Поиск по этому блогу

Быў выпадак. "Барацьба з тараканамі"

 

Быў выпадак

 

Барацьба з тараканамі

 

Нада мною жыў сусед Пятро – вялікі аматар спіртнога. Неяк сяджу ў пакоі і бачу: на столі, як жывыя, з’яўляюцца, распаўзаючыся, вялікія плямы вады. Неўзабаве кроплі закапалі на падлогу.

-- Пятро мяне затапляе! – дайшло да мяне.

Усхапіўшыся, пабег да Пятра і націснуў на электрычны званок. Праз некалькі хвілін адчыніліся дзверы. Бачу: стаіць Пятро з вядром у руках.

-- Што ты тут робіш? – пытаюся ў суседа.

-- Тараканаў гарачаю вадою ашпарваю!

-- Як? --  вырвалася ў мяне.

-- А вось так! – паведаміў Пятро і, зайшоўшы ў пакой, плюхнуў ваду з вядра на падлогу.

Сапраўды, вялікая частка падлогі была заліта гарачаю вадою (над падлогаю ўзнімаўся лёгкі парок), а ў ёй плавалі, капашыліся тараканы. Іх было шмат, безліч.

-- Ты топіш не толькі тараканаў, але і мяне! – усклікнуў я і загадаў Пятру, каб хутчэй прынёс якую-небудзь анучу.

Патаптаўшыся, Пятро ўсё-ткі выканаў мой загад і стаў збіраць разлітую ваду разам з тараканамі ў вядро.

-- Болей не ашпарвай і не тапі іх! – адыходзячы, папярэдзіў я суседа. А на наступны дзень прынёс яму атруту для тараканаў і растлумачыў, як трэба карыстацца ёю.

                                                                                                   Аляксей Якімовіч