Поиск по этому блогу

Аповесць "Пан"

 

                                                                                                                  Аляксей Якімовіч

 

 

 

 

ПАН

Дэтэктыўна-містычная аповесць

 

 

 

Героі аповесці, якія прыехалі адпачываць у санаторый, сустракаюцца ў лесе з Панам – міфічным гаспадаром лясоў, палёў і статкаў з казлінымі нагамі, рагамі і барадой. Гэты твор аб каханні, вернасці і здрадзе.

Для старэйшага школьнага ўзросту і дарослых.

Дапрацавана аўтарам у 2019 годзе.

Друкаваць у гэтым варыянце.

Выдадзена ў выдавецтве “Беларусь”.

Якімовіч, А. М. Пан : аповесць і апавяданні / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 135 с.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Гаспадар лясоў, палёў і статкаў

 

Была вясна.

Склаўшы на грудзях рукі, ён сядзеў на лаўцы за блакітным столікам, над якім узвышалася стройная бяроза. А вакол густою сцяною стаяў лес, ціхі, задумлівы, таемны.

Калі б цяпер хто-небудзь раптам убачыў яго, то, напэўна, падумаў бы, што сустрэўся з самім чортам. Але гэта быў не чорт, а Пан – гаспадар лясоў, палёў і статкаў з казлінымі нагамі, рагамі і барадой.

Да Пана данеслася гучная музыка і неразборлівыя людскія галасы.

Пан мацней сціснуў губы. Ён ведаў, што людскія галасы даносяцца з санаторыя, які размясціўся на ўскрайку гэтага лесу. Увесь год у санаторыі збіраецца шмат людзей. Людзі часта прыходзяць і сюды, на палянку, сядзяць за блакітным столікам, бавячы час. А потым адпраўлюцца ў свой утульны цагляны дом, пакінуўшы на палянцы рознае смецце.

Лес пазірае на гэтае смецце і шуміць, уздыхае. Скаргу чуе ў яго голасе Пан.

Не раз і не два Пану хацелася падысці да людзей і сказаць ім, каб бераглі лес і паважалі, як паважаюць самае святое на зямлі.

Але Пан так і не падышоў да людзей, не асмеліўся, бо ведаў: гэтыя мірныя людзі заўтра стануць паляўнічымі. Возьмуць у рукі стрэльбы і пачнуць бясконцую пагоню за ім. Ці не самае моцнае пачуццё ў людзей – пачуццё паляўнічага.

А сёння ён сустрэнецца з імі. Надакучыла быць баязліўцам. Пара паказаць сябе. Так сказала і Паненка. Яна папрасіла, каб уступіў у паядынак з людзьмі. А слова Паненкі для яго -- закон. Вострым розумам, дзіўнай прыгажосцю, нечуванай ласкай зачаравала Паненка.

Трывожна на душы. Магчыма, самую вялікую ў жыцці памылку робіць ён. Невядома, да чаго можа прывесці гэтая памылка.

Пан узварухнуўся і прамовіў у задуменні:

Ішоў бай па сцяне

                                                          У чырвоным жупане.

                                                          Дзейнічаць, ці не?

                                                                    (З народнага.)

Людзі з санаторыя прыдумалі гульню, у якой будуць называць адзін аднаго  мянушкамі. Хто вытрымае такое выпрабаванне, таму аддадуць усе свае залатыя ўпрыгожанні. Учора яны дамаўляліся тут, на палянцы. А ён сядзеў у кустах і слухаў. Так ужо спрадвеку павялося. Ён, Пан, заўжды здалёку назірае за людзьмі. Яны ўжо забыліся, што ён ёсць на свеце, што існуе. Магчыма, таму, што толькі пра сябе думаюць, вельмі любяць сябе. А той, хто вельмі любіць сябе, іншых не заўважае.

                                                           -- Дзейнічаць, ці не?

                                                           – Дзейнічаць.

                                                           І ты кажаш – дзейнічаць,

                                                           І я кажу – дзейнічаць, --

                                                                   (З народнага.)

азірнуўшыся, прашаптаў Пан.

Трэба сустрэцца з людзьмі, трэба правучыць іх як шкоднікаў.

Забаўку знайшлі, мянушкамі адзін аднаго стануць называць!.. Няўжо не ведаюць, што крыўдныя мянушкі балюча раняць і могуць распаліць агонь нянавісці? Такі агонь усё знішчае на сваім шляху, пустыню пакідае пасля сябе.

Пан устаў з-за століка і ў задуменні паглядзеў удалячынь. Чаму ж так адбываецца паміж людзьмі? Можа, ім уласныя імёны надакучылі, як горкая рэдзька? Можа, сталі саромецца і сваіх бацькоў, і роду свайго спрадвечнага?.. Шмат радоў ужо знішчана на зямлі ў бойках, у бітвах, у беспамяцтве, у нянавісці. Згінулі, прапалі, быццам не было іх. А людзі гуляюць, не думаюць пра гэта. Забаўляюцца. Чым крывей, тым смяшней. Не, чым крывей, тым страшней.

Раней цікавей цякло жыццё. Загадкамі, песнямі, казкамі людзі цешылі.

Не перайначыць яму людзей, былога не вернеш. Трэба жыць як набяжыць. Трэба берагчы і лясы, і палі, і статкі…

У глыбіні лесу трывожна азвалася птушка. Пан крыху пастаяў, прыслухоўваючыся,  а затым наблізіўся да бярозы. На гладкім белым ствале ён убачыў чырвоную з жаўтаватымі крапінкамі божую кароўку. Яна сядзела нерухома, нібыта незвычайная прыплюснутая прыгожая падкоўка.

-- Добрая божая кароўка!.. Цяпло ты адчула, вылезла са шчыліны, на вясеннім сонейку грэешся, -- сказаў Пан і асцярожна, двума пальцамі, зняў божае стварэнне са ствала, пасадзіў на далонь і прагаварыў:

Божая кароўка,

                                                            Што заўтра будзе –

                                                            Дождж ці пагода?

                                                            Пень ці калода?

                                                            Пагода – ляці.

                                                            Дожджык – сядзі!

                                                                       (З народнага.)

Божая кароўка нерухома сядзела на далоні. Ёй не хацелася пакідаць цёплую далонь гаспадара лясоў, палёў і статкаў.

-- Грэйся, набірайся сілы, жывая кропелька прыроды! – прамовіў Пан і пасадзіў божую кароўку ў высокую шаўкавістую траву.

Дожджык сёння будзе. Божае стварэнне не падмане свайго гаспадара.

Дык што рабіць? Сказаць Паненцы, што не трэба ім уступаць у гэтую небяспечную гульню?

А ці пагодзіцца з ім Паненка? Мабыць, паглядзіць з усмешкаю і ў душы баязліўцам назаве.

Трэба дзейнічаць, каб потым сумленне не мучыла, не грызла, поедам не ела.

                                                             -- Ішоў бай па сцяне,

                                                             Насіў лапці ў кішане.

                                                             Ці дзейнічаць, ці не?

                                                             – Дзейнічаць, --

прашаптаў Пан. Ён будзе ўдзельнікам гульні, хоць і не ляжыць душа.

У грудзях у Пана зашчымела, быццам нейкі нябачны агеньчык успалыхнуў там. Так здаралася заўжды, калі вельмі хваляваўся.

                                                              -- Ай ты, Кузьма,

                                                              Не вядзі казла,

                                                              Вядзі козаньку,

                                                              Беланожаньку.

                                                              Не вядзі ў асаку,

                                                              Бо я ногі пасяку,

                                                              А вядзі ў лапушок

                                                              Ды купі мне фартушок, --

                                                                          (З народнага.)

быццам здалёку, з глыбінь стагоддзяў, данеслася да Пана знаёмая песенька. Яна заўжды яго цешыла, як, здараецца, ласкавае слова цешыць пакрыўджанага, зняверанага.

-- Хутка ўбачу козаньку-беланожаньку! – прагаварыў Пан і, вырваўшы з барады некалькі валасінак, павесіў іх на галінку бярозы і дадаў: -- Гэта мой падарунак вам, напамінак мой, людзі!

На ўскрайку палянкі гучна застракатала сарока. Яна як бы прывітала гаспадара лясоў, палёў і статкаў.

-- Ужо блізка… Будзе многім слізка, -- сказаў Пан і, стукнуўшы капытам аб капыт, таропка пакрочыў у гушчар, туды, дзе быў яго схоў.

 

Людзі з санаторыя

 

Неўзабаве на паляне з’явіліся людзі з санаторыя. Іх было чацвёра: бізнесмен Юрый Іванавіч, яго жонка Вікуля, апранутая ў блакітныя нагавіцы і ружовую кофтачку, электрык гарадскога базара Пятро Савельевіч і студэнтка Таня. Яна несла поліэтыленавы пакет, у якім ляжалі кубкі і тэрмас.

На шыі ў Юрыя Іванавіча вісеў тоўсты залаты ланцужок, на пальцах ззялі дарагія залатыя пярсцёнкі. Дарагія залатыя пярсцёнкі ўпрыгожвалі і доўгія далікатныя пальцы Вікулі.

-- На гэтай залатой паляначцы распачнём забаўную гульню, грамадзянін і грамадзяначкі! – спыніўшыся непадалёку ад блакітнага століка, усклікнуў Пятро і запытальна паглядзеў на Юрыя Іванавіча.

Невысокі, таўставаты, чымсьці падобны на дубовую бочачку, Юрый Іванавіч нахмурыўся і кіўнуў галавою.

Яго захапіла гульня, прыдуманая ўчора. Не хацелася сядзець у душным санаторыі, не хацелася лавіць на сабе касыя погляды Вікулі. Ёй ужо надакучыў гэты санаторый. Яе цягнула ў горад, дзе засталіся сяброўкі, дзе была шумная кампанія.

-- Значыць, распачнём! -- Пятро перавёў позірк на Вікулю. Тут, на цяністай лясной палянцы, ён лічыў сябе самым галоўным, тамадой.

Кончыкамі наманікюраных пальцаў Вікуля дакранулася да залатога ланцужка, які ўпрыгожваў яе зграбную загарэлую шыю, і прагаварыла абыякавым роўным голасам:

-- А мне па барабане, ці на гэтай, ці на суседняй. Галоўнае для мяне – да фінішнай лентачкі першай дакрануцца, разарваць.

Сапраўды, кожны дзень жыцця для яе быў як фінал, ад якога яна чакала шчодрай узнагароды. “Узнагароду атрымліваюць самыя лепшыя, самыя прыгожыя”, -- так іншы раз думала яна і ганарылася сабой, сваёй прыгажосцю: пульхнымі малінавымі губкамі, карымі бяздоннымі вачыма, прыгожай фігуркай, быццам вытачанай адмысловым скульптарам. Нядаўна яна адзначыла трыццаць гадоў, а многія давалі ёй толькі дваццаць.

Пятро зірнуў на Таню, чакаючы ад яе адказу.

Таня гучна ўздыхнула.

Пятро міжволі залюбаваўся ёю. Рыжавалосая, у вяснушках, падобная на яркае вясёлае сонейка, яна многіх прыцягвала да сябе.

-- Хвалюешся, баішся прайграць, Танечка-студэнтачка! З золатцам не хочаш развітвацца! – усклікнуў Пятро.  Ён рукою пацягнуўся да залатой Танінай завушніцы, гарэзліва ўсміхнуўся і дадаў: -- Наш Пятрук не цецярук!

Нядобрае, небяспечнае пачула Таня ў голасе Пятра. Яна адхіснулася ад яго і рукою затуліла завушніцу.

-- Мамін падарунак! На васемнаццацігоддзе мама падарыла. Наказвала, каб берагла.

Дзяўчыне здавалася, што гэтыя словы абароняць яе ад бяды, стануць своеасаблівым заклінаннем, талісманам.

А Пятро глядзеў на студэнтку і ўхмыляўся.

“Не дайшло да яго, не зразумеў ён мяне”, -- падумала Таня і выдыхнула:

-- Будзе перажываць мама, калі страчу!

Пятро палюбаваўся на дзяўчыну і гучна аб’явіў:

-- Надзяліла прырода прыгожанькім тварыкам і фігуркай! Не табе выціраць слёзкі ражкамі хусцінкі.

Таня моўчкі паставіла на стол поліэтыленавы пакет і ўпершыню пашкадавала, што пагадзілася прыйсці сюды, у лес, з малазнаёмымі людзьмі. Вікулю паслухалася, угаварыла яе Вікуля. Абяцала, што не пакіне ў бядзе. А цяпер маўчыць як у рот вады набраўшы, чакае нечага.

Палюбаваўшыся на Таню, Пятро стаў на пень і распачаў сваю прамову:

-- Грамадзянін і грамадзяначкі!.. Ніхто нікога з санаторыя за вушы сюды не цягнуў. Па добрай волі прыйшлі.

 “Прыйшлі, мае ён рацыю, па добрай волі сёння з падарункам мамы  магу развітацца”, -- падумала Таня і ўздрыгнула, як спалоханая.

-- Правільна кажу, Юрый Іванавіч? – выгукнуў Пятро. Ён пабойваўся гэтага саліднага надзьмутага бізнесмена, увесь час шукаў у яго падтрымкі.

Юрый не адказаў. Ён наблізіўся да бярозы, зняў з галінкі валаскі Пана, уважліва паглядзеў на іх і адзначыў:

-- Па начах тут козлікі гуляюць!

-- Адкуль ім узяцца? Ад нашага санаторыя да суседняй вёскі дзесяць кіламетраў з гакам, – уставіла сваё слова Вікуля. Яна любіла пярэчыць мужу, гэта забаўляла яе, асабліва калі бачыла, як хмурыцца і нярвуецца ён.

Крыва ўсміхнуўшыся, Юрый падышоў да Пятра і працягнуў яму валаскі Пана. Пятро асцярожна, двума пальцамі, узяў валаскі, паднёс да носа і панюхаў.

Юрый, Вікуля і Таня моўчкі глядзелі на яго.

-- Як практык-ветэрынар, аўтарытэтна заяўляю: казліныя! – гучна абвясціў Пятро. У санаторый ён прыехаў з невялікага раённага гарадка, працаваў там электрыкам на базары, але ў час размовы звычайна называў сябе практыкам-ветэрынарам. Гадоў дваццаць пяць таму адразу пасля школы паступіў у сельскагаспадарчы інстытут, спадзяваўся, што асвоіць прафесію ветэрынара¸ ды так і не змог гэтага зрабіць: пасля першага курса за непаспяховасць адлічылі з інстытута.

-- Чула ад адпачываючых, што ў гэтых мясцінах бачылі Пана, -- уступіла ў размову Таня.

-- Якога пана? – не зразумеў Пятро. Ён усё стаяў на пні, быццам жывы помнічак, звысоку пазіраючы на Юрыя, Вікулю і Таню.

-- Гаспадара лясоў, палёў і статкаў. Пан нарадзіўся з казлінымі нагамі, рагамі і барадой. Калі ж падрос, то стаў наводзіць жах не толькі на асобных людзей, а нават на цэлыя войскі, -- ахвотна растлумачыла Таня. Ёй як мага хутчэй хацелася пакінуць гэты густы вясенні лес, хацелася апынуцца ў сваім утульным пакойчыку. Там можна ўключыць тэлевізар альбо прылегчы на ложак і пачытаць любімую кнігу. “Магчыма, забудуцца яны пра гульню, пачуўшы пра Пана”, -- падумала яна, зірнуўшы на сваіх спадарожнікаў.

-- Пан? – хмыкнула Вікуля. – У кніжцы можа быць, але не тут.

-- За што купіла, за тое і прадаю, -- ціха прамовіла Таня.

-- Што скажаш, ветэрынар? – як да вялікага знаўцы, звярнуўся да Пятра Юрый.

Пятро паціснуў плячыма. Ён не ведаў, што існуе Пан, у якога казліныя ногі, рогі і барада. Толькі цяпер ад Тані пачуў пра гэта.

-- Кажуць, што іншы раз Пан вые як воўк. Мабыць, ад адзіноты, -- не так упэўнена, як раней, прагаварыла Таня. Ёй самой хацелася гучна завыць па-воўчы альбо паклікаць, папрасіць маці, каб прыйшла і забрала, вывела з гэтага змрочнага, няўтульнага лесу.

Пятро выпраміўся і падняў угору валаскі Пана.

-- Дык што? Пакінем гульню?.. Прыйшлі куры на хаўтуры: верабейка памёр?

-- Ты найвышэй стаіш – табе і паганялы даваць, -- заўважыў Юрый. Як і Пятро, ён не намерваўся пакідаць лясную паляну.

-- Юрый Іванавіч, я ўжо прыдумаў для вас мянушку, -- пахваліўся Пятро.

-- Якую? – запытаўся Юрый.

--  Хмурык вы!-- выкрыкнуў Пятро і кашлянуў у кулак. Ці не ўзлуецца на яго гэты фанабэрысты бізнесмен, ці не пакрыўдзіцца? Калі пакрыўдзіцца, то не даруе, будзе помсціць.

-- Добрая мянушка! – не стрывала Вікуля. “Электрык гарадскога базара ў самы яблычак трапіў. Цяпер і я свайго суджанага за вочы Хмурыкам буду называць”, -- падумала яна.

Уважліва паглядзеўшы на Пятра, Юрый кіўнуў галавою. Ніводзін мускул не здрыганўся на яго твары.

Пятро падцягнуў нагавіцы, выпраміўся і ўсміхнуўся. Яму здалося, што ён правадыр маленькага паслухмянага племені.

-- А вы, Вікуся…

-- Вікуля Паўлаўна! – паправіла электрыка Вікуля. Яна адразу вырашыла паказаць, хто ёсць хто.

-- Зязюляй будзеце, -- не разгубіўся самазванец-правадыр і падкінуў угору валаскі казла, дзьмухнуўшы на іх.

Юрый з ухмылкай паглядзеў на Вікулю, а затым перавёў позірк на Пятра і зазначыў:

-- Вострым перцам частуе ветэрынар.

“Прайграла я ім. Адзін – нуль на іх карысць. Пакуль адзін – нуль”, -- падумала Вікуля і апусціла галаву.

--- Не, не прайграю я, не падстаўлюся! – прашаптала Таня. На хвілінку яна забылася, што тры пары вачэй уважліва сочаць за ёю.

-- Падстава! Ей-Богу, не ведаў, якую мянушку ёй даць. Але сама падставілася! – торкнуўшы на Таню кароткім вузлаватым пальцам, зарагатаў Пятро.

Моргаючы вачыма, Таня глядзела на Пятра. Яна зразумела, што гульня распачалася і шлях да адступлення ўжо адрэзаны. Паміж гэтай палянкай і санаторыем бездань, праз якую не перайсці, не пераскочыць.

Пятро вырашыў падбадзёрыць Таню.

-- Не бяры ў галаву, Падстава. Праз некалькі гадоў, магчыма, у спісе Форбса цябе ўбачу, -- сказаў.

-- Аратар! – адрывіста прагаварыў Хмурык. Ён быццам стрэліў нечакана.

-- Што? – не зразумеў электрык базара.

-- Тваё паганяла будзе Аратар, -- растлумачыў Юрый.

-- Учора на тваім пальцы, Аратар, бачыла залатую пячатку, -- напомніла Вікуля.

Пятро ўзяўся рукою за тонкі металічны ланцужок, які вісеў на шыі. “З золатам прыйшоў, ёсць у мяне золата!” – як бы сказаў ён.

-- Мы ўчора дамовіліся, што ўсе свае залатыя рэчы з сабою возьмем, -- напомніла Вікуля. Усё-ткі прыціснула яна гэтага выхваляку да сцяны, адпомсціла за пройгрыш у першым раундзе, узяла рэванш. Ён яшчэ не ведае, з кім звязаўся.

Пятро заморгаў маленькімі падслепаватымі вочкамі і прамовіў з гонарам:

-- Калі я вучыўся на першым курсе ў ветэрынарным інстытуце…

-- Не нарывайся на непрыемнасць, Аратар! -- перапыніў Юрый. Яго не цікавіла, дзе і калі вучыўся электрык гарадскога базара.

Пятро ўгнуў галаву ў плечы і вінавата ўсміхнуўся.

-- Многія ведаюць мяне як упартага ворага! -- з пагрозаю прамовіў бізнесмен.

Пятро саскочыў з пня і пакрочыў у напрамку санаторыя, гучна вымаўляючы:

Саломінка,

                                                                        Яромінка

                                                                        Прэла,

                                                                        Гарэла,

                                                                        На мора

                                                                        Ляцела.

                                                                        Касцюк,

                                                                        Масцюк,

                                                                        Радзівон,

                                                                        Ідзі вон.

                                                                           З народнага.

 “Куды вы, Пятро Савельевіч?” – хацела гукнуць Таня, але стрымалася. “Няхай ідзе, няхай уцякае. Можа, дасць Бог, усе паразыходзімся вось так,” -- падумалася ёй.

А Пятро спыніўся каля кустоў, якія густою сцяною акружалі палянку, і прагаварыў, азірнуўшыся:

-- Трасца!

-- На каго ён так? – вырвалася ў Тані.

-- Дагані яго і спытайся, -- незычліва адказала Вікуля. Яна адразу здагадалася, што электрык менавіта яе назваў трасцай.

Пятро расхінуў кусты і палез у гушчар.

-- Крыху правяду яго, ненадзейны ён, -- звярнуўся да Тані і Вікулі Юрый.

Вікуля ласкава ўсміхнулася Юрыю, а Таня адвяла позірк убок. Ёй здалося, што нядобрыя агеньчыкі заскакалі ў вачах бізнесмена.

-- Ненадзейны! –  паўтарыў Юрый і таропка пакрочыў услед за Пятром.

 

   Пра каханне

 

Вікуля і Таня моўчкі стаялі на палянцы.

-- Пашчасціла вам з мужам, Вікуля Паўлаўна! Вядомы бізнесмен, нават у газетах пра яго пішуць, -- парушыла маўчанне Таня. “Мы з Сінічкай тут стаім  быццам дзве варожыя сілы, якія развучыліся размаўляць”, -- падумала яна.

-- Давай лепей пра каханне пагаворым, -- пазяхнуўшы, адказала Вікуля. Ёй таксама не хацелася маўчаць. На душы раптам ні з таго ні з сяго ўзнікла трывога. Размовай яе трэба было прыглушыць, аддаліць ад сябе.

“Каханне яшчэ не прыйшло да мяне, яшчэ не адчула я яго. І невядома, ці ў бліжэйшы час адчую, калі сёння хтосьці груба ўварвецца ў маё жыццё”, -- падумала Таня і сказала:

-- Тэма кахання ўсіх цікавіць. Каханне і старасць – любімыя тэмы і журналістаў, і пісьменнікаў. Не задумваліся, чаму?

-- Чаму? – роўным голасам прагаварыла Вікуля. Ёй было цікава паслухаць гэтую маладзенькую студэнтку, успомніць свае дзявочыя гады. Жыццё, цвёрда была пераканана яна, падобна на застылую вулканічную лаву. Людзі старэюць, мяняюцца пакаленні, а такія спрадвечныя пачуцці, як каханне, злосць, нянавісць, дабрыня, застаюцца нязменнымі. Быццам грыпам, хварэюць імі людзі, непрыкметна перадаюць адзін аднаму.

-- Жыццё пачынаецца з кахання, а заканчваецца, старасцю  смерцю, як кругаварот вады ў прыродзе.  Ведаеце, які малюнак жыцця мяне асабліва ўражвае і захапляе? – прагаварыла Таня і прыўстала на дыбачкі. На нейкую хвіліну яна забылася і пра Пятра, і пра Юрыя з іх апантанай прагай гульні. Той кругаварот, вялікую тайну прыроды захацелася ёй убачыць і зразумець.

-- Які малюнак? – данёсся да Тані той жа роўны, без усплёску эмоцый,  голас Вікулі.

-- Вельмі люблю глядзець на старых людзей, якія ідуць, узяўшыся за рукі, -- адказала Таня.

-- Ну і што? -- паціснула плячыма Вікуля. Ідучы па гарадской вуліцы, яна не заўважала старых людзей. Яны яе проста не цікавілі, як не цікавіць нешта чужое, непатрэбнае, непрыгожае.

Таня са здзіўленнем паглядзела на гэтую прывабную багатую жанчыну, з якой так нечакана апынулася на лясной паляне ўдалечыні ад гаманлівага натоўпу.

-- Гэтыя людзі захавалі каханне, прыгажосць, неслі яго год за годам, як незвычайную каштоўнасць.

-- Старасць – прыгажосць? – прамовіла Вікуля і пацепнула плячыма. Яна заўсёды з жахам думала, што і да яе непрыкметна можа падкрасціся старасць, зробіць яе згорбленай, маршчыністай.

-- Прыгожа, як верныя сябры, яны пражылі жыццё. І радаваліся, і смуткавалі разам. З надзеяй жылі, -- старалася пераканаць Таня.

-- З якой надзеяй? – запыталася Вікуля. “Што ты ведаеш пра жыццё? Ты яшчэ дзяўчынка, ты не бачыла яго”, -- хацела сказаць яна Тані.

Таня дакранулася да гладкага ствала бярозы і правяла па ім далонню. Неяк адразу пацяплела ў яе на душы.

-- Што будуць ганарыцца дзецьмі, унукамі, што праўнучкаў дачакаюцца.

Вікуля ледзь прыкметна ўздыхнула.

-- Сэрцавіна жыцця, па-твойму, сям’я?

“Нам цяжка зразумець адна адну. Нашы шляхі ніколі не перасякуцца, паралельным курсам будзем ісці бясконца. Можа, пакінуць гэтую спрэчку, проста пасядзець і памаўчаць?” – прамільгнула ў Тані ў галаве, але яна адразу ж адагнала гэтую думку.

-- Так, сям’я, -- сказала. -- Вызначаны лёсам час трэба аддаваць ёй, кожную хвіліну помніць, што найважнейшая сустрэча – сустрэча з роднымі.

Вікуля прайшлася па паляне і здалёку паглядзела на Таню. Асвечаная яркім сонцам, быццам жывая залацінка, стаяла яна каля бярозы.

