Аляксей Якімовіч
Белая варона
Мастацкая
гіпотэза
Дождж ішоў амаль усю ноч. Над вёскай бухала, грымела,
чырвона-аранжавыя маланкі на няроўныя палоскі разрывалі неба, спускаліся да
самай зямлі. Толькі раніцай адышла, супакоілася навальніца.
Не дае спаць
навальніца,
Калі ноччу
разыдзецца.
Вецер свішча,
пярун лупіць,
Без канца
дождж з неба льецца.
-- Сёння перад людзьмі будзеш гаварыць? – пацікавілася ў
Сцяпана яго жонка Таклюся.
Сцяпан прыгладзіў на галаве непадатлівы віхор.
-- Буду!
-- Думаеш, што
паслухаюцца цябе людзі?
Сцяпан паціснуў плячыма. У самым пачатку вёскі сярод
вуліцы ўтварылася гразкая яміна. Пасля дажджу яна заўсёды запаўняецца вадой.
Цягнучы вазы, коні месяць капытамі клейкую гразь.
Сёння ён, Сцяпан, прапануе людзям засыпаць яміну.
Невядома, ці паслухаюцца яны яго. Даўно ўтварылася яна. Вяскоўцы прывыклі да яе, як прывыкае
чалавек да крапівы, якая расце за плотам.
-- Не лезь! Хіба табе больш, чым іншым, трэба? – пачала
адгаворваць мужа Таклюся. Яна адчувала: сёння Сцяпан можа пасварыцца з вясковай
грамадой.
-- Трэба! Трэба засыпаць яе, -- цвёрда сказаў Сцяпан і
выйшаў на двор.
Непадалёку ўжо сабраліся аднавяскоўцы.
З натоўпу выступіў Сцяпанаў адналетак Мікіта. Ён быў
высокі, мажны, шырокі ў плячах. “Асілачак”, -- так называлі яго ў вёсцы.
-- Чаго людзей паклікаў, Сцяпан? – запытаўся Мікіта.
-- Навальніца прайшла!.. – пачаў Сцяпан.
Мікіта павярнуўся да натоўпу і рукою паказаў на Сцяпана.
-- Во дзіва!
“Ён хоча падняць мяне на смех, хоча, каб людзі пасмяяліся
з мяне”, -- здагадаўся Сцяпан.
-- Вялікага дзіва няма, -- прагаварыў, ледзь стрымліваючы
хваляванне, -- але яміну на вуліцы зноў
заліло вадой!
Мікіта ўхмыльнуўся.
-- Дождж хочаш спыніць?
-- Няхай паспрабуе! – крыкнуў Мікітаў сябрук Хведар.
-- Вазы па восі ў гразь залазяць, коней знясільваем! –
напомніў аднавяскоўцам Сцяпан.
-- Як ты яе хочаш засыпаць? – усклікнуў Хведар. Як на
дзівака, глядзеў ён на Сцяпана.
-- За вёскаю горачка. Так?
-- Так, -- адказаў Хведар.
-- Там жвір. Вазамі навозім і засыплем яміну, --
растлумачыў Сцяпан.
Аднавяскоўцы маўчалі. Лета ў разгары. І на лузе, і ў полі
трэба працаваць.
-- Усе супраць. Аднаму табе карціць. Белая варона! – са злосцю кінуў
Мікіта.
Сцяпан адчуў, як затрымцелі рукі, застукала ў скронях.
Гэта белая варона ён пачуў яшчэ ў
дзяцінстве. Нямала гадоў мінула, а, здаецца, учора было.
Тады ён, Сцяпан, разам з Мікітам і Хведарам ішоў па лузе,
які распасціраўся за вёскай. Нечакана перад імі, гучна закрычаўшы эррр…эррр…кува…кува, вылецела
буравата-белая курапатка.
-- Цьфу! – плюнуў пад ногі Мікіта. – Напалохала!
-- Недзе тут яе гняздо, -- заўважыў Хведар.
-- Зараз пашукаем яго, -- падахвоціўся Мікіта. Ён
прыгнуўся і пайшоў, расхінаючы рукамі доўгую густую траву. Неўзабаве на сухой
купіне ён убачыў неглыбокую ямку, высланую сухімі сцябламі раслін. У ёй ляжалі
жаўтаватыя з карычневымі плямамі яечкі.
-- Усё-ткі знайшоў! – прамовіў Хведар.
-- Мая здабыча! Дамоў забяру! – паведаміў Мікіта і рукою
пацягнуўся да жаўтаватых яечак.
“У гэтых яечках, як відаць, ужо маленькія курапатачкі
сядзяць”, -- падумаў Сцяпан. Яму стала шкада і іх, і маці-курапатку.
Ён схапіў Мікіту за руку.
-- Няхай ляжаць!
-- Адыдзіся! – Мікіта моцна штурхнуў Сцяпана ў грудзі.
Не ўтрымаўшыся, Сцяпан упаў на спіну.
-- Ха-ха-ха… -- зарагатаў Хведар. Смешна яму стала.
Сцяпан усхапіўся і сціснуў кулакі. Ён ніколі не здаваўся,
ні перад кім не гнуўся.
-- Белая варона! --
праз зубы працадзіў Мікіта і пакрочыў. Хведар пайшоў за ім.
Словы розныя
бываюць.
Не ўсе нясуць
радасць.
Пра таго, хто
коле імі,
Людзі кажуць:
“Гадасць!”
Сцяпан чуў, што ёсць, сустракаюцца белыя вароны.
Старэйшыя казалі, што шэрыя вароны не пускаюць іх у сваю чараду, адганяюць.
“Не хачу быць разам з табою. Ты мне не сябар”, --
гледзячы ўслед Мікіту, падумаў Сцяпан.
Сёння зноў, ужо ў вёсцы, з вуснаў Мікіты прагучала гэта белая варона.
-- Няхай адзін засыпае яміну, раз яму так прыспічыла! –
гукнуў Мікіта.
Сцяпан абвёў позіркам натоўп і заявіў:
-- Я засыплю!
У натоўпе загудзелі, загаманілі:
-- Трэба засыпаць!
-- Ні прайсці, ні праехаць там!
-- Трэба падтрымаць!
Сцяпан зірнуў на Мікіту і падумаў: “Невядома, хто з нас
белая варона тут”.
“Белая варона”, -- з таго часу так сталі казаць пра чалавека, які ці знешнім выдзяляўся паводзінамі выглядам.
Надрукавана ў кнізе “Нязваныя госці”.
Выдадзена ў
выдавецтве “Беларусь”.
Якімовіч, А. М. Нязваныя госці :
прыгодніцка-гістарычная аповесць, мастацкія гіпотэзы, вершы, прыпеўкі для
настрою / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2022. – 199 с.