Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 4 класе. ВЫКАРЫСТАННЕ ЗЛУЧНІКАЎ І, А, АЛЕ ДЛЯ СУВЯЗІ АДНАРОДНЫХ ЧЛЕНАЎ СКАЗА

 

Творчы ўрок у 4 класе. ВЫКАРЫСТАННЕ ЗЛУЧНІКАЎ І, А, АЛЕ ДЛЯ СУВЯЗІ АДНАРОДНЫХ ЧЛЕНАЎ СКАЗА

 

Мэты: актуалізаваць, сістэматызаваць і паглыбіць веды вучняў аб выкарыстанні злучнікаў і, а, але для сувязі аднародных членаў сказа; выпрацоўваць уменні і навыкі ставіць коску паміж аднароднымі членамі ў адпаведнасці з вывучанымі правіламі; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; развіваць памяць вучняў; вучыць ствараць добры настрой  маме.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

Прачытайце прыказкі. Якую з іх вы возьмеце з сабою на ўрок? Чаму?

                                                          Цудоўны, выдатны,

                                                          Бязмежны, баравіковы.

                                                          Любім, вымаўляем

                                                          Нашай мовы словы.

                                                                    Аляксей Якімовіч.

Якія беларускія словы вы ведаеце? Назавіце іх.

Падбярыце сінонім даслова «барзджэй». (Хутчэй.)

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Журавель

                                                              І жураўліха

                                                              Па бало..е

                                                              Хо..зяць

                                                              Ціха.

                                                                  Аляксей Якімовіч.

Устаўце прапушчаныя літары і прачытайце верш.

4. Чыстапісанне.

     р р р    ру   ро  ра  рэ

Прачытайце прымаўку.

Мала спаў, а многа сніў [2, стар. 199, “Беларускія прыказкі Я. Рапановіча”].

Ці з’яўляецца членам сказа слова а?

Для чаго яно ўжываецца ў сказе? (Злучае аднародныя члены сказа.)

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Настаўнік. Самі па сабе гэтыя службовыя словы нічога не значаць: ні галоўнымі, ні даданымі членамі сказа не з’яўляюцца, затое дапамагаюць зразумець сэнс сказа і злучаюць аднародныя члены сказа.  Таму без іх у мове не абысціся. Знаёмцеся:  словы-памочнікі  -- злучнікі і, а, але. Пра гэтыя злучнікі вам раскажуць героі казкі Сарока і Шпачок.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Чытанне казкі. Стварэнне праблемнай сітуацыі.

-- Шыфроўка! У мяне шыфроўка! – сустрэўшы на лясной сцяжынцы Сароку, закрычаў Шпачок.

-- Пацяшаешся з мяне? – не паверыла Сарока. Не ведала яна, што Шпачок вырашыў праверыць яе кемлівасць, здагадлівасць.

-- Вельмі важная шыфроўка, -- перайшоў на шэпт Шпачок, каб яшчэ больш заінтрыгаваць суседку.

І, трэба сказаць, яму гэта ўдалося.

Сарока  падскочыла і засакатала:

-- Пакажы, пакажы шыфроўку!

Шпачок хітра ўсміхнуўся і, дастаўшы з партфеліка  ліст, разгарнуў і прымацаваў яго да магутнай смалістай сасны.

Вось што ўбачыла на лісце Сарока.

                                                           Аднародныя члены

                                                                    злучнікі

                                    а, але                                                        і

                              O, а (але) O                                                O і  O

                                                                                                   O, і O, і  O

-- Кружочкі ўнізе, як я разумею, абазначаюць аднародныя члены сказа, -- пачала разгадваць незвычайную шыфроўку Сарока.

-- Ты правільна разумееш, -- махнуў дзюбаю Шпачок.

Сарока з выглядам пераможцы паглядзела на яго.

-- Значыць, можна прыйсці да вываду, што…

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Настаўнік.  Сарока разгадала шыфроўку Шпачка. Паспрабуйце і вы яе разгадаць, выканаўшы наступныя заданні.

Закончыце сказ.

