Мой траюрадны дзядзька Міша
Справа налева мае маці Надзежда Аляксандраўна, траюрадная цётка Ніна, дваюрадны дзядзька Аляксей, яго жонка Волька, уперадзе траюрадны дзядзька Аляксей і муж цёткі Ніны Валодзя
Справа налева мае маці Надзежда Аляксандраўна, траюрадная цётка Ніна, дваюрадны дзядзька Аляксей, яго жонка Волька, уперадзе траюрадны дзядзька Аляксей і муж цёткі Ніны Валодзя
КАБ МАМА ЎСМІХАЛАСЯ
АПАВЯДАННІ, КАЗКІ, СМЯШЫНКІ
Аўтар кнігі – беларускі празаік, драматург і навуковец
Аляксей Якімовіч.
Хто загляне ў
кніжку і прачытае яе, навучыцца вялікай мудрасці, цеплыні і дабрыні, чуласці і
смеласці, чалавечай спагадлівасці, узаемавыручцы і многаму іншаму, з чым мы
сустракаемся ў жыцці і без чаго не можам абысціся.
Кніга
адрасуецца не толькі малодшым школьнікам, але і настаўнікам, выхавацелям,
бацькам – усім, каго цікавіць мастацкае слова.
АПАВЯДАННІ
РЫЖЫК
Максім Рыжыка падабраў на вуліцы.
Гэта было
восенню. Прабіраючы да касцей, дзьмуў халодны вецер, буйныя кроплі дажджу
прыбівалі да зямлі пажаўцелае лісце.
Рыжык сядзеў
каля дашчанага кіёска, у якім прадавалі жвачкі і снікерсы. Ён дрыжаў усім сваім
маленькім цельцам і час ад часу тоненька скуголіў. Прахожыя, утуліўшы галаву ў
падняты каўнер паліто, таропка праходзілі міма.
Максім прысеў
каля сабачкі, а ён паглядзеў на хлопчыка сумнымі вачыма, выцягнуў шыю і лізнуў
у твар.
Максім узяў
Рыжыка на рукі. Рыжык пярэднімі лапкамі абхапіў Максімаву руку.
--Чый жа ты? – у
роздуме прамовіў Максім.
З акенца кіёска
высунулася нафарбаваная галава дзяўчыны. Яна соладка пазяхнула і прагаварыла:
-- А нічый.
Нейкі вусаты мужчына пад’ехаў на вішнёвым “Жыгулі” і кінуў. Нумар “Жыгулёў” –
дванаццаць – дваццаць пяць. Бяры сабе гэтага шчанюка. Ён усіх маіх пакупнікоў
напалохаў.
Сабачка ўсё
дрыжаў: ці то ад холаду, ці то ад страху.
-- Не бойся, я
не кіну цябе, не дам акалець, -- прашаптаў Максім і накіраваўся дамоў. Адно яго
непакоіла: ці дазволяць бацька і маці трымаць сабаку ў хаце?
“Калі што, пачну
плакаць, хоць ужо і не маленькі я," – вырашыў Максім.
Бацька і маці
былі дома, калі Максім прынёс Рыжыка ў кватэру і выдыхнуў з парога:
-- Я знайшоў
сабачку! Ён у нас будзе жыць.
-- Хто ж яго на
двор будзе выводзіць? Мне няма калі, -- нахмурылася маці.
-- Я! – гучна,
як салдат на службе, прамовіў Максім.
-- Звычайны
дварняк! – паківаў галавою бацька.
Шчанюк азваўся
на бацькаў голас, завіляў хвастом.
-- Тата, ён
разумны і прыгожы! -- Максім падняў Рыжыка высока ўгору, каб бацька як след
паглядзеў на яго.
Рыжык
бездапаможна расставіў лапы і заморгаў вачыма. “Ну хіба ж я вінаваты, што мой
гаспадар мяне пакінуў?” – здавалася, хацеў сказаць ён.
-- Як жа ты
назавеш яго? – запытаўся ў Максіма бацька.
-- Рыжыкам, бо
ён увесь рыжы, -- узрадаваўся Максім, бо зразумеў: бацька дазволіў трымаць
сабаку ў хаце.
Прайшла восень.
Мінулі зіма і вясна. Пачалося лета. Рыжык падрос. Поўсць у яго стала гладкая,
блішчастая. Максім не мог нарадавацца са свайго сабакі, які і лапку даваў, і
тапкі прыносіў, калі папросяць. Праўда, суседскага ката Чарныша ён не цярпеў,
напэўна, таму, што дражніўся гарэза Чарныш. Убачыўшы Рыжыка, сядзе на лаўку і
прарэзліва мяўкае, як бы кажа: “Рыжы! Рыжы!” Калі Рыжык кідаўся на Чарныша, то
ён хвост трубою – і на дрэва. Паспрабуй, дастань яго там!
Неяк Максім з
Рыжыкам гуляў каля дома. Выйшаўшы з пад’езда, Чарныш ускочыў на лаўку і давай
падцкоўвацца, дражніцца: “Мяў-мяў, мяў-мяў…”
Рыжык заліўся
брэхам і прыпусціўся з усіх ног, каб пакараць Чарныша. З-за рога дома, заўважыў
Максім, выскачылі вішнёвыя “Жыгулі”. А Рыжык нясецца, вось-вось пабяжыць праз дарогу. І “Жыгулі” імкліва,
нібы злы рок, да яго набліжаюцца.
-- Дзядзька,
стойце! Майго сабачку задушыце! – закрычаў Максім.
“Жыгулі”, як
віхор, наляцелі на Рыжыка. Рыжык знік пад коламі.
У Максіма
заледзянела ў душы, а “Жыгулі” раўнулі маторам і, задаволеныя, паімчаліся
далей.
Хваляй паветра
Рыжыка выкінула на тратуар. Ён усхапіўся і, цягнучы заднія лапы, папоўз да
лаўкі, на якой сядзеў Чарныш. Каля лаўкі ўпаў, выцягнуўшыся. Чарныш саскочыў з
лаўкі і, жаласна мяўкнуўшы, лізнуў сабаку ў нос.
Амаль нічога не
цямячы, Максім падбег да Рыжыка і рукамі дакрануўся да акрываўленых задніх лап.
І тут заднім ходам да яго пад’ехалі “Жыгулі”. З легкавушкі вылез мажны вусаты
мужчына.
Максім узяў
сабаку на рукі, як і ў той халодны восеньскі дзень, прытуліў да сябе.
-- Ён жа
маленькі!.. Вам было цяжка спыніцца? Так? Так?
Мужчына плюнуў
пад ногі, сеў у “Жыгулі” і пакаціў.
“А нумар машыны
дванаццаць--дваццаць пяць”, – адзначыў пра сябе Максім і, тварам прытуліўшыся
да сабакі, прашаптаў:
-- Рыжык, твой
былы гаспадар на цябе наехаў.
Рыжык, на
шчасце, паправіўся, ачуняў. Цяпер Максім яго вадзіў гуляць на пустку, якая была
непадалёку. Аднаго разу, калі звечарэла, пад’ехала легкавушка. Мігнуўшы фарамі,
яна спынілася каля Максіма. З легкавушкі – вішнёвых “Жыгулёў” – вылез вусаты і,
хіснуўшыся з боку на бок, прагаварыў:
-- З сабакам
гуляеш? Га?
Максім не паспеў
адказаць, бо Рыжык з брэхам кінуўся на вусатага.
“Вусаты зусім
п’яны,” – падумаў Максім і, дагнаўшы Рыжыка, абхапіў яго рукамі.
-- Рыжык, супакойся! Ён цябе заб’е!
Рыжык рваўся,
дрыжаў, калаціўся ўсім целам.
Вусаты вылаяўся,
залез у машыну і рвануў так, што аж пясок паляцеў з-пад колаў.
-- Рыжык, і ты
яго пазнаў. Пазнаў!.. – трымаючы сабаку, са слязамі на вачах казаў Максім.
Потым адпусціў Рыжыка і ласкава звярнуўся да яго: -- Дамоў хадзем, Рыжык.
Рыжык узняў
галаву, натапырыў вушы, прыслухоўваючыся, а затым, забрахаўшы, пабег туды, дзе
схаваліся вішнёвыя “Жыгулі”.
-- Рыжык! –
гукнуў хлопчык і кінуўся за сабакам.
З цемры
данеслася скуголенне.
Максім прайшоў
колькі метраў і стаў, як укопаны. Перад ім, упёршыся разбітым радыятарам у слуп
ад высакавольтнай лініі, стаялі вішнёвыя “Жыгулі”. Каля іх сядзеў і ціха
скуголіў Рыжык.
-- Хто тут? – з “Жыгулёў” падаў
голас вусаты.
-- Я, Максім! –
адказаў Максім.
-- Хлопчык,
выкліч хуткую дапамогу. Мне ногі прыціснула, не магу вылезці.
-- Дзядзечка, --
ледзь стрымліваючы хваляванне, прамовіў Максім, -- а мяне сюды прывёў Рыжык,
якога вы калісьці ў горадзе каля кіёска кінулі, а не так даўно ледзь не
задушылі. Ён пазнаў вас.
-- Хлопчык, ты
выклічаш хуткую дапамогу? – прастагнаў вусаты.
-- Пачакайце,
дзядзечка, -- сказаў Максім і пабег да тэлефоннай будкі, каб дапамагчы таму,
каго напаткала няшчасце.
Рыжык застаўся
каля машыны.
КАБ НЕ СВАРЫЛІСЯ
У
Максіма ёсць брат Васіль і сястра Наташа. Васіль вучыцца ў адзінаццатым класе,
а Наташа – у восьмым. Ды
неспакойна стала жыць Максіму пасля таго, як тату, а неўзабаве і маму на цэлы
тыдзень паслалі ў камандзіроўку.
Перад ад’ездам мама сказала Васілю і Наташы:
-- Дзеткі, не сварыцеся, дружна жывіце.
-- Мама, мы ж не маленькія, -- з крыўдай прамовіў
Васіль.
Мама зірнула на Максіма, потым моцна-моцна прытуліла
яго да сябе.
-- Максімку з садка ў шэсць гадзін вечара забірайце,
не пазней. Не забудзецеся?
-- Мы ж не маленькія! -- як і Васіль, з крыўдай
прамовіла Наташа.
Мама дастала з кашалька грошы і паклала на стол.
-- Вось вам грошы на прадукты. Думаю, што на тыдзень
хопіць.
У Максіма зашчымела на душы. Ён хацеў папрасіць маму,
каб і яго ўзяла з сабою ў камандзіроўку, але не асмеліўся, духу не хапіла.
Паехала мама. Два дні мірна жылі Васіль і Наташа. А на
трэці дзень, прывёўшы малодшага брата з дзіцячага садка, Наташа з парога
заявіла Васілю:
-- Цяпер твая чарга Максіма з садка забіраць.
Васіль за сталом сядзеў, у сшытку штосьці пісаў, як
кот, пад нос мурлыкаючы.
-- Наташка, не надакучай. Заняты я.
Наташа тупнула нагою.
-- Ты кожны дзень заняты! А мне трэба і ў садок
забегчы, і ў магазін схадзіць.
Васіль устаў з-за стала і няспешна прайшоўся па пакоі.
--Чаму ўчора хлеба не купіла?
Твар у Наташы пачырванеў, разгарэўся.
-- А ты пазаўчора малака не купіў. На адным хлебе мы
сядзелі.
-- І сёння пасядзіш, не пані! – узлаваўся Васіль.
-- Не, я ў магазін больш і нагой не ступлю! –
усклікнула Наташа.
-- І я не пайду, -- сказаў, як адрэзаў, Васіль.
Пасварыліся яны. Моўчкі ляглі спаць.
На другі дзень Наташа сабралася і адправілася ў школу.
Васіль павёў Максіма ў дзіцячы садок. Каля веснічак, пафарбаваных на зялёны
колер, сказаў:
-- Максімка, вось твой садок. Цяпер дойдзеш сам?
-- Я не такі маленькі, як табе здаецца, -- адказаў
Максім і, накульгваючы на левую нагу (учора ён палец чаравікам намуляў),
трушком пабег у садок.
За вуглом садка стаў, прыціснуўся да цаглянай сцяны.
“Цяжка нам без таты і мамы”, -- з горкасцю падумаў і,
нібыта змоўшчык, выглянуў з-за рога будынка. Васіль ужо далёка, каля самай
школы.
Уздыхнуўшы, Максім выйшаў на асфальтаваную дарожку,
мінуў зялёныя веснічкі і, часта-часта махаючы рукамі, пакрочыў дамоў.
Кватэру адчыніў маміным ключом, які ўчора вечарам
знарок паклаў сабе ў кішэньку. На кухні, на стале, ляжалі грошы: тыя, што мама
пакінула на прадукты. Максім узяў іх, заціснуў у далоньцы і, схапіўшы сетку-авоську,
накіраваўся ў магазін.
У магазіне спачатку папрасіў, каб адважылі мяса і
каўбасы: два кавалкі большыя і адзін меншы. Большыя – Васілю і Наташы, а меншы
– сабе. Затым паклаў у сетку шэсць пакетаў малака, буханку хлеба і батон. Як
гаворыцца, пад самую завязку напакаваў сетку, ледзь прыцягнуў да касы, каб
разлічыцца за прадукты.
-- Хлопчык, грошы ў цябе ёсць? – з недаверам
паглядзела на Максіма дзяўчына-прадаўшчыца.
-- Ёсць! – з гонарам прагаварыў Максім і расшчаміў
пальцы, паказаўшы грошы, якія аж прыліплі да потнай далонькі.
-- Навошта ты гэтулькі прадуктаў набраў? – прыўзняла
бровы прадаўшчыца.
-- У нас сям’я вялікая, -- растлумачыў Максім і
пацікавіўся: -- У мяне хопіць грошай?
Дзяўчына ўзяла з далонькі грошы, старанна палічыла і
рэшту дала малому пакупніку.
-- Радуйся. На марожанае табе засталося.
Максім не стаў купляць марожанае: грошай пашкадаваў,
магчыма, іх не хопіць на ўвесь тыдзень. А сетку, хоць не раз адпачываў, сам
данёс дамоў. Усе прадукты пакінуў на стале разам з рэштай – і ў садок бягом,
задаволены сабою.
Вечарам Васіль і Наташа забралі Максіма з садка.
-- Хто сёння пойдзе ў магазін па прадукты? – ідучы
дамоў, звярнуўся да брата і сястры Максім.
-- Пушкін! -- буркнуў Васіль.
-- Так, так, -- падтакнула Наташа.
У Максіма, калі зайшлі ў кватэру, як і перад ад’ездам
мамы ў камандзіроўку, зашчымела на душы.
А Васіль і Наташа, убачыўшы на кухонным стале
прадукты, так здзівіліся, што, як здалося Максіму, нават дыхаць перасталі.
-- Усё гэта я купіў! Я! – набраўшыся смеласці,
паведаміў ён, а потым дадаў, пераступіўшы з нагі на нагу: -- Каб вы не
сварыліся і ад голаду не аслабелі.
Глядзіць на брата і сястру, не ведае, што будзе.
-- Ты-ы? – не паверыла Наташа.
-- Я!
-- Бач, да чаго дадумаўся! – усміхнуўся Васіль.
-- Мне рэшту далі. На марожанае якраз хапіла б, але
марожанае я сабе не купіў...
-- Дык я куплю табе марожанае, -- неспадзявана
падахвоціўся Васіль. – Пачакай, мігам у магазін збегаю.
-- І я з табою! – усклікнула Наташа. – Пацешым
Максімку...
Стаіць Максім, на ўвесь свой шчарбаты раток
усміхаецца: рады, што брата і сястру памірыў.
Гульня
ў школу
Старэйшы брат кажа малодшаму:
-- Давай у школу пагуляем. Хочаш?
Малодшы брат крыху падумаў і адказаў:
-- Хачу. Але я не ўмею гуляць у школу.
-- Гэта вельмі проста, -- прамовіў старэйшы брат. – Я
буду настаўнікам, а ты – вучнем. Я табе буду тлумачыць, а ты слухай. Згодны?
-- Згодны, -- сказаў малодшы брат.
Старэйшы брат, стараючыся, каб зразумеў яго малодшы,
пачаў тлумачыць:
-- Кожнае слова мае пэўнае значэнне. Вось, напрыклад,
слова “жар”.
-- Шар? – пытаецца малодшы брат.
-- Не шар, а жар. Паўтары: жар!
-- Шар! – гучна прамовіў малодшы брат.
Старэйшы брат аж падскочыў.
-- Жар!
А малодшы кажа:
-- Шар.
Уздыхнуў старэйшы брат.
-- Возьмем іншае слова – “жах”. Скажы: жах.
-- Шах, -- сказаў малодшы брат.
Узлаваўшыся, старэйшы брат крыкнуў:
-- Жах!
А малодшы брат яшчэ мацней крыкнуў:
-- Шах!
Сядзяць, гукаюць, нібы ў лесе.
Адзін крычыць:
-- Жах!
Другі крычыць:
-- Шах!
Нарэшце надакучыла гэта старэйшаму брату, махнуў ён
рукою.
-- З табою ў школу гуляць – адзін жах. Анічога ты не
разумееш.
Малодшы яму ў адказ:
-- Разумею. Шах.
Не вытрымаў старэйшы брат, выскачыў на двор, сеў на
лаўку і паўтарае:
-- Жах, жах…
ДУБЕЦ
1
Шасцікласнікі Ваня і Сяргей сядзелі на лаўцы каля
пад’езда цаглянага пяціпавярховіка.
-- Хутка скончацца летнія канікулы, у школу пойдзем, --
у задуменні прамовіў каржакаваты Ваня і, шырока адкрыўшы рот, пазяхнуў.
Высокі танклявы Сяргей прамаўчаў і апусціў галаву,
уставіўшыся вачыма на выбіты асфальт пад нагамі, з-пад якога прабівалася
кволая, парыжэўшая на сонцы трава.
З-за дома неспадзявана выскачыў маленькі беленькі
сабачка з вялікімі стаячымі вушамі.
Ваня тузануў аднакласніка за рукаў.
-- Нейкі дварняк да нас прыбег! Падзівіся!
Сяргей ажывіўся, падняў галаву, ягоны круглявы твар
расквеціўся ўсмешкай.
-- Вушасцік!
Пачуўшы размову, сабака насцярожыўся і азірнуўся.
-- Нейкі баязлівы! – Ваня прысеў на кукішкі і ласкава
паклікаў: -- На, Вушасцік! На! На!
Непадалёку на асфальт апусцілася, села чародка
галубоў. Сабака падбег да іх і гучна забрахаў:
-- Гаў! Гаў! Гаў!
Голас у яго быў густы, басавіты, прыемны.
Галубы паляцелі, пырхнуўшы, а Вушасцік, як назвалі яго
хлопцы, аблізнуўся, паказаўшы ружовенькі язычок.
-- Да нас ён нізашто не падыдзе, магу паспрачацца, --
прагаварыў Сяргей.
-- Падыдзе. Ён жа галодны, -- запярэчыў Ваня і зноў
ласкава паклікаў: -- На сюды! На! На!
Дварняк застрыг вушамі, завіляў хвастом, крыху
патаптаўся і, выгнуўшы спінку, з аглядкай стаў набліжацца да лаўкі.
-- А я што казаў! – узрадаваўся Ваня і падышоў да
сабакі. Той лёг жыватом на гарачы асфальт і выцягнуў лапы. Ягонае маленькае
цельца дрыжала, як дрыжыць пад ветрам адзінокая тонкая асінка.
Кароткімі тоўстымі пальцамі з няроўна пастрыжанымі
пазногцямі Ваня пагладзіў дварняка каля вуха.
-- Не бойся нас. Мы добрыя.
-- Мы твае сябры! – доўгай дудкай выцягнуўшы губы,
дадаў Сяргей.
Сабака ўстаў і радасна заскавытаў.
-- Сёння нам не будзе калі сумаваць, уволю з табою
нагуляемся, -- сказаў Ваня і, нагнуўшыся, пагладзіў сабаку па спіне. А ён цёплым
язычком лізнуў руку хлопчыка.
2
Ваня і Сяргей зрабілі Вушасціку буду і паставілі яе на
пагорку, што ўзвышаўся за гарадскімі дамамі і цягнуўся да самага лесу.
Ноччу сабака адпачываў у будзе, а рана-раненька
прыбягаў да пад’езда і, сеўшы на заднія лапы, з нецярпеннем чакаў хлопчыкаў.
Яны яго кармілі, а потым разам гулялі. Вушасцік па пятах хадзіў за хлопцамі, ні
на крок не адставаў ад іх. Праўда, ён вельмі баяўся, калі непадалёку махалі
дубцом. Убачыўшы каго-небудзь з дубцом, з усіх ног прыпускаўся на пагорак і
хаваўся ў будзе. Ваня і Сяргей прасілі знаёмых, каб не палохалі сабаку. Ваня
звычайна казаў:
-- Відаць, хтосьці сцебануў яму дубцом. Вось і баіцца.
Непрыкметна мінуў тыдзень. Аднаго разу сябры-аднакласнікі,
як звычайна, сядзелі каля пад’езда. Насупраць, пад кучаравай вішанькай, ляжаў
Вушасцік, у цяньку схаваўшыся ад сонца.
Па цэментаванай лесвіцы, якая вяла да пяціпавярховіка,
спусціўся ўчастковы, старшы лейтэнант міліцыі Максім Рыгоравіч Нагула. Хлопцы
яго ведалі: ён не раз выступаў перад імі ў школе.
-- Чый сабака? – пацікавіўся Нагула, пальцам тыцнуўшы
на Вушасціка.
Вушасцік устаў і пазяхнуў, крутнуўшы белай галавой.
-- Мой! – упэўнена адказаў Ваня, падумаўшы пра сябе:
“У нас не забаронена трымаць сабак”.
Старшы лейтэнант прыязна ўсміхнуўся яму.
-- У якой кватэры жывеш? Напомні.
Хлопчык спадылба зірнуў на ўчастковага і з выклікам
адказаў:
-- У дванаццатай! А што?
Нагула прыгожа, па-ваеннаму павярнуўся і моўчкі
накіраваўся ў пад’езд. Сяргей крануў Ваню за плячо.
-- Чаго гэта ён хоча ад цябе?
Ваня адчуў, як непрыемны халадок прабег у грудзях, але
не паказаў страху.
-- Мабыць, рабіць яму няма чаго. Давай на возера
сходзім, пазагараем крыху.
-- Давай, -- пагадзіўся Сяргей.
3
Вярнуўшыся з возера, Ваня зайшоў на кухню. Каля
газавай пліты стаяла мама і на гарачую патэльню клала катлеты.
Хлопчык пацягнуў носам і прыўстаў на дыбачкі.
-- Сёння ў нас катлеты?
-- Я нажару, а ты Вушасціку занясеш! Сядзіць каля
пад’езда, чакае цябе! – нечакана выгаварыла мама.
-- Не аб’есць нас сабачка. Ён... – пачаў Ваня, але
мама перапыніла:
-- Участковы прыходзіў! Патрабуе, каб мы зарэгістравалі
Вушасціка і плацілі за яго!
-- Ён не наш! Ён на двары жыве! – разгубіўся Ваня.
-- Ты ж сам сказаў участковаму, што сабака твой! Цябе
ніхто за язык не цягнуў!
Ваня паціснуў плечукамі і глуха адказаў:
-- Я ж не ведаў, што сабаку трэба зарэгістраваць!
-- А я не збіраюся нікому даказваць, наш гэты Вушасцік
ці не наш! Каб больш каля пад’езда яго не бачыла! Зразумеў? – крыкнула мама і
павярнулася да акна.
Ваня пачухаў патыліцу і накіраваўся на двор.
4
На лаўцы, як звычайна, сядзеў Сяргей, а Вушасцік,
лежачы на траве, старанна грыз свежую костку. Ваня ўздыхнуў і звярнуўся да
сябра:
-- Участковы патрабуе, каб мы зарэгістравалі Вушасціка
і плацілі за яго. Мама на гэта ні за што
не пагодзіцца. Можа, вы зарэгіструеце?
Сяргей паглядзеў на аднакласніка як на дзівака.
-- Ага!
Вушасцік кінуў грызці костку, наблізіўся да дзяцей,
прысеў на заднія лапы і заморгаў вачыма.
Ваня ўбок адвёў позірк.
-- Прыйдзецца прагнаць яго. Інакш праблем не абяромся.
-- Так ён табе і пойдзе! – паківаў галавою Сяргей.
-- Пойдзе!.. Пабяжыць!.. – Ваня падышоў да бярозы,
якая расла непадалёку, і выламаў дубец.
-- Глядзі моцна не напалохай яго, -- папярэдзіў
Сяргей.
Вушасцік заскуголіў і задрыжаў усім цельцам, як і ў
той дзень, калі з’явіўся каля пад’езда.
-- Жывы застанецца, -- сказаў Ваня і, наморшчыўшы лоб,
свіснуў у паветры дубцом.
Вушасцік падскочыў і, адчайна скуголячы, панёсся на
пагорак.
Сяргей страсянуў галавою, як бы імкнучыся скінуць з
сябе нейкае ўтрапенне.
-- Ну й напалохаўся ён!
-- Хлопцы! – раптам пачулася побач.
Аднакласнікі, як па камандзе, азірнуліся і ўбачылі
русавалосага мужчыну сярэдніх гадоў.
-- Хлопцы, вы не бачылі тут сабачку? Вывеў гуляць і
згубіў, другі тыдзень шукаю. Прывыклі мы да яго, шкадуем. Ён маленькі,
беленькі, вушы стаячыя, як у лісы. Не
бачылі? – мужчына дапытліва глядзеў на хлапчукоў і вінавата ўсміхаўся.
-- Не бачылі! – рэзка адказаў Сяргей, каб паказаць
незнаёмцу, што не жадае весці з ім доўгую размову.
Мужчына паплёўся далей.
Ваня правёў яго вачыма і павярнуўся да Сяргея.
-- Гэта ж гаспадар Вушасціка! Чаму ты праўду яму не
сказаў?
-- Як ты дубцом яго напалоахаў? Як ён панёсся
немаведама куды? Не, такая праўда вельмі ж дарагая.
5
Праз паўгадзіны з-за рога дома выйшаў знаёмы
русавалосы мужчына. Ён нёс на руках Вушасціка. Сабака з вышыні пазіраў на
хлопчыкаў і калаціўся.
Ваня прыкусіў губу, каб не ўсклікнуць.
Мужчына пагладзіў Вушасціка па спіне і сказаў
дрыготкім голасам:
-- У будзе на пагорку сядзеў. Ледзь выцягнуў адтуль.
Хтосьці яго напалохаў, няйначай.
ЧАМУ ХВАРЭЦЬ КЕПСКА?
Светлымі праменьчыкамі сонейка рассеяла хмарнасць.
На двары людна, крыкліва.
На падсохлым асфальце нястрымны, гарэзлівы гурт дзяцей
гуляе ў выбіванкі. Паласаты мяч, і сам быццам радуючыся сонцу, лятае ў паветры,
скача па асфальце, каб дагнаць каго, выбіць з гульні.
“Ту-у-у, ту-у-у...” – павіс у паветры трывожны сігнал
машыны.
-- Да Вані хуткая дапамога прыехала, -- заўважыў Ігар.
-- Горла ў яго баліць, -- удакладніла Ніна.
-- Кепска, калі захварэеш, -- адзначыла Света.
-- Яшчэ як кепска! Горкія таблеткі прыходзіцца піць, --
падтрымаў сяброўку Міколка.
-- І мікстуру! -- скрывілася Зіна.
-- І ў хаце цэлымі днямі прыходзіцца сядзець, -- дадаў
Пеця.
--У такія дні тата хмурны і мама недасыпае, --ціха
сказала Аленка.
КАБ
МАМА ЎСМІХАЛАСЯ
Алесеў брат Мікола служыць у арміі. Сумна Алесю без
брата. Асабліва цяпер, зімою. Раней ён з Міколам хадзіў рыбу лавіць. З-пад
лёду. А сёлета мама не пускае аднаго на рэчку. Неяк Алесь запытаўся ў мамы:
-- Калі наш Мікола на пабыўку прыедзе?
-- А ты пісьмо
напішы, сам у яго пацікаўся, -- параіла мама.
Сеў Алесь за стол, вырваў са сшытка аркуш паперы і вялікімі літарамі
вывеў: “Дарагі брат Мікола! Калі прыедзеш на пабыўку? Напішы. Вельмі чакаю
цябе”.
Мінуў тыдзень, другі. І вось Алеся спыніў паштальён.
-- Трымай, табе, Ляшэвічу Алесю, пісьмо.
Дома Алесь дастаў лісток з канверта і пачаў чытаць:
“Дарагі Алесік! Ці хутка, пытаешся, на пабыўку прыеду? Гэта і ад цябе залежыць.
Трэба, каб наша мама часцей усміхалася. Яе ўсмешка мне служыць дапаможа. Так
служыць, каб камандзіры хвалілі. Пастарайся, Алесь, каб мама часцей усміхалася.
Тады і на пабыўку я хутчэй прыеду…”
Прачытаў Алесь пісьмо, задумаўся: сапраўды, рэдка ўсміхаецца
мама. Прыйдзе вечарам, скардзіцца: “Ох і стамілася я!” Потым у яго, Алесеў,
дзённік гляне, спахмурнее: “Зноў па матэматыцы тройку прынёс! Будзем разам
задачы рашаць”. Так, рэдка ўсміхаецца мама. І як толькі даведаўся пра гэта
Мікола? А раней яна штодзень усміхалася. Пакуль з работы вернецца, Мікола і ў
печы прапаліць, і бульбы наабірае, і ў хаце прыбярэ. А цяпер усё адна робіць.
Цяжка ёй!
Апрануўся Алесь, прынёс з дрывотні дроў. Паклаў у
печку, падпаліў смаляк – заскакаў агеньчык, весела затрашчалі дровы. Зачыніў
Алесь дзверцы ў печы, каб галавешка на падлогу не вывалілася, за стол сеў і
задачы пачаў рашаць.
Вярнулася з працы мама. Цёпла, утульна ў хаце. Падбег
да яе Алесь, пахваліўся:
-- Мама, я і ў печы прапаліў, і задачы рашыў!
-- Няўжо сам? – не паверыла мама.
-- Сам. А ты не стамілася сёння?
Пазірае на маму: няўжо не ўсміхнецца?
Усміхнулася мама:
-- Не стамілася, сынок…
Скончылася зіма. Аднаго разу ўскапалі Алесь з мамай
градку каля хаты, вяргіні пасадзілі. На лаўку прыселі, каб адпачыць. Глянуў
Алесь на вуліцу – і вачам сваім не паверыў. Скіроўвае да іх дома салдат.
Высокі, прыгожы, са значком на грудзях.
-- Мікола!
-- Алесь маму апярэдзіў, прыціснуўся да брата і
сказаў:
-- Я ведаў, што ты хутка прыедзеш на пабыўку. Цяпер
мама кожны дзень усміхаецца.
ДАПАМОГА
Стрымліваючы хваляванне, Пеця націснуў на званок.
Дзверы расчыніліся, і ён убачыў высокага хударлявага мужчыну.
-- Вы да мяне?
Пеця збянтэжыўся. Не чакаў гэтага “вы”.
-- Вас Ігнатам Васільевічам зваць? Вы франтавік?
-- Усё правільна, малады чалавек.
Пеця зусім разгубіўся.
-- Я Пеця Сіняк. Сіняк-слабак у класе клічуць, --
нечакана прызнаўся ён. – Гэта Ваня Мялешка прыдумаў...
Ігнат Васільевіч пасадзіў Пецю ў мяккае крэсла, сам
сеў насупраць.
-- Цябе, відаць, са школы прыслалі, каб дапамагаў мне,
ветэрану.
-- Ага! -- кіўнуў галавою Пеця.
Ігнат Васільевіч усміхнуўся:
-- А чаму цябе слабаком называюць?
Пеця апусціў вочы, пачырванеў да вушэй.
-- Я самы слабы ў класе, бо часта хварэю... Вам,
напэўна, не патрэбна мая дапамога?
-- Патрэбна, Пеця, вельмі патрэбна, -- сказаў Ігнат
Васільевіч. – Ты хварэеш часта – бяда ў цябе. І мне кепска. Таксама хварэю.
Дактары раяць бегаць, трэніравацца. Але боязна аднаму. Давай разам бегаць.
-- Зімою? – не паверыў Пеця. – Холадна ж!
-- Хіба ты не хочаш мне дапамагчы?
Пеця ўздыхнуў і мусіў пагадзіцца:
-- Добра. Няхай будзе па-вашаму.
Непрыкметна мінула зіма. Неяк у класе пачалі
прыгадваць, хто як ветэранам дапамагае.
-- Я Ігнату Васільевічу бегаць дапамагаю, --
пахваліўся Пеця.
Ваня Мялешка засмяяўся:
--Слабак бегаць дапамагае!.. Ха-ха-ха...
Крыўдна стала Пецю. Скончыліся ўрокі, і ён, падышоўшы
да Вані, гучна, каб усе чулі, сказаў:
-- Давай навыперадкі паспрабуем. Пабачым, хто з нас
слабак...
На школьны стадыён пайшлі ўсім класам.
-- Колькі кругоў пабяжым? – запытаўся Пеця.
-- І аднаго хопіць, -- адмахнуўся Ваня.
Пабеглі. Вырваўся Ваня ўперад. Пеця за ім трымаецца,
не адстае. Ваня хутчэй, і ён хутчэй. Перад апошняй павароткай рвануўся -- і ўраз
Ваню абагнаў. Ваня сышоў з бегавой дарожкі і напрасткі, праз школьны стадыён,
дахаты падаўся.
А сябры абступілі Пецю, здзіўляюцца:
-- Дзе ж ты гэтак бегаць навучыўся?
-- Я ж вам казаў, што Ігнату Васільевічу бегаць
дапамагаю. Хворы ён. Дактары параілі, каб бегаў. І я заўсёды побач з ім...
ТРОЙКА
Вова сядзіць за сталом і старанна выводзіць літары. На
паперы з’яўляюцца значкі: зграбныя, роўныя, адзін у адзін. Вось гэта, што
шырока расставіла ногі, -- “м”. Калі напісаць “м”, а да яго прыставіць “а”, то
выйдзе “ма”. А калі злучыць такія два склады, то выйдзе слова “мама”.
Вова глядзіць на гэтае слова, любуецца: то з аднаго
боку зірне, то з другога.
Вельмі добра выйшла. Мама дзесятку паставіць. Яна
настаўніца іхняга класа. Ганарыцца ёю Вова. Яна самая-самая добрая, разумная.
Што яго мама самая разумная, Вова з любым можа
паспрачацца. Гэтак і тата кажа, і нават Пеця, які з ім, Вовам, у адным класе
вучыцца.
Ручка піша далей: “Мама любіць Алеся”.
І трэба ж было такому здарыцца! Самая апошняя літара
“я” пералезла за чырвоную лінію і выйшла зусім непрыгожая. Нейкая скрыўленая.
Быццам яе хтосьці спалохаў ці нават прыплюснуў.
Вова паглядзеў на свавольніцу-літару і хацеў
перапісаць увесь сказ нанава, але зірнуў на гадзіннік і ўбачыў, што меншая
стрэлка набліжаецца да лічбы “2”,
а большая стаіць на лічбе “8”.
Зараз будзе дзве гадзіны, хутка ўрокі пачнуцца. Мама
сёння пайшла раней, сказала, каб ён не спазніўся.
Вова загарнуў старонку, паклаў сшытак у ранец і пабег
у школу. А ўвечары мама правярала сшыткі. Вова сядзеў насупраць на канапе.
Закрыўшыся кнігай “З рога ўсяго многа”, ён цікаваў за стосам сшыткаў. Вунь і
ягоны сшытак у сіняй вокладцы зверху ляжыць. Што яму паставіць мама?
Мама ўзяла сшытак у рукі, разгарнула. Бачыць Вова:
нахмурылася і вывела... тройку. Не вытрываў ён і прагаварыў:
-- Хоць чацвёрку паставіла б. Шкада табе ці што?
--Другі раз акуратна напішаш – пастаўлю дзесятку, --
адказала мама.
ДАРОЖКА ДА МАМЫ
Дзед Лявон і чатырохгадовы Васілёк сядзяць у зале на
падлозе і з рознакаляровых кубікаў будуюць хатку, а ў суседнім пакоі Васількава
мама за сталом чытае кніжку. Сёння вечарам перад сном яна раскажа сыну новую
чарадзейную казку.
Стараюцца дзед Лявон і Васілёк, будуючы хатку.
Прыгожая выходзіць яна ў іх: сцены вогненныя, чырвоныя, як хвост у пеўня,
блакітны дах угору паднімаецца, жоўценькі ганачак на сонейку пераліваецца.
-- Наша хатка на вясёлку падобная, -- кажа ўнуку дзед
Лявон і ўсміхаецца. – Добра зрабілі. Будзе моцная, як жалезная.
Лоўка абапіраючыся востранькімі локцікамі аб падлогу,
Васілёк падпаўзае бліжэй да дзеда і цікавіцца:
-- А што такое вясёлка?
-- Вясёлка?.. Хм... Вясёлка... – вялікай, загарэлай на
сонцы рукой дзед пагладжвае маршчыны на шчоках. – Вясёлка...
Двума худзенькімі пальчыкамі Васілёк бярэцца за
непадатлівы віхор на галаве і хутка-хутка цярэбіць яго, перабірае.
-- Вясёлка вялікая, дзед?
Дзед Лявон ківае сівою галавою.
-- Яшчэ якая вялікая! Да самага неба цягнецца.
Здзіўлены, Васілёк на хвілінку адкрывае раток, а затым
усклікае:
-- Дзед, яна жалезная!
Быццам нечаканая хмарка, на твар дзеда Лявона наплывае
хмурынка. Ён сціскае губы і не пагаджаецца:
-- Вясёлка не жалезная, не.
Васілёк імкліва, бы на спружынках, ускоквае на ножкі
і, падцягнуўшы белыя шкарпэтачкі, заяўляе:
-- Дзед, ты не ведаеш. Не ведаеш, дзед!
Дзед Лявон апускае галаву і заўважае, што на правай
ножцы Васілька з малюсенькай дзірачкі на шкарпэтачцы вылазіць кругленькі
ружовенькі пальчык. Няўрымслівы, ён бесперапынна варушыцца, круціцца, як
незвычайны свярдзёлачак.
-- Дзед, не ведаеш! Я да мамы пабягу, у яе запытаюся.
Дзед Лявон паднімае галаву.
-- Бяжы... Бяжы!..
Васілёк неспадзявана працягвае дзеду тоненькую ручку.
-- Уставай. Разам пабяжым.
Дзеду Лявону не хочацца ўставаць, пакідаць наседжанае
сонечнае месца ў прасторнай утульнай зале.
-- Я ўстаў бы і пабег разам з табою, але дарожка да
мамы няроўная, крывая.
Васілёк моршчыцца, на ягоных вачах імгненна з’яўляюцца
слязінкі і светлымі дажджынкамі сцякаюць па шчоках.
Дзяд Лявон устае на калені і цягнецца да хлопчыка.
-- Унучак!..
Але Васілёк не хоча яго слухаць. Павярнуўшыся, па
доўгім шырокім калідоры ён штосілы лапаціць, спяшаецца да мамы.
Цяжка ўздыхаючы, дзед Лявон устае з падлогі і
накіроўваецца ўслед за ўнукам у суседні пакой.
Васілёк ужо туліцца да мамы і ўсхліпвае, няўсцешаны:
-- Мама, да цябе дарожка роўная, прамая!.. Роўная!..
Праўда?
Мама прыціскае сына да сябе і гладзіць голы пальчык на
назе.
Слёзкі буйнымі дажджынкамі ўсё сцякаюць па шчоках
Васілька, а сам ён насцярожана, з недаверам пазірае на дзеда.
-- Роўная?
-- Канешне, роўная. Ты ж прыбег да мяне і ні разу не
спатыкнуўся. Так?
-- Так, -- адказвае Васілёк і, выцершы слёзкі, як
пераможца, глядзіць на дзеда.
Дзед Лявон пераступае з нагі на нагу і вінавата
ўсміхаецца.
