Поиск по этому блогу

Часціца як службовая часціна мовы

 

                                                                                                    

              Тэма: Часціца як службовая часціна мовы.

              Псіхалагічны настрой.            

                                                          Склады вай, да, це; да, вай

                                                          Я старанна вымаўляю,

                                                          Часціцы з іх складаю.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

• Назавіце словы (часціцы), у якія ўваходзяць склады вай, да, це; да, вай. (Давай, давайце.) Запішыце іх.

• Якую тэму ўрока мы сёння будзем вывучаць? Здагадаліся?

Вучымся разважаць.

Запішыце сказы з часціцамі давай, давайце, ой. 

Давай сустрэнемся заўтра. Давайце дамовімся. Ой як цёпла!

• Прааналізаваўшы запісаныя сказы, выберыце патрэбнае:  

а) часціца выражае розныя дадатковыя адценні значэння ў сказе;

б) часціца служыць для ўтварэння формаў слоў – умоўнага і загаднага ладоў дзеяслова;

в) часціца звязвае часткі складанага сказа.

• Прачытайце ў вучэбным дапаможніку па беларускай мове для 7-га класа (2020)  тэарэтычны матэрыял параграфа 49 і праверце, ці правільна вы разважалі.      

Праца са словам.

Адгадайце загадку.

                                                    Толькі ноччу лятае,

                                                    Здабычу шукае. (Сава.)

                                                                 Аляксей Якімовіч.

• З наступных варыянтаў назавіце слова, якое рыфмуецца з часціцай толькі.

Ага, мой, фасолькі, дзесьці, там. (Фасолькі.)

         • З гэтых слоў назавіце часціцу. (Ага.) Абгрунтуйце свой адказ.

• Ці можна змяніць форму часціц ага, толькі? (Часціца не змяняецца.)

• Складзіце і запішыце сказ з часціцай толькі.

Назавіце словы.

Я з сястрычкай размаўляю,

                                        Ёй часціцы … (называю):

                                        Менавіта, якраз, але, ані,  

                                        Нават, ледзь, не … (ні).

                                                                 Аляксей Якімовіч.

• Вызначце часціцы. Ці з’яўляюцца яны членамі сказа? (Асобна ўзятыя часціцы не з’яўляюцца членамі сказа.)

• У слове “сястрычкай”  пасля р пішам ы.  А як чытаем? (Цвёрда.)

   Хвілінка кемлівасці.

   Дапішыце прыказкі і прымаўкі, выбраўшы патрэбны варыянт з прапанаваных.

  1. Сірочая сляза …(і камень прабівае). 2. Каб ведаў, дзе павалішся,     …(саломкі падаслаў бы). 3. Каб каза не скакала, … (то нагі не зламала б). 4.  Мароз -- … (аж іскры сыплюцца). 5. Адзін пень гарэў, а другі плечы грэў. Іскра ўпала -- … (з ім тое ж стала).    

             [1, с. 121, 220, 223, 242, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча]  

П р а п а н а в а н ы я  в а р ы я н т ы: саломкі падаслаў бы; аж іскры

      сыплюцца; і камень прабівае; з ім тое ж стала; то нагі не зламала б.

   • Чым адрозніваюцца ўжытыя ў сказах часціцы? Якія з іх служаць для

      ўтварэння формаў слоў?

               • Падкрэсліце дзейнікі і выказнікі і вызначце, ці ўваходзяць часціцы ў іх   

     склад. 

Працуем са спалучэннямі слоў.          

• Да спалучэння слоў хай  свеціць сонца падбярыце спалучэнне з сінонімам, які з’яўляецца часціцай.

• Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

• Які лад дзеяслова дапамаглі ўтварыць дадзеныя часціцы? (Загадны.)

• Што вам вядома пра напісанне слова “сонца”? (У беларускай мове вымаўляецца і пішацца спалучэнне нц, не лнц.)

Д л я  д а в е д к і: хай свеціць сонца – няхай свеціць сонца.

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Ці згодны вы з наступным сцверджаннем?

Можна і не прывітацца, але рукацца.

       • Запішыце сказ у выпраўленым варыянце. (Можна і не рукацца, але прывітацца.) [1, с. 255, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].

         • Назавіце часціцу. Якое значэнне яна надае сказу: адмоўнае ці сцвярджальнае? У склад якога выказніка яна ўваходзіць?

• Ці заўсёды вы вітаецеся са знаёмымі?

Гульня “Шукаю сябра”.

Да часціцы бы, ужытай у рубрыцы “Хвілінка кемлівасці”, падбярыце такую ж формаўтваральную часціцу разам з дзеясловам.                                    

Фізкультхвілінка.

Успомніце, якія беларускія часціцы вы запісалі ў пачатку ўрока. (Давайце, давай.) На столі, на сцяне вачыма напішыце іх і лагодна ўсміхніцеся ім, добрым і ласкавым.

Пазнайце слова.