Аднародныя члены сказа могуць быць звязаны паміж сабой з дапамогай… (злучнікаў а, але, і).

Замест кропак устаўце патрэбныя словы.

Заўсёды ставіцца коска перад злучнікамі …, … (а, але).

Калі злучнік … (і ), ужываецца ў сказе адзін раз, коска перад не ставіцца.

Калі злучнік …, … , … , (і ) паўтараецца ў сказе некалькі разоў, коска перад ім ставіцца.

На пісьме перад аднароднымі членамі сказа … (ставіцца) коска, калі яны звязваюцца без злучнікаў, з дапамогай інтанацыі.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце! Калі ў сказах ёсць пералічэнне аднародных членаў, ужываецца злучнік і.

З дапамогай злучнікаў а, але ў сказах выражаецца супрацьпастаўленне.

Праца з вершаваным тэкстам.

Прачытайце верш. Назавіце аднародныя члены сказа. Растлумачце, чаму паміж імі ставіцца коска.

Маме я дапамагаю:

                                                     Градкі, кветкі паліваю.

                                                     “Добрай ночы” ёй жадаю,

                                                     Настрой радасны ствараю.

                                                                      Аляксей Якімовіч.

Ці паставілі б вы коску ў сказе Я паліваю градкі і кветкі?

Ці любіць герой верша сваю маму?

Ці лічыце вы сваю маму найлепшай у свеце?

Што вы робіце для таго, каб ствараць  маме добры настрой?

Чым можна парадаваць маму?

Запішыце верш па памяці.

Выразнае чытанне.

Паслухайце верш Аляксея Якімовіча. Вызначце ў вершы аднародныя члены сказа. Пры дапамозе якога злучніка яны звязаны? Што выражае гэты злучнік: пералічэнне ці супрацьпастаўленне?

                                                      Сёння я папрацаваў,

                                                      Рукі натаміў,

                                                      Але каля плота

                                                     Ўсю траву скасіў.

                                                           Аляксей Якімовіч.

А цяпер разаб’ёмся на два рады і прачытаем верш разам. Адзін рад скажа за мною: “Сёння я папрацаваў”. Другі рад паўторыць за мною (а першы памаўчыць): “Рукі натаміў”. І гэтак далей, да канца”.

Праца з загадкамі.

Прачытайце і адгадайце народныя загадкі. Спішыце, замест кропак стаўце патрэбны злучнік: і, а, але. Адгадкі запішыце таксама.

1. Чорны жук па полі паўзе, гудзе, … (і) вые, зямлю рые. (Трактар.)

2. Без крылаў, … (а) ляціць, без языка, … (а) гаворыць. (Пісьмо.)

3. … (І) шуміць, … (і) гудзе, на ўвесь свет голас ідзе. (Вецер.)

4. Згары падае, …(а)  ўнізе б’е. (Маланка.)

5. Шмат на ёй іголак, … (але) ўсе без вушак. (але. Ігліца, шыпулькі на сасне ці елцы.)

6.  Па тканым моры карабель плыве; мора пад ім шуміць … (і) адразу высыхае. (Электрычны прас.)

7. Не лёгкае … (і) не цяжкае, …(а) праз хату не перакінеш (Пяро.) [2, стар. 354, 358, 366, 370, 372, “Беларускія прыказкі Я. Рапановіча”].

У спалучэнні слоў не цяжкае пішам не. А як чытаем? (Ня цяжкае. Перад націскным складам не чытаецца як з літарай я.)

У слове “дождж” напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, як патрэбна яе пісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Дожджык.)

Якое правіла вы прымянілі?

Гульня “Сказы-жартаўнікі”.

Выпраўце памылкі і запішыце сказы правільна.

У нашай школе кожны год праводзіцца школьная алімпіяда па беларускай мове і матэматыцы. Спаборніцтвы па гімнастыцы і лёгкай атлетыцы працягваліся на працягу трох дзён. Каля нашай хаты на вуліцы восенню і зімою, вясною і летам гарыць вулічны ліхтар.  (Лішнія  словы: школьная, на працягу, вулічны.)