“Цяпер мне зразумела, якая ты. Начыталася розных кніжак і цытатамі гаворыш. А ці ўспомніш пра цытаты, калі неспадзявана бяда на цябе наваліцца, падпільнуе? Цытаты тады не ўратуюць”, -- падумала Вікуля і прагаварыла:

-- А мне ўсё жыццё здавалася, што сакрэт поспеху заключаецца ў іншым. Галоўнае – не ўпусціць свой шанц, спадабацца, як мадэлі на подыуме.

Таня дакранулася рукою да ярка-чырвонага банта, якім была перавязана тоўстая рыжая каса. Сёння раніцай так старанна заплятала яе! Таксама для таго, каб спадабацца, як мадэлі? Дзе ён, яе містэр ікс?

-- Ха-ха-ха… Рассмяшылася!.. – нечакана залілася рогатам Вікуля. -- Што яшчэ пра каханне і старасць скажаш мне, Падстава?

-- Мама, помню, казала: “Чым больш старэеш, тым больш становішся адзінокім. Таму вельмі важна як мага далей прайсці са сваім спадарожнікам жыцця, -- павольна пачала маладая студэнтка.

-- Каб прайсці, спачатку трэба… – пачала Вікуля і запытальна паглядзела на Таню.

-- Знайсці, -- закончыла фразу Таня.

-- Высачыць і ўзяць як здабычу! – выпаліла Вікуля і пацягнула прыгожанькім носікам з ледзь прыкметнай гарбінкай.

-- Ведаеце, чаго найбольш баяцца адзінокія людзі? – запыталася Таня. Ёй не спадабалася Вікуліна “ўзяць як здабычу”.

-- Хваробы? Голаду? Няшчасця? – стала пералічваць Вікуля.

-- Свят! – сказала Таня. – Страшна, калі да цябе ніхто не прыходзіць, не прыязджае, не запрашае.

Тонкія бровы Вікулі папаўзлі ўгору.

-- Ты ведаеш гэта?

-- Размаўляла з адзінокімі. Казалі, што ў такія дні жыцця не адчуваюць: быццам не рухаецца, быццам спынілася яно, мінае іх.

Вікуля ўважліва паглядзела на Таню і прамовіла:

-- Калі мяне папросяць выступіць на тэму маралі, звярнуся да цябе, Падстава. З кансультацыяй дапаможаш.

 

З Панам

 

Пан стрымаў сваё слова. Ён выйшаў на паляну, каб паўдзельнічаць у гульні, прыдуманай людзьмі.

Убачыўшы нечаканага госця, Вікуля і Таня застылі як каменныя.

   -- Я Пан з рагамі,

                                                            З гарачымі ланцугамі,

                                                            Іду, гадаю,

                                                            Золата

                                                            Сабе шукаю, --

скорагаворкаю прагаварыў гаспадар лясоў, палёў і статкаў і наблізіўся да аслупянелых людзей.

-- Мужчы!.. – вырваўся з грудзей Тані хрыплы крык. Яна вырашыла, што гэтая незвычайная істота зараз накінецца на яе і разарве, як звычайна драпежны звер разрывае сваю ахвяру.

-- Маўчы! – строга папярэдзіў Пан і стаў лічыць, пачаўшы ад сябе:

А ты, коцік, не гуляй,

                                                              Начовачкі прыбірай!

                                                              Начовачкі слізкі,

                                                              Вядзёрачкі блізкі.

                                                              Круг абарваўся,

                                                              А ты так астаўся.

                                                                         З народнага.

-- Я коцік? – усклікнула Вікуля.

Штосьці падобнае на ўсмешку прабегла па вуснах Пана. Ён зняў з шыі Вікулі залаты ланцужок.

-- Не забірай! – папрасіла страшную істоту Вікуля. У гэты момант ёй чамусьці стала шкада гэтага залатога ланцужка, хоць дома, у гарадской кватэры, у яе засталося яшчэ пяць падобных ланцужкоў.

Пан патрос залатым ланцужком перад тварам маладой жанчыны і прапанаваў:

-- А ты добра папрасі!

-- Як?

-- А вось так.

Пан, Паночак,

                                                             Ты аддай жа ш мой вяночак!

                                                             Зіму-лета я хадзіла,

                                                             Рукі, ножкі сцірала,

                                                             Па касынцы збірала,

                                                             У вяночак звівала.

-- Калі добра папрашу, то аддасі?

         -- Запатрабую выкупу. Можа, пацалунка. Можа, станцуеш, можа, песню праспяваеш.

-- Якую песню?

-- А вось такую.

                                                                          Я свой вяночак выпрасіла!

                                                                          Я свой венчык выплакала!

                                                                 Я свой венчык выенчыла!

                                                                 Я свой венчык выплясала!

Вікуля адступіла. Яна хацела пабегчы, уцячы, але Пан з сілай узяў яе за руку, не пусціў.

-- Ну!.. – адчайны крык вырваўся з грудзей Вікулі.

Пан зняў з яе пальца пярсцёнак і паднёс яго да вачэй.

Таня з жахам глядзела на Пана і Вікулю.

 

Сутычка

 

У гэты час на палянцы з’явіўся Юрый.

-- Ратуй! – убачыўшы яго, усклікнула Вікуля.

Уздрыгнуўшы, Юрый выхапіў з кішэні пісталет. Ён заўжды насіў яго пры сабе, меў на гэта дазвол.

Але і Пан не разгубіўся. Ён падскочыў да бізнесмена і стукнуў яму ў грудзі рагамі.

Юрый выпусціў з рукі пісталет і ўпаў на зямлю.

Вікуля і Таня з жахам глядзелі на Пана. А той падышоў да Вікулі і пазнімаў з яе пальцаў усе пярсцёнкі.

-- Ты такі прагны? – прамовіла Вікуля і затулілася рукамі.

Тані здалося, што гэты няпрошаны госць зараз схопіць Вікулю і пацягне ў сваю цёмную нару.

Зіму-лета не хадзіла,

                                                       Рукі, ножкі не сцірала,

                                                       Па касынцы не збірала,

                                                       У вяночак не звівала, --

прагаварыў гаспадар лясоў, палёў і статкаў і пайшоў з палянкі.

-- Гэта быў?.. Быў… -- гледзячы на Таню, прагаварыла Вікуля. Яна ўжо сама здагадалася, хто напаў на іх, але ёй было цяжка вымавіць апошняе слова.

-- Пан! – выдыхнула Таня. “Усё-ткі нагаварыла я, накаркала, прыцягнуўся ён да нас як здань”, -- пранеслася ў яе галаве.

Вікуля ўсхліпнула, падбегла да Юрыя і дакранулася да яго.

-- Юрый Іванавіч!..

Таня зірнуда на Вікулю і з асуджэннем прагаварыла:

-- Мы дамовіліся, у нас гульня!..

-- Хмурык! – паклікала Вікуля.

“Навошта я напомніла ёй пра гульню? Хіба яна патрэбная мне?” – падумала Таня і адчула, як закружылася галава. Відаць, ад хвалявання, ад перажытага.

А Юрый ляжаў нерухома, падагнуўшы ногі.

-- Хмурык! – што ёсць сілы закрычала Вікуля і заплакала наўзрыд. Плечы ў яе затрэсліся, а па шчоках пацяклі буйныя слёзы.

Ледзь стрымліваючы дрыжыкі, якія раптам прабеглі па ўсім целе, Таня ступіла некалі крокаў, абняла Вікулю за плечы і запыталася:

-- Ты шкадуеш яго?

-- Не ведаю! – крыкнула Вікуля. Ёй стала страшна, нудна і адзінока.

-- Супакойся! – папрасіла жонку бізнесмена Таня. Яна і сама не заўважыла, як перайшла на “ты”, быццам само сабою выйшла гэта ў яе. 

 

Абавязкова выстраліць

 

На ўскрайку палянкі паказаўся Пятро. Ён падняў угору руку і паказаў залатую пячатку на пальцы.

-- Прынёс!

“Наш электрык у санаторый бегаў, залатую пячатку там узяў. Магчыма, ужо не спатрэбіцца яна нам”, -- падумала Таня і сціснула губы, каб не ўсхліпнуць.

-- Памёр раптоўна, на вашых вачах? – убачыўшы нерухомага Юрыя, усклікнуў Пятро.

-- Здаецца, не памёр. Цёплы! – усхліпнула Вікуля. Згорбіўшыся, як старая, яна сядзела каля Юрыя.

“Няшчасце ўсіх раўняе: і бедных, і багатых робіць слязлівымі”, -- зірнуўшы на Вікулю, зазначыла пра сябе Таня.

-- Хто ж яго абязвечыў? – пацікавіўся ў Тані Пятро.

-- Пан з казлінымі рагамі! – адказала Таня.

Пятро страсянуў выцягнутымі рукамі. Ён не паверыў Тані.

-- Ей-Богу?

Таня кіўнула галавою. Ёй не хацелася гаварыць. Млявасць разлілася па ўсім целе. Хацелася сесці і бясконца глядзець перад сабою, чакаючы нечага незразумелага невядомага, падобнага  на пазбаўленне ад бяды.

-- Мамінька! – выгукнуў Пятро і азірнуўся. Яму здалося, што Пан з казлінымі рагамі крадзецца да яго.

-- Хмурык! Хмурык!.. – стараючыся раскатурхаць Юрыя, загаласіла Вікуля. Твар у яе завастрыўся, стаў жорсткі.

-- Гэта толькі пачынка, а будзе цэлая аўчынка! – узяўшыся рукамі за галаву, абвясціў Пятро. Ён ужо не сумняваўся, што іх няшчасці толькі пачынаюцца. “Гэты дзень не наш, чужы”, -- падумалася яму.

Дрыжачымі рукамі Таня дастала з сумачкі мабільны тэлефон.

-- Хмурык! Хмурык! – нагнуўшыся над Юрыем, зноў загаласіла Вікуля і неспадзявана завыла як ваўчыца. Працяглае воўчае выццё разнеслася па палянцы і паімчалася далей, у самы гушчар, палохаючы лясных жыхароў.

-- Ваўчыца? – глядзячы на Вікулю, спалохана прамовіў Пятро.

Таня не адказала. Яна пачала набіраць нумар тэлефона.

-- Куды тэлефануеш? – расплюшчыўшы вочы, звярнуўся да Тані Юрый. Шчокі ў яго пачырванелі, а ў вачах заскакалі нядобрыя агеньчыкі.

-- У міліцыю, -- адказала Таня.

-- Схавай! – паказаўшы на тэлефон, загадаў Юрый.

Таня кінула тэлефон у сумачку і заморгала вачыма. Яна не разумела, што адбываецца.

-- Ведае, як біць і куды. Свалата! – вылаяўся Юрый. Ён ні перад кім не прывык адступаць. І перад гэтай міфічнай істотай не адступіць, не пабаіцца яе.

-- Растлумачце падрабязней!.. Значыць, я пайшоў, а ён прыйшоў? – у роспачы выклікнуў Пятро. Ён так і не зразумеў, што адбылося на цяністай зялёнай палянцы.

-- Прыйшоў і залатыя ўпрыгожанні ў Сінічкі забраў, -- растлумачыла Таня.

-- Абрабаваў? – здзівіўся Пятро. Ён ніяк не мог зразумець, навошта гаспадару лясоў, палёў і статкаў спатрэбіліся залатыя ўпрыгожанні.

-- Часткова абяззброіў, -- зазначыла Вікуля. Нарэшце яна супакоілася, як гаворыцца, узяла сябе ў рукі.

“А ці ведае наша Сінічка, што нядаўна выла па-воўчы? Вось каб цяпер спытацца ў яе пра гэта!” -- прабегла ў галаве Тані, але яна не спыталася, прамаўчала, вырашыла не трывожыць Вікулю.

Юрый тым часам устаў і азірнуўся.

-- Вы нешта шукаеце? – пацікавілася ў яго Таня.

-- Ён забраў мой пісталет? – запытаўся Юрый.

Студэнтка пакруціла галавою.

-- Не, не браў!

Юрый перавёў запытальны позірк на Вікулю.

Вікуля паціснула плячыма.

Юрый прайшоўся па палянцы, зазірнуў пад кожны кусцік, а затым спыніўся і прагаварыў у задуменні:

-- Дзе ж пісталет? Проста прапаў? Проста так нічога не бывае.

-- Проста так нічога не бывае! – паўтарыла Таня. Яна думала пра сваё.

-- Калі не мутант, то, значыць, хтосьці з вас стырыў. Прыйдзецца шманаць! – павысіў голас бізнесмен.

-- Калі я вучыўся на першым курсе ў ветэрынарным інстытуце... -- распачаў старую песню Пятро. Ён не абы хто, нікому не дазволіць сябе абшукваць. Няхай ведаюць пра гэта і Вікуля, і Таня, і Юрый.

-- З цябе першага і пачнём, -- паведаміў Юрый і стаў набліжацца да Пятра.

-- Што за праява! – абурыўся Пятро і адступіў.

-- Не нарывайся на непрыемнасць, Форбс! – папярэдзіў Юрый. Як заўжды, ён быў упэўнены ў сабе. Гэтая упэўненасць часта прыносіла яму жаданую перамогу.

Пятро спыніўся і паглядзеў на Вікулю і Таню, шукаючы ў іх падтрымкі.

-- Без санкцыі пракурора не маеце права, Хмурык!

Вікуля ўхмыльнулася. Пятра яна не пашкадавала б, калі б нават у цяжэйшую сітуацыю трапіў. Хто ён быў для яе? Завычайны крыўляка.

А Таня… Таня адчувала сябе бездапаможнай. Ёй здавалася, што на краі глыбокай ямы стаіць. Трэба было ўтрымацца, не сарвацца, не паляцець туды.

-- Былы мент? – абшукваючы Пятра, пацікавіўся Юрый.

-- Практык-ветэрынар! Ветэрынар я! – выгукнуў Пятро і рвануў кашулю на грудзях. Пот выступіў на яго лобе, а спіна пахаладзела. Сапраўды, гадоў дзесяць таму ён паўгода працаваў у міліцыі, але не афішыраваў гэты факт, стараўся не ўспамінаць пра яго.

-- Шкада, што не знайшоў! – абшукаўшы Пятра, працадзіў праз зубы Юрый.

“Цяпер настала мая чарга. Зараз гэты бізнесмен з крымінальным мінулым падыдзе да мяне і будзе мацаць сваімі ліпкімі рукамі і ўхмыляцца!” – падумала Таня.

Але яна памылілася.

-- Абшукай Падставу, --  прапанаваў Вікулі Юрый.

Вікуля рэзка павярнулася да Тані.

Таня адхіснулася і наставіла перад сабою рукі.

-- Не рэкамендую супраціўляцца, студэнтачка, -- лагодна сказала Вікуля. Яе карыя вочы сталі зеленаватыя. У хвіліну радасці яны заўжды мянялі колер.

-- Не супраціўляйцеся, Падстава. Яны грамадзяне сур’ёзныя, -- зашпіляючы на грудзях кашулю, папярэдзіў Пятро і зірнуў на Юрыя. Няхай ведае гэты багацей, што ён, Пятро, заўжды яго, падтрымае; калі спатрэбіцца, з белым сцягам будзе хадзіць.

Таня апусціла рукі. «Я цяпер як бездапаможнае пакалечанае птушанё,» -- падумала яна.

А тонкія пальцы Вікулі ўжо дакрануліся да яе стану, пабеглі вышэй, быццам прагныя, быццам жывыя. Зеленаватыя вочы глядзяць ва ўпор, нібыта страляюць.

Пятро адвярнуўся, заплюшчыў вочы і стаў паўтараць, быццам завучваючы табліцу множання:

-- Я практык-ветэрынар… Я практык-ветэрынар… Я практык-ветэрынар…

Яму хацелася ўхапіцца за гэтыя словы, як тапельцу за саломінку, ён спадзяваўся, што яны выратуюць яго, адвядуць ад бяды.

-- Так цяжка, вы нават уявіць сабе не можаце! Адзінае месца на зямлі, дзе хацелася б быць, -- маміна хата! – гледзячы ўдалячынь, прамовіла Таня. Яна не бачыла ні Юрыя, ні Пятра, ні Вікулі. Яны быццам расплыліся, сталі ліпкім паветрам.

-- Аддай золатца і ляці да мамінькі! Бяжы, коніку, дастанеш аброку, а не – то кія па боку, -- расплюшчыўшы вочы, параіў Тані Пятро і зноў зірнуў на Юрыя. Як жа праведаў бізнесмен, што ён, Пятро, служыў у міліцыі?.. Нюх у яго звярыны, няйначай. Быццам звер, дух за вярсту адчувае.

-- Чыстая! – абшукаўшы Таню, паведаміла Вікуля.

-- Пры нас застанешся, не ўцячэш. На тваім міленькім тварыку ўсё напісана.Гляджу і чытаю, як на лістку з канспекта, -- павесялеў Пятро. Ён зразумеў, што мінула небяспека, што цяпер зноў можна дыхаць вольна і пацяшацца з наіўнай студэнткі Тані.

-- Паслухайце, Падстава. На днях адзін пацан расказваў пра вынікі сацыялагічнага даследавання. Людзям трэба было ўказаць свае мары аб будучым, -- падаў голас Юрый. Ён вырашыў супакоіць Таню і тым самым хутчэй уключыць у задуманую гульню.

-- Як прыгожа загаварыў! Розумам вырашыў пратараніць! – паглядзеўшы на Юрыя, з насмешкаю прамовіла Вікуля. Калючымі слоўцамі, як іголкамі, сёння яна бясконца будзе калоць яго.

Юрый нахмурыўся і зыркнуў на жонку.

-- Пацан казаў, што восемдзесят працэнтаў апытаных на першае, другое і трэцяе месца ставяць грошы.

-- З дапамогай атрыманай прафесіі грошы можна зарабіць, – запярэчыла Таня. Не спадабалася ёй разважанне Юрыя. У іх сям’і грошы ніколі не займалі найважнейшае месца.

-- Грошы, любой цаной атрымаць, абы былі! – павысіў голас бізнесмен. Яго здзівіла, што Таня не зразумела гэтую простую ісціну.

-- Перада мною ён не будзе рассыпацца дробным макам. Пастарэла і ўстарэла я! – звярнулася да Пятра Вікуля. Ёй так хацелася сёння знайсці свайго даверлівага слухача!

Юрый і на гэты раз прапусціў міма вушэй колкую рэпліку Вікулі.

-- Мы не святыя, Падстава. Мы – гэтыя восемдзесят працэнтаў. Хіба не жаданне зарабіць, выйграўшы бліскучыя прычындалы, -- Юрый кіўком галавы паказаў на свае залатыя ўпрыгожанні, -- нас сюды паклікала?  Дык чакай і цярпі, не кашмар сябе. Гэты шмон – звычайная вытворчая неабходнасць.

-- Вам хіба так патрэбны мае і Аратаравы прычындалы? – запыталася Таня, а пра сябе падумала: “А ён мае рацыю. Не толькі цікавасць, але і жаданне выйграць, лёгка ўзбагаціцца прывяло мяне сюды. Забылася я, што іншы раз уяўная лёгкасць можа абярнуцца неймаверным цяжарам”.

-- Я не бедны, кожны дзень кашу зялёныя.

-- Дык чаго тады прыйшлі сюды? – вырвалася ў Тані.

-- Не толькі ў працы, але і ў гульні хочацца паказаць сябе, засвяціцца, -- не стаў таіцца Юрый. Яму падабалася размаўляць з Таняй, хацелася вучыць яе, як вучаць някемлівых дзяцей у школе, чуць яе голас, адчуваць і бачыць хваляванне.

-- Перад дамай іншы раз хочацца паказаць сябе? – упершыню за апошні час усміхнулася Таня. Гэтая размова крыху супакоіла яе, быццам закалыхала. “Не такі страшны чорт, як яго малююць”, -- зірнуўшы на Юрыя, нагадала яна вядомае народнае выслоўе.

-- Хочацца. Перад дамай сэрца, -- удакладніў Юрый і, падышоўшы да Вікулі, пачаў абшукваць яе.

Вікуля не абурылася, не запратэставала. Яна расшпіліла сумачку і паказала яе так, каб бачылі ўсе.

-- Чыстая… дама!

-- Была б чыстая, калі б шкілетаў у шафе не было, -- абшукаўшы Вікулю, зазначыў Юрый.

Вікуля прамаўчала, прыкусіла губу.

“Яны тут быццам на мытні ці на прахадной якога-небудзь мясакамбіната”, -- падумала Таня і зноў насцярожылася, захвалявалася.

-- Не знайшлі пісталета!.. – незадаволена прамовіў Юрый. – А як у пісьменніка Чэхава? Калі стаіць ружжо, то абавязкова выстраліць.

-- Калі вісіць ружжо, -- паправіла Таня і міжволі сцялася. Ёй не хацелася распачынаць з Юрыем новую дыскусію, падобную на гарачую спрэчку.

Юрый усміхнуўся. Ён заўжды лічыў, што права на яго баку.

-- Усё роўна выстраліць.

Вікуля з насмешкаю паглядзела на Юрыя. Сёння нібыта сам чорт усяліўся ў яе.

-- Для некаторых “шах” і “жах” адно і тое ж азначае, -- сказала яна.

Юрый падняў важкі кій і скрыва паглядзеў на жонку. Ён не любіў, калі яна напамінала яму пра яго эрудыцую. Што ж, у школьныя гады не вельмі налягаў на навуку, у забаўках стараўся праводзіць час, дзёрзкую кампанію мацаваў. Потым гучна заявіла аб сабе дзёрзкая кампанія, на многіх навяла страх.

-- Зязюля!.. – прамовіла Таня. Яна вырашыла спыніць гэтую размову.

-- Я знайду логава мутанта, высачу яго. Не золата – мой гонар ён прыйшоў забраць! – з пагрозаю сказаў Юрый і таропка пакрочыў.

-- Нам гэта патрэбна?-- скрывіўся Пятро. Слёзы выступілі на яго вачах.

-- Не распускай нюні, Хмурыку група падтрымкі патрэбна! – прыкрыкнула на Пятра Вікуля. Не, яна не дазволіць ветэрынару адседжвацца тут, перад Таняй красавацца.

-- Я група падтрымкі? – ціха прагаварыў Пятро. Ён яшчэ спадзяваўся, што Вікуля пашкадуе яго і скажа, каб застаўся на паляне.

-- Ты, Аратар, група падтрымкі! – як стрэл, прагучала ў адказ.

Пятру здалося, што нечакана грымнула над галавою.

-- Пайду! Ей-Богу! – вінавата ўсміхнуўся ён.

-- Ідзі, -- сказала Вікуля і прыжмурыла вочы, як перад выстралам.

Цёмна ночка наступае,

                                                             Жаўнер коніка сядлае;

 

                                                             Асядлаўшы, уздыхае,

                                                            На вайну ён выязджае, --

                                                                       З народнага.

пайшоўшы ўслед за Юрыем, гучна заспяваў Пятро. Няхай бачаць гэтыя багаценькія аўтарытэты, што ён не такі баязлівы, як ім здаецца.

 

У групу падтрымкі

 

-- Закаханая душа з крымінальным мінулым! – паглядзеўшы ўслед Юрыю,  прагаварыла Вікуля. Затым павярнулася ў бок Тані і запыталася: -- Чула, як ён ацаніў мяне?

-- Пра нейкія шкілеты ў шафе казаў, -- схаваўшы ў сумачку мабільны тэлефон, адказала Таня.

Вікуля чмыхнула прыгожым носікам.

-- А ў тваёй шафе хіба няма шкілетаў?.. Ты сапраўды наіўная ці проста прытвараешся? Мне здаецца, што ў гэты санаторый прыехала не толькі для таго, каб падлячыцца… Сокала з грашыма вочкамі хочаш падстрэліць. Глядзі, каб не дзеўбануў цябе. Сокалы з грашыма балюча дзяўбуць. Да старасці можна не дажыць.

-- У сяброўкі пуцёўка гарэла, падарыла мне, -- з горкасцю сказала Таня. І праўда, сяброўка Ніна падарыла ёй пуцёўку, бо сама не змагла паехаць у санаторый. Аднеквалася яна, не хацела браць гэтую пуцёўку. Душа як адчувала нядобрае. Але ўгаварыла Ніна. Дый маці падтрымала яе: “Паедзь, дачушка, развейся, адпачні”. Ведала б маці, што адбываецца тут!..

-- Не чырваней, не апраўдвайся. Каб знайсці сокала з грашыма, немалы шлях трэба прайсці, сексуальнага вопыту набрацца. Секс яднае, збліжае, -- прамовіла Вікуля і адчула, як штосьці на душы затрымцела, затрывожыла, званочкам зазвінела. “Жывём у багатым асабняку як у акопе на фронце. Інтрыгуем, прытвараемся, прымушаем сябе, пераступаем праз сябе, праз сваё не магу; каб спаць на ўтульным ложку, ахвяруем  сабою”, -- падумала яна.

-- Каханне яднае, робіць людзей людзьмі, -- зноў запярэчыла Таня. Не, яна ніколі не пагодзіцца з Вікуляй. Такая сяброўка, такая навука і такі вопыт ёй не патрэбны. Як гаворыцца, барані Божа.

“Вельмі ўпартая ты дзяўчынка, спрачаешся, не маўчыш. А трэба гнуцца, як гнецца дубец лазінкі. Інакш хутка зломяць цябе”, -- падумала Вікуля і прагаварыла з пагрозаю:

-- Ведаеш, якое слова з адзінаццаці літар нядобра ўзбуджае мяне?

Таня гучна ўздыхнула.

-- Скажыце, калі не цяжка.

-- Прытворства, -- сказала Вікуля і, ямчэй павесіўшы на плячо сумачку, накіравалася на сцяжынку, якая вяла ў глыб лесу.

-- Вы куды? – на хвілінку разгубілася Таня.

-- У групу падтрымкі! – пачулася ў адказ.

Тані здалося, што хтосьці свідруе яе спіну спапяляючым позіркам. Яна крыху пастаяла і таксама накіравалася на сцяжынку.

 

Пятро, Пан…

 

На палянцы неўзабаве з’явіўся Пятро. Ён не пайшоў услед за Юрыем, не стаў шукаць рагатага Пана.

-- Буду я пад рогі мутанта падстаўляцца! Наш Пятрук не цецярук, -- усміхнуўшыся, прамовіў ён і дастаў з-за пазухі пляшку са спіртам.

