Поиск по этому блогу

Фантастычна-дэтэктыўная аповесць "Жывое Дрэва"

 

Жывое Дрэва

 

Фантастычна-дэтэктыўная аповесць

Змешчана ў зборніку «Белакрылая птушка», які выйшаў у выдавецтве “Беларусь”

Якімовіч, А. М. Белакрылая птушка : аповесці, вершы / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 199 с.    

 

САЎКА І МІШКА

                                                                                                                             

-- Юлька-а!.. -- гучна паклікаў Максім.

Юлька не азвалася. Толькі рэха трывожна пранеслася па лесе і сціхла ў гушчары ды нейкая птушка свіснула ў кустах, быццам заявіла, пацяшаючыся: "Згубіў сваю Юльку -- цяпер шукай".

Максім і Юля жывуць у вёсцы  Васілевічы. Іх хаты побач стаяць. Добра яму, Максіму, з Юляй. Яна і па матэматыцы дапаможа, растлумачыць, як цяжкае ўраўненне рашыць, з ёю і ў суніцы можна схадзіць, як сёння.  

Максім падняў бітончык, да паловы напоўнены чырвонымі суніцамі, і няспешна пайшоў па лесе. Ён здагадаўся, што Юля знарок ад яго схавалася. Зараз, як звычайна бывае, яна  выскачыць з-за куста ці дрэва і крыкне, нібы сава, напалохае: "У-гу-гу-у!.."

Хлапчук падняўся на пагорак, на якім стаяў дуб-велікан. Яго зялёная шапка, як незвычайны шацёр, узвышалася над лесам.

-- У-гу-гу-у!.. -- выскачыўшы з-за дуба, крыкнула Юля.

-- Юлька, з табою не засумуеш! -- паўшчуваў Максім і сеў каля дуба, абапёршыся спінай аб магутны камель.

Юля прымасцілася побач.

-- Эх, ты! Не заўважыў, як ад цябе адышлася, схавалася! -- прамовіла, усміхнуўшыся.

Што скажаш на гэта? Не заўважыў, пра ўсё забыўся, збіраючы суніцы. Спадзяваўся, што назбірае болей за Юлю. Але не ўдалося, не змог. Паўнюсенькі бітончык у яе.

На лясной дарозе, якая праходзіла непадалёку ад дуба-велікана, пачуўся гул аўтамабіля.

-- Гарадскія па суніцы прыехалі, -- заўважыла Юля.

-- На "Мерсэдэсе", -- прыслухаўшыся да гулу аўтамабіля, зазначыў Максім.

-- А мне здаецца, што на "Пежо", -- не пагадзілася Юлька.

Максім устаў.

-- Хадзем, пабачыш, "Пежо" там ці "Мерсэдэс".

-- Хадзем! -- ускочыла Юля.

"Мерсэдэс" (усё-ткі не памыліўся Максім), падобны на гіганцкую залацістую цыгарэту, стаяў на дарозе. З яго вылезлі два мажныя круглатварыя мужчыны: адзін -- чарнявы, другі -- рыжы. Абодва яны былі адзетыя ў паласатыя матроскія цяльняшкі.

-- Мішка, дастань рыдлёўкі, -- хрыпла прамовіў рыжы.

Чарнявы адчыніў багажнік і выняў дзве востра заточаныя рыдлёўкі.

-- Саўка, цяпер будзем выкопваць ці мо пасядзім  крыху?

-- Цяпер! -- голасам камандзіра прагаварыў рыжы.

Максім і Юля прыселі, пазіраючы з-за куста. Не спадабаліся ім гэтыя дзядзькі -- Саўка і Мішка.

-- Максімка!.. -- прамовіла Юля і, пахіснуўшыся, упала на бок.

Гучна, быццам выстраліў, трэснуў пад ёю сухі сук.

Саўка паварушыў вушамі, нібы ўстрывожаны конь, і звярнуўся да сябрука:

-- Мішка, здаецца, хтосьці вунь у тых кусціках сядзіць!

-- Няма там нікога, --  быццам сонны, прагаварыў Мішка.

-- Правер!

Мішка скрывіўся, як з'еўшы нясмачнага.

-- Усё я ды я!..

-- Максімка, яны бандыты! -- прашаптала Юля.

Максім таргануў дзяўчынку за плячо. Маўляў, маўчы. Зразумела, што Саўка і Мішка нездарма з рыдлёўкамі прыехалі ў лес. Магчыма, нарабаванае дабро хочуць выкапаць. Вось каб паведаміць у міліцыю! Але пакуль прыбяжыш у вёску, пакуль у міліцыю патэлефануеш, дык іх  і след прастыне. Застаецца адно: запомніць нумар машыны. Па нумару міліцыя іх хутка знойдзе.

Максім перавёў позірк на "Мерсэдэс" і ледзь не ўсклікнуў: нумара на "Мерсэдэсе" не было.

-- Правер! Каму сказаў!?--  напомніў сябруку Саўка.

Максім увесь напяўся. Напэўна, прыйдзецца ўцякаць. Ён, Максім, не дасца ў рукі гэтым незнаёмцам. А ці зможа ўцячы ад іх Юля?..

Мішка тым часам выцер узмакрэлы лоб, дастаў з легкавушкі літровую бутэльку кока-колы і, прыставіўшы да рота, усю, да кроплі, імгненна асушыў.

-- Саўка, цяпер каб паспаць хвілінак шэсцьсот! -- прамовіў, смачна пазяхнуўшы.

-- Ты праверыш ці не? -- павысіў голас Саўка.

-- Праверу! -- весела прагаварыў Мішка і шпурнуў бутэльку ў кусты.

Бутэлька ўпала непадалёку ад Юлі. Мішка правёў яе вачыма і зарагатаў.

-- Вось як я праверыў!..

Саўка штосьці буркнуў і пакрочыў па дарозе, абапіраючыся на рыдлёўку. Мішка павалокся за ім.

-- Юлька, я назіркам за імі пайду, пагляджу, што будуць рабіць. А ты дамоў бяжы, -- сказаў Максім.

-- Аднаго цябе тут не пакіну! -- закруціла галавою Юля.

-- Я ўцяку, калі што. А ты?..

-- І я ўцяку. Я не старая бабуля, -- смела заявіла Юля.

Максім прыкусіў губу. З Юлькай не паспрачаешся. У яе заўжды ёсць адказ. А Саўка і Мішка зараз схаваюцца. Потым шукай іх у лесе, як іголку ў стозе сена!

-- Ну, добра. Пойдзеш за мною, наперад не лезь! -- папярэдзіў сяброўку Максім.

 

СТРАХ

 

Саўка і Мішка прайшлі метраў дваццаць і збочылі з дарогі. Максім і Юля, прыгнуўшыся, накіраваліся за імі.

-- Тут трэба капаць! Я гэта месца добра запомніў, -- спыніўшыся каля высокага ядлоўцавага куста, сказаў Саўка і з сілай увагнаў лязо рыдлёўкі ў зямлю.

Мішка скурчыўся. Можна было падумаць, што важкая халодная кропля ўпала яму за каўнер.

-- Лепей у схове наша дабро паклалі б!..

-- Лепей! Лепей! -- перадражніў Саўка. -- У розных месцах трэба хаваць. Так надзейней!.. Капай, лянівец!

Папляваўшы на рукі, Саўка і Мішка сталі капаць. Было відаць, што да такой працы яны не прывыклі. Часта спыняліся, аддыхваліся, выціралі спацелыя твары.

-- Максім, яны тут золата закапалі! -- падала голас Юля. Разам з Максімам яна схавалася за тоўстую яліну.

Максім прыкусіў губу, задумаўся. Так, мажліва, золата, мажліва, штосьці іншае прывяло сюды гэтых дзябёлых дзядзькоў. Адно вядома: у гэтым лесе яны не першы раз. Тут у іх свой схоў. Мабыць, адседжваюцца там пасля чарговага разбою.

Крэкчуць, капаюць бандыты, па пояс у яму залезлі.

-- Дакапаліся! -- з палёгкаю прамовіў Саўка. -- Паднімай, Мішка!

Мішка кінуў рыдлёўку на пясок і папрасіў:

-- Дай дыхнуць, браток!

-- Хочаш, каб з Васілевічаў людзі прысунуліся? -- незадаволена прамовіў Саўка.

-- Закапаем, калі прысунуцца! -- хіхікнуў Мішка.

-- Максім, мне страшна! -- прызналася Юля.

-- Дамоў бяжы.

-- Аднаго не пакіну!

Мішка дастаў з ямы і паклаў на пясок вялікі пакунак, загорнуты ў поліэтыленавую плёнку.

-- Страшна! -- паўтарыла Юля.

 Мужчыны вылезлі з ямы. Саўка ўкленчыў і разгарнуў плёнку. У плёнцы ляжалі два пісталеты і аўтамат. Мішка схапіў пісталет і засунуў за пояс. Потым узяў аўтамат і застракатаў, наставіўшы яго перад сабою: "Тра-та-та-та-та... Тра-та-та-та-та..."

Юля  ўздрыгнула, а Максім міжволі прыплюшчыў вочы.

-- Файная штучка! -- настракатаўшыся, прамовіў Мішка і прытуліў аўтамат да грудзей.

Саўка, як і Мішка, узяў і засунуў за пояс пісталет. Затым кінуў у яму поліэтыленавую плёнку і сказаў:

-- Бяры рыдлёўку, Мішка!

-- Яму будзем засыпаць? -- адно не заенчыў Мішка.

-- Будзем. Я не люблю сляды за сабою пакідаць, -- кіўнуў галавою Саўка.

Саўка і Мішка засыпалі яму і старанна зараўнялі яе.

-- Зараз на хутар паедзем, старую выпатрашым, -- азірнуўшыся, прагаварыў Саўка.

-- Усе грошы ў старой пазабіраем! -- усклікнуў Мішка. Вочы ў яго заблішчалі, як у галоднага.

Прытанцоўваючы, вярталіся на дарогу Саўка і Мішка. А Максім і Юля стаялі як нерухомыя. Яны быццам здранцвелі.

 

ЯК СПЫНІЦЬ БАНДЫТАЎ?..

 

-- Максімка, яны паедуць людзей рабаваць! -- падала голас Юля.

Максім падняў галаву, углядаючыся ўдалячынь. Сёння ў чыюсьці хату пастукае бяда, слёзы пральюцца там.

Як жа спыніць бандытаў? Ім не скажаш: "Шаноўныя, адумайцеся, не нясіце людзям гора!" Чалавечае слова да іх не дойдзе. Не спыняцца яны. Нездарма выкапалі схаваную зброю. Да разбою падрыхтаваліся як след.

-- Максімка, чаго ж мы сядзім?.. Прыдумай што-небудзь! – не вытрывала Юля.

Максім пераступіў з нагі на нагу. Што ж прыдумаць, каб спыніць бандытаў?.. Саўка сказаў, што адправяцца на хутар... Паблізу ёсць толькі адзін хутар... Кіламетры два ад яго да Васілевічаў.

-- Юлька, ты чула, што сказаў Саўка? -- прагаварыў Максім.

Юля ўважліва паглядзела на Максіма.

-- Чула. Яны паедуць на хутар.

-- А ў нас хто на хутары жыве? Га?

Юля заморгала вачыма.

-- Бабуля Аксеня!..

-- Так, бабуля Аксеня... Старая, як сказаў Саўка.

-- Яны бабулю Аксеню паедуць рабаваць! -- прашаптала Юля.

І Юля думае гэтак жа. Выходзіць, ён, Максім, не памыліўся. Трэба папярэдзіць бабулю Аксеню, што ўзброеныя бандыты да яе збіраюцца завітаць. Калі пабегчы напрасткі, то можна апярэдзіць Саўку і Мішку. Праўда, праз гразкае балота прыйдзецца прабірацца.

-- Юлька, я да бабулі Аксені пабягу, папярэджу яе!..

-- І я з табою пабягу. Не пакіну!

"Зноў яна сваё цвярдзіць. Няма калі з ёю спрачацца", -- падумаў Максім.

-- Глядзі, не адставай ад мяне! -- сказаў ён аднакласніцы.

 

ХУТЧЭЙ, ХУТЧЭЙ...

 

Яны беглі па лесе: Максім -- уперадзе, Юля -- ззаду. Трэба хутчэй, хутчэй... Бабуля Аксеня, мабыць, у агародчыку, грады поле. А мо, седзячы на ўслоне, на сынаў фотаздымак глядзіць? Яе сын жыве ў сталіцы, працуе токарам на заводзе. Не так часта бывае ён у роднай хаце. Звычайна наведваецца ўвосень, калі бульбу капаюць ці буракі рвуць. І зімою прыязджае, каб вепрука закалоць. А яшчэ летам, калі сваіх дзяцей прывозіць на канікулы.

Учора да ягонай, да Максімавай маці, спахмурнелая прыйшла бабуля Аксеня. Стала ў парозе і паскардзілася:

-- Ніначка, мой Паўлік учора тэлефанаваў. Казаў, што гэтым летам не прывязе да мяне ўнукаў. На аздараўленне за мяжу іх пасылаюць.

Маці, вядома ж, пастаралася суцешыць бабулю Аксеню.

 -- Няхай з'ездзяць. Хоць свет пабачаць.

-- А ў нас хіба не свет? -- развяла рукамі бабуля Аксеня.

-- Свет, ды там іншы, -- сумелася маці.

-- Іншы!.. Іншы!.. -- два разы прагаварыла бабуля Аксеня і, згорбіўшыся, выйшла з хаты.

"Добра, што дзядзька Паўлік не прывёз да бабулі Аксені сваіх дзяцей. Там, за мяжой, ім будзе спакайней", -- падумаў Максім.

-- Пачакай, Максімка! -- перапыніў думкі вокліч Юлі.

Максім спыніўся.

-- Што здарылася?

-- Я бітончык згубіла!..

Максім шпурнуў у гушчар свой бітончык. Няхай бачыць Юля, што не трэба шкадаваць пасудзіну, калі вырашаецца лёс чалавека.

-- Юлька, хутчэй!..

Лес скончыўся. Пачалося балота. Пад нагамі захлюпала гразь, бруднымі пырскамі пакрылася кашуля.

Бяжыць Максім, а ў галаве думкі бягуць, адна адну даганяюць: "Дзе ж цяпер Саўка і Мішка? Ці ўдасца іх апярэдзіць?.. Бабулю Аксеню задумалі абрабаваць! Знайшлі багацейку! Думаюць, што мае шмат грошай. Калі і былі ў яе грошы, то Паўліку іх аддала. Яна апошняе аддасць, не пашкадуе"...

Максіму нагадалася, як мінулай восенню, калі паспелі яблыкі, бабуля Аксеня прыйшла да іх у хату і звярнулася да маці:

-- Ніна, прышлі да мяне свайго Максіма. Няхай яблыкаў назнімае. Будзеце частавацца зімою.

-- Цётка Аксеня, у магазін здайце яблыкі. Грошы вам заплацяць, -- параіла маці.

-- Пенсію атрымліваю, ёсць капейка, пражыву, -- адмовілася бабуля Аксеня.

Усё-ткі ўгаварыла яна маці, настаяла на сваім. У нядзелю ён, Максім, прыйшоў да бабулі Аксені. Думаў, што на доўга не затрымаецца: назнімае скрынку яблыкаў -- і дамоў. Ды не тут тое было. Не адну, а цэлых тры скрынкі яблыкаў ён назнімаў. Бабуля Аксеня і яго ўгаварыла. Да самага Новага года ласаваліся яны Аксенінымі яблыкамі.

-- Максімка!.. -- раптам крыкнула Юля, зноў перапыніўшы думкі.

Максім азірнуўся і ўбачыў: сядзіць Юля ў балотнай гразі, дыхае часта-часта.

-- Нагу сударгай звяло! Максімка!..

Юля заплакала. Па брудных, заляпаных граззю шчоках пацяклі слёзы.

Максім узяў дзяўчынку за руку і дапамог ёй устаць.

-- Бярыся за шыю, на спіне панясу.

Юля кіўнула галавою і абедзвюма рукамі абхапіла Максіма за шыю.

-- Скажаш, калі будзе цяжка, Максімка!

Максім пайшоў праз балота. Хутка будзе гаёк, за якім стаіць хата бабулі Аксені.

-- Мне ўжо не баліць нага, перастала! -- паведаміла Юля і з'ехала з Максімавай спіны.

-- Пабеглі! Хутчэй!

Зноў хлюпае пад нагамі гразь... Зноў брудныя пырскі разлятаюцца па баках... Пот залівае вочы...

Вось і гаёк. Непадалёку блішчыць знаёмы залацісты "Мерсэдэс", падобны на гіганцкую цыгарэту.

Максім і Юля з аглядкаю наблізіліся да "Мерсэдэса". Ні Саўкі, ні Мішкі ў "Мерсэдэсе" не было.

Чорнаю ад гразі рукою Юля абаперлася аб залацістае крыло "Мерсэдэса".

-- Максімка, яны апярэдзілі нас!

Максім апусціў галаву. Так, бандыты апярэдзілі яго і Юлю. Як відаць, у хаце яны, ужо здзекуюцца са старой жанчыны.

Хлопец нагнуўся і адкруціў залатнік у пярэднім коле. Засвістала паветра, вырваўшыся на волю. "Мерсэдэс" уздрыгнуў, нібы жывы, і асеў на бок.

-- Юлька, -- звярнуўся да сяброўкі Максім, -- бяжы ў вёску. Скажаш маёй маме, каб у міліцыю патэлефанавала.

-- А ты?

-- Пагляджу, дзе яны.

-- Максімка, я цябе не пакіну!

Поўнымі болю вачыма Максім паглядзеў на Юлю.

-- Юлька, бяжы! Хутчэй!..

-- Я пабягу. Пабягу! -- прамовіла Юля і панеслася праз гаёк, як стракозка.

 

І ПЕВЕНЬ ГРЫШКА ДАПАМАГАЕ

 

Максім спыніўся на ўскрайку гаёчка. Каля хаты, на падворку, ходзіць певень Грышка. Незвычайны гэты певень. Чужых да хаты не падпускае. Налятае, б'е крыламі, дзяўбе, стараючыся пацэліць у твар. А з ім, з Максімам, Грышка сябруе. Яшчэ здалёку сустракае звонкім "ко-ко-ко", быццам вітаецца.

Аднаго дня ён, Максім, пацікавіўся ў бабулі Аксені:

-- Чаму вы свайго пеўня Грышкам назвалі?

-- Быў у нас задзірлівы хлопец Грышка. Потым у горад ён пераехаў. Успомніла я пра яго і назвала свайго пеўніка Грышкам, -- ахвотна растлумачыла бабуля Аксеня.

-- А чаму мяне ваш Грышка не чапае?

Ціха, па-старэчы засмяялася бабуля Аксеня.

-- Мусіць, адчувае, што душа ў цябе добрая.

Максім стаяў, кусаючы губы. Як так сталася, што Грышка прапусціў у хату бандытаў?.. З курамі дзесьці хадзіў, няйначай. Канешне, бандыты ў хаце. Нездарма дзверы ў сенцах адчыненыя. Бабуля іх заўжды зачыняе, каб мухі ў сенцы не ляцелі.

-- Эх, Грышка, Грышка! -- услых прамовіў Максім і, набраўшыся духу, стрымгалоў паляцеў на падворак.

Падбег да хаты, прытуліўся да сцяны.

Грышка тут як тут.

"Ко-ко-ко... Ко-ко-ко..." -- вітаецца.

Максім тупнуў нагою.

-- Акыш!

У пеўня вочы ад здзіўлення аж закруціліся. Не чакаў ён, што хлопец так незычліва яго сустрэне.

-- Акыш!

Грышка махнуў чырвоным грэбнем і пайшоў, пакрыўджаны.

Максім прасунуўся каля сцяны, глянуў у акно і ледзь не ўсклікнуў. У хаце Саўка і Мішка. Разваліўшыся на крэслах, сядзяць за сталом, нібы гаспадары. На стале стаіць кубак з гарбатай і парэзаная скрылікамі паляндвіца ў талерцы.

-- Бабка, грошы давай! -- нечакана крыкнуў Мішка.

-- Саколікі, дзясяты раз вам кажу: няма ў мяне грошай! -- затрэслася бабуля Аксеня.

Забыўшыся пра ўсё на свеце, Максім глядзеў у акно. Не, не адступяцца бандыты ад бабулі Аксені. Не адпросіцца і не адмоліцца яна.

-- Бабка, ведаеш, хто мы? -- устаўшы з крэсла, наблізіўся да жанчыны Мішка.

-- Вы бандыты! -- адказала бабуля Аксеня.

Саўка і Мішка дружна зарагаталі.

-- Саколікі, чаго вы разрагаталіся? Хіба вам так смешна? -- здзівілася бабуля Аксеня.

-- Мы не бандыты, мы піраты! -- стукнуў сабе кулаком у грудзі Мішка.

-- Сухапутныя піраты! -- ускочыўшы з-за стала, гукнуў Саўка.

-- Мы піраты -- людзі не бедныя,

                                            Мы не любім грошы медныя.

                                            Нам даляры падавай...

                                            Шмат даляраў дай, дай, дай... –

неспадзявана заспяваў Мішка.

-- Саколікі, вы тут спявайце, а я патэпаю, -- прагаварыла бабуля Аксеня і накіравалася да дзвярэй.

Не пусціў яе Мішка: дагнаў і дарогу загарадзіў.

-- Бабка, грошы!

-- Няма ў мяне грошай, --  развяла рукамі бабуля Аксеня і змахнула з вачэй слязінку.

Мішка схапіў з услона сіта, якім бабуля Аксеня звычайна прасейвала муку, кінуў яго на падлогу і стукнуў па ім нагою. Сіта падскочыла і пакацілася. Бандыт дагнаў яго і зноў стукнуў нагою.

-- Саколік, дарма стараешся, -- сказала бабуля Аксеня. -- Сіта даўняе. Ад дзеда мне дасталася. Не паломіш ты яго. Яно як жалезнае.

-- Мішка, пара нам па-сапраўднаму ўзяцца за яе, -- з пагрозай прамовіў Саўка.

-- Даўно пара! -- набычыўся Мішка.

Максім нагнуўся і падняў з зямлі камень. Зараз ён разаб'е ў акне шыбу і шпурне каменем у таго, хто паспрабуе пакрыўдзіць старую.

"Ко-ко-ко..." -- пачулася ззаду.

Максім азірнуўся і ўбачыў пеўня Грышку.

"Вось хто мне дапаможа!" -- падумаў Максім і, кінуўшы камень, пагладзіў пеўня па шаўкавістай бародцы.

-- Грышка, ты дапаможаш мне, не пабаішся бандытаў?

"Ко-ко", -- кіўнуў галавою, пагадзіўся з хлопцам певень.

Максім падняў Грышку, прыціснуў да грудзей і зайшоў у сенцы. У сенцах лесвіца стаіць, на гарышча вядзе.

