на пакой № 13.

Іван Іванавіч моўчкі ўзяў ключ, заціснуў яго ў далоні, які чамусьці раптам спацеў, і няцвёрдым крокам накіраваўся ў пакой № 13.

2

Стомлены дарогай, Іван Іванавіч, не распранаючыся, заснуў на мулкім металічным ложку. Ды неўзабаве прачнуўся, як яму здалося, ад дотыку мяккай жаночай рукі.

Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў перад сабою чорную каціную лапу з вялікімі загінастымі кіпцюрамі.

Мужчына зяўнуў, як тапелец, і што ёсць сілы страпянуў нагамі. У паветра, нібы падкінуты катапультай, узляцеў чорны, як сажа, кот. Апісаўшы дугу, ён упаў на падлогу і ашчэрыўся, паказаўшы шырокія, быццам долата, клыкі.

-- Гэта ж кот-вампір! – перасмяглымі вуснамі прашаптаў Іван Іванавіч і нагадаў словы цыганкі: “Сёння ты будзеш спаць у сатанінскім пакоі.”

Выгнуўшы спіну, кот-вампір бокам стаў набліжацца да Івана Іванавіча.

Мужчына прабег вачыма па пакоі. Вось каб узяць у рукі што-небудзь важкае і пусціць ім у гэтага нязванага госцейка!

Графін!.. На стале стаіць пажаўцелы шкляны графін з вадою! Вада мутнаватая, быццам з балота, з сажалкі, на паверхні застылі бульбаткі, нагрэтыя сонцам.

Да стала ўсяго два крокі. Трэба ступіць іх, працягнуць руку і ўзяць графін за рыльца, з сілай сціснуўшы.

Іван Іванавіч неўзабаве так і зрабіў бы. Нягнуткімі нагамі, якія быццам закасцянелі, ступіў бы два крокі, схапіў бы са стала графін, з сілай сціснуў бы яго і, падахвоціўшы сябе крыкам, шпурнуў бы ў ката.

Але той як адгадаў ягоныя думкі. Стралою ўзвіўся ў паветра, ускочыў на стол і затуліў сабою графін.

Іван Іванавіч вылаяўся.

Вампір высунуў шурпаты кончык доўгага чырвонага языка і сыкнуў, быццам змяя.

Мурашкі забегалі, спрытна затанцавалі па спіне Івана Іванавіча.

-- Ратуйце! – гукнуў ён, амаль нічога не цямячы.

На калідоры пачуліся цяжкія крокі: туп-туп, туп-туп, туп-туп...

Зразумела, хто тупае: вусатая адміністратарша. Вунь і чорны кот насцярожыўся, азірнуўся.

Іван Іванавіч шмаргануў носам і заплакаў. Ці то ад жалю да самога сябе, ці то ад страху, які, бы іржавымі металічнымі абручамі, сціскаў яго, скоўваў, зрабіўшы вялым, безабаронным.

У дзвярах шчоўкнуў замок. Адзін раз, другі... Праз імгненне цяжкія крокі сталі аддаляцца, заціхаць...

“Вусатая адміністратарша замкнула пакой, каб ніхто не ўвайшоў сюды. Яна з вампірам заадно!” – здагадаўся Іван Іванавіч. На ягонай шчацэ, як каменная, застыла сляза. Ён падняў руку, каб выцерці яе, але кот, як туга напятая спружына, скочыў на яго. Іван Іванавіч паспеў абараніцца, што ёсць сілы даў яму локцем. Вампір упаў пад ногі і драпануў кіпцюром за галёнку. Мужчына ў адчаі штурхнуў яго нагою. Кот праехаўся па падлозе і стукнуўся аб дзверы, мяўкнуўшы ад болю.

Іван Іванавіч адчуў, што па назе цячэ штосьці цёплае, ліпкае. Няўжо кроў?

Так, кроў. Вясёленькай, тоненькай ручаінкай яна пацякла па падлозе. Чорны кот пажвавеў, заварушыўся, падпоўз  да гэтай ручаінкі, высунуў доўгі шурпаты язык і пачаў прагна, дыхаючы цяжка, бы ў гарачыню, лізаць яе.

4

Іван Іванавіч застагнаў. Вампір на нейкае імгненне адарваўся ад зманлівай ручаінкі-калюжынкі, падняў галаву і, бы змяя, нерухомымі вачыма з цікавасцю паглядзеў на свайго пакалечанага госця.

