Пра багоў язычніцкіх. Мокаш – багіня часу
(у
форме пытанняў і адказаў)
Наша беларускае мінулае багатае, непаўторнае. Многіх
цікавіць, як жылі нашы прашчуры, чым захапляліся. З урокаў гісторыі мы ведаем,
што яны верылі ў язычніцкіх багоў, шанавалі іх, баяліся, улагоджвалі, а іхнія
выявы з дрэва ці каменя ставілі каля свайго жылля, у лесе. Многія элементы тых
даўніх абрадаў дайшлі да нашага часу. Іх можна ўбачыць і на Купалле, і на
Вялікдзень, і на Каляды.
-- Хто такая Мокаш?
-- Багіня часу, апякунка над старымі жанчынамі, над тымі,
хто займаецца жаночымі рамёствамі: вышываннем, прадзеннем, вязаннем, ткацтвам.
-- Якой багіня часу паўставала ва ўяўленні нашых продкаў?
-- Жанчынай з тонкімі доўгімі пальцамі, з вачыма колеру
астылага попелу і серабрыстымі валасамі.
-- Калі нашы продкі ўшаноўвалі багіню Мокаш?
-- У кастрычніку, калі наступала бабіна лета. Верхам
дасканаласці ў ткацтве Мокаш лічыла павуцінне. І сёння эталонам тонкай ніткі
для любой прадзільшчыцы і ткачыхі з’яўляецца павуцінне, а мудрагелісты ўзор на
тканіне параўноваюць з узорам павука.
-- Якія адносіны мае павук да багіні часу Мокашы?
-- Бясконцая нітка-павуцінка, якую выцягвае з сябе павук,
нагадвае бясконцую нітку часу. Гэта нітка адначасова моцная і крохкая. Як і
лёс, як і нітку жыцця чалавека, яе лёгка парваць.
-- У якім атачэнні з’яўляецца Мокаш перад людзьмі?
-- У атачэнні павукоў. Яны – яе надзейныя вестуны.
Павучок, які сваёй павуцінкай зачапіўся за чалавека, прыносіць яму шчасце.
Такое павер’е існуе ў нашых продкаў.
-- Багіня Мокаш займалася ткацтвам?
-- Кожную восень з прыгожых нітак ткала снегавое
пакрывала для зямлі, каб яна, зямля, без шкоды магла перажыць і маразы, і
завірухі.
-- Яшчэ якія павер’і існуюць?
-- Мокаш іншы раз дакраналася доўгімі пальцамі да палатна
ці да нітак ткачыхі, прадільшчыцы. Льняное палатно адбельвалася, а пража
серабрылася. Сваім подыхам багіня сушыла слёзы на шчаках жанчын, гладзіла іх па
галаве, прыносячы спакой і ўпэўненасць. Але пасля такога дотыку валасы ў
жанчыны станавіліся серабрыста-белымі, як выбеленая пража.
Аляксей Якімовіч
Бабіна лета
Дзверы адчыняе,
Павучкоў у госці
Яно запрашае.
На тонкіх павуцінках
Павучкі лятаюць,
Бабіна лета
Дружна сустракаюць.
Павуцінкі тонкія
Мокаш ім прыслала.
Тчэ багіня часу
Зямное пакрывала.
Бясконцую нітку часу
Мы не заўважаем,
Павуцінкі ад клубочка
Штогод адрываем.
2024 год