Ці ёсць у гэтых сказах аднародныя члены сказа? Які злучнік іх звязвае? Што вы ведаеце пра яго?

У якім значэнні (прамым ці пераносным) ужываецца слова “вуліца” ў трэцім сказе?

Прывядзіце прыклад, калі слова “вуліца” ўжываецца ў пераносным значэнні. (Уплыў вуліцы, выкінуць на вуліцу.)

Растлумачце сэнс выразаў будзе і на нашай вуліцы свята, зялёная вуліца. 

Перакладзіце на рускую мову слова “вуліца”. (Улица.) Параўнайце гучанне і напісанне.

Падбярыце аднакаранёвыя словы да назоўніка вуліца. (Завулак, вулачка.)  Ці захавалася ў гэтых словах прыстаўная зычная в?

Канструяванне сказаў.

Са слоў складзіце сказы і запішыце іх. Падкрэсліце злучнікі і аднародныя члены як члены сказа.

1. Бацька, сена, бярэ, і, яго, коніку, нясе, нашаму.

2. Лясок, невялікі, густы, але, быў.

3. Зіма, ужо, і, і, і, пакрыла, поле, луг, лес.

4. Не сядзіць, Міхась, а, вучыць, працуе, правіла.

Гукавая гульня “Назавіце слова”.

Прачытайце і назавіце патрэбныя словы.

                                                           Мы убачылі,

                                                           Што ў Зіны

                                                           І чарніцы,

                                                           І … (маліны).

                                                               Аляксей Якімовіч.

Які злучнік звязвае аднародныя члены сказа? Што вы ведаеце пра яго?

Назавіце злучнік, які звязвае часткі складанага сказа. (Што.)

Ці можа ён звязваць аднародныя члены сказа?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце! Злучнікі каб, што, калі, які, як, бо, таму што і іншыя ўжываюцца ў складаных сказах.

Але: Міхась як паглядзеў, як усклікнуў, як падбег!

Праца са словам.

Прачытайце тэкст. Пастаўце ў ім прапушчаныя коскі. Растлумачце іх пастаноўку.

-- Непрыемна сёння на вуліцы.

-- Чаго ж ты хочаш? Як увосень.

-- Летась і ўвосень было цёпла і суха.

-- А я дык люблю(,) калі дождж ідзе. Некалі мы гаварылі: "Дожджык, дожджык, секані, я паеду на кані"...

-- Не, не трэба больш дажджу.

-- Затое пасля дажджу сонейка асабліва прыемнае. Адгадай загадку: "Свеціць і грэе(,) весяліць і ззяе(,) усю зямлю дужа ажыўляе". (З кнігі «Сцяжынка», стар. 177.). [5, с. 177, “Сцяжынка”].

Знайдзіце ў загадцы слова, якое абазначае прымету дзеяння ажыўляе. (Дужа.)

Ці можна замяніць яго словам «надзвычайна»?

Перакладзіце на рускую мову словы «дужа», «надзвычайна». Параўнайце гучанне і напісанне.

Складзіце і запішыце словазлучэнні са словамі «дужа», «надзвычайна».

Тэст.

Адзначце сказы, у якіх правільна расстаўлены знакі прыпынку.

1. Задача па матэматыцы толькі адна але надта цяжкая.

2. Сняжынкі пакружыліся, патанцавалі і ўпалі на зямлю.

3. На вітрыне ляжалі і апельсіны, і мандарыны, і яблыкі.

4. Мы спыніліся каля рэчкі, каб крыху адпачыць.

Фізкультхвілінка.

Н а с т а ў н і к. Я буду чытаць вам сцвярджэнні, якія могуць быць правільнымі ці памылковымі. Калі вы згодны са сказаным, папляскайце ў далоні, калі не – прысядзьце.

1. У слове "зямля" пасля з пішам літару е. (Вучні прысядаюць.)

2. У слове "сляды” пасля л пішам літару е. (Вучні прысядаюць.)

3. У слове "звяры” пасля в пішам літару я. (Вучні пляскаюць у далоні.)