-- Смерд! Смерд! – чамусьці закрычаў на ката Іван Іванавіч, як, напэўна, некалі ўзлаваны расійскі баярын не раз і не два крычаў на свайго раба-прыгоннага. Гэтае даўняе слова ён, Іван Іванавіч, чуў у дзяцінстве, калі хадзіў у школу і, згорбіўшыся над падручнікам гісторыі, сядзеў за школьнай партай. Шмат гадоў мінула, а – на табе! – у цяжкую хвіліну ўсплыло з памяці забытае слоўца.

Кот апусціў галаву і зноў стаў старанна лізаць ліпкую калюжынку.

Кроў усё сцякала па назе. Іван Іванавіч адчуў, што слабее: у яго закружылася галава, застукала ў скронях.

“Зараз зусім аслабею, страчу прытомнасць і ўпаду. Тады гэтая прагная чорная істота да самых костачак мяне абгрызе,” – нявесела падумаў ён і, ступіўшы ўперад, рукою пацягнуў настольніцу. Са звонам упаў на падлогу графін. Кавалкі разбітага шкла разляцеліся па пакоі, а па падлозе расцяклася вада, змяшаўшыся з ліпкай ручаінкай-калюжынкай.

Незадаволены вампір заварушыў вострым кончыкам хваста і выгнуў спіну. Поўсць на ім уздыбілася.

-- Смерд! Смерд! – наганяючы страх на ката і падбадзёрваючы сябе, у другі раз крыкнуў Іван Іванавіч і, разарваўшы настольніцу, спехам перавязаў пакалечаную вампірам нагу. Неспадзявана разетка, што была прымацавана да сцяны ў куце, бліснула агнём і вывалілася, упала на падлогу, а з цёмнай дзіркі высунуўся востры свіны лыч. Ён павярнуўся да Івана Іванавіча і зарохкаў.

  “Гэта ж сам сатана!” – жахнуўся Іван Іванавіч і зірнуў на выпаўшую разетку. Ад яе вужакай цягнуўся электрычны провад, губляючыся дзесьці ў сцяне.

5

Свіны лыч, чысценькі, ружовенькі, быццам толькі што памыты, рохкаў і ўсміхаўся, шчэрачы густыя, як шчотка, зубы, наперадзе якіх выдзяляліся вострыя жоўтыя клыкі.

 “Мяў!” – мяўкнуў кот і, задраўшы акрываўленую пысу, уставіўся на сатану.

Іван Іванавіч пракаўтнуў горкі камяк, які раптам засеў у горле. Дыхаць стала лягчэй. Але што з таго? Сатана нездарма з'явіўся, неўзабаве пакажа сябе.

Небарака прыкусіў губу, каб не заплакаць. Нядаўна ён быў гаспадаром свайго лёсу і сваёй сям'і. Сёння раніцай яго праводзілі ў камандзіроўку жонка Ніна і дзевяцігадовы сын Пятрок. Жонка Ніна паціснула яму руку мяккай пульхнай рукой, а Пятрок гукнуў на развітанне:

-- Татка, дамоў хутчэй прыязджай! Будзем чакаць!

 Іван Іванавіч адчуў, як заныла, запякла драпіна на левай, параненай вампірам назе. Не, ён нізашто не дасца гэтым злыдням, няхай не спадзяюцца яны. Ён будзе змагацца, ён вернецца да Ніны, да Петрака.

-- Пра жыццё думаеш, разважаеш? – мякка, лісліва прагаварыў сатана.

Іван Іванавіч апусціў галаву. Ён вырашыў не ўступаць у гаворку з нячысцікам, не ісці з ім на кантакт, адразу ж паказаць свой характар, незалежнасць.

 Свіны лыч ухмыльнуўся, а кот высунуў кіпцюры на лапах і затупацеў па падлозе. Пакой страсянуўся, загудзеў і паплыў, як плыве палуба карабля ў час шторму. У Івана Іванавіча заняло ў вушах. Яму здалося, што вялікае драўлянае кола, абабітае металічным вобадам, няўмольна коціцца на яго.

-- Стань маньякам, чалавеча! Ты чуеш мяне? – рэзнуў па вушах голас сатаны.

У пакоі стала ціха-ціха. Ён перастаў трэсціся і плыць.

