Апісанне “Луг”
Праз
шырокі луг вядзе травяністая сцяжынка: то падымаецца ўгору, то спускаецца ўніз.
Светлыя расінкі блішчаць на ўтаптанай траве, на стромкіх, зубчатых лістках
малачаю.
Дзікі
белы грыб з вялікай круглай шапкай схаваўся пры дарозе ў траве. Трава паабапал
сцяжынкі ні разу не кошаная за лета: высокая і густая, як шчотка, асобныя
парыжэлыя травінкі дастаюць вышэй пояса. Удалечыні буяе купіна асоту, пакрытага
калючкамі. У такіх жа калючых рыжых галоўках на канцах сцяблінак яго насенне,
белае і мяккае, як вата. У гэты час яно мокрае ад расы. Некаторыя кветачкі
асоту распусціліся нядаўна. Яны сядзяць важна, прыўзняўшыся, каб парадаваць
чужое вока сваім слівовым колерам, падобным на колер канюшыны.
Каля
асоту прытаіўся кусцік лебяды, зелянее, спее яго насенне. Самая большая
сцябліна парыжэла, сухія прадаўгаватыя зярняткі насення ўжо сыплюцца на зямлю.
На
купіне ўзвышаецца парослы травою курганчык-муравейнік. З шэра-белага пяску яго
вострая вяршынька. Мураўёў на курганчыку чамусьці не відаць. Ці то пахаваліся,
ці то па нейкай прычыне пакінулі яны яго. А можа, гэта крот так пастараўся,
навыкідаў, наваліў светла-шэрай зямлі,
праслаўляючы сябе?
На
былінках-травінках вісяць умела зробленыя стараннымі павучкамі танюсенькія
белыя нітачкі і сетачкі павуцінак. Некаторыя сетачкі-павуцінкі цягнуцца ад
былінкі да былінкі, злучаючы іх дзіўным мастком. Павуцінкі паўкруглыя, шчыльна
размешчаны адна каля адной, з краёў
няроўныя, выгінастыя. Пасярэдзіне нябачная сетачка, падобная на стрыжань дрэва.
Асцярожна дакраніся да сетачкі-павуцінкі – і ўздрыгнецца, скаланецца, задрыжыць
яна, але не разбурыцца. Трывала сплялі яе павучкі.
У
нізінцы – куст лазы. Стаіць важна, нібыта пан, з кожным годам усё больш
разрастаецца. Раскошна яму на здзічэлым лузе (Аляксей Якімовіч).
Дача.
Ваколіца вёскі Чамяры Слонімскага раёна. 11. 09. 2018 г.
[Урывак з аповесці
“Белакрылая птушка”, с. 73 -- 74]
Зборнік выйшаў у выдавецтве
“Беларусь”
Якімовіч, А. М. Белакрылая птушка : аповесці,
вершы / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 199 с.