Над палянай закружылася, гучна застракатала  сарока.

-- На здароўе нам, на злосць ворагам, на безгалоўе вялікім панам і тым бесавым сынам, што зайздросцяць нам! – пажадаў Пятро і выпіў з пляшкі.

Сарока апусцілася ніжэй, застракатала гучней. Яна, здавалася, штосьці хацела паведаміць Пятру.

А той схаваў пляшку за пазуху, пагладзіў жывоцік і задаволена прагаварыў:

-- Пайшла дэзінфекцыя!

На сцяжынцы паказаўся Пан. Ён падняў з зямлі слімака і прашаптаў, разглядваючы яго:

Слімак, слімак,

                                                             Выпусці рожкі,

                                                             Дам мукі на пірожкі.

                                                                           (З народнага.)

Пятро азірнуўся і застыў у здранцвенні.

-- А! – вырваўся з яго грудзей крык.

Пан асцярожна паклаў слімака на зямлю, прамовіўшы як заклінанне:

                                                              Бацян, бацян, доўгі нос,

                                                              Чаго цябе чорт прынёс?

                                                                            (З народнага.)

Нібы заварожаны, электрык рынка глядзеў на гаспадара лясоў, палёў і статкаў.

Пан накіраваўся да электрыка рынка.

-- А! – зноў усклікнуў Пятро і ўпаў на зямлю.

Пан пастаяў над нерухомым Пятром, адышоўся і сказаў:

-- Дзе ж мая Паненка падзелася?

-- Я тут! Я тут! – данёсся да Пана звонкі меладычны голас, падобны на прыгожы спеў птушкі.

-- Яна тут! – усміхнуўся Пан. Зараз Паненка прыбяжыць да яго, і яны доўга будуць цешыцца.

 

І Паненка

 

Сапраўды, неўзабаве на сцяжынцы паказалася Паненка, захутаная ў доўгую накідку, падобную на вясенні зялёны ўбор. Яна закрывала амаль увесь твар Паненкі. Толькі карыя вочы і чорныя бровы-дужкі віднеліся з-пад яе.

-- Абамлеў? – падзівіўшыся на Пятра, пацікавілася Паненка.

-- Ад панічнага страху абамлеў, -- ахвотна растлумачыў Пан і заспяваў, набліжаючыся да Паненкі:

                                                               Гоп-гоп, і-га-га.

                                                               На буланцы ездзіць Янка,

                                                               Паўтараста рублёў санкі,

                                                               Пяцьдзесят рублёў дуга,

                                                               А кабылка паўрубля.

                                                                              (З народнага.)

   Паненка весела засмяялася. Ёй спадабалася песня Пана.

-- Гоп-гоп, і-га-га! – гукнуў Пан і, аберуч схапіўшы Паненку, нібыта пушынку, падкінуў угару.

-- Пусці, дуралей! – залілася смехам Паненка. Яна была на сёмым небе ад радасці. Сёння быў яе дзень. Сёння збылося яе запаветнае жаданне.

Пан паставіў Паненку на ногі і запытаўся, схаваўшы рукі за спінаю:

-- Лук ці качан?

Паненка маўчала. Яе вочы прамянілі радасць.

-- Лук ці качан? – паўтарыў Пан.

-- Лук! -- выклікнула Паненка і выставіла з-пад накідкі правую руку, растапырыўшы тонкія далікатныя пальчыкі.

 -- Па пальчыку стук! – ласкава сказаў Пан і на палец Паненкі надзеў залаты Вікулін пярсцёнак. Сапраўдным жаніхом, якога кахае суджаная, адчуваў ён сябе.

-- Дзякуй Пану, -- падзякавала Паненка. Ёй хацелася засмяяцца, як смяялася некалі ў дзяцінстве, калі была шчаслівая.

Пан зноў схаваў рукі за спінаю і зноў запытаўся:

-- Лук ці качан?

Паненка прамаўчала. Ёй захацелася падражніцца з Панам.

-- Лук ці качан? – напомніў Пан.

-- Качан!

Пан расціснуў левую руку і паказаў, што ў ёй нічога няма.

-- Яшчэ раз загадай! – папрасіла Паненка.

А Пан рады. Трэці раз схаваў рукі за спінаю і прамовіў:

-- Качалі, качалі і зноўку пачалі!.. Лук ці качан?

-- Лук! – назвала Паненка.

-- Па пальчыках стук! – абвясціў Пан і надзеў на пальчыкі Паненкі яшчэ два Вікуліны пярсцёнкі.

-- Дзякуй Пану, -- прашчабятала Паненка і адступіла.

А Пан вырашыў  загадкі Паненцы пазагадваць.

-- Па мне паўгода ходзяць, паўгода ездзяць. Што гэта? – запытаўся ён.

-- Балота, -- адразу ж адгадала Паненка і сама запыталася: -- А што нас корміць, а есці не просіць?

Пан з замілаваннем паглядзеў на Паненку.

-- Зямля!

Паненка пастаяла, паўзіралася на нерухомага Пятра, а потым заспявала, ходзячы вакол яго:

Як вазьму я казла да за рожачкі,

                                              Да павяду казла за вароцечкі,

                                              Да павяду казла к дубоваму тыну,

                                              Да накажу казлу – казлінаму сыну:

                                              -- Скажы, скажы, козлю, як дзеўкі скачуць?

Заскакаў, затанцаваў Пан, прымаўляючы:

                                              -- От, так, так дзеўкі скачуць,

                                              От так, памалесеньку,

                                              От так, так, паціхесеньку.

Далей расказвае, спявае Паненка, як шмат гадоў спявалі на тутэйшай зямлі:

                                              Да вазьму я казла да за рожачкі,

                                              Да павяду казла за вароцечкі,

                                              Да прывяжу казла к дубоваму тыну,

                                              Да накажу казлу – казлінаму сыну:

                                              -- Скажы, скажы, козлю, як бабы скачуць?

Цяпер Пан паказаў, як бабы танцуюць.

                                              -- От так, так бабы скачуць,

                                              От так, памалесеньку,

                                              От так, так, паціхесеньку.

А Паненска спявае, ходзіць вакол нерухомага Пятра:

                                              Як вазьму казла біці, ругаці,

                                              Да стану я ў казла праўды пытаці:

                                              -- Скажы, скажы, козлю, як хлопцы скачуць?

На гэты раз Пан паказаў, як хлопцы танцуюць:

                                              -- От так, так хлопцы скачуць,

                                              От так, памалесеньку,

                                              От так, так, паціхесеньку.

Не спыняецца, зачароўвае свайго Пана дзіўнай песня Паненка:

                                              Да вазьму я казла біці, ругаці,

                                              Да стану я ў казла праўды пытаці:

                                              -- Скажы, скажы, козлю, як дзяды скачуць?

-- От так, от так, паціхесеньку, -- паказаў Пан, як скачуць дзяды і, узяўшы Паненку за руку, пасадзіў на лаўку. Сам сеў побач і пацікавіўся: -- Хочаш паслухаць пра русалку?

-- Хачу, -- пагадзілася Паненка і плячом прытулілася да Пана. Як за каменнай сцяной, адчувала яна сябе за ім.

-- Неяк адна жанчына пайшла ў лес па грыбы, -- пачаў расказваць Пан. – Пры дарозе на дрэве ўбачыла вялікі кавалак бярозавай кары. Падышла, зазірнула ў сярэдзіну, аж там ляжыць голае дзіця і спіць. Адвязаўшы свой фартух, прыкрыла ім дзіця і адышлася. А сама ўсё думае, чыё гэта можа быць дзіця і як яно сюды трапіла?..

-- Пачакай, кабетка! – неспадзявана данеслася.

Азірнулася жанчына і бачыць: бяжыць да яе голая маладзіца з распушчанымі валасамі.

-- Гэта была русалка? – выказала здагадку Паненка.

Пан кіўнуў галавою.

-- Спужалася жанчына, хацела ўцячы, але русалка закрычала:

-- Пастой, кабетка, спор табе ў рукі.

Дакранулася да рук жанчыны і знікла. Жанчына крыху ачухалася ад жуду і дадому вярнулася. З тае пары стала так працаваць, што ўсе дзівіліся, адкуль у яе сілы бяруцца.

Паненка ўстала з лаўкі і развяла рукамі, як вінаватая.

-- Прабач, Пан. Мне пара ісці.

Пан закруціў галавою. Ён спадзяваўся, што сёння Паненка даўжэй пабудзе з ім.

-- Бывай, мілы, адзіны! – з пяшчотай прамовіла Паненка. Яна не хлусіла. Яна любавалася Панам і лічыла, што цяпер ён адзіны ў яе.

Пан ускочыў з лаўкі.

-- Скажы яшчэ раз!

-- Што сказаць? – не зразумела Паненка.

-- Скажы яшчэ раз “мілы, адзіны”, -- ціха папрасіў Пан. Звычайна грозны, недаступны, безабаронным выглядаў ён перад Паненкай. Здавалася, яшчэ імгненне – і ўпадзе перад ёю на калені, паклоніцца нізка, як царыцы.

-- Мілы, адзіны! – з цеплынёй прагаварыла Паненка і хутка пакрочыла па сцяжынцы.

“Як на крылах паляцела”, -- адзначыў пра сябе Пан і гукнуў услед Паненцы:

-- І спім, і ядзім, і ходзім, самі бяром, а людзям не даём. Што гэта?

-- Паветра! – прагучала ў адказ.

-- Ой, рабіначка,

                                                           Ты зялёная,

                                                           Ой, калі ж ты ўзышла,

                                                           Калі вырасла?

                                                           Ой, дзяўчыначка,

                                                         Ты прыгожая,

                                                        Дзе ты, красна, расла,

                                                        Гадавалася? –

                                                                З народнага.

праспяваў Пан і глыбока ўдыхнуў паветра. Якое лагоднае, якое свежае яно сёння! На поўныя грудзі хочацца дыхаць ім.

 

Падарунак ад Пана

 

Знікла, схавалася за павароткай сцяжынкі Паненка, быццам і не было яе.

Пан наблізіўся да нерухомага Пятра, нагнуўся над ім і прамовіў:

                                                Паветра ўдыхні,

                                                Божая душа.

                                                Няхай дасць табе

                                                Спрытнасць зайца,

                                                Сілу мядзведзя,

                                                Смеласць воўка.

На ўскраіне палянкі трывожна застракатала сарока.

Пан уважліва паглядзеў на Пятра і завыў па-воўчы.

Пятро ледзь чутна застагнаў і паварушыўся.

-- І вам падарунак! – павесіўшы на галінку бярозкі залаты ланцужок Вікулі, сказаў Пан і пасунуўся ў кусты.

 

Адчайны крык

 

Пятро прыўзняўся і ўзяўся за галаву. Уся яна балела, была нібы адкрытая рана.

-- Вось гэта гульня!.. Нагуляўся як на пеўневым вяселлі! Бадай цябе кот убрыкнуў! -- пажадаў ён Пану.

-- На каго ты так? – пачуўся побач голас Юрыя. Ён нячутна наблізіўся да Пятра.

Пятро павярнуўся і ў адчаі махнуў рукою.

-- Каго лаеш, Аратар? -- паўтарыў Юрый.

Пятро стаў на калені і прамовіў, заплакаўшы:

-- Дай, бабка, малака. – Карова не доіцца. – Тады налівай смятанкі.

Юрый з недаўменнем паглядзеў на электрыка рынка.

-- Не хачу ні малака, ні смятанкі вашай! – наўзрыд заплакаў Пятро. Слёзы пацяклі па яго шчаках. Ён не выціраў іх, не стрымліваў плачу.  

Юрый з сілаю страсянуў Пятра за плячо.

-- Што з табою, Аратар?

-- Гэты дуралей ледзь не забіў мяне! – як малы, паскардзіўся Пятро. Яму вельмі хацелася, каб багаценькі бізнесмен пашкадаваў яго, сказаў цёплае, прыемнае слова. Тады, напэўна, адлягло б ад сэрца, палягчэла б на душы.

-- Дуралей! – хмыкнуў Юрый.

“Ён мне не верыць, лічыць, што не ў сабе я”, -- здагадаўся Пятро  і стукнуў сабе кулаком у грудзі.

-- Мутант рагаты ледзь не забіў!

-- Ён зноў прыходзіў?

Пятро ўстаў з каленяў і пабажыўся:

-- Ей-Богу!

Юрый акінуў Пятра халодным позіркам.  

-- Былым не веру!

-- Не былы, практык-ветэрынар я!.. Каб мой двор травою зарос! – усхліпнуў Пятро. Яму здалося, што Юрый вядро ледзяной вады плюхнуў на яго, абліўшы з ног да галавы.

Бізнесмен падышоў да бярозы, зняў з галінкі залаты ланцужок, уважліва паглядзеў на яго і сказаў:

-- Мой!

-- Зязюлін! – наблізіўшыся да бярозы, удакладніў Пятро.

Юрый ухмыльнуўся.

-- А хто, ты думаеш, яго Зязюлі падарыў?..

Пятро прамаўчаў. “ Не ведаю, не стаяў там, калі дарылі”, -- карцела сказаць яму.

Бізнесмен торкнуў пальцам ледзь не ў самы лоб Пятра.

-- Рэпа!

-- У агародзе рэпа, -- усё-ткі агрызнуўся электрык. “Ты не чалавек, а трасца, сапраўдная трасца,” – падумаў ён.

Юрый наморшчыў лоб, азірнуўся, пстрыкнуў двума пальцамі і зазначыў:

-- Быў!.. Як гаспадар, па лесе ходзіць. Шкада, што не знайшоў яго логава.

-- А ён і ёсць гаспадар, -- напомніў Пятро. “Як толькі стварыўся сусвет, дык Пан і з’явіўся тут. Прыйшоў сюды з першым чалавекам. А мы… Мы быццам госці ў яго”, -- падумалася яму.

-- А хто ж тады я? – шчыра здзівіўся Юрый.

Пятро не паспеў адказаць, бо з гушчару лесу данёсся адчайны жаночы крык.

Дзесьці на ўскрайку палянкі трывожна застракатала сарока.

-- Мамінька! Кагосьці з іх схапіў і душыць! – выгукнуў Пятро і прысеў: ці то ад неспадзеўкі, ці то ад жадання стаць нябачным.

-- Каго? – прамовіў Юрый. Ён стаяў, прыслухоўваючыся і, як звер, уцягваючы ноздрамі смалістае лясное паветра.

-- Магчыма, Зязюлю… Магчыма, Падставу… Не разбярэш адразу… Вось каб яшчэ раз закрычала, то дакладна сказаў бы! – прагаварыў Пятро. Ён стаяў, з нецярпеннем чакаючы новага крыку. Ён быў упэўнены, што крык паўторыцца. “Ну, хутчэй, хутчэй!.. Няўжо вы там усе ўжо нежывыя?” – ледзь не вырвалася ў яго.

Юрый з нецярпеннем пераступіў з нагі на нагу і скоса паглядзеў на Пятра.

-- Не разабраўся?

-- Значыцца, значыцца.. – паціснуў плячыма Пятро. Зусім не так распачалася гульня, як яму хацелася. Усе карты зблытаў Пан. А можа, і не Пан, можа, хто-небудзь іншы? Магчыма, Пан пешка ў гэтай гульні.

-- Цяліцца трэба, калі значыцца! – незычліва зазначыў Юрый. “Не нарывайся на непрыемнасць, Аратар!” – як бы казалі, папярэджвалі яго злосныя калючыя вочкі.

-- Трэба хавацца, значыцца… Вернецца ён! Нюхам адчуваю, -- выказаўся Пятро і адступіў ад бізнесмена, як ад бяды.

Бізнесмен сціснуў кулакі.

-- Зруліць хочаш?..

-- Н-не! – заверыў Пятро. А вочы бегаюць, шукаюць, дзе можна было б схавацца.

Юрый махнуў рукою, паказаўшы туды, адкуль данёсся крык.

-- Туды са мною пайсці слабо?

-- Не дойдзем. Выскачыць і задушыць, -- панурыўся Пятро. “ Чаго ж я вярнуўся на гэтую праклятую паляну?.. Вырашыў узвысіцца, на пяньку пастаяць. Нейкае зацьменне на мяне найшло”, -- падумаў ён.

 

Таня

 

З-за павароткі сцяжынкі выйшла Таня.

-- Казаў, што Зязюлю!.. – убачыўшы студэнтку, усклікнуў Пятро і з гонарам, нібыта вялікі знаўца, паглядзеў на Юрыя.

-- Засохні, -- буркнуў Юрый.

Пятро цяжка ўздыхнуў і згорбіўся. Зноў бізнесмен апусціў яго на зямлю, не даў узвысіцца, пакрасавацца.

-- Чула крык? – звярнуўся Юрый да Тані. Ён разбярэцца ў гэтым хітраспляценні, давядзе пачатае да канца, быць таго не можа.

-- Мабыць, Зязюля крычала, -- паціснула плячыма Таня.

Калматыя бровы Юрыя папаўзлі ўгору.

-- Хіба ты не была разам з ёю?

-- Я ў гушчары заблудзілася, разышліся мы. Трэба ратаваць Зязюлю.

“Юрый”, -- хацела дадаць Таня, але не змагла, духу не хапіла.

Бізнесмен кіўнуў галавою, паказаўшы на маўклівую сцяну лесу.

-- Не пабаішся пайсці са мною?

-- Не пабаюся, пайду, -- пагадзілася Таня.

Юрый перавёў позірк на Пятра.

Быццам певень крыламі, абедзвюма рукамі Пятро ляпнуў сябе па крываватых, худых нагах.

-- Вы ідзіце! Я не ўцяку. Як дзяцел на сухім дрэве, тут буду сядзець.

 

І Вікуля

 

Ні Юрыю, ні Тані, ні Пятру не прыйшлося шукаць Вікулю. Быццам казачная фея, яна нечакана з’явілася на палянцы.

-- Казаў, што сама вернецца!.. Ружовенькая, як зацалованая! – убачыўшы Вікулю, узрадаваўся Пятро. “Някепска складваецца, можна жыць, яшчэ не ўсё страчана. Мой анёл-ахоўнік надзейны, не пакінуў мяне”, -- падумаў ён.

-- Аратар, чырвоныя буракі любіш? – рэзка, як аддаюць каманду, прагаварыў Юрый.

Пятро з недаўменнем паглядзеў на яго.

 -- Гусіны нос не высоўвай! – з пагрозаю прамовіў Юрый. Ён яшчэ дабярэцца да гэтага балбатлівага электрыка. Напалеончыкам яму захацелася пабыць. Што ж, няхай пагуляе ў Напалончыка. Потым адразу за ўсё адкажа. А пакуль, магчыма, спатрэбіцца.

-- Я практык-ветэрынар… Я практык-ветэрынар… Я практык-ветэрынар… -- пазіраючы на Юрыя, замармытаў Пятро.

Юрый кашлянуў і звярнуўся да Вікулі:

-- Нядаўна ты ў лесе крычала?

-- А ты не закрычаў бы, калі б гэтага Пана раптам убачыў? – з выклікам прагаварыла Вікуля. Вочы ў яе сталі цёмна-карыя. Так з ёю часта бывала падчас гневу.

Юрый увжліва паглядзеў на жонку. Здаецца, цэлая, не пабітая. Ні на твары, ні на шыі, ні на руках не відаць сінякоў.

-- Як вецер, праляцеў каля мяне. Мабыць, кудысьці спяшаўся! -- паківала галавою Вікуля. Яна яшчэ не адышла ад перажытага, была разам з неўгамонным Панам.

-- Да сваёй Паненкі спяшаўся. Ведаю! – вытыркнуўся наперад Пятро. Ён зараз здзівіць гэтых багаценькіх бізнесменчыкаў, страшнай сенсацыяй парадуе іх.

-- Ну! – падахвоціў Юрый. Цяпер яму захацелася паслухаць электрыка.

Пятро падбег і тупнуў нагою па прымятай траве.

-- Калі я ляжаў во тут, прытварыўшыся беспрытомным, то адно вочка расплюшчыў і, нібы праз шчылінку, на свет пазіраў.

-- Прытварыўся і пазіраў? – запыталася Вікуля. “Хлусіш ты, языком мелеш, каб паказаць сябе, выхваляка!” – падумала яна.

-- Наш Пятрук не цецярук! – зарагатаў Пятро. Ён зноў на кані, у самым цэнтры ўвагі, як усемагутны цыклон. Няхай глядзяць на яго, няхай дзівяцца, няхай бачаць, які дасціпны. І сарамлівая студэнтачка Падстава, і ганарлівая Зязюля, і валадарны Хмурык.

-- Ну! – з нецярпеннем паўтарыў Юрый, падахвочваючы Пятра да размовы.

-- Цікавае кіно пабачыў я, Хмурык! – пахваліўся Пятро.

-- Гэта не кіно. Гэта жыццё наша! – заўважыла Таня.

Пятро ўскочыў на смалісты яловы пень і заспяваў, цешачыся:

А ў верасні месяцы

                                                                Выпала пароша.

                                                                Дзед бабу палюбіў,

                                                                Бо яна хароша.

                                                                      З народнага.

Таня, Юрый і Вікуля моўчкі глядзелі на Пятра.

Пятро гучна зарагатаў. Смех, хрыплы, надрывісты, падобны на цяжкі плач, вылятаў з яго грудзей і разносіўся па паляне.

-- Што ты бачыў? – парушыў маўчанне Юрый. “Зараз схаплю гэтага Аратара за грудзі і ўсю душу з яго вытрасу, калі яна яшчэ засталася там”, -- падумаў ён.

-- Бачыў, як Пан з Паненкай танчыў. Мабыць, з прыгожанькай. Шкада, што тварыка не паказала, накідачкай тварык закрыла. Ей-Богу! – пабажыўся Пятро.

-- Прыкольны мутант! – крыху падумаўшы, зазначыў Юрый. Ён прайшоўся па паляне, затым спыніўся насупраць Вікулі і павесіў на яе шыю залаты ланцужок. – На бярозцы пакінуў…

-- Мой ланцужок? – са здзіўленнем прагаварыла Вікуля.

-- Гуляе з намі. Мы сваю гульню вядзём, а ён сваю, -- растлумачыў Юрый. Ён ужо не сумняваўся, што Пан вырашыў пацешыцца, паказаць сябе ва ўсёй красе.

-- Хмурык, ён спрытнюга па жаночай частцы! – паведаміў Пятро. “Радаваўся б я, калі б у мяне была такая адданая Паненка”, -- падумалася яму.

Юрый незадаволена пацепнуў плячыма. Яму не падабалася, што Пятро называе яго Хмурыкам, увесь час побач стараецца стаць, быць роўняй.

Пятро запытальна паглядзеў на Таню, Вікулю і Юрыя. Яму здалося, што халадком варожасці пацягнула на яго ад іх.

-- Не верыце?

-- Я толькі ў факты веру, -- заявіў Юрый. “Давярай, ды правярай”, -- такім быў дэвіз яго жыцця.

-- Я галоўны факт, Хмурык! – усміхнуўся Пятро. Яму вельмі хацелася спадабацца Юрыю, выклікаць давер да сябе.

Юрый зноў пацепнуў плячыма.

Каб паказаць, што дзеліцца вялікім, незвычайным сакрэтам, Пятро прыкрыў рот далонню і прамовіў:

-- Я таксама спецназавец, Хмурык.

Бізнесмен трэці раз пацепнуў плячыма. Трэба цярпець, пакуль ёсць цярпенне. Сам увязаўся ў гэтую гульню, ніхто ў шыю не гнаў.

-- У мяне дзве жоначкі – дзве залатыя палавіначкі, Хмурык! – разышоўся Пятро. Яму здалося, што нарэшце заваяваў давер у Юрыя Іванавіча. -- Быццам са смачнай каўбасой, пальцам пханаю, носяцца са мною мае палавіначкі!.. Вялікі практык я, спецназавец па сексуальнай частцы, Хмурык!

Юрый са злосцю паглядзеў на Пятра і сціснуў кулакі. Ён вырашыў пакараць электрыка рынка, прынізіць, апусціць, але пакуль не ведаў, як гэта зрабіць.

-- Оп-ля! – гукнуў Пятро і, саскочыўшы з пня, апынуўся каля Тані.

Таня адхіснулася ад Пятра.

-- Зараз ёй, маладой, скажу, што такое секс па-нашаму, па беларуску. Сказаць?

Таня кіўнула галавою, паказаўшы на Вікулю.

-- Ёй скажыце.

-- Можна і ёй. Яна таксама не перастарак, самы цымус, -- усміхнуўся Вікулі Пятро.

-- Адкрый Амерыку, Аратар! – з выклікам прагаварыла Вікуля. “Нарываешся на непрыемнасць і радуешся, не бачыш гэтага, як сляпы крот”, -- падумала яна, у любы момант гатовая распраміцца, як распрамляецца туга напятая спружына.

Пятро пацёр рукі і пачаў баяць сваю баячку:

-- Секс – гэта пастаянная форма руху, вечны рухавік, можна сказаць…  І я рухавы, як той Пан…

-- Пан? – падаў голас Юрый. Усякая інфармацыя пра Пана цікавіла яго, была карысная яму.

-- Гойсае! Сюды-туды, туды-сюды… Закахаўся ў маладую козачку! – салоўкам заліваўся Пятро.

-- Будзем лавіць яго на жыўца, -- сказаў Юрый. Нарэшце ён здагадаўся, як прынізіць Аратара.

-- Як шчупака? – паказаўшы ўстаўныя металічныя зубы, расплыўся ва ўсмешцы Пятро.

-- Кумекаеш, братэла, -- ухмыльнуўся Юрый.

Вікуля насцярожылася. Яна ведала, што падобная едкая ўхмылка прадвяшчае расплату, бяду.

-- А хто будзе жыўцом?

-- Нехта будзе!

 – Кагосьці з нашых грамадзяначак да бярозы прывяжам? – зірнуўшы на Вікулю і Таню, пажартаваў Пятро.

-- Паласаты, а не тыгр. Зебра траваядная! – праз сцятыя вусны прамовіла Вікуля.

-- Што? – не дайшло да Пятра.

-- Ты будзеш жыўцом, -- паведаміў Юрый.

