Поиск по этому блогу

Уяўленні. "Калі чую словы “абаранкі”, “брод”

 

Калі чую словы “абаранкі”, “брод”

 

Уяўленні, якія ўзнікаюць у мяне, калі чую слова “абаранкі”.

Эпізод з майго дзяцінства.

Бацька альбо маці (гэта было не так часта) звычайна пасля паўдня прыязджаюць дамоў з нашага раённага горада Слоніма. У напакаванай, звітай з доўгай вяроўчыны сетачцы яны прывозяць разам з іншымі пакупкамі абаранкі. Пахучыя, з мяккай ружовай скарыначкай, гэтыя прысмакі нанізаны на тонкую светлую вяроўчыну і магнітам  цягнуць да сябе.

Зняўшы з чароўнай нізкі некалькі абаранкаў, мама працягвае іх мне. Бяру і ем няспешна, смакуючы, каб на даўжэй расцягнуць радасць, задаволенне. Мне здаецца, што гэта самы смачны пачастунак на свеце.

А якія ўяўленні ўзнікаюць у вас, калі чуеце слова “абаранкі”?

Вершаваная трэніроўка.

Замест кропак падбярыце (устаўце) патрэбныя словы з пяці і сямі літар.

Падказкі.

Слова з пяці літар: назоўнік, які абазначае зімовы транспарт.

Слова з сямі літар: назоўнік, які абазначае летнюю з’яву прыроды.

Слова “абаранкі”

                                                        Рыфмуецца са словам с..,

                                                        Яму сугучна і слова м.. .

 

Уяўленні, якія ўзнікаюць у мяне, калі чую слова “брод”.

Мая родная вёска Парэчча стаяла і стаіць (дзякуй Богу) на беразе ракі Шчары. Месцамі хуткая, імклівая, яна цячэ, каб сустрэцца з бацькам Нёманам і напоўніць яго сваёю чыстаю вадою.

Насупраць нашай вуліцы, там, дзе вёска заканчаецца, самае плыткае месца ў Шчары -- брод. Улетку праз брод можна было перайсці на другі бераг ракі, за калені падкачаўшы клешні нагавіцаў. Вада тут светлая, а дно ружовае, пясчанае, мяккае. Не раз і не два брыў я па вадзе, узіраючыся пад ногі. А вада цякла ўдалеч, мінаючы мяне. Гэта назаўжды засталося ў памяці, як і словы “маці”, “Радзіма”.

А якія ўяўленні ўзнікаюць у вас, калі чуеце слова “брод”?

Вершаваная трэніроўка.

Замест кропак падбярыце (устаўце) патрэбныя словы з сямі і васьмі літар.

                                                        Слова “брод”

                                                        Рыфмуецца са словам к..,

                                                        Яму сугучна і слова к.. .

Падказкі.

Слова з сямі літар: назоўнік, які напамінае нам пра вясёлы танец вакол навагодняй ёлкі.

Слова з васьмі літар: складаны назоўнік (з двух асноў), які абазначае з’яву прыроды, якая адбываецца вясною, калі па рацэ плывуць крыгі (кавалкі) лёду.

 

Для даведкі (выкарыстоўвайце толькі для кантролю патрэбныя словы, напісаныя наадварот): ікнас, ікналам; догарак, дохагырк.

                                                                         Распрацаваў Аляксей Якімовіч