Хвілінка кемлівасці.

Складзіце сказ, у якім ёсць аднародныя члены сказа і слова з выбарам напісання зычных літар.

У з о р. Мама купіла ў магазіне насе(н,нн)е агуркоў, буракоў, морквы і гарбузоў.

Самастойная праца.

Выберыце патрэбны злучнік. Падкрэсліце аднародныя члены як члены сказа.

Сакавік. Маразы (і, а) завеі змяняюцца частымі адлігамі. Паветра халоднае (а, і) вільготнае, але ўсё часцей праясняецца шэрае неба, снег робіцца мокрым (а, і) цяжкім.

У сонечныя дні на вуліцах ажыўлена цырыкаюць вераб’і. Вясёлыя (і, але) гарэзныя птушкі усё часцей распачынаюць між сабою шумныя, заўзятыя бойкі.

Верабей – птушка зусім не шкодная, як думаюць некаторыя, (а, але) карысная. Вучоныя падлічылі, што адна пара вераб’ёў, кормячы двух птушанят, знішчае на працягу дня каля пяцісот розных вусеняў, мух, жучкоў (і, але) лічынак, шкодных для саду, агарода, поля (і, але) лесу (В. Вольскі “Месяц за месяцам”, замалёўка “Сакавік”, стар. 17 – 18).  [3, с. 17 – 18, “Месяц за месяцам”].

Дайце назву тэксту.

Які гэта тэкст: апісанне, апавяданне ці разважанне? Абгрунтуйце сваю думку.

Растлумачце значэнне слова “адліга”. (Пацяпленне зімой з раставаннем снегу.) [1, с. 17, “Тлумачальны слоўнік”].

Што вы ведаеце пра злучнік але?

Канструяванне сказаў па схемах.

Складзіце сказы па наступных схемах:

2.                              , але              . (Месяц свеціць, але не грэе.)

                 

 

1.               дзе?             ,               і            . (Жылі ў вёсцы шпак, верабей і ластаўка.)             

Перакладчыкі.

Перакладзіце тэкст на беларускую мову. Назавіце аднародныя члены і злучнікі, якія іх звязваюць. Што выражаюць гэтыя злучнікі: пералічэнне ці супрацьпастаўленне?

Крокодилы – крупные животные из класса пресмыкающихся, или рептилий. Они прячутся в воде у берега и ждут, когда подойдёт жертва, а затем хватают её мощными зубами и утаскивают под воду. Крокодилы не могут жевать, поэтому они разрывают пищу на куски, которые могут проглотить целиком. К отряду крокодилов относятся собственно крокодилы, аллигаторы и кайманы ((Д. Райан, Р. Куп, Х. Флинт «Животные», стр. 34) [6, с. 34, «Животные»].

С л о ў н і к: крупный – буйны; пресмыкающихся, или рептилий – паўзуноў, ці рэптылій; жертва – ахвяра; мощный – магутны; утаскивать – зацягваць; целиком – цалкам.

Рэдагаванне сказаў.

Складзіце сказы.

У з о р. Прыйшоў настаўнік спеваў і пачаў урок. -- Прыйшоў настаўнік, і пачаўся ўрок.

1. Пялёсткі яблыні асыпаліся і ўсё засцілалі ружовым колерам. 2. Грымнуў гром і праз секунду страшным гулам напоўніў наваколле.

Якую ролю адыгрывае тут злучнік? ( У першым сказе злучае аднародныя члены сказа, а ў другім -- часткі складанага сказа.)

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а слова “гаў” потым прамовіце і вы.

                                               З-за хмаркі выйшаў месяц,

                                               Над вёскаю заззяў.

                                               Убачыў яго Мурзік

                                               І прамовіў: “Гаў!”

                                                           Аляксей Якімовіч.

Вы сцвярджаеце, што ў вершаваным тэксце ёсць аднародныя члены сказа. Абгрунтуйце сваё сцвярджэнне.

Цяпер пакажам, як прамовіў Мурзік, скажам разам: “Гаў!”