-- Хмурык, вы, напэўна, не зразумелі мяне, -- прагаварыў Пятро. – Тады вобразна растлумачу. Пан вялікі бабнік.

Юрый махнуў рукою, паказаўшы на бярозу.

-- Не парся, станавіся там.

-- Чаму я? – адно не заплакаў Пятро. Не, ён не павінен быць жыўцом. Ён нарадзіўся для таго, каб быць у цэнтры ўвагі, каб здзіўляць,  прыцягваць да сябе чужыя зайздросныя позіркі, як магніт прыцягвае кавалкі жалеза.

-- Вочкі расплюшчыш і паназіраеш за ім.

-- А яны хіба не расплюшчаць? – баронячыся, паказаў на Вікулю і Таню Пятро.

Юрый пстрыкнуў двума пальцамі.

-- Вопыт у цябе ёсць, братэла!

Вікуля дастала з сумачкі мабільны тэлефон і навяла яго на Пятра, як звычайна наводзяць фотаапарат.

-- Не хвалюйся, Аратар. Мы будзем непадалёку, схаваемся.

“Яны схаваюцца і сфатаграфуюць мяне разам з Панам”, -- здагадаўся Пятро.

-- А калі Пан з’явіцца, у міліцыю патэлефануем, Калі не мы, то міліцыя цябе выручыць, -- абнадзеіла Пятра Вікуля.

-- Не хачу! – гукнуў Пятро і пабег, рвануўшыся з месца.

-- Стой! Я сказаў! – гукнуў Юрый. Ён не чакаў ад Пятра такога спрыту.

А той яшчэ хутчэй прыпусціўся, скіраваўшы на звілістую сцяжынку.

-- Ё-па-рэ-сэ-тэ! – вылаяўся Юрый і пагнаўся за Пятром.

 

Дзве катэгорыі

 

Таня і Вікуля засталіся на палянцы.

“Неяк нечакана адбываецца усё ў нас. Напэўна, таму, што ўсе мы розныя: з рознымі думкамі, пачуццямі, адчуваннямі”, -- падумала Таня і сказала:

-- Нядобра складваецца!

-- Шкадуеш гэтага Аратара? – пацікавілася Вікуля.

-- Шкадую, -- прызналася Таня. Яна не крывіла душою. Хоць Пятро быў непрыемны ёй, але шкадавала яго, як бацькі шкадуюць неразумнае, непаслухмянае дзіцё.

-- Сябе пашкадуй. Тут мамкі няма, да яе не прытулішся, -- напомніла Вікуля. Яна старалася апусціць Таню на зямлю, наблізіць да рэальнасці.

-- Старажытнаіндыйскі закон Ману кажа: “Адзін бацька каштуе столькі, колькі сто настаўнікаў, а адна маці – колькі сто бацькоў!” -- у задуменні прагаварыла Таня. Менавіта маці, мудрай, добразычлівай, самаахвярнай, ёй цяпер не хапала. “Днём і ноччу ты мяне ахоўвала, была побач, нічога не баялася я”, -- з горкасцю падумала.

Вікуля цяжка ўздыхнула.

-- Якая ліпкая атмасфера! – вырвалася ў Тані.

--  Яна не толькі тут, -- заўважыла Вікуля.

-- А дзе яшчэ? – не зразумела Таня.

-- Не ведаеш, колькі асабнякоў з тоўстымі сценамі сталі паганаю турмою для прыгожых і разумных жанчын! -- сказала Вікуля і ўзняла галаву. Вочы ў яе засвяціліся, падобныя на вогненный іскаркі агеньчыкі заскакалі ў іх.

-- Цяжка жыць з багатым? –- запыталася Таня. Яна толькі ўступае ў жыццё, бурлівае, неспакойнае, ёй шмат трэба ведаць.

-- Роўнай хочацца быць, -- адказала Вікуля.

 

Зацкаваны

 

-- Топай! – данёсся з-за кустоў строгі голас Юрыя.

Вікуля ўздрыгнула: не чакала, што Юрый так хутка вернецца.

-- Жыццё праходзіць, а мы ўсё здекуемся! Сёння – мы, заўтра – з нас!.. Гуляем!.. Быццам моцнае віно без канца п’ем, -- прагаварыла.

Таня мацней сціснула губы. Мабыць, праўду кажа гэтая багатая прывабная жанчына. Многія несур’ёзна адносяцца да жыцця, як на дзіўную гульню, глядзяць на яго.

-- Кульбу на старасць тут не знойдзеш, не спадзявайся, -- зірнуўшы на Таню, ухмыльнулася Вікуля.

“Няўжо і я прыйшла сюды па кульбу?” – у думках задала сабе пытанне Таня, але так і не знайшла на яго адказу.

З-за бухматага куста лазы выйшлі Юрый і Пятро. Юрый трымаў у руках доўгае лыка.

Таня і Вікуля з цікавасцю глядзелі на мужчын.

-- Лыка непадалёку знайшоў. Напэўна, мутант надраў спецназаўцу, як па спецзаказу-- махнуўшы лыкам, паведаміў Юрый.

Пятро стаяў, апусціўшы галаву. “Вайны няма, а мяне быццам у палон узялі! Палоннік я, цацка для багаценькіх!” – падумаў ён.

-- Аратар! – усклікнула Таня.

Пятру здалося, што гнуткім дубцом балюча сцёбнулі яму па плячах.

-- Га? – спалохана азваўся ён.

-- Вы ж мужык, Аратар! Не можаце пастаяць за сябе?

Пятро каля рота склаў рукі дудачкай і прагаварыў ціха, каб не пачуў бізнесмен:

-- У яго крымінальнае мінулае! Замочыць як піць даць. Як салёная камса, я для яго. Замочыць і закусіць!

-- Хопіць шаптацца! -- перапыніў Юрый і, узяўшы Пятра за руку, як малога, падвёў да бярозы.

-- Зацкаваны і… запляваны! – паглядзеўшы ў бок Пятра, з пагардаю зазначыла Вікуля.

“Так, людзьмі зацкаваны, не сёння, ужо даўно. Магчыма, нават у дзяцінстве, калі ў дзіцячы садок хадзіў. Тады ўзяла яго ў палон баязлівасць”, -- падумала Таня і цяжка ўздыхнула.

Пятро спінаю прытуліўся да бярозы і з надзеяю паглядзеў на Вікулю і Таню.

-- Калі я вучыўся на першым курсе ў ветэрынарным інстытуце... – пачаў як звычайна.

Вікуля і Таня, як па камандзе, апусцілі галовы.

“Ніхто не хоча мяне слухаць”, -- падумаў Пятро і замаўчаў.

-- Мутанту раскажаш, мутанту падабаюцца баечкі пра ветэрынараў, -- прывязваючы электрыка да бярозы, параіў Юрый.

-- Зараз закрычу, каб аж у санаторыі пачулі! – вырашыў настрашыць бізнесмена Пятро. Яго вочы з болем глядзелі на навакольны свет і не заўважалі яго, надзеленага і травою, і дрэвамі, і небам.

-- Крычы, -- сказаў Юрый. – Мутант першы прыбяжыць.

-- Не маеце права. У нас дэмакратыя! – выпаліў Пятро. Гэты жалезны аргумент, здалося яму, павінен быў падзейнічаць на Юрыя.

Юрый дакрануўся да лыка, правяраючы, ці надзейна прывязаны Пятро.

-- Ага, -- выціснуў з сябе ўсмешку. – У аўтобус з купленым білетам смела можаш заходзіць. Ніхто не запыніць.

-- Рассмяшылася! – зарагатала Вікуля і навяла на Пятра мабільны тэлефон.

-- Будзеш здымаць мяне? -- усхліпнуў Пятро.

Вікуля зарагатала гучней.

-- Ты!.. Ты!.. Эмансіпіраваная жанчына ты! – са злосцю выкрыкнуў Пятро. Нарэшце ён знайшоў патрэбныя словы, каб укалоць, прынізіць Вікулю.

Але Вікуля зусім не пакрыўдзілася. Яна вырашыла падражніцца з Пятром.

-- Зязюля я. Каму захачу, таму і пакрычу, гадкі палічу, -- сказала і націснула на кнопку мабільнага тэлефона.

-- Для вас гульня, эмоцыі!.. У інтэрнэце пакажаце бедака!.. Звязаўся з вамі!.. – мацней усхліпнуў Пятро. Ён хацеў затуліцца рукамі, але не змог падняць іх: яны былі моцна прывязаны лыкам да тулава.

Вікуля паказала Пятру востранькі кончык языка і зноў націснула на кнопку мабільнага тэлефона.

-- А мо на вечарынцы сябрам прадэманструеце? – вырашыў выказацца да канца Пятро. Ён не мог маўчаць. Быццам нябачная сіла цягнула яго за язык.

-- А гэта ідэя! – узрадавалася Вікуля. – Абавязкова пакажу на вечарынцы!

Пятро падбародкам дакрануўся да пляшкі, якая была ў яго за пазухай.

-- Дастаньце пляшку, апошняе жаданне выканайце, Хмурык.

На гэты раз слова “Хмурык” Юрый прапусціў міма вушэй. Цяпер яно не кранула яго, не параніла. З-за пазухі электрыка ён дастаў пляшку і пацікавіўся:

-- Спірцяга?

Пятро аблізнуў перасмяглыя вусны.

-- Спірцік. Дайце глытнуць.

-- Можа, посуд у лесе пашукаць?

-- Які посуд?

-- Іржавую кансервавую банку, -- крыва ўсміхнуўся бізнесмен.

Пятро скрывіўся, як хворы.

Юрый адкупорыў пляшку і паднёс яе да рота Пятра.

-- Глыні, мужык! Толькі не абапіся.

-- Няхай нашы ворагі плачуць, -- прамовіў Пятро і пацягнуў з пляшкі.

-- Падабаецца? – пацікавіўся Юрый.

-- Для дэзінфекцыі ўжываю! – страсянуўшы галавою, паведаміў электрык рынка.

-- А я для калекцыі фатаграфую! – сказала Вікуля і націснула на кнопку мабільнага тэлефона. “Абрагочуцца сяброўкі, калі пакажу ім фотаздымкі зацкаванага Аратара”, -- падумала яна.

-- Жудасна! Жудасна! – два разы паўтарыла Таня.

Вікуля паглядзела на яе і кіўнула галавою. “Дрыжы, калі табе жудасна”, -- як бы сказала яна.

-- У інтэрнэце будзеце паказваць? Праўда? – запыталася Таня.

Вікуля зноў націснула на кнопку мабільнага тэлефона.

-- У кожнага сваё захапленне.

-- Яшчэ хачу, -- напомніў Юрыю пра сваё захапленне Пятро.

Юрый паднёс пляшку да рота Пятра.

Электрык глытнуў з пляшкі і закашляўся, папярхнуўшыся спіртам.

-- Страшна! – сказала Таня. Ёй усё тут, з самага пачатку, здавалася страшным, нерэальным, фантастычным, выдуманым.

-- Я не проста так. Я антыалкагольную прапаганду правяду, Падстава-душачка, -- пахвалілася Вікуля. Яна была ўпэўнена, што гэтыя фотаздымкі ў многіх адаб’юць жаданне злоўжываць алкаголем.

Юрый падняў пляшку і падміргнуў Пятру як роўні.

-- Яшчэ?

Пятро падбародкам дакрануўся да грудзей.

-- Схавайце, на потым.

-- З казлом вып’еш, Аратар? – ухмыльнуўся Юрый і, закупорыўшы пляшку, засунуў яе пад кашулю Пятру.

Пятро стаяў павесіўшы галаву.

-- Гарбаткай не пачастуеш, Падстава? – звярнуўся да Тані бізнесмен. Яму захацелася пасядзець,  адпачыць; п’ючы гарбату, палюбавацца гэтай прыгожай маладой дзяўчынай.

Таня павольна, як пад прымусам, падышла да стала, дастала з поліэтыленавага пакета тэрмас, чатыры кубкі і паставіла іх на стол.

Юрый уважліва паглядзеў на Таню і развёў рукамі.

-- Жорстка абышоўся з Аратарам?.. А што зробіш?

-- Вытворчая неабходнасць? – наліваючы ў тры кубкі гарбату, прагаварыла Таня.

-- Выбраў як былога, -- прызнаўся Юрый.

“ Ён мог бы выбраць і мяне, калі б Аратар не быў былым”, -- нявесела падумала студэнтка ўніверсітэта.

-- Помсціце за мінулае, Юрый Іванавіч! Некалі мучыліся, пакутавалі!.. – падаў голас Пятро. Выпіты спірт прыдаваў яму смеласці, бадзёрыў. – Цяпер я павінен адмучыцца!.. – Малы, пасі валы. – А ты, вялікі, пасі індыкі…

Юрый падзівіўся на Пятра, як звычайна дзівяцца на рэдкага жука, і наблізіўся да стала.

-- Поглядам да слёз дастаў! – быццам дробным шротам, секануў у спіну Юрыю Пятро.

-- Брава, Аратар! -- стукнула ў далоні Вікуля. Выказванне Пятра пра погляд Юрыя ёй спадабалася. Запомніць яна яго.

-- Вам наліць, Аратар? -- паказаўшы на пусты кубак, пацікавілася Таня.

Слёзы набеглі на вочы Пятра, але ён стрымаў іх, не заплакаў.

-- Не хачу гарбаты… вашай!

-- Смаркаты, як хворае дзіця! – зірнуўшы на Пятра, адзначыла Вікуля і дадала з пагардаю: -- Аратар!

-- І каб Аратарам называлі, не хачу. Калісьці мамінька Пецечкам называла, а мае жанчынкі-палавінкі Пятром Савельевічам ганаравалі… Спадзяваўся, што золатца ім прывязу… Што і малым на цукерачкі застанецца, -- сказаў Пятро. Вочы ў яго засвяціліся, сталі як два цёплыя агеньчыкі.

-- Выходзіце з гульні, Аратар? – выказала здагадку Вікуля. Яна ні на хвілінку не забывалася, што ідзе забаўляльная, непрадказальная гульня.

-- Пятро Савельевіч я!.. Не стаў на калені!.. – павысіў голас электрык рынка.

Юрый ухмыльнуўся. Безабаронны Пятро быў для яго як блазан на царскім вяселлі.

-- Збярог сваё хрысціянскае імя, захаваў, як спадчыну!.. Пятром Савельевічам называйце, Зязюля-птушачка! – выгукнуў Пятро і зацягнуў:

  Ах, ты дуй, ах, ты дуй,

                                                             Мая міла, не бядуй

                                                             Па маёй галаве:

                                                             Астанецца ўсё табе.

                                                                     З народнага.

-- Палаючы будынак першымі пакідаюць пацукі, -- зазначыў Юрый і з шыі Пятра зняў залаты ланцужок, а з пальца – пячатку.

-- Золата Аратара атрымае пераможца? – напомніла правілы гульні Вікуля.

-- Абавязкова атрымае! – кіўнуў галавою Юрый. – Маё слова не заіржавее, як пустая кансервавая банка.

-- Удаві… маім зола… -- праз слёзы прамовіў Пятро. “Што я скажу сваім палавіначкам?... Не зразумеюць яны мяне. Няма мне апраўдання”, -- прабегла ў яго галаве.

Юрый сціснуў золата ў кулаку і прагаварыў з пагрозаю:

-- Бабуля з касою побач ходзіць, хоць і не бачым мы яе!

-- Што за праява! – у адчаі прашаптаў Пятро.

Юрый узяў са стала кубак з гарбатай і пайшоў па сцяжынцы. Вікуля і Таня, крыху пастаяўшы, таксамам ўзялі са стала кубкі з гарбатай і накіраваліся за ім.

-- Не пабілі катка мышыныя слёзкі! – з горкасцю сказаў Пятро.

 

Роднае, спрадвечнае

 

Як здань, на палянцы з’явіўся Пан.

Убачыўшы гаспадара лясоў, палёў і статкаў, Пятро ўсклікнуў, заплюшчыў вочы і апусціў галаву.

  -- Дзілінь-дзілінь-баў!

                                                        Саўка прапаў!

                                                        Палажылі Саўку

                                                        На белую лаўку.

                                                        Лаўка трасецца.

                                                        Саўка смяецца.

                                                        Курачка сакоча –

                                                        Савачка рагоча.

                                                        Дзілінь-дзілінь-баў!

                                                        Саўка прапаў! –

                                                                (З народнага.)

   пазіраючы на Пятра, весела заспяваў Пан.

У кустах застракатала дапытлівая сарока.

Пан азірнуўся і прагаварыў:

-- Дзе ж мая Паненка?.. Засумаваў без яе шаўкавістых косак, без маленькіх ручак, без гаючай ласкі…

Сарока сцішылася, дзіўнымі здаліся ёй словы Пана.

А той далей вядзе размову, спавядаецца сам сабе:

-- Шмат пражыў на свеце, а не ведаў, што ласкі Паненкі такія чароўныя. Яны і сум развеюць, і слёзы высушаць, і боль з душы знімуць, дадуць радасць, смех.

Сарока высунула галаву з куста і закруціла ёю, прыслухоўваючыся.

                                                            І туды гара, і сюды гара,

                                                            Паміж тымі горанькамі –

                                                            Ясная зара.

                                                            Ясная зара звечара ўзышла, --

                                                            Маладая дзяўчынанька

                                                            Па воду ішла, --

                                                                           З народнага.

зноў заспяваў Пан. Радасна яму, упэўнена адчувае ён сябе.

Нават хмаркі прыпыніліся, захацелася ім паслухаць бадзёрую песеньку гаспадара лясоў, палёў і статкаў.

-- Разам з табою смяяцца хочацца, скакаць хочацца! – усклікнуў Пан.

Не вытрывала цікаўная сарока, падскочыла.

  -- Падушачка, падушачка,

                                                           Мая пухавая.

                                                           Адна ў мамкі дачушачка,

                                                           Дзеўка маладая.

                                                           У нядзелю на кірмашы

                                                           Шоўку прыкупіла,

                                                           Падушачку пухавую

                                                           Міламу пашыла, --

                                                                     З народнага.

родныя, спрадвечныя гукі паплылі ў прасторы.

 

Жаданне Пана

 

Усё-ткі дачакаўся Пан сваю Паненку. Як і раней, яна была захутаная ў доўгую накідку, падобную на вясенні зялёны ўбор.

-- А яны спяць як суслікі! – пахвалілася Паненка.

Пан наблізіўся да каханай.

-- Майго настою з дурман-травы напіўшыся?

Паненка стукнула рукою па тэрмасе, што стаяў на стале.

-- Думалі, што тут звычайная гарбата.

Пан хацеў прытуліць Паненку да сябе, а яна выслізнула, быццам рыбка.

-- Дзеля цябе пастаралася, напаіла, дзеля нашай сустрэчы. Патапчы іх нагамі, пакалі рагамі.

-- Жартуеш, Паненка? – са здзіўленнем прагаварыў Пан. Да гэтага ён не чуў ад яе падобнага жадання.

-- Канешне, жартую. Як у песеньцы нашай,-- гарэзліва прамовіла Паненка і завяла:

 Пасеяў мужык грэчку,

                                                              Жонка кажа: “Мак, мак!”

                                                              Няхай так, няхай сяк,

                                                              Няхай з грэчкі будзе мак.

                                                                            З народнага.

-- Так, так, так, -- у задуменні прамовіў Пан. Іншы раз ён не разумеў сваю Паненку. Яна ўмела пераўвасабляцца. Была і добраю, ласкаваю, і недаступнаю, нават злоснаю, грознаю, як навальнічная хмара.

Стаіць Пан, а Паненка гарэзліва спявае, кружачыся вакол яго:

                                                              Пасеяў мужык жыта,

                                                              Жонка кажа: “Мак, мак!”

                                                              Няхай так, няхай сяк,

                                                              Няхай з жыта будзе мак.

                                                                             З народнага.

-- Так, так, так! – паўтарыў Пан.

-- Чаму ты такі невясёлы? – перапыніўшы песню, звярнулася да гаспадара лясоў, палёў і статкаў Паненка. – Якія думкі цябе трывожаць, спакою не даюць?

“Скажу, прызнаюся. Мая Паненка павінна зразумець мяне”, -- падумаў Пан і прагаварыў:

-- Да людзей хачу перабрацца.

Паненка адчула, як пахаладзела на душы.

-- У горад?

-- Туды, дзе ты жывеш, – сказаў Пан і цяжка ўздыхнуў. Калі б Паненка цяпер загадала яму: “Стань на калені перада мною”, то стаў бы, не задумваючыся, і быў бы самым шчаслівым на зямлі.

   “Як жа мне адгаварыць яго? Не спадзявалася, што адважыцца выйсці з лесу”, -- прабегла ў Паненкі ў галаве.

-- А дзе ж ты будзеш жыць там? – пацікавілася яна.

Гаспадар лясоў, палёў і статкаў паклаў на плечы Паненкі цяжкія мускулістыя рукі.

-- У цябе, Паненка.

-- Загубіш і сябе, і мяне, -- старалася пераканаць Паненка. Упершыню за час сустрэчы з Панам яна спалохалася, бо зразумела, што ён можа парушыць, разбурыць яе звыклае жыццё.

-- Не дам у крыўду, Паненка, -- не зразумеўшы каханую, падаў голас Пан.

“Які ж ты ўпарты!” – падумала Паненка і прашаптала:

-- Загубіш!

Пан распраміў плечы. Ён хоць цяпер быў гатовы кінуцца ў бойку.

-- Будзеш шчаслівая, незамутнёная, як крынічка чыстая, лясная!

“Шмат пражыў на свеце, а так нічога і не зразумеў. Калісьці людзі з дубінай у руках нават магутнага маманта перамаглі. З табою таксама расправяцца. Людзі не такія наіўныя, як ты”, -- падумала Паненка і сказала:

-- Выкінь глупства з галавы. Як і раней, у лесе будзем сустракацца, песні пець, загадкі задаваць, танчыць будзем да зары. Хіба гэта не задавальняе цябе?

Пан прытуліў Паненку да сябе. Ён пачуў, як б’ецца яе сэрца, як усхвалявана дыхае яна, жыве сваім жыццём.

-- Цяжка мне, гняце адзінота. Не хачу, каб людзі баяліся, панічны страх наганяць не хачу.

Паненка наставіла локці, адштурхнула Пана, вызваліўшыся з яго абдымкаў, як з путаў. Не, да путаў яна ніколі не прывыкне.

-- Не хочаш панічны страх наганяць? Іншым гэта ў радасць было б.

-- Хачу бачыць шчырыя ўсмешкі, светлыя іскрынкі ў вачах, зычлівыя, спагадлівыя твары. Толькі не страх і не агіду, -- прагаварыў Пан. Яго і раней, да сустрэчы з Паненкай, іншы раз цягнула да людзей, вабіла разнастайнае людское жыццё. Цяпер  ён спадзяваўся, што Паненка стане нейкім райскім мастком, падобным на прыгожую зіхатлівую вясёлку, які прывядзе да людзей.

-- Не думай, што людзі такія вялікія баязліўцы! Я ж не баюся цябе! – засмяялася Паненка. Ёй хацелася перапыніць гэтую прыкрую гаворку, перавесці на жарт.

Але Пан не збіраўся адступацца ад задуманага.

-- Страх і агіду за накідкай хаваеш! Нездарма не скідаеш, носіш яе ўвесь час, -- з крыўдай сказаў ён і рукамі дакрануўся да накідкі Паненкі, як бы стараючыся скінуць яе.

Паненка адхіснулася.

-- Нашу, каб не пазналі!

-- Хоць на хвілінку скінь, дазволь налюбавацца тваёй прыгажосцю. Магчыма, сёння прыснішся, і ў сне ўсміхнуся шчаслівы! – усклікнуў закаханы гаспадар лясоў, палёў і статкаў.

“Можа, паслухацца яго, скінуць накідку не на доўга? Хаджу ў ёй, быццам манашка, надакучыла!” -- падумала Паненка.

-- Не бойся. Акрамя беспрытомнага Пятра, тут нікога няма, -- падаў голас Пан.

-- І беспрытомныя, здараецца, праз шчылінку бачаць, -- заўважыла Паненка і паглядзела на Пятра. Можа, прытвараецца ён, назірае за імі спадцішка? Ёсць у яго свая хітрынка.

-- Ты стварыў кожнай твары па пары!.. – задраўшы галаву, усклікнуў Пан. Валадара Сусвету ў паднябессі яму захацелася ўбачыць.

-- Хочаш, каб стала тваёй парай, раўнёй?.. – звярнулася да гаспадара лясоў, палёў і статкаў Вікуля. Яна вырашыла дзейнічаць жорстка і рашуча, так, каб зразумеў Пан, якое месца займае на зямлі.

Пан паглядзеў на Паненку і кіўнуў галавою.

-- Я ўжо душу загубіла!.. Цела, пакуль маладое, хачу зберагчы, -- са злосцю прагаварыла Паненка і пакрочыла па сцяжынцы.

Шырока ступаючы, Пан накіраваўся за Паненкай.

-- Сама зайду! – строга прамовіла Паненка.

Пан спыніўся.

“Адзін, як сонца, як месяц на небе… Яны ззяюць, святло і цяпло прыродзе і людзям даюць. А я?..” – падумаў ён.

“У цябе чароды птушак і мноства звяроў”, -- сеўшы на бярозу, хацела сказаць сарока, але пабаялася трывожыць Пана.

-- Чаму мая доля страх наганяць?.. Чаму не магу запаветным з людзьмі падзяліцца, за сталом пасядзець, гаворку паслухаць, разам пасмяяцца, паспяваць?.. – выказаўся Пан.

Сарока падскочыла на галінцы. Сёння Пан ёй зусім не падабаўся.

-- Душа ў мяне чалавечая!.. Яна пакахала!.. Прыгожая душа!.. А казліныя рогі, казліная барада і казліныя капыты – брыда. Яны душу нявечаць, крывавымі рубцамі яе пакрываюць… -- паскардзіўся Пан. Калі б ён мог, то з мясам вырваў бы і рогі, і бараду… Болю не пабаяўся б.

Сарока пераскочыла на ніжнюю галінку. Яна спадзявалася, што гаспадар лясоў, палёў і статкаў заўважыць яе і пакліча. Тады яна шмат чаго яму скажа, супакоіць узбунтаваную душу.