Хлапчук падэшвай чаравіка моцна стукнуў у дзверы, якія вялі ў хату, а затым па лесвіцы хуценька залез на гарышча.

Праз хвіліну дзверы адчыніліся. З хаты высунуўся Мішка. Праваю рукою ён трымаўся за рукаятку пісталета, які быў за поясам.

-- Хто там? -- данёсся з пакоя голас Саўкі.

Мішка не паспеў адказаць, бо Максім, прашаптаўшы "Ну, Грышка, выручай нас!", кінуў пеўня бандыту на галаву.

-- Засада! -- крыкнуў Мішка і, махаючы рукамі, панёсся на двор.

-- Дзе засада? Хто ў засадзе? -- азіраючыся, вылез з хаты Саўка.

На парозе, як з-пад зямлі, з'явіўся Грышка.

"Ко-ко-ко!" -- сярдзіта прамовіў ён на сваёй пеўневай мове і, махнуўшы крыламі, ускочыў Саўку на грудзі.

Як ветрам, вымела Саўку з сянец.

Максім злез з лесвіцы, выйшаў на двор і ўбачыў, што Саўка і Мішка штосілы нясуцца да гаёчка. Грозны певень Грышка глядзеў ім услед і прымаўляў са злосцю: "Ко-ко-ко, ко-ко-ко..."

Максім крыху падзівіўся і накіраваўся ў хату.

 

ЗВАНОК У МІЛІЦЫЮ

 

Бяжыць Юля па дарозе, рукою трымаецца за правую нагу. Вельмі баіцца, каб зноў сударгай яе не звяло.

Бяжыць, пра Максіма думае.

Добрая душа ў Максіма. Не пабаяўся, праз балота пабег, каб бабулю Аксеню выратаваць.

"Выратаваць, выратаваць!.." -- аднатонна тахкае ў скронях.

Калісьці і яе, Юлю, ён выратаваў. Тады яны пяць класаў скончылі. Яна, Юля, улетку з сяброўкамі на рэчцы купалася. Каля самага берага нырнула ў ваду, на глейкім дне штосьці металічнае намацала, падняла. Вынырнула з вады і ледзь не самлела, убачыўшы ў руцэ круглую рабрыстую іржавую гранату.

У той дзень на рэчцы было шмат хлапчукоў. Як і яна, спалохаліся яны. Некаторыя з рэчкі сталі ўцякаць, на бераг палезлі. А Максім не спалохаўся, не разгубіўся.

-- Юлька, не варушыся! -- сказаў.

А яна стаіць, нібы адзінокая лазінка, трасецца і ўсё паўтарае адно і тое ж:

-- Граната!.. Граната!..

Максім падбрыў да яе (у тым месцы вада займала па пояс) і папрасіў:

-- Супакойся, Юлька!

-- Я спакойная! Я спакойная!.. -- зноў адно і тое ж стала паўтараць Юля. Успомнілася ёй, як вучыла іх, пяцікласніц, настаўніца роднай мовы і літаратуры: "Калі будзе цяжка, калі вельмі расхвалюецеся, то расслабцеся і паўтарайце: "Я спакойная! Я спакойная!"

Максім працягнуў руку.

-- Юлька, зараз я вазьму ў цябе лімонку, але ты пакуль яе моцна трымай.

-- Трымаю, Максімка, трымаю! -- чамусьці на шэпт перайшла яна.

Максім узяў у яе гранату, вылез з вады, зайшоў на высокі бераг і кінуў у раку. Глуха грымнула, узнялася ўспененая вада. Радасна закрычалі дзеці. А ў яе яшчэ доўга дрыжалі ногі. Пазней Максім прызнаўся, што і ў яго яны тады моцна дрыжалі. З таго дня яна, Юля, пасябравала з Максімам.

Трэці год іхняй дружбе.

"Трэці год, трэці!.." -- стукае ў скронях. Бяжыць Юля. Дзе ж цяпер Максім? Магчыма, схапілі яго бандыты. Застрэляць, калі пачне пярэчыць.

"Застрэляць, застрэляць!.." -- тахкае ў скронях.

Максімава хата крайняя, першая ад дарогі.

Падбегшы да хаты, Юля заўважыла Максімаву сястру Ганульку. Яна ў агародчыку палола градкі. Ганулька старэйшая за Максіма. Дзевятнаццаць гадоў ёй нядаўна споўнілася. З Ганулькай сябруе Юлін старэйшы брат Сцяпан. Восенню яны збіраюцца пажаніцца.

-- Юлька, адкуль ты так бяжыш? -- адагнуўшыся, пацікавілася Ганулька.

-- На хутары ў бабулі Аксені бандыты! -- з апошніх сіл выдыхнула Юля.

Стаіць Ганулька, зелле ў руках камечыць.

-- Бандыты?..

-- Яны хочуць абрабаваць бабулю Аксеню. У міліцыю патэлефануй. Хутчэй!..

Ганулька кінула зелле на градку, праз расчыненыя весніцы выскачыла з агародчыка і пабегла ў хату. Юля -- за ёю.

Маці Максіма, цётка Ніна, якраз прасавала бялізну.

-- Мама, -- з парога крыкнула Ганулька, -- Юлька кажа, што на хутары ў бабулі Аксені бандыты!

Цётка Ніна наставіла перад сабою прас, як бы затуляючыся ім ад нябачных грабежнікаў.

-- Праўду кажаш, Юлька?

Юля склала рукі, як перад малітвай.

-- Цётка Ніна, патэлефануйце ў міліцыю!..

-- Зараз, зараз... -- цётка Ніна паставіла на стол прас і ўзяла тэлефонную трубку. -- Зараз!.. А які нумар міліцыі?..

-- Адзін-нуль-два, -- падказала Ганулька.

Цётка Ніна набрала нумар "адзін-нуль-два". "Піп-піп-піп", -- данесліся з трубкі кароткія гудкі.

-- Занятыя! -- вінавата прагаварыла цётка Ніна.

Юля прысела на край табурэткі. Толькі цяпер яна адчула, як стамілася. І ў спіне ломіць, і ногі гудзяць -- усё цела нібы пабітае.

-- Юлька, дзе ж ты так вымазалася? -- пацікавілася цётка Ніна.

-- На хутар праз балота бегла!

-- Мама, у міліцыю тэлефануй! -- напомніла Ганулька.

Цётка Ніна зноў набрала нумар "адзін-нуль-два". На гэты раз з трубкі данёсся густы мужчынскі бас:

-- Дзяжурны аддзела міліцыі маёр Свістуновіч слухае!

-- Даражэнькі маёр, -- пачала цётка Ніна, -- хутчэй прыязджайце да нас!

"Цётка Ніна гэтага міліцыянера запрашае, быццам на вяселле", -- міжволі зазначыла пра сябе Юля.

-- Грамадзянка, назавіце сябе!

-- Жыхарка вёскі Васілевічы Яскевіч Ніна Міхайлаўна!

Каля цёткі Ніны Ганулька стаіць, уся аж трапечацца, галавою ківае.

-- Так, так...

-- Грамадзянка Яскевіч, што ў вас здарылася? -- у голасе маёра Свістуновіча прабіваюцца сталёвыя ноткі, быццам у супермена з замежнага баевіка.

-- Непадалёку ад нашай вёскі хутар. Там бандыты!.. Напалі на адзінокую бабулю!

-- Колькі іх, не ведаеце?

Цётка Ніна прыкрыла рукою тэлефонную трубку і запыталася ў Юлі:

-- Колькі бандытаў?

Юля падняла ўверх два пальцы.

-- Два.

-- Два! -- гукнула ў трубку цётка Ніна.

-- Грамадзянка Яскевіч, -- прагучаў у трубцы голас маёра Свістуновіча, -- нядаўна да вас накіраваўся супрацоўнік дэтэктыўнага агенцтва "Меч".

-- Ну і што?

-- Трымайце з ім сувязь. А мы прыедзем!

Цётка Ніна заморгала вачыма.

-- Прыедуць!

-- Цётка Ніна, -- прашаптала Юля, -- ваш Максім пабег да бабулі Аксені!

-- Максім там? -- Цётка Ніна кінула тэлефонную трубку і, схапіўшы ў качарэжніку вілы, выбегла з хаты. Ганулька і Юля -- за ёю.

 

ПРАЗ АКНО

 

Убачыўшы Максіма, узрадавалася бабуля Аксеня.

-- Ты, Максімка?

-- Я, бабуля Аксеня, я!.. Уцякайце адгэтуль.

Бабуля Аксеня падняла з падлогі сіта і паклала яго на ўслон.

-- Калі гэтыя злыдні вернуцца і не знойдуць мяне, то са злосці ўсё ў хаце пераломяць.

Такой заявы ад бабулі Аксені ён, Максім, не чакаў. Гэтулькі нацярпелася ад бандытаў і не хоча ўцякаць, ратавацца, хоць і ведае, што яны  вернуцца! Як жа ўгаварыць яе, пераканаць? З чаго пачаць?

-- Бяжы, унучак! Дамоў бяжы!

-- А вы сваё дабро будзеце ахоўваць?

-- Буду.

-- Расправяцца яны з вамі, ніколі не ўбачыце сваіх унукаў!

Пачуўшы пра ўнукаў, бабуля Аксеня борздзенька накіравалася да дзвярэй.

-- Хадзем, Максімка!

Максім адчыніў акно, якое выходзіла на агарод.

-- Праз дзверы няможна выходзіць: бандыты ўбачаць.

-- Праз акно палезем?

-- Так! -- цвёрда сказаў Максім.

-- Няхай будзе па-твойму. Палезу!

Як гаворыцца? Лёгка сказаць, ды цяжка зрабіць. Бабуля Аксеня сунулася ў акно, ды нагу не можа падняць.

-- Не ўскарабкацца мне на падаконнік! Уся нібы са сталёвага дроту я, -- праслязілася яна.

"Не пакіну я бабулю Аксеню ў хаце на радасць бандытам", -- падумаў Максім і, узяўшы табурэтку, паставіў яе каля акна.

-- На табурэтку станьце! Калі ласка!

Бабуля Аксеня стала на табурэтку і растапырыла рукі, як параненая птушка крылы.

-- Не, не палезу. У хаце застануся. Што будзе, то будзе.

"Зараз яна злезе з табурэткі, сядзе на лаву, і тады яе нізашто не паднімеш", -- падумаў Максім.

Ён выскачыў праз акно на двор і наставіў рукі.

-- Лезьце! Падстрахую!

Бабуля Аксеня села на падаконнік і... з'ехала з яго ў рукі Максіму.

Максім асцярожна апусціў старую на зямлю і, зачыніўшы акно, выглянуў з-за рога хаты. Саўка і Мішка, як і меркаваў ён, вярнуліся, пастаяўшы ў гаёчку. На гэты раз на падворку іх сустрэў певень Грышка.

Махаючы пісталетамі, бандыты наступалі на яго.

-- Дзе яны, Максімка? -- падала голас бабуля Аксеня.

Максім прытуліў палец да вуснаў.

-- Тут!

-- Ой! Бяда! -- уздыхнула старая.

А пеўню Грышку пашанцавала. Падскочыўшы, ён дзеўбануў Мішку ў твар. Мішка ніцма ўпаў на зямлю.

-- Уставай, Мішка! -- прамовіў Саўка.

Мішка ўстаў і наставіў на пеўня пісталет.

-- Я яго застрэлю!.. Застрэлю!..

Саўка схапіў хаўрусніка за руку.

-- Хочаш, каб у вёсцы стрэлы пачулі? Яшчэ гэтага нам не хапала!

А Мішка ніяк не супакоіцца.

-- Застрэлю!.. Застрэлю!..

Падняўшы камень, Саўка кінуў яго ў пеўня. Грышка ўпаў і выцягнуў лапы.

-- Я пацэліў! Я пацэліў! -- заскакаў ад радасці Саўка.

-- Ён мне ўсю шчаку распаласаваў, праехаўся, быццам нажом! -- дакрануўшыся да параненай пеўнем шчакі, паскардзіўся Мішка.

-- Зажыве твая шчака. Хадзем у хату. Са старой расправімся. Яна нас добра запомніла, змалявала!--  наскакаўшыся, прамовіў Саўка і накіраваўся ў хату.

Трымаючыся за параненую шчаку, Мішка пацягнуўся за сябруком.

-- Максімка, што робяць яны? -- пацікавілася цётка Аксеня.

-- У хату пайшлі.

Не, ён, Максім, не скажа бабулі Аксені, што бандыты, якія чамусьці называюць сябе піратамі, загубілі пеўня Грышку.

-- Злыдні! -- прагаварыла бабуля Аксеня.

Максім наблізіўся да акна і стаў глядзець у яго.

 

УСЁ ДОБРА, ШТО ДОБРА КАНЧАЕЦЦА

 

Насцеж расчыніўшы дзверы, бандыты ўваліліся ў хату і сталі як аслупянелыя.

-- Схавалася старая! -- нарэшце прарэзаўся голас у Саўкі.

-- Будзем шукаць? -- лыпнуў на яго вачыма Мішка.

-- Будзем!

Усю хату ўверх дном перавярнулі бандыты, але не знайшлі гаспадыню.

-- Няўжо яна ўцякла? -- адно не заплакаў Мішка.

-- На гарышчы мы не шукалі! -- успомніў Саўка і пабег у сенцы. Мішка рвануўся за ім.

-- Максімка, яны маё дабро не нішчаць? -- запыталася бабуля Аксеня.

-- На гарышча палезлі, -- адказаў Максім.

-- І туды іх ліха панесла!

-- Панесла! -- цяжка ўздыхнуў Максім.

Дзе ж цяпер Юля? Чаму да гэтага часу не прыехала міліцыя на хутар? Усяго тры кіламетры з горада да вёскі.

У сенцах штосьці грукнула, і на парозе, бы здані, выраслі Саўка і Мішка.

-- Усё-ткі ўцякла старая! -- прамовіў Мішка.

-- Максімка, я зараз кашляну! -- прашаптала бабуля Аксеня.

Максім хацеў сказаць ёй, каб рот рукою затуліла, ды яна неўзабаве сапраўды гучна чхнула:

-- Апчхі!

-- Старая за хатай! -- здагадаўся Саўка.

-- Што ж цяпер будзе, Максімка? -- разгубілася бабуля Аксеня.

-- У даганялкі з імі  пагуляем.

-- У якія даганялкі?

-- Вакол хаты будзем бегаць, уцякаць ад іх, -- растлумачыў бабулі Аксені Максім.

-- Я ад іх не ўцяку, -- сказала бабуля. Губы ў яе задрыжалі.

-- Мішка, людзі на хутар бягуць! Трэба ўцякаць! -- данёсся з падворка ўстрывожаны голас Саўкі.

Максім выглянуў з-за хаты і ўбачыў, што па дарозе з вёскі бягуць Юля, Ганулька і маці з узнятаю качаргою.

Бабуля Аксеня выйшла з-за хаты і аж праслязілася.

-- Падмога да нас спяшаецца, Максімка!

Неўзабаве прыбегла "падмога", але не ўзрадавала яна бабулю Аксеню. Убачыўшы на зямлі пеўня Грышку, заплакала старая:

-- Грышачка, не мяне, дык цябе даканалі зладзеі!

Певень (мажліва, дайшоў да яго плач гаспадыні) устаў, крыху прайшоў, ківаючыся, затым залапатаў крыламі і пракукарэкаў: "Кукарэку-у...".

-- Ажыў мой Грышка! -- усцешылася бабуля Аксеня і паклікала: -- Грышка, Грышка!..

Грышка зірнуў на бабулю Аксеню і пайшоў да курэй. Мабыць, з імі вырашыў адсвяткаваць цяжкую перамогу.

 

АЗМРОЧАНАЯ РАДАСЦЬ

 

Юлін брат Сцяпан, былы дэсантнік, па лясной дарозе на веласіпедзе ехаў з горада ў вёску.  Радасна было на душы ў Сцяпана. Сёння ён сваёй каханай Ганульцы купіў залаты заручальны пярсцёнак і французскія духі з горада Парыжа. Духі яму прадала маладзіца-камерсантка. Калі ён спыніўся каля яе ларка, звярнулася да яго камерсантка:

-- Бачу, што каханая ёсць у цябе!

-- Ёсць. Ганулькай яе зваць. Хутка вяселле згуляем, -- як на духу, прызнаўся Сцяпан і, выняўшы з кішэні залаты пярсцёнак, паказаў маладзіцы. -- Заручальны пярсцёнак купіў у краме!

-- Парадуй сваю Ганульку. Купі ў мяне французскія духі, -- усміхнулася камерсантка..

Угаварыла яна Сцяпана, купіў ён французскія духі, хоць і аддаў апошнія грошы.

Шчаслівы едзе Сцяпан, круціць педалямі. Імчыцца па дарозе веласіпед, блішчаць на сонцы спіцы.

"Можа, падманула мяне камерсантка?" -- тахнула Сцяпану ў галаву. Чуў ён ад людзей, што камерсанты часам падманваюць нявопытных пакупнікоў: у прыгожай упакоўцы нікчэмны тавар прадаюць. Мажліва, і ў гэтай бутэлечцы нешта падобнае. Будзе падаруначак Ганульцы! Яна яшчэ падумае, што ён знарок пасмяяўся з яе. Тады пра вяселле прыйдзецца забыцца.

Сцяпан націснуў на тармазы, злез з веласіпеда, выняў з кішэні каробачку, дастаў з яе малюсенькую, як двума пальцамі ўзяць, бутэлечку, адкруціў корак і панюхаў.

Прыемна запахлі духі. Не падманула яго вясёлая маладзіца. Узрадуецца Ганулька.

-- Эх-ма! -- усклікнуў Сцяпан.

І тут перад ім, як па загаду нябачнай чароўнай палачкі, з'явіўся невысокі чарнявы хлопец у вайсковым адзенні без пагонаў. Ён казырнуў і прагаварыў:

-- Вас затрымаў супрацоўнік дэтэктыўнага агенцтва "Меч" Асцюкоў Павел Іванавіч. Прашу любіць і жалаваць.

Калі б у Сцяпана на галаве была шапка, то яна абавязкова з'ехала б на патыліцу. Не дзіва: немаведама адкуль на дарогу выходзіць супрацоўнік дэтэктыўнага агенцтва "Шчыт",  затрымлівае ды яшчэ кажа, каб яго любілі.

Хоць і задрыжала ў Сцяпана ў грудзях, але ён спакойна закруціў корак на бутэлечцы і хацеў пакласці яе ў каробачку.

-- А што ў цябе ў бутэлечцы? -- пацікавіўся Павел Іванавіч.

Сцяпан застыў, трымаючы ў адной руцэ бутэлечку, а ў другой -- каробачку з-пад духоў. Няўжо ён падобны на злачынцу? Чаму павінен слупам стаяць перад гэтым Асцюковым? Відаць, трэба плюнуць, сесці на веласіпед і паехаць, на развітанне памахаўшы ручкай.

Сцяпан так і зрабіў бы: плюнуў бы пад ногі, сеў бы на веласіпед і паехаў бы, на развітанне памахаўшы ручкай. Але Павел Іванавіч Асцюкоў дакрануўся да кабуры, якая вісела на баку.

-- Маю права насіць зброю!

-- Ну і што? -- паціснуў плячыма Сцяпан.

-- Хлопец, што вязеш у кішэнях? -- запытаўся Асцюкоў і выняў з кабуры пісталет.

Заела Сцяпана. Дакуль можна цярпець здзек? І ён чалавек, і ў яго ёсць гонар.

-- Я вам не хлопец. Сцяпанам мяне зваць.

Думаеце, што паверыў яму супрацоўнік дэтэктыўнага агенцтва? Не, яшчэ болей насцярожыўся. Пісталет з рукі не выпускае, напагатове трымае.

-- Невядома, як цябе зваць: Сцяпанам ці Дзям'янам, -- прамовіў ён. -- Паднімі ручкі, паднімі! Не перасілішся.

-- Не маеце права, Іванавіч!

Сцяпан знарок назваў супрацоўніка дэтэктыўнага агенцтва вось так, па бацьку, Іванавічам. Мінулым летам у Васілевічах адпачываў супрацоўнік дэтэктыўнага агенцтва "Меч". Ён вельмі любіў, калі яго называлі Пятровічам.

Сцяпан уважліва глядзеў на Асцюкова. Скрывіцца -- знак, што не любіць, калі называюць па бацьку. Усміхнецца -- лічы, што ў самую кропку ты трапіў, душу яму сагрэў.

Штосьці падобнае на ўсмешку прабегла па вуснах Асцюкова.

З палёгкай уздыхнуўшы, Сцяпан паклаў бутэлечку ў каробачку і хацеў схаваць яе ў кішэню.

-- Рукі паднімі! -- напомніў супрацоўнік дэтэктыўнага агенцтва.

-- Не маеце права! -- паўтарыў Сцяпан.

Асцюкоў ляпнуў рукою па жываце.

-- Маю права. Мяне ў Васілевічы для расследавання накіравалі.

-- А дзе ваш дакуменцік? Пакажыце мне свой дакуменцік, -- вырашыў не здавацца Сцяпан.

-- Рукі ўгору! Першы стрэл -- у паветра, другі -- прыцэльны, -- папярэдзіў Іванавіч.

"Няхай будзе па-твойму. Карона з мяне не спадзе", -- падумаў Сцяпан і падняў рукі ўгору.

Іванавіч прыставіў пісталет да грудзей Сцяпана, памацаў правую кішэню, затым -- левую і адышоўся, задаволены.

--  Сцяпан, вельмі не крыўдуй на мяне, зразумей. Нам паступіў сігнал, што на суседні хутар напалі бандыты.

-- На гэтым хутары жыве бабуля Аксеня! -- успомніў Сцяпан.

Іванавіч схаваў пісталет у кабуру.

-- Бандытам усё роўна, Аксеня яна ці Марыся.

-- Дык чаго ж вы тут стаіце, Іванавіч?

-- Зніклі бандыты, прапалі. З раённага аддзела міліцыі супрацоўнікі прыязджалі, шукалі іх. А я каля дарогі засаду зрабіў. А тут ты едзеш. Прама скажу: падазронай здалася мне твая асоба.

-- Што ж нам цяпер рабіць, Іванавіч? -- разгубіўся Сцяпан.

-- Зараз ты мяне на веласіпедзе ў Васілевічы завязеш. Лады?

-- Калі ласка, -- запрасіў Сцяпан. Хутка збудзецца ягонае жаданне: адчэпіцца ад яго настырны супрацоўнік дэтэктыўнага агенцтва.

Асцюкоў сеў на багажнік, звесіўшы ногі, а Сцяпан націснуў на педалі. Задаволены сабою, Іванавіч песню завёў: "У нас хлопцы бравыя, бравыя, бравыя..."

Нялёгка круціць Сцяпану. Дый раз'езджаная каляіна наперадзе.

-- Іванавіч, злезьце на хвілінку, -- папрасіў ён. -- Удвух па пяску не праедзем, не выцягне веласіпед.