ВОЖЫКАВА ШКУРА
Тата адправіўся на працу, а Міколка з мамай застаўся
дома. Пакрыўдзіўся на маму. Учора ён без дазволу з хлопчыкамі ў лес пайшоў, а
сёння яна заявіла:
-- На вуліцу не пушчу. У хаце сядзі. Другі клас
скончыў, а весці сябе не ўмееш.
Канешне, хвалявалася яна, шукаючы яго, але магла б
дараваць. Ён у яе прабачэння папрасіў.
Міколка стаяў каля акна, кірпатым носікам
прыціснуўшыся да шыбіны. За акном, у агародчыку, расце вішня. На ёй спелыя
вішанькі вісяць, галінкі ўніз гнуцца.
У пакой зайшла мама. А Міколка кірпатым носікам мацней
да шыбіны прыціснуўся. Не, ён не павернецца, не гляне на маму. Няхай ведае, што
пакрыўдзіўся на яе.
-- Сынок! – мякка прамовіла мама.
Хлопчык уздрыгануў, сціснуў губы, а яны па-здрадніцку
задрыжалі.
-- Сынок! – паўтарыла мама гэтак жа мякка і ласкава. –
Схадзі, курэй пакармі. Я хачу спячы пірог, тату вечарам пачастуем.
Міколка стаяў як
скамянелы. “Можа, я прырос да падлогі?” – са страхам падумаў ён і варухнуў
нагою, пасунуўшы яе ўбок.
-- Сынок, пойдзеш? – напомніла мама.
Міколку захацелася кінуцца да яе і абняць, тварам
прытуліўшыся да грудзей, але ён стрымаў сябе: сціснуў худыя кулачкі і прыкусіў
губу.
-- Сынок, навошта ты на сябе вожыкаву шкуру надзеў?
-- з дакорам прагаварыла мама і, цяжка
ступаючы, выйшла з хаты.
Да Міколкавага горла падступіў даўкі камяк, а на вачах
выступілі слёзы. Дрыготкімі пальцамі ён правёў па твары, які аж гарэў. Шкура на
твары гладкая, не калючая, як у вожыка. Чаму ж так сказала мама пра яго?
Яна ўжо стаіць на ганку, у руках вялікую міску з
зернем трымае. На яе лобе, заўважыў Міколка, маршчынкі шчыльна сышліся.
-- Цып-цып-цып! – клічучы курэй, звонка, па-дзявочаму
гукнула мама і на Міколку з усмешкай зірнула.
Куры тут як тут. Пазбягаліся, таўкуцца каля ганка. І
чырвоны, як вогнішча, певень разам з імі паважна топчацца. А мама зверху сыпле
ім зерне і на сына час ад часу пазірае.
Міколку чамусьці стала прыкра і сорамна. Раней ён
карміў курэй.
“Цып-цып-цып, цып-цып-цып!”
– гукаў звонка, як мама, і радасць напаўняла ягоныя грудзі. А потым ён
расказваў маме, як дзве чубаткі пабіліся, а певень іх разбараніў.
Можа, адчыніць акно і папрасіць яе, каб яму міску з
зернем дала?
Міколка зірнуў на маму і нагадаў, як яна сказала з
папрокам, што вожыкаву шкуру на сябе надзеў. Не, ён нізашто не адчыніць акно,
не даруе.
-- Цып-цып-цып! – гукнула мама і ўсміхнулася сыну так
ласкава, што ён, забыўшыся пра ўсё, адчыніў акно.
Свежы ветрык дыхнуў яму ў твар.
-- Ма-ма! – па складах, як маленькі, прамовіў Міколка
і адкрыў рот, чакаючы, што скажа яму мама. Ці паспагадае яна?
Мама падышла да акна і мяккай цёплай рукой пагладзіла
непадатлівы сынаў віхор. А куры абступілі яе. “Ко-ко-ко, ко-ко-ко”, – на ўсе
лады выводзяць. Што ж, есці хочуць, зерня просяць.
Міколка апусціў руку ў міску, набраў жменю буйнага
зерня і сыпнуў на зямлю. Узрадаваліся куры, старанна дзюбамі запрацавалі. А
агністы певень падняў галаву і на ўсю вёску пракукарэкаў, каб паведаміць
людзям, што ў гэтай хаце жыве шчодры малы гаспадар.
А мама глядзіць на сына, вачэй не зводзіць, любуецца
ім. Міколка засаромеўся, апусціў галаву і прагаварыў:
-- Мамачка, ты сёння пірагі будзеш пячы?
-- На маміным лобе разгладзіліся маршчынкі,
памаладзела яна.
-- Буду, сынок. Ужо цеста рашчыніла.
Хлапчук падняў галаву, распраміў плечукі і,
шмаргануўшы носам, сказаў:
-- Я тады вішанек
нарву. Мы з табою, мамачка, наварым вішнёвага варэння і тату пачастуем пірагом
з варэннем.
Мама абняла Міколку за плечы і прагаварыла:
-- Сынок, як добра, што ты скінуў з сябе вожыкаву
шкуру!
ПІЯНІНА
Насці купілі піяніна. Яно хоць і цацачнае, але іграе
як сапраўднае. Націснеш на адну клавішу – званочак зазвініць, на другую
націснеш – лясное рэха адклікнецца, на трэцюю націснеш – чмель загудзіць... Аж восем
клавіш у Насціным піяніна.
Іграе Насця на піяніна, напявае:
На двары, на двары...
Пачуў тата, не стрымаўся, гучна заспяваў:
Вельмі
добра дзетвары...
Насця далей напявае:
Скача лялька, скача
кот...
Падхапіў тата, закончыў:
І
вясёлы бегемот.
Спадабалася Насці гэтая песенька.
-- Тата, можна я на двор схаджу з піяніна, сяброўкам
нашу песеньку праспяваю? – папрасіла яна.
-- Ідзі, -- дазволіў тата.
Выйшла Насця на двор, Волечку і Ірынку сустрэла. У
руках у Волечкі лялька, а ў Ірынкі – мядзведзік.
-- Тваё піяніна як сапраўднае! – здзівілася Волечка.
-- Яно іграе? – запыталася Ірынка.
Насця націснула на адну клавішу – званочак зазвінеў,
на другую націснула – лясное рэха адклікнулася, на трэцюю націснула – чмель
загудзеў.
-- Прыгожа іграе! – усклікнула Волечка.
-- Вельмі прыгожа! – з захапленнем прамовіла Ірынка.
-- Цяпер маю песеньку паслухайце, -- прапанавала Насця
і, націскаючы пальчыкамі на клавішы, заспявала:
На двары, на двары
Вельмі добра дзетвары...
Скача лялька, скача кот
І вясёлы бегемот.
Заскакала лялька ў руках у Волечкі, затанцаваў
мядзведзік у руках у Ірынкі.
-- І я з вамі хачу пагуляць! – прыбегла да дзяўчынак
Каця.
-- Ты не з нашага пад’езда, -- нахмурылася Насця.
-- Ты не наша сяброўка! – разам усклікнулі Волечка і
Ірынка.
Каця адышлася, села на лаўку і заплакала.
ШТО ЎБАЧЫЎ ВЕРАБЕЙКА?
Сонца грэе промнямі ваколле. З казырка пад’езда
падаюць кроплі. “Кап-кап, кап-кап”, – важка б’юць па шэрай бетоннай пліце.
Надзя падставіла руку – адна, другая кропля ўпала на далоньку, разляцеўшыся
драбнюсенькімі кропелькамі. Цікава!
Прыляцеў Верабейка, скача па дарозе, спрытна мінаючы
калюжыны. На Надзю скоса пазірае. Не стрымаўшыся, Надзя пырснула вадою на
Верабейку і звонка засмяялася:
-- Вясна прыйшла!..
Верабейка пырхнуў і паляцеў, пакрыўджаны. Сеў
непадалёку на маленькую яблыньку, на галінцы гайдаецца, шчабеча:
-- Тут ты мяне не дастанеш! Нізашто не дастанеш!
Выйшла на двор Вера.
-- Надзя, давай Снегавіка злепім! – прапанавала.
Спачатку Надзя і Вера маленькія снежкі зляпілі і
пакацілі іх па мяккім снезе, цёмную дарожку за сабою пакідаючы.
Верабейка глядзіць, дзівіцца: што ж гэтыя дзяўчынкі
задумалі?
Вера прыкаціла сваю снежку да пад’езда і тупнула
ножкай.
-- Вось дзе Снегавік будзе стаяць! Надзя, каці сюды
снежку!
А Надзіна снежка зусім у іншы бок з узгорка
пакацілася. Надзя стаіць, на пальцы хукае.
-- Адна не прыкачу. Вельмі ж вялікая атрымалася.
-- Я дапамагу табе, – сказала Вера і падбегла да
Надзі.
Уперліся дзяўчынкі, што ёсць сілы пхаюць снежку, а яна
быццам прымерзла. З месца яе не скрануць.
-- Дарма стараецеся, не прыкоціце! – цешыцца,
гайдаецца на галінцы Верабейка.
Ігар з пад’езда выйшаў, дзівіцца.
-- Вам не патрэбна мая дапамога?
-- Вельмі патрэбна!
Ігар няспешна накіраваўся да дзяўчынак, пакідаючы на
Надзінай дарожцы мокрыя адбіткі-сляды.
Праз хвіліну Надзя, Вера і Ігар уперліся рукамі,
плечукамі – і скранулася, пакацілася да пад’езда цяжкая снежка.
-- Яны яе прыкацілі! Усё-ткі прыкацілі! – сваім вачам
не верыць Верабейка.
Накачаўшы меншых снежак, Надзя, Вера і Ігар зляпілі
тулава, шыю, галаву.
Што ж яшчэ прыдумаць, каб Снегавік прыгожа выглядаў?
-- Мы яму на галаву кепку надзенем, – здагадалася
Надзя і пабегла ў пад’езд.
Неўзабаве вярнулася, у выцягнутай руцэ сінюю кепку
трымае.
-- Татава! Ён ужо не носіць яе!
Ігар узяў у Надзі кепку, пакруціў у руках і надзеў
Снегавіку на галаву. Папрыгажэў Снегавік.
Верабейка апусціўся з галінкі на асфальт і злосна
прашчабятаў:
-- Рук у вашага Снегавіка няма! Няма рук!
-- Будуць! – сказаў Ігар і, скачаўшы дзве снежкі,
Снегавіку прыляпіў. Потым знайшоў невялікую фанерку, паклаў яе на гэтыя рукі і
семачак насыпаў. Стаіць Снегавік, на выцягнутых руках фанерку з семачкамі
трымае.
Верабейка скача на асфальце, а да Снегавіка не
набліжаецца. Што, калі Надзя зноў на яго вадою пырсне?
-- Давайце адыдземся. Няхай пачастуецца Верабейка, –
прамовіла Надзя.
Дзеці падышлі да суседняга пад’езда, на лаўку селі. А
Верабейка ўзляцеў, затым апусціўся на фанерку, схапіў семачка і наўцёкі.
Надзя, Вера і Ігар глядзяць на яго, усміхаюцца.
“Кап-кап, кап-кап...” –капаюць важкія кроплі.
Вясна прыйшла.
ПА ДАРОЗЕ СА ШКОЛЫ
Цёплым вясновым днём хлопчыкі-аднакласнікі вярталіся
са школы. Хутка будзе ручай, а там і вёска побач, рукою падаць.
Перагаворваючыся, жартуючы, яны непрыкметна падышлі да
ручая.
-- Наш ручай сёння вунь як разліўся! – заўважыў Косця.
-- Ён кладку можа знесці, – занепакоіўся Алесь.
І сапраўды, вясенняя паводка сарвала кладку.
Да хлопчыкаў падышла бабуля. Яна, відаць, ужо даўно
была тут.
-- У госці да ўнучкі сабралася... Што рабіць, не ведаю.
– Бабуля бездапаможна развяла рукамі.
Хлопчыкі адышліся ўбок.
-- Давайце абыдзем ручай, -- прапанаваў Рыгорка.
-- Мы абыдзем, а бабуля і да вечару да сваёй унучкі не
дабярэцца, – не пагадзіўся Алесь.
-- Трэба новую кладку зрабіць! – рашуча рассек рукою паветра
Вова. – Хіба адна бабуля ў вёску ідзе? Уяўляеце, што будзе тут, калі сцямнее?
-- Давайце знойдзем бервяно і зробім кладку, –
падтрымаў Вову Алесь.
Бервяно ляжала каля ручая. Хлопчыкі ледзь змаглі
падняць яго: цяжкае вельмі. Так-сяк прынеслі і перакінулі на другі бераг.
Рыгорка зірнуў на бабулю і сказаў:
-- Яшчэ парэнчы трэба зрабіць.
Па абодвух баках бервяна хлопцы ўбілі ў зямлю калкі і
звязалі іх лазою -- атрымаліся парэнчы.
-- Пераходзьце, не бойцеся, – запрасіў бабулю Алесь і
першым праз кладку перабег, каб бачыла бабуля, што кладка надзейная.
Жанчына асцярожна ступіла на кладку, узялася рукамі за
парэнчы і, перайшоўшы на другі бераг, падзякавала:
-- Дзякуй вам, дзеткі.
Весела перагаворваючыся, аднакласнікі пабеглі ў вёску.
ПАДЗЯКА
На прыгуменні выраслі суніцы. Першым кусцікі суніц
заўважыў малы Алесь.
-- Тата, глянь! У нас нейкае новае зелле з'явілася. Я
яго зараз вырву, -- сказаў ён і рашуча накіраваўся да кволенькіх зялёненькіх
кусцікаў.
-- Не руш, Алесік, -- спыніў тата. -- Гэта суніцы.
Хутка яны зацвітуць і парадуюць нас салодкімі духмянымі ягадамі.
Алесь нагнуўся каля кусціка і прыўзняў сцябліну, якая
заканчвалася трыма тонкімі зубчатымі лісцікамі, падобнымі на незвычайныя
сэрцайкі.
-- Суніцы трэба абгарадзіць, каб гусі не патапталі, --
прапанаваў тата.
Алесь і тата абгарадзілі сямейку суніц калочкамі і
пайшлі ў хату.
Лагодныя вясеннія дзянькі прабягалі непрыкметна, як
прабягаюць шчаслівыя імгненні.
Бавячыся, Алесь забыўся пра суніцы, што выраслі на
прыгуменні.
Аднаго дня, раніцай, тата прынёс талерку, на якой
ляжалі чырвоныя ягады.
-- Частуйся суніцамі з прыгумення, сынок!
-- Яны выраслі, не патапталі іх гусі! -- усклікнуў
Алесь і ўзяў з талеркі макраватую ад расы і туману ягаду. -- Дзякуй табе, тата.
СЯБРЫ
Алесь па матэматыцы атрымаў двойку. Гэтую двойку настаўніца
Вера Іванаўна ў дзённік яму паставіла.
Хлопчык прыйшоў дамоў, разгарнуў дзённік, на двойку
глянуў і сціснуў кулакі.
-- У-у-у! З-за цябе маме настрой сапсую.
Алесю вельмі хацелася па двойцы кулаком стукнуць. Ды
што з таго! Усё роўна з дзённіка яна не ўцячэ. І балець ёй не будзе.
Алесь закрыў дзённік і задумаўся. Што зрабіць, каб
маме настрой не псаваць? Відаць, з сябрамі трэба параіцца. Яны нешта падкажуць,
дапамогуць.
Алесевы сябры – Косця і Рыгорка – непадалёку жывуць.
Ён заўжды з Косцем і цукеркамі, і пячэннем падзеліцца. А з Рыгоркам у адной
футбольнай камандзе гуляе.
Прыйшоў Алесь да Косці, запытаўся:
-- Што зрабіць, каб двойка маме настрой не сапсавала?
Парай!
-- Дзённік схавай.
-- Мой дзённік мама кожны вечар правярае. Яшчэ горш
будзе, калі даведаецца, што схаваў.
-- Думай! На тое галава ў цябе. А мне адпачыць трэба.
Стаміўся я, -- сказаў, як адрэзаў, Косця.
Алесь апусціў галаву і да Рыгоркі накіраваўся.
-- Рыгорка, мая двойка па матэматыцы маме настрой
сапсуе. Што рабіць?
-- Табліцу множання вывуч і маме сёння ж раскажы. Калі
аднаму цяжка, разам павучым, -- прапанаваў Рыгорка.
-- Ты, напэўна, не адпачыў пасля ўрокаў, -- сказаў
Алесь.
-- Адпачыў, не хвалюйся.
Цяжка ўздыхнуў Алесь:
-- Што ж, будзем вучыць. Ты ў мяне пытайся, а я буду
адказваць. Так лягчэй запамінаецца.
Рыгорка і Алесь селі на канапу. “Два памножыць на
пяць”. “Дзесяць”. “Два памножыць на сем”. “Шаснаццаць”. “Не, чатырнаццаць. А
колькі будзе два памножыць на восем?” “Шаснаццаць”.
Вывучылі на “два”, на “тры” пачалі вучыць.
-- Можа, на сёння хопіць? У футбол трэба пагуляць, --
уздыхнуў Алесь.
-- Мы ж з табою дамовіліся! – напомніў Рыгорка.
Зноў сталі вучыць. На “два” вывучылі, на “тры”
вывучылі і нават на “чатыры”. Усё-ўсё вывучылі, што Вера Іванаўна на дом задала.
Радасна на душы ў Алеся, радасна на душы ў Рыгоркі.
НОЖЫК
Упёршыся абедзвюма рукамі, Дзіма адчыніў шэрыя
металічныя дзверы пад’езда і выйшаў на двор.
Непадалёку на асфальце шчыльным колам стаяць хлопчыкі
з суседніх пад’ездаў. Як відаць, захопленыя нейкай цікавай гульнёй, яны дружна
і весела рагаталі.
Дзіма намацаў у кішэні ножык і цвёрдым, упэўненым
крокам накіраваўся да хлопцаў.
Ножык-складанчык сёння Дзіму падарыў тата.
-- Вось табе мой падарунак, грыбнік, -- сказаў,
усміхнуўшыся.
Так, Дзіма часта з бацькам ходзіць па грыбы, любіць іх
збіраць, асабліва баравікі і падасінавікі. Цяпер у яго як у сапраўднага
грыбніка ёсць ножык. Зараз ён пакажа яго хлопцам, быццам незнарок выцягнуўшы з
кішэні. Канешне, яны здзівяцца і, напэўна, пазайздросцяць яму.
Дзіма наблізіўся да сяброў і ад неспадзеўкі шырока
расплюшчыў вочы, падобныя на два чорныя гузічкі.
У цэнтры жывога кола на кукішках сядзеў Дзімаў
аднакласнік Юра (яны сёлета перайшлі ў чацвёрты клас) і двума пальцамі трымаў
тонкую белую нітку, якая была прывязана за левую лапку маленькага натапыранага
верабейкі.
-- Вы тут што робіце? – вырвалася ў Дзімы.
Пачуўшы Дзімаў голас, верабейка ўстрапянуўся і
прыўзняў ускудлачаны хвост, як бы намерваючыся ўзляцець у неба.
“Ён зразумеў, што я яго шкадую, спадзяецца, што дапамагу”,
– падумаў Дзіма і мацней сціснуў у кішэні гладкую, адпаліраваную ручку ножыка.
-- Мы гуляем! – павёў шырокімі плечукамі Юра і з сілай
пацягнуў за нітку.
Верабейка нязграбна бокам упаў на асфальт і затрапятаў
правай лапкай, намерваючыся скінуць з левай абрыдлую нітку.
Хлопцы зарагаталі, загудзелі, усцешаныя, а верабейка
прыўстаў і затрос цёмна-шэрай галоўкай. На ягоным горлачку, прабіваючыся праз
ускудлачанае пер’е, захадзіла, запульсавала нейкая жылачка. Бываючы з бацькам у
лесе, Дзіма не раз і не два назіраў за птушкамі, любаваўся імі, слухаў іхнія
спевы.
-- Чуеш, сынок, як стараюцца сябры нашы
меншыя? – аднаго разу заўважыў бацька.
“Меншым звычайна дапамагаюць большыя. Выходзіць, мы,
людзі, птушкам павінны дапамагаць”, – тады адзначыў пра сябе Дзіма.
-- Птушка, камячок пер’я, можна сказаць, а таксама
нешта разумее, -- зірнуўшы на Дзіму, важна, як знаўца, прагаварыў Юра.
Дзіма нагнуўся, хацеў пагладзіць верабейку, а ён зусім
сцяўся, прыціснуўся да зямлі.
-- Разумее, баіцца! – засмяяўся Юра, паказаўшы
шчыльныя, востранькія зубкі.
Дзімава рука застыла ў паветры.
-- Ты як яго злавіў?
Вераб’і, ведаў Дзіма, птушкі хітрыя, асцярожныя, у
рукі не даюцца.
-- Акно на кухні адчыніў і крошак хлеба на стол
насыпаў. Ён пазіраў, пазіраў здалёку, не вытрываў і заляцеў на кухню. Тут я з
кута выскачыў і шапкай яму як даў! З першага разу пацэліў, не верыш? Думаў, што
забіў ці пакалечыў. Аж не! Як бачыш, жывы, цэленькі застаўся, -- кароткім
тоўстым пальцам Юра дакрануўся да белай папярочнай палоскі на крыле.
Верабейка адкрыў дзюбку і жаласна ціўкнуў.
-- Просіцца каб выпусціў, -- зноў важна, як знаўца,
прагаварыў Юра.
-- А ты выпусці! Выпусці яго! – падхапіў Дзіма і
дастаў з кішэні новенькі бліскучы ножык. – Я нітку перарэжу, давай.
-- Бацька купіў яму ножык, па грыбы будуць хадзіць, --
выказаў здагадку адзін з хлопчыкаў.
-- Але, -- кіўнуў галавою Дзіма і прамовіў з надзеяю:
-- Я перарэжу?
Юра надзьмуў шчокі. Ягоны твар стаў падобны на спелую
порхаўку.
-- Шкадуеш вераб’я?
-- Шкадую, -- прызнаўся Дзіма.
-- Свой ножык мне аддай, на зусім. За ножык выпушчу.
Хлопцы перасталі гаманіць, сцішыліся.
“Вух!” – з грукатам зачыніліся ў пад’ездзе цяжкія
металічныя дзверы.
Дзіма ўздрыгануў.
-- Аддасі? – напомніў Юра. Па ягоным загарэлым ілбе
прабегла маршчынка, падобная на павуцінку.
Дзіма непрыкметна змахнуў рукавом дзве слязінкі, што
набеглі на вочы-гузічкі.
-- Ну! – прыўстаў Юра.
-- Аддам, але спачатку нітку на лапцы перарэжу.
Дзіма ўзяў верабейку і вострым лязом ножыка асцярожна
разрэзаў на лапцы туга завязаную нітку. Затым адышоўся ўбок, падкінуў птушку
ўгору і ціха сказаў:
-- Ляці, верабейка!
ЦЯПЛО СУНІЦ
Колы павольна перамолваюць сухую, выезджаную
каляіну, падбіраючы пад сябе затоеную ў маўклівасці лясную дарогу.
Усё жывое зашылася ў цень, толькі авадні не
даюць спакою. Як ашалелыя, носяцца ў паветры, хмараю апускаюцца на бліскучую
спіну Гнядога, на ногі, лезуць у вочы.
Дзяніска сядзіць высока на сене. Яму добра
відаць, як конь у адчаі адмахваецца хвастом, касавурыць слязлівыя вочы.
-- Каб на вас немач, ненажэрныя! – часам
усклікае бацька, спрабуючы адагнаць аваднёў альховаю галінаю, лісце на якой,
нядаўна зялёнае, сакавітае, на вачах звяла, страціла сваю жывую пругкасць.
Як ні ўвіхаецца бацька, цяжка яму ўратаваць
Гнядога. Дзяніску шкада і каня, і бацьку, які ўжо каля гадзіны тупае спякотаю
за возам. Удвух, вядома, было б лягчэй бараніцца ад аваднёў, ды вельмі ж добра
прымасціўся на сене. Злазіць з воза і таптаць босымі нагамі гарачы пясок не
дужа хочацца.
-- Тата, а мо дапамагчы табе? – усё ж не
вытрымаў, спытаў хлопчык, зірнуўшы на бацьку з воза.
-- Не трэба, -- махнуў
рукою бацька.
А сонца паліць, перасохла ў горле, мучыць
смага.
Маці, адпраўляючы іх на сенажаць, наліла
трохлітровы слоік вады, але там яны да кропелькі асушылі яго.
-- Піць захацеў? – заўважыў бацька. – Пацярпі
крыху. Хутка нап’ешся з ручая ляснога.
Калі глядзець зверху, бацька здаецца малым,
нязграбным. Дзяніска бачыць яго прапыленыя, цяжкія кірзавікі і дзіву даецца,
што бацька можа мераць імі дарогу, што яму зусім не хочацца залезці на воз, на
мяккае сена. Калі шчыра прызнацца, Дзяніска хацеў бы бачыць свайго бацьку не
гэткім. Вунь у іншых бацькі на трактарах, грузавіках працуюць, а яго, апрача
лейцаў, ніводнага разу нічым і не кіраваў. Хаця б матацыкл прыдбаў. Тады і
Дзяніска, з гонарам гледзячы на сяброў, пракаціўся б па вуліцы. Спытаў неяк пра
гэта Дзяніска, а бацька сказаў яму:
-- Мне матацыкл не даспадобы. Ты вучыся добра.
Табе і куплю.
Не хутка яшчэ тое будзе. Але Дзяніска верыць,
што бацька стрымае слова, бо, як кажа маці, на чым ён стаіць, з таго не сыдзе.
Так і вясною было. Грушу-дзічку, якая за
прыгуменнем на мяжы расла, у гародчык перасадзіў. Паўдня выкопваў, бо ў сілу
ўвабралася, паспела добра ўкараніцца. Потым у гародчыку да поўначы яму капаў.
Маці падыходзіла колькі разоў, прасіла:
“Пакінь. Трускалкі загубіш”. Бацька ж казаў упарта: “Там межы заворваць будуць.
Прападзе груша”. І суседзі, прыходзячы, на яму дзівіліся: “Ці не намерыўся ты, Іван,
сюды бульбу сыпаць?”
А бацька шпурляў моўчкі зямлю ім пад ногі. І
Дзяніска таксама побач круціўся, пакуль маці ў хату не загнала. Карцела
спытаць, чаму добрую садавіну бацька тут не пасадзіць, ды пабаяўся, што
ўгневае.
Калёсы ж, як цягавіты працаўнік, тым часам
адольваюць нялёгкія метры дарогі. Дзяніска паглядае на кучаравы бярэзнік, праз
які пралягла высакавольтавая лінія. Крайнюю апору шапкаю пакрыла буслінае
гняздо. Самога бусла, праўда, не відаць. Дый дзіва было б, каб сядзеў тут
спякотаю.
“Вух, вух!” – нечакана данесліся два выбухі.
За імі – яшчэ два і, счакаўшы, зноў некалькі.
-- Каб дажджу не было, – выказвае ўголас
Дзяніска трывожную думку.
-- Эх ты, – пасмейваецца бацька, – хіба не разабраўся,
што карчы рвуць?
Дарога ўжо спадае ў нізіну. Паабапал стаяць,
дружна пабраўшыся адна за другую, разгалістыя камлюкаватыя яліны. Сям-там між
іх, заціснутыя, адзінока гараць свечкамі каржакаватыя, у плямінах счарнелай
кары бярозы.
“Дзінь-дзінь, дзінь-дзінь!” – весела будзячы
лясную дрымоту, зазвінелі цуглі.
-- Тпру-у-у! – нацягвае лейцы бацька і,
наматаўшы іх за хваінку, што прыткнулася да дарогі, выстаўляе рукі і кажа: – Скачы
жвавей. Лясной вады пакаштуеш, а заадно і падсілкуемся.
Дзяніска забірае сетку-клумачак, куды маці
напакавала сняданак, і нехаця спаўзае з воза.
У целе млявасць, якая звычайна бывае пасля
неспакойнага сну, і няма аніякага жадання ісці куды.
-- Не
раскісай, мужчына! – падбадзёрвае бацька, апускаючы Дзяніску на зямлю.
Ледзь прыкметная сцяжынка, аббягаючы стромкія
дрэвы, бухматыя лазнякі, вядзе за сабою ў лясную глыб.
Праз які дзесятак крокаў бацька, неспадзявана
для Дзяніскі, кленчыць ля купкі кветак.
-- Ты
нічога не заўважаеш? – пытаецца ён, не адрываючы ад кветак позірку.
Дзяніска стаіць воддаль. За цалюткае лета
паспеў наглядзецца на кветкі.
-- Хіба не бачыш пчолку? – зноў турбуе бацькаў
устрывожаны голас.
Перасiльваючы млявасць, Дзянiска ступае на крок
бліжэй.
Сапраўды, на жаўтаватай, прыплюснутай да зямлі
кветачцы, прымасцiлася пчолка, нямоглая, з натапыранымi крыльцамi. 3даецца,
ледзьве трымаючыся на гэтым жаўтаватым вяночку, яна чарапахаю паўзе ўкруга.
Часам спыняецца, бы прынюхваючыся. Ды гэты вяночак ёй, відаць, не даспадобы.
Узмахнула крыльцамi i пераскочыла на другi.
--
Э-э-э-х!-- працягла ўздыхае бацька.
І гэтае «э-э-э-х» вырываецца нечакана, як сонны
дзіцячы крык. Тут пераплялiся разам і невыказная турбота, і адчай, што палонiць
душу тады, калі ўсё iдзе насуперак тваім жаданням.
Вочы ў бацькi затканы смуткам і, перш чым
адысці ад гэтай адзiнокай пчолкi, ён глядзіць на Дзянiску, быццам чакаючы якое
спагады.
-- Пажывы знайсцi не можа. Кветка і тая
без дажджу гіне, -- ціха шэпча ён.
Чым далей ад дарогі, тым болей аддае
вiльгаццю, прахалодаю.
-- І дзе ж тая рачулка? – пакутуе ад
нецярплівасці Дзянiска.
А яна, схаваная ў густым арэшнiкy, выблiснула
неспадзявана, зачараваўшы мiжволi пагляд. Праўда, невялiчкая. Разагнаўшыся, дык
і пераскочыць можна. Вады недзе па калена, але чыстая, нават бачны жучок, што
затaiўся ля гнiлyшкi, абведзенай зялёнаю раскаю. Крыху воддаль прабег даўганогi
павучок, пакiнуўшы на момант рабацiнне-дарожку.
Далей копкаю сена выciццa невысокі зруб. Бярвеннi,
счарнелыя ад дажджоў, дбайнаю рукою шчыльна прыгнаны адно да дрyгoга. Зверху
прыцiснула яго да зямлі накрыўка. Крайняя дошка, нядаўна даточаная, блiскаціць
габляванаю навізною.
-- Тут і прыпынімся, --з палёгкаю
ўздыхае бацька, кiруючыся да зруба.
-- Стой! Назад! Узарвешся! – пачуўся гучны крык.
Бацька, які ішоў наперадзе, застыў ад
неспадзеўкі.
-- Кладзiцеся!..
Зруб!.. Узарвецца!..
Перш чым Дзяніска паспеў разгледзець бікфордаў
шнур, які гадзюкаю затaiўся пад счарнелымі бярвеннямі і там дыміўся, тлеючы,
са злосным шыпеннем, бацька знячэўку тузануў яго за плячо: “Не падыходзь!”, а
сам кінуўся да зруба, ірвануў шнур... «Тол закладзены», -- дайшло да Дзяніскi.
3 прыбярэжнага алешніку выйшлі два маладыя
хлопцы. Адзін высокi, кучаравы, другі менш зграбны. «Тыя, што карчы рвуць», – мільганула
думка.
-- Крычу, а ты лезеш. Жыць надакучыла? -- працадзіў
праз зубы кучаравы, нядобра зіркаючы на бацьку.
-- А ты, паганец, што сярод белага дня вытвараеш? У
міліцыю захацеў? -- бацькаў твар збялеў, ніжняя губа дрыжыць ад гневу.
Кучаравы, відаць, узяў сябе ў рукі, сказаў
наўмысна абыякава:
-- Гэтае дапатопнае стварэнне хацелі ў паветра
пусцiць. Было б з-за чаго сварыцца.
-- У паветра?.. Чаму?.. Перад законам адкажаш! – бацьку не хапала слоў, не
хапала паветра, і ён задыхаўся.
-- Ты нас, дзядзька, не палохай законам. Мы яго і самі добра вывучылі. Ніхто за такую старызну цягаць
не будзе. Iнакш мы не збiраліся б пускаць яе ў паветра. Дый не тваё яно,
нічыйнае, можна сказаць, і ты нам не ўказ.
-- Не ўказ? Нічыйнае? Ёсць закон! – бацька схапіў
за грудзі кучаравага.
Спрытна выслізнуўшы з бацькавых
рук, кучаравы з сілаю штурхануў бацьку, і той, падаўшыся назад, асеў на зямлю.
-- Ану іх, не
звязвайся, -- пацягнуў кучаравага за руку другі хлопец.
Таропка звярнуўшы ў кусты, праз
хвіліну яны схаваліся ў гушчары.
На душы ў Дзянiскi разгубленасць,
а вочы, дагэтуль сухія, дапытлівыя, цяпер – два салёныя маленькія азярцы – з
жалем пазіраюць на бацьку.
Бацька падышоў да Дзянiскi і сваёю
заскарузлаю, патрэсканаю далонню пагладзіў яго непадатлівы віхор.
-- Супакойся, Дзянiска. -- І, хітра прыжмурыўшыся,
засмяяўся: -- Такі ж выйгралi мы бiтву. Уцяклі яны, спалохаліся. Дык
падсілкуемся, адзначым перамогу. – І смех яго, бездакорна чысты, звонкім рэхам
азваўся ў Дзянiскавай душы.
Бацька прыносіць аднекуль берасцяны кубак. Зачарпнуўшы
да краёў, працягвае Дзянiску:
-- Пі! Чысцейшай,
як тут, не знойдзеш.
Нягледзячы на тое, што вада
сцюдзёная, аж зубы заходзяцца, Дзяніска п'е прагна, не адрываючыся, і
размяклае, стомленае цела ажывае, поўніцца сілаю.
За ім п'е бацька, спакваля, не спяшаючыся, быццам
робіць якую важную справу, толькі дробна, хутчэй за ўсё ад перажытaга, дрыжаць
кончыкі пальцаў.
-- Пакажы, Дзяніска, што маці для нас
падрыхтавала, -- далонню выцершы губы, звяртаецца бацька, і сам, відаць,
задаволены.
Невялічкія, таўсматыя, як адзін, агуркі, у
карычневых прожылках скрылікі сала, нарэзаны роўнымі лустачкамі хлеб – усё
гэта парадкуецца бацькам на разасланую газету.
Дзяніска, як і бацька, кладзе скрылікі сала на
хлеб і есць з агурком. А высокая, парыжэлая на сонцы трава – пяшчотныя
сястрычкіны пасмы – лашчыць вуха, і хацелася б так доўга ляжаць, нікуды не адыходзячы,
ні пра што не думаючы.
-- Ты, Дзяніска, не ведаеш, чаму я дзічку ў гародчык
перанёс, -- раптоўна заводзіць гаворку бацька. -- І маці не ведае. А яе мы з
дзедам тваім на прыгуменні садзілі. Слабы ўжо ён быў. Кажа: “Хутка ўнучак
падрасце, няхай ласуецца грушамі. Яны хоць і дзічкі, але не ад'есціся, як у
сене паляжаць”. Мудры быў твой дзед, Дзяніска. Вядома, культурная груша альбо
яблык смачнейшыя. А з'еў, дык і забыўся. А дзічкі – зусім не тое. І на дрэве
сядзяць як не да зімы, бы чакаюць, пакуль уся астатняя садавіна не з'есца. Там
былі і яблыкі, там і грушы, там і слівы розныя. І ўсё смакам вабіць. Дык хіба
выбераш што, ацэніш, як трэба. А дзічка – яна адна. Ды адразу, з налёту, яе не
з'ясі. Яшчэ клопат патрэбен. Свежага сена падбярэш, пакладзеш туды грушы, у
дзень па дзесяць разоў наведвацца станеш, на смак спрабаваць. А ці кепска пад
такой грушай на лаўцы ў цяньку
пасядзець? Тут і ўнукі сядзець будуць, пацікавіцца каторы, хто пасадзіў яе. А
мне тут: «Хай карчуюць. Не будзе страты”. І тыя, -- бацька з агідаю сплюнуў, --
думаюць, што, разваліўшы зруб, нікому ад таго страты не прынясуць, бо,
па-іхняму, нічыйны ён, нейтральны, гэта значыць. Маладыя, не разумеюць таго,
што зруб здавён людскімі рукамі збудаваны і беражэцца рукамі людскімі. Яны,
рукі, не для глуму дадзены. І той, хто зруб тут ставіў, можа, тое і нам
падказаць хацеў. Дзяды нашы закону не зналі, а мудра судзілі. Ды ці ёсць на зямлі
што нічыйнае? Нават пустка і тая сваё прызначэнне мае. Значыць, патрэбны некаму
і рачулка, і дзічка, і ягада, што ля рачулкі расце.
Падняўшыся,
бацька сарваў некалькі суніц-пацерак, што грэліся побач на сонцы, падаў
Дзяніску:
--
Пакаштуй.
Дзяніска
моўчкі ўзяў спелыя ягады.
-- 3асядзеліся мы, Гняды ўжо зачакаўся. У дарогу
пара, а яна ў нас з табою нялёгкая, -- ціха сказаў бацька і рушыў па сцяжынцы.
Ідзе ён спаважна, па-гаспадарску, а за ім
Дзяніска басанож крочыць. У роце растаюць прагрэтыя суніцы. І доўга яшчэ, едучы
на возе, а, магчыма, і не толькі едучы на возе, будзе адчуваць ён іх цяпло,
аддадзенае ці то шчодрым сонцам, ці то бацькавай напрацаванай далонню.
Казкі
ХТО Ж ВІНАВАТЫ?
Выйшла раніцай з хаты Мядзведзіца-гаспадыня: у адной
лапе трымае конаўку, у другой – эмаліраванае вядро, а на поясе яшчэ і бітончык
матляецца. Убачыла яе Ліса, пацікавілася:
-- Куды ідзеш, шаноўная?
-- Па маліны! – весела адказала Мядзведзіца-гаспадыня.
– Сёлета наш маліннік аж ломіцца ад ягадаў.
Ляцела Сарока, пакружылася, пакружылася ды як
засакоча:
-- Хтосьці ваш маліннік патаптаў!
-- Няпраўда, -- не верыць Мядзведзіца-гаспадыня. –
Учора сама правярала. Цэлы наш маліннік.
-- Учора быў цэлы, а сёння патапталі, -- сакоча
Сарока. – Патапталі, патапталі!
Мядзведзіца бягом назад у хату.
-- Уставай, лежабок! – будзіць Мядзведзя-гаспадара.
А той варочаецца, коўдру на галаву нацягвае.
-- Уставай. Наш маліннік патапталі! – плача
Мядзведзіца-гаспадыня.
Скакаў непадалёку Заяц.
-- Чаго яны з самага ранку раскрычаліся? – пытаецца ў
Лісы.
-- Іхні маліннік патапталі, -- кажа Ліса.
-- Хто?
-- Воўк.
-- Ты бачыла?
-- А хто ж яшчэ па начах цягаецца? – павысіла голас
Ліса. – Скажы Мядзведзю. Няхай шкуру спусціць з нягодніка.
“Трэба сказаць. Яшчэ і да мяне ў агарод Воўк
уваб’ецца, капусту знішчыць”, -- падумаў Заяц.
Выйшлі з хаты Мядзведзь-гаспадар і
Мядзведзіца-гаспадыня. А Заяц тут як тут.
-- Добры дзень, -- прывітаўся.
-- Паганы ў нас дзень, -- нахмурылася
Мядзведзіца-гаспадыня. – Нехта ўвесь наш маліннік патаптаў.
-- Воўк! – падказаў Заяц. – Ён па начах цягаецца.
Трэба з яго шкуру спусціць.
-- Я з яго не адну, а сем шкур спушчу, -- забурчаў
Мядзведзь-гаспадар. – Хадзем, разам пашукаем нягодніка.