Але Пан не заўважыў сароку. Ён упаў на калені, пагледзеў на неба і выкрыкнуў:

-- Змрочны хаджу, нібы злодзей начны, у цемры блукаю. Тварэц Сусвету, чым так угнявіў цябе Пан? Дай Пану добры лёс, зайздросную долю, Тварэц Сусвету!

Па палянцы прабег свежы ветрык, дакрануўся да твару Пана.

Пан ускочыў, падбег да Пятра, нагнуўся над ім і завыў па-воўчы.

Пятро паварушыўся.

Пан наставіў перад сабою рукі і паглядзеў на іх.

-- На гэтых руках мог бы насіць!..

Сарока на бярозе закруціла хвастом і застракатала, сварачыся на Пана.

-- Палец няма каму перавязаць! – паскардзіўся гаспадар лясоў, палёў і статкаў і таропка пакрочыў.

 

Добрая фея

 

Пятро расплюшчыў вочы і падняў галаву. Каля сябе ён убачыў Паненку ў накідцы.

-- Ажыў мучанік, бядак, -- нібыта паспагадала Паненка.

-- Ты хто? – запытаўся Пятро. “Магчыма, яна русалка, магчыма, нейкая іншая даўняя істота”, -- падумаў ён.

-- Я добрая фея, -- пачулася ў адказ.

Пятро з палёгкаю ўздыхнуў. Нарэшце знайшлася фантастычная істота, якая дапаможа яму.

-- Развяжы мяне, добрая фея.

Паненка дастала з-пад накідкі пісталет.

Пятру здалося, што свет перавярнуўся і на яго ляціць.

-- Не страляй, добрая фея!.. Дзетак яшчэ гадаваць ды гадаваць… Пад лаўку пяшком ходзяць. Ей-Богу! – пабажыўся ён.

Паненка патрэсла пісталетам перад тварам Пятра.

-- Раз’енчыўся!..

-- Ага! – заплакаў Пятро. Слёзы, ведаў ён, часта дапамагаюць бядотнікам.

Але электрык памыліўся.  На гэты раз слёзы не дапамаглі яму.

-- Ты смяцінка ля парога, якую трэба вымесці, каб вочы не муляла! – наставіўшы на яго пісталет, сказала Паненка.

-- Практык-ветэрынар, самай гуманнай прафесіі чалавек, пчолку не пакрыўджу, -- праз слёзы прамовіў Пятро.

-- Страляць умееш, практык? -- крыху падумаўшы, запыталася Паненка. Яна яшчэ не вырашыла, ці можна даверыцца гэтаму ветэрынару.

-- Практыкаваўся, у міліцыі служыў, пакуль не выгналі… -- праўду сказаў Пятро. Магчыма, даўняя служба ў міліцыі стане тым варатавальным колам, якое дапаможа яму выплыць, вынесе на бераг.

-- Служыў, значыць!.. – прамовіла Паненка і апусціла пісталет.

Пятро адчуў, як на ілбе выступілі кроплі поту. Вось-вось яны спаўзуць уніз, пакоцяцца па твары.

-- А калі вучыўся на першым курсе ў ветэрынарным інстытуце...

Паненка прыўзняла пісталет і папярэдзіла:

-- Тс-с-с…

Пятро замаўчаў, задыхаў часта-часта. Яму не хапала паветра, не хапала слоў.

-- Пана застрэліш, -- прагаварыла Паненка.

-- Якога пана? – не зразумеў Пятро.

Паненка зноў апусціла пісталет.

-- Не прытварайся, ведаеш Пана-казла.

-- Сабака здох, дык хай кот брэша?.. Кілера з ветэрынара хочаш зрабіць? – абурыўся Пятро. Не, ён ніколі ні за якія грошы не стане кілерам. Няхай пакіне яго гэтая добрая фея ў спакоі.

-- Не за так застрэліш. Заплачу, -- сказала Паненка. “На грошы ты паквапішся. За грошы ўсё зробіш, ведаю”, -- падумала яна.

 Пятро горка ўсміхнуўся і паківаў галавою.

-- А потым застрэліш, каб усе канцы ў ваду! Яшчэ чарачку вып’еш і заморскімі марцыпанамі закусіш. Ведаю!.. Наш Пятрук не цецярук.

“Надакучыў як горкая рэдзька”, -- падумала Паненка і з сілай стукнула Пятру рукаяткай пісталета па галаве.

Пятро заплюшчыў вочы і апусціў галаву.

Над палянай, нібы цёмная цень, павольна праляцеў каршун.

-- Як жа з Панам раправіцца? Думала, крыху пагуляю з ім, здзейсню задуманае і памахаю ручкай. Аж не. Па вушы ўцюрыўся, як падлетак нявопытны… Жоначкай хоча зрабіць… Хлопчыкі і дзяўчынкі пойдуць барадатыя, з рожкамі… Даспявалася! – з горкасцю прагаварыла Паненка і подбегам накіравалася ў гушчар.

 

Наэлектрызаваная атмасфера

 

Прайшло хвілін дваццаць. З кустоў выйшлі Юрый, Вікуля і Таня.

-- Што гэта было з намі? Не скажаце мне? – звярнулася да Юрыя і Тані Вікуля.

-- Здаецца, спалі мы, -- пазяхнуў Юрый. -- Прысеў ля куста і быццам у бездань праваліўся.

-- Я магу толькі здагадвацца, -- уступіла ў размову Таня. – Вядомы пісьменнік Курт Вонегут трапна заўважыў: “Ужо мільён гадоў чалавецтву даводзіцца аб усім толькі здагадвацца, таму галоўнымі нашымі героямі з’яўляюцца гадальнікі – тыя, у каго лепш за іншых атрымлівалася нас здзіўляць ці палохаць”.

-- Не чытай лекцыю. Мы не інстытуткі! – не вытрывала Вікуля.

Таня замаўчала, прыкусіла губу. “Уся атмасфера тут быццам наэлектрызаваная. Не буду яшчэ больш накаляць яе”, -- падумала яна.

А Вікуля ўзялася за галаву і раздражнёна прагаварыла:

-- Дык што было з намі?

-- Я таксама, здаецца, заснула непрыкметна, як стомлены падарожнік засынае за рулём аўтамабіля, -- зірнуўшы на Юрыя, прызналася Таня.

-- Так і не растлумачыла ты!.. Не да той гадальніцы звярнулася, -- заявіла Вікуля. Яна адчувала сябе нібыта пасля цяжкага сну і цяпер была ўзлавана на ўвесь свет. Ёй нікога не хацелася бачыць, ні з кім не хацелася гаварыць, але яна мусіла гэта рабіць.

Таня цяжка ўздыхнула.

-- Ходзім, як з прыбітымі да галоваў шапкамі, -- ужо без злосці сказала Вікуля і зірнула на Пятра. – А ён спіць.

-- Можа, ён растлумачыць? Трэба разбудзіць яго, – падаў голас Юрый.

Вікуля ўсміхнулася краечкамі вуснаў.

Юрый узяў Пятра за плячо і страсянуў.

-- Практык, спецназавец, прачніся!

Пятро не азваўся. Як і раней, стаяў каля бярозы апусціўшы галаву.

-- Ён нават не варушыцца, -- заўважыла Вікуля.

-- Белы як палатно, -- дадала Таня і страсянулася.

Юрый дакрануўся да шчакі Пятра.

-- Халодны як мярцвяк!

-- Не можа быць! – усклікнула Вікуля. “Вось і нарваліся мы на непрыемнасці. Чаго хацелі, таго і дабіліся”, -- падумалася ёй.

Юрый вухам прытуліўся да грудзей Пятра, каб праверыць, ці дыхае.

-- Жывы? – не сцярпела Вікуля.

Юрый выпраміўся і развёў рукамі.

-- Кранты!

Вікуля і Таня з надзеяй паглядзелі на Юрыя. Ім здавалася, што ён прытвараецца, палохае іх.

-- Кранты! – упэўнена паўтарыў бізнесмен.

Вікуля працягнула руку, хацела дакрануцца да шчакі Пятра, але не адважылася. Рука застыла ў паветры.

-- Смялей, не ўкусіць, -- падахвоціў Вікулю муж.

Вікуля нахмурылася і дакранулася да шчакі Пятра.

-- Халодны? – пацікавілася Таня.

Жонка бізнесмена адняла руку ад шчакі Пятра і старанна выцерла яе аб блакітныя нагавіцы.

-- Халаднюткі!

Нейкі час у паветры вісела маўчанне. Непрыемным халадком цягнула ад яго.

-- Шкада гэтага электрыка. Яшчэ не стары, -- прамовіла Таня.

-- Усіх не нашкадуешся, -- як адрэзала Вікуля.

Таня не пагадзілася.

-- Усё-ткі разам у санаторыі адпачывалі, сюды прыйшлі як знаёмыя.

-- Многія знаёмыя раптоўна адыходзяць, -- запярэчыла Вікуля. Найперш сябе яна старалася супакоіць. -- Хіба не так?

-- Напэўна, так, -- паціснула плячыма Таня. Яна адчула сябе разгубленай, адзінокай і нікому не патрэбнай.

-- Што будзем рабіць? – звярнулася да Юрыя Вікуля.

-- Уліплі, маці! – адказаў Юрый. Іншы раз, калі прыходзілася цяжка, ён называў Вікулю “маці”.

Тані здалося, што доўгай павуцінай абвалакло яе з ног да галавы. Яна дастла з сумачкі мабільны тэлефон і стала набіраць нумар.

-- У кантору хочаш патэлефанаваць? – насцярожыўся Юрый.

-- У міліцыю. Няхай прыедуць і забяруць, -- сказала Таня. Яна лічыла, што на яе месцы так зрабіў бы кожны прыстойны чалавек.

-- Каго? – запыталася Вікуля.

-- Яго, -- адказала Таня. Яна старалася не называць Пятра ні па імені, ні па мянушцы. Яна быццам забылася, што ў яго было імя і тая мянушка, якую яны яму далі.

-- З глузду з’ехала? – строга прагаварыў Юрый.

Тані здалося, што бізуном па плячах сцёбнулі.

-- Усіх у кутузку замятуць. Мы ж яго, можна сказаць, сілком да дрэва прывязалі, -- растлумачыў Тані Юрый.

-- Я не прывязвала, -- ціха сказала Таня і схавала мабільны тэлефон у сумачку. Яна зразумела, што ні Юрый, ні Вікуля не дазволяць ёй патэлефанаваць у міліцыю.

-- Пойдзеш як саўдзельніца, -- ухмыльнуўся бізнесмен.

Таня прамаўчала. Сапраўды, як саўдзельніца яна тут. Саўдзельніца злачынства. Як нечакана ўсё атрымалася! Можа, уцячы адгэтуль, у санаторыі схавацца? Але ж ад Юрыя нідзе не схаваешся. Ні ў санаторыі, ні ў інтэрнаце ўніверсітэта. Са сваімі крымінальнымі сувязямі ён усюды яе знойдзе. Улезла ў гэтую гульню, ублыталася, быццам у ліпкую павуціну.

-- Як груша, гуз выскачыў, -- дакрануўшыся да галавы Пятра, паведаміў Юрый.

-- Думаеш, што Пан пастараўся? – пазяхнула Вікуля.

Юрый нагнуўся, уважліва, быццам дасціпны сышчык, аглядаючы месца каля бярозы.

-- Рагамі заехаў.

Вікуля азірнулася. Ёй здалося, што Пан, схаваўшыся, уважліва глядзіць на яе, вачэй не спускае.

-- Дык што будзем рабіць?

Юрый адагнуўся і падзівіўся на Пятра, як звычайна дзівяцца на нейкую незвычайную рэч, выстаўленую ў музеі.

-- Закапаем як непатрэбшчыну.

-- У яго ёсць блізкія, -- напомніла Таня.

-- Блізкім таемна падкінеш? – зарагатаў Юрый. Усё-ткі развесяліла яго студэнтачка.

-- Тут закапаем? – выкрыкнула Вікуля. Ёй надакучыла гэтая пустая размова. Яна хацела дзейнічаць.

-- Можа, тут. Можа, далей аднясём, -- спакойна заўважыў Юрый. “Спяшайся павольна”, -- такога правіла звычайна прытрымліваўся  ён.

Вікуля зразумела, што ёй цяпер не пераканаць упартага мужа. Што вырашыў, тое і зробіць, нікога не стане слухаць.

-- Фронт работ трэба размеркаваць, -- прапанавала яна.

Юрый падбіў нагою пустую банку з-пад кансерваў.

-- Прарабам хочаш быць?

-- Трэба ж некаму паклапаціцца, -- прамовіла Вікуля. Можна было падумаць, што яна стаіць не на паляне, а ў доме побач з нябожчыкам, які жыў адзінока і раптоўна памёр.

-- Значыць… -- Юрый уважліва паглядзеў на Вікулю. Ён здагадаўся, што ў яе галаве з’явіўся нейкі план.

-- Ты яму выкапаеш, – сказала Вікуля.

-- А ты? – запытаўся Юрый.

Вікуля ўсміхнулася.

-- Я нябожчыка ў яму штурхну.

Юрый кіўнуў галавою, паказаўшы на Таню.

-- А яна?

-- Яна засыпле нябожчыка.

Таня не стрымала даўкі камяк, які падступіў да горла, усхліпнула.

-- Не буду засыпаць!

Вікуля ўзяла рукі ў бокі. Здавалася, вось-вось у бойку кінецца.

-- Чысценькай хочаш быць! Не выйдзе, Падстава. Будзеш мурзілкаю.

-- У воўчай зграі па-воўчы трэба выць, -- лагодна прагаварыў Юрый. Ён стараўся пераканаць Таню. Крымінальнае мінулае навучыла яго не мітусіцца. Ён ведаў, дзе трэба націснуць, а дзе і па галоўцы пагладзіць.

Таня апусціла галаву. Ёй не хацелася глядзець у вочы Юрыю.

-- Вытворчая неабходнасць?

Юрый узяўся за лыка, якім Пятро быў прывязаны да бярозы.

-- Вытворчы брак.

Таня страсянула галавою, кіўнулася і сказала:

-- Зараз завыю!

Сапраўды, яна адчула, што вось-вось з грудзей вырвецца нястрымнае воўчае выццё, як нядаўна вырвалася ў Вікулі.

-- Пацеш, калі такая перасмешніца, -- ухмыльнуўся бізнесмен і, адвязаўшы Пятра ад бярозы, апусціў на зямлю.

Таня зірнула на Вікулю.

Вікуля кіўнула галавою. Маўляў, давай, пастарайся, не тамі.

Таня пераступіла з нагі на на нагу.

У гэты момант Пятро ўстрапянуўся і расплюшчыў вочы.

Выцягнуўшы руку, Вікуля паказала на электрыка рынка.

-- Жывы!

-- Думалі, што кацюты склаў? – усміхнуўся Пятро. Ён адчуваў сябе бадзёра. У яго было такое адчуванне, што за плячыма крылы выраслі.

Тані захацелася перахрысціцца, але чамусьці не паднялася рука.

А Пятро ўстаў, памацаў лоб, шчокі і два разы паўтарыў, супакойваючы Юрыя, Вікулю і Таню:

-- Жывы, жывы!

-- Ты ж быў ледзяны! – здзівіўся Юрый. Ён чакаў усяго, толькі не гэтага, не ўваскрасення з мёртвых.

-- Мой арганізм не такі, як у вас, -- пахваліўся Пятро. Зноў ён у цэнтры ўвагі, зноў на яго глядзяць і ахаюць. Ён расцвіў як мак у цёплае надвор’е.

-- А які? – вырвалася ў Вікулі.

-- Калі прытомнасць трачу, то тэмпература апускаецца. Мяне ўжо, -- Пятро палічыў, загінаючы пальцы, -- тры разы стараліся закапаць. Святароў прывозілі і на вячэру траціліся. Але потым гулялі!.. Усе без выключэння напіваліся.

Двума пальцамі Юрый дакрануўся да галавы.

-- Значыць, табе…

-- Ёсць гуз, ёсць! – падхапіў Пятро.

-- Пан стукнуў? – запытаўся Юрый.

-- Пан бабнік, дуралей, турма па ім плача! – усклікнуў Пятро і дастаў з-за пазухі пляшку. – Адзначым цудоўнае ажыўленне.

-- На тваім месцы я таксама адзначыла б, -- ухмыльнулася Вікуля.

-- Каб у вас вяліся свінні і авечкі і мы жылі, як чалавечкі, -- сказаў Пятро і выпіў з пляшкі.

Вікуля адчыніла сумачку, паглядзела ў яе і прамовіла:

-- Я ж мабільнік там забылася!

-- Там, дзе заснулі, у кустах? – пацікавіўся Юрый.

Вікуля махнула рукою і пабегла па сцяжынцы.

А Пятро зноў глытнуў з пляшкі і пахваліўся:

-- Сёння пяты раз дэзінфекцыю праводжу. Чышчуся!

-- Ён быў адзін, Аратар? – пацікавіўся Юрый.

-- Я ўжо не Аратар. Я Пятро Савельевіч, -- нагадаў Пятро і зацягнуў:

Цераз сад-вінаград

                                                                Дарожанька ўецца.

                                                              Калі кажуць дзеўкі “Пеця”,

                                                              То душа смяецца.                    

-- Быў адзін? – праз зубы працадзіў Юрый. Ён не мог спакойна глядзець на электрыка рынка. Ён зноў стаў яго раздражняць.

Пятро схаваў пляшку за пазуху і паведаміў:

-- Спачатку адзін.

-- Потым Паненка прыйшла да яго? – выказаў здагадку Юрый.

Пятро зарагатаў.

-- Глядзі, каб на тваю бабу ў кустах не наваліўся!

Калматыя бровы Юрыя папаўзлі ўгору.

-- Можа?

-- Ён усё можа. Пільнуй бабу, Хмурык, -- папярэдзіў Пятро.

Юрый зыркнуў вачыма на Пятра і паклікаў, далоняй склаўшы рукі каля рота:

-- Зязюля, гэй!.. Зязюля!..

У адказ толькі сарока застракатала дзесьці ў кустах.

Юрый дастаў з кішэні мабільны тэлефон і набраў нумар тэлефона Вікулі.

“Абанент часова недаступны! Абанент часова недаступны!” – данеслася з мабільнага тэлефона.

Юрый стаяў і моўчкі кусаў губы. Ці не ўпершыню бяссільным адчуў ён сябе.

-- А я што казаў! Я як наш прагноз надвор’я – без памылкі, на ўсе сто працэнтаў прадказваю, -- парушыў маўчанне Пятро. Новая порцыя спірту развязала яму язычок.

Бізнесмен выключыў мабільны тэлефон, схаваў яго ў кішэню і зноў гукнуў:

-- Зязюля, гэй! Зязюля!..

Зноў дзесьці ў кустах застракатала неўгамонная сарока.

Юрый сціснуў кулакі і пакрочыў па сцяжынцы.

 

“Заплаці за маўчанне”

 

-- Усё-ткі выправіў гіцля! – паглядзеўшы ўслед Юрыю, зазначыў Пятро.

Таня цяжка ўздыхнула. Толькі цяпер яна зразумела, што з Юрыем ёй было спакайней, надзейней.

-- Цяпер з табою паталкуем! – звярнуўся да Тані Пятро.

-- Здаецца, не правінілася перад вамі, Пятро Савельевіч, -- адказала Таня. Яна старалася трымаць сябе ветліва, каб не выклікаць прыступ агрэсіі ў гэтага недавучанага ветэрынара.

-- Успомні, як фліртавала з Панам! – стукнуў сябе ў грудзі Пятро. Ён не даруе студэнтачцы за здзек, па поўніцы заплаціць яна яму.

-- Я фліртавала з Панам? – здзівілася Таня. Такога абвінавачвання дзяўчына не чакала ад  выхвалякі Пятра.

-- Прытварыўшыся беспрытомным, расплюшчыў вочкі і ўсё бачыў праз шчылінку, -- пахваліўся электрык рынка.

Таня з недаўменнем паглядзела на яго.

-- Не разумееш?

-- Не разумею, -- шчыра прызналася студэнтка.

-- Сама да Пана прыйшла, накідкай накрыўшыся! Ай-я-яй!.. – стаў сароміць дзяўчыну Пятро. “Румяненькі яблычак, ды з чарваточынкай”, -- хацеў дадаць ён, але Таня апярэдзіла яго:

-- Што найшло на вас, Пятро Савельевіч?

“Па-добраму не хоча прызнавацца, дастала мяне”, -- падумаў Пятро і, падбегшы да століка, паказаў на тэрмас.

-- У гарбату дурман-траву падсыпала, і, як малаточкам, па галаве ім цюкнула! Так?

Таня пачырванела.

-- Плоскія жарты ў вас, Пятро Савельевіч.

Электрык крыва ўсміхнуўся.

-- Не дамовімся, значыць?

-- Чаго вы хочаце ад мяне? – крыкнула дзяўчына. “Можа, да мамы мне патэлефанаваць? Але чым дапаможа мама? Толькі разнервую яе, настрой сапсую”, -- падумала яна.

Пятро колам выгнуў грудзі і задраў галаву, нібыта малады перд ухажоркай.

-- А таго, што хлопцы хочуць! Як у арэнду, да вечару хачу ўзяць.

-- Пятро Савельевіч! – абурылася студэнтка. Такога адкрытага нахабства ад электрыка яна не чакала.

-- Заплаці за маўчанне, -- быццам змоўшчык, прашаптаў Пятро.

Таня з недаўменнем паглядзела на электрыка рынка. “Магчыма, ён жартуе”, -- падумалася ёй.

-- Вось што скажу табе, Падстава! – павысіў голас Пятро. – Па-добраму аддайся!

Таня адступіла. Яна зразумела, што ёй трэба ратавацца.

А Пятро вырашыў напалохаць, бязвольнай зрабіць гэтую прыгожую студэнтку.

-- Я не сказаў Хмурыку, што ты з Панам фліртавала. Калі скажу, Хмурык па галоўцы цябе не пагладзіць.

Дзяўчына паціснула плячыма.

-- Дамовіліся? – прамовіў Пятро і ступіў уперад.

Таня стаяла як заварожаная. Яна быццам здранцвела на хвілінку.

-- Згодна, значыць! – зарагатаў Пятро. – Паляваў куню, а ўпаляваў красуню!

-- Мамачка! – ледзь раскрываючы вусны, прашаптала Таня.

-- Падстава! – ласкава паклікаў Пятро.

Таня адступіла.

Пятро ўзмахнуў рукамі. Незвычайным дырыжорам, якому мора па калена, адчуў ён сябе.

-- Уцякаеш, як кабылка ад аўса!.. Падстава!

-- Болей не называйце мяне Падставай! -- крыкнула Таня. Яна ледзь стрымалася, каб не пляснуць Пятру па шчацэ.

Пятро спыніўся і прагаварыў са здзіўленнем:

-- І ты выходзіш з гульні?

-- Надакучыла!.. Бачыць вас не хачу! – гукнула Таня і, сеўшы на лаўку, заплакала. Горкія слёзы ручаём пацяклі па яе шчоках.

-- Ад душы прапаноўваў, а яна расплакалася, як рызінавая лялька пад дажджом! – разгубіўшыся, развёў рукамі Пятро.

-- Бачыць вас не хачу! – паўтарыла Таня.

Пятро на дыбачках наблізіўся да яе і асцярожна пагладзіў па валасах.

-- Будзь маёй палавінкай, доча. Усё дарую.

Таня ўскочыла з лаўкі і адпіхнула Пятра. “Твае паганыя вочы выдзеру, калі яшчэ раз дакранешся”, -- вырашыла яна.

 

Як Заблоцкі на мыле

 

Невядома, чым скончылася б гэтае заляцанне Пятра, калі б на палянцы не з’явіўся Юрый. Ён строга паглядзеў на электрыка.

-- Што тут адбываецца? Га?

-- З гульні выйшла, як і я, -- паказаў на Таню Пятро. Маўляў, не вінаваты я. Я не я і хата не мая.

Юрый перавёў позірк на Таню, чакаючы ад яе адказу.

Таня зняла з шыі залаты ланцужок і паклала на стол.

-- Узяла мянушку, каб зарабіць… Зарабіла!

-- Як Заблоцкі на мыле, -- хмыкнуў Пятро.

Быццам вучаніца, якая правінілася, Таня апусціла галаву.

-- Платна вучуся… Мама адна гадуе… Думаеце, лёгка маме?..

“Зразумейце мяне, хоць хто-небудзь зразумейце!” – хацелася крыкнуць ёй.

Але яна не крыкнула. Зняла з вушэй залатыя завушніцы, паклала іх на стол і зноў сказала:

-- Зарабіла!

-- Як Заблоцкі на мыле! – паўтарыў Пятро. Нібыта непадкупны суддзя, глядзеў ён на дзяўчыну.

Нахмурыўшыся, Юрый зірнуў на Пятра. “Маўчы як жаба ў карчы!” – можна было прачытаць у гэтым позірку.

Таня прыўзняла галаву і ўздыхнула.

-- Пражывём, выкруцімся неяк.

-- Як Заблоцкі на мыле! -- хмыкнуў Пятро.

-- Прэч! – гукнуў Юрый і штурхнуў Пятра.

Пятро ледзь не ўпаў.

-- Можна і без крыку абысціся. Я не глухі, -- адышоўшыся ўбок, заявіў ён.

-- Ё-па-рэ-сэ-тэ! – па складах прамовіў Юрый.

Пятру здалося, што аўтаматная чарга прагучала на палянцы. Ён высока ўзняў галаву і пакрочыў па сцяжынцы.

 

Прапанова

 

-- Не чакаў, што прымеш такое рашэнне. Думаў, да канца будзеш стаяць, -- зірнуўшы на Таню, сказаў Юрый.

-- А гэта і ёсць канец – рыса, мяжа, за якую не хачу пераступаць, – азвалася Таня. Два пачуцці змагаліся ў яе душы. Адно з іх – шкадаванне, звязанае са стратай залатых рэчаў, а другое – адчуванне палёгкі.   Прыдуманая Пятром гульня стаміла яе, выклікала трывогу, неспакой, страх.