-- Праедзем, выцягне, -- упэўнена сказаў Іванавіч.

-- Занясе. Упадзем.

-- Не занясе. Не ўпадзем.

Сцяпан як у ваду глядзеў. Вільнуў веласіпед у каляіне, і Сцяпан з Асцюковым паляцелі ў пясок.

Сцяпан устаў, падняў веласіпед. Круцяцца колы? Круцяцца, дзякуй Богу. Далей можна ехаць.

А Асцюкоў у каляіне сядзіць, за правую нагу трымаецца.

-- Іванавіч, выцяліся? -- паспачуваў Сцяпан.

Супрацоўнік дэтэктыўнага агенцтва ўстаў і прагаварыў:

-- Пяшком пойдзем у вёску.

-- Пяшком дык пяшком! Мне не прывыкаць, -- нявесела прамовіў Сцяпан.

 

ПАД КАНВОЕМ

 

Сцяпан наперадзе ідзе, веласіпед вядзе, а Іванавіч ззаду тэпае. Не ў гуморы Сцяпан. У думках ён лае і веласіпед, які праз пясок не выцягнуў, і калдобістую дарогу, а яшчэ рознымі непатрэбнымі словамі Іванавіча абзывае.

А Іванавіч павесялеў. Дастаў з кабуры пісталет і заспяваў пад нос: "У нас хлопцы бравыя, бравыя, бравыя..."

-- Іванавіч, пісталет схавайце, -- папрасіў Сцяпан. -- Людзі падумаюць, што пад канвоем мяне ведзяце.

-- Вельмі нярвуешся ты, грамадзянін. Прыйдзецца праверыць тваю асобу, -- прагаварыў Іванавіч.

Так і прыйшлі яны ў вёску. Уперадзе Сцяпан з веласіпедам, а ззаду супрацоўнік дэтэктыўнага агенцтва з пісталетам у руцэ.

З хаты, заўважыў Сцяпан, выйшла цётка Ніна. Стала на ганку і з-пад рукі ўзіраецца на дарогу.

Сцяпан шмаргануў носам, як школьнік, які правініўся перад настаўнікам.

-- Добры дзень, цётка Ніна!

-- Сцяпанка, чаму гэты чалавек пад пісталетам цябе вядзе? -- азвалася цётка Ніна.

Сцяпан кіўнуў галавою, паказаўшы на Іванавіча.

-- Гэты чалавек супрацоўнік дэтэктыўнага агенцтва "Меч". Запыніў мяне ў лесе. Падазрае, што я бандыт, што хутар хацеў абрабаваць!

З хаты выйшлі Ганулька, Максім і бабуля Аксеня.

-- Бабуля Аксеня, гэты супрацоўнік дэтэктыўнага агенцтва казаў, што на вас бандыты напалі, а вы, як бачу, жывая і здаровая! -- паказаўшы на Асцюкова, усклікнуў Сцяпан.

-- Адбіліся мы ад бандытаў, прагналі іх. Ніна да сябе мяне забрала, баіцца, што вернуцца бандыты, -- ахвотна растлумачыла бабуля Аксеня.

-- Чаму дэтэктыў нашага Сцяпана арыштаваў? -- ціха запыталася ў Максіма Юля.

-- Не хвалюйся. Зараз разбярэцца і адпусціць, -- супакоіў сяброўку Максім.

-- Грамадзянка, -- звярнуўся да цёткі Ніны Асцюкоў, -- як ваша прозвішча?

Ціха стала на падворку. Нават Юля і Максім змоўклі.

-- Яскевіч маё прозвішча, -- прамовіла ў цішыні цётка Ніна. -- А ваша як?

-- Асцюкоў Павел Іванавіч! -- адрэкамендаваўся супрацоўнік дэтэктыўнага агенцтва "Меч" і стукнуў абцасамі.

-- Іванавіч! -- як бы падвяла рысу цётка Ніна.

Асцюкоў перавёў позірк на бабулю Аксеню.

-- Значыць, на вас нядаўна напалі бандыты...

-- Але. Саўка і Мішка, -- кіўнула галавою бабуля Аксеня. -- А Сцяпан наш хлопец, васілевіцкі!

Сцяпан з палёгкай уздыхнуў. Нарэшце скончыліся ягоныя пакуты. Абараніла яго бабуля Аксеня. Цяпер супрацоўніку дэтэктыўнага агенцтва прыйдзецца прабачэння папрасіць.

Ды дарма спадзяваўся Сцяпан. Іванавіч не папрасіў у яго прабачэння.

-- Можна ў вас вады папіць? -- запытаўся, уважліва паглядзеўшы на Ганульку і цётку Ніну.

Цётка Ніна ўзяла Асцюкова пад руку і сказала, як праспявала:

-- Хадземце ў хату, Іванавіч!

Асцюкоў яшчэ раз паглядзеў на Ганульку і аблізнуўся.

-- Пайду, раз ад душы запрашаеце.

Ганулька, цётка Ніна, бабуля Аксеня, Максім і Юля -- усе, грамадою -- павялі Іванавіча ў хату, а Сцяпан ускочыў на веласіпед і адным духам дамоў. Толькі яго і бачылі.

 

КАЛІ НЕ ХОЧАЦЦА ЗАБАЎЛЯЦЬ

 

Як ганаровага госця, у святліцы за стол пасадзіла Іванавіча цётка Ніна.

-- Пазабаўляй яго, -- шапнула Ганульцы, а сама ў каморку пабегла.

Сядзяць за сталом Іванавіч і Ганулька. Бабуля Аксеня на канапу прысела, а Юля і Максім у парозе стаяць. Максім Ганульцы язык паказвае.

-- Вас як зваць? -- кашлянуўшы ў кулак, звярнуўся да Ганулькі Іванавіч.

-- Гануляй, -- прамовіла Ганулька, як бяззубая. Ёй са Сцяпанам хацелася пабыць, нагаварыцца ўволю. Ён жа паабяцаў ёй, што сёння купіць залаты заручальны пярсцёнак.

-- Прыгожае ў вас імя! -- усміхнуўся Іванавіч.

-- Звычайнае імя, -- скрывілася Ганулька.

-- Не, незвычайнае. Гэтае імя... Незвычайнае гэтае імя!

"Дзе ж падзелася мама? Чаму яна не ідзе?" -- бядуе, непакоіцца Ганулька.

На яе шчасце, неўзабаве прыйшла маці, графінчык вішнёвай настойкі на стол паставіла.

-- Зараз пачастуецеся, Іванавіч.

Цяжка ўздыхнуў Іванавіч.

-- За рулём настойку не ўжываю.

-- За якім рулём? -- не зразумела цётка Ніна.

Іванавіч ускочыў з крэсла.

-- Я ж свой матацыкл у кустах паставіў і забыўся!

-- У якіх кустах?

-- Там, дзе Сцяпана запыніў. Пабягу-у!..

-- Можна і мне з вамі? -- папрасіў Максім. Хоць і не спадабаўся яму  Іванавіч, ды на матацыкле дэтэктыўнага агенцтва захацелася праехаць.

Іванавіч уважліва паглядзеў на Максіма і запытаўся:

-- Ты хто такі?

-- Максім. Малодшы брат Ганулькі.

Іванавіч прыязна ўсміхнуўся.

-- Можна, калі так.

-- А мне можна? -- запыталася Юля. Хіба яна адстане ад Максіма?

-- А ты хто такая?

-- Юля. Малодшая сястра Ганулькі, -- схлусіла Юля.

-- І табе можна. -- Іванавіч павярнуўся да Ганулькі і шчоўкнуў абцасамі. -- Да пабачэння, шаноўная Гануля!

 

ЯК БАНДЫТЫ ІВАНАВІЧУ НОС ПАДЦЕРЛІ

 

Іванавіч збочыў з лясной дарогі і павёў Максіма і Юлю праз кусты. Прайшоўшы метраў трыццаць, ён спыніўся і азірнуўся.

-- Што за чорт! Няма!..

-- Каго няма, дзядзька Іванавіч? -- пацікавіўся Максім.

-- Не каго, а чаго, -- паправіў яго Іванавіч. -- Майго матацыкла няма.

-- Можа,  вы яго не тут паставілі? -- засумнявалася Юля.

-- Тут. Вось бярозавы пянёк! Як арыенцір, ён у мяне. -- Іванавіч стукнуў нагою па пяньку і ледзь не зваліўся, страціўшы раўнавагу: струхлелы пянёк ад моцнага ўдару ў пыл рассыпаўся.

-- Спрытна вы стукнулі! -- пахваліла Іванавіча Юля.

Асцюкоў нагнуўся і пачаў уважліва ўзірацца.

-- Тут стаяў мой матацыкл, тут! Сляды ад колаў засталіся. А вы мне: не тут, не тут!.. Следапыты знайшліся!

-- Дзядзька Іванавіч, я ведаю, дзе ваш матацыкл, -- падаў голас Максім.

Супрацоўнік дэтэктыўнага агенцтва імгненна адагнуўся.

-- Дзе?

-- Саўка і Мішка яго ўкралі. Тыя самыя бандыты, якія з бабулі Аксені здзекаваліся, -- паведаміў Максім.

Вочы ў Іванавіча сталі калючыя, быццам іголкі ў вожыка.

-- Ты як праведаў?

-- Яны сваю машыну каля хутара пакінулі, бо я паветра з кола спусціў. У гаёчку стаіць іхняя машына. Бачыў!

-- Дзядзька Іванавіч, на вашым матацыкле яны ў горад ўцяклі! -- усклікнула Юля.

Іванавіч наморшчыў лоб, крыху падумаў і аб'явіў:

-- Саўка і Мішка сёння вечарам прыедуць на матацыкле і паспрабуюць забраць машыну. Я ў тым гаёчку засаду зраблю і адным стрэлам двух зайцаў застрэлю. Скручу Саўку і Мішку і свой матацыкл забяру.

 

ЯК ІВАНАВІЧ САПСАВАЎ НАСТРОЙ СЦЯПАНУ

 

Максіма і Юлю Іванавіч адправіў дамоў, а сам застаўся ў лесе.

-- Дзядзька Іванавіч, што вы ў лесе будзеце рабіць? -- перад гэтым пацікавіўся Максім.

-- Чакаць! -- коратка адказаў Іванавіч.

-- Зразумела! -- гэтак жа коратка прагаварыў Максім і разам з Юляй падаўся ў вёску.

У вёсцы іх сустрэў Сцяпан.

-- Іванавіч у горад паехаў? -- запытаўся ён.

-- Саўка і Мішка Іванавічу нос падцерлі: матацыкл укралі, -- прамовіў Максім.

 -- А Іванавіч даў слова, што зловіць іх, -- дадала Юля.

-- Ён іх зловіць як рак свісне, -- заўважыў Сцяпан.

А Максім вазьмі ды скажы яму:

-- Супрацоўнік дэтэктыўнага агенцтва ў нашу Ганульку закахаўся!

-- Глядзі, каб не адбіў яе ў цябе, -- папярэдзіла брата Юля.

Сцяпан штосьці буркнуў і пайшоў незадаволены.

Сапсаваў яму настрой Іванавіч.

 

НЕЧАКАНАЯ ПРАПАНОВА

 

Перад заходам сонца Іванавіч выйшаў з лесу. Максім з Юляй даўно яго чакалі, седзячы на лаўцы. Максім вырашыў папрасіць Іванавіча, каб узяў з сабою ў засаду. А яшчэ ён выконваў даручэнне Ганулькі. Наказала яму сястра:

-- Калі ўбачыш, што супрацоўнік дэтэктыўнага агенцтва да нас ідзе, папярэдзь мяне. Я ад яго на гарышчы схаваюся.

Ды дарма яна непакоілася. У гэты вечар не пра Ганульку, а пра бандытаў думаў Іванавіч. Вельмі ж яму хацелася злавіць іх.

Вось як было. Калі Іванавіч наблізіўся да лаўкі, яны, Максім і Юля, усталі і дружна прывіталіся:

-- Добры дзень, дзядзька Іванавіч!

Асцюкоў не адказаў на прывітанне. Ці то не захацеў, ці то не расслухаў, заняты сваімі важнымі думкамі.

-- Максім, пакліч Сцяпана. Няхай сюды прыйдзе на хвілінку, -- прамовіў ён.

-- Я паклічу. Я малодшая Сцяпанава сястра, -- падахвоцілася Юля.

У Іванавіча бровы папаўзлі ўгору.

-- Ты ж раней казала, што малодшая сястра Ганулі!

-- Тады я проста так сказала, -- усміхнулася Юля і пабегла дамоў.

Асцюкоў правёў яе вачыма і паківаў галавою.

-- Яна проста так!

-- Не бярыце ў галаву, дзядзька Іванавіч, -- суцешыў супрацоўніка дэтэктыўнага агенцтва Максім.

-- Дзіўныя ў Васілевічах людзі! Нездарма тут бандыты развяліся, -- наморшчыўшы лоб, прагаварыў Іванавіч.

"Куды ж ён хіліць? Няўжо лічыць, што ў нас бандыт на бандыту сядзіць і бандытам паганяе? Мабыць, так", -- падумаў Максім і пацікавіўся:

-- Дзядзька Іванавіч, вы даўно працуеце ў дэтэктыўным агенцтве?

Асцюкоў не паспеў адказаць: з хаты выйшлі Сцяпан і Юля.

-- Іванавіч, чаго клікалі? -- падышоўшы бліжэй, запытаўся Сцяпан.

Іванавіч, што называецца, вырашыў адразу ўзяць быка за рогі.

-- Сцяпан, вечарам пойдзеш са мною ў засаду. На хутары бандытаў будзем лавіць.

Максім з зайздрасцю паглядзеў на Сцяпана. Шанцуе чалавеку! Сёння ён уволю настраляецца. Саўка і Мішка, вядома ж,  проста так не здадуцца. Каму хочацца за кратамі сядзець, турэмную баланду хлёбаць?

-- Лады? -- з надзеяй паглядзеў на Сцяпана Іванавіч.

-- У дэтэктыўнае агенцтва патэлефануйце. Няхай адтуль вам падмогу прышлюць, -- параіў Сцяпан.

Іванавіч колам выгнуў грудзі.

-- Я сам бандытаў хачу ўзяць!

-- Ну дык бярыце!

-- Бандыты з бабулі здзекаваліся, а ты шкадуеш іх? -- насупіўся Іванавіч.

-- Я не шкадую бандытаў. Яны мне не родзічы, -- сказаў Сцяпан.

-- А дзе тваё грамадзянскае сумленне? -- расхваляваўшыся, замахаў рукамі Іванавіч. -- Згубіў ці дома пакінуў?

-- Няхай будзе па-вашаму, Іванавіч! -- уздыхнуў Сцяпан.

-- Даўно б так!-- узрадаваўся Асцюкоў. -- Зброя ў цябе ёсць?

-- Паляўнічая двухстволка. На зайцаў зімою палюю.

-- Двухстволка? -- наморшчыў лоб Іванавіч. -- Хадзем у хату. Праверу, ці ёсць у цябе дакументы на яе.

-- І я хачу з вамі ў засаду! -- вырвалася ў Максіма.

-- Дзецям не дазваляецца! -- сказаў, як цвіком прыбіў, Іванавіч.

Сцяпан і Іванавіч накіраваліся ў хату. Максім адчуў, як запякло на душы. Што ж выходзіць? Ён цэлых сем гадоў правучыўся ў школе, і ўсё яшчэ дзіця? А хто бабулю Аксеню нядаўна ад расправы выратаваў? А хто падказаў супрацоўніку дэтэктыўнага агенцтва, што бандыты ў гаёчку "Мерсэдэс" пакінулі? Хіба не ён, Максім, здагадаўся з кола паветра спусціць?

-- Максімка, не зловяць яны бандытаў. Перасварацца ў засадзе, -- вырашыла суцешыць сябра Юля.

-- Мабыць, не зловяць... Я іх злаўлю! -- крыху падумаўшы, заявіў Максім.

-- І я пайду з табою! -- усклікнула Юля.

-- Цябе я не вазьму! -- пакруціў галавою Максім.

-- Не возьмеш -- Сцяпану раскажу, што бандытаў сабраўся лавіць.

Максім пачухаў патыліцу. Юля раскажа. І Сцяпану, і Іванавічу, і Ганульцы. Што ёй зробіш? На рот замок не павесіш.

-- Так і быць, вазьму. У гаёк не пойдзеш, за Аксенінай хатай пастаіш. Дамовіліся? -- прагаварыў Максім і ўважліва паглядзеў на Юлю.

-- Дамовіліся, -- кіўнула галавою Юля.

 

У ЗАСАДЗЕ

 

Калі сцямнела, Максім і Юля падышлі да гаёчка.

-- Сцяпан і Іванавіч яшчэ ў хаце, усё спрачаюцца, -- паведаміла Юля.

-- Бяжы за хату і стой там! -- сказаў Максім.

А Юля заўпарцілася.

-- Не пабягу. Адна баюся ў цемнаце.

-- Ідзі за мною і не распускай язык, як Іванавіч, --  незычліва прагаварыў Максім. Ён зразумеў, што аднакласніца цяпер ні на крок ад яго не адстане.

Асцярожна ступаючы, Юля і Максім прабіраліся па ўскрайку гаёчка. Увесь напружыўшыся, Максім глядзеў уперад. Што ж гэта стаіць каля каржакаватай хваінкі? Няўжо матацыкл? Але, матацыкл. Асцюкова, няйначай.

-- Мішка, хутчэй качай, старайся! -- данёсся з цемры голас Саўкі.

-- А я хіба не стараюся?.. Спацеў, як мыш! -- агрызнуўся Мішка.

Максім пераступіў з нагі на нагу. Іванавіч са Сцяпанам без канца спрачаюцца, а бандыты неўзабаве накачаюць у кола паветра, сядуць у "Мерсэдэс" і паедуць. Як жа затрымаць іх? Крыкнуць, напалохаць? Але ж яны ўзброеныя. Доўга не будуць думаць, выстраляць. Па-іншаму трэба зрабіць: да матацыкла непрыкметна падкрасціся і завесці. Разгубяцца Саўка і Мішка, пачуўшы гул матацыкла. Пакуль будуць разбірацца што да чаго, Іванавіч са Сцяпанам, дасць Бог, у гаёчак прыбягуць.

-- Юлька, стой і не варушыся! -- загадаў Максім і, падкраўшыся да матацыкла, павярнуў ключ запальвання і завёў яго. Гучна загудзеў у цішыні матацыкл.

-- Ой! --ад неспадзеўкі вырвалася ў Юлі.

Максім схапіў сяброўку за руку і пабег з гаёчка.

-- Мішка, што там нарабілася? -- пачуўся спалоханы крык Саўкі.

-- Матацыкл завёўся!

-- Сам?

-- Відаць, сам.

-- Сам не завядзецца. Гэта засада! Страляй, Мішка!

Прагучала аўтаматная чарга.

Максім ніцма ўпаў на зямлю і пацягнуў за сабою Юлю.

А Мішка, як відаць, пацэліў у бак з бензінам, бо пачуўся выбух, і яркае полымя асвятліла наваколле.

"Бух-бух... Бух-бух..." -- праз хвіліну ад дарогі данесліся стрэлы.

"Іванавіч і Сцяпан падаспелі, па бандытах страляюць", -- здагадаўся Максім.

Прыцэльна стралялі Іванавіч і Сцяпан. Камусьці з іх удалася пацэліць у бак "Мерсэдэса". "Мерсэдэс", як і матацыкл Асцюкова, выбухнуў і загарэўся яркім полымем. А Саўка і Мішка ўцяклі, цудам выратаваліся. На другі дзень прыязджалі салдаты, разам з Іванавічам прачэсвалі гаёчак. Налазіўшыся па гаёчку, селі ў грузавік і паехалі. І Іванавіча з сабою забралі. Пасля гэтага ён не вярнуўся ў Васілевічы. За ўдала праведзеную аперацыю па ліквідацыі банды яго ўзнагародзілі імянным гадзіннікам і перавялі на працу ў большы горад. Сцяпан вельмі ўзрадаваўся, калі праведаў пра гэта.

-- Максімка, добра, што Іванавіча перавялі ў большы горад.  У мяне як камень з душы зваліўся, -- прызнаўся ён.

 

КАЛЯ ДУБА

 

Прайшло колькі дзён. Аднаго разу да Максіма прыйшла Юля і сказала:

-- Максімка, табе дасталася дзірка ад абаранка.

-- Чаму? -- не зразумеў сяброўку Максім.

-- Бо абаранак дастаўся Іванавічу.

-- Давай самі, без памагатых, знойдзем у лесе схоў Саўкі і Мішкі, -- прапанаваў Максім.

-- Давай! -- загарэлася Юля.

Два дні яны з Юляй шукалі бандыцкі схоў. А на трэці дзень, натаміўшыся, прыселі на пагорку. Гэты пагорак людзі назвалі Каўпаком. Тут рос роўны, як струна, дуб-велікан.

-- Над усім лесам узвышаецца гэты дуб! -- зірнуўшы ўгору, з захапленнем прамовіла Юля.

На пагорак нечакана выйшлі... Сцяпан і Ганулька.

Максім схапіў Юлю за руку і пацягнуў за куст.

-- Давай крыху паназіраем за імі!

-- Сцяпанка, я такая шчаслівая! -- усклікнула Ганулька, павярнуўшыся да каханага.

-- Чаму, Ганулька? -- запытаўся Сцяпан. Што ж, прыемнае слова ад дзяўчыны яму захацелася пачуць.

-- Не скажу. Сам здагадайся, -- усміхнулася Ганулька.

Сцяпан затупацеў нагамі.

-- Зараз я цябе злаўлю, і ўсё-ўсё раскажаш!

-- Не зловіш! -- забегла, схавалася за дуб Ганулька.

Сцяпан -- за ёю, яна -- ад яго.

Максім моўчкі паківаў галавою. У даганялкі Сцяпану і Ганульцы ўздумалася пагуляць. Відаць, датуль будуць бегаць, пакуль не зняможацца. Вось каб зняць іх на відэакамеру і потым пракруціць, паказаць!

-- Цікава? -- таўханула ў бок Максіма Юля.

-- Надта цікава, -- адказаў Максім.

Ганулька нарэшце спынілася, спінаю прытулілася да дуба і дастала з-за пазухі канверт.

-- Што гэта? -- пацікавіўся Сцяпан.

-- Канверт, а ў канверце пісьмо.

Сцяпан выцягнуўся, як лазіна.

-- Ад каго?

-- Ад Іванавіча.

Юля, заўважыў Максім, нават дыхаць перастала. Не толькі Сцяпана, але і яе зацікавіла пісьмо ад Іванавіча. Усё-ткі аб'явіўся ён на гора Сцяпану. Сам у вёску не змог прыехаць. Пісьмо прыслаў Ганульцы.

-- Прачытаць? -- махнула канвертам Ганулька.

-- Чытай! -- спахмурнеў Сцяпан.