Пазнайце слова па яго апісанні: складаецца з васьмі літар, пачынаецца з трэцяй літары алфавіта, а заканчваецца – першай, у ім мы можам убачыць слова “ключ”. Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага дапаможніка.

Так, гэта слова “выключна”. Дзякуючы падказцы мы здагадаліся, як яно гучыць. А да якой часціны мовы адносіцца? (Гэта часціца.) Як вы дакажаце гэта?

Скорагаворка.

Вымаўляем правільна.

Дык жыта ўжо зжалі! (Аляксей Якімовіч).

• Назавіце часціцу. Якое пачуцце яна перадае: радасць, здзіўленне, захапленне ці абурэнне? Як вы лічыце? Прачытайце сказ з адпаведнай інтанацыяй.

• Як вымаўляецца спалучэнне зычных у слове “зжалі”?

Запомніце! Пішам зжалі, а вымаўляем [‾жал′і].  

Праца з дыялогам.

Выкарыстаўшы часціцы, дапоўніце дыялог Аляксея Якімовіча адказамі суразмоўцы. Устаўце прапушчаную літару. У якой частцы слова яна знаходзіцца?

-- Васілёк, ты яшчэ вучышся ў школ..? (-- Так.)

         -- У вашым класе дзяўчынак больш, чым хлопчыкаў?  (-- Але.)

         -- Табе падабаюцца твае аднакласнікі? (Ага.)

         • Выпішыце часціцы.

         • Вучаніца сказала: “Часціца выражае розныя дадатковыя адценні значэння ў сказе”. Удакладніце яе сцверджанне.

З пазычаных складоў.

Прачытайце словы. Вазьміце па адным складзе з кожнага і ўтварыце часціцу.

Месяц, рана, віхор, хата. (Менавіта.)

• Выберыце патрэбнае.

Менавіта (сёння, з табою, сабаку, для, тут).

• Перакладзіце часціцу менавіта на беларускую мову. (Именно.)   Параўнайце  гучанне і напісанне гэтых слоў.

• Назавіце слова.

Мой малодшы брат Мікіта

                                         Вымаўляе: “Менавіта”.

                                                             Аляксей Якімовіч.

• Запомніце, як пішацца часціца менавіта.

Перакладчыкі.

Запішыце па-беларуску.

1. Неужели наступило долгожданное лето? (Аляксей Якімовіч). 2. Вот наша река, вот тот берег, на котором мы часто загорали (Аляксей Якімовіч). 3. Что за природа! (Аляксей Якімовіч).

• Назавіце часціцы ў сказах.

Праца з вершаваным тэкстам.

Вось што часціца паведамляе пра сябе:

                                                     Абмяжоўваю, сцвярджаю,

                                                     Іншы раз удакладняю,

                                                     Пытанне вам магу задаць

                                                     І пачуцці перадаць.

                                                                  Аляксей Якімовіч.

• Пра якія часціцы гаворыцца ў вершаваным тэксце?

Праца са словам.

Складзіце часціцу з першых літар наступных слоў: яблык, карысны, ружа, адносіны, зычлівы. (Якраз.)

• Часціца якраз служыць для ўдакладнення ці для абмежавання? Як вы лічыце? (Для ўдакладнення.)

• Якія гукі ў слове “якраз” абазначаюць літары я і з?

Сустрэча з пісьменнікам.

Ва ўрыўку з кнігі Аляксея Якімовіча “Сем гісторый пра Воўка і Вожыка” раскрыйце дужкі і выберыце патрэбную часціцу. Устаўце прапушчаныя літары.

Васілёк ідзе н..спешна, пакідаючы ў снезе глыбокія сляды, па якіх, ведае ён, ступае Алеся. Слядок у слядок, каб было лягчэй. Так заўжды яны робяць зімою.

Пачаўся яловы лес. Стала ціш..й, спакайней. … (Ледзь, толькі) ў самых вершалінах з пагрозаю гудзіць вецер, калыша вялізныя снежныя шапкі старых ялін.

Азірнуўшыся, Васілёк усміхнуўся сястры. І яна ўсміхнулася краёчкамі вуснаў. Шчочкі ч..рвоныя ад марозу, пасмачкі валасоў, што вылезлі з-пад вязанай шапачкі, пакрыў белы іней.

-- Васілёк, … (вунь, якраз) ліса! – раптам усклікнула Алеся.

Сапраўды, уперадзе на дарозе стаяла рыжая прыгажуня. Прыўзняўшы вострую мордачку, яна з цікавасцю глядзела на дзяцей.

--  … (Ні, не) ўцякае! – сумелася Алеся (Аляксей Якімовіч) [2, с. 5 – 6, “Сем гісторый пра Воўка і Вожыка”].

• Падбярыце сінонім да слова “сумелася”. (Разгубілася.)

Гульня “Шукаю сябра”.

        Да часціцы толькі, ужытай у рубрыцы “Сустрэча з пісьменнікам”, падбярыце часціцу, якая таксама выражае абмежаванне. Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага дапаможніка.