З-пад стала выпаўзла вялікая тлустая зеленаватая муха.

“Ж-ж-ж, ж-ж-ж...” – гучна загудзела яна і, узляцеўшы, закружылася над сталом.

“Як і вампір, яна таксама маю кроў піла пад сталом з калюжынкі,” – падумаў Іван Іванавіч і з жахам правёў вачыма гэтае тлустае стварэнне.

Пакружыўшыся, муха села на падаконнік, зусім блізенька ад свінога лыча.

6

-- Да цябе ніяк не даходзіць, не чуеш! -- прамовіў сатана, напомніўшы Івану Іванавічу, кім ён павінен стаць.

"Мяў" -- з пагрозай мяўкнуў кот і выгнуў хвост. Ён у яго стаў падобны на вялікага чорнага чарвяка.

-- Я выйду на вуліцу і буду забіваць людзей? Так? – хрыплым, перарывістым голасам прагаварыў Іван Іванавіч.

Сатана прасвідраваў яго пукатымі каламутнымі вачыма.

-- Так.

-- І старых?

-- Так.

-- І жанчын?

-- Так.

-- І... І... – Іван Іванавіч піскнуў, бы пацук, і глянуў у акно. Там, за акном, невялікі квадратны дворык, за дворыкам, канешне, гулкая вуліца, якая поўніцца жыццём, людзі ідуць, спяшаюцца, і ніхто не ведае, не здагадваецца, што робіцца ў шэрым паўзмрочным пакойчыку гасцініцы.

 “Ж-ж-ж, ж-ж-ж...” – аднатонна загудзела муха і павольна, перавальваючыся, папаўзла па шкле, пакрытым, як рабаціннем, маленькімі тлустымі плямкамі.

-- Ха-ха-ха-ха! -- зарагатаў сатана. Ягоны смех быў жорсткі, грубы, патрабавальны. – Баішся, чалавеча, рашэнне цяжка прыняць! А ты спачатку забі муху. Забі яе! Забі! Я дазваляю.

Іван Іванавіч з надзеяй паглядзеў на сатану.

-- І тады ты адпусціш мяне, не будзеш пры сабе трымаць?

Свіны лыч, было відаць, палагаднеў, павесялеў.

-- Канешне, адпушчу. Мы ж з табой дамовіліся, чалавеча.

Іван Іванавіч напружыўся, сцяў кулакі. Ён заб'е муху, абавязкова зробіць гэта. Але спачатку крыху патаргуецца з сатаной.

-- Я падыду, а яна ўзнімецца і паляціць, уцячэ ад мяне.

Свіны лыч выцягнуў губы (у імгненне вока яны сталі ў яго незвычайна вялікія, тоўстыя), адкусіў у мухі крыло і старанна стаў яго есці. Яно трашчала, як шкляное.

Пакалечаная муха пакрыўджана загудзела, сарвалася з шыбіны, упала на падаконнік і закруцілася, як ваўчок, імкнучыся суцішыць свой боль, уцячы ад яго.

Іван Іванавіч нагнуўся, падняў кавалак шкла ад разбітага графіна і сціснуў яго. З параненых пальцаў пацякла кроў, але Іван Іванавіч не адчуў болю.

-- Я яе шклом прапару. Можна?

-- Можна!

Адчуўшы пах свежай крыві, заварушыўся, з нецярпеннем замахаў кончыкам хваста чорны кот. Свіны лыч стрэльнуў на яго пукатымі вачыма, і вампір адразу ж супакоіўся, застыў, бы надмагільны помнічак.

Іван Іванавіч падняў руку з заціснутым між пальцамі шклом, якое пачырванела ад крыві, і рушыў да акна.

Зялёная муха нечакана лопнула, як, бывае, лопае сухая порхаўка, калі неасцярожна наступіш на яе. Угору падняўся, паплыў смярдзючы дымок, і ў гэтым дымку з'явіўся Пятрок, белагаловы, кірпаты, чамусьці аднарукі.

-    Сыночак, чаму ў цябе адна рука? Дзе другая? – вырвалася ў Івана Іванавіча.

7

Пятрок маўчаў. Твар у яго быў сумны, зняможаны і жоўты, як разбіты графін.

-- Сынок! – паўтарыў Іван Іванавіч і левай рукой пагладзіў Петрака па галаве. Правая, з чырвоным шкельцам, была ў яго ўзнята.

