Поиск по этому блогу

Быў выпадак. "Акула і іншае"

 

Быў выпадак

 

Акула і іншае

 

У свеце ёсць розныя экстрэмалы, якім, як гаворыцца, карціць паказаць сябе і праверыць сваю сілу.

Адзін з такіх экстрэмалаў у Аўстраліі задумаў пакатацца на акуле. Сваю ідэю ён спачатку выношваў у галаве, а потым вырашыў ажыццявіць на практыцы. Некалькі дзён, набраўшыся цярпення, чакаў, калі акула з’явіцца непадалёку ад берага. І дачакаўся. Спачатку ўбачыў яе вялікія плаўнікі, а потым і магутную спіну. Аўстраліец-экстрэмал падплыў да драпежніцы і ўскочыў на яе, ухапіўшыся за плаўнікі. У той момант яму, напэўна, здалося, што гэта імклівы конь, на якім можна  крыху пакатацца.

Але акула думала па-іншаму. Не спадабаўся ёй экстрэмал. Яна ўзнялася над вадою, скінула яго, а затым накінулася, стала бязлітасна кусаць. На шчасце, побач знаходзіліся добрыя людзі. Яны адагналі акулу і выратавалі смельчака.

А вось другая акула на ўзбярэжжы, там жа, у Аўстраліі, напала на дванаццацігадовую дзяўчынку. 

Як гэта здарылася? Дзяўчынка наблізілася да акулы, убачыўшы яе. Відаць, цікаўнасць перамагла страх. Драпежніца толькі і чакала гэтага. Яна напала на дзяўчынку і сваімі вострымі зубамі моцна пакусала. Дваццаць ранаў потым налічылі лекары на нагах дзяўчынкі.

Які вывад можна зрабіць? Будзеце ў Аўстраліі – асцерагайцеся акул. А ў Расіі, як гэта ні дзіўна гучыць, трэба асцерагацца змеяў, якія знаходзяцца ў заапарках. У сродках масавай інфармацыі прамільгнула паведамленне, што ў адным расійскім горадзе, у заапарку, змяя атакавала (не магу сказаць, як ёй удалося выбрацца на волю са свайго памяшкання-тэрарыума) пяцігадовую дзяўчынку і, падскочыўшы, абматалася вакол яе шыі.

Няшчасную расіянку, як і аўстралійку, выратавалі, пазбавілі ад агрэсіўнага паўзуна.

                                                                                          Аляксей Якімовіч