Ганулька дастала з канверта пісьмо і стала выразна чытаць, як настаўніца чытае дыктоўку прыціхлым шкалярам:

-- Шаноўная Гануля! У першых радках свайго пісьма хачу паведаміць, што я жывы і здаровы, чаго і Вам жадаю. Не ведаеце Вы, Гануля, як рвуся да Вас!..

-- Я пайду! -- перапыніў Ганульку Сцяпан.

-- Пакрыўдзіўся?.. Хіба мне патрэбен Іванавіч?.. Глядзі, што зраблю з ягоным лістом! -- сказала Ганулька і не толькі пісьмо, але і канверт на шматкі парвала і падкінула ўгору. Незвычайнымі парашуцікамі ўпалі на зямлю кавалачкі старанна спісанай Іванавічам паперы.

-- Я ўсё роўна пайду! -- заявіў Сцяпан і паплёўся ў глыб лесу.

Ганулька крыху пастаяла, уздыхнула і накіравалася за Сцяпанам.

-- Зноў гэты Іванавіч! -- усхліпнула Юля. -- Сцяпану падножку падстаўляе!

"Падножку падстаўляе". Бяда вялікая! Вядома, Іванавіч не падаруначак для Сцяпана. Але ж Ганулька кахае не яго, а Сцяпана", -- разважыў Максім і сказаў аднакласніцы:

-- Не плач. Яны зараз памірацца і вернуцца.

З гушчару данесліся галасы Сцяпана і Ганулькі.

-- Ужо вяртаюцца, памірыліся! -- зазначыў Максім.

 

НЕВЕРАГОДНАЕ

 

Максім не памыліўся. Сцяпан і Ганулька неўзабаве зноў з'явіліся на пагорку. Ганульку быццам ветрам вынесла на пагорак. Падбегшы да дуба-велікана, яна ўхапілася за яго рукамі і радасна крыкнула:

-- Сцяпанка-а!..

"Тук-тук, тук-тук, тук-тук..." -- раптам пачулася побач. Ну нібыта сэрца забілася гучна, раўнамерна.

-- Што гэта, Сцяпанка? -- азірнулася Ганулька.

-- Чыёсьці сэрца гучна б'ецца! -- выказаў здагадку Сцяпан.

Ганулька адбеглася ад дуба, і раўнамерны гук, падобны на біццё сэрца, адразу ж заціх, быццам абарваўся.

-- Чаму цяпер не б'ецца гэтае сэрца? Можа, нам здалося, што яно білася?

-- Мо і здалося, -- паціснуў плячыма Сцяпан.

-- Максімка, чыёсьці сэрца сапраўды білася! -- прашаптала Юля.

Як і Юля, ён, Максім, быў перакананы, што нядаўна ў лесе гучна білася чыёсьці сэрца... А мо гэты незвычайны гук даносіўся з бандыцкага схову? Можа, Саўка і Мішка ў схове нейкі апарат уключылі? Сказаць пра гэта Юльцы? Відаць, не трэба. Сцялася, сядзіць ні жывая ні мёртвая... Увесь гушчар аблазілі, шукаючы схоў, ды так і не знайшлі яго...

-- Сцяпанка, хадзем дамоў! -- захвалявалася Ганулька.

Сцяпан не паспеў адказаць, бо нечакана нехта нябачны заспяваў:

Ой, у полі крынічанька,

                                                    Там халодна вадзічанька.

                                                    

                                                    Ой, там Раман валоў пасе,

                                                    Кацярына ваду нясе.

 

                                                    Стаў Раманку жартаваці,

                                                    З вядзёр ваду выліваці.

 

                                                    -- Ой, Рамане, маё сэрца,

                                                    Пакінь вады хоць вядзерца.

                                                                                 З народнага.

                                                                       [2, стар. 663 -- 664]

Ганулька скрывілася, быццам перад плачам.

-- Пабеглі, Сцяпанка!

Сцяпан моўчкі накіраваўся ў кусты, туды, дзе сядзелі Максім і Юля.

-- Куды пайшоў? -- усклікнула Ганулька.

-- Нейкі жартаўнік непадалёку схаваўся, пацяшаецца з нас. Зараз я яго правучу! -- сказаў Сцяпан.

Што заставалася рабіць Максіму і Юлі? Яны пераглянуліся і выйшлі з-за куста.

Убачыўшы іх, не на жарты разышлася Ганулька.

-- Схаваліся, падглядвалі за намі! Не сорамна вам?..

-- Спачатку падглядвалі, а потым пра крынічаньку заспявалі! -- з дакорам прагаварыў Сцяпан.

-- Сцяпан, не злуйся на Максіма і Юлю! -- неспадзявана прагучала побач.

Ганулька зірнула на дуб-велікан і адступіла.

-- Здаецца, дуб загаварыў! Сцяпанка!..

Сцяпан абняў каханую і прытуліў да сябе.

-- Са страху табе здалося. Выкінь з галавы.

-- Так, гэта я загаварыў, не памылілася Ганулька, -- зноў у цішыні прагучала над палянай.

-- Ты загаварыў? Не хлусіш? -- запытаўся ў дуба-велікана Сцяпан.

Дуб-велікан замахаў голлем, вітаючыся з васілевіцкімі людзьмі.

-- Я ваш даўні продак, які калісьці загінуў і перакінуўся ў гэта дрэва.

-- Як загінуў? -- вырвалася ў Сцяпана.

-- На Васілевічы ворагі хацелі напасці, а я іх заўважыў і падаў сігнал трывогі.

-- Хадзем дамоў! Хутчэй! -- пацягнула за руку Сцяпана Ганулька.

-- Пачакай, -- сказаў Сцяпан і звярнуўся да дуба-велікана: -- Дык ты Жывое Дрэва?

Максім моўчкі паківаў галавою. Недаверлівы стаў Сцяпан пасля таго, як пазнаёміўся з Іванавічам. Нездарма кажуць: з кім павядзешся, ад таго і набярэшся.

-- Да гэтага я спаў, -- азваўся дуб-велікан. -- Маё сэрца білася ціха. Вы мяне разбудзілі, ваша шчасце новыя сілы дало. А калі Ганулька да мяне дакранулася, моцна забілася сэрца маё!

-- Не верыцца! -- прамовіла Ганулька.

"І ёй не верыцца. І яна стала, як Іванавіч. Што ж гэта найшло на яе і на Сцяпана?" -- з горкасцю падумаў Максім.

-- Ганулька, -- з нейкай асаблівай пяшчотай прагаварыла Жывое Дрэва, -- дакраніся да мяне яшчэ раз! Калі ласка!

Ганулька пачала адступаць назад.

-- Не...

Мабыць, пабегла б, уцякла яна, калі б Сцяпан яе не спыніў.

-- Дакраніся, Ганулька! Ён наш даўні продак! Ён не зробіць нам зла.

-- Паспрабую!.. Дакрануся!.. -- Ганулька на дыбачках наблізілася да Жывога Дрэва і кончыкам пальца дакранулася да ягонага шурпатага ствала.

"Тук-тук, тук-тук, тук-тук..." -- гучна забілася сэрца Жывога Дрэва.

-- Б'ецца, як і тады, як і першы раз! -- здзівілася Ганулька.

-- Твае ласкавыя, пяшчотныя рукі мне сілы прыбаўляюць, -- растлумачыла Жывое Дрэва.

-- Не верыцца. Усё роўна не верыцца! -- ціха прагаварыла Ганулька і адышлася ад Жывога Дрэва, сэрца якога зноў стала біцца ціха, нячутна.

-- Напалохаў я вас! Прабачце! Не хацеў! -- калыхнуў магутнай вершалінай дуб-велікан.

-- Хадземце дамоў! -- усклікнула Ганулька.

Сцяпан узяў яе за руку і сказаў, павярнуўшыся да дуба:

-- Жывое Дрэва, продак мой даўні, я неўзабаве вярнуся. Мы яшчэ паразмаўляем з табою.

"Я таксама сюды неўзабаве вярнуся. Я таксама паразмаўляю з табою", -- падумаў Максім. Ён не зводзіў  вачэй з Жывога Дрэва.

 

НЕСПАДЗЯВАНЫ ГОСЦЬ

 

Гэты дзень быў багаты на сюрпрызы. У гэты дзень яны сыпаліся як з рога ўсяго многа.

Да Ганулькі, чаго ніхто не чакаў, на легкавушцы прыехаў Асцюкоў.

-- Добры дзень, Іванавіч! -- скрывіўшыся, прывітаўся Сцяпан, калі Асцюкоў вылез з легкавушкі.

-- Юлька, глядзі! -- сказаў Максім. -- Раней Іванавіч ездзіў на матацыкле, а цяпер -- на легкавушцы. Во як падняўся ён!

Іванавіч выняў з кішэні невялікі чорны пісталет і наставіў яго на Максіма. Максім адхіснуўся. Яго быццам у грудзі знячэўку штурхнулі.

-- Не бойся, хлопец! -- засмяяўся Іванавіч. -- Гэты пісталет не сапраўдны, цацачны. Бяры, табе прывёз.

-- Чаму мне? -- разгубіўся Максім.

-- Бо ты малодшы брат Ганулькі, -- растлумачыў Іванавіч.

Максім узяў пісталет і пакруціў у руках. Хацеў прыцэліцца ў Іванавіча, ды перадумаў. З ім лепш не звязвацца. Ганаровы стаў, атрымаўшы легкавушку. На Сцяпанава прывітанне не адказаў. І з Ганулькай не прывітаўся. А яна ж таксама тут, на вуліцы. Не паспела схавацца на гарышчы.

-- Падабаецца табе пісталет? -- пацікавіўся ў Максіма Іванавіч.

Максім кіўнуў галавою і націснуў на курок. Пачуўся стрэл, і са ствала пацягнула дымком.

Іванавіч усміхнуўся і перавёў позірк на Ганульку.

"Зразумела, чаму Асцюкоў прыехаў у вёску. Да Ганулькі будзе сватацца, няйначай", -- падумаў Максім і павіншаваў дэтэктыва:

-- З павышэннем вас, дзядзька Іванавіч!

-- Дзякую, Максім. Я цяпер камандую двума супрацоўнікамі агенцтва, -- пахваліўся Іванавіч.

-- Дзвюмя супрацоўніцамі? -- засмяялася, вырашыла пацешыцца Ганулька.

Іванавіч адчыніў дзверцы легкавушкі і выняў з яе вялікі букет чырвоных ружаў.

-- О!-- вырвалася ў Юлі.

Іванавіч наблізіўся да Ганулькі і працягнуў ёй букет.

-- Дару!

Максім глянуў на Сцяпана. Сцяпан кулакі сцяў, вачыма Асцюкова свідруе.

"Чаго добрага, яшчэ паб'юцца яны, чубы адзін аднаму павыдзіраюць", -- падумаў Максім і стаў між Іванавічам і Сцяпанам, адгарадзіўшы іх, як сцяною.

-- Іванавіч, я не магу прыняць ваш падарунак, -- сказала Ганулька.

-- Чаму? -- шчыра здзівіўся Іванавіч.

-- Адчапіцеся вы ад мяне! -- крыкнула Ганулька і пабегла дамоў.

І Сцяпан накіраваўся дамоў, спяваючы пад нос:

-- Мы хлопцы бравыя, бравыя, бравыя...

Іванавіч паклаў букет у легкавушку і, прамовіўшы плаксівым голасам "Што мне цяпер рабіць?", пашыбаваў у лес.

-- Максім, -- падала голас Юля, -- баюся я за Іванавіча.

Задумаўся Максім. Гора дэтэктыва пагнала ў лес. А ён дрымучы, далёка цягнецца. Чужому чалавеку лёгка заблудзіцца ў ім.

-- Думаеш, што заблудзіцца Іванавіч? -- паглядзеўшы на Юлю, прагаварыў Максім.

-- Думаю, што заблудзіцца, -- кіўнула галавою Юля. -- Трэба дагнаць яго.

-- Трэба, -- пагадзіўся хлопец.

 

КУЛАКОМ ПАД ДЫХ

 

Максім і Юля дагналі Іванавіча ў лесе. Ён ішоў напралом, не выбіраючы дарогі.

-- Куды ж яго нясе? -- не стрывала Юля.

Прайшоўшы яшчэ крыху, Асцюкоў сеў на пень і абхапіў рукамі галаву. А з кустоў выйшлі... Саўка і Мішка з торбамі праз плячо.

У Максіма заняло дыханне.

Саўка і Мішка ўжо каля самага Іванавіча. Саўка дастаў з-за пояса пісталет і нагою таўхануў Іванавіча ў бок.

-- Чаго на нашым пні рассеўся?.. Уставай, разява!

Іванавіч ускочыў, вачыма моргае, быццам сонны.

-- Хто вы? Чаго хочаце ад мяне?

Бандыты ўзяліся за рукі і заспявалі, кружачыся вакол дэтэктыва:

Мы піраты -- людзі не бедныя,

                                              Мы не любім грошы медныя.

                                              Нам даляры падавай...

                                              Шмат даляраў дай, дай, дай...

-- Маўчаць! Я супрацоўнік дэтэктыўнага агенцтва "Меч"! -- крыкнуў Іванавіч. Усё-ткі вывелі яго з сябе бандыты.

Саўка і Мішка аж прыселі, рагочучы.

Іванавіч падбег і схапіў Саўку за грудзі.

-- У турме будзеш сядзець, нары прасаваць!

А Саўка Іванавічу кулаком як дасць пад дых! Іванавіч вытрашчыў вочы і сагнуўся. Ззаду зайшоў Мішка і, склаўшы рукі, урэзаў Іванавічу па патыліцы. Дэтэктыў упаў і выцягнуў ногі.

"Эх, Іванавіч, Іванавіч! Гэта табе не са Сцяпана вяроўкі віць. Саўку і Мішку горлам не возьмеш", -- паспачуваў дэтэктыву Максім.

 

САЎКА І МІШКА ДЗЕЙНІЧАЮЦЬ, АЛЕ І МАКСІМ НЕ СПІЦЬ У ШАПКУ

 

Некалькі хвілін Іванавіч ляжаў нерухома, а затым застагнаў і паварушыўся.

-- Мішка, пушку ў яго забяры і рукі звяжы, -- загадаў хаўрусніку Саўка.

Мішка расшпіліў кабуру Асцюкова і выцягнуў з яе пісталет. Затым тонкай вяроўчынай звязаў яму рукі.

Асцюкоў зноў паварушыўся і сеў. Зірнуўшы на бандытаў, звязанымі рукамі дакрануўся да кабуры.

-- Забралі тваю пушку, не шукай! -- ухмыльнуўся Саўка.

-- За далярчыкі прададзім, -- засмяяўся Мішка.

Іванавіч апусціў галаву і прагаварыў:

-- У беспрытомнага пісталет забралі! Хоць сведак няма, але адкажаце. Усё ў пратакол запішу.

"Мы з Юлькай сведкі. Усё чуем, усё бачым. А Іванавіч малайчына. Аптыміст, можна сказаць. Пратакол сабраўся складаць... Значыць, верыць у сваю перамогу. Шкада, што сам слабаваты, што сілы ў яго малавата. Калі б меў вялікую сілу, то Саўка і Мішка даўно ляжалі б звязаныя", -- падумаў Максім.

-- Саўка, давай застрэлім дэтэктыва! -- прапанаваў Мішка.

Максім засунуў руку ў кішэню і намацаў пісталет -- падарунак Асцюкова. Гэты пісталет, мажліва, дапаможа выратаваць жыццё дэтэктыву. Калі выскачыць з ім і скамандаваць бандытам, каб рукі паднялі, то, напэўна, так і зробяць яны, спалохаюцца. Галоўнае -- дзейнічаць хутка, рашуча.

Саўка тыцнуў рукою, паказаўшы на прыгожую елачку, якая расла воддаль.

-- Мішка, колькі будзе крокаў да той елачкі?

-- Думаю, што пятнаццаць.

-- А я думаю, што менш. Паспрачаемся?

-- Паспрачаемся, -- пагадзіўся Мішка.

-- Выйграеш у мяне -- тут дэтэктыва застрэліш, прайграеш -- на хутар патупаціш, старую там застрэліш,-- сказаў Саўка і, шырока ступаючы, накіраваўся да елачкі.

Панурыўся Іванавіч. Сядзіць, згорбіўшыся, як дзядок. А Саўка і Мішка ўжо да елачкі набліжаюцца.

"Ёсць у Іванавіча шанц, каб уцячы", -- падумаў Максім і ціха свіснуў.

-- Не свішчы, Максімка! -- прашаптала Юля.

-- Іванавічу знак падаю! Хачу падказаць, каб уцякаў! -- растлумачыў Максім і зноў свіснуў.

А дэтэктыў каб хоць галаву падняў. Што ж, сваімі думкамі ён заняты. Неспакойнымі, змрочнымі думкамі.

-- Прайграў ты, Мішка! Трынаццаць крокаў да елачкі! -- весела прамовіў Саўка.

-- Прыйдзецца нам да старое на хутар ісці, -- прагаварыў Мішка і, як роўні, падмаргнуў Іванавічу.

-- Строга адкажаце за бабулю! -- павысіўшы голас, папярэдзіў бандытаў Іванавіч.

Мішка схапіў дэтэктыва за каўнер і падняў з зямлі.

-- І ты з намі пойдзеш. Скажаш старой, каб грошы нам аддала!

-- Не пайду да бабулі! -- заўпарціўся Іванавіч.

-- А мы не будзем цябе прасіць! -- крыкнуў Саўка і пхнуў Асцюкова ў плечы.

-- Максімка, што будзем рабіць? -- усхліпнула Юля.

-- За імі назіркам пойдзем.

 

ПЕРАМОЖЦА

 

Не пашанцавала бандытам, хоць і вельмі спяшаліся яны. На дзвярах Аксенінай хаты вісеў замок.

-- Старая, відаць, у вёску пабегла! -- сказаў Мішка.

Саўка сеў на лаўку,  якая стаяла каля хаты.

-- Пасядзім, пачакаем. Нам няма куды спяшацца.

-- Хлопцы, хлопцы! -- ушчуваючы, прагаварыў Іванавіч. -- Кіньце вы гэтую брудную справу.

-- Маўчы! -- узбурыўся Мішка і даў Іванавічу па патыліцы.

-- Максімка, мы доўга тут будзем сядзець? -- заварушылася Юля. Яна з Максімам затаілася на ўскрайку гаёчка.

-- Пакуль не возьмем іх, -- адказаў Максім.

Яму вельмі хацелася тут, каля хаты бабулі Аксені, арыштаваць бандытаў. Няхай паглядзела б Юлька, няхай пазайздросціў бы Іванавіч.

Максім у локці сагнуў правую руку, а леваю памацаў мускулы. Сілай бандытаў не возьмеш. Розумам прыйдзецца браць.

-- Максімка, вунь Грышка! -- падаўшыся ўперад, прамовіла Юля.

Сапраўды, з-за хаты выйшаў певень Грышка. І не адзін, а з курыцай-чубаткай. Убачыўшы Саўку і Мішку, Грышка распушыў пер'е і лапамі пачаў грабці зямлю, ва ўсе бакі раскідаючы пясок. А чубатка стаіць, з цікаўнасцю пазірае на ваяку Грышку.

-- Ажыў! -- зірнуўшы на пеўня, усклікнуў Саўка.

-- Шпоры точыць! -- разявіў рот Мішка.

Грышка штосьці прагаварыў на сваёй пеўневай мове і пачаў набліжацца да бандытаў.

Мішка ўсхапіўся з лаўкі і стаў адступаць.

-- Ён зараз нам вочы выдзеўбе! Саўка!..

Саўка штурхнуў Іванавіча і пагнаў перад сабою.

"Ку-ка-рэ-ку-у!.. Ку-ка-рэ-ку-у!.." -- як пераможца, пракукарэкаў Грышка.

Бандыты мінулі гаёк і падаліся ў лес.

-- Не адстану я ад вас, пакуль не арыштую! -- прашаптаў Максім і разам з Юляй пайшоў за бандытамі.

 

А СПАЧАТКУ СКЛАДВАЛАСЯ ДОБРА...

 

Саўка і Мішка прывялі Іванавіча на Каўпак і прывязалі да хвойкі, якая расла непадалёку ад Жывога Дрэва.

-- Вы мой матацыкл укралі, не забыўся я! -- выказаў хаўруснікам сваю крыўду Іванавіч.

Дзве іскрынкі-хітрынкі бліснулі ў вачах Саўкі.

-- Ты з пісталета ў "Мерсэдэс" пацэліў і ўзарваў яго?

Максім (ён з Юляй зноў затаіўся за кустам) да болю прыкусіў губу. Ці хопіць у Іванавіча розуму, каб прамаўчаць? Не даруюць яму Саўка і Мішка, калі скажа, што страляў і пацэліў у "Мерсэдэс".

-- Я страляў! Я пацэліў у бак з гаручым! -- выпаліў Іванавіч.

-- Паздзекуемся мы з цябе, дэтэктыўчык! -- пацёр рукі Мішка.

"Усё. Годзе адседжвацца ў кустах. Пара браць нахабнікаў", -- вырашыў Максім і, выскачыўшы з-за куста, наставіў на бандытаў пісталет -- нядаўні падарунак Іванавіча.

-- Рукі ўгору!

У Саўкі і Мішкі ад страху пашчэнкі задрыжалі. Яны дружна паднялі рукі.

Максім хацеў абяззброіць іх, але Іванавіч сказаў як у сук папаў:

-- Уцякай, Максім! З гэтым пісталетам ты мне не дапаможаш!

-- У яго пісталет не сапраўдны! -- здагадаўся Саўка і выхапіў з-за пояса свой, сапраўдны пісталет.

-- Нас не падманеш. Прайшлі агонь, ваду і медныя трубы, -- сталёвым голасам прагаварыў Мішка і рушыў на Максіма.

Максім з дакорам паглядзеў на Іванавіча. Так добра ўсё складвалася, ішло як па-пісанаму. І трэба ж было Іванавічу ўставіць свае тры капейкі! Эх, Іванавіч, Іванавіч! Разам прыйдзецца гараваць. Каб толькі Юлька не вылезла на паляну! Узрадуюцца бандыты, калі і яе зловяць.

-- Саўка, што будзем рабіць з гэтым разбойнікам з вялікай дарогі? --  запытаўся Мішка.

Прытанцоўваючы, Саўка наблізіўся да Максіма.

-- За яго выкуп возьмем. Далярчыкамі!

-- Шанцуе нам сёння, -- ухмыльнуўся Мішка.

-- Далярчыкамі! -- паўтарыў Саўка і заспяваў:

Мы піраты -- людзі не бедныя,

                                              Мы не любім грошы медныя.

                                              Нам даляры падавай...

                                              Шмат даляраў дай, дай, дай...

"Каб толькі Юлька не вылезла!.. Сядзі і не высоўвайся, Юлька!" -- у думках прасіў Максім.

