Поиск по этому блогу

Я так думаю


З напісанага даўней

Я  так думаю

Наша мова – наша жыццё

Неяк у інтэрв’ю, дадзенай “Народнай газеце”, міністр адукацыі і навукі прафесар Васіль Стражаў сказаў так: “Калі праз два гады мой унук пойдзе ў школу, я буду раіць бацькам аддаць яго ў беларускамоўны клас”. Далей ён так тлумачыць сваю пазіцыю: “…узрастае значнасць беларускай мовы ў спецыяльнай сярэдняй і вышэйшай прафесійнай навучальных установах. Яе неабходна будзе ведаць для таго, каб атрымаць патрэбную адукацыю на высокім узроўні”. Хочацца падкрэсліць, што гэтыя словы прагучалі з вуснаў рускага па нацыянальнасці.
Але, на жаль, не ўсе вось так, цвярозава, удумліва навучыліся разважаць. Многімі яшчэ беларуская мова, мова карэннага насельніцтва Беларусі, успрымаецца ў штыкі, з непрыязню, з нянавісцю. У народзе кажуць: “Пасееш нянавісць – пажнеш буру”.  А бура, як страшны смерч, не першы год нясецца па прасторах былога СССР. І будзе яна, неўтаймаваная, бушаваць да таго часу, пакуль не знікне нянавісць, жаданне ўзвысіцца над іншым, падпарадкаваць сабе, пакуль мы не навучымся паважаць адзін аднаго.
На маю думку, пэўныя колы ў нашай краіне штучна падаграваюць  гэткую нянавісць, тым самым непрыкметна распальваючы агонь варожасці, вайны, каб не даць нам падняцца, займець не ўяўны, а сапраўдны суверэнітэт. Іх лозунг добра вядомы яшчэ з даўніх часоў: чым горш, тым лепш. Горш – абдуранай большасці, лепш – меншасці, так званай эліце. Яны свядома расколваюць грамадства, і ўжо многія беларусы, рускія, палякі з падазронасцю, а то і з непрыязню (замест таго, каб аб’яднацца і нарэшце пазбавіцца ад нахлебнікаў) пазіраюць адзін на аднаго.
Скажу шчыра: мне аднолькава балюча, калі бачу стомленых нашым бязладным жыццём хлапчукоў і дзяўчынак незалежна ад таго, якой яны нацыянальнасці. Але ж балюча і тады, калі кпяць, смяюцца з маёй мовы, імкнуцца прынізіць і растаптаць яе. Па сутнасці, гэтыя дабрадзеі смяюцца з мяне, з майго народа. Мой народ і мяне яны топчуць у гразь. У рускіх ёсць Расія, у літоўцаў ёсць Літва, і ў іншых народаў таксама ёсць, скажам так, тэрыторыя, зямля, дзе яны могуць захаваць сваю культуру. І нам воляй Бога і гісторыі дадзена тэрыторыя, назва якой – Беларусь. Калі наша мова не захаваецца на нашай зямлі, не будзе і беларускага народа.
Я за тое, каб і ў нас вывучаліся і руская, і польская, і іншыя мовы не толькі палякамі ці рускімі, але і беларусамі. Ды не магу прыняць пазіцыю некаторых людзей. Калі ў кастрычніку ад імя 165 слонімцаў звярнуўся ў мясцовы Савет з прапановай, у прыватнасці, перавесці сярэднюю школу № 6 на беларускую мову навучання, то атрымаў вось такі адказ:”…зрабіць гэта пакуль немагчыма, таму што СШ № 6 з’яўляецца спецыялізаванай…”. Ведаю, што ў гэтай школе паглыблена вывучаецца англійская мова. Але хіба ў беларускамоўнай школе няма як яе вывучаць?
                                                               Аляксей Якімовіч, газета “Слонімскі веснік”
                                                               ад 28 лютага 1995 года, № 17 (7685)