-- Хадзем, -- пагадзіўся Заяц.
Пайшлі Мядзведзь з Зайцам Ваўка шукаць. І Ліса за імі
пацягнулася. Паўдня блукалі па лесе. Няма Ваўка, як згінуў дзе.
Натаміліся, прыселі адпачыць. Аж бачаць: Воўк ідзе па
дарозе.
Ускочыў Мядзведзь – і за каўнер яго.
-- Прызнавайся!
У Ваўка вочы на лоб палезлі.
-- Што ты ад мяне хочаш, шаноўны?
-- Навошта мой маліннік патаптаў?
-- Не таптаў я твайго малінніку! – калоціцца Воўк.
-- Па-добраму прызнавайся, бо шкуру спушчу.
-- Не таптаў я малінніку. У брата гасцяваў, дома не
начаваў, -- лекаціць Воўк.
-- Ідзі са мною, -- буркнуў Мядзведзь. – Пакажу, дзе
ты маліннік патаптаў. Там і правучу цябе.
Цягне Ваўка сілком за сабою, а насустрач
Мядзведзіца-гаспадыня шыбуе. Убачыла іх, сумелася.
-- Адпусці Ваўка. Цэлы наш маліннік. Я адтуль іду.
У Мядзведзя-гаспадара і дубец з лапы выпаў. Адпусціў
ён Ваўка, на Мядзведзіцу-гаспадыню зірнуў няласкава.
-- Дык чаго ты на ўвесь лес раскрычалася?.. Маліннік
патапталі!.. Я з Ваўка хацеў сем шкур спусціць...
Апусціла вочы Мядзведзіца-гаспадыня, апраўдваецца:
-- Я пра Ваўка не казала. Заяц прыдумаў.
-- Ліса мне шапнула, што Воўк маліннік патаптаў, --
затросся Заяц.
-- Я тут не пры чым, -- завіляла хвастом Ліса. –
Сарока пра маліннік налапатала. Яна і вінаватая.
Мядзведзь падумаў, падумаў і пагадзіўся:
-- Але, Сарока вінаватая. Яна звады нарабіла.
А Воўк нічога не сказаў. Паплёўся ў лес, лапай слёзы
размазваючы.
ЛЕДЗЯНЫЯ ЗЯРНЯТКІ
Тата і мама паехалі на рынак: бульбу прадаць, каб
Насці новыя чаравічкі купіць. Перад ад’ездам мама папярэдзіла Насцю:
-- Дачушка, чужым дзверы не адчыняй. Хоць у нас хата і
небагата...
-- Ведаю! Не раз чула, як ты мне казала: “Хоць у нас
хата і небагата, але ёсць такія, што і на гаршчок паквапяцца”, -- перапыніла
Насця.
Мама ўздыхнула, пацалавала дачку ў ружовенькую шчочку
і выйшла з хаты.
Насця падбегла да акна. За акном сняжынкі кружацца,
дрэвы стаяць у белых снежных шапках. Мама ўжо сядзіць на санях, а тата паганяе
сівенькага коніка, з ласкай вымаўляючы:
-- Но-о! Но-о!
Страсянуўшы галавою, конік пацягнуў за сабою сані.
Зарыпелі палазы на марозе.
Насця на развітанне памахала рукой і адышлася ад акна.
Чым жа заняцца, каб самой не сумаваць і бацькоў пасля прыезду парадаваць?
“У хаце парадак навяду”, -- вырашыла дзяўчынка і,
закінуўшы за спіну тоўстую касу, стала падмятаць падлогу. Падмятае, песеньку
спявае, якую сама ж на хаду прыдумала:
Хто раненька ўстае,
Таму сам
Бог дае.
І
я раненька устала,
Усё
чысценька прыбрала.
Падмяла падлогу, ніводнай смяцінкі не пакінула. Чым жа
яшчэ заняцца? Зімовы дзень хоць і кароткі, ды без бацькоў доўга цягнецца. Вось
каб ружовенькі піражок спячы і пачаставаць ім татульку і матульку! Узрадаваліся
б яны. Але ж у хаце нават жменькі мукі няма.
Толькі так падумала Насця, як у дзверы хтосьці гучна
пастукаў: тук-тук-тук...
Стук прагучаў так нечакана, што ў Насці ад нечаканасці
сэрцайка ўздрыганула.
-- Хто там?
З-за дзвярэй пачуўся глухі прастуджаны голас:
-- Падарожны! Прыйшоў дапамагчы табе. Ты ж хочаш спячы
піражок. А мукі ў вас няма ні грама.
Шчокі ў Насці пачырванелі, сталі гарачыя, як агонь.
Няўжо добры чараўнік прачытаў яе думкі і прынёс мукі, каб яна змагла спячы
піражок?
Кірпатым носікам дзяўчынка прытулілася да дзвярэй,
стараючыся праз шчылінку разглядзець падарожнага. Але за дзвярыма быў паўзмрок,
і яна анічога не ўбачыла.
-- Насця, адчыні дзверы. Я з дабром прыйшоў.
-- Мама мяне вучыла, каб...
-- Кепска яна цябе вучыла, -- перапыніў Насцю
незнаёмы. – Людзям трэба давяраць. Што ж, пайду я. Няпрошанаму госцю і пад
лаўкай месца няма.
"Ён зараз пойдзе і панясе муку, якую з сабою
прынёс. А так хочацца спячы піражок!" -- падумала дзяўчынка і, адкінуўшы
кручок, адчыніла дзверы.
-- Заходзьце, чараўнік!
У хату ўвайшоў тоўсты Пацук у чырвоных ботах.
-- Ой! – усклікнула Насця і адступілася. Яна вельмі
баялася не толькі пацукоў, але і звычайных шэрых палявых мышэй.
-- Не бойся мяне, Насця. – Пацук працягнуў лапу, у
якой трымаў пшанічны каласок. –
Вазьмі гэты каласок, дастань з яго зярняткі, пакладзі іх на бляху, пасадзі ў
гарачую печ, і неўзабаве з’явіцца ружовенькі піражок.
Насця апусціла галаву, каб не бачыць агіднага Пацука.
-- Не!
-- Вазьмі! – Пацук расціснуў Насціны пальцы і паклаў
на далоньку пшанічны каласок. Зярняткі ў каласку былі халодныя-халодныя.
-- Яны зусім ледзяныя, -- ледзь раскрываючы вусны, прамовіла
дзяўчынка.
-- Не дзіва! – у вусы ўсміхнуўся Пацук. – З-пад снегу
вырас каласок.
-- Вырас цяпер, зімою?
-- Цяпер, зімою. Насця, зрабі так, як я вучыў цябе, --
не пашкадуеш, -- прагаварыў Пацук і, задаволены сабою, выйшаў з хаты.
Насця стаяла як у сне. Пшанічны каласок ледзяніў ёй
пальцы. “А гэты Пацук не такі страшны, як мне спачатку здалося. Можа, ён
сапраўды добры чараўнік, які чамусьці перакінуўся ў пацука?” – падумала яна і,
дастаўшы з каласка зярнятка, кінула яго на бляху, што стаяла на прыпечку. Потым
дастала другое зярнятка, трэцяе, чацвёртае... І вось ужо ўсе зярняткі,
прадаўгаватыя, тоўстыя, ляжаць на блясе. Падпарадкоўваючыся няведамай сіле,
Насця пасадзіла бляху ў печ, якая была яшчэ гарачая. Зярняткі падскочылі ўгору,
і на вачах у дзяўчынкі на блясе з’явіўся вялікі ружовы піражок.
Насця качаргою выцягнула бляху з печы і села на
табурэтку, не зводзячы вачэй з піражка. Час для яе спыніўся. Яна не адчувала
часу. Ёй так захацелася пакаштаваць піражок, што аж слінкі пацяклі. “Адламлю
кавалачак. Тату і маме хопіць”, -- падумала яна і, адламаўшы кавалачак піражка,
узяла ў рот. Ён быў халодны і смачны, як марожанае. Насця праглынула яго, а
затым адламала другі кавалачак, трэці, чацвёрты, пакуль не з’ела ўвесь піражок.
На двары зарыпелі палазы саней, і пачуўся бадзёры
татаў голас:
-- Тпру, конік!
У хату ўбегла мама. Насця сядзела на табурэтцы,
безуважная да ўсяго.
-- Дачушка, я табе новыя боцікі купіла! – паведаміла
мама.
Насця нават не павярнула галавы.
-- Ты не чакала мяне? – з болем і адчаем прагаварыла
мама. Але дачка не пачула гэтага болю і адчаю. Яе сэрца стала ледзяным, як і
тыя зярняткі з пшанічнага каласка.
-- Не чакала! -- сказала яна.
-- Насцечка, ты, напэўна, захварэла! – Мама рукою
дакранулася да Насцінага ілба і адчула, што ён халодны-халодны.
Дзяўчынка варухнула плечуком.
-- Пусці мяне. Я цябе не ведаю. Ты чужая цётка.
Мама абняла Насцю і заплакала. Яе гарачыя слёзы
пацяклі па Насціным твары, а адна, самая гарачая слязінка, трапіла на грудзі,
якраз туды, дзе білася заледзянелае Насціна сэрцайка. Адчуўшы пякучую гарачыню
матчынай слязы, яно ўздрыганула, прабудзіўшыся ад халоднага сну, і адтала.
-- Мамачка! – закрычала Насця і ўскочыла з табурэткі.
Мама стаіць, анічога не разумее. У яе вачах усё яшчэ
боль і адчай.
Насця падняла ўгору пусты пшанічны каласок.
-- Мамачка, у мёрзлай зямлі вырасце хлеб, які нам дае
сілу? Як ты думаеш?
-- Мёрзлая зямля можа нарадзіць толькі ледзяное зерне,
– сказала мама і мяккаю далонню пагладзіла дачку па галаве.
ПРА СЯКЕРУ, ПІЛКУ, СЕЛЯНІНА ДАНІЛУ,
ВЕДЗЬМАКА І ЧОРНЫЯ МОЦЫ
Каля мастка
Жыла-была Сякера. Яна любіла і ўмела працаваць.
Бывала, на двары мароз трашчыць, мяцеліца вые, а Сякера ні траскучага марозу,
ні калючага ветру не баіцца: новую хату будуе. Вельмі ёй хочацца, каб людзі
хутчэй пад цёплай страхой сталі жыць.
Сякера людзей і ад злой сілы, ад Чорных Моцаў,
абараняла. Не раз і не два Чорныя Моцы ўцякалі ад яе. Узлаваўшыся, прыйшлі яны
да Ведзьмака.
Ён у гэты час на беразе рэчкі, каля мастка, на
сукаватай калодзе сядзеў і ад няма чаго рабіць на ваду глядзеў.
-- Мы каторы год добрых людзей са свету стараемся
звесці, свае чорныя сілы ў барацьбе трацім, бялеем ад злосці, ды не можам даць
рады людцам. Хутка зусім пабялеем і загінем усе, -- скардзяцца Чорныя Моцы.
Ведзьмаковы калматыя бровы прыўзняліся ўгору.
-- Хто вам перашкаджае добрых людзей знішчыць?
-- Сякера! – у адзін голас закрычалі Чорныя Моцы.
Вядзьмак сядзіць нерухома, лоб моршчыць, думае. А
Чорным Моцам нецярпіцца: крыўляюцца, тоўстыя шчокі раздзімаюць, вакол
Ведзьмака, што цені, мільгаюць. Нарэшце не вытрывалі, загаласілі:
-- Знішчы Сякеру!
-- Чаму самі яе не знішчылі? – запытаўся
Вядзьмак.
-- Не даецца нам у кіпцюры! Надта вёрткая!
Вядзьмак цяжка ўздыхнуў, а Чорныя Моцы зубамі
заскрыгіталі, застагналі, засвісталі. Такі вэрхал узнялі, што звяры і птушкі
перапалохаліся, у норы і гнёзды, як перад зацьменнем, пахаваліся.
-- Цішэй, чортава насенне! – устаўшы з калоды, тупнуў
нагою Вядзьмак.
Чорныя Моцы сціхлі, на Ведзьмака глядзяць. А ён сказаў
ім:
-- Я ў Сякеры розум адніму, і яна людзям пачне
шкодзіць. Людзі не сцерпяць і самі знішчаць яе, у гэтай рацэ ўтопяць.
Чорныя Моцы заўсміхаліся і пабеглі зубы тачыць, каб
добрых людзей поедам есці, калі Сякеры не будзе.
Хітры Вядзьмак тым часам дастаў з кішэні іржавы цвік
і, стукнуўшы каменем раз-другі, забіў яго ў сукаватую калоду, а плешку, каб не
была відаць, смалой замазаў.
Сякера якраз з лесу ў вёску ішла. Убачыўшы яе,
Вядзьмак першым здалёку прывітаўся:
-- Добры дзень, шаноўная.
-- Добры дзень, -- весела адказала Сякера.
-- Занядужаў я, аслабеў, -- раскашляўся Вядзьмак,
узяўшыся за грудзі. – У хаце ні палена дроў няма. Ці не змагла б ты цяпер гэтую
сукаватую калоду пакалоць?
-- Я заўжды дапамагаю, калі просяць мяне, -- прамовіла
Сякера і, падскочыўшы, вострым лязом гэхнула па калодзе. У самы цвік пацэліла,
затупілася і зусім забылася, што Каваль яе выкаваў для таго, каб працавала.
Разбураць і руйнаваць ёй захацелася. Яна так і заявіла Ведзьмаку:
-- Я хачу разбураць, ды не ведаю, з чаго пачаць.
-- На мастку дошку паламі, абухам як след стукнуўшы.
Хутка селянін Даніла сена на возе будзе везці. Пацешышся, калі кола воза на
мастку ў дзірку праваліцца, -- падказаў Вядзьмак і пайшоў, пасмейваючыся.
Сякера скокнула на масток. Па дошцы абухам што ёсць
сілы стукнула. Дошка застагнала і пашчапалася, паламалася. А Сякера за куст
схавалася, селяніна Данілу чакае.
Неўзабаве паказаўся воз з сенам. Каля воза селянін
Даніла ідзе, Коніка паганяе:
-- Но, Конік, но, маленькі!
Конік спыніўся каля мастка, бо адразу заўважыў, што
дошка паламаная. А селянін Даніла не бачыць гэтага. Па спіне Коніку ляйчынай
сцебануў.
-- Но! Но!
Паслухмяны Конік ступіў на масток. “Туп-туп-туп”, --
капытамі затупацеў, павёз воз. Затарахцелі колы. Ды адно з іх правалілася ў
дзірку, і пахіліўся воз. Конік стаіць, трасе галавою, незадаволены,
перапалоханы.
Селянін Даніла прысеў на кукішкі і ў роспачы
ўсклікнуў:
-- Ай-я-яй!
Сякера вылезла з-за куста і селяніна Данілу
перадражнівае:
-- Ай-я-яй! Ай-я-яй!
Селянін Даніла адразу здагадаўся, хто на мастку так
папрацаваў, пастараўся. Да Сякеры ён падкраўся, схапіў яе і сказаў:
-- Утаплю, даражэнькая. Вельмі ж разышлася ты!
-- Не тапі мяне, Даніла! – перапалохалася Сякера.
-- Ты не тая самая Сякера, якая вясной мне хату
пабудавала? – запытаўся селянін Даніла.
-- Але, тая самая. Пашкадуй!
Селянін Даніла пакруціў Сякеру ў руках і прагаварыў:
-- Ты ж зусім затупілася! Вось чаму ашалела! Што ж,
дапамагу табе: навастру, станеш як новенькая. За дабро дабром плацяць.
Тым часам з вёскі людзі прыбеглі, селяніну Данілу воз
дапамаглі выцягнуць.
Прыехаўшы дамоў, ён першым чынам навастрыў Сякеру.
Спалі з яе Ведзьмаковы чары. Пабегла яна на масток. Да самага вечару працавала,
пакуль масток не адрамантавала.
Сякера і Пілка
Аднаго разу Сякера ў вёсцы гумно будавала. “Цюк ды
цюк, цюк ды цюк”, -- па бервяне цюкае, працуючы.
-- Добры дзень, шаноўная, – раптам пачулася.
Сякера павярнулася і ўбачыла незнаёмку: доўгую,
блішчастую, зубастую, выгінастую.
-- Добры дзень, -- адказала і пацікавілася: -- Ты хто?
Раней я цябе ў нашых краях не сустракала.
-- Я Пілка. Я бярвенні ўмею пілаваць, распілоўваць.
Магу распілаваць так роўненька, што не падкапаешся.
-- Давай сябраваць, разам працаваць, -- узрадавалася
Сякера. Яна даўно шукала надзейную памочніцу.
-- Давай, -- пагадзілася Пілка.
Сякера і Пілка разам узяліся за работу. “Цюк ды цюк,
цюк ды цюк”, -- цюкае Сякера. “Жых-жых, жых-жых”, -- стараючыся, пілуе Пілка.
А Чорныя Моцы думалі, што Ведзьмаку ўдалося знішчыць
Сякеру. Таму на вёску вырашылі напасці. Ляцяць з горкі і касматыя, і хвастатыя,
усе, як адзін, звераватыя. Ускочылі на масток і затупацелі, каб большы страх на
людзей нагнаць.
-- Хто гэта на мастку так раступацеўся? – пытаецца
Пілка.
-- Чорныя Моцы разышліся не на жарты, людзей хочуць
знішчыць. Трэба прагнаць іх, сяброўка! – гукнула Сякера і панеслася да мастка.
Пілка за ёю бяжыць, выгінаецца, звініць. Чорныя Моцы ўбачылі Сякеру з Пілкаю,
перапалохаліся, у лес уцяклі. Там Ведзьмака сустрэлі. Накінуліся на яго:
-- Ты паабяцаў нам, што знішчыш Сякеру! А яна
жывая-здаровая! Мала таго! Сабе сяброўку знайшла, выгінастую, зубастую!
-- Выходзіць, з Пілкай яна сустрэлася, -- адзначыў
Вядзьмак.
-- Чаму не знішчыў Сякеру, а з ёю і Пілку? Чаму не шкадуеш нас? Мы гінем, бялеем
ад злосці! – крычаць Чорныя Моцы.
Вядзьмак скрывіўся, нібыта ад зубнога болю.
-- Я, каб вы ведалі, у Сякеры розум адняў, затупіўшы
яе. Ды, як відаць, селянін Даніла дапамог ёй: навастрыў і розум вярнуў. Але я
не адступлюся. Сёння ж знішчу і Сякеру, і Пілку.
Чорныя Моцы павесялелі і ў сваё логава адправіліся
адпачываць. А Вядзьмак вечарком да мастка прыйшоў. Там Сякера сядзела і на
жвавых рыбак глядзела, якія пад мастком гулялі, наперагонкі плавалі.
-- Тваю сяброўку, здаецца, Пілкай зваць, -- распачаў
гаворку Вядзьмак, звярнуўшыся да Сякеры.
Сякера зірнула на яго, але не пазнала: ён знарок вусы
збрыў і саламяны брыль на самыя вочы нацягнуў.
-- Але, Пілкай зваць маю найлепшую сяброўку.
-- У тваёй сяброўкі язычок, што памяло! – прамовіў
Вядзьмак. – Абгаворвае цябе. Кажа, што яна дзень і ноч працуе, а ты не хочаш
працаваць, бо на мастку любіш адпачываць.
Сякера паверыла
Ведзьмаку, расхвалявалася. На вёску пазірае, Пілку чакае. А Вядзьмак за кустамі
схаваўся і цікуе.
А тут і Пілка бяжыць. На масток, да Сякеры, спяшаецца,
выгінаецца.
Незычліва сустрэла яе сяброўка.
-- Шаноўная, не сорамна табе плёткі пра мяне
распускаць?
-- Якія? – здзівілася Пілка.
-- Розныя! -- сказала Сякера і са злосці так
штурханула Пілку, што тая з мастка ў рэчку паляцела. І сама, не ўтрымаўшыся, у
рэчку ўпала, за Пілкай на дно пайшла, з вачэй прапала.
Вядзьмак ухмыльнуўся і пашыбаваў дахаты, напяваючы.
А Сякера і Пілка на дне рэчкі ляжаць. Рыбкі над імі
плаваюць, дзівяцца, роцікі шырока адкрываюць, быццам штосьці важнае хочуць
сказаць.
Канешне, сяброўкі ў рэчцы загінулі б, іржой
пакрыўшыся, калі б не селянін Даніла. Сэрца яму падказала, што з Сякерай і
Пілкай здарылася бяда. Ужо прыцемкам прыйшоў ён на рэчку. Вада ў рэчцы чыстая,
празрыстая. Кожны каменьчык на дне выдзяляецца. Убачыўшы Сякеру і Пілку,
селянін Даніла разуўся, залез у рэчку і вынес сябровак на бераг.
-- Прабач мне, Пілка. Я не хацела цябе ў рэчку
штурхаць. Незнарок так выйшла ў мяне, – папрасіла прабачэння Сякера.
Горкае зелле
На гэты раз Чорныя Моцы не спалі ў шапку, адразу ж
праведалі, што Сякеры і Пілцы ўдалося выратавацца. Знайшоўшы Ведзьмака, старую
песню завялі:
-- Ты нас да белага калення даводзіш. Мы ўжо
чорна-белыя, паласатыя. Неўзабаве зусім пабялеем і загінем, як многія людскія
незычліўцы гінуць, растварыўшыся, быццам соль у вадзе.
-- Селянін Даніла мне перашкаджае, -- сказаў Вядзьмак.
– Спачатку яго знішчу, а потым за Сякеру і Пілку вазьмуся.
Чорныя Моцы скрывіліся, перакасіліся.
-- Ты селяніна Данілу знішчыш? Не верым!
Вядзьмак дастаў з-за пазухі прыгожы драўляны кубак і
паказаў яго Чорным Моцам.
-- Назбірайце горкіх воўчых ягад, выцісніце з іх чорны
сок і напоўніце ім гэты кубак да краёў. Селянін Даніла цяпер на лужку сена
косіць. Калі стоміцца і захоча піць, я прыкінуся добранькім і паднясу яму
сок-атруту.
-- Селянін Даніла не стане піць чорны сок з воўчых
ягад! – крыкнулі Чорныя Моцы.
-- Я паваражу над ім, каб стаў смачны і чысты, як
крынічная вада, -- запэўніў сябрукоў Вядзьмак.
-- Селянін Даніла пазнае цябе!
-- Не пазнае. Я ж бараду адгадаваў. Бярыце мой кубак і
бяжыце хутчэй у самы гушчар, туды, дзе растуць воўчыя ягады.
Чорныя Моцы схапілі драўляны кубак і пабеглі ў самы
гушчар, каб воўчых ягад хутчэй нарваць і сок з іх павыціскаць.
Ды не ведалі людскія ненавіснікі, што іхнюю размову
падслухала Пілка, якая прыйшла ў лес, каб дрэва на гумно спілаваць. Прымчалася
яна ў вёску і Сякеры ўсё-ўсё, да слоўца, пераказала, перадала.
-- Не хвалюйся, -- супакоіла сяброўку Сякера. – Мы
зробім гэткі ж самы кубак, напоўнім яго крынічнай вадой і падстроім так, што
менавіта наш кубак з крынічнай вадой Вядзьмак селяніну Данілу паднясе.
Пакуль Чорныя Моцы воўчыя ягады збіралі і чорны сок з
іх выціскалі, Сякера і Пілка зрабілі кубак, як дзве кроплі вады падобны на
кубак Ведзьмака.
І вось Чорныя Моцы прынеслі Ведзьмаку кубак, да краёў
напоўнены чорным сокам з воўчых ягад. Той узяў яго, пашаптаў над ім, і чорны
сок стаў чысты, нібыта крынічная вада. Чорныя Моцы ў ладкі запляскалі,
задаволеныя, а Вядзьмак з кубкам у руках на лужок па сцяжынцы падаўся. Сякера і
Пілка чакаюць яго каля сцяжынкі. Пілка трымае кубак са сцюдзёнай крынічнай
вадой, а Сякера па вываратні абухам стукае, грукае, Ведзьмака непакоіць, з сябе
выводзіць. Не вытрываў ён: паставіў кубак на пень і палез у кусты, каб
праверыць, хто з ім дражніцца. Пілка і Сякера толькі і чакалі гэтага.
Падкраўшыся да пня, Ведзьмакоў кубак у балота выкінулі, а свой, з сапраўднай
крынічнай вадой, паставілі на пень і на лужок пабеглі, каб падзівіцца, што
далей будзе рабіцца.
На лужку селянін Даніла сена косіць. Упарыўся, косячы.
Прысеў на купіну, пот з ілба змахнуў.
У гэты час Вядзьмак з кубкам у руках да яго падышоў.
-- Добры чалавек, ты сёння накасіўся, напрацаваўся.
Выпі вадзіцы з нашай крыніцы.
На ўскрайку лесу Чорныя Моцы стаяць, крыўляюцца.
Селянін Даніла ўзяў кубак і выпіў сцюдзёную крынічную
ваду.
Чорныя Моцы не сцярпелі, на лужок выскачылі, раты
паразяўлялі, а селянін Даніла падзякаваў Ведзьмаку і ўсміхнуўся. Гэтая ўсмешка
Чорных Моцаў да белага калення давяла. Яны пабялелі і растварыліся, як соль у
вадзе раствараецца.
-- Селяніна Данілу нават воўчыя ягады не бяруць! –
усклікнуў Вядзьмак і пачаў ікаць. Доўга ён ікаў, аж пакуль пра сваё злое
вядзьмарства не забыўся. Вось чаго ён
дабіўся.
А селянін Даніла, Сякера і Пілка сталі жыць-пажываць
ды дабра нажываць.
СЯБРЫ-СУСЕДЗІ
Зажурылася, з цёплага поўдня прыляцеўшы, ластаўка
Доўгахвосцік. Не есць, не п’е. Прысядзе каля свайго гняздзечка і цалюткі дзень
маўчыць, песень не спявае.
-- Чаму вясне
не радуешся, суседка? – пацікавіўся шпак Чарныш.
Уздыхнула ластаўка.
-- Хутка ў маім гняздзечку выведуцца птушаняты. Баюся
за іх. Рыжы кот Пірат паблізу лазіць.
-- Няхай лазіць, -- кажа шпак. – Я яго не баюся.
-- Да тваёй шпакоўні кату не дабрацца. Вунь на якой
высокай жэрдцы яна. А маё гняздзечка пад самым шчытом. Няўдала пабудавала я
яго, не ведала, што разбойнік побач знаходзіцца. Трэба далей перабірацца,
лепшае месцейка пашукаць.
-- І не думай, суседка. Хіба ты адна тут жывеш? А я
нашто? Няхай толькі заявіцца сюды рыжы кот! – Чарныш натапырыў пер’е, па
шпакоўні раз, другі моцна дзеўбануў. –
Вось так я яму! Вось так!
Усцешылася ластаўка, зашчабятала:
-- Ты дапаможаш мне?
-- Я гэтаму нягодніку вочы выдзеўбу! – закрычаў
Чарныш. – А потым ціха дадаў: -- Занямог я. Цяжкавата корм здабываць. Ці не
магла б ты сяды-тады чарвячка прынесці?
-- Папраўляйцеся, дарагі шпак. Па-суседску
паклапачуся, толькі хутчэй папраўляйцеся, -- перайшла на “вы” ластаўка і
паляцела лавіць мошак, чарвякоў, лічынак шукаць. Самых смачных, самых тлустых
шпаку-суседу нясе. Ён толькі дзюбу адкрывае. Абляніўся, са шпакоўні не хоча
вылазіць. Высуне галаву і пільнуе, калі ластаўка прыляціць.
Неўзабаве вывеліся ў ластаўкі птушаняты. Хоць
маленькія, а штодня просяць есці. І шпак усё стогне, вохкае, скардзіцца, што
кепска яму. Нялёгка ластаўцы. Усіх мошак, усіх лічынак, якія былі паблізу,
пералавіла. Цяпер аж за вёску прыходзіцца лятаць.
-- Пільнуйце маіх птушанятак! -- просіць Чарныша. – Кот
Пірат кожны дзень каля гнязда круціцца.
-- Не хвалюйся, -- супакойвае шпак. – Я тваіх
птушанятак Пірату не аддам.
Паляцела ластаўка. А кот залез па драбінах на страху і
адтуль да гняздзечка цягнецца.
-- Дзядзька шпак, ратуйце! – закрычалі ластавачкі.
Чарныш залез у самы кут шпакоўні, трасецца ад страху:
а раптам і да яго кот Пірат дабярэцца?
-- Дзядзька шпак, дзядзька шпак!.. – не змаўкаюць
ластавачкі.
Чарныш галаву ў пер’е схаваў, сядзіць, не азываецца.
-- У вашага дзядзькі душа ў пяткі зайшла, -- злосна
шчэрыцца кот. – Зараз дабяруся да вас, дабяруся...
-- Ма-ма! – на ўсю моц закрычалі ластавачкі.
Пачула іх Доўгахвосцік, стралою да гнязда паляцела.
Кінулася на Пірата: крыламі з разгону стукнула, у нос што сілы дзеўбанула.
Замяўкаў, заенчыў кот, па страсе пакаціўся, вобзем грукнуўся. Страпянуўся і
наўцёкі. Толькі хвост за вуглом мільгануў.
-- Дзе дзядзька шпак? – пытаецца ластаўка ў птушанят.
– Чаму ён не ратаваў вас?
Пачуў гэта Чарныш, высунуў галаву са шпакоўні.
-- Вось я, суседка, вось я, сяброўка.
Ластаўка глянула на яго і адвярнулася. Прагаладаўся
шпак. Але не нясе яму ластаўка ні чарвякоў, ні лічынак. Пакруціўся ён,
пакруціўся і паляцеў наедак шукаць.
САКРЭТ
Драмаў пад елачкай Заяц і здалося яму ў сне, што
непадалёку сабака брэша. Усхапіўся ён, кінуўся наўцёкі, ды са страху ў мурашнік
трапіў.
Абляпілі мурашкі беднага Зайца: хто за нагу, хто за
вуха, хто за нос яго тне.
Ледзь уцёк ён з мурашніка, ледзь атросся ад мурашак.
Сеў пад кустам і нявесела разважае: “Дружна жывуць мурашкі. А мы, зайцы, не
такія. Крыху падрасцем і разбягаемся”.
Вырашыў Заяц схадзіць да мурашак і пацікавіцца, як
удаецца ім такую вялікую сям’ю зберагчы.
Заварушыліся мурашкі, убачыўшы Зайца.
-- Даруйце мне, -- сказаў ён, трымаючыся воддаль. – Я
незнарок трапіў у ваш мурашнік. У вас такая вялікая сям’я!..
-- У маім доме жыве трыста тысяч мурашак, -- з гонарам
паведаміла Мурашыная Матка.
-- Як жа ты кіруеш імі? Раскрый, калі ласка, мне гэты
сакрэт.
-- У нас кожны справаю заняты. Вось і ўвесь сакрэт, --
кажа Мурашыная Матка.
-- Не можа быць. Хіба знойдзецца трыста тысяч работ? –
не верыць Заяц.
-- У нашым доме, -- стала тлумачыць Мурашыная Матка,
-- шмат выхадаў. Кожны з іх ахоўваюць самыя смелыя мурашкі – нашы салдаты.
Найбольш увішныя мурашкі здабываюць корм, спрытныя і дужыя будаўнікамі
становяцца. У нас нават даяркі ёсць.
-- Хіба вы трымаеце кароў? – не стрываў, засмяяўся
Заяц.
-- Нашы каровы незвычайныя, мурашыныя – гэта дрэвавыя
тлі. Яны выдзяляюць салодкі сок, калі даярка паказыча іх сваімі вусікамі. Салодкі
сок тлі нам малако замяняе.
-- А маленькія мурашкі, мабыць, гуляюць цэлымі днямі?
– запытаўся Заяц.
-- І яны справаю занятыя. Памяшканне чысцяць,
старэйшых даглядаюць. Проста так не бегаюць і не сядзяць, -- паведаміла
Мурашыная Матка.
“Вось каб нам такія парадкі завесці!” – падумаў Заяц.
ЧАМУ
КАМАР НА БАЛОЦЕ ХАВАЕЦЦА?
Пад кустам спаў Мядзведзь. Убачыў яго Камар і вырашыў
пацешыцца: сеў на нос, укусіў і ходу. Ляціць, рагоча, задаволены. Не заўважыў,
як у павуцінку трапіў, якая на кусце вісела.
Як путамі, аблытала павуцінка камарыныя ножкі.
-- Дапамажыце! Вызваліце мяне з павуціны! – на ўвесь
лес нарабіў піску Камар.
Падышоў да яго Мядзведзь, галавою з дакорам ківае.
-- Не чакаў такога павароту?
-- Даруй, калі можаш! – усклікнуў Камар.
Пашкадаваў яго Мядзведзь. Дастаў з павуцінкі і
адпусціў, сказаўшы напаследак:
-- З гэтага часу на балоце жыві, на мае вочы не
паказвайся.
Піскнуў Камар і паляцеў на балота. Цяпер адтуль ён
вылятае толькі прыцемкам, калі Мядзведзь адпраўляецца спаць.
ЧУЛАСЦЬ
Здарылася з Зайкам няшчасце. Бег ён па сцяжынцы,
наступіў на востры сучок і параніў лапку. Забралі яго ў лясную бальніцу.
Тыдзень, другі ляжыць Зайка – ніхто з суседзяў не
наведвае.
Прыляцела ў лес Варона, закрычала:
-- Непр-рыгожа, непр-рыгожа!..
Сапраўды, непрыгожа. Сабраліся звяры на паляне, каб
вырашыць, каму да Зайкі ў бальніцу ісці.
Паселі, чакаюць, што Мядзведзь скажа. Што ж, ён самы
галоўны над звярамі ў гэтым лесе. Яму і пачынаць.
-- З нас нават птушкі смяюцца, -- так пачаў ён. –
Трэба некаму да Зайкі ў бальніцу схадзіць.
-- Вы схадзіце, Міхайла, -- звярнулася да яго Ліса. –
Вас, як я памятаю, Зайка заўсёды спелымі суніцамі частаваў.
Скрывіўся Мядзведзь.
-- Жонка захварэла, кашляе. Прасіла, каб малінніку
наламаў. Можа, ты яго наведаеш, Ліса? Помніш, летась на дзень нараджэння Зайка
табе пуховую пярыну падарыў.
Закруціла Ліса хвастом.
-- Нара ў мяне пасля дажджу абвалілася. Трэба
рамантаваць. Няхай Воўк збегае. Зайка яму новы кажух аддаў, не пашкадаваў.
-- Дома ваўчаняты сядзяць галодныя! У краму пабягу!..
– завыў Воўк. – Няхай Дзік наведае Зайку. Той заўсёды яму жалуды прыносіў.
-- А хіба Зубру ён не дапамагаў сена касіць? –
зарохкаў Дзік. – Няхай Зубр і сходзіць у бальніцу. У мяне бульба на полі стаіць
някопаная.
-- У мяне атава някошаная, -- апусціў галаву Зубр.
-- Хлусіш! – не стрымаўся Дзік. – Даўно ў копках твая
атава.
-- Не мая гэта, суседава, -- адмаўляецца Зубр.
-- Твая! – даказвае Дзік.
-- Суседава! -- настаўляе рогі Зубр.
Заступіўся Мядзведзь за Зубра, Ліса Дзіка абараняе, а
Воўк і сам не ведае, за каго яму брацца – проста так вые.
Ад шуму ды крыку прачнулася Чарапаха. Яна тут, на
паляне, спала.
-- Чаго спрачаецеся, паважаныя? – пацікавілася.
-- Зайка лапку параніў, -- азваўся Мядзведзь. – Ужо
два тыдні ў бальніцы ляжыць.
-- Бедны Зайка! – пашкадавала Чарапаха. – Сумна яму
там аднаму.
-- Схадзіла б ты да яго, прывітанне ад мяне перадала,
-- хітра прыжмурылася Ліса.
-- Добра, -- пагадзілася Чарапаха. – Пайду.
-- Скажы, што і я не забыўся пра яго, -- усміхнуўся
Мядзведзь.
-- І ад мяне перадай гарачае прывітанне! – рохкнуў
Дзік.
-- І ад мяне! – падняў галаву Зубр.
-- І ад мяне не забудзься перадаць! – на ўсё горла
завыў Воўк.-- Яшчэ пацікаўся, як кормяць
яго.
-- Не
хвалюйцеся. Ад усіх перадам прывітанне. Скажу Зайку, што вельмі чулыя і добрыя
ў яго суседзі, -- паабяцала Чарапаха і
папаўзла паціхеньку ў бальніцу.
Мабыць, і цяпер яшчэ да Зайкі яна дабіраецца.
ЧАМУ ЗЯЗЮЛЯ КУКУЕ?
Неяк у канцы красавіка ў свой лясок вярнулася
з цёплых краёў шэрая Зязюля. Прысела на хваінку, пачысціла цёмныя палосы на
жывоціку дый падумала: “Гняздо трэба будаваць”.
Але ж вакол так шмат спакусы! Вунь колькі
лічынак пілільшчыкаў, хрушчоў, валасатых вусеняў на дрэвах!
Узнялася Зязюля, паляцела. За адну гадзіну сто
валасатых вусеняў з’ела.
Цяпер можна было б і гняздо будаваць. Але пасля
сытнага наедку хочацца адпачыць. Дый лясная прыгажосць вабіць. Вакол пралескі
блакітнымі колерамі пераліваюцца, медуніца фіялетавымі агеньчыкамі мігае,
кураслеп празрыстай беленькай кветачкай угору цягнецца, падбел мноствам круглых
жоўтых сонеек на зямлі гарыць.
“Навошта мне гняздо? – разважыла Зязюля. – Без
яго абыдуся, без клопатаў пажыву”.
Лятае, лічынкамі ласуецца, лясным хараством
любуецца. Ды неўзабаве зноў задумалася: птушанят трэба выводзіць, а падзець іх
няма куды.
Бядуе Зязюля, ад гора месца сабе не
знаходзіць. І лічынкі ў рот не лезуць, і хараство не ў галаве.
Дзятлы, Сініцы і іншыя лясныя птушкі даўно
гнёзды пабудавалі. Радуюцца, вясёлыя песні спяваюць – аж рэха па лесе ідзе. Не
хочацца Зязюлі за працу ў такі час брацца.
“Я свае яечкі ў чужое гняздо пакладу. Няхай
там мае дзеткі гадуюцца”, – вырашыла
яна.
Так і зрабіла. Зноў лятае, зноў цешыцца.
Хутка падраслі ў лясных жыхароў птушаняты. І
Дзятлы, і Сініцы, і Попаўзні, і Івалгі сваіх дзетак у лётную школу адпраўляюць,
а пасля школы сустракаюць.
А Зязюля ўсё адна. Захацелася ёй на сваіх
дзетак паглядзець.
Не вытрывала яна, кінулася, здавалася б, да
таго гнязда, куды калісьці падклала яечкі. Але не відаць там Зязюлек, як яна
сама, шэрых, невялікіх, з голуба велічынёю, з цёмнымі палосамі на жывоціку.
Толькі Дзятлікаў у дупле растрывожыла.
Замахаў чырвонаю шапкаю стары Дзяцел, моцна
застукаў дзюбаю:
-- Ляці адгэтуль! Тут табе няма чаго рабіць!
Да другога гнязда кінулася, а там Сініца на яе
насварылася.
Да самага вечару лятала па лесе Зязюля, але так
і не знайшла птушанятак.
-- Ку-ку, ку-ку! – закрычала ў роспачы.
Мо азавуцца шэрыя Зязюлькі, мо адклікнуцца.
Ні адно з птушанятак не азвалася, не
адклікнулася.
З той пары кожную вясну кукуе Зязюля, сваіх
дзетак кліча.
ЧАМУ МЯДЗВЕДЗЬ ЗІМОЮ СПІЦЬ?
Аднаго разу вясною завітаў Мядзведзь да Зайца
ў госці. А той старанна капае рыдлёўкай каля хаты.
-- Сусед, навошта зямлю варочаеш? – здзівіўся
Мядзведзь.
-- Зараз градку ўскапаю і моркву пасею. Зімою
прыпяваючы буду жыць: наемся морквы, сяду ля печы і пагрэю плечы, – весела
адказаў Заяц.