А Юля ў гэты час стрымгалоў ляцела ў вёску. Разгубілася яна, калі ўбачыла, як Максім выскачыў з-за куста і наставіў на бандытаў цацачны пісталет. Ну а потым прыйшла ў сябе,  зразумела: трэба бегчы ў вёску, прасіць дарослых, каб дапамаглі Максіму і Іванавічу.

 

РАЗАМ СА СЦЯПАНАМ

 

На ўзлеску Юля сустрэла Сцяпана. Сцяпан прыйшоў у лес, каб паразмаўляць  з Жывым Дрэвам -- сваім даўнім продкам.

-- Братка, у лесе бандыты Саўка і Мішка! Яны спачатку схапілі Іванавіча, а потым -- Максіма. Максім хацеў выратаваць Іванавіча, цацачны пісталет наставіў на Саўку і Мішку! -- на адным дыханні выпаліла дзяўчынка.

-- Вядзі мяне туды, -- уважліва выслухаўшы сястру, сказаў Сцяпан.

Іванавіч і Максім стаялі, прывязаныя да хвоек. Саўкі і Мішкі паблізу не было.

-- Юлька, дзе бандыты? -- спыніўшыся ў кустах, запытаўся Сцяпан.

-- Не ведаю, -- паціснула плячыма Юля. Яна ва ўсе вочы глядзела на Максіма. Жывы-здаровы Максім, хоць і да хвойкі прывязаны!

Апярэдзіўшы Сцяпана, Юля падбегла і стала развязваць сябра.

-- Максімка, нацярпеўся ты!..

-- Дзе бандыты? -- перапыніўшы сястру, пацікавіўся ў Максіма Сцяпан.

-- Павалакліся кудысьці.

-- Чаму мяне не развязваеце?.. Чаму?.. -- затрапятаўся каля хвойкі Іванавіч.

Сцяпан паглядзеў на яго, уздыхнуў і пачаў развязваць. Пажвавеў дэтэктыў, нават твар у яго паружовеў.

-- Калі б бандыты знячэўку не аглушылі, то не паддаўся б я ім, -- прагаварыў.

-- Іванавіч, -- сказаў Сцяпан, -- хутчэй едзьце ў горад. Бандыты, напэўна, туды адправіліся. Там зловіце іх!

-- Яны бабулю Аксеню шукаюць. Хочуць расправіцца з бабуляй. У Васілевічы пайду,  папільную іх там! -- заявіў Іванавіч.

Спахмурнеў Сцяпан. У вёску цягне Асцюкова, каб каля Ганулькі ацірацца.

-- На хутары пільнуйце, Іванавіч! Бандыты дзесьці там круцяцца.

-- Бандыты сваю зброю тут згубілі! -- усклікнула Юля і падняла каля куста пісталет.

-- Мой! -- сказаў Іванавіч і выхапіў у дзяўчынкі пісталет. -- Не дастаўся бандытам. Са страху згубілі!

-- Іванавіч, на хутар ідзіце! -- напомніў Сцяпан.

Асцюкоў наском калупнуў мох.

-- У засаду?

-- У засаду.

Іванавіч, як звычайна, наморшчыў лоб, задумаўся.

-- На хутары, канешне, можна зрабіць засаду. Але ж бабуля вернецца ў хату!..  Пачнецца страляніна... Куля яе зачэпіць... Потым пішы, тлумач, чаму куля зачапіла бабулю.

-- Я папрашу бабулю Аксеню, каб у нас пажыла, -- вырашыў дапамагчы Сцяпану Максім. Ён зразумеў, што вось-вось горача паспрачаюцца Іванавіч і Сцяпан.

Іванавіч кашлянуў, прачышчаючы горла.

-- Яна ў вас, а я -- на хутары?

-- Так, так! -- сказаў Сцяпан.

-- Крыху пабуду на хутары, падзяжуру! -- мусіў пагадзіцца Іванавіч.

 

ЯК ІВАНАВІЧ З ПЕЎНЕМ ПАСЯБРАВАЎ

 

 У гэты раз бабуля Аксеня была дома.

-- Нікуды не пайду я, саколікі. Не ўгаворвайце мяне! -- заявіла яна, пачуўшы ад Максіма, што ёй зноў прыйдзецца перабірацца ў вёску.

Максім развёў рукамі і паглядзеў на Сцяпана: маўляў, дапамагай, Сцяпан, калі хочаш, каб Іванавіч каля Ганулькі не круціўся.

-- Бабуля Аксеня, -- пачаў Сцяпан, -- мы ж вас не ў ссылку ссылаем. Усяго адну ноч не паначуеце дома!

-- Усяго адну? -- у задуменні прагаварыла бабуля Аксеня. Было відаць, што вось-вось здасца яна.

Але Іванавіч ледзь усё не сапсаваў.

-- Бабуля, раю вам не ўпірацца, бо я, як супрацоўнік дэтэктыўнага агенцтва, сілу магу прымяніць, -- вырашыў напалохаць ён.

Абурылася бабуля Аксеня.

-- Мне нядаўна бандыты пагражалі!.. А цяпер супрацоўнік дэтэктыўнага агенцтва сілу хоча прымяніць?

-- Пажартаваў Іванавіч, -- пераступіў з нагі на нагу Сцяпан.

Бабуля Аксеня наблізілася да дэтэктыва.

-- Пажартаваў ці не пажартаваў? Кажы як на духу!

Асцюкоў пачырванеў і засоп носам.

-- Маўчыць -- значыць, пажартаваў. Маўчанне, як вядома, знак згоды, -- заўважыў Сцяпан.

Бабуля Аксеня змахнула з вачэй слязінкі.

-- Ну, пакіну я хату. Але ж свінчо, курэй і Грышку з сабою не забярэш. Хто іх вечарам пакорміць?

-- Іванавіч пакорміць, -- уставіў сваё слова Максім. А сам глядзіць на Іванавіча: ці не ўзлуецца ён, пачуўшы гэткую заяву? Як-ніяк, супрацоўнік дэтэктыўнага агенцтва "Меч". А ён, Максім, прапаноўвае яму, каб свінні ў карыта ежу з вядра выліваў.

-- Я пакармлю, -- пагадзіўся Іванавіч.

-- Ты свінчо і курэй пакорміш? -- не паверыла бабуля Аксеня.

-- Пакармлю! Я, можна сказаць, сіратою гадаваўся. Мой бацька не любіў працаваць. На канапе ляжаў і газеты чытаў, -- нагадаўшы дзіцячыя гады, нахмурыўся Іванавіч.

Да Іванавіча наблізіўся Грышка.

"Ко-ко-ко", -- загаварыў ласкава, як каля курыцы-чубаткі.

Бабуля Аксеня зноў змахнула з вачэй слязінкі.

-- Іванавіч, мой Грышка цябе палюбіў!

-- Чаго раты паразяўлялі? -- звярнуўся да Юлі і Максіма Сцяпан. -- Вядзіце бабулю Аксеню ў вёску.

-- Хадзем, бабулька! -- прашчабятала Юля.

А Максім бабулю Аксеню за руку ўзяў і сказаў:

-- Калі ласка!

-- Сама пайду, -- прамовіла бабуля Аксеня і, вызваліўшы руку, пашлэпала па дарозе.

 

КАЛЯ ЖЫВОГА ДРЭВА

 

Сцяпан крыху патаптаўся каля хаты бабулі Аксені і накіраваўся да Жывога Дрэва.

Убачыўшы Сцяпана, зашумеў галінамі дуб-велікан.

-- Усё-ткі вярнуўся ты?

-- Жывое Дрэва, продак мой даўні, раскажы, як людзі раней, да нас, тут жылі, -- папрасіў Сцяпан.

-- Жылі, як звычайна жывуць простыя людзі. Працавалі, свой край абаранялі, песні спявалі.

-- Якія песні? Мусібыць, не такія, як цяпер пяюць? -- хочацца ведаць Сцяпану.

-- А ты паслухай, -- прапанавала Жывое Дрэва і заспявала:

Шах, мах, таўкачыкі,

                                                      шах, мах, дубовыя,

                                                      да работы гатовыя.

Не стрываў Сцяпан, таксама заспяваў, прытанцоўваючы:

Шах, мах, таўкачыкі,

                                                      шах, мах, дубовыя...

Яшчэ весялей, яшчэ гучней заспявала Жывое Дрэва:

Шах, мах, таўкачыкі,

                                                      шах, мах, асінавы,

                                                      з работы Максімавай.

                                                      У розных кутах валяліся,

                                                      у адну ступу дасталіся.

І Сцяпан стараецца, спявае:

Шах, мах, таўкачыкі,

                                                      шах, мах, асінавы.

А Жывое Дрэва далей выводзіць:

Шах, мах, таўкачыкі,

                                                      вы скачыце, багачыкі,

                                                      а мы тады будзем,

                                                      як хлеба здабудзем.

                                                                 З народнага.

                                             [2, стар. 683]

Сцяпан прытупнуў нагою і ўсклікнуў:

-- А мы тады будзем, як хлеба здабудзем!

-- Спрытны ты хлопец, Сцяпан. Добра танцуеш, -- пахваліла Жывое Дрэва.

-- Песня такая, што ногі самі ў скокі просяцца, -- адказаў Сцяпан.

Сапраўды, просяцца. А як жа інакш! Не адно пакаленне васілевіцкіх хлопцаў танцавала "Таўкачыкі". Ад тупату, ад скокаў гудзела вёска, песнямі поўнілася... Не верыцца, што і ягоныя прашчуры, як і ён, некалі былі маладыя.

Было... Мінулася... Прайшло... Як адзін дзень, праляцела.

-- Весела было ў нас, -- прагаварыла Жывое Дрэва. -- Напрыклад, узімку, на Запусты, перад вялікім пастом, ох і весяліліся мы!

-- Чаму гэтае свята называлася Запусты? -- пацікавіўся Сцяпан. Што ж, у школе яму пра гэта не расказвалі. А калі дэсантнікам у войску служыў, там было не да святаў.

-- Чаму? -- перапытала Жывое Дрэва. -- Запусты звычайна праводзіліся тады, калі каровы перад ацёлам пераставалі даіцца, запускаліся. Мажліва, таму і назвалі гэтае свята Запустамі.

-- Але, -- кіўнуў галавою, пагадзіўся Сцяпан, а пра сябе падумаў: "Даўнейшыя людзі проста так не давалі назву святам. Даўнейшыя людзі былі разумныя".

Рада Жывое Дрэва, што слухае яго Сцяпан.

-- Запусты, -- расказвае, -- пачыналіся ў нядзелю і працягваліся тры дні. Кожны дзень гавеліся людзі.

-- Што значыць "гавеліся"? -- не зразумеў Сцяпан.

-- Мяса ўволю елі. У нядзелю -- пяць разоў, у панядзелак -- сем, а ў аўторак -- дзевяць.

Слухае Сцяпан і, як гаворыцца, на вус сабе матае. Вядома, цяжкавата прыходзілася гаспадыням на Запусты. Ім трэба было і наварыць, і насмажыць, і натушыць. А гаспадары і такія дзецюкі, як ён, Сцяпан, хадзілі, жываты пагладжваючы. Мабыць, па некалькі разоў на дзень адпускалі папружкі.

Не вытрываў Сцяпан і ўсміхнуўся сам сабе.

-- Чаму ўсміхаешся? -- запыталася Жывое Дрэва.

-- Цікава мне, -- прызнаўся Сцяпан.

-- На Запусты не толькі елі, але і весяліліся. Бывала, гушкаюцца хлопцы і дзяўчаты на арэлях і спяваюць:

Гутаталіся два малойчыкі,

                                                  Гу-та-та, гу-ля-ля.

                                                  Гутаталіся і пабіліся,

                                                  А за што яны пабіліся?

                                                  Ці за яблычак за румяненькі?

                                                  Ці за дзевачку, за красавіцу?

                                                  Не за яблычак за румяненькі,

                                                  А за дзевачку, за красавіцу.

                                                                       З народнага.

"Хутка і я з Іванавічам паб'юся за Ганульку, -- думае Сцяпан. -- Будзе нам гу-та-та, гу-ля-ля... Гу-та-та...

Дык і маці, помніцца, гэтак жа ўсклікала, калі падкідала ўгору маленькую Юльку. Вунь аж адкуль прыйшло да нас гэтае "гу-та-та..."

-- Скажы, продак мой даўні: карагодныя песні гучалі ў вёсцы? – хочацца ведаць Сцяпану.

-- А як жа! Нашы людзі вадзілі карагод і спявалі:

Завілася пчолка над варотамі.

                                              Гэй, люлі, гэй, люлі.

                                              Красна сонца заіграла над людзьмі.

                                               Што ж ты, вясна, наша красна, прынясла?

                                               Прынясла цёпла летца дзеля вас.

                                               Малым дзеткам па яечку,

                                               Старым бабкам па кіёчку,

                                               Красным дзеўкам па вяночку,

                                               Маладушкам па сярпочку.

                                               Стары бабкі чапцы шыці,

                                               Красны дзеўкі вянкі віці,

                                               Маладушкі жыта жаці.

                                               Красны дзеўкі на вулачку,

                                               Маладушкі за люлечку.

                                               Красны дзеўкі гулі ды гулі,

                                               Маладушкі люлі ды люлі.

                                               -- Малым дзеткам па яечку,

                                               Старым бабкам па кіёчку,

                                               Красным дзеўкам па вяночку,

                                               Маладушкам па сярпочку, --

                                                                  З народнага.

                                                          [2, стар. 160 -- 161]

ціха прамовіў Сцяпан. Добра стала ў яго на душы: лёгка, радасна.

 

ПРАПАНОВА МІШКІ

 

Не ведаў Сцяпан, хто набліжаецца да яго. Калі б ведаў, то не радаваўся б.

Саўка і Мішка вырашылі схапіць Сцяпана. Не пайшлі яны на хутар. У сваім схове сядзелі, палуднавалі там. Папалуднаваўшы, вылезлі са схову і на Каўпак пацягнуліся.

-- Яны развязаліся і ўцяклі! -- слупам застыў Мішка, наблізіўшыся да пагорка.

-- Самі яны не развязаліся б. Хтосьці іх развязаў, -- не пагадзіўся Саўка. Ён хацеў пакінуць гэтае месца, каб ад бяды далей, але пачуў, як Жывое Дрэва заспявала карагодную песню. Насцярожыўся, пачуўшы.

-- Мішка, нейкі малойчык пра пчолак спявае. Ён развязаў нашых палоннікаў і радуецца!

-- Давай зловім яго і адлупцуем! -- загарэўся Мішка.

Задумаўся Саўка. Злавіць гэтага спевака няцяжка. Але невядома, дзе цяпер дэтэктыў. Магчыма, падмацаванне з горада ўжо выклікаў. Магчыма, ужо едуць міліцыянеры. Неўзабаве ўвесь лес яны прачэшуць.

-- Баішся міліцыянераў? -- як бы прачытаў думкі сябрука Мішка. -- Калі што, у схове схаваемся. У схове нас ніводзін сабака не знойдзе.

"І праўда, не знойдзе. Схоў надзейны, добра замаскіраваны. Дый міліцыянеры не будуць шукаць нас тут. Яны лічаць, што мы адгэтуль даўно ўцяклі", -- падумаў Саўка і смела накіраваўся на пагорак.

-- Гэты хлопец развязаў нашых палоннікаў! -- сказаў Мішка, убачыўшы каля дуба-велікана Сцяпана.

-- Магчыма, -- прамовіў Саўка. -- А хто песню спяваў?

-- Гэты хлопец нават рота не адкрываў! -- прагаварыў Мішка і пачухаў патыліцу.

-- Штосьці тут не так, не так! -- сказаў Саўка і пацягнуў носам. -- Адчуваю, што вялікімі грашыма пахне.

-- Давай зловім гэтага хлопца і пра ўсё ў яго распытаемся, -- прапанаваў Мішка.

 

НЕЧАКАНАЕ НАПАДЗЕННЕ

 

Як два галодныя ваўкі, выбеглі з кустоў Саўка і Мішка і разам гукнулі:

-- Рукі ўгору!

Сцяпан адразу здагадаўся, хто стаіць перад ім. "Рыжы -- Саўка, а чарнявы -- Мішка", -- зазначыў ён пра сябе, успомніўшы, як аднаго разу апісваў яму Максім гэтых бандытаў.

-- Папаўся той, хто кусаўся! -- прамовіў Мішка і шчоўкнуў пальцамі.

-- Вы хто такія? Чаму чапляецеся да мяне? -- дурнем прыкінуўся Сцяпан.

Мішка павёў плячыма.

-- Саўка, ён нос задзірае!

Перад самым носам Сцяпана Саўка патрос кулаком, парослым рыжым шчаціннем.

-- Ты ў мяне глядзі! Муха тармазоў не мае!

Злосць разабрала Сцяпана. Колькі ж можна цярпець? Не так даўно Іванавіч пагражаў, а цяпер гэтыя прайдзісветы кулакамі трасуць. Калі так далей пойдзе, то з вёскі прыйдзецца ўцякаць.

-- Хлопцы, не на жарты вы разышліся! -- сказаў ён.

Мы жартаў не любім! -- прызнаўся Саўка.

-- Не разумеем жартаў! -- папярэдзіў Мішка.

Мы піраты -- людзі не бедныя,

                                              Мы не любім грошы медныя.

                                              Нам даляры падавай...

                                              Шмат даляраў дай, дай, дай... –

закружыўшыся вакол Сцяпана, заспявалі Саўка і Грышка.

"Няўжо бандыты чулі, як я размаўляў з Жывым Дрэвам? Паздзекуюцца з яго, калі праведаюць, што жывое", -- падумаў Сцяпан і пачаў здалёку:

-- Дык вы піраты?

-- Мы сухапутныя піраты! -- няўмела, як ненавучаны, казырнуў Мішка.

А Саўка зацягнуў:

Хоць не плаваем па моры,

                                                  Але звернем нават горы.

                                                  Нам даляры падавай...

                                                  Шмат даляраў дай, дай, дай...

-- Піраты, а без зброі ходзіце! -- паківаў галавою Сцяпан. Ён прыглядваўся да бандытаў, хацеў праведаць, чым узброеныя яны.

-- Ён не верыць нам! -- усклікнуў Саўка і выняў з-за пояса пісталет. -- Вось мой пісталецік!

Мішка таксама выняў з-за пояса пісталет, падкінуў яго і злавіў у паветры.

-- І ў мяне пісталецік! Апусціў крыльцы, верабейчык?

-- Я вам не верабейчык. Сцяпанам мяне зваць. Пазнаёміліся і разыдземся, -- сказаў юнак, хоць і добра ведаў, што не адпусцяць яго бандыты.

-- Хто нядаўна тут спяваў, верабейчык? -- прыставіўшы да грудзей Сцяпана пісталет, запытаўся Саўка.

"Нізашто вам не скажу", -- падумаў Сцяпан і паціснуў плячыма.

-- Не ведаю. Не чуў тут галасістых песень.

-- Зараз пабачым, хто тут хаваецца!.. Правер, Мішка! -- насупіўшы бровы, прагаварыў Саўка.

Быццам стронга, сігануў у кусты Мішка.

-- Усе кусцікі праверу, нават мох перавярну!

"Няхай шукае ўчарашні дзень. Ад аднаго мне ўдалося пазбавіцца. А з гэтым спраўлюся", -- падумаў Сцяпан, уважліва гледзячы на Саўку.

Бандыт занерваваўся. Забегалі ў яго вочкі.

-- Мішка, дзе ты прапаў?

-- Анікога тут няма! -- гукнуў з кустоў Мішка.

-- Вунь ён! Вунь! -- усклікнуў Сцяпан.

-- Дзе? Дзе? -- закруціў галавою Саўка.

-- Вунь там! -- прагаварыў Сцяпан і стукнуў Саўку па правай руцэ, па той, у якой ён трымаў пісталет. Пісталет падскочыў угору і ўпаў на зямлю.

Ды не ўдалося Сцяпану ўцячы, выратавацца, бо з кустоў якраз вылез Мішка. Ён узняў свой пісталет і накіраваў яго на Сцяпана.

-- Асцярожней, верабейчык!

"Застрэліць, калі пабягу", -- прамільгнула ў галаве ў Сцяпана.

-- Супакойся, апусці зброю, -- сказаў ён Мішку.

Мішка стаў наступаць на юнака.

-- Не супакоюся, не!..

Адступаючыся, Сцяпан спінаю ўпёрся ў ствол прыгажуні-бярозкі.

Саўка выхапіў з торбы вяроўчыну і, зайшоўшы ззаду, стаў прывязваць Сцяпана да дрэўца.

-- Не фанабэрся, смяльчак! Заўжды наш верх.

-- Паздзекуемся, калі не скажаш, хто тут спяваў! -- засунуўшы за пояс пісталет, прыгразіў Мішка.

Сцяпан падняў галаву. Няхай бачаць бандыты, што не запалохаеш дэсантніка.

-- Здзекуйцеся!

-- Паразумнееш, калі жывоцік гарачым жалезам папрасуем, -- прывязаўшы Сцяпана, напалохаў Саўка.

-- А ў якую разетку вы прас уключыце? -- запытаўся Сцяпан.

Саўка падняў пісталет, засунуў яго за пояс і дастаў з торбы жалязка, якім даўней у вёсцы прасавалі жанчыны.

-- Без разеткі абыдземся. Зараз накладзем сюды гарачых вугалькоў, і як бачыш нагрэецца ён.

-- Ужо не на адным пакутніку праверылі гэты механізм! Надзейны! -- скрывіў ва ўсмешцы тоўстыя губы Мішка.

Сцяпан вышэй падняў галаву.

-- Нічога я вам не скажу!

 

ЯК ІВАНАВІЧА ВЫПРАВІЛІ З ХАТЫ

 

Ганулька сядзела за сталом і вышывала ручнік. Максім дзесьці на дварэ гойсае, маці з бабуляй Аксеняй на агародзе, а яна адна ў хаце засталася. Вышывае, раз-пораз на гадзіннік пазірае. Сцяпан абяцаў, што прыйдзе, ды ўсё няма яго. Няйначай, да Жывога Дрэва пайшоў, каб праведаць у яго, як раней у Васілевічах людзі жылі.

"Тук-тук-тук", -- нечакана хтосьці пастукаў у дзверы.

Ёкнула сэрца ў Ганулькі. Яна кінула ручнік на стол, падбегла да дзвярэй і адчыніла іх. У дзвярах Максім стаіць, рот да вушэй.

-- Сцяпана чакаеш, сястрычка?

Хітры яе брат! Усё бачыць, усё ведае. Нікуды ад яго не схаваешся.

-- Чакаю! Табе якая справа? -- нахмурылася Ганулька.

Максім зайшоў у хату, сеў на канапу і закінуў нагу за нагу.

-- А Іванавіча не чакаеш?

Ганулька рукамі затуліла вушы.

-- Не ўспамінай пра яго, бо прынясе ліха.

І тут у хату ўляцела Юля.