-- Змірылася з беднасцю, здалася. Будзеш хадзіць і глытаць слінкі, на чужыя пакупкі пазіраючы, -- заўважыў бізнесмен.

-- Не судзіце, ды не судзімыя будзеце, -- адпарыравала дзяўчына.

Юрый уздыхнуў і ласкава прагаварыў:

-- На тваіх вачах слёзы не высахлі.

Таня са здзіўленнем паглядзела на бізнесмена. Ёй здавалася,   што ён не ўмее ласкава размаўляць і глядзець на свет добрымі вачыма.

А Юрый наблізіўся да Тані і папрасіў:

-- Можна, вытру?

-- Ветрык высушыць! – скрыжаваўшы рукі на грудзях, прамовіла дзяўчына. “Яшчэ гэтага ўхажора мне не хапала”, -- пранеслася ў яе галаве.

Юрый зноў уздыхнуў.

-- Навошта вам казяўка, гаротніца? – сказала Таня. Яна старалася не глядзець на Юрыя.

Юрый прысеў на краечак лаўкі.

-- Грашыма можна падзяліцца.

-- А потым што будзе?

-- Адразу на некалькі прыступак без намаганняў, як на эскалатары, паднімешся, наблізішся  да мяне, -- сказаў Юрый.

Таня ўстала з лаўкі  і плячыма прытулілася да бярозы. Яна грэла яе сваім цяплом, лашчыла.

-- На рахунак нашай вучэбнай установы адпраўце грошы, для такіх платнікаў, як я.

Юрый маўчаў. Таня непрыкметна паглядзела на яго. Цікава, што скажа ён, ці пагодзіцца з ёю.

-- На тваё імя адпраўлю, а ўсім не магу.

-- Чаму? – запыталася дзяўчына. “А мне цікава з ім размаўляць. Ён зусім не страшны, здаецца, шчыры, нават адкрыты”, -- падумала яна.

-- Ёсць цікавая заканамернасць, даўно заўважыў: аднаму грошы даеш з радасцю, а другому – як ад душы адрываеш, -- адказаў Юрый. “Чым жа ты, студэнтачка, так прычаравала мяне? Гляджу на цябе і адчуваю, што з кожнай хвілінай як на дражджах падрастаю, усё больш маладзею”, -- падумалася яму.

-- Выходзіць, можа так стацца, што грошы вашы стануць нашы? – прагаварыла Таня. Своеасаблівае, непрадказальнае жыццё. Нядаўна адзін шантажыраваў, а гэты, другі, за грошы хоча купіць.  Магчыма, за вялікія грошы.

-- Думаеш, туфту ганю? Кантракт заключым, ад “А” да “Я” распішам, -- стараўся пераканаць Юрый. У яго быццам новая гульня з’явілася, захапіла. Ад іншай гульні яна ўтварылася, як слова ад слова ўтвараецца.

-- Зязюлю куды падзенеце? – пацікавілася Таня. Яна хацела патрэсці пальцам на Юрыя як на малога, але перадумала, вырашыла абысціся без гэтай тэатральнасці.

-- З Зязюляй тэт а тэт разбярэмся. Не пакіну Зязюлю бяскрылай, -- адказаў бізнесмен.

“Жывём як у галаву стрэліць, не задумваемся”, -- падумала маладая студэнтка і сказала:

-- З дзвюмя будзеце час бавіць у сваім гарэме, як магутны рухавік Пятро Савельевіч!.. Нездарма кажуць: дурны прыклад заразны.

Юрый зразумеў, што яму не ўдалося пераканаць дзяўчыну. Але ён не збіраўся адступацца ад задуманага.

-- З баблом на волю адпушчу Зязюлю. Махне крыльцамі і паляціць.

-- Стану вашай чарговай Зязюляй у залатой клетцы. Захочаце – выкінеце з залатой клеткі, захочаце – братэлу разам з клеткай прадасце альбо падарыце, -- зазначыла Таня. Гэтая гаворка пачала стамляць яе. Ёй хацелася, каб як мага хутчэй хто-небудзь з’явіўся на паляне і перапыніў яе.

-- Цябе не выкіну, не хвалюйся. У табе ёсць нешта такое, што прыцягвае, як магніт, -- сказаў Юрый і замаўчаў. Ён не ведаў, якія словы падабраць, каб раскрыць тыя пачуцці, якія цепліліся ў яго душы.

-- Маладосць – вось мой безадказны магніт! – як бы дакараючы сябе, паківала галавою Таня.

Юрый ажывіўся. Здаецца, ён знайшоў патрэбныя словы. Зараз ён выкажа іх. Няхай  як прызнанне яны прагучаць.

-- Сяброўскі агонь ёсць у табе. Ён не абпальвае, грэе.

Таня вырашыла напомніць Юрыю яго словы.

-- Многія помняць як небяспечнага ворага… З гонарам казалі!

-- І гэта ты запомніла? – ціха, быццам сам сабе, прагаварыў Юрый. Не, не пераканаць яму гэтую ўпартую дзяўчыну. Як відаць, розныя людзі яны. Рознае, як вядома, не прыцягваецца, а адштурхоўваецца.

-- Усё помню. Помню, што Зязюлю шукалі… Не знайшлі?.. Салідныя дзядзькі пачатую справу звычайна даводзяць да канца… Шчаслівай дарогі вам, -- пажадала Таня. Цікава: ці паслухаецца яе бізнесмен, ці адправіцца на пошукі сваёй Зязюлі?

-- Без туфты? – не паверыў у такое пажаданне Юрый і адразу ж вінавата прагаварыў, быццам пакаяўся перад Таняй. – Зжыўся з гэтым праклятым жаргонам! А хачу пазбавіцца ад яго… Як сказаў Чэхаў, у чалавеку ўсё павінна быць выдатна.

-- Вельмі добра, -- заўважыла Таня.

-- Цяжка пазбавіцца ад мінулага! – прызнаўся Юрый. “Мінулае і сучаснае -- гэта ты і я”, -- падумаў ён, зірнуўшы на дзяўчыну.

Таня адышлася ад бярозы. Падставіла разгарачаны твар ветрыку, што прабег па паляне.

-- Спадзеяцеся, што дапамагу. Свежая студэнтачка, свежанінка, можна сказаць, адукаваная, неэмансіпіраваная… Скарб, а не дзяўчынка!

Юрый з надзеяю паглядзеў на Таню. Ён яшчэ спадзяваўся, што ажыццявіцца задуманае.

-- Вам секс-рэпетытарша патрэбна? – з выклікам прамовіла дзяўчына.

Юрый пакруціў галавою.

-- Не смейся з мяне, Таня.

-- Шчаслівай дарогі, Хмурык, -- прагучала ў адказ.

-- Не судзіце, ды не судзімыя будзеце, -- сказаў Юрый і, ускочыўшы з лаўкі, пайшоў, згорбіўшыся.

-- Як пралезці ніткай у вугольнае вушка? -- прашаптала Таня. Ёй захацелася заплакаць.

 

“Навучу, як стаць гейшай”

 

З-за куста, які рос на ўскрайку палянкі, выйшла Вікуля.

-- Майго Юрыя на свежанінку пацягнула! – вочы Вікулі працінаюць Таню, здаецца, да самых касцей. Становіцца холадна, нібыта ад марозу.

Што сказаць Вікулі? Хіба яна, Таня, ў нечым вінаватая? Яна ж не фліртавала з Юрыем, старалася далей трымацца ад яго.

-- А калі я прапаноўваю заняцца сексам, успрымае гэта як выбух петарды пад сцягняком! – выказалася Вікуля.

Таня зноў спінай прыхінулася да бярозы. Ёй здавалася, што бяроза абароніць яе.

Зязюля гучна пстрыкнула пальцамі.

-- Каля цёпленькай батарэйкі хоча пагрэцца, замёрз.

-- Знарок схаваліся, падслухоўвалі? – не вытрывала Таня. Колькі можна цярпець, зносіць здзек? Як прагныя каршуны, накінуўшыся, задзяўбуць яе тут, калі будзе маўчаць. Як слабасць, расцэняць маўчанне.

-- Пакрыўдзіла, непрыгожа з майго боку? -- усміхнулася Вікуля. Здавалася, вось-вось абніме і расцалуе Таню як найлепшую сяброўку.

“Ёй толькі ў тэатры іграць, умее пераўвасабляцца”, -- падумала Таня і сказала:

-- Кожны па-свойму разумее прыгажосць.

-- Не асуджаеш мяне? – пацікавілася Вікуля.

Студэнтка паціснула плячыма.

-- Перастань крыўляцца, не будзь прытворай, дзяўчынка! – папракнула Вікуля.

Таня пальцамі пагладзіла шурпаты ствол бярозы.

-- Сказала як думала.

-- Прамая як прамень? – вочы Вікулі ўсё свідруюць Таню, прабіваюцца да самай душы. – Не, гэта Пятро Савельевіч у нас прамы, хаця… і тут трэба пакумекаць.

“Ён не прамы. Ён нахабны, а бывае хітры, прытвараецца, як злодзей, глядзіць, дзе што кепска ляжыць, каб потым сцягнуць непрыкметна”, -- падумала маладая студэнтка.

Вікуля паглядзела на ўскраек палянкі, туды, дзе знік Юрый, і ўздыхнула.

-- Ад кахання застаўся толькі чорны поліэтыленавы дым. Можна задыхнуцца, пастаяўшы даўжэй.

-- Вам цяпер сумна і балюча. Разумею! – паспачувала Таня. Ёй таксама было сумна, балюча і прыкра. Быццам чагосьці горкага наелася.

-- А ты не шкадуй мяне! -- у голасе Вікулі прагучала пагроза.

Таня мацней прытулілася да бярозы.

-- Цяжка жыць, калі ведаеш, што твой выбраннік часова твой. Глядзіш на яго як  на ільдзінку, якая на вачах растае на гарачай руцэ, абпякаючы холадам, -- сказала Вікуля. “Дзе мае шаснаццаць? Дзе маё растрачанае юнацтва? Дзе мая маладосць?” – сама ў сябе запыталася яна і не знайшла адказу.

У Тані раптам затрымцелі ногі, як відаць, ад перажытага. Ёй захацелася прысесці.

-- Ведала, што Хмурык не будзе маім, хоць і ўрачыста, пад вальс Мендэльсона, аформілі шлюб. Ты нічога не чуеш у гэтым слове, дзяўчынка?.. Шлю!.. Пашлю! – Вікуля нечакана пхнула Таню. – Ідзі да яго!

Таня адскочыла ад бярозы і затулілася рукамі, як перад нападзеннем.

-- Пазайздросціла майму шчасцю! – ніяк не магла супакоіцца жонка бізнесмена. – А ці бываюць шчаслівымі бяспраўныя, безгалосыя? На банкаўскім рахунку яны не маюць ні цэнта, ні рубля.

-- Палохаеце мяне? – азвалася Таня.

Вікуля не адказала. Яна разважала сама з сабою, дзялілася сваім перажываннем, сваім горам.

-- Юрый Іванавіч!.. Юрый Іванавіч!.. Нават у час сексу хоча, каб Юрыем Іванавічам называлі. Ты – тавар, а ён – купец.

Таня ўспомніла, як нядаўна Вікуля насміхалася з Юрыя, колкімі слоўцамі яго абстрэльвала. Маўчаў ён, нават не агрызнуўся.

-- Але ж вы… -- пачала яна, але так і не закончыла, не асмелілася закончыць.

-- Кепікі з яго строіла?.. А што мне было рабіць? Помшчу, бывае. Такія адносіны ў нас склаліся. Разумее гэта і даруе іншы раз. -- Вікуля зноў штурхнула Таню. – Ідзі! Вазьмі гэты дзіравы плашч, накрыйся ім!

-- Не накручвайце сябе, Сінічка, -- папрасіла Таня. Яна ведала, што іншы раз чалавек сам можа давесці сябе да шаленства.

-- Як можна накруціць сябе? Падкажы! – перайшла на крык Вікуля. – Напэўна, ёсць спецыяльны трэнінг… Ты павінна ведаць, вучоная. Падкажы, падзяліся сакрэтам!.. Ёсць?

Таня апусціла рукі, але не адступіла.

-- Вы сур’ёзна? – запыталася.

Не зводзячы вачэй, Вікуля глядзела на Таню. “І ты, як і Юрый Іванавіч, іншы раз поглядам слёзы хочаш дастаць”, -- падумала Таня і выгукнула:

-- Ёсць спецыяльны трэнінг! Ёсць! Тлумачу!

Твар у Вікулі выцягнуўся.

-- Той, хто накручвае сябе, імкнецца адасобіцца ад свету, -- працягвала Таня. – Для гэтага выкарыстоўвае абасобленае вымаўленне слова “ха” на выдаху…

Вікуля глядзела ўперад, думаючы аб сваім. Цяпер яна была безуважная да ўсяго.

Таня гучна прагаварыла:

-- Чуеце?

Жонка бізнесмена ўстрапянулася і адрывіста выклікнула:

-- Ха!

Здаецца, разам з гэтым адрывістым “ха!” яна ўсю злосць і горыч імкнулася выплюхнуць з душы.

-- У выніку арганізм перанасычаецца кіслародам, сасуды мозгу звужаюцца, аслабляецца крытычнае асэнсаванне рэчаіснасці, псіхіка не падпарадкоўваецца, выходзіць з-пад кантролю… --  старалася даходліва растлумачыць Таня.

Вікуля ажывілася.

-- Праверым… Разам… патанцуем?

“А што я страчу, калі патанцую разам з табою? Трэба пазбавіцца ад рэчаіснасці, хоць на хвілінку забыцца пра недарэчнасці гэтага імгнення, гэтага жыцця”, -- падумала Таня і кіўнула галавою.

-- Тры, чатыры! – скамандавала Вікуля і пачала танцаваць, нібыта на вечарынцы ў сяброў.

Таня таксама стала танцаваць, наблізіўшыся да Вікулі.

Спачатку яны танцавалі павольна, час ад часу ўсклікаючы “ха!” і шырока расплюшчанымі вачыма пазіраючы адна на адну. Ім стала добра. Яны забыліся пра Юрыя, ужо не былі саперніцамі.

-- Што адчуваеш? – быццам клічучы сяброўку, якая заблудзілася ў дрымучым лесе, гукнула Вікуля. – Я магу нават распрануцца, галяком танцаваць.

-- Нават калі Пятро Савельевіч прыйдзе? – успомніла пра свайго настойлівага кавалера Таня.

-- Мне па барабане! – закружылася ў хуткім танцы Вікуля.

-- І я магу!.. – падхапіла Таня. Сапраўды, на хвілінку яна забылася, што ёсць такое паняцце, як сарамлівасць. Беластволая бяроза, бухматыя кусты на ўскрайку паляны, высокія меднастволыя сосны, як у калейдаскопе, мільгалі перад яе вачыма. А яшчэ такі вясёлы, такі шчаслівы твар Вікулі.

-- А ведаеш, як стаць спакусніцай? – неспадзявана пацікавілася Вікуля.

Таня пакруціла галавою.

-- Старайся размаўляць вачыма, -- распачала жонка бізнесмена Яна ўжо разышлася, ужо не магла спыніцца. – У вачах шукаюць праўду мужыкі. Вачыма пасылай ім важную інфармацыю. Будуць лавіць яе, каб зразумець цябе, твае пачуцці. А яшчэ цалкам аддавайся жаданням і фантазіям партнёра. Праслаўляй яго сілу, мацуй яго ўпэўненасць у сабе.  І самае важнае: не страць сваёй годнасці, аддаючыся!

Вікуля расказвала, нібыта спявала цудоўную песню. Так здавалася Тані. І музыка гучала наўкола. На пругкіх струнах свавольнік-вецер дзівосную музыку распачаў.

-- Як цікава! – у захапленні ўсклікнула Таня.

-- Давай!... – звонкім рэхам данёсся да студэнткі голас Вікулі.

-- Распранемся па камандзе адзін, два, тры? – зноў адгукнулася Таня. О блізкае, недасяжнае шчасце быць з прыродай заадно, аддацца прыродзе як незвычайнаму спакусніку!

Вікуля спынілася, быццам затармазіла. Яе зеленаватыя вочы загарэліся драпежным агнём, як загараюцца ўначы ў кошкі.

-- Давай павыем!

Таня таксама спынілася і адкінула пасму рыжых валасоў, якія ўпалі на твар, затулілі  рот.

-- Як?

-- Як галодныя ваўчыцы выюць! – Вікуля задрала галаву і зарагатала, выгінаючыся, нібыта паўзучая змяя.

-- Ага! – узрадавалася Таня. Вось яно, тое незвычайнае, чаго так доўга чакала. Збываецца!

Студэнтка і жонка бізнесмена абняліся і завылі па-воўчы. Калі б раптам цяпер хто-небудзь прапанаваў ім перакінуцца ў ваўчыц, перакінуліся б, не пабаяліся б. Ноччу рыскалі б па лесе, а раніцай качаліся б па халоднай расе.

-- Вось жыццё!.. – прамовіла Вікуля.

-- Прачнуўся і за выццё! – са смехам падхапіла Таня.

Вікуля наструнілася, прыслухоўваючыся.

-- Нашы чморыкі ідуць. Давай…

-- Напалохаем? – загарэлася Таня. Ёй вельмі хацелася цяпер паглядзець на перапалоханыя твары Юрыя і Пятра.

-- Уцячэм.

-- Няхай пашукаюць?

-- Няхай пашукаюць, -- сказала Вікуля. “Няхай, няхай, няхай!.. Не ўсё кату масленіца!” – быццам малаточкам, застукала ў яе галаве.

-- Ха! – гукнула Таня і, высока паднімаючы стройныя ногі, панеслася напрасткі, не выбіраючы дарогі. Туды, да жаданай мэты, далей ад тлуму і непаразумення.

-- Ха! -- адгукнулася Вікуля і пабегла ўслед за сваёй малодшай сяброўкай.

 

Здагадка Пятра

 

Вікуля не памылілася. І праўда, неўзабаве на палянцы паказаліся Юрый і Пятро.

-- Што ж тут адбываецца? – не ўбачыўшы каля бярозы Вікулю і Таню, ці не ўпершыню разгубіўся Юрый.

-- У-у-у-у… У-у-у-у… -- схаваўшыся ў кустах, гучна завылі Вікуля і Таня.

Пятро хацеў перахрысціцца, але не змог падняць руку. Цяжкая, нібыта волава, стала яна ў яго.

-- Нашы грамадзяначкі перакінуліся ў ваўчыц! – са страхам прамовіў ён.

-- Лажа, -- не паверыў Юрый.

-- Хто ляжа? – недачуў Пятро.

-- Галоднай куме!.. – крыкнуў бізнесмен і пабег, кіруючыся туды, адкуль нядаўна пачулася выццё.

-- Не люба – не слухай, а ілгаць не перашкаджай, -- буркнуў электрык рынка і сеў на лаўку. “Можа, уцячы мне, у міліцыю пайсці і заявіць? Але ж не павераць, калі пачуюць пра Пана. На смех паднімуць”, -- падумаў ён.

 

З Панам заадно

 

У глыбіні лесу пачуўся стрэл.

“Вось і распачаліся ваенныя дзеянні. На вайне як на вайне. Пара дэзерціраваць”, – падумаў Пятро і ўстаў з лаўкі. Але ён не паспеў уцячы. На паляне з пісталетам у руцэ паказаўся Юрый.

-- У нас што – ваенныя зборы? – само сабою вырвалася ў Пятра.

Юрый прыўзняў пісталет і накіраваў яго на электрыка рынка.

-- Не з былых, ей-Богу! – закрычаў Пятро. Ён адчуў, як нейкая гарачая хваля нахлынула ў грудзі, дабралася да жывата.

Бізнесмен патрос пісталетам і паведаміў:

-- Мой!

-- А-а, згублены! – нарэшце дайшло да Пятра. Ён перавёў дыханне і пагладзіў сябе па жываце.

-- Украдзены, -- удакладніў бізнесмен.

-- Кім?

Юрый паціснуў плячыма.

-- Нехта страляў у мяне.

-- Прамахнуўся! – са шкадаваннем прагаварыў Пятро.

-- Выстраліў і кінуў, -- зноў патрос пісталетам Юрый. – А я падабраў. Дайшло?

Пятро кіўнуў галавою.

-- Дайшло, Хмурык.

-- Слухай, спецназавец! – скрыпнуў зубамі бізнесмен. – Болей не называй мяне Хмурыкам. Усёк?

Электрык рынка прыязна ўсміхнуўся.

-- З гульні выходзіце, Юрый Іванавіч?

Юрый засоп носам-бульбінай, зняў з сябе залатыя ўпрыгожанні, паклаў іх на столік і сказаў:

-- Трэба ісці сваім шляхам, спецназавец. Юрый Іванавіч павінен быць Юрыем Іванавічам.

Пятро паглядзеў на залатыя ўпрыгожанні і каўтнуў слінкі.

-- Зязюлі дастануцца! Сямейны падрад, так сказаць… Юрый Іванавіч, можа, вы не бізнесмены, а звычайныя ж..?

Юрый зноў прыўзняў пісталет і наставіў яго на Пятра.

-- Засох, засох!.. – замахаў рукамі Пятро. “Зноў я ляпнуў не падумаўшы. Мой язык, здараецца, мае думкі апярэджвае”, -- пранеслася ў яго галаве.

Юрый апусціў пісталет.

-- Я цяпер не той, які быў раней, пару гадоў назад. У мяне цяпер іншы статус, стратэг. Мне трэба сядзець…

-- Даўно пара, Х… -- сказаў Пятро і адкрыў рот, з жахам гледзячы на Юрыя.

Юрый нахмурыўся, але прагаварыў памяркоўна:

-- У прэзідыумах, стратэг. Паганяла для лахоў.

Пятро з паклонам нахіліў галаву, каб паказаць бізнесмену, што вельмі паважае яго, што гатовы кінуцца і ў агонь і ў ваду. Няхай толькі загадае той.

-- А я ведаю, хто нядаўна страляў у вас, Юрый Іванавіч.

-- Хто?

Пятро заспяваў, прытанцоўваючы, бы на вяселлі:

                                                                  Ах, ты дуй, ах, ты дуй,

                                                                  Мая міла, не бядуй.

                                                                  Астанецца ўсё табе,

                                                                  І сарочка з мяне.

 

                                                                  Ах, ты дуй, ах, ты дуй,

                                                                  Мая міла не бядуй.

                                                                  І хамут, і дуга,

                                                                  І я табе не слуга.

 

                                                                 Ах, ты дуй, ах, ты дуй,

                                                                 Мая міла, не бядуй.

                                                                 Не бядуй, не бядуй,

                                                                 Мая міла, не бядуй.

                                                                                 З народнага.

Ён не адразу выдасць сваю тайну Юрыю. Няхай крыху пагадае, памучыцца ён. Прывык, каб падносілі як на талерачцы.

-- Вікуля? – прыўзняўшы пісталет, выказаў здагадку Юрый.

-- Падстава! – выпаліў Пятро.

Юрый апусціў пісталет і з недаверам паглядзеў на Пятра.

-- Ей-Богу! – стукнуў сабе кулаком у грудзі электрык. – Калі стаяў прывязаны каля бярозы, яны прыйшлі і на маіх вачах сталі заляцацца. Думалі, што беспрытомны я.

-- Ты пазнаў Таню? – запытаўся Юрый.

-- Як жа я яе пазнаю, калі яна была ў накідцы?! – шчыра здзівіўся Пятро.

Юрый хмыкнуў.

“Ён не верыць мне, лічыць, што баечкі баю”, -- здагадаўся электрык рынка і паказаў на гарбату, што стаяла на блакітным століку.

-- Чыя гарбата?.. Таніна! А Таня, тая, што была ў накідцы, Пану пахвалілася, што ў гарбату дабавіла дурман-зелля, каб адключыліся вы. Вы кімарыце, а яны тым часам на поўную качолку заляцаюцца.

Юрый сцяў губы, задумаўся.

-- Таня прасіла Пана, каб затаптаў вас, -- ціха прагаварыў Пятро. Здаецца, усё выклаў бізнесмену. Цяпер спакойна на свет можна глядзець. Няхай на сябе наракае студэнтачка. Папярэдзіў яе, што будуць праблемы.

Бізнесмен уздыхнуў і ў задуменні паківаў галавою.

-- Наш Пятрук не цецярук! – пахваліўся Пятро.

-- Засохні! – выдыхнуў Юрый.

Пятро з паклонам нахіліў галаву і сказаў:

-- Яна зараз з’явіцца. Каб сваю сваю чорную справу да канца давесці. Пабачыце!

 

Дуэль

 

Пятро памыліўся. На паляне з’явілася Вікуля.

-- Знайшоўся? – паказаўшы на пісталет, звярнулася яна да Юрыя.

-- Хтосьці выстраліў у мяне і кінуў, -- праўду сказаў Юрый. На Вікулю ён не злаваў. Хоць і вырашыў пакінуць яе, але захаваў у душы нейкае пачуццё, цеплілася яно, як цепліцца касцёр, які дагарае. Дзесяць гадоў з хвосцікам пражылі яны разам. Хоць і спатыкаліся не раз і не два, але стараліся крочыць нага ў нагу. Дый жаночай шчодрасцю сагравала яго Вікуля.

-- Выстраліла ружжо! – сказала Вікуля і ўздыхнула. “Усё-ткі далі знаць аб сабе тыя непаразуменні, тое прыхаванае азлабленне і недавер’е, што накаплялася ў нас гадамі, нібы цяжкі груз. Выстраліла, каб развесці ў розныя бакі”, -- з горкасцю падумала яна.

-- Выстраліла, але міма! – разачаравана прамовіў Пятро.

-- І ты здаўся? – зірнуўшы на залатыя рэчы, што ляжалі на століку, запыталася ў Юрыя Вікуля.

-- Радуйся! Ты перамагла, -- заўважыў Юрый.

“Мала ў нас радасці. Вельмі мала. У змроку жывём, прызвычаіліся”, -- падумала кабета. Яна ўзяла са століка залатыя рэчы, кінула іх у сумачку і прагаварыла:

-- Фігня гэта!

-- Каб мне такую фігню! – ціха прашаптаў Пятро і скрывіўся, як перад плачам. Была ў яго мара і прапала, не стала яе, паляцела, як казачная Жар-птушка.

