Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс: напісанне складаных назоўнікаў разам

 

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ

 

Тэма: напісанне складаных назоўнікаў разам.

Псіхалагічны настрой.                             

                                                          Дробны, вільготны,

                                                          Чатырохскладовы –

                                                          Гэта словы нашай мовы.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Успамінаем.

Складанымі называюцца словы, якія маюць у сваім складзе некалькі каранёў (два ці болей).

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Як  пішам: Светлагорск ці Светла-горск?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Пачнём з правіла.

Запомніце! Разам пішуцца складаныя назоўнікі, утвораныя з дапамогай злучальных галосных [4, стар. 179, “Беларуская мова”].

Напрыклад: водаправод.

Гэты назоўнік утвораны з дапамогай злучальнай галоснай а.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: Светлагорск.

Працуем са спалучэннямі слоў.

Са словам “лістапад” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Што вам вядома пра напісанне слова “лістапад”?

Для даведкі: наступіў лістапад – залаты лістапад.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Як  пішам: фізфак ці фіз-фак?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Чытаем правіла.

Помніце! Складанаскарочаныя назоўнікі пішуцца разам [4, стар. 179, “Беларуская мова”]. 

Напрыклад: сельсавет.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: фізфак.

Скорагаворка.

Педсавет філфака прыняў важную пастанову (Аляксей Якімовіч).  

Якая арфаграма паўтараецца ў словах скорагаворкі?

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма напішыце беларускае слова “разам” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Як  пішам: электрабрытва ці электра-брытва?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Звяртаемся да правіла.

Запамінаем! Складаныя назоўнікі з першай іншамоўнай часткай   аэра-, авія-, аўта-, вела-, мота-, кіна-, фота-, метэа-, гідра- і інш. пішуцца разам  [4, стар. 179, “Беларуская мова”].

Напрыклад: аэрапорт.

Для даведкі.

Аэра – грэчаскае слова, азначае “паветра”.

      [6, стар. 122, “Беларуская мова”]

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: электрабрытва.

Назавіце слова.

                                                             Пішам разам 

                                                                            Веласпорт, гідрасфера,

                                                             Аўтагонка, кінафільм,

                                                             Біятлон, … (біясфера).

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Растлумачце напісанне разам слоў “веласпорт”, “гідрасфера”, “аўтагонка”, “кінафільм”, “біятлон”, “біясфера”.

Для даведкі.

Біясфера – вобласць распаўсюджання жыцця на зямным шары.

Гідрасфера – водная абалонка зямнога шара, сукупнасць вод Зямлі (акіяны, моры, азёры, рэкі) [2, стар. 53, 77, “Слоўнік іншамоўных слоў”].

Праца са сказам.       

Складзіце скорагаворку са слоў.

Прыляцелі, птушкафермы, шпакі, з. (З птушкафермы прыляцелі шпакі.)

Растлумачце напісанне выдзеленага слова.

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                З чарвяком сустрэўся крот

                                                У нары, дбайна прарытай,

                                                -- Не ўцякай. Я садавод.

                                                І сказаў яму з ўсмешкай:

Адказ: 1 – 2, 2 – 1, 3 – 4, 4 – 3.

Знайдзіце ў вершы слова з арфаграмай на вывучанае правіла. Растлумачце яе напісанне.

Які складаны назоўнік можна  ўтварыць з першай часткай земля-? (Земляроб.) Як вы яго напішаце?

Раскрыйце сэнс слова “дбайна”. (Старанна.)

Сустрэча з фразеалагізмам.

Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які абазначае  “з кожным днём”.

                                                                     

                                                                    Мацнее звон.

                                                                    Купіў заяц

                                                                    Тэлефон.

Вы лічыце, што слова “тэлефон” з’яўляецца складаным. Абгрунтуйце сваю думку.

Які складаны назоўнік можна  ўтварыць з першай часткай “тэле-”? (Тэлевышка.) Як вы яго напішаце?

Для даведкі.

Грэчаскае слова “тэле” азначае “далёка”.

Грэчаскае слова “фон” азначае “гук”.

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: з янд ў ьнезд [3, стар. 121, “Фразеалагічны слоўнік”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                 За колькі дзён да касавіцы

                                                 Касцы загляну(т, ц)ь на паліцы,

                                                 Каб малаток знайсці і бабку:

                                              І(дз, д)е работа, не спі ў шапку [5, стар. 194, “Паэмы Я. Коласа”].

Падбярыце сінонім да слова “касавіца”. (Сенакос.) Растлумачце яго напісанне.

Растлумачце значэнне фразеалагізма “не спі ў шапку”.

Падбярыце літаратурны адпаведнік да аўтарскага слова “работа”. (Праца.)

Раскрыйце сэнс слова “бабка”. (Тут: прылада для адбівання, кляпання кос.) [1, стар. 49, “Тлумачальны слоўнік”].

Адказ на пытанне.

 Якія складаныя назоўнікі пішуцца разам?

Тэст.

Адзначце назоўнікі, напісаныя правільна:

1) пешаход;

2) вадакачка;

3) метэаралогія;

4) метэа-ролаг;

5) тэлеграф;

6) тэле-грама;

7) пчалавод.

Адказ: 1, 2, 3, 5, 7.

Для даведкі.

Метэаралогія – навука аб зямной атмасферы і аб працэсах, якія адбываюцца ў ёй: вывучае склад і будову атмасферы, тэмпературу, ціск, вільготнасць паветра і інш.

Тэлеграф – сістэма сувязі, якая забяспечвае прыём і хуткую перадачу паведамленняў на адлегласць пры дапамозе электрычных сігналаў па правадах [2, стар. 213, 331, “Слоўнік іншамоўных слоў”].

                                                                                                            

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Булыка, А. М. Слоўнік іншамоўных слоў. / А. М. Булыка, Мінск : Нар. асвета, 1993. – 398 с.

3. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

4. Гваздовіч, Г. А. і інш. Беларуская мова : Падруч. для 10-га кл. устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі з бел. мовай навучання з 11-гадовым тжэрмінам навучання / Г. А. Гваздовіч, М. М. Круталевіч, У. П. Саўко. – 2-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 2004. – 239 с.       

5. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

6. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання : у 2 ч. / Г. М. Валочка [і інш]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. --  240 с.

 

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, ліпень 2021 года, № 7.