-- Іванавіч на легкавушцы прыехаў! -- паведаміла яна.

У Ганулькі здзервянелі ногі. Нібы ад грому, які трэснуў каля самага вуха.

-- Юлька, ён жа на хутары павінен быць!

Максім устаў з канапы і глянуў у акно. Сапраўды, Іванавіч стаіць каля легкавушкі,  бутэльку квасу трымае ў руцэ.

"Не вытрываў, уцёк з хутара", -- зазначыў пра сябе Максім і, адышоўшыся ад акна, напомніў сястры:

-- Бяжы на гарышча! Схаваешся!

Ганулька ўскочыла з крэсла, а ў дзверы: тук, тук, тук...

-- Ён! -- прашаптала Ганулька.

-- Адчыняй, -- сказаў Максім.

Ганулька нават з месца не скранулася.

-- Сам адчыняй.

-- Сам дык сам, -- падахвоціўся Максім і, адчыніўшы дзверы, запрасіў Асцюкова: -- Праходзьце, дзядзька Іванавіч.

Іванавіч зайшоў у хату і аб ходнік старанна выцер чаравікі.

-- А дзе сама гаспадыня? -- запытаўся.

-- Сама гаспадыня на агародзе, -- адказаў Максім.

Дэтэктыў паставіў на стол квас і павярнуўся да Ганулькі.

-- Свой квас прынёс, як бачыце.

Ганулька стаіць, бы каменная, рукі на грудзях скрыжавала.

-- Я не п'ю квасу.

-- Дзядзька Іванавіч, мы вас у засадзе пакінулі, а вы квас з Ганулькай збіраецеся піць! -- падпусціў шпільку Максім.

У Іванавіча, як відаць, адказ загадзя быў падрыхтаваны.

-- Днём бандыты не прыйдуць на хутар. Вечарам я іх там цёпленькіх вазьму.

-- Дзядзька Іванавіч, нашы людзі не так даўно бачылі бандытаў каля хутара! -- уступіла ў размову Юля.

Асцюкоў шырока расплюшчыў вочы.

-- Праўда?

-- Чыстая праўда!

-- Вазьму цёпленькіх! -- усклікнуў Іванавіч і куляй вылецеў з хаты.

-- Юлька, гэта праўда? -- звярнулася да Юлі Ганулька.

-- Падманула яго, каб з хаты выправіць, -- прызналася Юля.

-- Давай праедземся з Іванавічам да хутара, -- прапанаваў сяброўцы Максім.

-- Можна, -- пагадзілася Юля і пабегла на двор.

Максім кінуўся за ёю.

Іванавіч ужо сядзеў у машыне.

Юля ўзялася за ручку дзверцаў.

-- Вазьміце нас, дзядзька Іванавіч!

-- Я на аперацыю еду! -- нахмурыўся Іванавіч.

-- А вы крыху падвязіце.

-- Крыху падвязу. Залазьце, -- падабрэў Іванавіч.

Максім і Юля залезлі ў машыну і селі на мяккае сядзенне, абцягнутае стракатай цялячай шкурай.

Асцюкоў націснуў на газ, і легкавушка пакацілася па дарозе.

 

ПАЛОННІЦА

 

Ганулька наблізілася да акна і правяла вачыма легкавушку. Дзе ж падзеўся Сцяпан? Чаму так доўга яго няма? Магчыма, трапіў у лапы бандытаў. Магчыма, у лесе яны. Трэба бегчы ў лес. У лес!..

Дзяўчына выйшла з хаты і подбегам накіравалася ў лес. Вось і дуб-велікан, непадалёку ад яго каля бярозкі... стаіць прывязаны Сцяпан. Побач два бандыты.

Забыўшыся пра ўсё на свеце, Ганулька падбегла да каханага і абняла яго.

-- Ганулька! Ганулька! -- з дакорам прагаварыў юнак.

-- Дзеўка, як вішня!.. Прыгажунька! -- усклікнуў Мішка і стукнуў Ганульцы па плячы.

Ганулька пхнула  Мішку ў грудзі і пачала развязваць Сцяпана.

-- Саўка, яна яго развязвае! Прыбегла і распараджаецца як у сябе дома! -- разгубіўся Мішка.

Саўка выняў з-за пояса пісталет і наставіў яго на Ганульку.

-- Адыдзіся ад хлопца, прыгажунька!

-- Ганулька, адыдзіся! Вельмі прашу! -- ціха прамовіў Сцяпан.

Ганулька ўважліва паглядзела на Сцяпана і ступіла ўбок. Яна нарэшце зразумела, што ў самае полымя трапіла з каханым.

-- Мішка, звяжы прыгажуньку! -- камандным голасам прагаварыў Саўка.

-- Яна мяне зноў папхне! -- паскардзіўся Мішка.

-- Застрэлю, калі папхне.

Кусаючы губы, Сцяпан стаяў каля Жывога Дрэва. Як выратаваць Ганульку? Быў бы цяпер развязаны -- не раздумваючы, кінуўся б на бандытаў. Пакуль барукаўся б з імі, уцякла б каханая.

А Мішка дастаў з торбы вяроўчыну і наблізіўся да Ганулькі.

-- Прыгажунька, роўненька стой, бо застрэліць Саўка.

-- Звязвай! -- сказала Ганулька і наставіла рукі.  У гэтую хвіліну яна вырашыла, што не пакіне Сцяпана, да канца будзе з ім.

-- І яе прывяжам да бярозкі? -- звязаўшы дзяўчыне рукі, пацікавіўся ў Саўкі Мішка.

-- Я яе да цябе прывяжу. Згодны? -- схаваўшы ў торбу пісталет, ухмыльнуўся Саўка.

-- Няхай ходзіць за мною! -- узрадаваўся Мішка. Ён дастаў з торбы вяроўчыну і кінуў яе сябруку.

Саўка злавіў вяроўчыну і зарагатаў.

Сцяпан зразумеў, што бандыты здзекуюцца, на злосць яму робяць, хочуць, каб нерваваўся, перажываў.

-- Не дарую я вам, валацугі! Запомніце! -- сказаў ён.

Мішка падмаргнуў Сцяпану і спінаю прытуліўся да спіны Ганулькі. Неўзабаве Саўка абкруціў вяроўчынай яго і дзяўчыну.

 

ІВАНАВІЧ НЕРВУЕЦЦА

 

Пыліць легкавушка па дарозе, нібы прастуджаная, чхае выхлапною трубою. Коціцца павольна.

-- Дзядзька Іванавіч, вы хутчэй не можаце? -- не стрываў Максім. Ён не любіў павольную язду.

-- Цішэй едзеш -- далей будзеш,-- мудра разважыў Іванавіч.

Максім азірнуўся і ўбачыў Ганульку. Яна мільганула за агародамі.

Куды ж падалася Ганулька? Няўжо ў лес? Відаць, туды. Сцяпана шукае. Хвалюецца за Сцяпана, баіцца, каб бандыты яго не злавілі.

-- Максімка, мы ў легкавушцы едзем, а Ганулька ў хаце сядзіць!  -- завяла размову Юля. Надакучыла ёй сядзець моўчкі.

-- Юлька, -- ціха прагаварыў Максім, -- Ганулька ў лес пабегла. Сцяпана там будзе шукаць.

-- Каго шукаць? -- натапырыў вушы Асцюкоў.

-- Бандытаў прыйдзецца вам шукаць, -- сказаў Максім. Усё-ткі выкруціўся ён,  здагадаўся, як падмануць Асцюкова.

Дэтэктыў пырхнуў, быццам кот.

-- Не такія вялікія яны паны. Самі прыйдуць у рукі.

-- Дзядзька Іванавіч, высадзіце нас, -- папрасіў Максім.

-- Максім, будзь чалавекам! Дапамажы мне, -- нечакана сказаў Асцюкоў.

-- Бандытаў злавіць?

-- Бандытаў я сам скручу. На хутары ёсць работа.

-- Цяжкая?

-- Не вельмі. Ды адзін не спраўлюся. Дапаможаш? Лады?

Максім паглядзеў у акно. Зараз будзе хутар бабулі Аксені, за павароткай ён.

-- Лады! -- міжволі вырвалася ў Максіма.

-- У нас хлопцы бравыя, бравыя, бравыя... -- пад нос замурлыкаў Іванавіч.

Юля наступіла Максіму на нагу, прыціснула яе абцасікам.

-- Ты чаму пагадзіўся?

-- Не магу адмовіць, калі просяць як чалавека, -- прызнаўся Максім.

Легкавушка мінула паваротку. Перад самым хутарам дэтэктыў так газануў, што ў Максіма зубы клацнулі.

-- Дзядзька Іванавіч, цішэй! -- спалохалася Юля.

Віскнулі тармазы. Легкавушка калыхнулася і стала.

Іванавіч адчыніў дзверцы, выскачыў з машыны, азірнуўся і толькі тады звярнуўся да Максіма і Юлі:

-- Вылазьце! Няма бандытаў на хутары. Калі б былі, то даўно па нас з пісталетаў агонь адкрылі б.

Максім і Юля вылезлі з легкавушкі. А Іванавіч зайшоў у хату і неўзабаве прынёс адтуль новенькія баксёрскія пальчаткі.

-- Бяры, Максім. Дару як брату Ганулькі.

Максім узяў у Іванавіча пальчаткі і павесіў сабе на шыю.

-- А якую работу трэба зрабіць?

-- Няма работы. Куры і свінчо пакормленыя, -- паведаміў Іванавіч.

Максім усміхнуўся Іванавічу.

-- Нам можна ісці?

-- Шчаслівай дарогі! -- пажадаў Юлі і Максіму Асцюкоў.

 

САЎКА І МІШКА ПАЦЯШАЮЦЦА

 

-- Максімка, мне здаецца, што вы разам з Іванавічам нешта супраць Сцяпана замышляеце. Нездарма ён падарункі табе возіць, -- сказала Юля, калі адышліся ад хутара.

Максіма аж у пот кінула, як пачуў гэткае.

-- Я супраць Сцяпана? Адумайся, Юлька!

Юля ўважліва паглядзела на Максіма і запыталася:

-- На Каўпак пойдзем?

-- Ага. Там трэба шукаць Сцяпана і Ганульку, -- адказаў Максім.

Яшчэ здалёку Максім і Юля пачулі бандыцкую песню. А калі падняліся на пагорак і выглянулі з кустоў, то ўбачылі і Сцяпана, і Ганульку.

Сцяпан быў прывязаны да стройнай бярозкі. Непадалёку стаяла Ганулька, прывязаная да Мішкі. А Саўка спяваў, у такт тупаючы нагамі:

Мы піраты -- людзі не бедныя,

                                              Мы не любім грошы медныя.

                                              Нам даляры падавай...

                                              Шмат даляраў дай, дай, дай...

-- Бандыты, -- не сцярпеў Сцяпан, -- адпусціце Ганульку!

-- Я зараз тваю прыгажуньку, як на буксіры, за сабою павязу, -- пахваліўся Мішка і пацягнуў за сабою дзяўчыну.

Доўга не думаючы, Ганулька стукнула яму абцасам па назе.

-- Атрымай, злы дух!

-- Яна мяне скалечыла! -- нібы малы, завыў Мішка.

-- Юлька, -- прашаптаў Максім, -- бяжы ў вёску. У міліцыю патэлефануй!

-- Аднаго дэтэктыва яны нам ужо прыслалі, -- сказала Юля, як кропку ў канцы сказа паставіўшы.

"У агарод Асцюкова яна камень кінула. Канешне, не ўдалося яму злавіць бандытаў. Але ж ён вельмі стараецца. Не яго віна, што не шанцуе яму", -- падумаў Максім.

-- Так трымаць, Ганулька! -- пахваліў каханую Сцяпан.

Да Сцяпана наблізіўся Саўка.

-- Паздзекуемся з тваёй дзяўчыны, калі не скажаш, хто нядаўна тут спяваў! -- секануў, як крапівою.

Максім глядзеў, не адрываючыся. Вось яно што! Саўка і Мішка не дзеля пацехі здзекуюцца са Сцяпана і Ганулькі. Хочуць праведаць, хто тут спяваў. Жывое Дрэва спявала, несумненна. Не сказаў пра гэта бандытам Сцяпан.

-- Я не маю жалю ў сэрцы! Зусім не маю! Ведай, Сцяпан!.. -- разышоўся Саўка. Ён, было відаць, знарок сябе распальваў, даводзіў да шалёнай злосці. -- Закатую тваю прыгажуньку!

-- А я буду пішчаць! -- заявіла Ганулька.

-- Як? -- разгубіўся, залыпаў вачыма Саўка.

-- Вось так! -- сказала Ганулька і прарэзліва запішчала.

-- Яна аглушыць мяне! -- заенчыў Мішка.

Ганулька запішчала яшчэ мацней.

Мішка скрывіўся як паўтара няшчасця.

-- Ратуй мяне, Саўка!

Саўка выхапіў з торбы пісталет.

-- Зараз я яе застрэлю!..

Максім і Юля выбеглі з кустоў. Больш яны не маглі тут стаяць.

 

І ЖЫВОЕ ДРЭВА...

 

Бандыты адразу пазналі Максіма.

-- Дык гэта той самы жэўжык, які прымусіў нас рукі падняць! -- ухмыльнуўся Саўка.

А Мішка затрапятаўся, нібы парася ў меху.

-- Саўка, адвяжы!.. Я яму вушы надзяру!

-- Я табе надзяру! – прамовіла Ганулька і другі раз стукнула Мішку па назе.

-- Саўка, хутчэй адвяжы! -- загаласіў Мішка.

Зжаліўся Саўка, нарэшце адвязаў саўдзельніка ад Ганулькі.

-- Іх да яе прывяжам! Іх! -- тыцнуў пальцам Мішка, паказаўшы на Юлю і Максіма.

Саўка пхнуў Юлю ў плечы.

-- Падыдзі да Ганулькі! Жвавей!

-- Не ўпірайся, Юлька. Няхай будзе па-іхняму, -- ласкава звярнуўся да сястры Сцяпан.

Уцягнуўшы галаву ў плечукі, Юля падышла да Ганулькі і прытулілася да яе. А Максім сам, без падказкі, стаў каля сястры. Ён зразумеў: бандыты ад задуманага не адступяцца. Пачні супраціўляцца -- па карку надаюць альбо застрэляць.

-- Во колькі палоннікаў мы налавілі! Уволю пагуляем, калі выкуп за іх атрымаем, -- прагаварыў Мішка, прывязваючы Юлю і Максіма да Ганулькі.

Максім стараўся не глядзець на бандыта. Мішка ў ягонай маці выкуп будзе патрабаваць? Зусім дасца маці, калі праведае, што ён палоннік. У яе і так здароўя няма. Часта хварэе. Вясною ў бальніцы ляжала. А дзе ж яна возьме грошай, каб заплаціць за яго і за сястру?

-- Возьмем багаты выкуп! -- радуючыся, зарагатаў Мішка.

-- Выкуп, выкуп! -- перадражніў сябрука Саўка. -- Нам трэба праведаць, хто Сцяпана песняй цешыў.

-- А я зусім забыўся пра гэта! -- прагаварыў Мішка і, абкруціўшы вяроўчынай Юлю і Максіма, пацікавіўся: -- Каго першага пачнём катаваць?

Саўка наставіў пісталет на Сцяпана.

-- Хто цябе песенькай цешыў?.. Па-добраму прызнайся!

-- Ішоў бы ты сваёй дарогай! -- адказаў Сцяпан.

-- Ганаровы!.. Зараз спадзе з цябе гонар, -- прамовіў Саўка і надзьмуў шчокі, быццам жаба на купіне.

-- Што ты прыдумаў? -- усклікнуў Мішка.

Саўка тыцнуў рукою, паказаўшы на ядлоўцавы куст, які рос непадалёку.

-- Колькі крокаў будзе да таго ядлоўцу? Як думаеш?

-- Думаю, што дзевяць, -- сказаў Мішка.

-- А я думаю, што менш. Паспрачаемся?

-- На каго?

-- На хлопчыка і дзяўчынку.

-- Паспрачаемся, -- пагадзіўся Мішка.

-- Выйграеш -- застрэліш дзяўчынку, прайграеш --  хлопчыка застрэліш, -- сказаў Саўка і, шырока ступаючы, накіраваўся да ядлоўцавага куста.

Максім адчуў, як уздрыгнула Юля. Быццам ток прайшоў па яе целе. Не забылася яна, як Саўка і Мішка спрачаліся на Іванавіча і бабулю Аксеню.

-- Нелюдзі вы! Злыдні! -- не сцярпеў Сцяпан.

Не пакрыўдзіліся бандыты на Сцяпана. Ухмыльнуліся, азірнуўшыся.

-- Зайчык маленькі,

                                                       Чым ты жывенькі?

                                                       -- Я і сам дзіўлюся,

                                                       Чым я жыўлюся, --

неспадзявана заспявала Ганулька.

Хаўруснікі ўставіліся на дзяўчыну.

                                                         -- Пасадзіў капусту

                                                         Ні рэдка, ні густа.

                                                         Пайду я рана --

                                                         Капуста парвана,

                                                         Пайду я позна --

                                                         У капусце росна, --

                                                                     З народнага.

                                         [1, стар. 18]

услед за Ганулькай заспяваў Сцяпан.

Саўка і Мішка глядзяць, вытрашчыўшы вочы.

"Не даспадобы вам наша песня", -- здагадаўся Максім і таксама заспяваў на злосць бандытам:

Сядзіць сыч на капе,

                                                       А сава на другой.

                                                               Гой-гой-гой, на другой.

                                                               Гой-гой-гой, на другой.

І Юля не стрывала, падхапіла:

                                                       У савы сыч пытае:

                                                       -- Хто ў лесе гукае?

                                                               Гу-гу-гу! Гукае.

                                                               Гу-гу-гу! Гукае.

-- Я не магу!.. Не магу!.. Давялі яны мяне!.. -- як перапалоханы, залямантаваў Мішка.

-- І мяне яны давялі! -- прызнаўся Саўка.

Узнервавалі бандытаў народныя песні. А Максіма яны супакоілі. Ён адчуў, што сілы ў яго прыбавілася. Страх, які не адпускаў, сядзеў у душы, кудысьці знік, як знікае ранішняя раса пад сонцам.

Разам заспявалі Ганулька, Сцяпан, Юля і Максім:

                                                     Дрывасекі мае

                                                     Сякуць лес у мяне.

                                                             Чах-чах-чах! У мяне.

                                                             Чах-чах-чах! У мяне.

 

                                                     І сякуць, і крычаць,

                                                     Каб звяроў напужаць.

                                                             Пух-пух-пух! Напужаць.

                                                             Пух-пух-пух! Напужаць!

                                                                              З народнага.

                                                                                [1, стар. 18]

-- Сціхніце, няшчасныя! -- быццам слон, затупацеў нагамі Саўка.

-- Ты ж казаў, што на тваім баку сіла. Дык чаго шалееш? -- усміхнуўся Сцяпан.

Як стартэр перад стартам, Саўка ўзняў угору пісталет.

-- Хто тут спяваў, Сцяпан? Не скажаш -- застрэлю Ганульку, хлопчыка і дзяўчынку. Выбірай: альбо-альбо!..

-- Апусці пісталет, Саўка! -- пачуўся голас Жывога Дрэва.

 

РАДАСЦЬ БАНДЫТАЎ

 

Саўка азірнуўся.

-- Хто сказаў "апусці пісталет"? Га?

-- Развяжы палоннікаў, калі хочаш праведаць, чый голас ты чуеш, -- прамовіла Жывое Дрэва.

-- Наш мудры далёкі продак, ты заступіўся за нас, не пакінуў у бядзе! -- паглядзеўшы на Жывое Дрэва, ледзь чутна прашаптаў Максім.

-- Развяжы палоннікаў! -- напомніла бандыту Жывое Дрэва.

-- І тады праведаю, хто ты? Не падманеш? -- усклікнуў Саўка.

-- Я ніколі не падманваю, -- адказала Жывое Дрэва.

Да Саўкі падскочыў Мішка і абедзвюма рукамі схапіў яго за грудкі.

-- Не развязвай! Яны паразбягаюцца, і канец нам!

--А пісталет навошта ў цябе? -- адпіхнуўшы саўдзельніка, з пагардаю прагаварыў Саўка.

Успомніў Мішка, што ёсць у яго пісталет. Выняў яго з-за пояса і пакруціў у руках.

-- Хоць адзін, але ўцячэ. У вёску пабяжыць, людзям пра нас паведаміць!..

-- Хто не рызыкуе, той не выйграе, -- прамармытаў Саўка і развязаў вяроўчыну, якая, як тоўстая павуціна, аблытала Ганульку, Юлю і Максіма.

-- Ганульцы рукі развяжы! -- ледзь прыкметна варухнула магутнай вершалінай Жывое Дрэва.

Саўка скрывіўся, але выканаў патрабаванне Жывога Дрэва: развязаў Ганульцы рукі і кінуў вяроўчыну на зямлю.

Ганулька адразу ж падбегла да Сцяпана і пачала яго развязваць.

-- Не ўздумайце ўцякаць! -- папярэдзіў Максіма і Юлю Мішка і наставіў на іх пісталет. А рукі трасуцца, быццам у хворага, ходырам ходзяць.

Максім ступіў наперад і затуліў сабою Юлю.

-- Нарэшце вольныя мы! -- развязаўшы Сцяпана, з палёгкаю ўздыхнула Ганулька.

 Сцяпан пакруціў галавою.

-- Рана нам радавацца!

-- Хто са мною гаварыў? Ну! -- крыкнуў Саўка.

-- Паглядзі на дрэва, якое стаіць перад табою, і здагадаешся! -- паведаміла Жывое Дрэва.

Саўка задраў галаву і зірнуў на вершаліну дуба-велікана.

-- Няўжо ты?

-- Я! Я ваш даўні продак, які калісьці загінуў і ў гэтае дрэва перакінуўся.

-- Яно гаворыць! -- сваім вушам не паверыў Мішка.

Жывое Дрэва калыхнула вершалінай і заспявала:

Цяжка мне на вас глядзець,

                                                Цяжка песню мне прапець.

                                                Не па-людску жывяце:

                                                Запыняеце, б'яце.

 

                                                У вас заўжды адна забава:

                                                Над няшчаснымі расправа.

                                                Годзе вам ўжо ваяваць,

                                                Добрых людцаў запыняць.

У Максіма зашчымела на душы. Жывое Дрэва нездарма стараецца, спявае. Спадзяецца, што перавыхавае  бандытаў. Якое ж яно наіўнае! Саўку і Мішку ўжо нічым не перавыхаваеш. Яны нават дзяцей не шкадуюць.

-- Во які разумнік! Усё пра нас ведае! -- зарагатаў Мішка, калі дуб-велікан скончыў спяваць.

-- Дурань гэты разумнік. Калі мы добрых людзей не запынім, то іншыя, на нас падобныя, іх запыняць, -- разважыў Саўка.