Мядзведзь аж скалануўся, як успомніў мінулую
халодную і галодную зіму, якую ледзь перажыў, шукаючы сабе наедку ў заснежаным
непрытульным лесе.
-- Вось каб і мне пасеяць моркву! – прагаварыў
у роздуме.
Заяц узяў з лаўкі папяровы кулёк, у якім
ляжалі дробненькія зярняткі, і працягнуў Мядзведзю.
-- Вазьмі насенне. Ускапаеш градку і пасееш
яго. Потым вадзіцай будзеш паліваць старанна.
Мядзведзь узяў кулёк з насеннем, прыйшоў
дамоў, сяк-так ускапаў дзірван каля хаты і моркву пасеяў.
На другі дзень сеў на прызбе, на неба пазірае,
дажджу чакае. Сонца прыпякае, сон на Мядзведзя наганяе. Заснуў ён, так і не
паліў градку. А на наступны дзень зусім забыўся пра яе: спелымі ягадамі
ласаваўся.
Адшумела лета. Не стала ягад, лісце на дрэвах
пажаўцела, холадам пацягнула.
Аднаго дня Мядзведзь зноў да Зайца ў госці
завітаў. Заяц якраз моркву капаў. Вялікая вырасла яна ў яго.
-- На тваёй градцы такая морква вырасла? –
сваім вачам не верыць Мядзведзь.
-- Але, – з гонарам сказаў Заяц. – А ты шмат
морквы сёлета накапаў?
-- Шмат! – буркнуў Мядзведзь і павалокся
дамоў. Не хацелася яму прызнавацца, што градка пустазеллем зарасла.
У паветры закружыліся першыя белыя сняжынкі,
упалі на зямлю.
“Гэтую зіму я ўжо не перажыву, загіну ад
голаду, калі на доўга не засну”, -- падумаў Мядзведзь і палез у хатку-бярлогу.
Скруціўся, як чарвяк, пазяхнуў і заснуў.
У лесе вые сцюдзёны зімовы вецер, мароз па
дрэвах булавою стукае, трашчыць. А Мядзведзь спіць без просыпу, лапу смокча.
З таго часу так і павялося. Улетку Мядзведзь
гуляе, ягадамі ласуецца, а як толькі падзьме халодны вецер, у бярлогу хутчэй
бяжыць, каб там заснуць на ўсю зіму, да вясны.
НЫРЭЦ
На невялікім возеры жыла сям’я качак-крыжанак.
Добра качкам на возеры: плаваюць, ныраюць,
жукамі, малюскамі ласуюцца, са стракозамі ў хованкі гуляюць.
Маці-качка і бацька-качар ва ўсе куточкі
водзяць маленькіх качанят. Расказваюць, паказваюць.
-- Глядзіце, колькі тут жучкоў, малюскаў. І
вада неглыбокая, і дно мяккае, – расхвальвае возера бацька-качар.
-- А які густы трыснёг, як прыемна шапаціць
аер пад ветрам! – цешыцца маці-качка. – Пасярод нашага возера нават астравок
ёсць. Хіба знойдзеш дзе лепшае месцейка для адпачынку?
-- Лепшага няма, – пагаджаюцца качаняты.
Толькі качаня Нырэц не пагаджаецца, пярэчыць
бацькам:
-- Гэтае возера маленькае і старэнькае, у ім
вада каламутная. Калі падрасту, палячу адгэтуль. На Самым Вялікім Возеры буду
жыць.
-- Сыночак, – пераконвае Нырца маці-качка,
– тут яшчэ твая прабабулька жыла.
Хвалілася ім, не нахвалілася. Ці ж у цябе галава разумнейшая?
-- Усё роўна палячу. Не ўтрымаеце! – бубніць
Нырэц.
І не ўтрымалі. Падрос, сілы набраўся і
паляцеў, калі ўся сям’я ноччу на астраўку спала. Нават не развітаўся.
Доўга ляцеў, стаміўся. Нарэшце ўбачыў возера:
круглае, як вялікі сподак.
Апусціўшыся каля берага, Нырэц падмацаваўся
малюскамі і заснуў. А як толькі сонца ўзышло, прачнуўся, выплыў на сярэдзіну
возера і крыламі замахаў, пырскі паднімаючы.
-- Га-га-га! – неспадзявана пачулася
непадалёку.
Бачыць Нырэц: плывуць да яго нейкія вялікія
птушкі, доўгімі дзюбамі махаюць, злосна крычаць:
-- Га-га-га!..
-- Як зваць вас, шаноўныя? – спалохаўшыся,
ледзь вымавіў Нырэц.
-- Я Гусак, – загагатала самая вялікая птушка.
– А гэта мае сяброўкі, Гусі. Чуў пра нас?
-- Не, – пасмялеў Нырэц. – Я Самае Вялікае
Возера шукаю.
-- Дык ляці хутчэй! – крыкнуў Гусак і стукнуў
Нырцу дзюбаю ў галаву.
Нырэц страпянуўся, прабег па возеры і паляцеў
над вадою.
Праз колькі дзён другое возера знайшоў. Яно
было прыгожае і вялікае, як мора. Тут важна плавалі белыя-белыя птушкі.
“Вось дзе Самае Вялікае Возера!” – узрадаваўся
Нырэц і, апусціўшыся на ваду, падплыў да белых птушак.
Адна з іх ганарліва выгнула шыю і
пацікавілася:
-- Навошта ты прыляцеў да нас, Белых Лебедзяў?
Хіба ў цябе свайго возера няма?
-- Маё возера маленькае, а я хачу жыць з вамі,
на Самым Вялікім.
Белы Лебедзь скоса паглядзеў на Нырца.
-- Самае Вялікае Возера дзесьці далей
знаходзіцца. Жыві тут, так і быць, але да нас не падплывай. Ты непрыгожы,
брыдкі.
-- Не хачу з вамі жыць, – пакрыўдзіўся Нырэц.
– На Самае Вялікае Возера палячу.
-- Калі ласка! Калі ласка! – дружна закрычалі
Белыя Лебедзі.
Нырэц крыху адпачыў, падмацаваўся жучкамі і
паляцеў далей.
Усё лета з аднаго возера на другое пералятаў.
Куды ні прыляціць, адно і тое ж чуе:
-- У нас не Самае Вялікае Возера. Далей ляці.
Схуднеў, блукаючы, шмат пер’я пагубляў.
Аднаго разу, надвячоркам, знаёмую палоску вады
ўбачыў.
Мацней забілася сэрца ў Нырца. Няўжо ён
прыляцеў да свайго старэнькага возера? Няўжо гэта яно?.. Але, яно, так і ёсць.
Вунь астравок. І маці-качка, і бацька-качар, і браты, і сёстры каля астраўка
плаваюць.
-- Я ваш! Вярнуўся я! – закрычаў Нырэц і
каменем упаў на ваду.
Але бацька-качар не пазнае яго, і маці-качка
ўбок адплывае.
-- Я ваш. Нырэц я!
-- Наш Нырэц быў маленькі. Яго ліса ноччу
ўкрала, – прамовіла маці-качка.
-- Наш Нырэц быў прыгожы. А ты брудны і
абскублены, – сказаў бацька-качар і дзюбай пацягнуў Нырца за хвост.
Нырэц вырваўся ад качара, забіўся ў трыснёг,
сядзіць там, не варушыцца. А браты і сёстры побач гуляюць.
“Як добра на гэтым возеры! Якое яно ціхае і
ўтульнае! Няўжо так і не пазнаюць мяне бацька-качар і маці-качка?” – думае
Нырэц.
ЖЫЛІ-БЫЛІ ДВА БРАТЫ…
Жылі-былі два браты.
Старэйшага звалі Мір, а малодшага -- Вайна. Абодва здатныя, удалыя, прыгожыя.
Ад бацькі дасталася ім багацце вялікае -- умельства кавальскае, незвычайнае.
"Дзеці мае, -- вучыў ён, -- даражыце гэтым багаццем. Працуйце, для Людзей
куйце -- сабе шчасце выкуеце. І не верце Гадзюцы Балотнай, што за вёскай жыве.
Станеце для яе каваць -- бяду выкуеце".
Штодзень звоняць у кузні браты, бацькаў наказ
выконваюць. З розных канцоў едуць да іх Людзі. Адны, каб нейкую патрэбную рэч
заказаць, набыць, а другія проста так: на іхняе майстэрства паглядзець,
падзівіцца.
Дружна, ладна працуюць браты, дружна, ладна і між
сабою жывуць. З добрым словам устаюць, з песняй працу канчаюць. А яшчэ любяць
схадзіць на пагорак, які непадалёку ад кузні. Незвычайныя малюнкі адтуль братам
адкрываюцца: людскія палі ўдалеч распасціраюцца, лугі краскамі пераліваюцца,
вёсачкі разбягаюцца, як заможныя гаспадары, паважна гарады стаяць.
Гэты пагорак аблюбавала і Гадзюка Балотная. Задумаўшы
ліхое, нядобрае, воблік прыгожай дзяўчыны надала сабе.
Аднаго разу падышла да братоў, прамовіла:
-- Чула я пра ваша вялікае майстэрства, пра вашы
залатыя рукі, якія любую рэч выкуюць. Выкуйце мне, калі ласка, пярсцёнак
дзівосны, царскі. За старанне аддзячу: шчасце вам дам.
Старэйшы брат Мір успомніў бацькавы словы, здагадаўся,
хто перад ім.
-- Бацькава шчасце на тваё не памяняем. Не назаляй
нам!
-- Навошта крыўдзіш дзяўчыну? -- заступіўся малодшы
брат Вайна. -- Выкуем пярсцёнак -- няхай пацешыцца.
-- Нядобрую плату нам прапаноўвае, -- сказаў яму Мір.
-- Не вер ёй.
Не паслухаўся брата
Вайна. Развітваючыся, шапнуў дзяўчыне-пярэваратню:
-- Прыйдзі на пагорак праз тры дні і тры ночы. Выканаю
тваё жаданне, выкую пярсцёнак царскі.
Тры дні і тры ночы, хаваючыся ад брата, каваў Вайна
пярсцёнак. Лепшыя ўзоры для яго падабраў, каштоўнымі каменьчыкамі ўпрыгожыў,
сваё імя на ім надпісаў. А на чацвёрты дзень рана-раненька на пагорак прыбег.
Ужо чакае яго Гадзюка Балотная. Як надзеў Вайна
ёй на палец пярсцёнак, дык пра ўсё забыўся. Чараў-туманаў на яго
напусціла ліслівіца. Ні родная зямля, ні брат, ні праца Вайну ўжо не радуюць. А
Гадзюка Балотная абвіла за шыю і нагаворвае:
-- Шчасце ў працы знайшоў? Здаецца табе, што па-іншаму
нельга пражыць? Глянь на мяне. Не працую -- жыву, многія мне зайздросцяць.
Цяжкім молатам махаць -- гэта няшчасце.
Запалі ў душу
Вайне яе словы. Не есць, не п'е, усё думае, як новае шчасце здабыць. Пазелянеў,
учарнеў ад гэткіх думак.
-- Што з табою, братка? -- заўважыў няладнае,
занепакоіўся Мір.
-- Адчапіся, не лезь у вочы! -- агрызаецца Вайна.
Нарэшце не вытрываў ён, прымчаўся да Гадзюкі Балотнай.
-- У чым, па-твойму, шчасце?
-- У багацці, у золаце шчасце, -- пачуў у адказ. --
Чым болей золата будзе, тым болей і шчасця прыбудзе.
-- Дзе ўзяць золата? -- у адчаі ўсклікнуў Вайна.
-- Выкуй востры меч і ў Людзей забяры багацце іхняе.
Зірнуў Вайна на спелую збажыну, прыслухаўся да
птушынага спеву, і зазвінела ў вушах
золатам, золатам...
Сцяўшы кулакі, у кузню прыйшоў, зачыніўся. Дзень-ноч,
дзень-ноч без перапынку б'е молатам, востры меч куе.
Ні раз, ні два Мір стукаў у дзверы, прасіў:
-- Братка, адчыні. Давай пагаворым.
У адказ ні слова. Толькі кавальскія мяхі ў знямозе
злосна сапуць ды жалеза звініць.
Тры дні і тры ночы каваў Вайна востры меч, пакуль не
выкаваў. На чацвёрты вылез з кузні, перад братам з'явіўся.
"Жых-жах", -- махае над галавою мячом,
вострым, што брытва, у дзікім смеху заходзіцца:
-- Шчасце пайду здабываць!
-- Тут тваё шчасце, -- сказаў Мір.
Не паслухаўся
Вайна. Зноў на пагорак прыбег, Гадзюку Балотную кліча:
-- Дзе ты, сяброўка? Шчасця хачу!
Чорнай зданню ліслівіца вырасла.
-- Добра, што востры меч выкаваў, -- шэпча, нашэптвае
Вайне на вуха. -- Хутка станеш самым багатым, самым шчаслівым.
-- Паб'ю! Патапчу! Шмат золата хачу! -- узняў меч
Вайна.
-- Не спяшайся, -- стрымлівае яго Гадзюка Балотная. --
Няхай згіне гэтае абрыдлае святло. Няхай Людзі заснуць, супакояцца. Знянацку
бурай наляціш, мячом пасячэш -- і ўсё багацце тваё, тваё золата.
-- Ноччу з дарогі саб'юся, -- не цярпіцца Вайне.
-- Не хвалюйся. Мае верныя слугі, Совы-драпежніцы,
табе дапамогуць, у цемры дарогу пакажуць. А пасля вёскі падпаліш, агнём шлях
асвеціш сабе.
Закацілася
сонца, зямля цемрай пакрылася. Кліча Гадзюка сваіх слуг -- шэрых Соў:
-- Мае мілыя драпежніцы, прыляціце хутчэй, слаўнаму
волату Вайне дарогу пакажаце да жытла людскога!
Зашумелі крыллем, прыляцелі, сабраліся на пагорку
Совы-драпежніцы. Хусцінкаю чорнаю, як твань балотная, махнула Гадзюка, знак
шэрым Совам падала. Засвяціліся гарачымі вуглямі вочы, паляцелі Совы,
неразумнаму Вайне да жытла людскога дарогу паказваючы.
Бяжыць Вайна, спяшаецца, моцна сціснуўшы меч у руках.
І запалымнела зямля пажарамі, абнялося неба дымнымі
хмарамі... Галосяць Людзі, просяць літасці. Вайна не чуе стогнаў, не ведае
жалю. Мячом направа, налева махае. Хоча золата, золата...
Тры дні і тры ночы лютаваў, напакаваў мяшкі золатам.
Каб надзейна схаваць іх, загадаў палонным сярод недаступнага балота пабудаваць
каменны хорам. Туды мяшкі пасцягаў. За сямю дзвярамі, за сямю замкамі іх трымае,
час ад часу любуючыся золатам. Ды неўзабаве надакучыў Вайне залаты бляск. Зноў
чарвяк яго точыць, нуда грызе. Няма шчасця. Днямі і начамі ходзіць па хораме,
шукае нечага, быццам дзень згублены, учарашні. Не знаходзячы, зубамі скрыгіча.
Не ведае Мір, што здарылася вялікая бяда. За дваіх
працуе, чакае вестак ад брата.
Лепей не чакаў бы. Громам з яснага неба грымнулі тыя
весткі. А прынёс іх Старац сівабароды.
Пакланіўся ён
да зямлі.
-- Ратуй нас, Мір. Брат твой Вайна ні старога, ні
малога не пашкадаваў, усё наўкола папаліў, патаптаў, пакалечыў. А жывых у
зямлянкі загнаў. Папрасі, каб адумаўся. Цябе ён павінен паслухацца. Разам вы
раслі, гадаваліся, матчыны песні слухалі. Заступіся за нас, гаротных.
Мір выйшаў на пагорак, зірнуў, прыслухаўся -- і сэрца
ад жалю зайшлося. Не чуваць спеву
птушынага, не відаць следу чалавечага. Зямля жэглішчам стала, сажай пакрылася.
"Не стрымаў брат слова, дадзенага бацьку. Усё-ткі
выкаваў пярсцёнак для Гадзюкі Балотнай", -- здагадаўся Мір і з сумам
сказаў Старцу:
-- Позна Вайну прасіць. Цяпер Вайна слуга Гадзюкі
Балотнай. Яна ў яго дарадчыца. Трэба склікаць
Людзей. З імі буду гаварыць.
Вярнуўшыся ў кузню, Мір зрабіў дзівосную дудку. Як зайграў на ёй, дык загаварыла яна
чалавечым голасам:
-- Людзі, прыйдзіце на сход, скіньце страх з плячэй!
З закурэлых зямлянак павылазілі на свет Божы Людзі, на
пагорку сабраліся.
Мір прынёс сталёвыя плугі і мячы, каб было чым Людзям
араць і бараніцца.
-- Не бойцеся
Вайны, -- павучае Людзей. -- Ён адзін, вас -- тысячы. Калі будзеце дружна
стаяць, то здасца Вайна, знясіліцца. На
поле ідзіце, зямлю паднімайце.
Усцешыліся Людзі, пайшлі на поле, пачалі зямлю араць.
А Вайна ў сваім хораме месца сабе не знаходзіць. Як беспрытульны, па пустых
пакоях бадзяецца. Млосна яму.
"Не дала Гадзюка мне шчасця, і тое, што было,
забрала", -- шэпча, насупіўшы чорныя бровы.
Падслухала, пачула яго Гадзюка Балотная. Прыпаўзла,
заскрэблася ў дзверы.
-- Адчыні, будзь ласкавы.
Адчыніў ёй Вайна, а за парог не пусціў, накрычаў:
-- Аддавай мой пярсцёнак, махлярка. Я без шчасця жыву!
-- Для сапраўднага шчасця золата ў цябе малавата. Калі
запакуеш ім да столі пакоі, каб і мыш не
пралезла, дык адразу шчасце ў твой хорам прыйдзе.
-- Золата? Я ж адабраў у Людзей усё золата.
-- Схадзі на пагорак -- убачыш.
З мячом у руках Вайна прыбег на пагорак. Убачыў
залітыя сонцам палі і з дзікім крыкам уніз хутчэй ветру панёсся.
А Людзі не ўцякаюць на злом галавы. Пасталі сцяною
шчыльнаю, непраходнаю. У руках мячы блішчаць, у вачах -- рашучасць.
Вайна замахнуўся мячом, а перад ім сотні мячоў
бліснулі, вочы яму зусім асляпілі. Задрыжаў ён як ліст асінавы і на балота
пабег, схаваўся за дзверы жалезныя.
Людзі на поле вярнуліся, а вакол балота варту
паставілі.
І цяпер сядзіць Вайна ў каменным хораме, быццам у
клетцы зачынены. Усё меч точыць, іншай працы не ведае.
А Мір з ранку да вечару ў кузні звоніць. Людзей радуе
і сам радуецца.
АБ
ЧЫМ СПРАЧАЛІСЯ КНІГІ
У школьную бібліятэку прывезлі новыя кнігі.
-- Мы аж дзвесце кіламетраў праехалі, пакуль сюды
трапілі. Мае вокладкі нават пылам пакрыліся, --
незадаволены, прабурчаў Падручнік Матэматыкі.
-- Куды гэта нас
прывезлі? Скажыце мне, сябры! -- занепакоіўся Падручнік Спеваў.
Падручнік Геаграфіі
важна кашлянуў і паведаміў:
-- У школу, даражэнькі.
У бібліятэку.
-- Я так марыў у школу трапіць! -- узрадаваўся
Падручнік Спеваў. -- Неўзабаве мяне
дзеці забяруць і дамоў панясуць.
Надакучыла стаяць на цеснай паліцы.
-- Лічыш, што цябе першага дзеці забяруць? --
пацікавіўся Падручнік Матэматыкі.
-- Канешне, -- адказаў Падручнік Спеваў. -- Я шмат
песень ведаю. А дзеці любяць спяваць.
-- Я тут самы галоўны, -- не пагадзіўся Падручнік Матэматыкі. -- Я вучу
аднімаць, складаць, множыць, дзяліць. Мяне першага забяруць з бібліятэкі.
-- Задавака! -- абурыўся Падручнік Геаграфіі. -- Я
самы патрэбны. Дзеці без мяне нават у лесе заблудзяцца, дарогу дамоў не
знойдуць. І пра горы, і пра моры, і пра акіяны я ім раскажу.
-- Шмат аб сабе не ўяўляйце! -- падаў голас
Тлумачальны Слоўнік. -- Без мяне ніхто з вас не растлумачыць, што такое
матэматыка, што такое геаграфія. Я, вядома, самы патрэбны. Мяне і ў друкарні
самым першым выпусцілі.
Гамоняць кнігі, спрачаюцца. Тоўсты Тлумачальны Слоўнік
пачаў штурхацца. Мабыць, моцнай сваркай скончылася б гэтая спрэчка, калі б у
бібліятэку не забег рыжавалосы хлопчык.
-- Ніна Іванаўна, у вас ёсць Матэматыка? -- яшчэ з
парога запытаўся ў загадчыцы бібліятэкі.
Падручнік Матэматыкі звысоку глянуў на сябрукоў.
-- Я вам што казаў?
-- Прывезлі Матэматыку, стаіць на паліцы, -- сказала
загадчыца бібліятэкі. -- Табе, Міхась, напэўна, і Геаграфія патрэбна?
-- І Геаграфія, і Спевы, і Тлумачальны Слоўнік, --
таропка прагаварыў Міхась.
Кнігі слухаюць і
дзівяцца. Зусім разгубіліся: не ведаюць, якая з іх найбольш патрэбная,
карысная. Што ж, яны яшчэ ні разу не былі ў класе, і шмат чаго ім невядома.
КАЗКА
Аднаго разу падарожнічалі Клічны Знак і Пытальны Знак.
Спыніліся на ўзгорку, каб адпачыць.
Унізе распасціраецца зялёны луг, пасярод яго
прытаілася азярцо, паўз берагоў парослае чаротам. На азярцы качкі плаваюць,
гуляюць, ежу здабываюць.
-- Сапраўдная казка перад намі! -- у захапленні
прамовіў Клічнік.
-- У слове казка пасля "а" якая літара
пішацца: "с" ці "з"? -- пацікавіўся Пытальнік. Ён любіў
задаваць пытанні, не даваў сумаваць Клічніку.
-- Напэўна, "с", -- выказаў здагадку
Клічнік.
-- Шаноўны, калі ты напішаш літару "с", у
цябе выйдзе іншае слова -- каска, -- усміхнуўся Пытальнік. -- Каскі звычайна на
галаву надзяваюць. Напрыклад, салдаты ў час бою альбо будаўнікі ў час працы. А
ты хацеў сказаць пра тую казку, якую ў кнізе можна прачытаць. Так?
-- Так. Але я не магу зразумець, чаму ў слове казка
трэба пісаць "з", а не "с".
-- Каб не памыліцца ў напісанні, трэба ведаць правіла,
-- сказаў Пытальнік.
-- Якое правіла?
-- Правапіс звонкіх і глухіх зычных. Паспрабуй змяніць
гэтае слова і адразу пачуеш, што пішацца пасля "а".
-- Казачка, казачны, казачнік, -- стаў змяняць слова
казка Клічнік. -- Затым паглядзеў на сябра і радасна ўсклікнуў: -- Я ўсё
зразумеў! Няхай жыве казка праз літару"з"!
У
НАВАГОДНЮЮ НОЧ
Вечар наступіў нечакана. На заснежаны лес, як вялізны
цень, насунулася цемра. Пад елачкай, што расла на ўзлеску, Заяц лапамі выграб у
снезе ямку і лёг, апусціўшы галаву на грудзі. "Сёння Новы год, -- з сумам
падумаў. -- У нашым лесе звяры яго сустрэнуць разам, а я буду адзін". На
вочы Зайца наплылі слёзы: горкія-горкія, як воўчыя ягады, якія не есць ні звер,
ні чалавек.
Хоць у ямцы
было зацішна, але мароз прабраўся пад белае футрачка.
Заяц зразумеў, што можа замерзнуць. Ён усхліпнуў,
устаў і пайшоў, правальваючыся ў снезе.
"Кар-р!" -- на тоўстай яліне спрасонку
каркнула Варона.
Заяц уздрыгануў і застыў слупком. Яму здалося, што
Паляўнічы стрэліў каля самага вуха.
-- Ды не бойся ты! -- зусім прачнуўшыся, супакоіла яго
Варона. -- Сёння ў лесе няма Паляўнічага. Ён са сваімі сябрукамі ў цёплай хаце
Новы год сустракае.
Заяц пахукаў на лапкі, крыху пагрэў іх і пабрыў далей
па глыбокім снезе.
Непадалёку, у бярозавым
гайку, пачулася дзівосная, чароўная музыка.
Заяц стаў, навастрыў вушы. "Хто ж так прыгожа
іграе? -- думаў ён. -- Няўжо сам Дзед Мароз на пацеху Снягурцы? Вось каб
падысці да яго і атрымаць хоць самы маленькі падаруначак! А потым папрасіцца,
каб з сабою ўзяў".
Як заварожаны, Заяц скрануўся з месца і накіраваўся ў
бярозавы гаёк. Неўзабаве на вялікай паляне, дзе стаяла ўпрыгожаная снегам ёлка,
ён убачыў вялікі касцёр. Высока ўгору ўзнімаўся агонь і саграваў цяплом,
кідаючы водбліскі на Ваўка, Лісу, Дзіка і Вавёрку, якія кружыліся вакол ёлкі і
спявалі пад чароўную музыку:
Новы год, Новы год
Нас сабраў у карагод.
Мы танцуем, весялімся,
Паляўнічых не баімся.
Заяц баяўся падысці да цёплага кастра, які так вабіў
да сябе. "У Дзіка летам дзеля пацехі я вырваў каліва бульбы. Дзік мне не
даруе. І Воўк не даруе. Ягонае футра, якое сушылася на суку, бруднаю вадою з
калюжыны абліў. А ў Лісы ў агародчыку
сланечнік скруціў. Ліса пасадзіла яго, каб любавацца ім. Ён жа на сонейка
падобны. А Вавёрку рыжай абазваў. Яна не забылася пра гэта", -- падумаў
Заяц і гучна чхнуў, бо прастудзіўся,
блукаючы па цёмным лесе.
-- Да нас у госці хтосьці прыйшоў! -- радасна
ўсклікнула Вавёрка і як га сказаць падскочыла да Зайца.
Заяц хацеў уцячы, але Вавёрка дастала з кішэні
некалькі жоўценькіх арэшкаў і працягнула яму.
-- Бяры. Гэта мой табе навагодні падарунак.
Заяц узяў арэшкі, сціснуў у лапцы. А каля яго ўжо
сабраліся і Ліса, і Воўк, і Дзік.
-- Адзін па лесе блукаеш? -- пацікавілася Ліса.
-- Адзін.
-- Ты, відаць, зусім галодны, -- сказала Ліса і дала
Зайцу свежы піражок.
-- У цябе, бачу, лапкі замёрзлыя, -- паспачуваў Воўк і
надзеў Зайцу на лапы цёплыя рукавічкі.
Заяц апусціў галаву.
-- Даруйце мне, што крыўдзіў вас.
-- Забудземся пра гэта, -- прамовіў Дзік. -- Пасля
Новага года мы па-новаму будзем жыць: без сваркі, без злосці. Так, Зайка?
Заяц падняў галаву і ўпершыню без страху паглядзеў на
звяроў.
-- Толькі так!
Вавёрка ўзяла Зайца за
лапку і павяла да цёплага кастра.
На палянцы трашчаць дровы, палае касцёр, а непадалёку
ад яго Воўк, Дзік, Ліса, Вавёрка і Заяц кружацца і весела спяваюць:
Новы год, Новы год
Нас сабраў у карагод.
Мы танцуем, весялімся,
Паляўнічых не баімся.
НЕСЛУХ
На агародзе, за старым плотам, жылі Сланечнік, Кроп і
Цыбуля. Памыюцца, бывала, расою, з цёплым сонейкам павітаюцца і пачынаюць адзін
аднаму розныя гісторыі расказваць. І пра тое, як сюды, на агарод, трапілі, і
пра тое, як з зямлі вырасталі, падымаліся.
Прачнуліся аднойчы рана-раненька, і высокі Сланечнік
усклікнуў:
-- А ў нас новы сусед!
Прыгледзеліся
Кроп і Цыбуля: сапраўды, ляжыць каля плота, у разорцы, штосьці круглае,
зялёнае, паласатае.
-- Мячык гэта, -- расчаравана прамовіла Цыбуля.
-- І праўда, -- падтрымаў яе Кроп. -- Відаць,
суседская дзяўчынка яго забылася.
-- Давайце спытаемся, мячык ён ці не, -- прапанаваў
Сланечнік і, сагнуўшыся ў паклоне, прывітаўся: -- Добры дзень, сусед. Як цябе
завуць?
-- Гарбуз, -- нясмела адказаў той.
-- Чаго ты ў разорцы хаваешся? Да нас ідзі, --
паклікала Цыбуля.
-- Баюся, -- ледзь чутна
прашаптаў Гарбуз.
Ён быў яшчэ маленькі і
таму ўсяго-ўсяго на свеце баяўся: і сярдзітай пчалы, і калючага асоту, і нават
звычайнага матыля.
-- Які ён паласаценькі!
-- усклікнуў у захапленні Сланечнік.
-- Які ён кругленькі! -- дадаў
Кроп.
-- Якое ў яго прыгожае
імя! -- шчыра пазайздросціла Цыбуля.
Хваляць Сланечнік,
Кроп і Цыбуля новага суседа, не нацешацца ім. А ён слухае ды гонару набіраецца.
Асмялеў, з разоркі выскачыў.
-- Я самы спрытны, я
самы дужы! Я і на плот магу залезці!
-- Навошта лезці на
плот? -- дзівіцца Сланечнік. -- Няўжо табе з намі сумна?
-- Разаб'ешся, --
папярэджвае Кроп. -- Хіба не бачыш, што ў плоце слупы струхлелыя?
Гарбуз і слухаць не
хоча. Ад гонару як на дражджах расце. Учапіўся хвосцікам за штыкетнік і пакарабкаўся
наверх.
-- Куды ты? -- крычыць
Кроп.
-- Злазь хутчэй, -- просіць Цыбуля. --
Упадзеш. Вунь які ты тоўсты!
Не слухае Гарбуз суседзяў, лезе
на плот і хваліцца:
--Я ўсё магу. Я дужы, я спрытны!..
І тут падняўся моцны вецер, па
агародзе памчаўся. Нахіліліся да зямлі Сланечнік, Кроп і Цыбуля, ад ветру
схаваліся. Мінуў іх вецер, на плот наляцеў. Не вытрымалі струхлелыя слупы,
паваліўся плот, а з ім -- Гарбуз на зямлю грукнуўся. Ды так моцна, што адразу
на кавалкі разляцеўся.
ЗАЛАТЫ ЗАЯЦ
У сасновым бары, на высокай гары, спаў Вожык. Убачыў яго Воўк, падкраўся
і, ухмыльнуўшыся, штурхнуў галінай. Пакаціўся калючы клубочак з гары: каля
кустоў, каля пянькоў і ўпаў у яму, якую Воўк яшчэ ўчора выкапаў, бо не ведаў,
чым яму заняцца.
Ляжыць Вожык у яме, уздыхае. А
Воўк схаваўся за ядлоўцавым кустом і ад смеху заходзіцца.
Бег Заяц, пачуў, як Вожык уздыхае. Паглядзеў у яму, нагнуўшыся.
-- Эй, ты жывы там?
-- Жывы, але ніяк не апамятаюся, -- прызнаўся Вожык. -- Я на гары,
напрацаваўшыся, спаў, а потым каціўся, каціўся, пакуль у гэтую страшную яму не
закаціўся.
-- Не перажывай. Зараз выцягну цябе, -- сказаў Заяц і, зняўшы з нагавіц
папружку, апусціў яе ў яму.
Вожык ухапіўся лапкамі за спражку і пакарабкаўся наверх. Вылез з ямы,
азірнуўся, усміхнуўся.
-- Дзякуй, Зайка.
-- Няма за што дзякаваць, --
адказаў Заяц і паскакаў далей.
Вожык правёў яго вачыма і
прамовіў:
-- Ты не звычайны Заяц, а
залаты!
-- Ого! -- пачуўшы, шчоўкнуў
зубамі Воўк. -- Выходзіць, гэты Заяц не сапраўдны, а зроблены з золата. Зараз я
яго злаўлю і прадам за вялікія грошы.
Прыпусціўся ён за Зайцам, ды
неўзабаве трапіў у яму, якую сам жа выкапаў. Загаласіў што ёсць сілы:
-- Дапамажыце! Ратуйце!
Тут як тут Заяц.
-- Бач ты!-- дзівіцца. -- Яшчэ
адзін небарака ў яму ўваліўся. Хацелася б мне ведаць, хто павыкопваў на нашай
горцы такія глыбокія ямы.
-- Я павыкопваў! Я! Бо мне не
было чаго рабіць, -- са страху прызнаўся Воўк.
-- Сам выкапаў -- сам і вылезеш,
-- сказаў Заяц.
-- Сам не вылезу! -- закалаціўся
Воўк. -- Калі ямы капаў, то лесвіцу з сабою насіў. Па лесвіцы вылазіў. Не
пакідай на пагібель!
Заяц пашкадаваў неразумнага Ваўка: узяў сукаватую лясіну і апусціў у яму.
Як па лесвіцы, па сукаватай
лясіне Воўк вылез з ямы, да Зайца дакрануўся, памацаў.
-- Ты пушысты і мяккі! А я
думаў, што з золата зроблены.
-- Воўча, ямы пазасыпай, бо зноў
у якую-небудзь увалішся, -- параіў Заяц і пабег, падскокваючы.
"А ён усё-ткі залаты, хоць
і не з золата зроблены", -- падумаў Воўк і пайшоў па рыдлёўку, каб
засыпаць ямы.
РАЗУМНІКІ
На беразе рэчкі сядзелі Клічны
Знак і Пытальны Знак. Адзін гарэзлівы Шчупачок вырашыў іх напалохаць. Падплыў
да берага, з усёй сілы пляснуў па вадзе хвастом і схаваўся ў густым аеры.
Але не спалохаліся сябры. Клічны
Знак дык усклікнуў у захапленні:
-- Ух ты!
-- Шаноўны Клічнік, якое слова ў
выразе "ух ты!" з'яўляецца асабовым займеннікам? -- хаваючы на вуснах
хітрынку, пацікавіўся Пытальнік.
-- Я чытаў пра асабовыя
займеннікі, але ўжо ўсё забыўся, вылецела з галавы, -- шчыра прызнаўся Клічнік.
-- Давай успомнім! -- ускочыў Пытальнік. Ён не любіў сядзець
проста так. -- Які асабовы займеннік ты выкарыстаеш, калі будзеш расказваць пра
сябе?
-- Я, канешне, -- адказаў
Клічнік.
-- А калі будзеш расказваць і
пра сябе, і пра мяне?
-- Мы, напэўна.
-- Я, мы -- займеннікі першай
асобы, -- адзначыў Пытальнік і адразу ж задаў новае пытанне: -- А як назавеш
свайго сябра, мяне, напрыклад?
Клічнік усміхнуўся:
-- Ты!
-- А калі б я быў старэйшы за
цябе, то як да мяне звярнуўся б?
-- Вы!
-- Ты, вы -- займеннікі другой
асобы.
-- Займеннікі трэцяй асобы --
ён, яна, яно, яны, -- успомніў Клічнік і, ускочыўшы, стаў маршыраваць па
беразе, гучна вымаўляючы ў такт крокам: -- Я, мы!
-- Ты, вы! -- прагаварыў
Пытальнік і таксама стаў маршыраваць па беразе.
-- Ён, яны! -- гукнуў Клічнік.
-- Яна, яно! -- падхапіў Пытальнік.
Як два бравыя салдаты,
маршыруюць Клічнік і Пытальнік і цвёрда вымаўляюць у такт сваім крокам:
-- Я, мы! Ты, вы! Ён, яна! Яно,
яны!
А Шчупачок пазірае на іх з вады
і думае: "Вось якія яны разумнікі!"
СНЫ
На вялікай паляне, дзе рос
маліннік, жыў-быў Мядзведзь. Ён не любіў працаваць. Любіў добра паесці і
паспаць. Ягоная хатка пахілілася, скрывілася, а на страсе выраслі мухаморы.
Вясною Мядзведзь ускапаў
агародчык і пасеяў моркву, агуркі, бурачкі. Дожджык шчодра градкі палівае, а
Мядзведзь усё спіць, багатага ўраджаю чакае.
Раптам ускочыў з ложка
Мядзведзь, закрычаў на ўсю паляну.
Прыляцела Сарока. Села на падаконнік Мядзведзевай хаты і
застракатала:
-- Хто цябе так моцна напалохаў?
Няўжо ў нашым лесе ёсць дужэйшыя за цябе?
-- Страшныя сны за мяне
дужэйшыя. Толькі што прысніўся калючы асот. Я ляжу, а ён цягнецца, каб вострымі
калючкамі ўкалоць. А потым крапіва з’явілася!.. – паскардзіўся Мядзведзь.
-- Цябе трэба лячыць, -- сказала
Сарока. – Да Дзятла ідзі. Ён нават дрэвы лечыць.
Пайшоў Мядзведзь да Дзятла.
Дзяцел сядзеў на яліне і, як
сапраўдны барабаншчык, старанна стукаў па ёй моцнай дзюбай:
-- Тук-тук, тук-тук!..
-- Добры Дзятлік-лекар, --
звярнуўся да яго Мядзведзь, -- мне сняцца страшныя сны: калючы-асот,
крапіва-пякучка. Ты мяне вылечыш?
-- Вылечу, калі ад сваіх ворагаў
пазбавішся, якія ў снах да цябе прыходзяць. Яны на тваім агародчыку растуць.
Прыбег Мядзведзь дамоў.
Сапраўды, на агародчыку ні морквы, ні агуркоў, ні бурачкоў не відаць. Толькі
асот і крапіва сцяною стаяць, раскашуюць.
Хоць і не хацелася Мядзведзю,
але-ўсё-ткі ўзяўся за працу. Цэлы дзень асот і крапіву вырываў. Лапы абпёк,
пакалоў, сам стаміўся.
Вечарам прывалокся ў хатку, паеў
і лёг спаць. А ноччу яму прыснілася, што ў агародчыку на градках растуць, узнімаюцца
морква, агуркі, бурачкі.
Мядзведзь спаў і ўсміхаўся,
быццам салодкага мёду наеўшыся.
ВОЎЧАЕ ЛЫКА
На стройную Бярозку, што
ўзвышалася на ўзлеску, сеў стракаты Дзяцел.
-- Тук-тук, -- гучна застукаў
вострай, шырокай, што долата, дзюбай.
Расхінуўшы прэлае лісце, з-пад
Бярозкі выглянула Воўчае Лыка.
-- Чаго ты ўсё стукаеш?
-- Вясну вітаю, -- адказаў
Дзяцел і застукаў яшчэ мацней, яшчэ часцей.
-- Разбудзіў, а Сонца няма.
Вясною павінна свяціць цёплае Сонца, -- забурчала Воўчае Лыка. -- Дзе яно
прапала? Дзе падзелася?
Выглянула Сонца, разагнала
Цёмныя Хмаркі. Засвяцілася, заіскрылася.
Узрадавалася Воўчае Лыка.
Цягнецца да Сонца доўгаю сцяблінаю, пяшчотна-ружовыя кветкі насустрач яму
раскрывае, усміхаецца:
-- З сённяшняга дня толькі са
мною сябруй, толькі мне сваю ласку дары.
Дзікая Козачка непадалёку
прабягала. Пачула, не пагадзілася:
-- Яснае Сонейка, усім ласку
дары.
Пачула Пчала, што паблізу, у
дупле, зімавала. Не сцярпела, азвалася:
-- Так, так. Ласка нават
травінцы патрэбная. Памятай, Сонейка.
Сініца гэтую гаворку падслухала.
Падхапіла, панесла далёка-далёка звонкаю песняю:
-- З усімі сябруй, мілае
Сонейка. Усе мы хвілінкі ў гадзінкі складвалі. Чакалі цябе, зачакаліся.