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                           О, дзядзька спосабаў меў многа

                                                           Даняць пра(т, ц)іўніка малога!

                                                           Пайс( т, ц)і ў грыбы ці ў тую ж рыбу,

                                                           Або паехаць у сялібу

                                                           Ці ў млын малоць на хле(б, п) збажынку --

                                                           Ўсё гэта квапіла хлапчынку,

                                                           Цягнула крэпенька, бывала,

                                                           І, як рукою, злосць знімала [4, с. 94 -- 95, “Раніца ў нядзельку”].

Растлумачце сэнс выразаў “пайсці ў грыбы”, “пайсці ў рыбу”. Якімі выразамі іх можна замяніць? (Пайсці збіраць грыбы, пайсці лавіць рыбу.)

Растлумачце значэнне слоў “даняць” (змучыць, не даць спакою), “збажынка” (тут: зерне), “квапіць” (моцна жадаць, завалодваць).

Вызначце  ролю злучніка і ў сказе з верша.

Тэст у спалучэнні са слоўнікавай працай.

З дапамогай знака "+" абазначце сказ, у якім знак прыпынку пастаўлены няправільна.

1. Вясёлыя песні жаваранкаў гучаць над полем, і радуюць дарослых і дзяцей.

2. Наступіў сакавік, але зямля яшчэ не адтала.

3. Тата зрабіў шпакоўню, а мы з Антосем прымацавалі яе да дрэва.

4. У гэты цёплы летні дзень у лес з самай раніцы прыйшлі гараджане і вяскоўцы.    

Растлумачце значэнне слова “гараджане”. ( Жыхары горада.)

У якім значэнні (прамым ці пераносным) ужываецца слова “гараджане” ў сказе?

Як вымаўляецца слова “гараджане”?

Падбярыце аднакаранёвыя словы да назоўніка гараджане. Ці захавалася ў гэтых словах літара дж?

Складзіце і запішыце сказы са словам “гараджане”.

Пры напісанні слова “гараджане” ў якім месцы вас падсцерагае нядобрая чараўніца Памылка Памылкаўна? Чаму?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Гараджане – слоўнікавае слова. Запомніце, як яно пішацца і вымаўляецца.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Настаўнік. Цяпер мы будзем маляваць вясну.

-- Спачатку намалюем сонца. Цяпер малюем дрэва. Што мы намалявалі? Прамовім гэта слова.

-- Мы намалявалі дрэва.

-- Намалюем ручаёк. Што мы намалявалі?

-- Мы намалявалі ручаёк.

-- Цяпер намалюем гусей, якія ляцяць з выраю дамоў. Якіх пералётных птушак мы намалявалі?

-- Гусей.

-- Цяпер запішыце сказ.

Мы намалявалі і сонца, і дрэва, і ручаёк, і гусей.

-- Назавіце аднародныя члены.

-- Пры дапамозе якога злучніка яны звязаны?

-- Чаму злучнікі называюць словамі-памочнікамі?

-- Для чаго ў сказах выкарыстоўваюць злучнікі і; а, але? Прывядзіце прыклады.

-- Што вы ведаеце пра выкарыстанне злучнікаў і, а, але для сувязі аднародных членаў сказа?

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў , А., Гайдукевіч, І. Шуба , П.  Тлумачальны слоўнік беларускай мовы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. Для сярэд. школы. 2-е выд., перапрац. і дап.  – Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

3. Вольскі, В. Месяц за месяцам :  / Віталь Вольскі. – Мінск : Нар. асвета, 1979. -- 159 с.

4.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

5. Марціновіч Л. С., Юрэвіч Т. У., Іўліева Л. У. Сцяжынка  / Л. С. Марціновіч, Т. У Юрэвіч, Л. У. Іўліева. -- Мінск, Нар. асвета, 1994. – 319 с.

6. Райан Д., Куп Р., Флинт Х. Животные. Моя первая энциклопедия / Д. Райан, Р. Куп, Х. Флинт, пер. с англ. И. М. Песковой. – Ж 67 М. : АСТ : Астрель, 2011. – 48 с.).

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 24 (2018 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.