Пятрок маўчаў, бы нямы.

-- Бі шкельцам! – загадаў сатана.

Іван Іванавіч закруціў галавою.

-- Я яго бацька! Бацька я!.. Калі б у цябе былі свае дзеці, ты зразумеў бы мяне...

-- Бі! Ён муха!

Іван Іванавіч адхіснуўся, быццам яго па шчацэ знячэўку балюча выцялі. Гэты Пятрок, выходзіць, не сапраўдны Пятрок, а муха, якая дзякуючы магічнай сіле сатаны набыла выгляд чалавека. Няўжо гэта так? Чаму ж тады так неспакойна, балюча на душы?

-- Божа! Пакінь мне мой розум, не дай мне звар'яцець! – прашаптаў Іван Іванавіч.

Свіны лыч незадаволена рохкнуў.

-- Забі муху! Муху!.. Чалавеча, вакол цябе мухі поўзаюць, лятаюць, кусаюць, прагнуць з'есці... Шмат іх... Чалавеча!..

Іван Іванавіч шкельцам змахнуў са шчакі закамянелую слязінку. На шчацэ, як Божы знак, засталася чырвоная плямінка.

-- Гы-ы-ы!.. – як бегемот, прагудзеў сатана. Угору зноў падняўся смярдзючы дымок. Аднарукі Пятрок знік у ім, нібы растварыўся.

“Дымок-туман і мяне схавае ад пільнага позірку сатаны,” – падумаў Іван Іванавіч і, выпусціўшы шкельца, рвануў на сябе раму і праз адчыненае акно выскачыў на двор.

8

Іван Іванавіч забег за рог гасцініцы і ўбачыў перад сабою вялікую металічную скрыню-сметніцу. З-за яе выйшла знаёмая цыганка. У яе чорных, як цёмная ноч, вачах Іван Іванавіч убачыў страх, якія яна старалася схаваць за ўхмылкай, што застыла на пульхных вішнёвых вуснах.

 “Яна ўсё ведае,” -- здагадаўся Іван Іванавіч і прыбавіў кроку. Зараз ён міне гэтую настырную варажбітку і выйдзе на вуліцу, дзе праз хвіліну згубіцца ў натоўпе.

Цыганка ступіла ўбок, загарадзіўшы яму дарогу.

-- Малады, прыгожы, не хочаш паваражыць – ручку пазалаці.

“Я ўжо не малады. У мяне лысінка на цемечку прабіваецца!” – ледзь не крыкнуў Іван Іванавіч, але стрымаўся, сказаў ціха, як хворы пад кропельніцай:

-- Дай дарогу.

-- Ідзі. Там цябе чакаюць.

-- Хто? – разгубіўся наш нешчаслівец.

-- Ворагі твае.

З вуліцы данёсся непрыемны бас вусатай адміністратаршы:

-- А я кажу, што ён яшчэ не ўцёк! На нашым дворыку ашываецца!

-- Пазалоціш ручку – выручу, схаваю цябе, -- паабяцала цыганка і тоненькім пальчыкам тыцнула Івану Іванавічу ў грудзі.

Мужчына засунуў руку ў кішэню, хуценька выцягнуў адтуль некалькі скамечаных купюр і працягнуў іх дзяўчыне.

-- Бяры! Бяры!

Цыганка схапіла грошы і, схаваўшы іх пад кофту, штурхнула Івана Іванавіча да скрыні.

-- Лезь туды, не марудзь, лезь!

-- У смярдзючае смецце? Нізашто!

-- Вусатую хочаш дачакацца? – прагаварыла цыганка.

Абедзвюма рукамі  Іван Іванавіч ўзяўся за рабрысты край скрыні, падцягнуўся і галавою ўпаў на смецце.

Праз хвіліну ў скрыню залезла цыганка, накінула на Івана Іванавіча нейкія чужыя лахманы. Ён выцягнуўся, як чарвяк на сонцапёку.

“Туп-туп-туп”, -- пачуліся цяжкія крокі вусатай.

9

-- Дажыліся! Ужо і цыганкі па сметніках лазяць, -- падышоўшы да скрыні, з пагардай прамовіла вусатая і плюнула. -- Цьфу!

Іван Іванавіч прыкусіў губу, каб не ўскрыкнуць.

Цяжкія крокі, на шчасце, неўзабаве сталі аддаляцца, нарэшце зусім сціхлі.

