Поиск по этому блогу

Чалавек рэдкай прафесіі


З напісанага даўней

Чалавек рэдкай прафесіі

Гайдзінскаму Паўлу Іосіфавічу 75 гадоў. Ён рэстаўратар кніг пры цэнтральнай бібліятэцы горада Слоніма. З 1943 года Павел Іосіфавіч ваяваў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Спачатку быў снайперам, а потым дывізійным разведчыкам 59 дывізіі арміі генерала Чуйкова. Быў двойчы паранены.
“Павел Іосіфавіч надзвычай цікавы чалавек. Ведае шмат прыказак, прымавак, беларускіх баек і вершаў. Хоць ён адмысловы майстар, але ніколі не чураецца адрамантаваць дзверы, замок і нават парасон”, -- так коратка ахарактарызавала Гайдзінскага загадчыца аддзела бібліятэкі.
Міайстэрня Паўла Іосіфавіча знаходзіцца ў прыстасаваным паўпадвальным памяшканні будынка цэнтральнай бібліятэкі. Яно ўтульнае, падобнае на незвычайны хатні пакой. Напэўна, таму, што менавіта Павел Іосіфавіч змог надаць яму такі прывабны выгляд. На акуратна збітых паліцах кнігі: ужо адрэстаўрыраваныя і тыя, якія прызначаныя для рэстаўрацыі.
У Паўла Гайдзінскага няма спецыяльных прыстасаванняў. Толькі нажніцы, востры самаробны нож, прэс. А яшчэ, канешне, умелыя рукі.
Павел Іосіфавіч на маіх вачах са зношанай кнігі ў мяккай вокладцы выразаў ілюстрацыю вокладкі і спрытна прымацаваў яе да новай, кардоннай вокладкі. Гэта быў адзін з фрагментаў крапатлівай працы рэстаўратара кніг. Пасля гэтага яму неабходна старую вокладку замяніць на жорсткую, кардонную. А лісты, каб не распадаліся, трэба прашыць. Часта здараецца так, што ў кнізе лісты парваныя ці наогул вырваныя. Тады іх прыходзіцца перадрукоўваць з іншай кнігі таго ж самага аўтара і ўстаўляць у кнігу, якая рэстаўрыруецца.
Павел Іосіфавіч рэстаўрыруе кнігі не толькі з гарадскіх, але і з раённых бібліятэк. Нядаўна “адрамантаваў” кнігі, якія прывезлі з Мяльканавіцкай і з Сялявіцкай бібліятэкі, а ў першай гарадской бібліятэцы адрэстаўрыраваў 245 кніг.
Паўлу Іосіфавічу падабаецца яго прафесія, бо ён і сам вельмі любіць чытаць кнігі. У свой час майстар хацеў адкрыць гурток па рэстаўрацыі кніг, каб школьнікі маглі заняцца карыснай справай, але, на жаль, не атрымалася.
Сам Павел Іосіфавіч Гайдзінскі навучыўся рамантаваць кнігі ў святара, з якім некалі жыў у адным доме.
                                                                   Аляксей Якімовіч, ліпень 1998 года.