Вікуля ўважліва паглядзела на Юрыя, потым перавяла позірк на Пятра і зазначыла:

-- І гэтая гульня фігня.

-- Магчыма, -- паціснуў плячыма бізнесмен. Ён адчуваў, што іх гульня яшчэ не скончылася, што самае цікавае яшчэ наперадзе.

А Пятро памацаў на галаве гуз і сказаў з крыўдаю:

-- Добрая фігня!

-- І наша жыццё з табою фігня? – пацікавілася ў Юрыя Вікуля. Ёй хацелася, каб ён сказаў штосьці добрае. “Я ж не такая кепская. Я як усе”, -- прабегла ў яе ў галаве.

-- След застанецца, -- адказаў Юрый. Ён яшчэ не ведаў, якім будзе гэты след, якія ўспаміны прынясе праз гады.

-- Сляды бываюць і на расе, да сонца застаюцца, -- адказала Вікуля.

Юрый мусіў пагадзіцца.

-- Бываюць!

Вікуля села на лаўку, закінула нагу за нагу і неспадзявана заявіла:

-- А я ведаю, хто ў цябе страляў.

-- І я ведаю! – не сцярпеў Пятро.

-- Засохні! – тупнуў нагою Юрый.

Пятро сагнуўся кульбаю. Зноў ён не дагадзіў. А так хацелася!

Вікуля кіўнула галавою, паказаўшы на Пятра.

-- Ён страляў.

-- Я ў Юрыя Іванавіча? – сваім вушам не паверыў электрык. Такога нахабства ад Вікулі ён не чакаў.

-- Пазайздросціў табе. Яшчэ той жук, -- сказала маладзіца.

Пятро выпраміўся і, быццам жабрак,  працягнуў рукі да бізнесмена.

-- Ей-Богу не страляў! Каб нашым ліхадзеям тое стала, што нам думаюць!.. Юрый Іванавіч!..

Бізнесмен перакінуў з рукі ў руку пісталет, быццам гуляючы ім.

У Пятра закружылася галава, перасохла ў роце. Яму захацелася выняць з-за пазухі жаданую пляшку, але ён не стаў гэтага рабіць, узяў сябе ў рукі. Яму трэба было ратавацца, даказаць, што невінаваты.

-- Юрый Іванавіч, я ж вам талкаваў, што…

Юрый не даў выказацца да канца.

-- Будзем страляцца! – рэзка прагаварыў.

-- Дуэль? – здзівіўся Пятро. Яму здалося, што ён маленькі безабаронны гномік, якога цяпер кожны можа пакрыўдзіць.

Бізнесмен патрос пісталетам і ўхмыльнуўся.

-- Дуэль!

Пятро тыцнуў пальцам, паказаўшы на пісталет.

-- З аднаго будзем страляцца?

Юрый падняў кій, які ляжаў каля бярозы.

-- Паканаемся.

Пятро заморгаў вачыма. Ён разумеў, што адбываецца нешта жахлівае.

-- Лаві! – ухмыльнуўся бізнесмен і кінуў кій Пятру.

А той не стаў яго лавіць, адбегся і сказаў:

-- Лепей злавіць змяю… спячую!

Юрый нагою падкінуў кій пад ногі электрыка і папярэдзіў:

-- Выстралю, калі не возьмеш. Адно з двух выбірай.

-- Выгароджваеце яе, Юрый Іванавіч! -- узяўшы кій, папракнуў Пятро. “Закахаўся ты ў студэнтачку, не спадабалася табе, што на яе нагаворваю”, -- падумалася яму.

-- Заступаюся, -- прамовіў бізнесмен і ўзяўся рукою вышэй рукі Пятра.

-- Жыццём рызыкуеце, -- прагаварыў Пятро і пачаў канацца: узяўся рукою за кій вышэй рукі Юрыя. Ён яшчэ спадзяваўся, што бізнесмен адумаецца і адменіць гэтую недарэчную дуэль.

-- Хто не рызыкуе, той не шамаціць грашыма, -- краечкамі вуснаў усміхнуўся Юрый і ўзяўся рукою вышэй рукі Пятра. Ён прывык рызыкаваць, не раз і не два быў у самых складаных сітуацыях, з якіх заўжды выходзіў, як лічыў сам, з гонарам.

-- За бабу! – з крыўдаю прагаварыў электрык рынка і ўзяўся рукою за кій вышэй рукі Юрыя.

-- За жаночую ласку, за новы статус,-- удакладніў Юрый і ўзяўся рукою за кій вышэй рукі Пятра. Так, ён заступаўся за Таню, ён не паверыў Пятру, калі той заявіў, што гэта яна страляла ў яго. Яму хацелася, каб студэнтка ўніверсітэта пабачыла, што ў любую хвіліну гатовы заступіцца за яе, як некалі, бывала, заступаўся і за Вікулю.

-- Што скажуць мае дзве палавіначкі, пажыўшы без маёй ласкі!? – узяўшыся рукою вышэй рукі Юрыя на самым канцы кія, паспагадаў сам сабе электрык рынка.

Бізнесмен працягнуў Пятру пісталет.

-- Пашанцавала тваім палавіначкам, спецназавец. Першы будзеш страляць.

-- Можа, не будзем? Пасабачыліся і хопіць? – стаў прасіцца Пятро. Яму хацелася заплакаць, слязьмі разжаліць Юрыя, але слёзы дзесьці прапалі, высахлі, няйначай.

-- Паважай сябе, -- пачуў ён у адказ.

-- Юра! – з болем усклікнула Вікуля.

Пятро з надзеяй паглядзеў на Вікулю. Магчыма, яна спыніць дуэль, утаймуе гэтага  крымінальнага бізнесмена, падобнага на бяздушнага робата.

Юрый паднёс пісталет да самага носа электрыка рынка.

-- Я сказаў!

“Зараз ён націсне на курок, і тады мне будзе хана”, -- падумаў Пятро. Ён узяў пісталет, пакруціў яго ў руках, нібыта прыгожую цацку, і паскардзіўся:

-- Усю ноч блохі сніліся! Кулі-блохі!

Юрый адышоўся на край палянкі і скамандаваў Пятру:

-- Страляй!

“Калі не пацэлю, то потым ён у мяне пацэліць, не прамахнецца. У яго не здрыганецца рука”, -- разважыў Пятро і прагаварыў, стараючыся адцягнуць гэтае страшнае імгненне:

-- Калі я вучыўся на першым курсе ў ветэрынарным інстытуце…

-- Без базару! Лічу да трох! – гукнуў Юрый. Ён стаяў, шырока расставіўшы ногі, і глядзеў перад сабою.

-- А што? Хіба мая сука не сабака? Хвастом не віляе? – нібыта пацук, якому знянацку прышчамілі хвост, піскнуў Пятро і, старанна прыцэліўшыся, выстраліў у Юрыя.

Прагучаў стрэл, пацягнула спаленым порахам.

Як і раней, Юрый стаяў на краі палянкі, шырока расставіўшы ногі.

-- Выстраліў і… прамахнуўся! – зноў піскнуў Пятро і заспяваў:

Чабарок, чабарок

                                                                  Ды каля дарожкі,

                                                                  Харошанькі мой міленькі,

                                                                  Ды крывыя ножкі.

                                                                  Ох, ох, ды крывыя ножкі!

                                                                           З народнага.

Да Пятра наблізілася Вікуля.

-- Мазіла! – з пагардай сказала яна і выхапіла з яго рукі пісталет.

-- Не ў тым сіла, што кабыла сіва, а ў тым, што воза не цягне, -- ціха, як хворы, сказаў Пятро.

Шырока ступаючы, Вікуля падышла да мужа і працягнула яму пісталет.

Пятро дакрануўся да пляшкі на грудзях і прамовіў з горкасцю:

-- Трэба было міравую выпіць! Чаму не прапанаваў?

-- Чаму? – павярнуўшыся да Пятра, паўтарыла Вікуля.

-- А хіба не шкада? – усклікнуў Пятро.

З глыбіні лесу данёсся адчайны жаночы крык.

-- Здаецца, Таня крычала! – нахмурыўся Юрый.

-- Яна! Яна! Ей-Богу! – з надзеяю закрычаў электрык рынка. “Бяжы, хутчэй бяжы, шукай яе!” – ледзь не крыкнуў ён бізнесмену.

Юрый запытальна паглядзеў на Вікулю.

-- Таня?

-- Думаю, што Таня, -- не паварочваючы галавы, адказала Вікуля.

Пятро не стрываў:

-- Юрый Іванавіч, трэба ратаваць яе. Прападзе дзяўчына.

Няўжо не прыслухаецца да яго парады адчайны бізнесмен? Няўжо не пабяжыць ратаваць сваё каханне? Можа, зараз стрэліць у лабаціну і панясецца? Не, толькі не гэта, толькі не гэта!..

-- Стрэл за мною, спецназавец, -- нарэшце паведаміў Юрый.

Пятро ў паклоне нахіліў галаву.

-- Адкладваеце на потым?

-- Адкладзены стрэл. Так назавём яго, -- прагаварыў бізнесмен і пакрочыў у глыб лесу.

 

“Рот на замку трымай”

 

-- Калі не гара, то немалая горачка з плячэй звалілася, -- пачухаўшы патыліцу, сказаў Пятро.

-- Добра жыць на свеце, Пятро Савельевіч? – усміхнулася Вікуля. Яна, здавалася, вось-вось падыдзе да Пятра і абніме яго як роднага.

Пятро глыбока, на поўныя грудзі, удыхнуў смалістае паветра.

-- Хочацца доўга дыхаць, Вікуля Паўлаўна.

-- Добра сказана! – пахваліла электрыка кабета.

-- Прыгажосць, талент прыроды. Цалаваць хочацца! – дакрануўшыся да лісточкаў бярозы, расчуліўся Пятро. “А раней я не заўважаў гэтай прыгажосці, абыякава праходзіў міма”, -- падумалася яму.

-- Нядоўга табе засталося цалавацца і любавацца, -- напомніла пра адкладзены стрэл Вікуля.

Пятро ўздрыгнуў.

Як на малога, Вікуля патрэсла пальцам на Пятра.

-- Застрэліць цябе Юрый Іванавіч як піць даць.

Пятро пакруціў галавою. Не, ён не дасца, каб Юрый яго застрэліў. Ён выратуецца, выкруціцца, ён слізкі, як вуж.

Вікуля прыязна ўсміхнулася. Калі б хто-небудзь збоку паглядзеў на яе, то вырашыў бы, што яна ад чыстага сэрца хоча дапамагчы няшчаснаму электрыку рынка.

-- Юрый Іванавіч у ціры дзявяткі і дзясяткі выбівае.

-- З вінтоўкі? – запытаўся Пятро.

-- І з вінтоўкі, і з пісталета.

-- А я дамоў уцяку. Зараз праспяваю частушку і памахаю залатою ручкаю, -- сказаў Пятро і заспяваў:

Там, дзе сад-вінаград,

                                                      Расце рута-мята.

                                                      Туды сэрца рвецца,

                                                      Дзе мілага хата.

Вікуля заўсміхалася.

Падахвочаны яе ўсмешкаю, Пятро яшчэ званчэй зацягнуў:

                                                     У агародзе на градзе

                                                     Тры калівы мяты.

                                                     А хто дзеўку пацалуе,

                                                     Той будзе багаты.

                                                               З народнага.

-- Яшчэ, -- сказала Вікуля.

                                                   У агародзе на градзе –

                                                   Тры калівы бобу.

                                                   А хто дзеўку пацалуе,

                                                   Дастане хваробу, --

                                                               З народнага.

праспяваў Пятро і запытальна паглядзеў на Вікулю. Ён ведаў шмат прыпевак, яшчэ доўга мог бы спяваць.

-- Юрый Іванавіч цябе і дома знойдзе, -- паслухаўшы апошнюю прыпеўку Пятра, заўважыла Вікуля.

-- Абабралі як ліпку. А цяпер хочаце дабіць, каб замаўчаў? – абурыўся электрык. Самым  няшчасным на свеце, апошнім жабраком  адчуваў ён сябе.

Вікуля прайшлася па паляне, палюбавалася на прыроду і прагаварыла з дакорам:

-- Сам улез у нерат, Пятро Савельевіч.

Пятро адчуў, як дранцвеюць рукі, ногі. Так часта з ім бывала, калі адольваў страх. Як безагаворачны пераможца, ён крочыў вакол яго, Пятра, не адпускаў ні на хвіліну. Усім сваім нутром  Пятро адчуваў яго прысутнасць.

-- Вікуля Паўлаўна, можа, мне месца жыхарства памяняць?

Быццам на блазана, паглядзела Вікуля на Пятра.

-- Памяняеш, калі на могілкі прывязуць.

-- Хіба можна так жартаваць, Вікуля Паўлаўна? – пацепнуўшы плячыма, усклікнуў электрык рынка.

-- Юрый Іванаваіч цябе і на дне мора знойдзе, -- прагучала ў адказ.

“Знойдзе… За грошы ўдадуць… Няхай яго конікі брыкаюць!.. Трасца ён, а не чалавек”, -- падумаў электрык.

-- Пятро Савельевіч, ён за Таню заступіўся? – перапыніла думкі электрыка Вікуля. Яна здагадалася, што дзеля гэтай студэнткі яе муж распачаў небяспечную дуэль. Але ёй хацелася ведаць, што скажа Пятро, ёй трэба было ўпэўніцца ў сваёй здагадцы.

-- За яе!.. Трасца!.. – з нянавісцю сказаў Пятро. “Дзе два, там трэці лішні. Лішнім я аказаўся”, -- так разважыў ён.

-- Гадзюка! – прамовіла Вікуля. У яе было такое адчуванне, што гэтая студэнтка ў гразь яе кінула, а ўжо ляжачую Юрый утаптаў.

-- Хамелеонша! – выкрыкнуў Пятро. – Тут нядаўна з Панам мілавалася.

-- Ну-ну-ну! – падахвоціла Пятра да размовы кабета.

А Пятро рады старацца, разышоўся  Пятро.

-- Сама прыбегла, як апошняя… Э-э, як такіх даўней у Грэцыі называлі?

-- Гетэра, -- падказала Вікуля і задаволена ўсміхнулася. Крыху пасвятлела ў яе на душы.

-- У накідачцы гетэра, каб не пазналі… Хітрая!.. А вы на мяне, так сказаць, звалілі. Быццам я страляў, --  ажывіўся Пятро. Здаецца, зразумела яго Вікуля, знайшлі яны агульную мову. Магчыма, і пафліртаваць з  ёю ўдасца. Таню яна яму заменіць. Нездарма з’ездзіў у санаторый. Будзе чым пахваліцца, калі вернецца дамоў.

-- З былых вы. Таму і западозрыла вас, -- растлумачыла жонка бізнесмена.

“Паўгода пабыў у міліцыі, а на ўсё жыццё запляміўся. Цяпер крымінальнікаў за вярсту трэба абыходзіць”, -- падумаў Пятро і сказаў:

-- Там каля сабак хадзіў, Вікуля Паўлаўна, мяско ім падносіў. З-за гэтага мяска і пайшоў адтуль, так сказаць, пацярпеў.

Вікуля дастала з сумачкі залаты ланцужок і залатую пячатку Пятра і паклала іх на далоньку.

-- Застрэль Таню, Панаву гетэру.

-- З гэтага? – паказаўшы фігу, ухмыльнуўся Пятро. Ён вырашыў, што жонка бізнесмена разыгрывае яго, пацяшаецца ад няма чаго рабіць.

-- Дам пісталет, -- прагучала ў адказ.

“Яна, відаць, не жартуе. Тут я быццам знакаміты кілер, нарасхват. Спачатку тая Паненка ў накідцы прапаноўвала застрэліць Пана, цяпер гэтая хоча, каб з  Таняй расправіўся”, -- разважыў Пятро і рукою пацягнуўся да залатых упрыгожанняў.

-- А гэта?..

-- Гэта тлусценькі навар, Пятро Савельевіч, -- сказала Вікуля і заціснула залатыя ўпрыгожанні ў кулачку.

“Маім жа  золатам са мною хоча расплаціцца! Якая нахабная!” – прабегла ў Пятра ў галаве.

-- Маім кіём ды па маім жа месцы!.. Бывалыя! – вырвалася ў яго.

Вікуля ўсміхнулася.

-- Канешне!

-- Застрэліў бы гетэру, калі б Юрыя Іванавіча тут не было, -- як асуджаны на муку, прамовіў Пятро.

Вікуля дастала з сумачкі залаты ланцужок і залатыя завушніцы Тані, і расшчаміўшы далоньку, паклала іх побач з залатымі ўпрыгожаннямі Пятра.

-- І Юрыя Іванавіча застрэліш.

Пятру стала цяжка дыхаць. Ён рвануў кашулю на горле. Убок паляцеў блішчасты гузік.

-- Вашага?..

-- Ён з Таняй хоча сысціся. На свежанінку яго пацягнула, -- растлумачыла Вікуля.

-- Вось дзе сабака зарыты! – паківаў галавою Пятро. Звужваецца дарожка. Ілбом упёрся ён у высокую бетонную сцяну. Няма назад дарогі, прапала, правалілася яна, утварыўшы бездань, у якую вось-вось паляціш.

-- На рынку за дзень гэтулькі не заробіш, -- працягнуўшы Пятру залатыя ўпрыгожанні, заўважыла Вікуля.

-- А вы самі паспрабуйце, -- прапанаваў Пятро і дадаў скорагаворкай: -- Ні аднаму духу ні-ні!..

Вікуля нахмурылася.

-- Каб было надзейней, за маўчанне гэтым заплаціце, -- паказаўшы на золата, кіўнуў галавою Пятро. А затым гучна зарагатаў: – І ваўкі будуць сытыя, і козы цэлыя!

-- Ты ж ужо страляў у яго, -- напомніла Вікуля.

Пятро колам выгнуў грудзі.

-- На дуэлі, як рыцар!

-- Ты і ў Пана пабаяўся страляць! – з пагардаю прагаварыла Вікуля і кінула залатыя ўпрыгожанні ў сумачку.

-- Дык гэта вы былі з Панам? – усклікнуў Пятро. Яму здалося, што ўжо правальваецца, ляціць у бездань, дзе рагатыя з віламі яго даўно чакаюць.

Вікуля з пагардаю глядзела на Пятра.

-- Як я раней не здагадаўся!? – Пятро ў адчаі стукнуў сабе па галаве і скрывіўся. У самы гузак пацэліў ён кулаком.

-- Пятрук цецярук! -- заначыла Вікуля. Быццам тлустую кропку паставіла яна.

-- Не вылічыў! – прашаптаў электрык рынка.

-- Не вылічыў! – паўтарыла кабета. Яна цешылася. Хоць і не атрымалася ў яе задуманае, але яшчэ раз убачыла, пераканалася, якія нікачэмныя могуць быць гэтыя мужчыны.

-- А чаму? Чаму Пан ваша золатца ў вас пазабіраў? Напэўна, па ўзаемнай дамоўленасці? – запытаўся Пятро. Ён хацеў разабрацца, зразумець гэтую незразумелую жаночую душу. “Можа, і мае дзве палавіначкі, пакуль тут  мучуся, цярплю, які-небудзь нядобры сюрпрызік рыхтуюць для мяне?” – прабегла ў яго галаве.

-- Я падгаварыла Пана, навучыла. Ведала, што Юрый Іванавіч заступіцца. Ён не любіць, калі крыўдзяць яго акружэнне, Пятро Савельевіч! – прамовіла Вікуля.

-- Вы хацелі, каб яны пазабіваліся, як неразумныя пеўні? – усклікнуў электрык.

Вікуля лагодна ўсміхнулася.

-- Але ж вы потым ратавалі Юрыя Іванавіча, як ваўчыца, у адчаі завылі! – успомніў электрык рынка.

-- Не спадзявалася, што ачнецца. Пракол! – развяла рукамі Вікуля.

-- Бывае, Вікуля Паўлаўна! – пагадзіўся Пятро. Ён нарэшце зразумеў гэтую жанчыну. Кожны можа памыліцца, у кожнага можа быць пракол, асабліва калі дарога доўгая, няроўная. Ён таксама памыліўся. У яго таксама пракол.

-- Потым пісталет падабрала і непрыкметна пад куст кінула, -- пахвалілася Вікуля. -- А вы абшукаліся!

Электрык рынка ўгнуў галаву ў плечы. Яе, Вікулі, верх. Цяпер ёй можна і паздзекавацца. Пераможцаў не судзяць, як гаворыцца.

-- Рот на замку трымай! – нечакана са злосцю прамовіла Вікуля. – Усё роўна табе тут ніхто не паверыць. Ты тут як дурань.

-- Трасца! – ціха агрызнуўся Пятро. Ён ніколі не лічыў сябе дурнем.

Вочы ў Вікулі звузіліся, сталі калючыя, як у Юрыя.

-- Чаму вы на дуэлі не ўдушыліся?

Пятро моцна сцяў губы. Яму не хацелася даводзіць Вікулю да шаленства.

-- А можа, я пажартавала? – раптам сказала Вікуля і гарэзліва, быццам перад каханым, засмяялася. – Рассмяшылася!

Пятро з недаўменнем паглядзеў на Вікулю.

-- Не стрыжы аслінымі вушамі і не напружвай вузенькія звілінкі. Неўзабаве ўся праўда сама наверх выплыве, -- перастаўшы смяяцца, прагаварыла Вікуля.

“Яна ўжо выплыла і, быццам бруд, перад намі плавае”, -- падумалася электрыку рынка.

-- Пятро Савельевіч, магчыма, і дзве твае палавінкі за чырвоненькі носік цябе водзяць… Бабы з хітрыкай! -- падпусціла шпільку жонка бізнесмена. Яна вырашыла дабіць Пятра, апусціць, каб маўчаў, не азываўся.

-- Чортава насенне! – са злосцю выпаліў Пятро.

 

Маці-камандзірша

 

Праз некалькі хвілін на палянцы з’явіліся Юрый і Таня. Твар у Тані быў абдзёрты, у свежых крывавых пісягах.

-- Што здарылася з табою, Танечка? – адразу ж кінулася да студэнткі Вікуля.

-- Праз лес бегла, а там кар’ер з вострымі каменьмі… Калі б не Пан!.. – сказала Таня. Голас у яе задрыжаў. Яна затуліла твар рукамі.

Вікуля абняла дзяўчыну за плечы.

-- Зноў Пан?

-- Таня вісела над абрывам, за бярозку ўхапіўшыся, -- падаў голас Юрый. Твар у яго быў расчырванелы.

-- А Пан выцягнуў мяне і пабег. -- Таня адняла рукі ад твару і паглядзела на бярозу, якая нерухома, як вартавая, стаяла на паляне.

Пятро стаў зашпільваць кашулю на грудзях. Рукі ў яго дрыжалі.

-- Містыка!

-- Яшчэ якая містыка! – пагадзілася Таня.

-- Дык хто з нас быў з Панам? Я ці Падстава? – звярнулася да Пятра Вікуля. Яна не стала чакаць, пакуль ён пачне расказваць Юрыю пра Пана і Паненку, не дала яму нацешыцца.

-- Паіў ты каня? – Паіў. – А што ж у яго морда сухая? – Бо вады не дастаў, -- сказаў электрык рынка і стукнуў сабе па галаве. – Не дастае розуму!

“Не лезь, жаба, туды, дзе коней куюць”, -- зазначыла пра сябе Вікуля і папрасіла бізнесмена-мужа:

-- Юра, падары мне свой стрэл.

Юрый торкнуў рукою, паказаўшы на Пятра.

-- Дастаў?

-- Не тое слова! -- паскардзілася маладзіца.

Пятро адкрыў рот. Гэткага павароту ён не чакаў.

-- А выстраліш? – пацікавіўся Юрый.

Вікуля гучна шчоўкнула пальцамі.

-- Эмоцыі перапаўняюць, Юра. Трэба ж выплюхнуць іх.

Бізнесмен дастаў з кішэні пісталет і працягнуў яго жонцы.

-- Мой апошні падарунак. Больш не прасі.

Пятро зразумеў, што трэба ратавацца, пакуль не позна.

-- Ветэрынар такі неабходны падарунак? Не можаце абысціся без гэтага нікчэмнага падарунка?

-- Так выходзіць, шаноўны, -- узяўшы ў Юрыя пісталет, крыва ўсміхнулася Вікуля.

Пятро падскочыў да Тані, затым – да Юрыя.

-- Яна потым і вас застрэліць! Не даходзіць?

Юрый адштурхнуў Пятра.

-- Засохні!

Вікуля адступіла і ўзняла пісталет.

-- Павер яму, Юра. Ён хоць прамы, як прамень, але разумнейшы і за цябе, і за тваю выбранніцу-фіфачку Танечку.

-- Што за прыкол, Вікуля? – нахмурыўся Юрый.

-- Слухайце! Слухайце ўсе! Я прыдумала сённяшнюю гульню! – як дыктар па радыё, аб’явіла Вікуля. Настаў яе зорны час. Хопіць ёй быць непрыкметнай мышкай з востранькімі зубкамі.

-- А мне здавалася, што я прыдумаў гульню! – усклікнуў Пятро. “Апярэдзіла мяне дамачка. Непрыкметна прайшла ў дамачкі”, -- падумалася яму.

-- Памятаеш, як тры дні хадзіла і скардзілася, што сумна мне? – звярнулася да мужа Вікуля.

Юрый прамаўчаў. Яму трэба было выслухаць жоначку, а ўжо потым прыняць рашэнне.

-- Памятаеш? – перайшла на крык Вікуля. – А ты спачатку Аратара ўгаварыў. Ён адразу клюнуў, паспадзяваўся, што халява будзе. Потым Падставу. Як ля курачкі, сакатаў! Вы з першага дня фліртавалі. Памятаеце?

-- Няпраўда, -- азвалася Таня. -- Мне было не да гэтага. Мне хутка экзамены трэба здаваць. Да экзаменаў рыхтавалася.

-- Не аднеквайся, -- прагаварыла Вікуля. – Я цябе не асуджаю. Куля асудзіць.