Іван Іванавіч паварушыў пакалечанай вампірам нагой. Яна сцерпла, стала бы драўляная.

-- Прыгажунчык! Ты там не заснуў? – засмяялася цыганка. Яна ўжо вылезла са скрыні.

Іван Іванавіч скінуў з сябе лахманы і выбраўся са сметніцы.

-- Цяпер цябе сам сатана спалохаўся б, калі б раптам убачыў! – хіхікнула цыганка.

Мужчына ці не ўпершыню ўважліва, з цікавасцю паглядзеў на яе. Яна была зусім маладая, зялёнае дзяўчо.

-- Як зваць цябе, маладзічка?

-- Марыяй заві, калі жадаеш.

-- Дзевай Марыяй буду зваць, -- у нос, як прастуджаны, прагаварыў Іван Іванавіч і, накульгваючы на здзервянелую нагу, накіраваўся на вуліцу.

-- А мы з табой яшчэ доўга адной вяровачкай будзем звязаныя! – наўздагон яму гукнула Марыя.

10

Іван Іванавіч таропка крочыў па тратуары. Ён спяшаўся на вакзал, каб неадкладна сесці на цягнік, які праз пяць гадзін завязе яго дамоў. Праз пяць гадзін сустрэнецца з Нінай, Петраком, а ў гэты сатанінскі гарадок больш не паедзе.

Праўда, чамадана шкада. У чамадане засталіся рэчы, дакументы. Але галава даражэй і за рэчы, і за дакументы.

Дагнаўшы жанчыну, што ішла ўперадзе, Іван Іванавіч ліпкімі пальцамі дакрануўся да шырокага белага рукава яе лёгкай летняй кофтачкі.

-- Скажыце, калі ласка: я правільна іду на вакзал?

Жанчына з агідай паглядзела на яго і з аглядкай пакрочыла далей.

Іван Іванавіч шмаргануў носам. Толькі цяпер ён заўважыў, што людзі здалёку мінаюць яго, расступаюцца перад ім, як перад нейкім ядавітым гадам.

Як жа даехаць дамоў? У кішэні няма ні капейкі. Усе грошы аддаў цыганцы, не падумаў пра сябе. Без грошай дамоў не заедзеш. Адно застаецца: прасіць, жабраваць.

Іван Іванавіч прытуліўся да шурпатай, нібы паедзенай моллю, сцяны нязграбнага пяціпавярховіка і наставіў перад сабою рукі.

Побач рэзка піскнулі тармазы.

Мужчына падняў галаву і ўбачыў міліцэйскі “Газік”. З яго выйшаў чорны, як сажа, міліцыянер з пагонамі сяржанта на плячах. Твар у міліцыянера быў круглы, нагадваў каціны.

-- Грамадзянін, вы камандзіровачны, з гасцініцы?

-- Я камандзіровачны! Я! – узрадаваўся Іван Іванавіч. Хтосьці патэлефанаваў у міліцыю, паведаміў пра тое, што адбылося ў гасцініцы, няйначай. Магчыма, Марыя пастаралася. Сатану, напэўна, святары з пакоя прагналі.

Сяржант кіўнуў галавою, паказаўшы на адчыненыя дзверцы машыны.

-- Залазьце!

Іван Іванавіч ступіў уперад.

-- У гасцініцу паедзем?

-- У гасцініцу. А куды ж яшчэ! – міліцыянер пхнуў Івана Іванавіча ў “Газік”, зачыніў дзверцы, сеў у кабіну і націснуў на газ.

Іван Іванавіч сядзеў на мяккім сядзенні і ўсміхаўся. Ён адчуваў сябе па-сапраўднаму шчаслівым.

11

У пакоі № 13, як і раней, на падлозе ляжала шкло ад разбітага графіна, чырванаватая калюжынка сабралася каля дзвярэй, а з дзіркі ад разеткі прагна пазіраў свіны лыч. Непадалёку ад яго стаяла расхрыстаная Марыя. Побач з ёю ляжала вялікая куча чырвоных руж. Яны былі вельмі прыгожыя, быццам вытачаныя.

Іван Іванавіч абвёў вачыма пакой.

-- Ката шукаеш? – падаў голас сатана. – Няма ката. Ёсць міліцыянер.