-- Адумайцеся! -- папрасіла Жывое Дрэва. -- Людзі вы!

-- Мішка, мы гэтае Жывое Дрэва выкапаем і на наш агарод перавязем, -- усміхнуўся Саўка. Рады, як на сто коней сеў.

-- Навошта? -- не дайшло да Мішкі.

-- Людзям за даляры будзем паказваць.

Максіму стала не па сабе. Вось да чаго дадумаўся Саўка! Дуб-велікан шмат гадоў у лесе прастаяў, а ён яго на свой агарод збіраецца перавезці, карані хоча пасячы. Застогне дуб, забаліць яму, як чалавеку.

-- І праўда, валам паваляць людзі, калі яно заспявае! -- узрадаваўся Мішка. -- А хто яго выкапае?

-- Сцяпан. Не такі вялікі ён пан.

"Сцяпан нават пад пісталетам не стане выкопваць Жывое Дрэва. Боль яму ён не прычыніць. Няўжо не разумеюць гэтага Саўка і Мішка?" -- падумаў Максім.

-- Казаў табе, што пахне вялікімі грашыма! -- падмаргнуў свайму сябруку Саўка.

-- Даляры! -- як апантаны, крыкнуў Мішка.

-- Далярчыкі! -- падхапіў Саўка.

Бандыты абняліся і заспявалі:

У нас ёсць свой агарод,

                                                    Дзе на плоце сядзіць кот.

                                                    У агародзе чарназём --

                                                    Туды Дрэва прывязём.

 

                                                     Дрэва будзе весяліць

                                                     Тых, хто можа заплаціць.

                                                     Мы маёнткі пабудуем --

                                                     Жыццё сабе намалюем.

 

                                                     Нам даляры падавай...

                                                     Шмат даляраў дай, дай, дай...

-- Душа ў вас крывая! -- не сцярпела, папракнула бандытаў Жывое Дрэва.

-- Душа ў нас крывая, усё яна прымае! -- разам азваліся Саўка і Мішка.

-- Няўжо вам зусім не брыдка? -- здзівілася Жывое Дрэва.

-- У нас няма сораму, -- прызнаўся Саўка.

-- Продачак, мы не толькі цябе, але і Ганульку з сабою забярэм, каб прыслужвала нам, -- пахваліўся Мішка.

Максім заўважыў, як Сцяпан памкнуўся наперад. Агнём загарэліся ягоныя вочы.

-- Сцяпанка, не чапай іх! -- папрасіла Ганулька.

Максім добра разумеў Сцяпана. Вядома, Ганульку бандытам ён не аддасць. І над Жывым Дрэвам не дазволіць глуміцца. А ён, Максім, абавязкова дапаможа Сцяпану. Разам з ім нешта прыдумае, каб перамагчы бандытаў.

-- Вось прыйшлі сюды піраты,

                                              Права правяць тут заўзята.

                                              Хоць гудзяць, нібы чмялі,

                                              А жывуць, што каралі, --

заспявала Жывое Дрэва.

Саўка і Мішка пераглянуліся і зацягнулі:

                                                 Хоць гудзім, нібы чмялі,

                                                 А жывём, што каралі.

Спявае Жывое Дрэва, не спыняецца:

                                                 Яны бедную Ганульку

                                                 Прывязалі, як касульку.

                                                 Яны будуць лютаваць,

                                                 Каб жыцця людзям не даць.

Як коні на градах, тупнулі нагамі бандыты.

                                                 Ох і будзем лютаваць,

                                                 Каб жыцця людзям не даць!

                                                 Нам даляры падавай...

                                                 Шмат даляраў дай, дай, дай...

 

СЦЯПАН ВЫКЛІКАЕ БАНДЫТАЎ НА ПАЯДЫНАК

 

-- Мішка, што ты зробіш са сваімі далярчыкамі? -- наспяваўшыся, пацікавіўся Саўка.

-- За далярчыкі сваю банду арганізую.

-- Разам вялікую банду арганізуем, -- сказаў Саўка.

-- Можна і вялікую, -- пагадзіўся Мішка.

-- Наша банда ўвесь свет аблытае! -- усклікнуў Саўка і перавёў позірк на Жывое Дрэва. -- Яго прымусім, каб з ранку да вечару спявала, нас праслаўляла.

-- Болей я не магу цярпець! -- прагаварыў Сцяпан.

-- Што сказаў? Паўтары! -- як сыч, надзьмуўся Саўка.

Ганулька кранула Сцяпана за руку.

 -- Не задзірайся з імі.

Максім адчуў, што на душу нахлынула цёплая хваля. Скончылася Сцяпанава цярпенне. Набліжаецца развязка. Цяпер Сцяпан і Ганульку не паслухаецца. Ён такі. Калі што задумаў, то да канца давядзе.

-- Бандыты, баксёрскія пальчаткі знойдуцца  ў вас? -- працінаючы позіркам Саўку і Мішку, прамовіў Сцяпан.

-- Навошта яны табе? -- засмяяўся Саўка.

-- Выклікаю вас на паядынак!

Саўка кіўнуў галавою, быццам японскі імператар.

 -- Мы прымаем твой выклік, Сцяпан.

Сцяпан падышоў да Максіма і зняў з ягонай шыі баксёрскія пальчаткі.

"Вось і спатрэбіўся Іванавічаў падарунак. Няхай саслужыць ён нам службу", -- падумаў Максім.

 

НЕЗВЫЧАЙНЫЯ ПАЛЬЧАТКІ

 

Не спадабалася Мішку, што Саўка прыняў Сцяпанаў выклік. Адвёўшы сябрука ўбок, ён накінуўся на яго:

-- Пабіцца табе захацелася? Даўно з сінякамі не хадзіў?

-- Ты будзеш біцца са Сцяпанам, -- ухмыльнуўся Саўка.

"Ведаў я, што ў цяжкую хвіліну падставіш мяне", -- падумаў Мішка і запытаўся:

-- Чаму я?

-- Са Сцяпанам ты хутка справішся ў сваіх пальчатках з валавянай падкладкай! -- растлумачыў Саўка.

Сапраўды, Мішка меў чорныя скураныя пальчаткі, якія заўсёды насіў пры сабе. Мала хто ведаў, што яны былі з валавянай падкладкай. У гэтых пальчатках ён хадзіў на разбой.

-- У сваіх пальчатачках са Сцяпанам... буду біцца. Буду! -- Мішка выняў з торбы чорныя пальчаткі і надзеў іх на рукі. 

-- Як гвазданеш Сцяпану па цемечку, дык адразу зваліцца! -- павесялеў, зарагатаў Саўка. Усё-ткі настаяў ён на сваім, угаварыў баязлівага хаўрусніка.

-- А хто ж тады выкапае Жывое Дрэва? -- на хвілінку разгубіўся Мішка.

-- Адкачаем Сцяпана, і выкапае.

Мішка стукнуў пальчаткай аб пальчатку. Не, з Саўкам не прападзеш. Толькі каля яго трэба трымацца. Ён хітры, як ліс.

-- Потым я Сцяпана ўсё роўна даб'ю. Так улуплю яму, што не ўстане! -- Мішка падбег да Жывога Дрэва і некалькі разоў стукнуў па ім. -- Вось так! Вось так!

-- Не бі, не здзекуйся з мяне, Мішка! Я ж твой даўні продак! -- застагнала Жывое Дрэва.

Нібы чэмпіён, Мішка ўзняў угору рукі.

-- Адзін продак ёсць у нас -- грошы!

-- Дык хто з вас са мною будзе біцца? -- звярнуўся да бандытаў Сцяпан. Надакучыла яму іх камедыя.

-- Ён, -- кіўнуў галавою Саўка, паказаўшы на Мішку. -- Але спачатку Ганульку і дзяцей адвядзе ў схоў. Яны будуць нашымі заложнікамі.

 

БАНДЫЦКІ СХОЎ

 

Бандыцкі схоў знаходзіўся непадалёку, у ельнічку. Ён быў так замаскіраваны, што толькі вопытны следапыт яго мог знайсці.

-- Даю сто даляраў таму, хто знойдзе ўваход у наша падзямелле, -- прагаварыў Мішка, падвёўшы Юлю, Ганульку і Максіма да схову.

-- З бандытамі пары не заключаем! -- адказала Ганулька.

Мішка штосьці буркнуў пад нос і адкаціў трухлявы пень. Пад гэтым пнём быў металічны люк, замаскіраваны мохам. Адсунуўшы на люку засаўку, бандыт падняў яго і з'едліва прамовіў:

-- Лезьце ў падзямелле!..

Наперад ступіла Ганулька.

-- Я першая палезу.

-- Уніз вядуць прыступкі, -- падказаў Ганульцы Мішка.

Ганулька моўчкі палезла ў схоў. Неўзабаве адтуль данёсся яе голас:

-- А цвіллю тут патыхае!

-- Грыб у наш схоў убіўся, -- растлумачыў Мішка і штурхнуў Юлю. -- Цяпер ты лезь, малая!

-- Я табе не малая! -- сказала Юля і, узяўшы за руку Максіма, разам з ім палезла ў схоў. Ён быў квадратны, падобны на цесную скрынку: метры на тры ў даўжыню і шырыню. У куце стаяў стол, каля якога ляжалі бляшанкі з-пад кансерваў і торба.

-- Адпачывайце! -- гукнуў бандыт і, гучна стукнуўшы накрыўкай, закрыў уваход у схоў. У схове адразу стала цёмна.

 

ПАЯДЫНАК

 

Мішка павёў Ганульку, Юлю і Максіма, а ў Сцяпана балюча зашчымела на душы. Калі яны былі побач, быццам нябачная нітка звязвала яго з імі. А цяпер бандыты парвалі гэтую нетрывалую нітку.

-- Сцяпан, не шкадуй Ганульку, -- падаў голас Саўка. -- Адмоўся ад яе, ідзі да нас на службу.

Вось чаго хоча гэты злыдзень! Каб ён, Сцяпан, служыў яму, каб стаў бандытам, людзей палохаў.

З кустоў, як лось, вылез Мішка.

-- Завёў? -- пацікавіўся ў яго Саўка.

-- Сядзяць у падзямеллі, як грыбкі!

-- Дзе будзем біцца, злыдні? -- з нецярпеннем пераступіў з нагі на нагу Сцяпан.

-- Тут, каля нашага продачка! -- ухмыльнуўся Саўка.

-- Няхай пабачыць продачак, як адлупцую цябе, Сцяпан, -- расплыўся ва ўсмешцы Мішка.

Разганяючы кроў, Сцяпан узмахнуў рукамі і надзеў баксёрскія пальчаткі.

-- Не біся з Мішкам, Сцяпанка! Ягоныя пальчаткі з валавянай падкладкай! -- не вытрывала, падало голас Жывое Дрэва.

Сцяпан стукнуў пальчаткай аб пальчатку. Выходзіць, Мішка хоча прымяніць сваю сакрэтную халодную зброю. Няхай прымяняе! Ён, Сцяпан, не дасць сябе ў крыўду. Дый Ганулька, Юля і Максім, седзячы ў змрочным падзямеллі, спадзяюцца на яго.

-- Нападай, Мішка, не баюся я тваіх пальчатак з валавянай падкладкай!

-- Дай Сцяпану! Добра дай!-- узрадаваўся Саўка. Ён думаў, што заўпарціцца, адмовіцца ад паядынку Сцяпан, пачуўшы пра незвычайныя пальчаткі.

Мішка падскочыў да Сцяпана і правай рукой хацеў пацэліць яму ў твар, але Сцяпан імгненна павярнуў галаву налева. Каля самага ягонага вуха прасвістаў Мішкаў кулак.

-- Рукі ў цябе крывыя, Мішка! -- прабубніў Саўка.

-- Затое ў мяне прамыя, -- прагаварыў Сцяпан і левай даў Мішку у сонечнае спляценне, пад дых.

Мішка сагнуўся і застагнаў.

Сцяпан адступіў назад.

-- Гэта табе за тое, што добрых людзей на дарозе запыняў! -- сказаў, як прыгавор бандыту прачытаў.

-- Не паддавайся, Мішка, наступай! --  замахаў рукамі Саўка.

Мішка набраў разгон і пабег на Сцяпана. Вочы прыплюшчыў, кулакамі перад сабою малоціць.

Сцяпан праваю рукою даў Мішку ў грудзі.

Мішка войкнуў і ўпаў, кульнуўшыся, быццам сноп.

-- Гэта табе за тое, што з Ганулькі здзекаваўся! -- напомніў бандыту Сцяпан.

Да Мішкі падскочыў Саўка, схапіў за руку, дапамог устаць.

-- Хоць разок яму ўрэж!..

Мішка працёр вочы, наблізіўся да Сцяпана і замахнуўся праваю рукою. А Сцяпан леваю стукнуў яму ў лоб.

Мішка ўпаў, нібы падкошаны, і раскінуў рукі. Спёкся, як скварка.

-- А гэта табе за тое, што глуміўся над Жывым Дрэвам, продкам нашым, -- сказаў Сцяпан.

-- Зараз я расквітаюся з табою! -- прамармытаў Саўка. Падняўшы з зямлі важкі кій, ён на дыбачках стаў набліжацца да Сцяпана.

-- Беражыся, Сцяпанка! -- папярэдзіла Жывое Дрэва.

Сцяпан павярнуўся і з развароту даў Саўку ў пашчэнку. Саўка выпусціў з рукі кій і ўпаў, выцягнуўся каля Мішкі.

Юнак зняў з рук баксёрскія пальчаткі, павесіў іх на шыю і страсянуў Мішку.

-- Дзе ваш схоў, бандыт?

Нават не паварушыўся Мішка. Кінуў яго Сцяпан і за Саўку ўзяўся.

-- Дзе схоў?.. Дзе Ганулька?.. Дзе дзеці?..

І Саўка не паварушыўся, не азваўся.

-- Сам знайду ваш схоў. Вызвалю Ганульку і дзяцей, -- прагаварыў Сцяпан і пайшоў з пагорка.

 

НА БОЖЫ СВЕТ

 

Сядзяць у бандыцкім схове Ганулька, Юля і Максім.

-- Прападзем мы ў гэтым падзямеллі! -- не сцярпела, усхліпнула Юля.

-- Не бойся. Сцяпан нас выратуе, -- вырашыла суцешыць дзяўчынку Ганулька.

"Невядома, ці адолее Сцяпан бандытаў. Яны ж удвух, узброеныя. Дый калі гэта яшчэ будзе?" -- падумаў Максім і на каленях падпоўз да лесвіцы. Намацаў яе рукамі і палез уверх па прыступках.

-- Асцярожней, Максімка, не пакалечся! -- занепакоілася Юля.

Максім стаў на верхнюю прыступку і спінай упёрся ў люк, імкнучыся яго падняць.

-- Не паддаецца люк? -- пацікавілася ў яго Ганулька.

-- Не паддаецца. Мішка яго на засаўку зачыніў, -- паведаміў Максім і, злезшы з лесвіцы, папоўз у кут, туды, дзе стаяў стол. Сеў каля яго і ўзяўся рукамі за галаву. Няўжо не ўдасца выбрацца са схову? Няўжо сапраўды прападуць яны тут?

"Туп-туп-туп", -- неспадзявана пратупацеў хтосьці па схове.

-- Там нехта тупаціць! -- усклікнула Юля.

-- Напэўна, дзік ходзіць, жалуды шукае, -- выказала здагадку Ганулька.

-- Гэты дзік гнілую столь абваліць, калі яшчэ раз пройдзецца па схове! -- спалохалася Юля.

Зноў пачуўся тупат. Адно з бярвён трэснула, нібы папярэджваючы аб небяспецы.

-- Да мяне перабірайцеся, пад стол лезьце, -- звярнуўся да Ганулькі і Юлі Максім.

Ганулька і Юля падпаўзлі да Максіма і залезлі пад стол. Максім прыціснуўся да іх, з трывогаю чакаючы развязкі.

А развязка наступіла хутка. Праз дзве хвіліны пачуўся гучны трэск і з крыкам "Я падаю!" у схоў, праламаўшы паедзеную грыбам столь, уваліўся... Іванавіч. Разам з ім праз пралом уварваўся жывы прамень сонца.

-- Вось дык госць у нас! -- вырвалася ў Максіма.

Іванавіч схапіўся за кабуру.

-- Хто тут?

-- Дзядзька Іванавіч, гэта я. Са мною Юлька і Ганулька, -- прагаварыў Максім і вылез з-пад стала.

-- Дзядзька Іванавіч, вы ж на хутары павінны быць! -- напомніла Асцюкову Юля.

Дэтэктыў варухнуў рукою, як бы вітаючыся з Юляй.

-- Не выседзеў я на хутары. Да грамадзянкі Ганулі паехаў, а яе дома няма. Тады сюды паляцеў. Людзі падказалі, што грамадзянка Гануля ў лес пабегла.

"Прыляцеў!" -- пра сябе прамовіў Максім. Не можа ён жыць без Ганулькі. Як зачаравала яна яго. Прыляцеў, праваліўся ў схоў -- і святло з сабою прынёс.

-- Уставайце, дзядзька Іванавіч. Годзе вам ляжаць, -- узяўшы Іванавіча за руку, сказаў Максім.

Асцюкоў схапіўся за правую нагу і жаласна застагнаў.

-- Што з вамі, Іванавіч? -- пацікавілася Ганулька.

-- Напэўна, нагу зламаў, падаючы! У самай галёнцы!..

Максім пакруціў галавою. І тут Іванавічу не пашанцавала. Праўду кажуць людзі: на мядзведзя ўсе шышкі валяцца. Прыйдзецца паняньчыцца з ім. 

-- Чаго вы ўсе ў гэту зямлянку пазалазілі? Мо ад Сцяпана хаваецеся? -- запытаўся Іванавіч.

-- Гэта бандыцкі схоў. Бандыты нас сюды сілком пасадзілі, -- растлумачыла Юля.

-- Максім, расшпілі маю кабуру, -- папрасіў Іванавіч. -- Я пісталет дастану.

Максім асцярожна, каб не прычыніць Асцюкову болю, расшпіліў кабуру. Ні Ганульцы, ні Юлі, а менавіта яму, Максіму, дэтэктыў даверыў такую важную справу. Выходзіць, цэніць ён яго, Максіма.

Іванавіч дастаў з кабуры пісталет і чамусьці падзьмуў на яго, нібы на гарачы запалак.

-- Дзядзька Іванавіч, трэба выбірацца адгэтуль, -- сказаў Максім.

-- Як?

-- Вельмі проста. Глядзіце! -- Максім устаў, ухапіўся за бервяно ад столі і, падцягнуўшыся, вылез наверх. Як добра ў лесе! Якая прыгажосць наўкола!..

-- Там нікога няма? -- данёсся са схову голас Юлі.

-- Няма! Вылазь на Божы свет, Юлька! -- нагнуўшыся над праломам, гукнуў Максім.

-- Спачатку дзядзьку Іванавіча паднімем, -- сказала Юля.

Ганулька і Юля дапамаглі ўстаць Іванавічу. Іванавіч падняў угору рукі. У правай пісталет трымае.

-- Хлопец, цягні мяне!

Максім паглядзеў на пісталет. Не, так не пойдзе. Вылазячы са схову, Асцюкоў незнарок на курок можа націснуць, бяды наробіць.

-- Чаму не цягнеш? -- захваляваўся Іванавіч.

-- Дзядзька Іванавіч, пісталет у кабуру схавайце! -- папрасіў Максім.

Асцюкоў не стаў спрачацца: хуценька схаваў пісталет у кабуру і зноў падняў рукі.

Ганулька і Юля, крэкчучы, паднялі дэтэктыва, а Максім узяў яго за рукі і з горам папалам выцягнуў з разбуранага схову.

-- А цяпер што з Іванавічам будзем рабіць? -- вылезшы са схову, запыталася ў Максіма Ганулька.

-- Цяпер мы дзядзьку Іванавіча ў кусты перанясём, -- сказаў сястры Максім. 

-- Так! Так! -- вінавата, краёчкамі вуснаў усміхнуўся Іванавіч.

 

І КАМЕНЬ-ВАЛУН...

 

Саўка чуў, як Сцяпан у яго пытаўся, куды Мішка завёў дзяцей і Ганульку, ды не азваўся: баяўся, каб Сцяпан са злосці яшчэ раз яму не ўрэзаў.

Хоць і гудзела ў Саўкі галава, але ён устаў, як толькі Сцяпан знік у кустах. "Чаму я на Сцяпана з кіем пайшоў?.. Чаму з рэвальвера яго не застрэліў?.. Нейкае зацьменне найшло на мяне", -- падумаў бандыт і нагою штурхнуў Мішку.

-- Уставай, няўмека!

Мішка паварушыўся і ўстаў.

-- Дзе Сцяпан? -- запытаўся.

-- Пайшоў кудысьці Сцяпан!

-- Уцёк!.. -- глуха прамовіў Мішка і заморгаў вачыма, як перад плачам.

Саўка торкнуў рукою, паказаўшы на Жывое Дрэва.

-- Яно перашкодзіла нам перамагчы Сцяпана!

Мішка зубамі сцягнуў з рук пальчаткі, кінуў іх на зямлю і, выхапіўшы з-за пояса пісталет, выстраліў у Жывое Дрэва.

Раптам бліснула маланка, грымнуў гром. Як густы туман, дым папоўз па пагорку.

Перапалоханыя хаўруснікі ўпалі на зямлю і затуліліся рукамі. Дым паступова стаў разыходзіцца. Там, дзе было Жывое Дрэва, з'явіўся Камень-валун.

-- Здзекуюцца! -- гучна прагаварыў ён.

Не паднімаючы галавы, Саўка дакрануўся рукою да Мішкі.

-- Ты жывы?

-- Здаецца, жывы, -- паварушыўся Мішка.

-- Ты нядаўна сказаў "здзекуюцца"?

-- Здаецца, не я.

-- А хто маланкі і грымоты на нас напусціў?

-- Мабыць, сам Пярун з неба спусціўся, -- адказаў Мішка.

"Напэўна, Пярун непадалёку стаіць і на нас пазірае. Неўзабаве знішчыць, спапяліць, пусціўшы вогненную стралу. Як жа ўцячы ад яго?" -- падумаў Саўка і прашаптаў:

-- Мішка, расплюшч адно вочка і паглядзі.

-- Сам паглядзі!

Хоць страх каменем ціснуў да зямлі Саўку, але ён павярнуў галаву і зірнуў адным вокам. На месцы Жывога Дрэва... ляжаў вялікі Камень-валун.

-- Бяда! Няма Жывога Дрэва! -- загаласіў Саўка і ўскочыў на ногі.

-- Няма! -- усхапіўшыся, залыпаў вачыма Мішка. -- Хтосьці ўкраў, грымотамі нас аглушыўшы. Бедныя мы!

-- Няшчасныя мы! -- заплакаў Саўка. Па ягоных шчоках пацяклі слёзы. Ён не прытвараўся, плакаў па-сапраўднаму. Яму, як і Мішку, здалося, што хтосьці ўкраў Жывое Дрэва і на свой агарод яго перанёс.