Падбярыце патрэбнае.

Каб правільна вызначыць значэнне слова, падбярыце да яго іншае з двух, дадзеных у дужках.   

Завінуцца (прысесці, працай).

• Якім словам можна замяніць дзеяслоў “завінуцца”? Выберыце патрэбнае. (Прыйсці, заняцца.)

                                                      Каб нешта зрабіць,

                                                      Як кажуць, завінуцца,

                                                      Не раз і не два

                                                      Ў дугу трэба сагнуцца.

                                                                   Аляксей Якімовіч.

• Што вы можаце сказаць пра часціцу “не”, выкарыстаную ў вершаваным тэксце?

• Падбярыце сінонім да дзеяслова “зрабіць”. 

Адказы (словы напісаны наадварот): йацарп; аццяназ; ьцанакыв.

Праца са сказамі.

1. Алеся забегла на ўзгорак і сказала, выцягнуўшы правую руку: “… мая хата!” (Аляксей Якімовіч). 2. У гэты цёплы вясенні дзень … уся вёска сабралася на шырокім лузе (Аляксей Якімовіч). 3. Нахадзіўшыся за дзень, мы … перастаўлялі ногі (Аляксей Якімовіч). 4. …, сённяшняе паведамленне дужа парадавала і мяне, і маіх блізкіх (Аляксей Якімовіч). 5. “… мы не сустрэнемся заўтра?” – узяўшы Насцю за руку, прамовіў Максім (Аляксей Якімовіч). 6. “… і патанчым сёння!” – тупнуўшы нагою, усклікнуў Хведар (Аляксей Якімовіч). 7. Маё жаданне ўсё-… збылося: неўзабаве з бацькам мы прыехалі ў горад (Аляксей Якімовіч). 8. “Мне так і … ўдалося летам прыехаць у вёску, каб крыху адпачыць на прыродзе”, -- паведаміў сябру Кастусь  (Аляксей Якімовіч). 9. “Хацеў … разам з птушкамі цяпер лятаць над лесам”, -- прысеўшы на тоўсты пень, выказаў жаданне мой сябар Антось (Аляксей Якімовіч).

• Устаўце ў сказы часціцу, якая служыць для ўказання (1), выражае ўдакладненне (2), абмежаванне (3), сцвярджэнне (4), пытанне (5), перадае эмоцыі (6), выражае ўзмацненне (7), адмаўленне (8), служыць для ўтварэння формы дзеяслова (9).

• Адказы да сказаў (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот): ьнув, ьлама, ьздел, кат, абіх, і ун, ікат-,  ен, ыб.

Творчая хвілінка.

Якія часціцы тут рыфмуюцца?

                                                   1. З назоўнікам край

                                                   Рыфмуецца часціца н.. .

                                                   2. З назоўнікам агні

                                                   Рыфмуецца часціца а.. .

                                                   3. З назоўнікам лось

                                                   Рыфмуецца часціца в.. .             

                                                   4. З назоўнікам час                                                            

                                                   Рыфмуецца часціца я.. .                                                          

                                                   5. З прыслоўем  гучна

                                                   Рыфмуецца часціца вы.. .

                                                   6. З назоўнікам нага

                                                   Рыфмуецца часціца а.. .

                                                   7. З дзеясловам малаці

                                                   Рыфмуецца часціца ц.. .

                                                   8. З прыметнікам малыя

                                                   Рыфмуецца часціца я.. .

                                                   9. З займеннікам наш

                                                   Рыфмуецца часціца а.. .

• Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот): йахян, іна, ьсов, заркя, анчюлкыв, ага, іц, яікя, жа.                                    

7. Падвядзенне вынікаў урока.

На ўроку Міколка выканаў практыкаванне, праверыў і хацеў здаць сшытак, але Ніна спыніла яго.

-- Пачакай, -- прашаптала яна. – У слове “ледзь” ты не падкрэсліў літару, якая абазначае мяккасць папярэдняга зычнага.

• Якой часцінай мовы з'яўляецца слова “ледзь”? Яно можа ўжывацца ў сказе Я так стаміўся, што ледзь дайшоў да ложка. (Часціцай.) Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага дапаможніка.

• Якія словы называюцца часціцамі?

• Што агульнае ў часціц з прыназоўнікамі і злучнікамі і чым часціцы адрозніваюцца ад іх?

• Якая літара ў часціцы ледзь абазначае мяккасць папярэдняга зычнага? (Ь.)

8. Тэст.

Адзначце часціцы.

1) Амаль;

2) ні;

3) ані;

4) -такі;

5) туды;

6) дык;

7) хоць бы.

Адказы: 1, 2, 3, 4, 6, 7.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

2. Аляксей Якімовіч. Сем гісторый пра Воўка і Вожыка : апавяданні і казкі  / А. М. Якімовіч. – Мінск : Пачатковая школа, 2016. – 58 с.

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, № 12, 2024 год.