Пісьменнік і яго прыхільнікі
Гісторыя першая
Выдавалася ў нашым горадзе (Слоніме) “Газета Слонімская”.
Супрцоўнічаў з ёю. На працягу доўгага часу там змяшчаліся мае казкі,
апавяданні. А ў 2019 годзе стаў пісаць вершы; як песня птушкі вясною,
выліваліся яны з маёй душы, гучалі, прасіліся, каб запісаў.
Непадалёку ад горада Слоніма каля вёскі Чамяры
знаходзіцца мая дача. З вясны да восені, як і кожны руплівы дачнік, працую там.
Прачнуўшыся, раненька ўстаю з ложка, збіраюся на дачу,
каб на веласіпедзе неўзабаве прыехаць туды, а ў галаве складваюцца вершаваныя
радкі на нейкую тэму, якая звечару ўзрушыла мяне, усхвалявала ці проста
зацікавіла. Каб не згубіліся, запісваю іх на паперу. Потым вершаваныя строфы
прыходзяць да мяне, калі на веласіпедзе, узіраючыся на навакольную прыроду, еду
на дачу. Стрымліваю сябе, стараюся, каб гэтых строф не было шмат, бо ў дарозе яны
могуць забыцца, страціцца, нейкая іншая думка ім можа перашкодзіць.
Адчыніўшы дзверы дачнага доміка, запісваю гэтыя строфы,
часта на невялікім абрыўку шпалеры, калі ёсць ён пад рукою. Потым (так бывае не
раз і не два) вершаваныя строфы прыходзяць, прыдумваюцца і ў час працы на
дачным участку. Калі яны склаліся ў галаве, бягу ў домік і зноў запісваю. А ўжо
дома набіраю на камп’ютэры, складваючы ў адзін, цэласны верш. На другі дзень
дапрацоўваю. Вось так і з’яўляецца вершаваны твор.
Свае першыя вершы вырашыў паказаць рэдакцыі “Газеты
Слонімскай”, каб надрукавалі. Не зусім прыхільна яны сустрэлі іх, бо лічылі,
што вершы нецікавыя для масавага чытача. Неяк угаварыў, знайшоў падыход. Узялі,
надрукавалі адзін, другі… І заўважылі, што ёсць аматары майго вершаванага
слова: цікавяцца, чытаюць, чакаюць. Ледзь не ў кожным нумары сталі друкавацца
мае вершы, што, канешне, давала мне новы імпульс энергіі, падахвочвала пісаць.
А аднаго разу ў Чамярах мяне спыніла жанчына пенсіённага
ўзросту. Вось які дыялог адбыўся паміж намі.
-- Я чытаю ў газеце вашы вершы, -- сказала яна.
Я насцярожыўся.
-- Вам яны паадабаюцца? – запытаўся? Вядома, хацелася
пачуць добрае слова.
І пачуў яго.
-- Вельмі падабаюцца. Яны зразумелыя і праўдзівыя.
Напісаны на нашай мове.
-- Прыгожыя? – ледзь прыкметна ўсміхнуўся я.
Заўжды стараўся зрабіць так, каб вершы былі прыгожыя, адшліфаваныя,
падобныя да нашай дзіўнай, непаўторнай прыроды.
-- Прыгожыя. Дзякуй вам!
-- Вы выпісваеце
газету? – пацікавіўся я.
-- Не. Дзеці з горада прывозяць яе мне.
Я зразумеў, што ў мяне ёсць і іншыя прыхільнікі,
маладзейшыя, дзеці гэтай слаўнай чамяроўскай жанчыны.
Аляксей Якімовіч
2025 год