-- Цяжка мне на вас глядзець,

                                              Цяжка песню мне прапець.

                                              Не па-людску жывяце:

                                              Запыняеце, б'яце.

 

                                              У вас заўжды адна забава:

                                              Над няшчаснымі расправа.

                                              Годзе вам ўжо ваяваць,

                                              Добрых людцаў запыняць, --

заспяваў Камень-валун.

-- А як жа мы будзем жыць, калі перастанем запыняць добрых людзей? -- засунуўшы за пояс пісталет, звярнуўся да Каменя-валуна Мішка. Ён яшчэ не зразумеў, што адбылося на Каўпаку.

-- Працуйце, на жыццё сабе здабывайце.

Пачуўшы гэткую параду, моцна абурыўся Мішка:

-- Чаму ж сам не працуеш?.. Разлёгся тут, як пан!

-- Бачкі на сонейку выграваеш! -- падтрымаў хаўрусніка Саўка. Высахлі на ягоных вачах слёзы. Зноў перад вачыма паўсталі даляры. Шмат даляраў. Цэлая гара!

-- Не дойдзе да вас добрае слова! -- уздыхнуў Камень-валун.

Саўка падышоў да Каменя-валуна і пляснуў па ім рукою.

-- Мішка, гэта наш продачак! Ён у Камень-валун перакінуўся!

-- Чаму? -- запытаўся Мішка.

-- Каб не мучылі мы яго, каб не балела яму, -- растлумачыў Саўка і, ускарабкаўшыся на Камень-валун, застыў на ім, як помнік.

-- Плакалі нашы далярчыкі! -- скрывіўся, павесіў губу Мішка.

А Саўка стаяў на камяні і глядзеў удалячынь. Ён уявіў сябе кіраўніком усёй сусветнай банды. Уявіў, як мілуе, карае, валадарыць...

-- Не бядуй, Мішка! -- прагаварыў сталёвым голасам. -- Камень-валун таксама размаўляе і спявае.

-- А нам што з гэтага? Такую аграмадзіну на агарод не зацягнеш.

Саўка злез з Каменя-валуна і прамовіў:

-- Плячыма штурхнем і скоцім яго з пагорачка. Няхай куляецца, няхай коціцца на дарогу.

-- А на дарозе каго-небудзь запынім і прымусім, каб даставіў на наш агарод! -- узрадаваўся Мішка.

-- Як толькі вы зрушыце мяне з месца, увесь навакольны лес ад гора загіне, засохне, стане суцэльнай скалой. Я бацька ўсяму гэтаму лесу, -- паведаміў Камень-валун.

-- Цудоўненька! -- пацёр рукі Саўка. -- Добрыя людзі не на прыроду, а да нас на агарод будуць ездзіць.

-- Усе да нас! За далярчыкі! -- усклікнуў Мішка.

Саўка і Мішка ўзяліся за рукі і зацягнулі, кружачыся вакол Каменя-валуна:

У нас ёсць свой агарод,

                                                    Дзе на плоце сядзіць кот.

                                                    Жывы Камень мы туды

                                                    Пераправім назаўжды.

 

                                                    Камень будзе весяліць

                                                    Тых, хто можа заплаціць.

                                                    Мы маёнткі пабудуем --

                                                    Жыццё сабе намалюем.

 

                                                    Нам даляры падавай...

                                                    Шмат даляраў дай, дай, дай...

На гэты раз Камень-валун прамаўчаў. Ён толькі цяжка ўздыхнуў.

-- Мішка, паднатужся, скаці продачка з пагорка! – падаў голас Саўка.

Мішка рады старацца. Упёрся ў Камень-валун плячом, што ёсць сілы штурхае яго, сапе, як кавальскі мех.

-- Не паддаецца продачак! -- паскардзіўся сябруку.

Саўка папляваў на рукі і таксама ўпёрся ў Камень-валун.

-- Разам, разам!..

-- Дарма стараецеся, зласліўцы. Я коранем у зямлю ўрос, -- прагаварыў Камень-валун.

Бандыты адагнуліся, сталі каля Каменя-валуна. Мішка пот з твару выцірае, на Саўку пазірае, рашэння ад яго чакае.

-- Корань трэба разарваць! -- вырашыў Саўка.

Мішка ўкленчыў каля Каменя-валуна. Рукамі мацае, корань шукае. Нарэшце знайшоў яго і пачаў цягнуць, крэкчучы.

-- Тоўсты, як вужышча, не разарваць!..

-- Міну падкладзем і ўзарвем гэты тоўсты корань! -- з нянавісцю сказаў Саўка.

-- Міну, міну, міну! Міна ў мяне. Зараз падкладу, і яна рване! -- нараспеў прамовіў Мішка і, выняўшы з торбы міну, падклаў яе пад Камень-валун.

 Бандыты адбегліся, ляглі за тоўстую хваіну.

Выбухнула міна. Угору пясок падняла.

Сябрукі ўскочылі і падбеглі да Каменя-валуна.

-- Продачак стаіць як стаяў. Яго нават не пакалола! -- здзівіўся Мішка.

-- Правер, ці корань разарвала, -- нахмурыўся Саўка.

Мішка лёг на жывот, узяўся за корань і паведаміў:

-- Цэлы, не ўзяло!..

-- Прынясі сякеру. Яна каля схову ў кустах ляжыць. Сякера любы корань рассячэ! -- працадзіў праз зубы Саўка. Не, ён не адступіцца. Ён абавязкова перавязе на свой агарод гэтага ўпартага продка.

Мішка ўстаў, падскочыў, як гарэзлівы козлік, і пабег па сякеру.

 

КАЛІ МАРУДНА ЦЯГНЕЦЦА ЧАС

 

Ганулька, Юля, Іванавіч і Максім сядзелі ў кустах. Марудна цягнуўся для іх час.

-- Схаджу пагляджу, дзе Сцяпан, -- не вытрываў Максім.

-- Хлопец, сядзі і не высоўвайся, -- не дазволіў Іванавіч. -- Ты не маеш права пакідаць параненага.

Максім скоса паглядзеў на "параненага" Іванавіча. Згорбіўшыся, сядзіць Іванавіч, пісталет напагатове трымае. Канешне, у бальніцу яго трэба было б адправіць. Але як гэта зрабіць?

Неспадзявана над Каўпаком бліснула маланка, прагрымеў гром.

-- Зараз навальніца пачнецца. Яшчэ гэтага нам не хапала! -- пісталетам пачухаў кончык носа Асцюкоў.

-- Дзе ж Сцяпан? Чаму яго так доўга няма? -- уздыхнула Ганулька.

-- А дзе Сцяпан? -- раскрыў рот Іванавіч.

-- З бандытамі б'ецца, -- сказала Ганулька.

-- Ён на паядынак іх выклікаў, -- удакладніла Юля.

-- На паядынак? -- Іванавіч -- Максім гэта добра заўважыў -- страсянуў праваю балючаю нагою.

"Правая нага ў яго ў галёнцы зломаная. Калі косць зломаная, то нагою не страсянеш. Мабыць, здалося дэтэктыву, што пакалечыўся", -- зазначыў пра сябе Максім і прагаварыў:

-- Дзядзька Іванавіч, мне думаецца, цэлая ваша правая нага.

-- Яму думаецца!.. Лекар мне знайшоўся! -- нібы незадаволены вожык, чмыхнуў носам Іванавіч.

-- Я не лекар, але бачыў, як вы нагою страсянулі і ступнёю паварушылі, -- з крыўдаю прагаварыў Максім.

-- Хлопец, прыкусі язык. Успомні, хто выратаваў вас, і падзякуй. Калі б не праваліўся ў бандыцкі схоў, то вы і цяпер там у цемені сядзелі б, кукавалі б.

Максім пачухаў патыліцу. І праўда, сядзелі б, кукавалі б. Выходзіць, Іванавіч сапраўды выратаваў Ганульку, Юльку і яго, Максіма. Цікава атрымліваецца. Сцяпан з бандытамі б'ецца, а герой -- Іванавіч.

Асцюкоў выцягнуў правую нагу і... зноў страсянуў ёю.

-- А я што казаў! -- усклікнуў Максім.

-- Але, варушыцца! -- здзівіўся Іванавіч. -- Мабыць, падаючы, моцна выцяўся я.

-- Вы хутка на вяселлі патанцуеце, -- усміхнуўся Максім.

-- На чыім? -- запытаўся Іванавіч і паглядзеў на Ганульку.

 

СУСТРЭЧА СА СЦЯПАНАМ

 

Максім не паспеў адказаць, бо з кустоў выйшаў... Сцяпан. У яго на шыі віселі баксёрскія пальчаткі.

Юля і Ганулька кінуліся да Сцяпана і абнялі яго.

-- Нас Мішка ў схоў пасадзіў, а дзядзька Іванавіч залез на схоў і праваліўся. Са схову мы праз пралом вылезлі, -- падышоўшы да Сцяпана, паведаміў Максім.

-- Дзе Іванавіч? -- пацікавіўся Сцяпан.

-- Вунь за тым кустам! -- паказаў Максім.

Сцяпан падышоў да Іванавіча, а той дакрануўся рукою да правай нагі і паморшчыўся.

-- Нагу пакалечыў, падаючы!

Сцяпан нагнуўся і памацаў нагу Асцюкова.

-- Косць цэлая.

-- Ён моцна выцяўся! -- уступіў у размову Максім.

-- Я чуў, што ты бандытаў на паядынак выклікаў! -- звярнуўся да Сцяпана дэтэктыў.

Сцяпан зняў з шыі і працягнуў Максіму пальчаткі.

-- Бяры, Максімка. І Саўку, і Мішку ў накаўт паслаў. Ляжаць на паляне непрытомныя.

Максім узяў баксёрскія пальчаткі і прытуліў да грудзей.

"Ву-ух!" -- раптам выбухнула ў лесе.

-- Што гэта? -- прыўзняўся Іванавіч.

-- Здаецца, каля дуба-велікана бабахнула, -- зазначыў Максім.

-- Там, -- кіўнуў галавою Сцяпан.

-- Грыміць, напэўна! -- выказаў здагадку Іванавіч.

-- Гэта не грымоты, -- прамовіў Сцяпан. -- Думаю, што бандыты апрытомнелі і за сваю чорную справу ўзяліся. Трэба пазвязваць іх. Вось каб торбу мне!..

Хоць не ведаў Максім, навошта Сцяпану спатрэбілася торба, але падказаў:

-- Торба ляжыць у бандыцкім схове. У самым куце, пад сталом.

-- А дзе іхні схоў?

-- Вунь у тым ельнічку!

-- Чакайце мяне тут, не разбягайцеся! -- папярэдзіў Сцяпан і подбегам накіраваўся ў ельнічак.

-- Сцяпан зноў пабяжыць на Каўпак! -- скрывілася Ганулька.

-- Трэба вярнуць яго! -- сказала Юля.

Бачыць Максім, што Ганулька з Юлькай зараз прыпусцяцца, пабягуць услед за Сцяпанам. Не вернуць яны яго. Толькі крыку, як сарокі, у лесе наробяць.

-- Дзядзька Іванавіч, дзе ваша легкавушка? -- запытаўся Максім.

-- Непадалёку на дарозе стаіць.

-- Ганулька, вядзіце дзядзьку Іванавіча ў легкавушку, а я Сцяпана даганю, папрашу, каб не лез на ражон, -- сказаў Максім і пайшоў у напрамку ельніка.

 

ЁСЦЬ ЧЫМ АБАРАНІЦЦА

 

-- Сцяпанка! -- наблізіўшыся да бандыцкага схову, ціха паклікаў Максім.

 Не азваўся Сцяпан. Выходзіць, няма яго ў схове. Калі б быў там, то, канешне, падаў бы голас.

Максім адышоўся ад схову і схаваўся за елачкай. А з-за кустоў выйшаў... Мішка.

-- Хто ж наш схоў разбурыў? -- усклікнуў ён, узяўшыся рукою за распухлы твар.

"Добра цябе Сцяпан пачаставаў. На доўга запомніш ты яго. Гэта табе не з бабуляй Аксеняй ваяваць", -- падумаў хлопец.

Мішка выняў з кішэні пісталет і гукнуў, нагнуўшыся над праломам:

-- Васілевіцкія, вы тут?.. Вылазьце хутчэй!

-- Мы даўно вылезлі, у цябе не запыталіся! -- прашаптаў Максім.

-- Маўчаць!.. Няўжо ўцяклі?.. -- прагаварыў Мішка і, спусціўшы ногі, ускочыў у схоў.

Максім схапіў востры сук, наблізіўся да схову і прысеў каля пралому.

-- Уцяклі, ды не ўсе! -- гучна прамовіў.

Пачуў яго Мішка.

-- Хлопчык, ты тут? Я зараз вылезу! Я зараз дам табе!.. -- вырашыў напалохаць ён Максіма.

-- Вылазь! Нібы свята, цябе чакаю! -- сказаў Максім. А сам сук напагатове трымае, каб як след бандыта пачаставаць.

Мішка ўзяўся за бервяно праваю рукою, а левую, у якой быў пісталет, высунуў з пралому. Доўга не думаючы, Максім суком моцна ўдарыў па левай руцэ бандыта.

Мішка заенчыў і выпусціў пісталет. Максім схапіў яго і ўзняў угору. Цяпер ён узброены. Ёсць чым абараніцца.

-- Вылазь адтуль! -- загадаў бандыту.

-- Не вылезу! -- заўпарціўся Мішка.

-- Буду страляць!

Дайшло да Мішкі. Вылез  ён са схову і сагнуўся, як дзед з кульбакай.

-- На дарогу ідзі! Хутчэй! -- наставіўшы на бандыта пісталет, загадаў Максім.

-- Хлопчык, адпусці мяне. Шмат грошай дам, калі адпусціш! -- як воўк, бліснуў вачыма Мішка.

Максім адступіў назад.

-- Ідзі, табе сказаў!

-- Шкада, што не застрэліў я цябе, -- агрызнуўся Мішка і паплёўся, на грудзі павесіўшы галаву.

 

ПАДЗЯКА АД ІВАНАВІЧА

 

Легкавушка Іванавіча, як і казаў ён, была на дарозе. Каля легкавушкі стаялі Ганулька і Юля. Сам Іванавіч сядзеў у кабіне.

-- Максімка! -- у адзін голас усклікнулі Ганулька і Юля, убачыўшы Максіма.

Максім кіўнуў галавою, паказаўшы на Мішку.

-- Забірайце бандыта!

-- Ты злавіў яго? -- не паверыў сваім вачам Іванавіч.

-- Удалося злавіць, -- сказаў Максім.

-- Ану, падыдзі да мяне! -- паклікаў Мішку Іванавіч.

Бандыт борздзенька падбег да Асцюкова.

-- Што загадаеш, начальнік?

-- Рукі настаў, -- загадаў Іванавіч.

Мішка  наставіў рукі. Асцюкоў спрытна надзеў на іх блішчастыя кайданкі.

-- Я сам хацеў здацца! -- прамовіў Мішка. --У пратакол запішыце!

-- Максім, -- сказаў Іванавіч, -- аб'яўляю табе падзяку!

Максім стаў па стойцы "смірна" і казырнуў.

 

ЗНОЎ КАЛЯ ЖЫВОГА ДРЭВА

 

Узяўшы ў схове торбу, Сцяпан накіраваўся на Каўпак. Па дарозе ён нарваў травы і да паловы напакаваў ёю торбу. "Скажу бандытам, што далярчыкі ў торбе. Пачуўшы пра далярчыкі, забудуцца яны пра мяне, бойку распачнуць. А я ім дапамагу. Аднаго і другога зноў у накаўт пашлю", -- вырашыў ён.

Сцяпан падняўся на пагорак і спыніўся. Што такое? На месцы дуба-велікана ляжыць Камень-валун. Каля яго з пісталетам у руцэ топчацца Саўка.

-- Дзе Жывое Дрэва, наш даўні продак? -- прамовіў Сцяпан.

Саўка  тыцнуў пісталетам, паказаўшы на Камень-валун.

Вось!

-- Бандыты мне боль прычынілі, і я перакінуўся ў Камень-валун, -- азваўся продак.

Сцяпан падышоў бліжэй і дакрануўся рукою да Каменя-валуна, пагладзіў яго. Боль прычынілі... Здзекаваліся... Са злосці... З нянавісці... Прагнасць розум у іх адняла...

-- Мы з Мішкам зараз корань продачка адсячэм і на наш агарод даставім. Мішка па сякеру пабег, -- ухмыльнуўся Саўка.

-- Калі яны адсякуць мой корань, увесь навакольны лес загіне, ссохне, стане суцэльнай скалой, -- сказаў Камень-валун.

Сцяпан азірнуўся. Непадалёку стаіць бярозка, стройная, як нявеста на выданні. Далей баязлівыя асінкі туляцца адна да адной. За асінкамі сасонкі ўгору цягнуцца, дубы паважна стаяць. Пройдзе колькі хвілін, і не стане гэтай прыгажосці. Скамянее зямля. Птушкі паляцяць, звяры паразбягаюцца, нават маленькаму зайку не будзе дзе прытуліцца.

-- Скала будзе?.. Не бяда!.. Скалу ўзарвем і каменныя хорамы сабе пабудуем! -- радуючыся, засмяяўся Саўка. -- У каменных хорамах далярчыкі будзем лічыць. А продачак няхай песні нам спявае.

Сцяпан апусціў галаву. Канешне, узарвуць бандыты скалу. Яны ўсё ўзарвуць. Ужо хацелі ўзарваць Камень-валун. Нездарма яміна каля яго ўтварылася.

-- Чаго нос павесіў, смяльчак? -- парушыў маўчанне Саўка. Што ж, кожны певень паказаць сябе хоча.

-- Давай так дамовімся. Я вам даю даляры, а вы продка ў спакоі пакінеце, --прапанаваў Саўку Сцяпан.

-- У цябе ёсць даляры?

Сцяпан стукнуў рукою па торбе.

-- Паглядзі, калі не верыш!

Загарэліся вочы ў Саўкі.

-- Не хлусіш?

"Клюнуў ты на голы кручок", -- зазначыў пра сябе Сцяпан і прагаварыў:

-- Гэтыя грошы мы з Ганулькай на вяселле хавалі!..

Саўка наставіў пісталет і стаў набліжацца да Сцяпана.

-- Пакажы!

-- Не аддам! Перадумаў я.

-- Пакажы! Пісталет у мяне!..

-- Пісталет, пісталет!.. Прывык палохаць!.. Глядзі! -- Сцяпан прыўзняў торбу, каб бандыт не ўбачыў, што ў ёй трава.

-- Далярчыкі! -- забыўшыся пра ўсё на свеце, прашаптаў Саўка.

Сцяпан імгненна надзеў яму на галаву торбу і вырваў з рукі пісталет.

Бандыт заенчыў, скінуў з галавы торбу і шпурнуў на зямлю.

-- Ну, як? Наеўся далярчыкаў? -- запытаўся Сцяпан.

-- Мішка неўзабаве вернецца і застрэліць цябе! – пачырванеў ад злосці Саўка.

-- Ён ужо не прыйдзе сюды, -- пачулася ззаду.

Сцяпан азірнуўся і ўбачыў Ганульку.

-- Не прыйдзе твой Мішка. Яго Максімка абяззброіў і да Іванавіча прывёў, -- паведаміла бандыту дзяўчына.

Саўка ў адчаі тупнуў нагою і апусціў галаву.

-- Сцяпанка, а дзе Жывое Дрэва, продак наш даўні? -- пацікавілася Ганулька.

-- Бандыты здзекаваліся з Жывога Дрэва. Не вытрымаўшы здзекаў, у Камень-валун яно перакінулася.

-- У камень?.. У валун?.. -- з вачэй Ганулькі выплылі дзве буйныя слязінкі і, задрыжаўшы на вейцы, упалі на Камень-валун.

Неспадзявана бліснула маланка і загрымеў гром. Як густы туман, дым папоўз па пагорку. Калі ён разышоўся, Сцяпан і Ганулька ўбачылі на пагорку Жывое Дрэва.

-- Ганулька, наш даўні продак зноў стаў Жывым Дрэвам! – вырвалася ў Сцяпана.

-- Яму хочацца быць з намі! -- у задуменні прамовіла Ганулька.

Жывое Дрэва ледзь прыкметна махнула магутнай вершалінай.

--  Я заўжды буду з вамі!

 

ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА

 

Тым жа летам Саўку і Мішку засудзілі, на доўга пасадзілі ў турму. А першага верасня, як звычайна, Максім і Юля пайшлі ў школу. Праз месяц у Васілевічах згулялі вяселле. Шмат падарункаў атрымалі маладыя: Сцяпан і Ганулька. Людзі казалі, што на вяселле хацеў прыехаць Іванавіч, ды не змог: у гэты час яго паслалі на спецзаданне.

А Жывое Дрэва, рассыпаўшы па зямлі спелыя жалуды, стала рыхтавацца да вясны, каб зноў расквітнець пад цёплым сонцам.

 

Змест

 

 

Фантастычна-дэтэктыўная аповесць “Жывое Дрэва”

 

Саўка і Мішка                                             ……. 79

Страх

Як спыніць бандытаў?..

Хутчэй, хутчэй...

І певень Грышка дапамагае

Званок у міліцыю

Праз акно

Усё добра, што добра канчаецца

Азмрочаная радасць

Пад канвоем

Калі не хочацца забаўляць

Як бандыты Іванавічу нос падцерлі

Як Іванавіч сапсаваў настрой Сцяпану

Нечаканая прапанова

У засадзе

Каля дуба

Неверагоднае

Неспадзяваны госць

Кулаком пад дых

Саўка і Мішка дзейнічаюць, але і Максім не спіць у шапку

Пераможца

А спачатку складвалася добра...

Разам са Сцяпанам

Як Іванавіч з пеўнем пасябраваў

Каля Жывога Дрэва

Прапанова Мішкі

Нечаканае нападзенне

Як Іванавіча выправілі з хаты

Палонніца

Іванавіч нервуецца

Саўка і Мішка пацяшаюцца

І Жывое Дрэва...

Радасць бандытаў

Сцяпан выклікае бандытаў на паядынак

Незвычайныя пальчаткі

Бандыцкі схоў

Паядынак

На Божы свет

І Камень-валун...

Калі марудна цягнецца час

Сустрэча са Сцяпанам

Ёсць чым абараніцца

Падзяка ад Іванавіча

Зноў каля Жывога Дрэва

Замест эпілога                                                                ……. 130

 

Вершы

 

Размова з зямлёй                                                       ……. 128 – 129

Сустрэча                                                                    ……. 129 – 130

Былое                                                                         ……. 130 – 131

Едзе мілы на вайну                                                  …….  131 – 132

Зразумеў                                                                    …….  133 – 134

Каля нашай рэчанькі…                                            ……. 134 – 135

У скверыку                                                                ……. 135