-- Яны фліртавалі. А я пры чым? Я, так сказаць, трэці лішні, -- падаў галасок Пятро і адступіў ад Юрыя і Тані. Няхай страляе ў іх разгневаная бізнесменша. Яму іх не шкада. Свая шкура даражэй.

-- Стаяць! – загадала Пятру Вікуля. – Тут я маці-камандзірша.

Пятро спыніўся і цяжка ўздыхнуў.

-- Хачу – памілую, хачу – пакараю, -- пахвалілася кабета. Вялікую сілу адчула яна – сілу ўлады над людзьмі, якія стаялі перад ёю як бездапаможныя.

-- Ты прыдумала гэтую гульню, каб, каб… -- пачаў Юрый.

-- Каб цябе знішчыць… Ведала, што выпхнеш без капейчыны! – з пагардаю прамовіла Вікуля. – Стрэл падараваў!.. На развітанне!

-- Залаты стрэл! – усклікнуў Пятро.

Вікуля з недаўменнем паглядзела на Пятра.

-- Адным стрэлам увесь капітал да рук можна прыбраць, -- растлумачыў Вікулі электрык рынка.

Маладзіца ўважліва паглядзела на сваіх палоннікаў.

-- Адным, відаць, не абыдуся… Думала, што рукамі Пана распраўлюся… А ён узяў і па самыя вушы ўцюрыўся ў мяне!

-- Гэты ўрод быў тваім любоўнікам! – успыхнуў Юрый. Ці не ўпершыню штосьці падобнае на рэўнасць, на прыніжэнне адчуў ён. “Божа! Чаму ты так моцна пакараў мяне?” – на ўвесь лес хацелася крыкнуць яму.

-- Кілера з яго не зробіш, не. Яму толькі песні спяваць. Дзіця прыроды! Каханнем жыве, -- разважаючы, прагаварыла Вікуля. Яна скардзілася сама сабе, бо ведала, што ніхто яе тут не пачуе, не зразумее.

“Якая ганьба! Якая незмываемая пляма лягла на мяне!” – падумаў Юрый. Быццам у густым тумане, стаяў ён, анічога прад сабою не бачыў. Яму здалося, што страціў зрок на хвілінку.

-- А гэты, -- зірнуўшы на Пятра, сказала Вікуля, -- спалохаўся… Самой прыйдзецца…  На кану мільёны.

-- Драўляныя? – разявіў рот Пятро. І на гэты раз ён не стрымаўся.

-- Зялёныя, -- сказала Вікуля.

Электрык узяўся за галаву.

-- Ай-я-яй!..

-- Спраўлюся! – падбадзёрваючы сябе, прамовіла Вікуля і зірнула на Таню. -- Псіхалагічны трэнінг прайшла.

Юрый ступіў крок, хацеў наблізіцца да Вікулі. А яна імгненна зрэагавала, наставіла на яго пісталет.

-- Стаяць! Другі раз не прамахнуся.

Юрый спыніўся. Ён зразумеў, што не палохаць, а дзейнічаць прыйшла сюды яго жоначка.

-- Я… Я свайго дзіцёнка, сваю крывіначку з-за яго ў раддоме пакінула, -- прагаварыла Вікуля, гледзячы ўдалячынь. Здавалася, зялёнаму лугу, што распасціраўся за лесам, паскардзілася яна.

-- У вас ёсць дзіця? – падала голас Таня.

-- І ёсць, і няма… Пакінутае!.. – Вікуля кіўнула галавою, паказаўшы на Юрыя. – Ён прымусіў адмовіцца ад дзіцёнка.

Таня павярнулася да бізнесмена.

-- Гэта праўда, Юрый Іванавіч?

-- Дэфект у яго быў, -- азваўся Юрый. Толькі цяпер ён зразумеў, што моцна пакрыўдзіў Вікулю, калі пяць гадоў таму загадаў ёй пакінуць дзіця ў раддоме. “Яна тады пагадзілася са мною, але ўсе гэтыя пяць гадоў выношвала помсту ў душы, быццам у засадзе сядзела, чакала, каб знішчыць”, -- падумаў ён.

-- Дэфект? Ну і што? – вырвалася ў Тані.   

-- Яму патрэбна дзіця здаровае. Наследнік! – павольна, быццам узважваючы кожнае слова, прагаварыла Вікуля.

-- Гэ-та жах-лі-ва! – вырвалася ў Тані.

-- Ён не пытаўся ў цябе, ці не хварэла ў дзяцінстве? – пацікавілася ў студэнткі Вікуля.

Юрый сцяў кулакі. Здавалася, вось-вось кінецца на Вікулю як раз’юшаны бык, які ўбачыў чырвоную анучу.

-- Засохні!

Але Вікуля не спалохалася Юрыя. Яна ўзялася рукою за грудзі.

-- Дай выплюхнуць!

Юрый ціха вылаяўся і апусціў галаву.

-- Адарвалі ад дзіцяці, новую маму яму прывезлі, каб карміла, каб ласку дарыла, -- як і раней, гледзячы ўдалячынь, сказала маладая кабета. – А мяне  прывезлі ў фітнес-клуб, на гумавую дарожку трэнажора. Па гумавай дарожцы ад дзіцяці ўцякла. А ад горкіх думак не ўцячэш. Помню бяззубы роцік, ручкі маленькія помню. Іншы раз заплюшчу вочы, а яны цягнуцца да мяне…

-- У вас хлопчык ці дзяўчынка? – запыталася ў Вікулі Таня. Яна не адчувала ні страху, ні злосці, ні нянавісці. У душы спагадала гэтай няшчаснай жанчыне.

Вікуля прамаўчала.

Таня перавяла позірк на бізнесмена.

-- Хто, Юрый Іванавіч?

Юрый паціснуў плячыма. Ён сапраўды не ведаў, хлопчыка ці дзяўчынку нарадзіла Вікуля. Ён ужо забыўся пра дзіця, як іншы раз забываешся пра марна патрачаныя грошы.

-- Трасцы! – падаў голас Пятро.

Юрый лыпнуў на Пятра вачыма.

-- Засохні!

Электрык рынка махнуў рукою.

-- Не баюся вас… Я ўжо, так сказаць, адной нагой на краі стаю… Ваша баба зараз як пальне! Эмансіпіраваная!

-- Калі ад яго пазбаўлюся, -- зірнула на Юрыя Вікуля, -- сваё дзіцятка знайду і забяру. Даб’юся! Грошы самую тоўстую сцяну праб’юць, разбураць.

-- Кінь. Прашу! Разам дзіця знойдзем! – звярнуўся да Вікулі Юрый. Ён спадзяваўся, што яна паслухаецца яго, як і тады, калі папрасіў не браць з раддому немаўля.

Але Вікуля не паслухалася.  Яна падняла правую руку і наставіла пісталет на Юрыя.

-- Просіш, на пачуцці ціснеш!.. А помніш, як казаў, што пачуцці астываюць, як гарбата, як суп у каструлі?.. Лічу да трох, Юрый Іванавіч!..

 

Часцінка нашага жыцця

 

Вікуля не паспела далічыць да трох. Быццам з-пад зямлі, з’явіўся Пан. Гаспадар лясоў, палёў і статкаў схапіў Вікулю за правую руку.

Прагучаў стрэл. Ён разарваў, аглушыў паветра і панёсся ўдалячынь. А над палянай, нібыта змрочная хмара, навісла цішыня.

-- Выстраліла і… прамахнулася, -- парушыўшы цішыню, са здзіўленнем прагаварыў Пятро і звярнуўся да Юрыя. – Ваш адкладзены стрэл у паветра трасцай паляцеў, Юрый Іванавіч!

-- Радуешся? – працадзіў праз зубы Юрый.

Пятро падміргнуў Юрыю як роўні і заспяваў:

Цераз сад-вінаград

                                                                Ідзеш і спяваеш.

                                                                Туды сэрца рвецца,

                                                                Дзе музыка грае.

                                                                            З народнага.

Вікуля рванулася, стараючыся вызваліць руку з рукі Пана.

-- Пусці! Не насыцілася!

-- Не трэба ў іх страляць, -- папрасіў Пан. – Як мы пасля гэтага будзем жыць?

-- Д-дык в-вы р-разам ж-жыць п-плануеце? – заікаючыся, прамовіў Юрый. Яму здалося, што неба раптам павалілася на яго і накрыла. “А было б добра, каб накрыла, каб стаў нябачны”, -- прабегла ў яго галаве.

Пан размахнуўся  і шпурнуў пісталет. Ён паляцеў далёка.

-- Вы не адказалі на маё пытанне, братэла, -- напомніў Пану Юрый.

-- Пан я. Пан! – з гонарам прагаварыў гаспадар лясоў, палёў і статкаў і абняў Вікулю за плечы. – Усе жывуць, і мы будзем жыць.

“Яго не выклічаш на дуэль і адзін на адзін не паб’ешся. Мутант ён, не чалавек”, -- падумаў бізнесмен і пацікавіўся:

-- А ў яе ты спытаўся, ці згодна яна з табою жыць?

Вікуля вызвалілася з абдымкаў Пана і адышлася ад яго. Шчокі ў яе пачырванелі, сталі гарачыя, быццам агонь. “Ніколі не думала, што мне будзе брыдка”, -- са здзіўленнем зазначыла яна.

-- Думаю, што дамовімся. Мы падабаемся адно аднаму, кахаем, -- адказаў Юрыю Пан.

-- Дуралей! -- -- з асуджэннем прамовіў Пятро. “Хоць ты і падобны да чалавека, але такая распешчаная жанчына, як Вікуля, цябе, непаўнацэннага, ніколі не пакахае”, -- падумаў ён.

-- Ты жыхар лесу, звер! – выкрыкнуў Юрый. “Калі не фізічна, дык маральна знішчу цябе”, -- вырашыў ён.

-- Я не звер. У мяне ёсць душа. – Пан дакрануўся да грудзей і прыязна ўсміхнуўся. Няхай бачаць гэтыя людзі, што акенца ўсмешцы адчыніла яго душа.

-- Ё-па-рэ-сэ тэ! – вырвалася ў бізнесмена.

-- Вы, мне здаецца, страцілі інстынкт самазахавання. Вікуля Паўлаўна вас асляпіла, -- не вытрывала, звярнулася да Пана Таня. Яна здагадалася, што Пятро і Юрый не даруюць Пану, не захочуць стаяць з ім на адной прыступцы.

-- Зачаравала! – зноў усміхнуўся Пан і памкнуўся да Вікулі.

Але яго спыніў вокліч Пятра:

-- Лясны грамадзянін, не вер каню ў дарозе, а бабе дома!

-- У горадзе нямала кепскіх людзей, якія захочуць паздзекавацца з вас, -- сказала Таня.

-- Канешне, спачатку нам будзе цяжка, -- пагадзіўся Пан. – Але потым прывыкнуць людзі.

-- Здранцвеюць, такога ўбачыўшы, -- буркнуў Юрый.

Пан наблізіўся да Юрыя і неспадзявана прапанаваў:

-- Дык звяжыце і прывязіце ў горад звязанага, каб не баяліся.

-- Не быў у бывальцах, не еў дзярмо пальцам, -- з дакорам прагаварыў Пятро. “Гэты лясны жыхар хоць і шмат пражыў, але сапраўднага жыцця не бачыў, не разумее, што такое людскі вірлівы паток”, -- падумалася яму.

-- А што? Звяжам, без базару, -- ажывіўся бізнесмен. Ён зразумеў, што можна перамагчы Пана. Закахаўшыся па самыя вушы, ён страціў звярыную пільнасць, звярынае чуццё.

-- Уцякайце! Хутчэй! – папрасіла Пана Таня.

Пан пакруціў галавою.

-- Не ўгаворыш ты яго, -- цяжка ўздыхнула Вікуля. Упарты, як…

Вікуля прамаўчала, не даказала да канца, але Таня зразумела, што яна хацела параўнаць гаспадара лясоў, палёў і статкаў з упартым казлом.

-- Звяжам, стратэг? – наблізіўшыся да Пятра, пацікавіўся Юрый.

Пятро крануў на галаве гуз.

-- А не садане рагамі, як воўку?

-- Не пакрыўджу вас, даю слова, -- паабяцаў Пан. Ён ужо даўно вырашыў, што пойдзе на ўсё, не пабаіцца людзей, каб трапіць у горад і быць там разам з Вікуляй.

-- Ё-па-рэ-сэ-тэ! – зноў вырвалася ў Юрыя. Ён узяў каля бярозы лыка, падышоў да Пана і сказаў: – Ляж. Так будзе зручней цябе звязаць.

Пан лёг на зямлю і выцягнуў ногі. Высокі, дужы, ён цяпер нагадваў бездапаможнага валавянага салдаціка.

-- Да Вікулі Паўлаўны клеіўся, значыць, -- звязваючы Пана, зазначыў Юрый. Зараз ён назаве Пану ўсе яго грахі, каб ведаў, за што прыйдзецца адказваць.

-- Пакахаў, -- сказаў Пан.

-- Дуралей! – вырвалася ў Пятра. Ён таптаўся воддаль, баяўся падступіцца да гаспадара лясоў, палёў і статкаў.

-- Спецназавец, чаго топчашся? Заціскай! – загадаў Юрый.

Пятро нарэшце пераадолеў страх, падскочыў, узяўся за лыка і з сілай заціснуў вузел.

Пан скрывіўся.

-- Асцярожней! Яму баліць! – усклікнула Таня.

Юрый уважліва паглядзеў на Пана і ўсміхнуўся.

-- Табе баліць?

-- Пацярплю, -- азваўся Пан. “Пройдзе час – і людзі адпусцяць мяне, вольна буду жыць”, -- падумаў ён.

-- Пацерпіць дзеля каханай! – кіўнуў галавою Юрый і зноў скамандаваў Пятру: -- Заціскай!

На вачах у Тані выступілі слёзы. Яна была ў адчаі. Яна не ведала, як дапамагчы наіўнаму гаспадару лясоў, палёў і статкаў.

-- Апаскудзілася! – абхапіўшы рукамі галаву, выкрыкнула Вікуля. Што ж¸ не здзейснілася задуманае. Яшчэ нядаўна яна была на кані, а цяпер пад канём. Хутка адыграецца Юрый. На гэты раз ён не даруе ёй.

-- Звязалі! – выгукнуў Пятро і, адышоўшыся, паглядзеў на Пана як пераможца.

-- Упалявалі звяругу! – прамовіў Юрый. Гульня толькі распачынаецца. І ў гэтай гульні ён будзе тамадой. А Вікуля… Зашмат узяла на сябе Вікуля. Вось і надарвалася.

-- Юрый Іванавіч, мы возьмем ліцэнзію ў дзяржавы і па гарадах і вёсках Пана будзем вазіць, добрым людзям за грошы паказваць, -- выказаўся электрык рынка. Нарэшце збудзецца яго запаветнае жаданне, разбагацее ён, стане такі ж самы, як Юрый. Нібы паношаныя пальчаткі, жонак будзе мяняць.

Бізнесмен кіўнуў галавою і хмыкнуў.

-- Лёгка пажыву, буду скакаць, як паплавок на вадзе. Вядомым бізнесменам стану! – пахваліўся Пятро.

-- Кім? – зацікавіўся Пан.

Пятро строга, быццам начальнік, паглядзеў на гаспадара лясоў, палёў і статкаў.

-- Паслухай, Панок. Усё жыццё з марай у душы пражыў. Хацелася альбо ў латарэю буйную суму выйграць, альбо на дарозе грошы знайсці, ляжачыя. Іду, бывала, па дарозе і думаю: “Вось каб хто-небудзь сто даляраў згубіў, а я знайшоў!” Потым новыя думкі ў галаву лезуць, падкрадваюцца: “Лепей каб трыста ці пяцьсот… Мала!.. Каб тысячу!.. Альбо каб залатую рыбку!..” Грошы любой цаной, Пан.

Пан з недаўменнем паглядзеў на Пятра. Ён не разумеў яго.

-- Разлёгся на нашай палянцы, чужынец! – нагою выцяў Пана Юрый.

На гэты раз Пан насцярожана паглядзеў на Юрыя. “Дарма даверыўся я гэтаму злоснаму  чалавеку”, -- прамільгнула ў яго галаве.

-- Не біце яго, Юрый Іванавіч. Ён нам не чужы. Ён часцінка нашага жыцця, -- заступілася за Пана Таня.

-- Як Баба Яга і Цмок паганы? – зарагатаў Юрый. – Шкада, што відэакамеру не ўзялі!

-- Я прапаноўвала перад адыходам, а ты не пагадзіўся, -- уступіла ў размову Вікуля. Ёй трэба было памірыцца з мужам.

-- На мабільнік яго знімі! – мацней зарагатаў Юрый.

Вікуля пакруціла галавою. Не, не, толькі не гэта. Яна больш не хоча бачыць Пана ні на яве, ні на мабільніку. Яна выдзера, вырве яго са сваёй душы, як вырываюць непатрэбнае пустазелле каля плота.

-- Шалава! – вылаяўся Юрый. Нарэшце ён даў волю гневу, выштурхнуў нянавісць, што абцугамі сціскала яго грудзі.

-- Не абражай Паненку! -- заварушыўся Пан. У гэты момант яму захацелася разарваць свае путы.

-- Ведаючы ўсю праўду… -- сказаў Юрый і зірнуў на Таню.

-- Будзе цяжка жыць… Так, вам будзе цяжка, вельмі цяжка, балюча, Юрый Іванавіч, -- прамовіла Таня. Яна зразумела, што гэты багаты бізнесмен хоча, каб хтосьці пашкадаваў яго, суцешыў, прыняў блізка да душы яго боль.

Пачуўшы апошнія словы Тані, Вікуля абхапіла рукамі галаву і ледзь не завыла:

-- Вось каб ад усіх думак пазбавіцца!

-- Шалава! – выказаўся Юрый.

-- Нягоднік! – зыркнуўшы на Юрыя, усклікнуў Пан. Ён зразумеў, што менавіта ад яго да Вікулі, нібы сполах маланкі, ідзе нясцерпны боль.

Юрый выхапіў з кішэні нож.

-- За базар адкажаш, свалата!

-- Мамінька! – загаласіў Пятро і адбегся ад Юрыя. Яму здалося, што Юрый зараз расправіцца не толькі з Панам, але і з ім.

-- Звяруга! Мутант! – працадзіў праз зубы бізнесмен і, прыгнуўшыся, быццам дзікі кот, стаў набліжацца да Пана.

-- Я не звяруга і не мутант. Пан я. Ёсць у мяне імя, -- адказаў Пан. Яму стала балюча і крыўдна. Ён зразумеў, што не прызнаюць яго людзі, ніколі не стане ў горадзе сваім.

-- Замочыць! Ей-Богу! – гледзячы на Юрыя, успляснуў рукамі Пятро. Яму хацелася спыніць бізнесмена. Але ён не ведаў, як гэта можна зрабіць. Нібы бездапаможнае дзіцё, глядзеў на Юрыя.

-- Юра! – памкнулася наперад Вікуля.

Юрый спыніўся каля Пана і замахнуўся нажом.

-- Думаеш, ён нешта разумее?

На вачах у Пана выступілі слёзы.

-- У яго слёзы на вачах! – выклікнула Таня.

-- Нешта ёсць… чалавечае! – шчыра здзівіўся Пятро. Да гэтага ён глядзеў на гаспадара лясоў, палёў і статкаў халоднымі вачыма.

-- Юра! – паўтарыла Вікуля і ступіла крок уперад, стараючыся затуліць сабою Пана.

-- Кілера шукала, каб забіць, а цяпер заступаецца! – зірнуўшы на Вікулю, паціснуў плячыма Пятро. – Як тут зразумець?

Вікуля ступіла яшчэ адзін крок.

Юрый мацней сціснуў нож і папярэдзіў Вікулю:

-- Толькі падыдзі!

Спрабуючы развязацца, Пан устрапянуўся.

-- Ён зараз лыка парве! – спалохана закрычаў электрык рынка.

-- Вазьміце сябе ў рукі, Юрый Іванавіч! -- гукнула Таня і падбегла да Юрыя. Быццам стромая былінка, яна стаяла перад ім.

-- Лохі! – прамовіў бізнесмен і з сілаю кінуў нож, цэлячыся ў бярозу. Апісаўшы дугу, ён засеў у падатлівым ствале дрэва.

Пан супакоіўся, застыў. Толькі вочы ў яго гарэлі агнём і час ад часу ўздымаліся грудзі ад перарывістага дыхання.

-- Вылез з забабонаў, як на грэх! – паглядзеўшы на Пана, са злосцю кінуў Юрый.

-- Юрый Іванавіч, гэтыя забабоны, як вы іх называеце, не адно пакаленне выхоўвалі, людзі баяліся грашыць, -- напомніла Таня.

-- Ага! – неспадзявана падхапіў Пятро. – Помню, мамінька пра казытуху расказвала, што ў жыце жыве… Мы ў жыта не хадзілі, не тапталі жыта, баяліся, што заказыча казытуха.

-- А я, калі была маленькая, -- праз слёзы прагаварыла Вікуля, -- Жыжа вельмі баялася. Людзі казалі, што ён расхаджвае па зямлі і выпускае з сябе агонь.

-- Мне не расказвала! – падаў голас Юрый.

-- Калі ён ходзіць ціха, -- прмовіла Вікуля, -- то праз гэта саграваецца зямля, калі ж хутка – замля загараецца, і здараюцца пажары. Яны знішчаюць лясы, выпальваюць сенакосы, сушаць агароды, палі.

-- А я Купалле люблю. Летась з аднакурснікамі Купалле святкавалі. І сёлета будзем святкаваць, песні спяваць, -- пахвалілася Таня.

-- Цяпер паспявай, -- папрасіў Пятро.

-- Навошта? – здзівілася Таня.

-- Хочацца, каб душа… -- Пятро так і не даказаў да канца.

-- Абудзілася, -- закончыла за Пятра Вікуля.

Таня абвяла позіркам прысутных і заспявала:

Ішла Купала сялом, сялом,

                                                         Закрыўшы вочкі пяром, пяром,

                                                         На Йвана Купала.

                                                                      З народнага.

                                                 -- Закрыўшы вочкі пяром, пяром,

                                                         Вітала хлопцаў чалом, чалом, --

                                                                        З народнага.

падзівіўшыся на Таню, падхапіў Пятро.

“Магчыма, гэтая песня выратуе ўсіх нас”, -- падумала Вікуля і заспявала разам з Таняй і Пятром:

                                                         Вітала хлопцаў чалом, чалом,

                                                         Свяціла ночкі агнём, агнём

                                                         Пляла вяночкі шаўком, шаўком.

                                                                               З народнага.

 “І мне трэба заспяваць. Я таксама тутэйшы, на гэтай зямлі нарадзіўся”, -- вырашыў Юрый і зацягнуў:

                                                          Пляла вяночкі шаўком, шаўком,

                                                         Слыла Купалка цяплом, дабром,

                                                         Славу Купалу пяём, пяём.

                                                                              З народнага.

Панеслася па лесе рэха, паўтараючы, як дзіва: “Да зор, да зор…”.

-- Да зор! – гукнула Таня і, падбегшы да бярозы, выцягнула з яе ствала нож і, нагнуўшыся, разрэзала путы Пана.

-- Я не дазволіў! – крыкнуў Юрый і памкнуўся да гаспадара лясоў, палёў і статкаў.

Вызваліўшыся ад лыка, Пан імгненна ўскочыў на ногі.

Юрый спыніўся. А Пан падзякаваў Тані:

-- Дзякуй табе, дзяўчына-рабіна.

Таня кінула на зямлю нож і нізка пакланілася Пану.

-- Ідзі! – паглядзеўшы на Пана, папрасіла Вікуля.

Гаспадар лясоў, палёў і статкаў усміхнуўся Вікулі.

-- Буду помніць цябе, зорачка нябесная. Дзякуй за ласку, за слоўцы добрыя.

-- Ідзі! -- прашаптала Вікуля і непрыкметна выцерла слязінкі, што раптам набеглі на вочы.

-- Не крыўдзі Паненку, абармот! – папярэдзіў Юрыя Пан і накіраваўся ў глыб лесу. Ён не мог  пярэчыць Вікулі.

На паляне стала ціха-ціха. Толькі неўгамонная сарока прастракатала дзесьці ўдалечыні.

-- Неяк ціха ў нас, -- са здзіўленнем прагаварыў Пятро. – Ніхто не сварыцца, не крычыць, не пагражае.

-- Песня памірыла нас, -- сказала Вікуля і, крыху памаўчаўшы, дадала: -- Напэўна!

-- Песня -- душа народа, -- азвалася Таня.

-- Цікава правялі дзянёк, хоць і быў пракол, -- прамовіў Юрый.

 

 

 

 

 

Змест

 

Гаспадар лясоў, палёў і статкаў

Людзі з санаторыя

Пра каханне

З Панам

Сутычка

Абавязкова выстраліць

У групу падтрымкі

Пятро, Пан…

І Паненка

Падарунак ад Пана

Адчайны крык

Таня

І Вікуля

Дзве катэгорыі

Зацкаваны

Роднае, спрадвечнае

Жаданне Пана

Добрая фея

Наэлектрызаваная атмасфера

Заплаці за маўчанне

Як Заблоцкі на мыле

Прапанова

“Навучу, як стаць гейшай”

Здагадка Пятра

З Панам заадно

Дуэль

“Рот на замку трымай”

Маці-камандзірша

Часцінка нашага жыцця

 

Выкарыстаная літаратура

Беларуская дзіцячая літаратура. Хрэстаматыя. Вучэбны дапаможнік. Складальнікі М. Б. Яфімава, В. М. Ляшук. Мінск, Вышэйшая школа, 1996.

Беларускі фальклор: хрэстаматыя. Складальнікі: К. П. Кабашнікаў і іншыя. Мінск, “Вышэйшая школа”, 1996.

Жывая крыніца. Вусная народная творчасць. Укладальнік М. А. Зелянкова. Мінск, Юнацтва, 1991.

Лірычныя песні. Укладанне і рэдакцыя Н. С. Гілевіча. Мінск. Выдавецтва БДУ, 1976.

Дзе Купала начавала.: народныя песні, калыханкі, прыказкі і прымаўкі. Укладальнік А. С. Масла. Мінск: Мастацкая літаратура, 2012.