Заззяла ад шчасця Сонца. Па
ўзлеску прабеглася -- зялёнымі парасткамі траўка прабілася, на Бярозку глянула
-- клейкімі лісточкамі Бярозка ўпрыгожылася, у лес заглянула -- блакітнымі
пралескамі лес расцвіў.
Абурылася Воўчае Лыка:
-- Не дарую! Заплачуць у мяне і
Дзікая Козачка, і Пчала, і Сініца!
-- Чаго ты так узлавалася?
Радуйся, што не ў адзіноце жывеш, -- паўшчувала Бярозка.
-- Маўчы! -- нядобра глянула на
суседку Воўчае Лыка. -- Ні за што ім не
дарую. Хутка Самая Цёмная Ноч, мая сваячка, у лес заявіцца. Папрашу, каб ядам
мае карэньчыкі напаіла. Атручу іх, нягодных, знішчу.
-- Не рабі гэтага, бо пашкадуеш
пасля, -- просіць Бярозка.
Не паслухалася Воўчае Лыка,
дачакалася Самай Цёмнай Ночы і ўволю напілося атрутных расін, а раніцаю светлаю
пяшчотна-ружовыя пялёсткі раскрыла, Пчалу падклікае:
-- Пчолка-клапатуха, ляці да
мяне. Салодкім мядком цябе пачастую.
Прыляцела Пчала, а Бярозка як
замахае голлем:
-- Не слухай падманшчыцу, не частуйся яе
мядком, бо атруцішся. У нашым лесе вунь колькі кветак, якія сапраўды рады цябе
сустрэць, прывеціць!
Пчала сярдзіта загудзела і далей
паляцела.
-- Не ўдалося з Пчалою расправіцца -- з Дзікаю Козачкаю
расквітаюся, -- не адступаецца ад задуманага Воўчае Лыка. -- Няхай толькі лісцікі як след сокам
набрыняюць.
У Воўчага Лыка маладзенькія
лісцікі што павучыныя лапкі: доўгія, загінастыя. Цягнуць з карэньчыкаў змяіны
сок, наталяюцца.
-- Козачка, Козачка, -- кліча
Воўчае Лыка Дзікую Козачку, -- паеш, пакаштуй маіх зялёненькіх лісцікаў.
А Бярозка ў крык:
-- Козачка, не чапай іх! Яны
атрутнаю расою напоеныя! Хіба не хапае зялёненькай траўкі табе?
Павярнулася Дзікая Козачка і
пабегла зялёненькую траўку шчыпаць.
-- Не ўдалося расправіцца
з Пчалою і Дзікаю Козачкаю --
Сініцу са свету звяду, -- пагражае Воўчае Лыка. -- Няхай толькі мае ягадкі паспеюць.
А ты, Бярозка, не перашкаджай мне, бо горкімі слязамі заплачаш. Мой сваяк,
Дрэнны Гаспадар, востраю сякераю цябе ссячэ.
Паспелі ў Воўчага Лыка ягады.
Ірдзеюць, чырвона-бурыя, вабяць вогненным колерам.
-- Птушка Сінічка, -- гукае
Воўчае Лыка, -- ляці да мяне, спелымі ягадкамі паласуйся.
Не стрывала Бярозка, хоць і
страхам яе працяло:
-- Сінічка, не дзяўбі гэтых
ягад: атруцішся!
Паляцела Сініца, пачутую вестку
па лесе разносячы.
Моцна ўзлавалася Воўчае Лыка.
-- Дрэнны Гаспадар, мой родны
браток, прыйдзі і ссячы Бярозку-нягодніцу. Яна
ўсё неба затуліла. Не дае мне пакрасавацца, не дазваляе пацешыцца.
Засмуцілася Бярозка.
-- Не чапай мяне, Воўчае Лыка. Я
цябе лютаю зімою ад марозу ратавала: лісточкамі акрывала.
Воўчае Лыка не слухае.
-- Любы браток, ссячы Бярозку,
спалі яе!
Прыйшоў Дрэнны Гаспадар, дастаў
з-за пояса вострую сякеру, пад самы корань секануў раз, другі, трэці...
Бярозка застагнала, пахіснулася
і на зямлю павалілася.
Дрэнны Гаспадар парассякаў яе на
кавалкі, галлё ў адну кучу паскідаў, чыркнуў запалкам і падпаліў.
Сонца спахмурнела, Пчала
забедавала, тоненька задзынькала, Сініца вясёлую песню перапыніла, Дзікая
Козачка перастала траўку шчыпаць, заплакала.
-- Так вам і трэба, так вам і
трэба! -- радуецца Воўчае Лыка.
Але нядоўга цешылася.
Прайшло зялёнае лета. Восень на
ўзлесак завітала. Лісце на дрэвах пажаўцела, апала, розныя травінкі, былінкі,
як цёплым адзеннем, апранула. А Воўчаму Лыку ніводнага лісточка не дасталася.
-- Тук-тук, -- паведамляючы,
прастукаў Дзяцел. -- Сонейка ў цёплыя краі адпраўляецца, зіма надыходзіць.
-- Сонейка, забяры мяне з сабою,
-- просіць Воўчае Лыка. -- Тут холадна, няўтульна.
-- Не магу, не магу, --
адплываючы, прагаварыла Сонца.
Заплакала Воўчае Лыка:
-- Пчолка, накрый мяне
лісточкамі. Мае ножкі-карэньчыкі замярзаюць.
Прамаўчала Пчала, з дупла не
вылезла.
Воўчае Лыка да Сініцы
звяртаецца, каб дапамагла:
-- Сінічка, прынясі хоць адзін
лісточак. Пашкадуй мяне.
У гушчар Сініца схавалася.
-- Гіну, замярзаю я, -- Дзікай Козачцы
скардзіцца Воўчае Лыка. -- Награбі лісточкаў і накрый мяне.
Дзікая Козачка тупнула капытцам
па мёрзлай зямлі і пабегла.
-- Холадна маім
ножкам-карэньчыкам, -- трасецца,
лекаціць Воўчае Лыка. -- Бярозка-нягодніца вінаватая. Яна мяне з ляснымі
жыхарамі пасварыла.
ЯК КАМАРЫК ПЧОЛЦЫ ДАПАМОГ
У агародчыку каля хаты расла
Кветка. Яна сваёй красой славілася. Аднаго разу маленькая Пчолка села на яе
вяночак, каб салодкім нектарам паласавацца.
-- Прыляцела! Зараз усю маю
прыгажосць папсуеш! -- прабурчала Кветка
(у гэты дзень у яе не было настрою: гарачыня замучыла) і шчыльна закрыла
пялёсткі, быццам вялікі замок на іх павесіла. Цёмна стала ў вяночку, як у
вуллі, калі ноч наступіць. Але ў вуллі разам з сяброўкамі і ноччу не страшна. А
тут Пчолка адна апынулася.
-- Цётачка Кветка, выпусціце мяне! -- усхліпнула яна. -- Я дамоў
хачу.
-- І не прасіся! -- заявіла
Кветка.
-- Дапамажыце хто-небудзь! -- у
роспачы закрычала Пчолка.
Ляцела Аса, села на высокі
сланечнік, азірнулася.
-- Хто крычыць? Хто дапамогі
просіць?
-- Я, Пчолка! Мяне Кветка
пялёсткамі закрыла і не выпускае, -- падала галасок Пчолка.
-- Яна цябе пялёсткамі
закрывала, а ты не бачыла? У цябе хіба вочы былі на патыліцы? -- папракнула
Аса.
-- Не бачыла, бо салодкім
нектарам ласавалася. Цётачка Аса, рассуньце пялёсткі. Я і праз маленькую
шчылінку вылезу.
-- Не хопіць у мяне сілы, каб
пялёсткі рассунуць. Відаць, не дапамагу я табе, Пчолка. Не!
Ляцеў Чмель. Пачуўшы размову,
прымасціўся на сланечніку побач з Асою і пацікавіўся:
-- Сястрычка Аса, што ў вас
нарабілася?
-- Кветка пялёсткамі Пчолку закрыла. Цяпер яна, няшчасная, на волю не
можа выбрацца.
-- Дзядзечка, -- да Чмяля
звярнулася Пчолка, -- дапамажыце, калі ласка,
крыху рассуньце пялёсткі!
Чмель лапкамі пагладзіў тоўсты
жывоцік.
-- Не змагу. Сілы малавата.
Горка заплакала Пчолка.
Ляцеў Камарык, сеў на сланечнік
і запытаўся ў суседзяў:
-- Хто каля вас так горка плача,
слязамі заліваецца?
-- Кветка Пчолку пялёсткамі
закрыла, дамоў не адпускае, -- басам прагудзеў Чмель.
-- Камарык, можа, ты мне
дапаможаш, пялёсткі рассунеш? -- папрасіла Пчолка.
-- Канешне, дапамагу, -- азваўся
Камарык.
-- Ты пялёсткі рассунеш? Сілач
знайшоўся! -- з пагардай прамовіў Чмель.
-- Ты зусім худы. У цябе сіла
камарыная, -- не паверыла Аса.
-- Ёсць у мяне сіла. Ёсць! -- Камарык разагнаўся, наставіў нос-хабаток і
паляцеў на Кветку. Ляціць, бзыіць.
"Ён такі адчайны! Зараз усю
маю прыгажосць папсуе", -- спалохалася Кветка і, раскрыўшы пялёсткі,
выпусціла Пчолку.
НЯМА СЯБРОЎ
Жыў-быў адзін Зайка. Такога
Зайку ва ўсім свеце шукай – не знойдзеш. Запытаецеся: чаму? А вось паслухайце.
Як і кожны Зайка, ён вельмі
любіў гуляць. Прачнецца рана-раненька – і давай гойсаць. Па лузе, па балоце, па
ляску. Каго не сустрэне, кожнага зачэпіць. Убачыць Жураўля і, не прывітаўшыся,
галёкае: “Зуравель!.. Зуравель!..” Жураўлю, канешне, крыўдна, просіць ён Зайку:
“Хоць сёння памаўчы”. Зайка яшчэ мацней: “Зуравель! Зуравель!” Журавель, каб
гэткага не чуць, прэч ляціць. А Зайка, рагочучы, далей спяшаецца. Жука ўбачыць
– і давай крычаць: “Зук! Зук!” Жук натапырыць крыльцы: “Зайка, перастань”.
Зайка сваё, як заведзены: “Зук! Зук!” Толькі тады супакоіцца, калі Жук пад
купіну залезе, схаваецца. Вось так Зайка гойсае, цешыцца. “Каго ж мне яшчэ зачапіць?” –
думае. Ага, у небе Жаўрук кружыцца, песню спявае. Задзярэ Зайка галаву і на ўсю
моц галёкае: “Заўрук! Заўрук!” Далей Жаўрук ляціць, песню перапыняе.
Аднаго разу Вожык пачуў, як
Зайка дражніцца. “Жэўжык ты!” -- сказаў
ён, ушчуваючы. Зайка ў адказ: “Сам ты Зэўзык. Зэўзык! Зэўзык!” З таго дня
толькі сустрэне Вожыка і давай на ўсе лады: “Прывітанне, Зэўзык. Як жывеш,
Зэўзык?” Бедны Вожык скруціцца ў клубочак, каб не чуць, каб не слухаць. А Зайка
і вухам не вядзе: “Да сустрэчы, Зэўзык!”
Так жыў Зайка цэлае лета. А
восенню, калі лісце на дрэвах пажаўцела, Заяц-тата завёў яго ў лясную школу. Са
ўсяго лесу зайкі ў школу сабраліся. Пасадзіў іх Заяц-настаўнік на дубовыя
калоды і пытаецца:
-- Зайкі, з кім вы сябруеце?
Адзін Зайка кажа, што з Матылём,
другі кажа, што з Вераб’ём, трэці кажа, што з Барсуком. А наш Зайка маўчыць, не
азываецца. Падышоў да яго Заяц-настаўнік.
-- Зайка, а ты з кім сябруеш?
Заморгаў наш Зайка вочкамі.
-- У мяне няма сяброў.
-- Няўжо побач з вашым ляском ніхто-ніхто не жыве? –
здзівіўся Заяц-настаўнік.
А Зайка адказаў:
-- Жыве Жук, якога я называю
Зук, жыве Жаўрук, якога я называю Заўрук, жыве Журавель, якога я называю
Зуравель, жыве Вожык, якога я называю Зэўзык.
-- Цяпер мне зразумела, чаму ў
цябе няма сяброў, -- сказаў Заяц-настаўнік.
Зайка ціха прамовіў:
-- Я не вінаваты. Літара “З”
вінаватая.
ЯК МУРАШ ДАРОГУ ДАМОЎ ШУКАЎ
Заблудзіўся на агародзе маленькі
Мураш. Плача, бядуе:
-- Як я цяпер дамоў дабяруся?
Пачуў Рамонак Пахучы, паківаў
жаўтавата-зялёнымі кветкамі.
-- Чаго ж ты так расплакаўся?
Няўжо зусім не памятаеш, дзе твой дом знаходзіцца?
-- Пад вялікім каменем! -- мацней
заплакаў Мураш. -- Мама нам казала, каб на поўдзень ішлі, калі заблудзімся. Але
я забыўся, у якім баку поўдзень. Я яшчэ маленькі, у школу не хаджу.
-- Вунь туды, да плота, кіруйся,
-- параіў Рамонак. -- Там жыве Піжма. Яна ў школе добра вучылася, пакажа, дзе
поўдзень.
-- Я не пазнаю Піжму.
-- У яе кветачкі жоўтыя, на
маленькія кошычкі падобныя. А некаторыя кажуць, што жоўтыя гузікі яны
нагадваюць.
-- Дзякуй! -- крыкнуў Мураш і
пабег да плота.
Ускарабкаўся на градку. А там
буракі лапушацца. Цёмна на градцы, быццам у густым лесе.
Мураш спусціўся ў разорку,
спыніўся, дух перавёў і далей пабег як мага. Каля плота высокую расліну ўбачыў.
Кветкі ў яе быццам жоўтыя гузікі, а лісцікі вузкія, па краях няроўныя,
выгінастыя.
-- Вы цётачка Піжма? -- ціха
запытаўся ў расліны.
-- Так. Мяне яшчэ называюць
Дзікаю Рабінкаю, бо мае ягады падобныя на ягады рабіны.
-- Цётачка Дзікая Рабінка, я
дарогу дамоў шукаю. Мама нам казала, што на поўдзень трэба ісці, калі
заблудзішся. Вы ведаеце, дзе поўдзень?
-- Рабрынкі маіх лісцікаў
заўсёды накіраваны з поўначы на поўдзень. Глядзі! Поўдзень там, дзе сцелецца
Бярозка. Ідзі туды, і свой дом неўзабаве знойдзеш.
-- Дзякуй, цётачка Дзікая
Рабінка, -- падзякаваў Мураш і пабег уздоўж плота.
-- Шчаслівай дарогі табе! --
пажадала Піжма.
Бяжыць Мураш, спяшаецца. Убачыла
яго Крапіва, засыкала:
-- Апяку!..
Мураш не спалохаўся, абмінуў
Крапіву, далей бяжыць.
Вось і Бярозка. На плот залезла,
свавольніца, дзівіцца.
-- Куды бяжыш, маленькі?
-- Цётачка Бярозка, я
заблудзіўся, -- паведаміў Мураш, а потым дадаў: -- Вы мяне не пакрыўдзіце?
-- Я не люблю каго-небудзь крыўдзіць,
-- сказала Бярозка. -- З маіх духмяных кветак і Мухі, і Пчолы, і Матылькі п'юць
нектар.
-- А чаму цяпер вашы кветачкі
закрытыя? Нектару няма?
-- Хутка будзе вялікі дождж.
Перад дажджом мае кветачкі заўжды закрываюцца.
На вачах у Мураша выступілі
слёзкі.
-- Мяне ручаінка падхопіць і
панясе далёка.
-- Не плач, -- супакоіла
Бярозка. -- Мой сусед Сланечнік табе дапаможа.
-- Абавязкова дапамагу, --
пачуўшы, азваўся Сланечнік. -- Няхай залазіць пад маю шапку. Яна схавае ад дажджу.
Шапка ў Сланечніка круглая,
цяжкая, уніз нагнулася. Не марудзячы, Мураш спрытна ўскарабкаўся па
сцябліне-стволіку і схаваўся пад гэтай шапкай.
"Кап-кап", -- упалі
першыя кроплі дажджу.
Мураш залез у шчылінку, дзе
раней было семачка (няйначай, Верабей яго выдзеўб), сядзіць, не варушыцца.
Капаюць кроплі, важка б'юць па
Сланечніку, а Мурашу пад магутнай шапкай цёпла і ўтульна. Ён нават заснуў
непрыкметна. Дом яму сніцца, мама сніцца, брацікі-мурашы сняцца.
-- Уставай, уставай! -- будзіць
Сланечнік. -- Дождж ужо прайшоў.
Мураш працёр вочкі. Сапраўды,
Сонейка свеціць, Матылькі лятаюць, Пчолы звіняць.
-- На маю шапку залезь, --
параіў Сланечнік. -- Адтуль свой дом убачыш.
Мураш ускарабкаўся на шапку, на
самы верх, і ўбачыў за агародам вялікі камень. Каля яго брацікі і сястрычкі
ўвіхаюцца, працуюць.
Мураш хутка спусціўся ўніз.
-- Дзякуй, цётачка Бярозка і
дзядзечка Сланечнік! Цяпер не заблуджуся, знайду дарогу дамоў.
Сланечнік усміхнуўся і падумаў:
"Маленькі, а такі разумны!"
ПАД ДУБАМ
Пад магутным разложыстым дубам сядзелі Клічны
Знак і Пытальны Знак.
-- Шаноўны Клічнік, -- распачаў
гаворку Пытальнік, -- як ты лічыш: слова "дуб" мае аднакаранёвыя
словы?
Клічнік паглядзеў угору.
-- Мабыць, мае. Ён вунь як
укараніўся!
Пытальнік усміхнуўся.
-- Ты не мог бы іх назваць?
-- Аднакаранёвыя словы маюць
адзін і той жа корань,-- пачухаў патыліцу Клічнік. -- Так я разумею?
-- Так, -- кіўнуў галавою
Пытальнік.
-- Ведаю адно такое
аднакаранёвае слова, -- падумаўшы, пахваліўся Клічнік. -- Дубовы!
-- Правільна. Яшчэ адно назаві.
Клічнік апусціў галаву.
-- Каб ведаў, то адразу назваў
бы.
-- Давай крыху паразважаем, --
прапанаваў Пытальнік. -- Тут расце адзін дуб? Так?
-- Так, -- пагадзіўся Клічнік.
-- А калі б расло шмат дубоў, то
як ты назваў бы гэтае месцейка?
-- Дубняк! -- усклікнуў Клічнік.
-- Шаноўны Пытальнік, я яшчэ адно аднакаранёвае слова ўспомніў!
-- Якое?
-- Дубец!
-- Ой! -- ад нечаканасці
вырвалася ў Пытальніка. -- Словы дуб і дубец не аднакаранёвыя.
-- Аднакаранёвыя! -- заўпарціўся
Клічнік. -- У іх ёсць агульная частка -- дуб.
-- Але ж яны маюць рознае
значэнне, -- сказаў Пытальнік.
-- Вось яно што! Аднакаранёвыя
словы блізкія па значэнні, -- здагадаўся Клічнік і пачаў называць такія словы:
грыб -- грыбнік, салома -- саламяны,
стрэл -- перастрэлка...
БРАТЫ
Вырас Карэньчык: маленькі,
танюсенькі, як нітка. Ён нават не ведаў, як яго зваць. Прытаіўся ў зямлі,
баіцца прыўзняцца.
-- Прывітанне, братка! --
неспадзявана пачулася непадалёку.
Зірнуў Карэньчык: побач з ім
штосьці доўгае ляжыць, цягнецца кудысьці.
-- Хто ты? Як зваць цябе? --
запытаўся ціха.
-- Карэньчык.
-- А мяне як зваць?
-- Таксама Карэньчык.
-- Таксама?
-- Ты Малодшы Карэньчык, а я
Старэйшы Карэньчык. Я раней за цябе вырас. Мы браты, бо адзін Корань нам жыццё
даў. Вунь ён, -- паказаў Старэйшы Карэньчык.
Малодшы Карэньчык прыўзняўся і ўбачыў вялікі тоўсты Корань, ад якога
разыходзіліся розныя Карэньчыкі.
-- Гэтыя Карэньчыкі нашы браты?
-- пацікавіўся Малодшы Карэньчык.
-- Нашы! -- з гонарам адказаў
Старэйшы Карэньчык.
-- Чаму мы ўсе ў зямлі
знаходзімся? Мы тут, відаць, нікому не патрэбныя?
-- Яшчэ як патрэбныя. Мы
Карэньчыкі Яблыні. Мы кормім і поім Яблыню. Без нас яна загінула б. А яшчэ
трымаем яе. Бачыш, як моцна мы перапляліся? Ні адзін вятрыска Яблыню не
зваліць.
-- Выходзіць, чым болей нас, чым
мацней адзін за аднаго трымаемся, тым лепей для Яблыні?
-- А ты разумны, умееш
разважаць, -- пахваліў Старэйшы Карэньчык Малодшага Карэньчыка.
-- Акрамя нас, Карэньчыкаў
Яблыні, тут ёсць і іншыя Карэньчыкі? -- хочацца ведаць Малодшаму Карэньчыку.
-- Яблыня расце на вялікім
агародзе, -- ахвотна паведаміў Старэйшы Карэньчык. -- Тут Карэньчыкі Вішні,
Карэньчыкі Слівы, Карэньчыкі Цыбулі, Карэньчыкі Кропу. Шмат Карэньчыкаў. Усе
яны нашы сваякі.
-- Пазнаём мяне са сваякамі, --
папрасіў Малодшы Карэньчык.
-- Паўзі за мною, -- сказаў
Старэйшы Карэньчык.
Старэйшы і малодшы браты
папаўзлі па агародзе. Сустрэліся з Карэньчыкам Вішні, крыху пагаварылі і далей
папаўзлі. Сустрэліся з Карэньчыкам Слівы -- перадалі прывітанне ад Карэньчыка
Вішні.
Малодшы Карэньчык пасмялеў, убок
адпоўз і заўважыў, што да яго набліжаецца тоўсты белы Корань.
-- Знішчу, як толькі дабяруся да
цябе! -- з пагрозай прамовіў белы Корань.
Малодшы Карэньчык ад страху
пачаў заікацца:
-- Т-ты хто т-такі?
-- Корань Асоту.
-- Не ч-чапай мяне! Я
м-маленькі!
--Ты тут лішні. Знішчу! --
палохае Корань Асоту.
Малодшы Карэньчык успомніў, што
Старэйшы Карэньчык побач знаходзіцца.
-- Братка! -- закрычаў.
Пачуў старэйшы брат, на дапамогу
кінуўся. А за ім іншыя Карэньчыкі спяшаюцца.
-- Бач, якія дружныя! -- агрызнуўся Корань Асоту і назад
папоўз.
-- Чаму ён такі незычлівы? --
запытаўся Малодшы Карэньчык у Старэйшага Карэньчыка.
-- Вырас такім. Лічыць, што ўсе
яму перашкаджаюць. Каб прымеў, то ўвесь агарод заняў бы.
Раптам на агародзе зямля хадуном
захадзіла. Спалохаўся Малодшы Карэньчык, да брата прыціснуўся.
-- Не бойся, -- супакоіў яго
Старэйшы Карэньчык. -- Гаспадар прыйшоў на агарод, сталёвымі зубамі зямлю ўздымае, каб нам лепей
дыхалася. Ён вырве Корань Асоту.
І праўда, неўзабаве закрактаў
Корань Асоту, потым трэснуў і выскачыў з зямлі, быццам і не было яго.
-- Гаспадар мяне не вырве? --
сцяўся Малодшы Карэньчык.
-- Не кране, -- супакоіў брат.
Не ведаў Старэйшы Карэньчык, што на агарод прыйшоў Малы Гаспадар. Ён
толькі вучыўся працаваць на зямлі. Таму, не разабраўшыся, падхапіў Малодшага
Карэньчыка сталёвым зубам і выцягнуў на верх.
-- Мне тут горача! -- заплакаў Малодшы Карэньчык.
-- Які ж я няўмека! Карэньчык
Яблыні выцягнуў! -- усклікнуў Малы Гаспадар і, выкапаўшы ямку, паклаў туды Маленькага Карэньчыка, зямлёю
прысыпаў і сказаў: -- Вялікі расці, Карэньчык.
НЕ ТАМ КАПАЎ
З хваёвага бору ў суседні
бярозавы гаёк пераехаў Заяц, купіў тут сабе старую хатку, якую даўно і мышы
пакінулі.
Заяц быў вельмі ганарлівы, бо
меў нагавіцы ў чорна-белую клетку, такую ж самую, як на шахматнай дошцы. З-за
гэтых нагавіц ён адзін раз адзін раз у хваёвым бары моцна пацярпеў. Два злосныя
Ваўкі злавілі яго, павалілі, паклалі на жывот і ўсю ноч на нагавіцах у шахматы
гулялі. У іх чамусьці не было шахматнай дошкі. Пэўна, згубілі яе. Але Заяц пра
гэта нікому не сказаў.
Пераехаўшы ў гаёк, ён да Барсука
панадзіўся хадзіць. Барсук у агародзе завіхаецца, градкі капае, а Заяц, сеўшы на лаўку, размову
распачынае:
-- Усё капаеш?
-- Капаю, -- адказвае Барсук.
-- Яшчэ не напрацаваўся?
-- Не напрацаваўся.
Аднаго разу Барсук не сцярпеў:
-- Заяц, табе проста так сядзець
не надакучыла? Справай заняўся б.
Пакрыўдзіўся Заяц. Як жа! У яго
нагавіцы ў чорна-белую клетку, самыя адметныя ў лесе, а Барсук вучыць, як жыць.
Пасля гэтага Заяц доўга не
прыходзіў да Барсука. Восенню, калі крыўда крыху ўляглася, заглянуў да яго.
У той дзень Барсук моркву
выбіраў і капусту высякаў.
У Зайца, як убачыў такое
багацце, ад зайздрасці вочы зусім перакасіліся.
-- Усё гэта тваё? -- запытаўся
ён у Барсука, паказаўшы на моркву і капусту.
-- Маё! -- з гонарам адказаў
Барсук.
-- Дзе ж ты набраў гэтулькі
дабра?
-- У зямлі накапаў.
-- І мне можна накапаць у зямлі?
-- Чаму ж не! -- усміхнуўся
Барсук.
Заяц схапіў каля плота рыдлёўку,
прыбег на вялікую паляну і пачаў капаць па парадку. Усю паляну ўскапаў, а нават
горкай цыбулінкі ў зямлі не знайшоў.
Прыплёўся Заяц да Барсука, кінуў
рыдлёўку.
-- Я ўсю паляну ўскапаў, але не
знайшоў у зямлі ні морквы, ні капусты.
Хітра прыжмурыўся Барсук.
-- Мабыць, не там капаў.
"Мабыць, не там", --
падумаў Заяц і павалокся дамоў не солена хлябаўшы.
ЯСТРАБОК
Пры дарозе, выезджанай коламі
машын, рос Ястрабок. Вы, напэўна, не раз бачылі гэтую кветку. Лісты ў яе
разыходзяцца ад самага кораня. Зверху яны зялёныя, а знізу шэрыя, пакрытыя
маленькімі валасінкамі. Сцябло быццам стрэлка цыбулі, ніводнага лісточка на ім
няма. Угары, на сцябле, узвышаецца жоўты кошычак, у якім хаваюцца кветачкі. Іх
там каля ста. З узыходам сонца кошычак Ястрабка раскрываецца. Быццам
маленькае сонейка, загараюцца жоўтыя кветачкі.
Побач з Ястрабком расла Цыкорыя.
Яна прачыналася раней за ўсіх, яшчэ да ўсходу сонца, і пільнавала, калі
прачнецца сусед, каб прывітацца з ім і пра жыццё пагаварыць.
І ў гэты дзень яна гучна прывіталася, як толькі заўважыла, што Ястрабок
раскрыў кошычак:
-- Добры дзень, Ястрабок!
Ястрабок саромеўся, калі чуў
сваё імя. "Яно птушынае, -- думаў ён. -- Ястраб -- птушка дужая, смелая, а
я маленькі, безабаронны. Не, такое імя я не заслужыў".
-- Добры дзень, -- ціха адказаў
Ястрабок.
-- Як табе спалася, што
прыснілася? -- са сваёй метровай вышыні пракрычала Цыкорыя.
-- Сёння я амаль не спаў: баяўся,
што кола машыны наедзе і раздушыць. Каля мяне так блізка праходзіць каляіна!
Цыкорыя замахала вялікімі
светла-сінімі кветкамі-кошычкамі.
-- Эх ты! З мяне прыклад бяры. Я
нікога не баюся.
-- Кветачкі, дапамажыце, калі
ласка! -- нечакана данеслася з каляіны.
-- Хто там крычыць? --
страпянуўся Ястрабок.
З каляіны вылез рыжы Мураш.
-- Кветачкі, мяне Чмель даганяе.
Ён спаў, а я дзеля жарту жывоцік яму паказытаў... Не ведаў, што так узлуецца...
Дапамажыце!..
-- Я не магу, -- прагаварыла
Цыкорыя. -- Я ў чатыры гадзіны раніцы прачынаюся, а ў дзесяць ужо сплю.
-- Але ж дзесяці гадзін яшчэ
няма! -- заўважыў Мураш.
-- Няма, але чамусьці на сон мяне
пацягнула. Відаць, захварэла я. --
Цыкорыя кашлянула і хуценька закрыла свой кошычак, пакінуўшы толькі
маленькую шчылінку, каб бачыць, што далей тут будзе рабіцца.
-- Куды ж мне падзецца? --
разгубіўся Мураш.
-- Пад мой лісточак схавайся, --
прапанаваў Ястрабок.
Мураш падбег да Ястрабка і каля
самага кораня схаваўся пад лісток.
Неўзабаве Чмель прыляцеў.
-- Ястрабок, рыжага Мураша тут
не бачыў? -- пакружыўшыся, прагудзеў. --
Праўду кажы, бо пакараю!
-- Выхаваныя і адукаваныя чмялі
спачатку вітаюцца, а потым пытаюцца, -- не разгубіўся Ястрабок.
-- Па-твойму, я нявыхаваны і
неадукаваны?
-- А ты дакажы. Колькі кветачак
у маім кошычку? Зможаш палічыць?
-- Вельмі лёгка. Дзівіся. -- Чмель
апусціўся на самы край кошычка і стаў лічыць кветачкі. Далічыў да сарака і
зблытаўся. Сядзіць, уздыхае.
-- Ну, як? Ужо палічыў? --
засмяяўся Ястрабок.
"Твае кветкі я і да ночы не
палічу", -- падумаў Чмель і паляцеў на балота, дзе даўно зрабіў гняздо ў купіне.
-- Ястрабок, ты такі смелы! Я
пра цябе песню складу! -- выскачыўшы з-пад лістка, усклікнуў Мураш.
-- Не трэба пра мяне песню
складаць, -- засаромеўся Ястрабок.
-- А я ўжо склаў, -- пахваліўся
Мураш і звонка заспяваў:
Ястрабок, Ястрабок,
Смелы і прыгожы.
Твае кветачкі, як цуд,
Ўвесь свет заварожваюць.
"Ён і пра мяне мог бы
скласці песню", -- гледзячы праз шчылінку, пазайздросціла Цыкорыя.
ЗВАРОТАК
Пытальны Знак і Клічны Знак
вырашылі схадзіць на рэчку. Пытальны Знак узяў ручнік і выйшаў на двор. Стаіць,
чакае сябра. А яго ўсё няма і няма.
-- Клічнік, ты хутка выберашся з хаты? -- гукнуў, страціўшы цярпенне.
Клічнік высунуўся ў адчыненае
акно.
-- Сваю кепку ніяк не знайду. А
без кепкі на рэчку не пайду: галаву сонцам напячэ. Пасля разбаліцца.
"Клічнік -- гэта
зваротак", -- уголас разважаючы, адзначыў Пытальнік.
-- Я не зваротак. Я Клічны Знак!
-- пачуўшы, пакрыўдзіўся Клічнік. -- Я выражаю розныя пачуцці: радасць,
захапленне, здзіўленне і нават сум і страх. Так што не абзывайся.
-- Я не абзываюся, -- пачаў
апраўдвацца Пытальнік. -- Я падумаў, што ў вымаўленым мною сказе слова
"клічнік" з'яўляецца звароткам. Ты не ведаеш, што такое зваротак?
-- Краем вуха чуў, але добра не
запомніў. Памяць у мяне курыная, -- паскардзіўся Клічнік.
-- Ты проста няўважлівы. У цябе
ў адно вуха ўлятае, а праз другое вылятае, -- паўшчуваў Пытальнік. --
Пастарайся запомніць наступнае правіла: зваротак -- гэта словы або спалучэнні
слоў, якія называюць асобу ці прадмет, да якіх звяртаюцца ў размове. Зразумеў?
Клічнік наморшчыў лоб.
-- Здаецца, зразумеў. Назаві
сказ са звароткам, а я паспрабую яго знайсці.
-- Калі ласка, -- павесялеў
Пытальнік. -- Эх, ты, лета!
-- Ты звярнуўся да прадмета пад
назвай "лета". Выходзіць, слова лета -- зваротак, -- крыху
паразважаўшы, здагадаўся Клічнік.
Пытальнік змахнуў пот з ілба.
-- Так. А цяпер яшчэ адзін сказ.
Эх, ты, лета гарачае!
--Тут звароткам з'яўляецца не
адно слова, а спалучэнне слоў, -- і на гэты раз здагадаўся Клічнік і,
азірнуўшыся, усклікнуў: -- Мая кепка на відным месцы, на стале, ляжыць, а я яе
шукаю!
Клічнік схапіў са стала кепку і
выбег з хаты.
НЕ ЗРАЗУМЕЛІ
На жытнёвае поле прыляцеў
Верабей. Прымасціўся сярод спелых каласкоў, уволю
наеўся зярнятак і перабраўся на ўзмежак.
Сядзіць, на сонцы грэецца.
Бегла Курапатка, пацікавілася:
-- Як жывеш, Верабейка?
-- Кепска! -- цяжка ўздыхнуў
Верабей. -- Усю вясну са Шпаком сварыўся, ягоную шпакоўню з боем забіраў...
-- Сваё гняздзечка пабудуй, каб
са Шпаком не сварыцца, -- параіла Курапатка.
"Не зразумела яна мяне, не
паспагадала", -- пакрыўдзіўся
Верабей і буркнуў, адвярнуўшыся:
-- Я маленькі і слабенькі. Мне
цяжка гняздзечка будаваць.
Пабегла Курапатка, у густым жыце
схавалася, а Верабей сядзіць, натапырыўшыся, Курапатку нядобрым словам
успамінае.
-- Як жывеш, Верабейка? -- запытаўся
Жаваранак, апусціўшыся каля Вераб'я.
"Можа, ён мяне зразумее,
пашкадуе", -- падумаў Верабей і ціха азваўся:
-- Вельмі кепска!
-- Глянь, якая прыгажосць
наўкола! Песні спявай, весяліся! -- усклікнуў Жаваранак.
-- Табе можна спяваць. Ты ўсе
ноты назубок ведаеш, а я ніводнай не вывучыў.
-- Запішыся ў нашу музычную
школу і вывучыш.
Дрыжыкамі працяло Вераб'я, як
пачуў гэткае.
-- Я не люблю вучыцца. Вось так!
-- Дык чаго ты скардзішся?
-- здзівіўся Жаваранак.
-- Не чапляйся, ляці сваёю
дарогаю! -- узлаваўся Верабей.
Паляцеў Жаваранак. А Верабей
зусім засумаваў.
-- Як жывеш, Верабейка? --
апусціўшыся на ўзмежак, заўважыла яго Ластаўка.
-- Сумна мне! -- прамовіў
Верабей.
-- Хіба можна сумаваць, калі на
свеце так шмат цікавага і незвычайнага? Паляцім са мною, пабачыш.
-- Не, тут мне спакайней, --
насупіўся Верабей.
Ластаўка ўзнялася і паляцела. А
Верабей лёг у высокую траву і заснуў.
ЧАМУ МАЛЬВА З ПРАМЕНЬЧЫКАМ СЯБРУЕ?
Каля альтанкі ўзвышаліся Ружы.
Часта хваліліся яны сваёй прыгажосцю:
-- Мы белыя, як першы снег,
пушыстыя, як нябесныя воблакі, чыстыя, як ранішняя раса. Мы цешымся, нам
весела.
Непадалёку расла звычайная
Мальва.
-- Вам весела, бо вас шмат. А я
адна расту. Мне нават радасцю няма з кім падзяліцца, -- аднойчы паскардзілася
яна.
Ружы пашапталіся між сабою і
прапанавалі:
-- Нахіліся да нас, будзем разам
сябраваць.
Узрадаваўшыся, Мальва нахіліла
сваю доўгую гнуткую сцяблінку і да Руж дакранулася. А яны знянацку вострымі
калючкамі праткнулі яе круглы лісцік, падобны на чалавечае сэрца.
Заплакала Мальва:
-- Вы прыгожыя, але калючыя!
Ружы стаяць, усміхаюцца як нічога
не было, а Мальва падумала з горкасцю, нахіліўшыся да альтанкі: "Я ўсё
жыццё буду адна".
Раптам па альтанцы заскакаў
светлы сонечны зайчык.
Мальва ўстрапянулася і запыталася
ў яго:
-- Ты хто?
-- Сонечны Праменьчык.
-- Сонечны Праменьчык, ты мяне
не ўколеш?
-- Я не калючы. Правер, калі не
верыш. -- Сонечны Праменьчык падскочыў і дакрануўся да Мальвы.
-- Ты такі цёплы, такі мяккі! –
усклікнула Мальва. -- Я хацела б з табою пасябраваць.
-- Я не супраць, -- адказаў
Сонечны Праменьчык.
Вось так Мальва на зайздрасць
Ружам сябра сабе знайшла. Ноччу яна спіць, адпачывае, а як толькі выгляне
сонца, цягне насустрач цёпламу Сонечнаму
Праменьчыку свае маленькія ружовыя кветачкі. Куды сонца паварочваецца, туды і
пяць яе пялёсткаў цягнуцца.
ЛАЎКА
Заяц вырашыў зрабіць лаўку. Каля
вуліцы, пад кучаравай вішанькай, укапаў два дубовыя слупкі, хоць і нялёгка яму
гэта далося: пры плоце, пад вішанькай, гліністая зямля пад сонцам зацвярдзела і
стала што ток. Потым на дубовыя слупкі шырокую дошку паклаў, стаў цвікамі
прыбіваць. Прыбівае, песеньку спявае:
Сёння лавачку
зраблю,
Ўсіх суседзяў я здзіўлю.
А вячэрняю парой
Сядуць тут яны са мной.
Заяц апошні раз моцна стукнуў
малатком, сеў на лаўку і засмяяўся, задаволены сабою. Сядзіць, то ў адзін бок,
то ў другі пазірае, суседзяў выглядае. Бачыць: Мядзведзь ідзе, вядро мёду з
пчальніка нясе.
Сёння лавачку
зраблю,
Ўсіх суседзяў я здзіўлю.
А вячэрняю парой
Сядуць тут яны са мной, --
гучна заспяваў Заяц. Хочацца яму, каб заўважыў
Мядзведзь новую лаўку і добрым словам ацаніў ягоную нялёгкую працу.
-- Добры дзень, Зайка, --
прывітаўся Мядзведзь і далей пакрочыў.
-- Добры дзень, -- адказаў Заяц
і ўстаў з лаўкі. "Мядзведзю не даспадобы мая лаўка. Мабыць, таму, што без
спінкі яна", -- падумаў ён і пабег у хлеў. Прынёс адтуль некалькі дошак і
брускоў, пагабляваў іх, спінку зрабіў і да лаўкі прыбіў. Сеў на лаўку, абапёрся
аб спінку, лапу за лапу закінуў. Бачыць: Воўк ідзе, новы кажушок з магазіна
нясе.