Чорны сяржант прыязна, як добра знаёмаму, усміхнуўся Івану Іванавічу, паказаўшы загінастыя клыкі.

“Вось як у вас тут выходзіць. Вампір спачатку пабыў катом, а затым стаў міліцыянерам. А якую ж ролю Марыі вы адвялі?” – з горкасцю падумаў Іван Іванавіч.

-- Чалавеча, -- звярнуўся да прыезджага сатана, – можа, пагуляем?

Іван Іванавіч застыў, нібы перад электрычным крэслам.

-- У што?

-- У нішто, Іванавіч. Хочаш, ад памяці цябе пазбаўлю?.. Не хочаш, як бачу. Тады Марыі танец прыйдзецца станцаваць.

-- Які танец?

Каля дзвярэй у чырванаватай калюжынцы забілася, загудзела тлустая аднакрылая муха. Міліцыянер-вампір наступіў на яе чорным наглянцаваным чаравікам. Пачуўся шчаўчок, падобны на шчаўчок выключальніка.

-- Які танец? – уздрыгнуўшы, паўтарыў Іван Іванавіч.

Вампір паказаў на чырвоныя ружы.

-- Босай на гэтых ружах. Бачыш, якія вострыя ў іх шыпы?

Іван Іванавіч прамаўчаў. Яму ўсё стала зразумела. Нячысцікі Марыю прывялі сюды для здзеку. Канешне, вампір з нецярпеннем чакае яе танца на калючых ружах. Пах крыві яго вабіць.

-- Дык што выбіраеш, чалавеча: памяць ці бяспамяцтва? – заварушыўся ў дзірцы сатана.

“Не хачу я жыць з гэткай памяццю”, -- вырашыў Іван Іванавіч і сказаў павольна, як вучань, які толькі вучыцца чытаць:

-- Без памяці пакіньце мяне.

-- Іванавіч, -- уступіла ў гаворку Марыя, -- скажы мне: дзеткі ёсць у цябе?

-- Сынок Пятрок у мяне.

-- Во! Во! – падхапіў сатана. – Бяспамятны, ты забудзешся, што Пятрок ёсць у цябе. Пры жывым бацьку сіратой застанецца ён. Памяць ці бяспамяцтва? Га?

-- Ён выбраў танец, -- прагаварыў вампір і аблізнуўся, паглядзеўшы на Марыю.

-- Бывай, Іванавіч, -- сказала цыганка і заплакала.

Іван Іванавіч, як перад развітаннем, абвёў позіркам пакой, спыніўшы свой погляд на разетцы, вывернутай са сцяны. “А яна з провадам, пад напружаннем,” – падумалася яму.

У акно з двара заглянула адміністратарша.

-- Як ваўкоў, абкружылі вы нас! – прашаптаў Іван Іванавіч і, схапіўшы з падлогі разетку, аголенымі металічнымі пласцінкамі прыклаў яе да свінога лыча.

Сатана зароў, затросся, быццам у ліхаманцы. Сінія вогненныя іскры сыпанулі з перакошанага рота.

-- Недаспадобы табе? – усклікнуў Іван Іванавіч.

Сатана выплюнуў з рота сінія вогненныя іскры і знік у дзірцы. Разам з ім, як па камандзе, зніклі вусатая адміністратарша і міліцыянер-вампір.

Іван Іванавіч асунуўся на падлогу. Ногі больш не трымалі яго.

12

У гэтае лета Іван Іванавіч так і не даехаў дамоў. Разам з Марыяй ён застаўся ў сатанінскім гарадку. Людзі часта бачылі іх на вакзале. Лускаючы семачкі, Марыя звычайна сядзела на лаўцы, а Іван Іванавіч стаяў выцягнуўшы рукі і пільна глядзеў удалячынь.

-- Што з ім? – здаралася, пыталіся ў Марыі людзі.

-- Пра сябе стараецца ўспомніць, памяць хоча вярнуць, -- тлумачыла цыганка.

-- А хто ж у яго адабраў яе?

-- Сатана! – казала маладзіца.

Людзі клалі ў далоні Івана Іванавіча грошы і хуценька адыходзіліся.

 

Змешчана ў кнізе “Русалка”, выпушчанай у выдавецтве “Беларусь”.

Якімовіч, А. М. Русалка : фантастычна-містычныя апавяданні  / Аляксей Якімовіч . – Мінск : Беларусь, 2020. – 136 с.