Сёння лавачку
зраблю,
Ўсіх суседзяў я здзіўлю.
А вячэрняю парой
Пагамоняць тут са
мной, --
заспяваў Заяц, пазіраючы на Ваўка.
-- Добры дзень, Зайка, --
прывітаўся Воўк і пашыбаваў як нічога ніякага.
-- Добры дзень, -- адказаў Заяц
і ўскочыў з лаўкі. "І Ваўку мая лаўка не даспадобы. Мабыць, таму, што
непафарбаваная", -- падумаў ён і пабег у хату. Прынёс цэлую банку
блакітнай фарбы, пэндзаль і пафарбаваў лаўку. Бачыць: Ліс ідзе, нясе вялікі
букет руж.
-- Добры дзень, Ліс, --
прывітаўся Заяц, хоць ад хвалявання ў горле перасохла.
-- Добры дзень, Зайка, --
усміхнуўся Ліс і пайшоў дамоў, трымаючы перад сабою букет.
-- Яму таксама мая лаўка не
даспадобы, -- горка ўздыхнуў Заяц і, глытаючы слёзы, ціха заспяваў:
Сёння лавачку
зрабіў,
А суседзяў не здзівіў...
-- Ай-я-яй! Ай-я-яй! -- пачуўшы
Зайцаву песеньку, два разы з дакорам паўтарыла Варона і паляцела да Мядзведзя
на падворак. Уселася на слупе і як закрычыць: -- Кар! Кар! Зайка плача! Вы,
звяры-суседзі, яго моцна пакрыўдзілі! Кар! Кар! Кар!
Мядзведзь выйшаў з хаты,
аблізнуўся, бо салодкага мёду толькі што наеўся.
-- Чаго Варона так раскрычалася?
-- выглянуўшы з акна, пацікавіўся ў яго Ліс.
-- Не ведаю, -- паціснуў плячыма
Мядзведзь.
-- Зайку вы пакрыўдзілі! -- зноў
падняла крык Варона. -- Ён новую лаўку зрабіў, цэлы дзень працаваў, стараўся. А
ніхто з вас добрым словам не азваўся. Пакрыўдзілі! Кар! Кар! Кар!
-- Я спяшаўся, мёд нёс, каб
Мядзведзіцу хутчэй пачаставаць, -- стаў апраўдвацца Мядзведзь.
-- І я дамоў спяшаўся, Лісе на дзень нараджэння ружы
нёс, -- прамовіў Ліс.
-- А я новы кажушок купіў,
любаваўся ім, -- выйшаў з хаты Воўк.
-- Зразумей нас, Варона! --
прагаварыў Мядзведзь.
Варона не хоча разумець звяроў,
крычыць, як і раней:
-- Пакрыўдзілі! Пакрыўдзілі!
Кар! Кар! Кар!
Звяры моўчкі пераглянуліся і
накіраваліся да Зайца.
-- Зайка, ты новую лаўку зрабіў!
-- здалёку ўсклікнуў Мядзведзь.
-- Ды такую прыгожую! --
падхапіў Ліс.
-- Як прыемна пахне гэтая
блакітная фарба! -- сказаў Воўк і, падышоўшы бліжэй, панюхаў свежую фарбу.
У Зайца на вачах адразу ж
высахлі слёзы. Ён паглядзеў на суседзяў і радасна ўсміхнуўся.
ЧАЛАВЕК І ЎСМЕШКА
У аднаго Чалавека прапала Усмешка.
Першым гэта заўважыў сусед.
-- Браток, што ў цябе
нарабілася? Тваё поле пустазеллем зарастае, а з твару прапала Усмешка. Твой
твар цяпер такі кіслы, што плакаць хочацца, на цябе гледзячы.
Чалавек забег у хату, зірнуў у
люстэрка і зніякавеў: сапраўды, няма Усмешкі на твары. Твар кіслы-кіслы.
Пайшоў чалавек да Суседа і
запытаўся:
-- Як ты думаеш, дзе мая Усмешка?
-- Напэўна, спіць у цёмным лесе,
-- выказаў здагадку Сусед.
Чалавек павохкаў, паўздыхаў (не
хацелася яму адпраўляцца ў далёкую дарогу) і накіраваўся ў цёмны лес.
Праз нейкі час знайшоў ён сваю Усмешку.
Яна спала на мяккім моху пад старой ялінай.
-- Эй ты! -- крыкнуў чалавек.--
Уставай хутчэй!
Усмешка павярнулася на другі бок
і мацней захрапла.
Чалавек разгубіўся, топчацца,
патыліцу чэша.
Раптам перад ім з'явіўся
Крумкач.
-- Сваю ўсмешку хочаш
разбудзіць? -- прагаварыў ён чалавечым голасам. -- Дарма стараешся.
-- Дык што ж мне рабіць? --
узяўся за галаву Чалавек.
-- У тваёй каморцы ёсць вядро
гароху, -- запытаўся Крумкач.
Чалавек кіўнуў галавою.
-- Але. Ёсць гарох у каморцы.
-- Ідзі дамоў, поле ўзары і
гарох пасей. Калі вырасце, зацвіце, тады
і твая Усмешка прачнецца, -- сказаў Крумкач.
Чалавек павярнуўся і таропка
пакрочыў дамоў. На другі дзень запрог каня і прыехаў на поле: узараў яго і
гарох пасеяў, як і параіў яму Крумкач. Чакае, калі гарох вырасце, зацвіце.
Нарэшце дачакаўся. Зацвіў гарох прыгожымі белымі кветкамі. Пчолы над ім дружна
кружацца, звіняць, быццам незвычайную песню спяваюць.
Паглядзеў Чалавек на гэтае
хараство і ўсміхнуўся.
Не падмануў яго Крумкач. У
цёмным лесе прачнулася Усмешка.
ВАРОНА
Гэтая Варона яшчэ малою свой
нораў паказвала. Бывала, узбурыцца ні з таго ні з сяго і цэлы дзень каркае:
-- Хачу бліскучыя пацеркі, хачу
бліскучае люстэрка, хачу бліскучы пярсцёнак. Хачу, хачу!..
-- Навошта табе пярсцёнак? --
пытаюцца бацькі -- Старыя Вароны.
А яна крычыць, як заведзеная:
-- Хачу, хачу!..
Замучыліся з ёю Старыя Вароны.
А калі непаслухмяная дачушка
крыху падрасла, дык бацькам зусім жыцця не стала.
-- Хачу быць чырванавата-рыжай,
як Каршун Чырвоны, -- неяк заявіла яна.
Старыя Вароны цярпенне страцілі.
-- Даражэнькая, выкінь глупства
з галавы і не надакучай нам.
"Без вас абыдуся", -- вырашыла
Варона і паляцела да знаёмага ката.
-- Кот Васіль, ты з людзьмі ў
адной хаце жывеш, усе іхнія сакрэты добра ведаеш. Зрабі так, каб я стала
чырванавата-рыжай, як Каршун Чырвоны. Няхай усе мяне баяцца.
У ката Васіля аж вусы
апусціліся, як пачуў гэткае.
-- Няўжо ты хочаш, каб усе цябе
баяліся?
-- Хачу. Няхай усе мяне баяцца і
ўсе мае жаданні выконваюць. Хачу!
-- Так і быць. Мая гаспадыня
пакінула ў сенцах чароўную ваду, якой валасы сабе фарбуе. І я цябе пафарбую, зраблю
чырванавата-рыжай, -- сказаў кот Васіль і вынес з сянец вялікую міску,
напоўненую чароўнаю вадою. Паставіў на падворку і загадаў Вароне: -- Лезь сюды
з галавою.
Боязна Вароне ў міску лезці. То
з аднаго боку зойдзе, то з другога, то дзеўбане па місцы. Нарэшце заплюшчыла
вочы і боўтнулася ў ваду. А кот Васіль прыціснуў яе лапаю і прымаўляе:
-- Пакупайся ў халодненькай вадзічцы,
мо паразумнееш, адумаешся!
Хвілін праз пяць Варона
выскачыла з міскі і пытаецца:
-- Васіль, я ўжо
чырванавата-рыжая? Мне можна ляцець?
-- Крыху пасядзі, на сонцы
падсохні, нецярпячка!
Варона растапырыла крылы, на
сонцы сушыцца, а кот Васіль побач стаіць, пасмейваецца. Потым прынёс з хаты
люстэрка.
-- Глянь на сябе, прыгажунька.
Варона паглядзела на сябе ў
люстэрка і ўсцешылася:
-- Чырванавата-рыжая! Усіх
перапалохаю!
-- Ляці адгэтуль хутчэй, бо куры
з падворка паразбягаюцца, -- затрос лапамі кот Васіль.
Варона ўзмахнула крыламі і
паляцела на высокую таполю, дзе сядзелі Маладыя Вароны.
Не пазналі яны сяброўку,
спалохаліся, сталі ўцякаць. А Варона рада, за імі ляціць, даганяе.
-- Каршун! Каршун! -- у роспачы
закрычалі Маладыя Вароны.
Пачулі Дарослыя Вароны, напалі
на модніцу, дзяўбуць з усіх бакоў. Бедная Варона ледзьве вырвалася ад іх.
Апусцілася каля рэчкі, стала на беражку, мыецца і прыгаворвае:
-- Не хачу быць
чырванавата-рыжай, як каршун. Не хачу, каб мяне баяліся. Хачу, каб любілі і
паважалі.
А кот Васіль на страсе, за
комінам, схаваўся і ад смеху заходзіцца. Доўга ён смяяўся, да самага вечару,
пакуль Варона ўсю фарбу з сябе не змыла.
ЦІКАВА
У хаце за сталом сядзелі Клічны
Знак і Пытальны Знак. Пытальны Знак знаёмаму ліст пісаў, з днём нараджэння яго
віншаваў. Клічны Знак уважліва назіраў за тым, што пісаў Пытальнік.
-- Шаноўны Клічнік, --
прагаварыў, падняўшы галаву, -- у сваім
лісце я ўжываю словы "ўвогуле" і "наогул". У першым слове,
калі ты заўважыў...
-- Заўважыў! -- перапыніў
Клічнік. -- Пасля "ў" стаіць "в", а ў другім слове яго
няма.
Пытальнік хітра прыжмурыўся.
--Чаму? Адкажы.
-- Відаць, так табе захацелася
напісаць, -- развёў рукамі Клічнік.
Пытальнік пастукаў ручкай па
стале, патрабуючы ўвагі.
-- Не, шаноўны. Чуў, што ёсць
прыстаўныя зычныя гукі?
-- Нешта чуў. Здаецца, гэта
"в" і "г", -- выказаў здагадку Клічнік.
-- Правільна. А калі яны
пішуцца, не ведаеш?
-- Не ведаю.
--Тады давай паразважаем, --
прапанаваў Пытальнік. -- У словах "возера"
і "вучань" перад якімі галоснымі стаіць прыстаўны зычны гук
"в"?
-- Я здагадаўся, сам здагадаўся!
-- прамовіў Клічнік.-- Прыстаўныя зычныя "в", "г" пішуцца
перад галоснымі "о", "у".
-- Перад націскнымі
"о", "у" ў пачатку слова, -- удакладніў Пытальнік.
-- Але ж у слове "ўвогуле"
прыстаўны зычны стаіць не ў пачатку слова, а ў сярэдзіне, -- вырашыў
паспрачацца Клічнік.
-- Так, -- пагадзіўся Пытальнік.
-- Прыстаўныя "в", "г" пішуцца не толькі ў пачатку слова,
але і пасля прыставак перад каранёвымі галоснымі "о", "у".
А ў слове "ўвогуле" прыстаўны зычны стаіць пасля прыстаўкі. Зразумеў?
-- Зразумеў, але не зусім. Чаму
ж тады ён пішацца ў слове "павук", дзе няма прыстаўкі?
--Прыстаўны "в" яшчэ
пішацца ў сярэдзіне некаторых слоў перад "о", "у". Вось
яны: Навум, павук, Лявон. А прыстаўны "г" перадаецца на пісьме ў
словах гэты, гэтак, гэтулькі, гэй, адгэтуль, дагэтуль, пагэтуль, Ганна. Цікава?
-- Цікава! -- сказаў Клічнік. --
Дагэтуль я не ведаў гэтага правіла, а цяпер ведаю, запомню, хоць і нялёгка
гэтулькі запомніць.
ПЕРАСТАРАЛІСЯ
Каля хаты на лаўцы сядзеў
Зайчык. Ішла Ліса, пагладзіла яго па галаве і дала цукерку.
Да Зайчыка тут жа падбег
Барсучок.
-- Табе цётка Ліса цукерку дала?
-- запытаўся.
-- Яна мяне часта цукеркамі
частуе, -- пахваліўся Зайчык. -- Яна добрая. Іншы раз і мне што-небудзь добрае
хочацца ёй зрабіць. Ды не ведаю, што.
-- Вады з калодзежа ёй прынёс
бы, -- параіў Барсучок і аблізнуўся, паглядзеўшы на цукерку.
-- У яе вада ў хаце з крана
цячэ. -- Зайчык разламаў цукерку на дзве роўныя палавінкі і адну палавінку
працягнуў Барсучку. -- Бяры, мне не шкада.
Барсучок узяў цукерку і
паведаміў:
-- Цётка Ліса ўчора ў агародзе
праполвала моркву. Я сядзеў за плотам і чуў, як скардзілася, што спіна баліць.
А ёй яшчэ бурачкі трэба праполваць. Давай дапаможам.
-- Давай! -- узрадаваўся Зайчык.
Прыйшлі Зайчык і Барсучок у
агарод, прыселі каля градкі і амаль усе бурачкі павырывалі, пераблытаўшы іх з
пустазеллем.
-- Барсучок, глянь! Ліса па
вуліцы ідзе! -- усклікнуў Зайчык.
-- Давай схаваемся і паглядзім,
ці заўважыць нашу працу, -- прапанаваў Барсучок.
-- Давай, -- пагадзіўся Зайчык.
Сябры схаваліся за плотам, а
Ліса адчыніла весніцы, зайшла на падворак і ледзь не загаласіла:
-- Ой! Што за бура прайшлася па
маім агародзе!
-- Не спадабалася ёй наша праца,
-- шапнуў Барсучок Зайчыку.
Зайчык пачухаў патыліцу і
прагаварыў:
-- Відаць, перастараліся мы.
НЕ ЗАПОМНІЎ
На лузе, на грудку, сядзелі
Клічны Знак і Пытальны Знак.
-- Як шмат тут птушак! Якія
разнастайныя іхнія спевы! -- у захапленні прамовіў Клічнік.
-- Шаноўны, ты запомніў, пры
дапамозе якіх гукаў перадаюць свае спевы розныя птушкі? -- звярнуўся да
Клічніка Пытальнік.
Клічнік павярнуўся да сябра.
-- Не, не запомніў. Я проста
слухаў і цешыўся.
-- А цяпер пастараешся
запомніць?
-- Паспрабую, -- адказаў Клічнік
і падняў галаву, стараючыся ўнікнуць у птушынае майстэрства.
Праляцела чорнагаловая чайка,
кіруючыся да сажалкі, па берагах зарослай аерам.
-- Кек-кек-кек, -- меладычна заспявала, паведаміла пра сябе.
-- Керр...керр, -- данеслася ад
сажалкі. Гэта падала голас крачка белакрылая. Белакрылай крачку нездарма
называюць. У яе крылы зверху белыя, хвост таксама белы.
Непадалёку ад грудка сеў
прыгожы, зграбны ўдод з рыжым апярэннем. Ён прыляцеў з суседняга ляска наведаць
сяброў.
-- Уп-уп-уп, -- страсянуўшы
вялікім чубам з шырокімі чорнымі палосамі, глуха закрычаў госць.
Часта махаючы крыламі, непадалёку
імкліва пранёсся стрыж чорны.
-- Взз-взз, -- прарэзліва
прагучала ягоная песня.
-- Ці-зі, ці-зі, -- удалечыні
адклікнулася ластаўка вясковая. Няйначай, штосьці напалохала яе.
А высока ў небе закружыўся
светлабровы жаваранак лясны, чыста засвістаў:
--
Юлі-юлі-юлі...лю-лю-лю...юля-юля-юля.
-- Цып-цып-цып, -- быццам
падклікаючы курэй, старанна заспяваў конік лугавы. Аліўкава-шэрае апярэнне яго пераліваецца
на сонцы, цёмныя крапіны на шыі рухаюцца, ходзяць, бы жывыя.
-- Чыы-ы-вы, -- пралятаючы,
жалобна азвалася белашчокая кнігаўка.
А ёй у адказ моцна засвістаў
сявец залацісты:
-- Цююю...цююю.
-- Ну што, запомніў? --
звярнуўся да Клічніка Пытальнік.
Клічнік закруціў галавою.
-- Не!
-- Чаму?-- здзівіўся Пытальнік.
-- Я і цяпер не запамінаў, я
цешыўся, -- прамовіў Клічнік.
А вы, сябры, запомнілі, якімі
гукамі птушкі перадалі свае спевы?
САМЫ
СМЕЛЫ
Аднаго разу, сабраўшыся на сонечнай паляне,
паспрачаліся птушкі.
-- Я самы смелы, -- кажа Арол, -- бо я самы дужы. Я
сама больш магу падняць.
-- Я самы смелы, -- кажа Каршун, -- бо я самы хітры. Я
нават на падворку курэй лаўлю.
-- Я самы смелы, -- кажа Стрыж, -- бо я самы хуткі.
Ніхто з вас мяне не дагоніць.
-- А мне здаецца, што самы смелы я, -- азваўся з-пад
куста Верабей.
Накінуліся на яго птушкі.
-- Маўчы, табе
слова не давалі! -- крыкнуў Арол.
-- Ты ўсіх баішся!-- дадаў Стрыж.
-- Табе толькі зерне з курамі кляваць! -- папракнуў
Каршун.
Пачуў Вецер спрэчку птушак і вырашаў праверыць, хто з
іх самы смелы. Закруціўся, як ваўчок, зашумеў, заскавытаў, векавыя дрэвы
захістаў і ў кусты схаваўся.
-- Што гэта было? – усклікнуў Арол.
-- Касмічны прышэлец да вас ляціць, вашу сонечную
паляну хоча захапіць! – з кустоў гукнуў Вецер.
-- Што ж выходзіць? Нам прыйдзецца ваяваць з ім? –
раскрыў дзюбу Арол.
-- Прыйдзецца бараніць паляну! -- зноў гукнуў Вецер і
заціх, прытаіўся ў кустах, чакае, што далей будзе.
-- Вось табе і на! -- пачухаў лапай галаву Арол і
звярнуўся да Каршуна. -- На цябе ўся надзея, шаноўны. Ты абароніш нашу сонечную
паляну, хітрасцю прышэльца пераможаш.
-- Я не перамагу. Занядужаў я, -- апусціў галаву
Каршун. -- Няхай Стрыж адзін на адзін з прышэльцам пазмагаецца. У Стрыжа крылы
хуткія.
-- Хуткія, каб уцякаць, -- мармытнуў Стрыж і стаў
адступацца, набліжаючыся да кустоў.
-- Не хвалюйцеся! -- звярнуўся да птушак Верабей. -- Я
абараню нашу сонечную паляну, пастараюся.
Пачуў гэта Вецер і ўсміхнуўся, бо здагадаўся, хто тут
самы смелы.
А вы здагадаліся?
ЯК
БЯРОЗКА ДАЖДЖУ ЧАКАЛА
Сонца пякло бязлітасна. Каторы дзень не было дажджу.
-- Я хутка загіну. Маім карэньчыкам няма чаго піць,
зямля перасохла, стала цвёрдая, як камень, -- паскардзілася маленькая Бярозка,
што расла на ўзлеску. Яе лісточкі пажаўцелі, а тонкія галінкі апусціліся ўніз.
З лесу выйшаў Заяц.
-- Цяжка табе, суседка? -- уздыхнуў ён і выцер пот з
ілба.
-- Зусім прападаю! -- усхліпнула Бярозка.
-- А мне, думаеш, такою гарачынёю лёгка хадзіць у
цёплым кажушку? Трымайся. Мы яшчэ
паслухаем з табою, як спявае зімовую песню Вецер, -- падбадзёрыў Бярозку
Заяц і падаўся ў густы асіннік, каб там схавацца ад пякучага сонца ў высокай
траве.
-- Не, не вытрываю, загіну, -- стаіць, бядуе Бярозка.
-- Плачаш, сяброўка? -- пачуў скаргу Бярозкі Вожык.
-- Ужо слёз няма, усе выплакала.
-- Не адчайвайся. Цяпер усім цяжка. Мне здаецца, што
мае вострыя іголкі распаліліся і пякуць мяне, але я цярплю. Хмарку чакаю.
Хмарка абавязкова да нас прыплыве. Магчыма, ты першая яе ўбачыш. Папрасі, каб
Дажджу прыслала, -- прамовіў Вожык і накіраваўся да Зайца ў асіннік.
-- Сёння не будзе Хмаркі! -- у роспачы ўсклікнула
Бярозка і... ўбачыла цёмную Хмарку, якая павольна выплыла з-за лесу. На Хмарцы
вісела вялікая Кропля. Яна ззяла на Сонцы, пералівалася, як крыштальная.
Бярозка ўстрапянулася, зашалясцела лісточкамі.
-- Добрая Кропля, калі ласка, спусціся на зямлю і
наталі маю смагу!
-- Спушчуся тады, калі Гром прагрыміць, Хмарку
скалане, -- адказала Кропля.
-- Дзядзька Гром, моцна гукні, Хмарку скалані, каб
Кропля сарвалася і на мяне ўпала. Без вады гіну я! -- закрычала Бярозка.
Пашкадаваў Гром маленькае дрэўца. Набраўшы ў грудзі
паветра, так гукнуў, прагрукатаў, што не
толькі Хмарка, але і наваколле страсянулася. Сарвалася Кропля і паляцела ўніз.
"Зараз гэтая важкая Кропля напоіць мае
карэньчыкі, выратуе мяне, але Заяц і Вожык загінуць ад спёкі", -- падумала
Бярозка і зноў закрычала:
-- Кропля, ці не магла б ты рассыпацца на маленькія
Кропелькі і Дожджыкам пырснуць на асіннік, на Зайца і на Вожыка?
-- Дожджыкам пырсну тады, калі Ветрык на мяне
дзьмухне, -- адказала Кропля.
-- Лагодны Ветрык,
прачніся, угору падніміся і дзьмухні на Кроплю. Няхай яна рассыплецца на
маленькія Кропелькі і Дожджыкам пырсне і на мяне, і на Асінкі, і на Зайца, і на
Вожыка! -- папрасіла Бярозка.
Прачнуўся ў кустах Ветрык, устрапянуўся, падняўся над
зямлёю і на Кроплю моцна дзьмухнуў.
-- Сустракайце, зямляне! -- радасна ўсклікнула Кропля
і рассыпалася на мноства маленькіх Кропелек. Цёплым Дожджыкам упалі яны на
зямлю, забарабанілі па лісточках Бярозкі, па Асінках.
Вылезлі з травы Заяц і Вожык, дзівяцца, не вераць, што
так нечакана Дождж да іх прыйшоў.
-- Ух-ух-ух! Ух-ух-ух! -- высока ў небе смяецца Гром.
ЧАМУ
САБАКА І КОТ НЕ СЯБРУЮЦЬ?
Адправіў Дзед Сабаку і Ката ў лес па грыбы, сказаўшы:
-- Збірайце баравікі, а мухаморы не збірайце. Яны
чырвоныя, у белыя крапінкі. Зразумелі?
-- Я зразумеў , -- уважліва выслухаўшы Дзеда, адказаў
Кот.
-- Ага, -- кіўнуў кудлатай галавой Сабака, хоць і не
расслухаў добра Дзедавых слоў. Была ў яго адна вялікая загана: у адно вуха
ўлятала, а з другога вылятала.
-- Дзед, здаецца,
казаў нам, каб збіралі не баравікі, а мухаморы. Так? -- прыйшоўшы ў лес,
запытаўся ён у Ката.
Кот вырашыў пасмяяцца з няўважлівага Сабакі.
-- Бяры
мухаморы. Яны чырвоныя, у белыя...
-- Сам ведаю! -- перапыніў Сабака.
Ходзяць сябрукі па лесе, пад кожны кусцік заглядаюць,
грыбы шукаюць. Сабака свой кош мухаморамі пакуе, а Кот у свой толькі
маладзенькія баравічкі кладзе. Здзівіла гэта Сабаку. Не вытрываў, пацікавіўся
ён:
-- Навошта баравікі збіраеш? Забыўся, што Дзед казаў?
-- На злосць яму баравікоў назбіраю. Учора паўгадзіны
мяўкаў, свежага малачка прасіў, а ён не пачаставаў мяне.
Сабака падняў угору кош з мухаморамі.
-- Мяне і малачком, і мясам пачастуе.
-- Напэўна! -- усміхнуўся Кот і накіраваўся дамоў.
Сабака таксама пабег за ім.
Дзед на падворку сустрэў грыбнікоў. Скрывіўся,
зірнуўшы у кош Сабакі.
-- Навошта дамоў гэтую непатрэбшчыну прыцягнуў? Я ж
прасіў цябе: не збірай мухамораў. На балота хутчэй занясі, выкінь і кош у
крыніцы памый!
-- Ён вінаваты!.. -- пачаў Сабака, паказаўшы на Ката.
-- Бягом, пакуль дубца не атрымаў! -- крыкнуў Дзед.
Сабака згорбіўся і паплёўся з кашом на балота.
З таго дня ён не сябруе з Катом, гыркае, яго ўбачыўшы.
ЖАЛУДЫ
На ўзлеску рос высокі дуб. Восенню ён скінуў на зямлю
спелыя жалуды, падобныя на маленькія прыгожыя жаўтаватыя бочачкі.
Прыскакаў на ўзлесак Зайчык.
-- Вунь колькі жалудоў тут ляжыць! І лісцікі, і траву
накрылі, -- прамовіў у здзіўленні.
Бег па ўзлеску Ветрык, прашаптаў, параіў Зайчыку:
-- Пазбірай іх і пасадзі на лясной паляне. Праз нейкі
час там вырастуць маленькія дубкі, зашумяць, разам са мною прыгожую песеньку
табе праспяваюць.
Прыбег Зайчык дамоў і паклікаў з падворка:
-- Татка!
Высунуўся з акна Заяц-тата, лапай вусы прыгладзіў.
-- Слухаю цябе, сынок.
-- Татка, дай мне, калі ласка, кошычак. Я каля дуба
жалуды пазбіраю і пасаджу на лясной паляне. Потым маладзенькія дубкі разам з
Ветрыкам вясёлую песню нам праспяваюць, -- прагаварыў Зайчык.
Заяц-тата вынес з хаты кошычак і працягнуў сыну.
-- Пастарайся! Добрую справу зробіш.
Зайчык узяў кошычак і вярнуўся на ўзлесак. Нагнуўся,
жалуды збірае, стараецца.
Да Зайчыка падышлі ягоныя сябры -- Ваўчаня і Лісяня.
-- Навошта жалуды збіраеш? Яны ж горкія, нясмачныя, --
сказала Лісяня.
-- Жалуды толькі Дзікі любяць, ядуць, -- дадало
Ваўчаня.
Зайчык адагнуўся і выцер спацелы лоб.
-- На паляне іх пасаджу. Некалі там вырастуць прыгожыя
дубкі, цэлы лясок. Многія каля дубравы
захочуць адпачыць. Хіба не так?
-- Так, -- паўтарыла
Лісяня і кінула ў кошычак спелы жолуд.
-- А дубкі не
загінуць, вырастуць? -- засумнявалася
Ваўчаня.
-- Не загінуць, калі кожны дзень будзем даглядаць, --
адказаў Зайчык.
Ваўчаня ўсміхнулася Зайчыку і стала збіраць жалуды.
ЯК
ШПАЧОК ПАЖАРТАВАЎ
У невялікім ляску жыў малады буры Шпачок. За ляском
рассцілаўся квяцісты луг, а далей пачыналася балота, на ўскрайку якога
непадалёку ад старой асіны пасяліліся белавата-шэрыя кулікі: Зуёк Малы і Зуёк
Вялікі. Зуёк Малы меў на галаве чорную палоску, зверху і знізу абмаляваную
белым, а ў Зуйка Вялікага на шыі выдзяляўся чорны гальштук. Гэтым гальштукам
Зуёк Вялікі вельмі ганарыўся. Іншы раз стане, падніме галаву і крычыць,
памахваючы хвастом:
-- Цыы-у, цыы-у...
Маўляў, глядзіце, які я прыгожы.
Неяк гарэза Шпачок вырашыў пажартаваць з ганарлівага
куліка. Ён знайшоў гняздо Зуйка Малога (там ляжалі чатыры блакітна-зялёныя
яечкі рознай велічыні з чорнымі і бурымі крапінамі), лапкай асцярожна выкаціў з
яго адно яечка і заспяваў, падрабіўшы голас Зуйка Вялікага: "Цыы-у, цыы-у...”
Затым узляцеў на старую асіну і схаваўся там. Сядзіць, чакае, што далей будзе.
Неўзабаве паказаўся Зуёк Малы. Убачыўшы каля гнязда сваё
яечка, ён трывожна закрычаў.
Тут як тут Зуёк Вялікі. Цікавіцца ў сваяка:
-- Што здарылася?
Зуёк Малы кіўнуў галавою, паказаўшы на
блакітна-зялёнае яечка з бурымі крапінамі.
-- Выкаціў з гнязда і яшчэ пытаешся! Не сорамна?
-- Не быў я тут! -- адмаўляецца Зуёк Вялікі.
-- А хто нядаўна спяваў каля гнязда?
-- Сёння я зусім не спяваў, горла баліць, прастудзіў!
Кулікі пачалі штурхацца, вось-вось паб'юцца.
Затросся ад смеху ў густой асіне Шпачок і, не
ўтрымаўшыся на галінцы, уніз паляцеў. Падаючы, лапку пашкодзіў.
Ляжыць пад асінай і жаласна ціўкае:
-- Ціў-ціў, ціў-ціў...
Кулікі перасталі спрачацца, кінуліся да Шпачка.
-- Што здарылася з табою? -- пытаецца Зуёк Малы.
-- Упаў. Лапку, напэўна, вывіхнуў, -- усхліпнуў
Шпачок.
-- Не плач. Мы вылечым тваю лапку, -- сказаў Зуёк Вялікі.
А Зуёк Малы пагладзіў Шпачка.
-- Хутка ты заскачаш ад радасці.
Сорамна стала Шпачку.
-- Гэта я, -- сказаў ён, -- з гнязда яечка выкаціў, а
потым заспяваў па-вашаму, каб падражніць вас. Даруйце!
Кулікі пераглянуліся і галовамі пакачалі.
-- Цяпер вы мяне пакінеце, не дапаможаце? --
занепакоіўся Шпачок.
-- Не хвалюйся. Мы заўжды ў бядзе дапамагаем, -- прамовіў
Зуёк Малы.
КАМЕНЬ
На пагорку, сям-там парослым ядлоўцам, ляжаў
Камень-валун. Яму было шмат гадоў. Сам Камень свае гады не лічыў. Так людзі не
раз і не два казалі, прысеўшы каля яго.
Камень, па баках парослы зялёным мохам, не ўмеў хадзіць,
як ходзяць людзі ці жывёлы, але ён умеў радавацца жыццю. Яму асабліва
падабалася летам, калі сонца награвала ягоныя шэрыя зярністыя бакі. Камень тады
грэўся на сонцы і ўсё паўтараў, вохкаючы, як стары:
-- Ох, як добра! Ох, як добра!
На Камень часта садзіліся птушкі, каб адпачыць,
дзюбкай пер'е пачысціць. Асабліва часта прылятаў Удод. Зграбны, прыгожы, ён
вельмі ганарыўся і сваім рыжым апярэннем, і асабліва вялікім чубам на галаве з
шырокімі чорнымі палосамі.
Камень любіў размаўляць з Удодам.
-- Як жывецца табе тут, браток Удод? -- звычайна
пытаўся, распачынаючы гаворку.
-- Тут мне жывецца някепска, -- адказваў Удод,
распусціўшы чуб, а потым, уздыхнуўшы, дадаваў: -- Месяц жнівень наступіць -- у
Афрыку палячу. Там і зазімую.
-- У Афрыцы, напэўна, горача? -- цікавіўся Камень.
-- Вельмі горача. Там увесь год сонца гарачае-гарачае,
-- адказваў Удод.
І Мурашкі часта карабкаліся на нагрэты сонцам Камень.
Іхні мурашнік быў непадалёку, пад тоўстым ядлоўцам.
Мураш, бывае, карабкаецца, паўзе, а Камень яго падахвочвае:
-- Давай, браток, старайся, вучыся цяжкасці
пераадольваць.
Мураш паўзе ўгору.
-- Стараюся!
-- Мацней трымайся, бо ўпадзеш, -- папярэджвае Камень.
-- Не ўпаду, -- аж крэхча Мураш. Нарэшце ўдаецца яму
ўскарабкацца на Камень, на самы верх.
-- Табе не страшна? -- цікавіцца Камень.
-- Тут добра, прасторна, свежы ветрык дзьме! --
радуецца Мураш.
І Каменю радасна. Урослы ў зямлю, ён ляжыць і шчасліва
ўсміхаецца.
Аднаго разу каля Каменя спыніўся Чалавек з вялікай
рыжай барадой. Чалавек, відаць, вельмі стаміўся, бо цяжка дыхаў.
-- А гэты Камень гладкі, як стол. На ім можна крышку
пасядзець, адпачыць, -- аддыхаўшыся, прамовіў Чалавек.
-- Калі ласка, -- запрасіў Камень.
Рыжабароды сеў на Камень і ўздыхнуў, аб чымсьці
падумаўшы.
-- Чалавеча, табе, бачу, нялёгка жывецца на свеце, --
паспачуваў Камень.
-- Бывае так, што каменем хацеў бы стаць, -- сказаў
Чалавек і, усхапіўшыся, таропка пакрочыў далей.
Удалечыні загрукатаў гром; з-за лесу цяжка выпаўзла
чорная хмара, і пачалася такая навальніца, якой свет даўно не бачыў. Безупынна,
як вогненныя вужы, распасціраючыся па небе, бліскалі маланкі, грымеў гром.
Здавалася, нейкі казачны асілак што ёсць сілы б'е ў вялізную пустую бочку.
Дождж ліў, як з вядра. Дажджавая вада падмыла Камень, і ён, нязграбна
куляючыся, імкліва пакаціўся ўніз. Каціўся, каціўся, пакуль, узняўшы пырскі, не
плюхнуўся ў ручай, у глыбокую яміну.
-- Ох! -- усклікнуў Камень. Вакол яго неслася,
бурліла, пенілася вада.
Навальніца скончылася раптоўна, як і пачалася. Ласкава
засвяціла сонейка, спачатку нясмела, а потым усё званчэй зашчоўкалі,
засвісталі, пераклікаючыся, птушкі. Сваёй звонкай песняй яны паведамлялі адна
адной, што перажылі навальніцу-навалу і пакуль не збіраюцца адлятаць у далёкую
Афрыку.
На Камень сеў Удод, паскардзіўся:
-- У кучы ламачча я гняздо зрабіў, а вада яго
немаведама куды панесла.
-- І мяне вада з горкі панесла, пакаціла. Новае
месцейка прыйдзецца абжываць. Ты таксама бярыся за працу, новае гняздо будуй.
Ты старанны, працавіты. Хутка справішся.
-- Шаноўны Камень, дзякуй табе за добрае слова, --
падзякаваў Удод і паляцеў будаваць новае гняздо.
Вада ўсё пеніцца, бурліць. На сасновай кары, бачыць
Камень, знаёмы Мураш плыве. Лёгкая сасновая кара вось-вось перавернецца.
-- Браток Мураш, на мяне скачы! -- гукнуў Камень.
Калі сасновая кара падплыла бліжэй, Мураш (а ён быў
смелы Мураш) скокнуў на Камень і пакарабкаўся па ім.
-- Давай, старайся! -- хвалюецца Камень. -- Ты ўмееш
цяжкасці пераадольваць!
Сапраўды, Мураш даўно навучыўся цяжкасці
пераадольваць. Ускарабкаўся ён на Камень, кропелькі вады з сябе строс і
прамовіў:
-- Як мне цяпер дамоў дабрацца? Я ж нібы на востраве
сяджу.
-- Па альшынцы. Яна зламалася і на мяне ўпала. -- Камень паказаў на альшынку, якая, як
сапраўдны масток, працягнулася да самага берага ручая.
-- Дзякуй табе, дзядзька Камень. Калі б не ты, то не
выратаваўся б я, -- сказаў Мураш і
папоўз па альшынцы.
Неўзабаве Камень заўважыў рыжабародага Чалавека.
Мокры, злосны, незадаволены, ён вяртаўся дамоў.
-- Добра, што сюды нехта гэты Камень прыкаціў, --
прагаварыў Чалавек і, наступіўшы на Камень брудным ад гразі чаравікам,
пераскочыў цераз ручай і пакрочыў дамоў. Ён не сказаў Каменю дзякуй, але Камень
на яго не пакрыўдзіўся, бо ведаў: у Чалавека жыццё цяжкае.
Мінуў час. Ручай высах. Вакол Каменя паднялася асака.
Камень часта ўздыхаў, гледзячы на знаёмы пагорак, але на свой лёс не
скардзіўся. І Мураш да яго прыпаўзаў, і Удод прылятаў.
-- Я ўжо тут уладкаваўся, у яміне ляжу. Мажліва, зноў
калі-небудзь будзе вялікая навальніца. Мажліва, зноў камусьці дапамагу.
Аднаго дня зноў з'явіўся рыжабароды Чалавек. Ён,
відаць, кудысьці вельмі спяшаўся. Не заўважыўшы ў высокай асацэ Камень,
спатыкнуўся аб яго і вылаяўся:
-- Хто сюды гэты пракляты Камень прыцягнуў?
Камень упершыню заплакаў.
РАЗУМНЫ
ПЕЎНІК
У аднаго Гаспадара быў Пеўнік. Дружна, згодна жылі
Пеўнік і Гаспадар. Разам уставалі, разам поле аралі, сеялі, разам адпачывалі.
Неяк напрадвесні адправіліся яны ў лес. Адстаў Пеўнік
ад Гаспадара і заблудзіўся ў густым лесе.
Насустрач Ліс ідзе. Аблізнуўся, убачыўшы Пеўніка.
-- Нарэшце паабедаю, з'ем цябе, Пеўнік!
-- Мяне няможна есці, -- бадзёрым голасам прамовіў
Пеўнік, каб не паказаць Лісу, што спалохаўся.
-- Чаму гэта няможна? Растлумач старому, -- ухмыльнуўся
Ліс.
Пеўнік узняў галаву і страсянуў чырвоным грабянём.
-- Я сюды пасланы Мядзведзем -- валадаром усіх лясоў.
Засмяяўся Ліс.
-- Не чуў пра такога вялікага пана!
-- Ты не чуў -- іншыя чулі. Зайцы, напрыклад. Давай
сходзім на іхнюю паляну. Убачыш, як яны будуць уцякаць ад мяне.
"Магчыма, сапраўды Мядзведзь сваяком яму
прыходзіцца. Трэба праверыць, каб не нажыць непрыемнасцей", -- падумаў Ліс
і пагадзіўся:
-- Так і быць. Хадзем.
Ідуць яны па лесе. А на вялікай паляне, на
горачцы, Зайцы баль спраўляюць, танцуюць.
Убачылі няпрошаных гасцей і ўрассыпную, хто куды.
-- Спалохаліся! -- паглядзеўшы ўслед Зайцам, пакруціў
галавою Ліс.
-- Цяпер верыш, што я пасланец Мядзведзя? -- запытаўся
Пеўнік.
Аблізнуўся Ліс і пасунуўся ў гушчар, хвост падтуліўшы.
-- Кукарэку-у! -- радуючыся, гучна пракукарэкаў Пеўнік.
Пачуў Гаспадар голас Пеўніка і прыбег да яго, на
горачку.
ФАНТАЗЁР
ЦІ ЗАЙЗДРОСНІК?
На адным балоце было вялікае возера, пасярод якога
ўзвышаўся астравок. Вакол астраўка раслі Аер і Чарот. Стаялі яны ў вадзе,
шапталіся пад ветрам, а з астраўка пазіраў на іх Капытнік Балотны. У Капытніка
Балотнага кветачкі дробныя, атуленыя зеленавата-белым лістом, падобным на крыло
птушкі.
-- Калі б у мяне быў яшчэ адзін ліст, ліст-крыло, я
разам з хмаркамі лятаў бы! -- не раз і не два ўсклікаў Капытнік Балотны.
-- Фантазёр! Ён вялікі фантазёр! -- шапталі тады Аер і
Чарот і з захапленнем глядзелі на суседа.
Восенню на возеры пасяліліся Белыя Лебедзі. Яны
адпачывалі тут, харчаваліся.
-- Калі б у мяне быў яшчэ адзін ліст, ліст-крыло, я
вышэй гэтых белых птушак узляцеў бы! -- звычайна казаў Капытнік Балотны, калі
Белыя Лебедзі ўзнімаліся з возера.
-- Фантазёр! Ён вялікі фантазёр! -- як і раней, з
захапленнем шапталі Аер і Чарот.
Аднойчы на беразе возера з'явіўся Чалавек з ружжом у
руках.
-- Браканьер! -- першым заўважыў незнаёмца Чарот. --
Белых Лебедзяў хоча застрэліць. Трэба папярэдзіць іх, каб схаваліся.
-- Трэба, -- пагадзіўся Аер.
-- Прыгніцеся і маўчыце! -- строга прамовіў Капытнік
Балотны. -- Белыя Лебедзі на возера каменем упадуць, каля нас схаваюцца.
Хочаце, каб Браканьер параніў нас? Хочаце, каб пасля пасохлі?
Не паслухаліся яго Аер і Чарот, штосілы закрычалі:
-- Белыя Лебедзі, Браканьер каля возера!
Белыя Лебедзі пачулі гэты крык і каменем на ваду
ўпалі. Выстраліў па іх Браканьер, але не трапіў, прамахнуўся. Птушкі ў густым
Чароце схаваліся.
Затаіўся Браканьер, пільнуе. А Аер і Чарот назіраюць
за ім, шэпчуць, падказваюць Белым Лебедзям:
-- Усё яшчэ сядзіць і ружжо напагатове трымае.
Надакучыла так сядзець Браканьеру. Павесіў ён ружжо на
плячо і пайшоў дамоў невясёлы.
-- Няма яго, дамоў пацягнуўся, -- паведамілі Белым
Лебедзям Аер і Чарот.
Белыя Лебедзі выплылі на сярэдзіну возера, падзякавалі
сваім збавіцелям, узняліся і паляцелі.
-- Калі б у мяне быў яшчэ адзін ліст, ліст-крыло, я
хутка іх дагнаў бы! -- усклікнуў
Капытнік Балотны і зірнуў на суседзяў. Чакае, калі зноў прашэпчуць з
захапленнем: "Фантазёр! Ён вялікі фантазёр!"
Ды чамусьці маўчаць суседзі.
Не выцерпеў Капытнік Балотны:
-- Чаму не кажаце, што я вялікі фантазёр?
-- Ты не фантазёр, а баязлівец і зайздроснік! --
прагаварылі Аер і Чарот.
А як лічыце вы?
ГНЯЗДО
І ЧАРАЦІНКА
Вясною на беразе невялікага азярца Пастушок Вадзяны
пабудаваў на купіне высокае круглае Гняздо.
Вылезла з вады тонкая Чарацінка і, убачыўшы Гняздо,
здзіўлена ўсклікнула:
-- А гэта што?
-- Гняздо, -- сціпла адказала Гняздо.
-- Я азярцо ўпрыгожваю, а ты тут зусім не патрэбнае!
-- надзьмулася Чарацінка. -- Сядзіш на купіне, нібы яшчэ адна купіна!
Гняздо, канешне, пакрыўдзілася, але не стала
спрачацца.
-- Мяне пабудаваў кулік -- Пастушок Вадзяны. Я яму
вельмі патрэбнае.
"Хлусіш, напэўна. Пачакаю, пагляджу, што
будзе", -- падумала Чарацінка.
Неўзабаве на азярцо прыляцела аліўкава-бурая птушка з
шырокімі цёмнымі стрыжнёвымі плямамі на спіне. Яна плаўна апусцілася і села ў
Гняздо.
-- Гэта Пастушок Вадзяны, -- з ласкай прагаварыла
Гняздо, затуліўшы аліўкава-бурага куліка ад халоднага ветру, які раптам наляцеў
на азярцо.
"Яно не хлусіла, праўду мне казала", --
любуючыся зграбнай птушкай, падумала Чарацінка і прапанавала Гнязду: -- Давай
сябраваць.
-- Давай, -- адразу ж пагадзілася Гняздо.
Мінуў час. Чарацінка падрасла, стала высокая, гнуткая,
стройная, а ў Гняздзе з'явілася восем рыжаватых з чырванавата-карычневымі
плямамі яечак.
Калі Пастушок Вадзяны не на доўга пакідаў Гняздо,
Чарацінка глядзела на яечкі і з трывогай шаптала:
-- Яны такія далікатныя! Калісьці выпадуць і
разаб'юцца!
-- Не хвалюйся. Я іх надзейна трымаю, берагу, --
супакойвала сяброўку Гняздо.
Неўзабаве з рыжаватых яечак вывелася восем маленькіх
птушанят -- Пастушкоў Вадзяных.
-- Вунь колькі пухнаценькіх у Гняздзе, і ўсім месца хапае!
-- шчыра здзівілася Чарацінка.
-- Яны са мною будуць жыць, пакуль не падрастуць, --
паведаміла Гняздо.
-- Потым яны цябе пакінуць і больш сюды не прыляцяць?
-- занепакоілася Чарацінка.
-- Калі пахаладае, у цёплыя краі паляцяць.
-- К'як-к'як, к'як-к'як! -- раптам пачулася паблізу.
Чарацінка ўбачыла, што да балота імкліва набліжаецца
вастракрылы драпежнік -- Сокал-сапсан. Ён павярнуўся на імгненне, паказаўшы
светлы ніз з папярочным малюнкам на баках.
Адчуўшы небяспеку, птушаняты заціхлі, прыгнуліся ў Гняздзе.
-- Сокал-сапсан хоча ўкрасці птушанят! -- прашаптала
Гняздо.
-- Не дазволім! --прамовіла Чарацінка і нагнулася над
Гняздом. А за ёю яе сястрычкі-чарацінкі нагнуліся, затуліўшы Гняздо, як
страхой.
-- К'як-к'як! -- сярдзіта пракрычаў Сокал-сапсан і паляцеў
далей.
-- Ух! -- цяжка ўздыхнула Гняздо. -- З мяне як сто
пудоў звалілася.
Пастушкі Вадзяныя заварушыліся, запішчалі:
-- Уіць-уіць-уіць...
Чарацінка заўсміхалася, гледзячы на іх.
-- Значыць, яны ў цёплыя краі паляцяць, калі
пахаладае?
-- Паляцяць, а мы тут зазімуем. Нялёгка нам прыйдзецца
ў сцюжу, калі моцныя вятры падзьмуць. Пашкодзяць, паабдзіраюць мяне, але я, на
злосць ім, дачакаюся вясны. Вясною засвеціць цёплае сонейка, і вернуцца
Пастушкі Вадзяныя. Адзін з іх прыплыве да мяне, каб праверыць, ці цэлае я, --
сказала Гняздо.
-- А я дам яму сваіх лісточкаў, каб парамантаваў цябе.
Ён возьме мае лісточкі? -- запыталася Чарацінка.
-- Канешне, возьме. І ты зноў парадуешся, убачыўшы
побач маленькіх птушанят -- Пастушкоў Вадзяных, -- прагаварыла Гняздо.
МАЛАТОК
Стаяў халодны асенні дзень. Вецер зрываў з дрэў
пажаўцелае лісце і са злосцю шпурляў яго на гразкую дарогу, па якой ішоў
Малаток. Яму хацелася адпачыць, прытуліцца да гарачай печкі, а потым сесці за
стол і выпіць кубачак гарачай гарбаты.
"У-у-у, у-у-у, у-у-у!.." -- завыў вецер.
Малатку здалося, што гэта вые нейкае вялізнае касматае
страшыдла, каб напалохаць яго, збіць з дарогі.
-- Я не прападу, дайду! -- прашаптаў Малаток і таропка
пакрочыў далей. Неўзабаве ён убачыў новую хату на два канцы, зробленую з
тоўстых смалістых круглякоў. Над комінам віўся дымок.
"Нарэшце мне пашанцавала", -- падумаў
Малаток і пастукаў у акно, занавешанае прыгожай вышыванай фіранкай.
Фіранка расхінулася, і ў акно выглянула Ліса. Яна
трымала кубачак гарбаты.
-- Ліска, будзь ласкавая: пусці пагрэцца, -- з надзеяй
прамовіў Малаток.
Ліса выпіла глыток гарбаты і соладка пацягнулася.
-- У цябе хіба сваёй хаты няма?
-- З горада іду. Мая хата далёка, -- растлумачыў
Малаток. -- Пусці!
Ліса гарэзліва зірнула на падарожнага.
-- У цябе ж галава металічная. Яна ніякага холаду не
баіцца.
-- Яшчэ як баіцца! Дакраніся лапай і адчуеш, якая яна
халодная, -- стараўся растлумачыць Лісе Малаток.
-- І не падумаю! -- надзьмула губкі Ліса. -- Ты ў маёй
хаце сваёй металічнай галавой увесь посуд пераб'еш.
Малаток зразумеў, што ў гэтай хаце адзінокі падарожны
-- няпрошаны госць, але яму хацелася даказаць Лісе, што яна памыляецца.
-- У парозе пастаю. Пусці. Магчыма, і я табе
калі-небудзь спатрэблюся, дапамагу.
Ліса задрапала кіпцюрыкамі па шыбе.
-- А што ты ўмееш рабіць?
-- Хату адрамантую, калі спатрэбіцца.
-- У мяне хата новая. Ідзі, Малаточак. За павароткай
дарогі жыве Заяц. Магчыма, ён пусціць цябе ў сваю хатку, -- сказала Ліса і
занавесіла фіранку.
Малаток апусціў галаву і пацягнуўся па коўзкай дарозе.
"У-у-у, у-у-у, у-у-у!.." -- з новай сілай
завыў, заенчыў вецер.
-- Не баюся цябе, вятрыска! -- гукнуў Малаток і
пакрочыў хутчэй.
Ліса сказала праўду. За павароткай дарогі, на беразе
ракі, стаяла Зайцава хата. Яна была невялікая, але дагледжаная. У хаце гарэла
святло, бо на двары ўжо пачало цямнець.
"Як жа Заяц мяне сустрэне? Няўжо ноччу пад кустом
прыйдзецца начаваць?" -- падумаў Малаток і асцярожна пастукаў у шыбу.
У акне паказаўся Заяц, наставіў вушы.
-- Зайчык, пусці пераначаваць. Можа, і я табе чым-небудзь
дапамагу, -- хвалюючыся, прагаварыў Малаток.
-- Калі ласка! -- запрасіў Заяц.
-- А ты не баішся, што я ў тваёй хаце ўвесь посуд
пераб'ю? -- не паверыў Малаток.
-- Жартуеш! -- сказаў Заяц і пабег адмыкаць дзверы,
каб пусціць госця ў хату.
А на другі дзень здарылася бяда. Раніцай ашалеўшы
вецер сарваў страху з Зайцавай хаты і ажно за раку занёс, там кінуў, паламаўшы.
Стаіць Заяц каля хаты, гаруе:
-- Я ж гэтую страху толькі што адрамантаваў! Цяпер
новую прыйдзецца ставіць. Невядома, ці да маразоў спраўлюся. Сілы ў мяне
малавата.
-- Я дапамагу табе, -- сказаў Малаток і разам з Зайцам
узяўся за работу. Паўдня без адпачынку яны працавалі, але новую страху зрабілі,
паставілі. Селі на бервяно, каб адпачыць.
-- Братка Малаток, вунь Ліса ідзе, -- паказаў Заяц.
Не ведалі яны, што і Лісу бяда напаткала.
-- З маёй хаты вецер страху сарваў і на дарогу кінуў.
Вось-вось сняжынкі залётаюць, зямлю мароз скуе. Дзе мне зімаваць? Дзе доўгімі
начамі начаваць? -- заплакала яна.
Заяц устаў з бервяна і зірнуў на суседку.
-- І ў мяне вецер страху сарваў, але я не плачу.
Ліса паглядзела на Зайцаву хату.
-- У цябе новая страха стаіць.
-- Братка Малаток дапамог новую страху паставіць. Ён
выдатны работнік. Такіх трэба пашукаць, -- паведаміў Заяц.
-- Вельмі не расхвальвай, -- прамовіў Малаток. --
Прыйдзецца яшчэ папрацаваць, Лісе дапамагчы.
Ліса засаромелася, зачырванелася.
-- Я ж цябе пагрэцца не пусціла!
-- У мяне ёсць правіла, якому даўно навучыўся: у бядзе
заўжды дапамагаць, -- адказаў Малаток.
ПУШЫНКА
У прыгожай новай хаце разам з татам і мамай жыла
маленькая Насця. Аднойчы на іхні падворак зайшоў чужы Гусачок.
Мама ўбачыла яго праз акно і загадала тату:
-- Суседаў Гусачок на нашым падворку! Хутчэй прагані
яго.
Тата і Насця выйшлі з хаты. Тата наблізіўся да
цікаўнага Гусачка, расставіў рукі і закрычаў:
-- Гыля! Гыля!
Пачуўшы татаў крык, з буды вылез сабака Жук, смачна
пазяхнуў і з азартам забрахаў на Гусачка.
Гусачок лапоча шэрымі крыламі, бегае каля плоту, не
ведае, як на вуліцу трапіць. Са страху забыўся, дзе весніцы знаходзяцца.
-- Вунь туды бяжы, шэранькі! -- падказала
перапалоханаму Гусачку Насця.
Гусачок праз весніцы выбег на вуліцу і загагатаў там,
дзякуючы Насці.
-- Глядзі ў мяне! -- гукнуў тата ўслед Гусачку і разам
з Насцяй накіраваўся ў хату.
А на падворку засталася маленькая шэрая Пушынка. Яна
адарвалася ад крыла Гусачка і цяпер
ляжала каля лаўкі.
Пушынку заўважыў Жук, панюхаў і гучна забрахаў:
-- Гаў-гаў-гаў!.. Чужая! Не наша! Гаў-гаў-гаў!..
Чужая!
Ступаючы важка, упэўнена, да лаўкі падышоў рабы певень
Пеця, уважліва паглядзеў на Пушынку і сказаў з пагардай:
-- Непрыгожая і, значыць, нікому не патрэбная. Няхай
ляжыць у гразі.
-- Хто ляжыць у гразі? -- запытаўся паласаты кот
Барсік. У гэты цёплы асенні дзень ён спаў на ганку.
-- Чужая Пушынка на нашым падворку ляжыць, --
растлумачыў Жук і падкінуў госцю лапай.
Падхопленая лёгкім вецярком, Пушынка паволі ўзнялася
ўгору.
-- Сапраўды, непрыгожая, нікому не патрэбная, --
падзівіўшыся на Пушынку, пацвердзіў Барсік і выцягнуўся на ганку.
З хаты выйшлі мама і Насця. Мама села на прыступку
ганка і, паклаўшы побач невялікі клубочак, пачала вязаць рукавічку.
-- Баюся, што адной пушынкі не хопіць, каб давязаць
рукавічку, -- паскардзілася дачцэ.
Насця зірнула ўгору і ўсклікнула:
-- Вунь вісіць прыгожая шэрая Пушынка! Яна табе патрэбная?
-- Вельмі патрэбная!
-- Дык давай возьмем яе!
-- Вельмі ж высока яна паднялася, не дастанем, --
сказала мама.
"Сабака, певень і кот хлусілі, калі казалі, што я
непрыгожая і нікому не патрэбная", -- падумала Пушынка і апусцілася на
маміну руку.
КРОПЕЛЬКІ
На вялікім лузе жылі Кропелькі. Яны сядзелі на
Кветках, на Траве, на Кусціках.
Ноччу, калі Кветкі, Трава і Кусцікі спалі, Кропелькі
сядзелі ціха, стараліся не перашкаджаць іхняму сну. А з усходам сонца мігцелі,
пераліваліся і без канца гаманілі.
Аднаго разу паскардзіліся Кветкі Кропелькам:
-- Нам так хочацца ўзляцець угору, каб паглядзець, што
ў вышыні, у небе, робіцца!
-- Дык узляціце, пастарайцеся! -- сказалі Кропелькі.
-- Мы не можам узляцець. Нас карэньчыкі моцна ў зямлі
трымаюць, не адпускаюць. Ці не змаглі б вы ў неба падняцца? Потым вернецеся і
раскажаце нам, што там робіцца, пацешыце.
Замігцелі, зашапталіся Кропелькі:
-- Паляцім у неба?
-- Паляцім!
І паляцелі, калі прыгрэла сонца. У небе ў воблачкі
сабраліся і сталі гуляць, забаўляцца. Адно воблачка за самалётам пагналася,
другое з арлом сустрэлася і доўга ў паднябессі з ім лятала, трэцяе разам з
Ветрам танец развучвала.
Вечарам воблачкі сабраліся ў адну хмару і імкліва
паляцелі ўніз спорным дажджом. Па ўсім лузе рассыпаліся Кропелькі-дажджынкі.
Узрадаваліся Кветкі, зноў убачыўшы сяброў.
-- Як у небе? -- запыталіся.
-- У небе вольна, прасторна! -- адказалі Кропелькі.
-- Чым жа вы займаліся там?
Кропелькі расказалі, як за самалётам ганяліся, як з
арлом ляталі, як разам з Ветрам танец развучвалі. Кветкі слухалі іх і ўздыхалі.
Так і заснулі, уздыхаючы.
З таго дня з усходам сонца Кропелькі ўзнімаюцца ў
неба, а затым, нагуляўшыся як след, ляцяць уніз спорным дажджом, каб расказаць
на зямлі аб сваіх прыгодах.
УПАРТЫ
ГАСПАДАР
У адной вёсцы жыў Гаспадар. Многія лічылі яго ўпартым.
Вясною ўпарты Гаспадар каля хаты плот адрамантаваў, а
на грушу новую шпакоўню павесіў.
Прыляцелі Шпакі, селі на шпакоўню і радасна засвісталі.
Гаспадар стаў непадалёку, плотам любуецца і Шпакоў
слухае.
Пралятаў Вецер. Падзівіўшыся, вырашыў пацешыцца з
Гаспадара: наляцеў, плот паваліў, а шпакоўню з грушы на зямлю скінуў.
Не вытрываў Гаспадар:
-- Што ж ты нарабіў, Вятрыска? Хіба ў цябе вочы на
патыліцы?
Вецер схаваўся за рогам хаты, рагоча.
-- Думаеш, што ты за мяне дужэйшы? Магчыма! Але я,
ведай гэта, упарты! -- прамовіў Гаспадар і ўзяўся за працу.
Слупы ў плоце памяняў, глыбей укапаў, шпакоўню тоўстым
дротам прыкруціў.
Сеў на лаўку, пот з твару выцірае, Ветру чакае.
Вецер вылецеў з-за рога хаты, пакружыўся ў вышыні, а потым
сцішыўся і заспяваў Гаспадару лагодную песню.
НЕПРЫГОЖАЕ ІМЯ
На прыгуменні, каля плота, раслі Крапіва, Лопух, Асот
і Гусіная Лапка. З самых першых дзён вясны неўзлюбілі Крапіва, Лопух і Асот Гусіную
Лапку. З усходам Сонейка дражніцца пачынаюць:
Гусіная Лапка,
А дзе твая шапка?
-- За што вы так на мяне? – ціха азываецца
Гусіная Лапка. – Хіба я за вас горшая?
-- У цябе імя непрыгожае! – крычыць Лопух.
-- Непрыгожае, -- паўтарае за ім Крапіва і
ціснецца бліжэй, каб апячы Гусіную Лапку.
-- У цябе гусінае імя. Табе толькі з Гусямі
сябраваць! – галёкае Асот і стараецца ўкалоць суседку.
-- У мяне імя непрыгожае. Няхай, --
пагаджаецца Гусіная Лапка. – Але мае кветачкі прыгожыя, залаціста-жоўтыя. Яны
красуюць з самай вясны да позняй восені і
так цудоўна пахнуць! Панюхайце, калі не верыце.
-- І не падумаю, -- адварочваецца Крапіва.
-- Не хачу, -- крывіцца Асот.
-- Не буду, -- са злосцю вымаўляе Лопух.
-- Паглядзіце, якія лісцікі ў мяне, -- просіць Гусіная
Лапка. – Такіх ніводная расліна не мае:
зверху зялёныя, а знізу белыя.
Незычліўцы нават слухаць не хочуць, пацяшаюцца:
Гусіная Лапка,
А дзе твая шапка?
І так кожны дзень. “Лепей мяне Гусі з’елі б,
чым такое цярпець”, -- не раз крадком уздыхала Гусіная Лапка.
Але ў гэтым двары былі толькі Куры і Качкі. А
яны, як вядома, не ядуць Гусіную Лапку.
Аднаго разу Гусіная Лапка прачнулася і бачыць:
Дзяўчынка да іх басанож бяжыць, паласаты мяч угору падкідае.
-- Не бяжы сюды! – гукнула Гусіная Лапка. – Тут
кепскія расліны. Яны пакрыўдзяць цябе.
-- Вядома, пакрыўдзім,
-- шэпчуць Крапіва, Асот і Лопух.
Дзяўчынка не чуе, угору глядзіць, мяч ловіць, смяецца
звонка. Калі падбегла да плота, Крапіва па назе сцебанула, Асот у пяту ўкалоў,
Лопух за сукенку ўчапіўся.
Заплакала Дзяўчынка, мяч кінула.
-- Не пушчу! -- палохае Лопух.
-- Укалю! -- пагражае Асот.
-- Апяку! -- да слёз даводзіць Крапіва.
Дзяўчынка выцерла слёзы.
-- Я не баюся, я вырву гэтае
пустазелле.
-- Паспрабуй! – натапырыўся
Асот.
-- Зараз
паспрабую, -- сказала Дзяўчынка і схапіла Асот рукою. Усю далоньку пакалола.
Павярнулася і назад бягом.
-- Ха-ха-ха, -- рагоча
Асот.
-- Хі-хі-хі, -- хіхікае Крапіва.
-- Го-го-го, -- аж заходзіцца
Лопух.
-- Вы злосныя, нядобрыя, -- не
сцярпела, выгаварыла Гусіная Лапка.
-- Гусіная Лапка... –
распачалі дражнілку Асот, Крапіва і Лопух, але не закончылі, бо ўбачылі, што Дзяўчынка
зноў на прыгуменне бяжыць. На нагах у яе
сандалікі, на руках рукавічкі. Ухапілася за Крапіву -- адразу вырвала. Ухапілася за Асот – таксама
вырвала, за плот шпурнула. За Лопух ухапілася, цягне.
-- Я не паддамся! -- крэкча
Лопух.
Дзяўчынка пацягнула з усёй сілы
– і Лопух вырвала.
Выцерла успацелы лоб,
азірнулася, Гусіную Лапку заўважыла.
-- А ты хто? – пытаецца.
-- Гусіная Лапка.
-- Якое ў цябе імя прыгожае! А якія дзівосныя
кветачкі! Як прыемна пахнуць яны! – усклікнула Дзяўчынка і, зняўшы рукавічкі,
дакранулася пальчыкамі да Гусінай Лапкі, пагладзіла. Затым узяла свой мяч і
пабегла.
-- Якая я шчаслівая! Маё імя прыгожае! Пры-го-жа-е! –
радасна прамовіла Гусіная Лапка.
З-пад плота Крапіва пазірае. Што ж, у яе доўгія
карэньчыкі, не заўважыла Дзяўчынка, што Крапіва яшчэ і каля плота засталася.
-- Ты чула? – звярнулася да Крапівы Гусіная Лапка. --
Маё імя прыгожае. Будзеш са мною сябраваць?
Крапіва пад самы плот залезла і адтуль сыкае:
Гусіная Лапка,
А дзе твая шапка?
ЗАХВАРЭЛА
ЯБЛЫНЬКА
У ляску на сунічнай палянцы вырасла яблынька. Вясною,
калі прыгрэла сонейка, на яблыньцы распусціліся вялікія ружовыя кветкі.
Заяц прыбег на палянку, каб зялёнай траўкай
паласавацца. Убачыў яблыньку і закрычаў:
-- Гэй! У нашым ляску вырасла яблынька!
Воўк і Ліса прыйшлі на
палянку, стаяць, дзівяцца.
-- Цяпер і ў нас ёсць свая яблынька, -- звярнуўся Заяц
да звяроў-суседзяў.
-- Але ж яна дзікая! – басам прагудзеў Воўк.
-- Яна не дзікая, -- не пагадзіўся з Ваўком Заяц. – З
суседняй вёскі вецер зярнятка нам прынёс. Яно ўпала на палянку, і з яго вырасла
гэтая яблынька.
Ліса ўстала на заднія лапы, панюхала ружовую кветку і
ўсміхнулася:
-- Кветкі так пахнуць, што ў мяне галава закружылася.
Я думаю, што гэтая яблынька не дзікая.
-- Відаць, не дзікая. Яна стройная і кучаравая, --
мусіў пагадзіцца Воўк.
-- Давайце пальём нашу яблыньку, -- прапанаваў Заяц.
-- Пальём і абгародзім, -- падхапіла Ліса. – Каб ніхто
яе не паламаў.
Воўк прынёс вядро, набраў з ручая вады і паліў
яблыньку, а Заяц і Ліса бярозавыя кіі ўбілі і яблыньку абгарадзілі.
Палюбілі звяры сваю яблыньку. Кожны дзень палівалі,
зямлю падрыхлялі, як маглі, даглядалі.
Летам на яблыньцы вырасла пяць яблычкаў. Усе яны былі
як блізняткі: кругленькія, ружовенькія, здаровенькія.
-- Я нават Мядзведзя не пабаюся, калі прыйдзецца нашу
яблыньку бараніць, -- аднаго разу сказаў Воўк.
-- І я за нашу яблыньку гарою буду стаяць! – паабяцала
Ліса.
Не ведалі сябры-суседзі, што да яблынькі ўжо
падкралася бяда. Аднаго дня на яе стволіку трэснула кара, а праз нейкі час на
месцы гэтай трэшчынкі ўтварылася чорная ямінка. Яблынька захварэла. Праз
тыдзень пажаўцелі лісточкі.
-- Прападае наша яблынька. Калі б у нас была гаючая
мазь, то мы яе вылечылі б, -- сказаў Воўк.
-- Гаючая мазь ёсць у Садоўніка, які жыве ў суседняй
вёсцы, -- успомніў Заяц. – Трэба папрасіць у яго гаючай мазі.
-- Не пайду да Садоўніка. У мінулым годзе я ў яго
авечку ўкраў, -- уздыхнуў Воўк.
-- Ты ж казаў, што нават Мядзведзя не пабаішся, калі
яблыньку прыйдзецца бараніць, -- напомніў Заяц.
Воўк апусціў галаву.
-- Мядзведзя не пабаяўся б, а Садоўніка баюся. У яго
ёсць стрэльба. Не судзі мяне строга.
-- Я таксама, як агню, Садоўніка баюся. Восенню я ў
яго ўкрала рабенькага пеўніка, -- паглядзеўшы на хворую яблыньку, змахнула з
вачэй слязінкі Ліса.
-- І я восенню на градцы ў Садоўніка капусту паеў, --
прызнаўся Заяц. – Але я пайду да яго і папрашу гаючай мазі. Што будзе, то
будзе.
-- Шчаслівай дарогі табе, -- на развітанне пажадалі
Зайцу Воўк і Ліса.
Заяц нарваў у лесе самых прыгожых кветак і пабег да
Садоўніка. Той якраз у садзе на лаўцы сядзеў і на сонейку грэўся. Убачыўшы
Зайца, ён нахмурыў сівыя бровы.
-- Ты, як мне здаецца, той самы Заяц, які восенню на
маёй градцы капусту паеў.
-- Я вельмі вінаваты. Я больш не буду красці вашу
капусту. Я вам букет прынёс. На нашай палянцы вырасла прыгожая яблынька. Мы яе
даглядалі, але яна захварэла і сохне. Дайце, калі ласка, гаючай мазі, каб
яблыньку вылечыць, -- прагаварыў Заяц і паглядзеў на Садоўніка. Ці возьме ён
букет, ці ўсміхнецца?
Садоўнік ледзь прыкметна ўсміхнуўся і ўзяў у Зайца
букет кветак. А потым гаючай мазі яму даў і пажадаў:
-- Няхай хутчэй ачуняе ваша яблынька.
Хутка-хутка паімчаўся Заяц, заціснуўшы ў лапцы
бляшаначку з гаючай маззю. А каля яблынькі Воўк і Ліса яго чакаюць, не
дачакаюцца.
-- Я прынёс гаючую мазь! – падбегшы да яблынькі,
усклікнуў Заяц і, набраўшы на шчэпачку гаючай мазі, старанна памазаў ёю ранку
на стволіку.
Прабег Ветрык, і зашалясцела лісточкамі яблынька:
-- Я адчуваю, як сілы ў мяне прыбаўляюцца. Дзякуй
табе, Заяц!
-- Дзякуй не мне, а добраму Садоўніку, -- сказаў Заяц.
-- Так, кіўнуў галавою Воўк і моцна паціснуў Зайцу
лапку.
КАЗКА
ПРА КАТА ВАСІЛЯ
У Дзеда з Бабай жыў-быў кот Васіль. Кот як кот. Мышэй
лавіў, малачко піў. Адна загана была ў яго – любіў махляваць.
Неяк ён выйшаў з хаты і кажа індыку Фу-Фу:
-- Бяжы на прыгуменне. Там пасля дажджу сакавітая
траўка вырасла. Фу-фу прыбег на прыгуменне, а там хоць гарох малаці. Карова Лыска
ўсю траву выела. Індык доўга хадзіў чырвоны ад злосці і ўсё крычаў:
-- Фу-фу, фу-фу…
Кот Васіль у гэты дзень далей ад яго трымаўся. А на
наступны дзень, калі Дзед з Бабай паехалі ў горад на рынак, сцягнуў з паліцы
Дзедаву люльку, набіў яе тытунём, забег у хлеў, чыркнуў сярнічкай і закурыў. У
куце ляжала салома. Трапіла на яе іскарка. Задымілася салома, злосны агеньчык
папоўз па ёй.
-- Ратуйце! Гарым! – разгубіўшыся, са страху закрычаў
кот Васіль. Ён спадзяваўся, што Фу-Фу прыбяжыць на дапамогу. Вядома, індык
пачуў Васілёў лямант, але не прыбег у хлеў.
-- Зноў ён падманвае! – сказаў Індык і пайшоў,
фуфукаючы.
Добра, што суседаў сабака Шарык па вуліцы прабягаў. Убачыўшы,
што з хлява паўзе дым, ён ускочыў у хлеў, патушыў салому, а кату Васілю
загадаў, каб Дзедаву люльку ў хату занёс.
ЧАМУ
ЖАБЫ НОЧЧУ ПАЛЮЮЦЬ?
Некалі даўганогі Бусел і Жаба-квакушка моцна
сябравалі. Бусел штодзень прылятаў на балота, каб пагутарыць з Жабай, пачуць ад
яе балотныя навіны.
-- Купі сабе боты, -- неяк параіла яму Жаба.
Небяспечна босаму хадзіць па балоце. Аб асаку ногі парэжаш, а то і захварэеш,
памачыўшыся.
“Праўду яна кажа”,
-- падумаў Бусел і, адправіўшыся на птушыны рынак, выбраў сабе самыя
прыгожыя боты. Ажно да кален, чырвоныя, каб здалёку заўважылі ягоную абнову.
Вярнуўся на балота, паходжвае перад Жабаю, ногі высока
задзірае – сваімі ботамі выхваляецца.
-- Падабаюцца табе мае боты? – пацікавіўся ў Жабы.
Жаба вырашыла пажартаваць.
-- Ква-ква, -- засмяялася. – Навошта ты сабе боты са
шпорамі купіў?
Прыгледзеўся
Бусел: і праўда, са шпорамі боты. Не заўважыў на рынку гэтага, а прызнавацца не
хочацца.
-- Са шпорамі прыгажэй, -- з
гонарам кажа.
-- Ква-ква-ква, -- ад смеху
заліваецца Жаба. – Дзе ж ты бачыў, каб боты са шпорамі былі?
Бусел скоса зірнуў на сяброўку.
-- Мае боты! Што хачу, тое і
нашу.
-- Ты б сабе яшчэ капялюш са
шпорамі купіў, -- смяецца Жаба. – Тады б цябе нават твае бусляняты не пазналі
б.
Узлаваўся Бусел.
-- Збыткуеш з мяне? Дык я зараз
цябе дзюбаю, дзюбаю!..
-- Жартую! – спалохалася Жаба.
А Бусел як і не чуе.
Падступаецца да Жабы, каб дзюбаю схапіць.
Жаба скокнула ў глыбокую сажалку
і ў глей зарылася. “Вось дык сябар!” – седзячы там, думае.
-- Вылезеш, калі есці захочаш.
Расквітаюся! – пагражае, не адыходзіцца ад сажалкі Бусел.
Жаба сядзіць, прытаіўшыся, не
варушыцца.
Доўга чакаў яе Бусел, але так і
не дачакаўся. Надакучыла яму на балоце стаяць.
Паляцеў на гумно, у сваё гняздо.
Адтуль на балота пазірае, Жабу выглядае. А Жаба хітрая. Прытаілася ў зялёнай,
як сама, ціне ды сочыць за Буслам, не паказваецца яму на вочы.
Толькі ноч настала – скок-скок –
у агарод прыскакала, дзе раней днём не раз і не два была. Бусел спіць. А яна
агародную блошку з усходаў капусты падбірае, смаўжамі, бурачнай тлёй ласуецца.
Наелася, насыцілася і ў балота хутчэй.
Прачнуўся Бусел – зноў з гумна
на балота пазірае, чакае, калі Жаба з сажалкі вылезе. “Дзе ж ты яду для сябе
здабываеш?” – думае.
З таго часу Бусел штодня на
балоце ходзіць, Жабу шукае. Часам заклякоча ў злосці, насварыцца, цярпенне
страціўшы.
-- Ква-ква, -- тады ціха квакне
Жаба і ў глей хаваецца: далей трымацца ад таго, хто жартаў не разумее.
ЧАМУ ХМАРКІ ПЛАЧУЦЬ?
Некалі Хмаркі і Сонца моцна
сябравалі. Весела ім разам. Бывала, сустрэнуцца. А Сонца і кажа:
-- Давай гуляць у жмуркі.
Гуляюць у жмуркі, пакуль не
надакучыць.
Тады Хмаркі сваю гульню
прапаноўваюць:
-- А цяпер у класы пагуляем.
У класы гуляюць, бавяцца.
Дружна, згодна жывуць. Ды аднаго разу надакучыла Хмаркам і ў класы, і жмуркі
гуляць. Хмаркі вырашылі прыдумаць новую гульню – дражнілкі.
-- Давай у дражнілкі пагуляем,
-- кажуць Хмаркі.
-- Я не ўмею гуляць у дражнілкі,
-- не пагаджаецца Сонца.
-- Гэта вельмі проста. Вось
паслухай:
Сонца свеціць, Сонца
грэе,
Сонца – гэта батарэя.
-- Я не батарэя. Я проста Сонца.
І усё, -- прамовіла Сонца.
-- Гэта яшчэ не ўсё, --
пацяшаюцца Хмаркі. – Рыжае ты.
-- Я залатое, а не рыжае, --
даказвае Сонца.
-- Рыжае, рыжае! – дражняцца
Хмаркі.
Сонца пакрыўдзілася і ў сваю
хатку схавалася. І Хмаркі, крыху пагуляўшы, дамоў паплылі.
Спадабалася Хмаркам гэткая
гульня. Назаўтра, як толькі выглянула Сонца, зноў крычаць:
-- Давай гуляць у дражнілкі!
-- Хопіць з мяне і ўчарашніх
дражнілак, -- сказала Сонца і ў хатку пакацілася.
Доўга чакалі Хмаркі, калі выйдзе
Сонца, але так і не дачакаліся.
Сумна Хмаркам без сябра. Няма з
кім пагуляць, няма з кім пацешыцца. Крыўдна стала. Заплакалі Хмаркі.
З таго часу так і павялося. Адно
выплывуць Хмаркі на неба – адразу ж Сонца ў хатку хаваецца. А Хмаркі плачуць.
КІСЛІЦА
Прытаіўся на ўскрайку лесу
Смоўж. Сядзіць, са сваёй ракавіны-хаткі на агарод пазірае. На агародзе растуць
смачныя качаны капусты. Добра было б паласавацца, але ж няма як: людзі ходзяць.
Прыляцеў Камар, тоненька дзынкнуў,
сеў на галінку і запытаўся:
-- Адпачываеш?
-- Чакаю, калі ноч наступіць.
Ноччу на агарод папаўзу: капусту есці.
-- Навошта ночы чакаць? Вунь за
той ялінай заячая капуста расце! – паказаў Камар на высокую разложыстую яліну.
-- Смачная яна? – зацікавіўся
Смоўж.
-- Яе нават дзеці любяць, --
прапішчаў Камар і паляцеў.
Сядзіць Смоўж, з яліны вачэй не
зводзіць. Метраў чатыры да яе, не меней. А ён марудна поўзае: сем сантыметраў
за хвіліну, калі вельмі пастараецца, можа адолець. Але ж і заячай капусты
хочацца пакаштаваць.
Смоўж аблізнуўся і папоўз,
пакідаючы за сабою вузкую бліскучую дарожку. Па гэтай дарожцы ён потым назад
вернецца.
Паўзе, цягне за сабою
ракавіну-хатку, а на шляху, як знарок, сухая галіна. Ускарабкаўся Смоўж на яе
і, не ўтрымаўшыся, уніз паляцеў.
Устаў, пакруціў галавою, сваю
ракавіну-хатку аглядае. Цэлая, здаецца, не пабілася. Інакш доўга прыйшлося б рамантаваць,
заштукоўваць. На некалькі тыдняў хапіла б яму гэтай працы.
Далей папоўз. Нарэшце заячую
капусту ўбачыў.
-- Ох і наемся! – сказаў і
высунуў свой доўгі язык (язык у Смаўжа падобны на тарку, скрозь усаджаны радамі
маленькіх зубоў-вастрыёў). Ухапіўся за тоненькі лісцік і… скрывіўся.
На яліне Вавёрка сядзела.
Пацікавілася яна ў Смаўжа:
-- Не спадабалася заячая
капуста?
-- Кіслая! – адказаў Смоўж.
-- Нездарма яе кісліцай
называюць, -- прамовіла Вавёрка.
-- Дык у яе два імя? – здзівіўся
Смоўж.
-- Так выходзіць, махнула
пушыстым хвастом Вавёрка.
-- Ведаў бы – не папоўз бы сюды!
– буркнуў Смоўж.
-- Сам пасадзі капусту, не шукай
заячай, -- параіла яму Вавёрка.
ХІТРАЯ ЛІСА
Сябры па няшчасці
У густым бары, на пясчанай гары,
жыла Ліса. Калісьці яна была вядомай на ўвесь лес артысткай. Някепска жыла.
Нара сухая, у нары пуховыя пярыны, а на стале штодзень свежая кураціна. Ды
пастарэла Ліса. Голас стаў не той, былая краса згінула. Ужо не запрашаюць
звяры-суседзі на канцэрты, дарогу да яе
нары забыліся. Апусцеў стол у Лісы. А свежай курацінай ой як хочацца Лісе
паласавацца! Спіць, а курэй бачыць. Што ж рабіць?
Пабегла Ліса ў вёску. Але, як
гаворыцца, любіць котка рыбку, ды лавіць не ўмее. Палезла ў куратнік – гаспадар
кіем пачаставаў і сабакамі нацкаваў. Да самага лесу сабакі гналі.
Засумавала Ліса. Ляжыць на
ўзлеску, на вёску пазірае, аблізваецца. А сонейка прыгравае, прыпякае. Змарыў
сон Лісу. Задрамала яна і здалося ёй, што Сабака побач брэша.
Расплюшчыла Ліса вочы. Не, не
сон гэта. Сапраўды, Сабака непадалёку стаіць. Вялізны, калматы, чорны, як жук.
Закалацілася Ліса бы асінавы лісцік. “Адгуляла, адспявала я, -- падумала. –
Зараз гаспадар гэтага Сабакі прыйдзе. Пашые з мае шкуры сабе футра на зіму”.
Ускочыла! А Сабака хвастом
завіляў, быццам сяброўку ўбачыў.
-- Добры дзень, Сабачка! – пасмялела, прывіталася
Ліса.
Пачухаў Сабака лапаю за вухам.
-- Добрыя дзянькі ўжо мінулі. Мой гаспадар мяне з дому
выгнаў.
-- Чаму? – зацікавілася Ліса.
-- Лайдаком абзываў! – завыў
Сабака. – Украў у гаспадара Воўк авечку – я вінаваты, бо праспаў. Суседскі
шчанюк куранят перадушыў – таксама я вінаваты, бо не даглядзеў. А сёння я ў
склеп залез, хацеў смятанкай паласавацца…
-- Не пашанцавала? – здагадалася Ліса.
-- Не пашанцавала, -- цяжка
ўздыхнуў Сабака. – Раней на Ката ўсю віну ўзвальваў. А сёння Кот у шапку не спаў.
Я ў склеп, а ён дзверы на зашчапку. Дзверы дубовыя. Як ні стараўся я – не
адчыніў.
-- Бедненькі! Дасталася табе, -- паспачувала Ліса.
-- Яшчэ як дасталася! Гнуткім
лазовым дубцом гаспадар мяне пабіў. За што, запытацца? За тое, што на марозе
гібею, пад дажджом мокну?
-- Адпомсці гаспадару!
-- Н-не! – падцяў хвост Сабака, успомніўшы пра лазовы
дубец.
-- Ды не дрыжы ты! – з пагардай
прамовіла Ліса. – Я табе дапамагу. У твайго гаспадара шмат курэй?
-- Цэлы куратнік. Ёсць і
кураняты, і гусяняты.
Аблізнулася Ліса.
-- На гаспадаровым двары ты ўсе
хады-выхады ведаеш. Дапамажы да куратніка дабрацца.
-- Што ты! Што ты! – заенчыў
Сабака. – Гаспадар з мяне шкуру спусціць.
-- Ну і прападай у лесе! –
адвярнулася Ліса. – Без цябе абыдуся. Былі б зубы – хлеб будзе.
Спалохаўся Сабака. Страшна
аднаму ў лесе заставацца.
-- Не пакідай, Ліска. Штосьці важнае
скажу.
-- Кажы хутчэй, -- прагаварыла
Ліса. – Няма калі мне з табою тары бары разводзіць. Кураняткі мяне зачакаліся.
-- Чуў я ад людзей, -- пачаў
Сабака, -- што заўтра апаўдні будзе зацьменне. Сонца хмарамі закрыецца. Будзе
такая цемра, што не зразумееш, дзень гэта ці ноч. Тады і пойдзем мы да майго
гаспадара. Перацягаем і курэй, і куранятак, і гусянятак.
-- Чаму я ніколі зацьмення не
бачыла? – не паверыла Ліса.
-- Яно бывае вельмі рэдка. Адзін
раз у сто гадоў. Праўду кажу.
Закруціла Ліса хвастом.
-- Пра зацьменне нікому ні слова.
Маўчы, мяне слухайся. Па-панску зажывеш.
-- Дзякуй табе, Ліска, --
завіляў Сабака хвастом.
-- Пасля будзеш дзякаваць, --
сказала Ліса. – Цяпер да Мядзведзя пойдзем.
Вялікі Лук
А Мядзведзь якраз у садку
малінавае варэнне варыў. Яшчэ здалёку заўважыў Лісу і Сабаку, спалохаўся:
“Нездарма Ліса ідзе, знюхала, што варэнне вару. І Сабаку з сабою ўзяла. Ласы на
чужыя каўбасы. Трэба ў маліннік схавацца”.
Схаваўся Мядзведзь у маліннік. У
самы гушчар залез, у крапіву. “У крапіву Ліса не палезе, -- цешыцца. – Вельмі ж
далікатная”.
Ліса адразу скумекала, што
Мядзведзь схаваўся. Села на лаўку і Сабаку запрасіла:
-- Сядай, ногі не казённыя. Куды
нам спяшацца? Пачакаем, пакуль варэнне зварыцца. Дый склепік у Мядзведзя
адчынены. У склепіку, як мне здаецца, таксама нешта смачнае знойдзецца.
Пачуў Мядзведзь пра склепік –
адразу ж з малінніку выскачыў.
-- Добры дзень, суседка! –
прывітаўся. – Як жывеш, як здароўе?
-- Някепска жыву, -- пахвалілася
Ліса. – Кума ў госці да цябе прывяла.
“Дужа галодныя ў гэтага кума
вочы, -- падумаў Мядзведзь. – Бач, як сквапна на мой склепік пазірае! Бяда!..”
-- Дапамажы мне, -- кажа Ліса. –
Вялікі Лук зрабі.
-- Навошта табе Вялікі Лук? –
здзівіўся Мядзведзь.
-- Вароны крычаць. Ні мне, ні
майму куму спаць не даюць. Папалохаю гарластых.
Не хочацца Мядзведзю за цяжкую
працу брацца. Пераступіў ён з лапы на лапу.
-- Варэнне варыцца!
-- Няхай даварваецца. Пачакаем,
-- аблізнулася Ліса.
-- Ага! -- затрос галавою
Сабака.
-- Што ж, не ў службу, а ў
дружбу, як гаворыцца. Дапамагу па-суседску. Варэнне потым давару, вечарам, --
мусіў пагадзіцца Мядзведзь.
Прывяла Ліса Мядзведзя да сваёй
нары, паказала на дзве магутныя хваіны, якія раслі побач, каля ўзгорка.
-- Вершаліны гэтых хваін, --
сказала, -- сагнеш і адну з адною звяжаш, а ўнізе, ад ствала да ствала, тоўстую
вяроўчыну працягнеш – вось і будзе Вялікі Лук. Яшчэ Вялікую Стралу зробіш.
Дубовую.
У Мядзведзя аж лоб спацеў, як пачуў гэткае.
-- Тут работы да ночы. Маленькі Лук зраблю. Хопіць
табе і маленькага.
-- Такі дужы, а работы баіцца! Не сорамна табе? –
выгаварыла Ліса.
-- Узяўся за гуж – не кажы, што не дуж, -- папракнуў
Сабака.
Выцер пот з ілба Мядзведзь і
палез на хваіну. Да самага вечара па хвоях лазіў, не адзін гузак на галаве
набіў. Але ўсё-ўсё зрабіў, як і хацелася Лісе: і Вялікі Лук, і Вялікую Стралу.
Дубовую. Стаміўся, прысеў каля хваіны, каб адпачыць, а Ліса яму кажа:
-- Не заседжвайся, дамоў ідзі,
адпачывай. Заўтра я ўсіх звяроў на сход склікаю. Глядзі, не праспі.
-- Нават не пачаставала! – буркнуў Мядзведзь і
паплёўся дамоў.
А Ліса ў цёплую нару палезла.
Хацеў і Сабака ў нару залезці, ды не пусціла яго рыжуха.
-- Пад ядлоўцавым кустам
пераначуй, кумок. Там я пазаўчарашнія косці пакінула. Павячэраеш.
Сход
Раніцою вылезла Ліса з нары,
пацягнулася.
-- Мякка на пярынах спаць.
Соладка!
Заскуголіў Сабака пад кустам:
-- Ты на пярынах, а я на ядлоўцавых калючках!
-- Хочаш, каб свае пярыны табе
аддала? Кожныя граблі да сябе грабуць, -- усміхнулася Ліса.
-- Казала, што па-панску зажыву!
-- Зажывеш. Будуць у цябе мяккія
пярыны!
-- Будуць у цябе мяккія пярыны!
Будуць у цябе мяккія пярыны! – пачулася непадалёку.
Азірнулася Ліса – нікога паблізу
не відаць.
“Мабыць, спрасонку здалося мне”,
-- падумала яна і сказала Сабаку:
-- Бяжы у лес, склікай звяроў на сход. Няхай сюды
ідуць.
-- Пра зацьменне будзеш гаварыць? Яно толькі апаўдні
пачнецца.
-- Пакуль збяруцца, якраз будзе
апаўдні, -- прагаварыла Ліса. – Нашых звяроў не хутка раскатурхаеш.
-- А калі не паслухаюцца звяры? – аднекваецца Сабака.
-- Паслухаюцца, зацікавяцца. Скажу ім, што я –
гаспадыня Сонца.
-- Ліса – гаспадыня Сонца! Ліса – гаспадыня Сонца! –
зноў пачулася непадалёку.
Завыў Сабака ад страху, і ў Лісы хвост падагнуўся.
-- Хто тут? – усклікнула яна.
-- Я! Я! – пачулася з хваіны.
Зірнула Ліса ўверх – на хваіне нейкая стракатая птушка
сядзіць і крычыць несупынна:
-- Я! Я! Я! Я!..
-- Чаго ты раз’якалася? –
пасмялела Ліса. – Хто ты такая? Раней я цябе ў нашым лесе не бачыла.
-- Я Папугай! Мяне гаспадар з-за мора прывёз. Я ўцёк
ад яго!
“Яшчэ адзін уцякач, -- падумала
Ліса. – Трэба напалохаць яго, каб баяўся і слухаўся”.
-- Раскрычаўся на ўвесь лес,
браток! А нашы птушкі крыкуноў не любяць. Зараз абдзяруць твой стракаты каптан.
-- Ліса – гаспадыня Сонца! Ура Лісе! Слава Лісе! –
закрычаў Папугай.
Ліса падняла хвост трубою.
-- Так і крычы, калі звяры на Сход збяруцца. А ты,
Сабачка, не стой, склікай іх.
Пабег Сабака, на ўвесь лес
ляманту нарабіў:
-- Ліса на Сход склікае! Склікае! Склікае!
Пачуў Заяц, падумаў: “Пайду. Я
ўчора новае футра купіў. Няхай звяры-суседзі падзівяцца”.
Пачуў Воўк, падумаў: “Мабыць, з
развітальным канцэртам хоча Ліса перад намі выступіць. Трэба ісці. Не варта
былую знакамітасць крыўдзіць”.
Пачуў Тхор, падумаў: “Воўк ідзе
– і я пайду”.
Пачуў Крот, падумаў: “Паслухаю,
што пляткарка нагаворыць. Хоць насмяюся бясплатна”.
Пачуў Мядзведзь, падумаў: “Трэба
ісці, пакуль гэты галодны Лісін кум на падворак не прывалокся”.
Апаўдні сабраліся Заяц, Воўк,
Тхор, Крот і Мядзведзь на паляне каля Лісінай нары. Паселі на траве, чакаюць,
што Ліса скажа.
Выйшла Ліса на паляну. З ёю
Сабака, Папугай.
-- Гэта Лісін кум, -- шапнуў
Мядзведзь, паказаўшы на Сабаку. – Ён на Сход нас склікаў.
А Заяц з Папугая вачэй не
зводзіць, дзівіцца.
-- Гэты хто? Таксама кум?
-- Напэўна, артыст, -- выказаў
здагадку Мядзведзь. – Бач, які натапыраны!
-- Артыст! – упэўнена прагаварыў
Тхор.
Цягнецца Крот на кароткіх
ножках.
-- Дзе артыст? Пакажыце артыста!
-- Учора я зрабіла Вялікі Лук! -- гучна пачала Ліса.
-- Не ты зрабіла, а я зрабіў, -- запярэчыў Мядзведзь.
Закруціла Ліса рыжым хвастом.
-- У каго Лук, той яго і зрабіў.
Лук каля маёй хаты. Мой ён. Выходзіць, я зрабіла. Ты маю волю выконваў.
-- Тваю волю? – абурыўся
Мядзведзь. – Па сваёй волі Вялікі Лук рабіў.
-- Па сваёй волі маю волю і
далей будзеш выконваць, -- прамовіла Ліса.
Расхваляваўся Мядзведзь.
-- Нахабства!
-- Супакойся, -- няласкава
зірнуў на Мядзведзя Воўк. – Дай паслухаць, што Ліса скажа.
-- Слова з-за яго не пачуеш! –
падтрымаў Ваўка Заяц.
-- Нервы трэба лячыць, сусед! –
падхапіў Тхор.
-- Перад прыезджым артыстам нас
няславіць! Нахабнік! – уставіў сваё слова Крот.
Пакрыўдзіўся Мядзведзь,
замаўчаў.
Усміхнулася Ліса.
-- З Вялікага Лука, калі захачу,
Сонца з неба саб’ю. Разаб’ецца яно, на дробныя кавалачкі разляціцца, патухне. Я
яго гаспадыня. За кожны сонечны праменьчык павінны вы мне плаціць. А не станеце
– патушу Сонца. Загінеце ў цемры.
-- Што чую! – не сцярпеў, зароў Мядзведзь. – Не верце
махлярцы!
-- За дар прыроды плаціць? Не буду! – падскочыў Воўк.
-- Далоў самазванку! – засвістаў Заяц.
-- Мая хата з краю, -- прашаптаў Крот і ў зямлю
зарыўся.
-- Я махлярка? Паслухайце, што
пасланец Сонца скажа. Вось ён, перад вамі, -- паказала Ліса на Папугая.
Страпянуўся Папугай, закрычаў:
-- Ліса – гаспадыня Сонца! Ліса – гаспадыня Сонца!
Нечакана насунуліся чорныя,
дымныя хмары, Сонца завалаклі. Цёмна стала, хоць вока выкалі.
-- Уцякайма! – перапалохаўся
Мядзведзь.
А куды ўцякаць? Цемра вакол.
Кінуўся бегчы Мядзведзь – між
хвоек засеў. Пабег Воўк – на Зайца наскочыў. Абодва на зямлю паваліліся. Тхор у
ядлоўцавы куст залез, залямантаваў:
-- Прападаю!
Невядома, чым усё гэта
скончылася б. Толькі неўзабаве разышліся цёмныя хмары, зноў заззяла Сонца.
Павылазілі звяры на паляну.
-- Цяпер верыце, што я гаспадыня
Сонца? За сонечныя промні будзеце плаціць? – запыталася Ліса.
-- Будзем! – за ўсіх адказаў
Мядзведзь.
-- Даўно б так, -- усміхнулася
Ліса. – Плата такая. Мядзведзь няхай прыносіць мёд і варэнне, Тхор – кураціну,
Заяц – моркву і капусту, Воўк – бараніну. Мой кум Сабака бараніну любіць. Крот
пад зямлёю лазіць. Усе лекавыя карэньчыкі ён ведае. Настойку з лекавых
карэньчыкаў будзе рабіць. Я хачу доўга жыць.
-- Няма Крата, -- прабурчаў
Сабака. – Схаваўся!
-- У зямлі ён, -- падказаў Заяц.
-- Нягоднік! Прымусім плаціць! –
абурыўся Мядзведзь.
-- Цягніце яго наверх, -- параіў
Тхор.
Кінуліся звяры да Кратовай нары.
Спалохаўся Крот, наверх вылез.
-- Я і без Сонца магу пражыць,
-- кажа.
-- Што? – замахнуўся лапаю Воўк.
-- Я пажартаваў, -- заморгаў
вочкамі Крот.
-- Жартуй, ды ведай меру, -- выгаварыла
Ліса.
Як Лісе птушынага малака захацелася
Зажыла Ліса прыпяваючы. Новыя
пярыны справіла. На стале і паранае, і варанае. Іншы раз сядзе на пагорак,
хваліцца:
-- На лёс не наракаю. Добра
жыву.
Сабака і Папугай глядзяць на
Лісу, усміхаюцца. Што ж, ім таксама няблага жывецца. Для Сабакі звяры цёплы
будан пабудавалі, а Ліса свае старыя пярыны яму аддала.
Жыве Ліса, гора не ведае, а
хоча, каб яшчэ лепей было.
Аднаго разу выйшла на пагорак,
уздыхнула:
-- І пярыны ў мяне ёсць, і на
стале ёсць, ды чагосьці не хапае. Мабыць, птушынага малака. Але, птушынага
малака не хапае. Вунь колькі птушак угары лятае. Спяваюць, цешацца цалюткі
дзень. Не дазволю!.. Птушкі-пяюшкі, з сённяшняга дня загадваю вам насіць мне
птушынае малако. Не паслухаецеся – з Вялікага Лука ўсіх перастраляю!
Сабраліся птушкі ў чараду і,
параіўшыся, вырашылі Сонцу паскардзіцца.
-- Падманвае вас Ліса, -- выслухаўшы птушак, сказала
Сонца.
-- Як жа нам Лісу перамагчы, як
яе Вялікі Лук знішчыць? – запытаўся ў Сонца Верабейка.
-- Дружна, усе разам, ляціце і
выкапайце на гары, каля хвоек, там, дзе Вялікі Лук, вялікі роў. Вечарам за
працу Хмаркі возьмуцца, -- сказала Сонца.
Прыляцелі птушкі на пагорак: і
лясныя, і палявыя. Адною чарадою.
-- Бяда! – закрычаў Папугай.
-- Звяроў склікай. Няхай
дапамогуць нам ад птушак абараніцца, -- загадала яму Ліса.
Прыляцеў Папугай да Мядзведзя.
-- На нас птушкі напалі. Ліса
просіць, каб дапамог абараніцца ад іх.
Закрахтаў Мядзведзь:
-- Занядужаў я. Перадай Лісе,
што не змагу прыйсці.
Прыляцеў Папугай да Зайца.
-- На нас птушкі напалі. Ліса
просіць, каб дапамог абараніцца ад іх.
-- Я лапку застраміў. Перадай
Лісе, што не змагу прыйсці, -- скрывіўся Заяц.
Прыляцеў Папугай да Тхара.
-- На нас птушкі напалі. Ліса
просіць, каб дапамог абараніцца ад іх.
Адвярнуўся Тхор, нават гаварыць
не стаў.
Прыляцеў Папугай да Крата, а
Крот у нары схаваўся.
“Трэба і мне з Лісою развітацца.
Пагасцяваў, хопіць. Гаспадар мяне зачакаўся”, -- падумаў Папугай і паляцеў
дамоў, у горад.
Не дачакаўшыся дапамогі, да
Сабакі Ліса звярнулася:
-- Птушак да мяне не падпускай,
адганяй. Я іх зараз з Вялікага Лука перастраляю.
“У іншым месцы дурняў пашукай”,
-- падумаў Сабака і ў хмызняк пабег.
Прысела Ліса каля Вялікага Лука.
А птушкі напалі на яе, сталі дзяўбці. Заенчыла махлярка і ў гушчар без аглядкі
панеслася.
Усцешыліся птушкі. На гары роў
пачалі капаць. Хто дзюбаю зямлю выкідае, хто лапамі адграбае. Не адну гадзіну
працавалі, пакуль выкапалі.
А вечарам па дрэвах, па зямлі
кроплі дажджу забарабанілі. У гнёзды пахаваліся птушкі. Усё мацнее дождж.
Пабеглі з гары ручаіны, напоўнілі вадою роў. Вада забушавала, запенілася,
проста на хваіны паімчалася, карані падмыла. Захісталіся хваіны, на Лісіну нару
ўпалі. Тоўстая вяроўчына на Вялікім Луку, як нітка, парвалася.
На другі дзень зноў выглянула
Сонца, засвяцілася, заіскрылася, вітаючы птушак і звяроў.
СМЯШЫНКІ
МАЛЕНЬКАЯ АЛЕНКА ДУМАЕ І РАЗВАЖАЕ
Мама і
тата глядзяць тэлевізійны фільм. Аленка гуляе з кубікамі. На экране тэлевізара
– баец з кулямётам.
Паказваючы
на кулямёт, мама звяртаецца да таты:
-- Як называецца гэтая зброя? Пісталет?
Аўтамат? Дапамажы. Зусім забылася.
Аленка апярэджвае тату:
-- Пістамат.
Адпраўляючы
Аленку ў садок, мама заплятае ёй коскі.
-- Мама, а чаму ў цябе няма косак? – цікавіцца Аленка.
-- Свае коскі я абрэзала.
-- Ведаю,
чаму абрэзала, -- падумаўшы, сказала Аленка. – Табе тата коскі не хацеў
заплятаць.
Убачыўшы на лясной палянцы вожыка, Аленка
ўсклікнула:
--Тата, наша бабуля таксама тут была!
-- Ты як пра гэта праведала?
Аленка тыцнула пальчыкам, паказаўшы на вожыка.
-- Яна свой клубок забылася!
Аленка ўбачыла мухамор і закрычала:
-- Тата, тата! Паглядзі, які церамок прыгожы!
-- Мамачка, -- раіць Аленка, -- калі тата на
цябе сварыцца, ты яму цукерку дай.
-- Спі, бо
па вуліцы Баба Яга ходзіць і ўсіх, хто не спіць, у мяшок забірае, --палохае
Аленку мама.
--
Мамачка, -- кажа Аленка, -- у Бабы Ягі мятла. Мяшок ёсць толькі ў Дзеда Мароза.
Прыйшоўшы дамоў, мама жахнулася:
-- Па нашай хаце сапраўдная бура прайшлася!
-- Хто рана ўстане, той многа зробіць, -- з
гонарам сказала Аленка.
-- Мама, я ведаю, куды
электрычнае святло хаваецца, калі яго выключаеш, -- паведамляе Аленка.
-- Куды, дачушка?
-- У халадзільнік! А ён, бывае, злуецца, моцна
гудзіць.
На беразе рэчкі стаяць Аленка і тата.
Аленка задзірае галаву і пытаецца:
-- Татка, куды хмаркі плывуць?
Тата чухае патыліцу і нехаця адказвае:
-- Далёка, дачушка!
Падумаўшы нейкую хвілінку, Аленка выказвае здагадку:
-- Яны плывуць да сваёй мамы!
-- Напэўна! -- пагаджаецца тата.
Налятае свежы ветрык. Хмаркі плывуць хутчэй.
-- Тат-ка, -- радасна паведамляе Аленка, -- хмаркіна
мама ветрык прыслала!
Тата ад нечаканасці ўздрыгвае.
-- Навошта?
-- Каб хмаркі хутчэй дамоў дабраліся!
-- Ой як ногі баляць! -- сеўшы на канапу, скардзіцца
бабуля.
-- Я ведаю, чаму яны баляць, -- кажа Аленка.
-- Чаму? -- пытаецца бабуля.
-- Спаць ім захацелася.
Вярнуўшыся з заапарка, Аленка паведамляе маме:
-- Там у жалезных клетках мае брацікі сядзяць!
-- Якія брацікі? -- не разумее мама.
-- Адзін брацік -- мядзведзь,
другі брацік -- воўк, трэці брацік -- барсук, -- пералічвае Аленка.
-- Дачушка, гэта ж звяры!
-- Мамачка, а ты ўчора казала, што ўсе звяры
-- браты нашы меншыя, -- напамінае Аленка.
-- Не крычы, як варона, -- моршчачыся ад Аленчынага
крыку, просіць мама.
-- Мамачка, вароны не крычаць, а каркаюць, --
папраўляе Аленка.
-- Учора мой дзядуля цэлы кош
грыбоў прынёс! -- сустрэўшыся з Аленкай, пахваліўся Міколка.
-- А мой дзядуля зноў без грыбоў прыйшоў. У яго грыбы
ваўкі забралі.
-- Чаму? -- здзівіўся Міколка.
-- Ён зноў воўчых грыбоў назбіраў, -- з сумам
прамовіла Аленка.
Тата і Аленка разглядваюць малюнкі грыбоў. Побач
сядзіць мама.
Паказваючы на рыжыка, тата звяртаецца да мамы:
-- Як называецца гэты грыб?
Мухамор? Сыраежка? Падкажы. Зусім з галавы вылецела.
Аленка апярэджвае маму:
-- Мухаежка!
Адпраўляючыся па грыбы, Аленка вучыць тату:
-- Татка, калі заблудзішся, мяне шукай.
Сустрэўшы Міколку, Аленка пахвалілася:
-- Мая мама купіла вазон. Ён цвіце прыгожымі кветкамі.
-- І мая мама купіла вазон. Але ён зусім не цвіце, --
сказаў Міколка.
-- Дык навошта яна яго купіла?
-- Для падарунка.
Заўважыўшы на твары бабулі бародаўку, Аленка
цікавіцца:
-- Бабуля, што гэта ў цябе?
-- Бародаўка.
-- А ты скінь яе.
Разгадваючы красворд, тата звяртаецца да мамы:
-- Як жа называецца гэта птушка?.. Кружыцца ў
галаве... Арол... Сава...
-- Аса, -- апярэджваючы маму, падказвае Аленка.
-- Калі ты прыйдзеш да нас
дамоў, я пакажу табе сваяка вожыка, -- кажа Аленка Міколку.
-- Як жа ён называецца?
-- Кактус!
-- Сёння мы з татам ехалі на
легкавушцы, -- дзеліцца ўражаннямі Аленка. --
Потым яна пакашляла і спынілася.
-- Я ведаю, чаму вожыкі калючыя.
-- Чаму, дачушка?
-- Яны кактусамі харчуюцца.
-- А я ведаю, што такое мікробы, -- сустрэўшы Аленку,
пахваліўся Міколка.
-- А я не ведаю. Скажы, калі ласка, -- папрасіла
Аленка.
-- Мікробы -- гэта маленькія
звяркі, якія робяць хваробы, -- важна паведаміў Міколка і звысоку паглядзеў на
Аленку.
Аленка наморшчыла лоб і запыталася:
-- А ты ведаеш, дзе здабываюць пясок?
Міколка моўчкі паціснуў плечукамі.
Аленка з дакорам зірнула на яго.
--У пясочніцы!
-- Мая мама
працуе талерачніцай у дзіцячым садку. Яна мые там талеркі, -- расказвае Міколку Аленка.
-- А мой тата працуе
дэтальшчыкам на заводзе. Ён выточвае дэталі, -- хваліцца Міколка.
-- Калі я вырасту, буду часальшчыцай.
-- Чаму?
-- Вельмі люблю пачасаць язык. Так мама кажа.
У ШКОЛЕ І ДОМА
-- Рука не паднімаецца тры балы табе ставіць,
-- кажа настаўнік.
Вучань чухае патыліцу.
-- Васіль Пятровіч, дык пяць балаў пастаўце.
-- Навошта ты адзнакі ў дзённіку выправіў? –
злуецца бацька.
-- Сёння дзень твайго нараджэння. Я хацеў цябе
парадаваць, -- апраўдваецца сын.
-- Я прасіла, каб купіў малака, а ты прынёс
марожанае!
-- Мамачка, гэтае марожанае малочнае!
-- Тата, цябе класны ў школу выклікае.
-- Зноў кепскіх адзнак нахапаў?
-- Не, я яму расказаў, як учора ты на яго
лаяўся.
Убачыўшы ў сынавым дзённіку кепскую адзнаку,
бацька не на жарты ўзлаваўся:
--Ты чаму цалюткі дзень сабак ганяеш?
-- Я іх не ганяю. Яны самі за мною бегаюць.
-- Мікола, што хутчэй за ўсё на свеце? –
пытаецца настаўніца.
-- Ваша самапіска, Ніна Рыгораўна.
Настаўніца прыўзнімае акуляры.
-- Чаму ты так думаеш?
-- Вельмі ж хутка кепскія адзнакі яна
выводзіць! -- уздыхае Мікола.
-- Зноў гісторыю не вывучыў! – дакарае Міколу
настаўнік.
Мікола высока ўзнімае галаву.
-- Яна старажытная, а я па-новаму вырашыў
жыць.
Бацька сварыцца на сына, які парваў новую
кашулю.
-- І чаго ж ты на такі высокі плот палез?
-- Тата, ты ж сам казаў, што трэба вучыцца
цяжкасці пераадольваць.
--
Дзяніска, што табе найбольш спадабалася ў школе? – цікавіцца маці ў
першакласніка.
--
Званок на перапынак.
-- Шкодна так доўга каля тэлевізара сядзець, --
выгаворвае маці сыну.
-- Я не сядзеў. Я ляжаў, -- абурыўся сын.
-- Ты чаму сястрычкіны цукеркі паеў?
-- У школе нам казалі, што малодшым трэба
дапамагаць.
-- Мікола, ты чаму так позна дамоў вярнуўся?
-- Мама, ты ж мне ўчора казала: “З бацькі
прыклад бяры”.
-- Мяне зноў у школу выклікаюць. Сынок, што ты
там нарабіў? Прызнавайся!
-- Нічога не нарабіў. Сёння ў школе я зусім не
быў.
-- Які ж ты мокры! Відаць, рэчку пераходзіў.
-- Не, мамачка. Толькі калюжыну.
-- Мікола, ты зноў сваволіў на ўроку? –
пытаецца класны настаўнік.
-- Ігар Пятровіч, я не сваволіў, я смяяўся.
-- Назаві хатніх жывёл, – просіць настаўніца
вучня.
-- Нашы хатнія жывёлы – гэта мухі, – адказвае
вучань.
-- Мухі? – дзівіцца настаўніца.
-- Іншыя жывёлы ў нашай хаце не водзяцца, –
тлумачыць вучань.
-- Мікола,
які дзень табе больш падабаецца: сонечны, цёплы ці марозны? – пытаецца
настаўнік.
-- Марозны, -- бадзёра адказвае Мікола.
--
Растлумач аднакласнікам, чаму менавіта марозны дзень табе больш падабаецца.
Мікола ўсміхаецца:
-- Бацька тады мне кажа: “Сядзі дома, бо ў
дарозе вушы адмарозіш”.
Настаўніца дае заўвагу вучню:
-- Мікола, я новую тэму тлумачу, а ты ўсё
спіш.
--Вера Пятроўна, я не сплю. Я крыжаванку
разгадваю.
На лаўцы сядзіць мужчына і
ўважліва чытае газету. На тратуары застыў ягоны цень. Непадалёку гуляюць
хлопчык і дзяўчынка. Хлопчык паднімае нагу, намерваючыся наступіць на цень.
-- Дзядзька, -- гукае дзяўчынка, -- а Мікола вам на
вуха хоча наступіць!
-- Дзе жывуць буслы, Мікола? -- цікавіцца сусед у першакласніка.
-- А вы хіба не ведаеце? У небе.
-- Што такое востраў? -- запытаўся ў Міколы настаўнік.
-- Вялікі ці малы востраў? -- вырашыў удакладніць
Мікола.
-- Ну, няхай будзе малы.
-- Гэта кавалак зямлі, які плавае ў моры.
-- А вялікі востраў? -- вырвалася ў настаўніка.
-- Вялікі плавае ў акіяне.
-- Мікола, якія звяры водзяцца на поўначы?
-- Мехавыя.
Настаўнік адмоўна круціць галавою.
-- Васіль
Рыгоравіч, там жа холадна! -- тлумачыць настаўніку Мікола.
-- Сёння твой прадзед Іван, --
расказвае дзед унуку, -- мне свой веласіпед аддаў. -- Прадзед Іван ужо стары і
не можа ездзіць на веласіпедзе.
Унук паднімае галаву і ўважліва глядзіць на дзеда.
-- А калі ты будзеш стары?
-- Калі ты будзеш вялікі, -- крыху збянтэжыўшыся,
адказвае дзед.
Унук хітравата ўсміхаецца.
-- І тады ты мне свой веласіпед аддасі?
-- Аддам! -- уздыхае дзед.
Стараючыся накарміць Міколку, мама кажа:
-- Калі ты будзеш шмат есці, то станеш дужы, як...
Мама на хвілінку запінаецца, не знайшоўшы патрэбнага параўнання.
-- Як дзядуля, -- падказвае Міколка і тут жа дадае: --
І тоўсты, як бабуля.
Трэцякласнік вучыць першакласнікаў падбіраць рыфму:
-- Бабуля!
Наперад
выскаквае Міколка.
-- Цыбуля!
-- Малайчына! -- падахвочвае яго трэцякласнік і
называе новае слова: -- Гарох.
-- Бабуля! --
крычыць Міколка.
-- Не, -- моршчыцца
трэцякласнік.-- Паспрабуйце падабраць рыфму да слова "бурак".
-- Бабуля! -- зноў крычыць Міколка.
Трэцякласнік у
роспачы разводзіць рукамі.
-- Чаму бабуля?
-- А яна ўсё гэта ў нашым агародчыку садзіць, --
тлумачыць Міколка.
-- Міколка, чаму ты не дапамагаеш бабулі на агародзе?
-- Агарод, -- уздыхае Міколка, -- любіць гарбатую.
-- Тата, зрабі мне свісток, як у Міхася.
-- Добра, сынок. А яблыньку дапаможаш мне пасадзіць?
-- Заўтра.
-- Заўтра і свісток разам зробім.
-- Калі ж наступіць тое "заўтра"?
Яркі сонечны дзень. Да высокага мужчыны падыходзіць
Міколка.
-- Дзядзька, каля вас можна пастаяць?
Мужчына з недаўменнем глядзіць на малога, але
дазваляе:
-- Стой!
Праз пяць хвілін мужчына
пераходзіць на іншае месца. Як прывязаны, Міколка тупае за ім.
-- У даганялкі гуляеш? -- не стрываўшы, усклікае
мужчына.
-- Ад сонца хаваюся!
На падаконніку стаяць два вазоны
-- кактус і фікус. Да іх набліжаецца мама з вядзёркам, напоўненым вадою.
-- Мамачка, я магу адгадаць, які
вазон зараз пальеш! -- з выглядам знаўцы заяўляе Міколка.
-- Паспрабуй!
Альбо кактус, альбо фікус! Хіба не так?
-- Адгаднічак ты мой! -- усміхаецца мама.
-- Татачка, ты часта курыш?
-- Не, сынок. Я куру вельмі рэдка. Толькі тады, калі
думаю.
Убачыўшы ў тэлевізары кракадзіла, Міколка ўсклікае:
-- Вунь самая вялікая птушка!
-- Не, --
усміхаецца тата.-- Гэта не птушка. Гэта жывёліна -- кракадзіл.
Міколка з недаўменнем глядзіць на тату.
-- Ты ж сам мне ўчора казаў, што ён яйкі нясе!
Мама кажа Аленцы:
-- Наш тата ўвесь час гаворыць
аб сумесным паходзе па грыбы. Нічога не маю супраць. Няхай гаворыць.
Міколка і Аленка
спяшаюцца ў магазін.
-- Мы паспеем купіць да закрыцця
магазіна трыста грам цукерак? -- хвалюецца Міколка.
-- Мабыць, не.
-- А сто?
-- Малады чалавек, у вас скаргі на вушы ёсць? --
пытаецца лекар у Міколкі.
-- Яны мне перашкаджаюць світэр надзяваць!
-- У мяне нікога няма, апрача гэтага коціка! --
скардзіцца жанчына ў гадах.
Міколка падказвае:
-- А вы купіце сабе яшчэ аднаго
коціка.
На ўроку матэматыкі ў малодшым
класе.
-- Міколка, адзін плюс адзін. Колькі будзе?
-- Тры.
-- Не, Міколка.
-- Тады чатыры.
-- Не, Міколка.
Настаўнік нейкую хвіліну думае, а потым зноў пытаецца:
-- Міколка, адзін бакс плюс адзін бакс. Колькі будзе?
-- Два баксы! – радасна паведамляе Міколка.
-- Хто з’еў апельсіны? – пытаецца тата.
-- Не ведаю, -- адказвае сын.
-- А яшчэ хочаш?
-- Хачу.
Скінуўшы акуляры, настаўнік глядзіць на вучня.
-- Усё, Мікола. Стаўлю табе два балы.
На твары ў Міколы пакута і боль.
-- Іван Пятровіч, бацька будзе сварыцца.
Ну хоць тры балы пастаўце! Іван Пятровіч, калі ласка! У вас добрая душа.
Іван Пятровіч хмурыць бровы.
-- Стаўлю тры балы. Але ў апошні раз.
-- Іван Пятровіч, можа, не трэба? Можа, чатыры балы
мне паставіце?
На ўроку мовы вучні пішуць пераказ урыўка з аповесці
Якуба Коласа “Дрыгва”.
З-за парты ўстае Сяргей.
-- Іван Пятровіч, мне можна выйсці на двор?
Настаўнік крывіцца, але дазваляе:
-- Можна.
Сяргей ідзе ў бібліятэку, бярэ
там кнігу Якуба Коласа “Дрыгва” і, схаваўшы яе пад пінжак, вяртаецца ў клас.
З-за парты ўстае Света.
-- Іван Пятровіч, мне можна
выйсці на двор?
Настаўнік яшчэ больш крывіцца,
але дазваляе:
-- Можна.
Света ідзе ў бібліятэку, бярэ
там кнігу Якуба Коласа “Дрыгва” і, схаваўшы яе пад кофту, вяртаецца ў клас.
З-за парты ўстае Віця.
-- Іван Пятровіч…
У гэты час дзверы ў класе
адчыняюцца. З’яўляецца бібліятэкар. Перад сабою яна трымае стос кніг Якуба
Коласа “Дрыгва”.
-- Іван Пятровіч, я вашым дзецям
прынесла “Дрыгву”. Яна, мне здалося, вельмі патрэбна ім на ўроку.
Віця садзіцца за парту. Іван
Пятровіч з асуджэннем глядзіць на яго, а потым пераводзіць свой позірк на
Сяргея і Свету. Яны вінавата ўсміхаюцца яму.
Сынка начальніка па блату
ўладкавалі ў інстытут. Выкладчыкі на экзаменах яго не турбавалі: адразу ж
ставілі ў залікоўку добрую адзнаку. Але быў у інстытуце выкладчык хіміі, які
адрозніваўся прынцыповасцю. Пасадзіўшы сынка за стол, задаў яму адно пытанне,
другое. Сынок сядзіць за сталом і ўсміхаецца. Тады прынцыповы выкладчык сам
хуценька рашыў на дошцы патрэбную задачу, якая заканчвалася формулай КОН (што
азначае шчолач).
-- Прафесар, вы ў слове “конь”
мяккі знак не напісалі! – ускочыўшы, усклікнуў сынок.
ЗМЕСТ
АПАВЯДАННІ
Рыжык
Каб не сварыліся
Дубчык
Чаму хварэць кепска?
Каб мама ўсміхалася
Дапамога
Тройка
Дарожка да мамы
Вожыкава шкура
Піяніна
Што ўбачыў Верабейка
Па дарозе са школы
Падзяка
Сябры
Ножык
Цяпло суніц
КАЗКІ
Хто ж вінаваты?
Ледзяныя зярняткі
Пра Сякеру, Пілку, селяніна Данілу, Ведзьмака і Чорныя Моцы
Сябры-суседзі
Сакрэт
Чаму Камар на балоце хаваецца?
Чуласць
Чаму Зязюля кукуе?
Чаму Мядзведзь зімою спіць?
Нырэц
Жылі-былі два браты...
Аб чым спрачаліся кнігі
Казка
У Навагоднюю ноч
Неслух
Залаты Заяц
Разумнікі
Сны
Воўчае Лыка
Як Камарык Пчолцы дапамог
Як Мураш дарогу дамоў шукаў
Пад дубам
Браты
Не там капаў
Ястрабок
Зваротак
Не зразумелі
Чаму Мальва з Праменьчыкам сябруе?
Лаўка
Чалавек і ўсмешка
Варона
Цікава
Перастараліся
Не запомніў
Самы смелы
Як Бярозка Дажджу чакала
Чаму Сабака і Кот не сябруюць?
Жалуды
Як Шпачок пажартаваў
Камень
Разумны Пеўнік
Фантазёр ці зайздроснік?
Гняздо і Чарацінка
Малаток
Пушынка
Кропелькі
Упарты Гаспадар
Непрыгожае імя
Захварэла яблынька
Казка пра ката Васіля
Чаму жабы ноччу палююць?
Чаму Хмаркі плачуць?
Кісліца
Хітрая Ліса
СМЯШЫНКІ
Маленькая Аленка думае і разважае
У школе і дома