ВЫВУЧАЕМ
БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ
Тэма: Асаблівасці правапісу
канчаткаў назоўнікаў першага скланення ў адзіночным ліку.
Псіхалагічны настрой.
Краіна, праца,
Шчаслівы, жалудовы --
Гэта словы нашай мовы.
Аляксей Якімовіч.
• Якія
словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?
Успомнім! Да першага скланення адносяцца назоўнікі жаночага роду з канчаткамі –а,
-я
ў назоўным склоне [6, стар. 166, “Беларуская мова”].
Напрыклад: кніга,
цыбуля.
Ствараем праблемную сітуацыю.
• Як пішам: рабіна
– рабіне – ці рабіні; на рабіне ці на рабіні;
муха – мусе ці мусі;
аб мусе ці аб мусі? (1)
• Як пішам: рука
– руцэ
ці руке; на руцэ ці на руке? (2)
• Як пішам: кашуля
– кашулі ці кашуле; у кашулі ці ў кашуле?
(3)
• Як пішам: каша
– кашы
ці каші; у кашы ці ў каші;
майка – майцы ці майке;
у майцы ці ў майке? (4)
Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?
Хвілінка кемлівасці.
Звяртаемся да правіла.
Запамінаем! Назоўнікі першага скланення ў давальным і месным склонах маюць
наступныя канчаткі:
1. З асновай на цвёрды зычны і на [г], [х] (пры абавязковым чаргаванні
[г] – [з′] і [х] – [с′]) -- -е. (Рабіне, на рабіне,
мусе,
аб мусе.)
2. З асновай на [к] пад націскам (пры абавязковым чаргаванні [к] – [ц]) -- -э. (Руцэ, на руцэ.)
3. Назоўнікі з асновай на мяккі
зычны -- -і. (Кашулі, у кашулі.)
4. З асновай на зацвярдзелы зычны і на [к] не пад націскам (пры
абавязковым чаргаванні [к] – [ц]) -- -ы. (Кашы, у кашы,
майцы,
у майцы.) [5,
стар. 94 -- 95, “Беларуская мова”].
• Дапоўніце
гэтыя азначэнні адпаведнымі прыкладамі з задання “Ствараем праблемную
сітуацыю”.
[4, стар. 228 -- 229,
“Беларуская мова”]
Назавіце слова.
Пішам з е,
ы
Крызе, дошцы,
Фабрыцы, ткачысе,
Газеце, … (вёсцы).
Аляксей Якімовіч.
• Растлумачце
правапіс канчаткаў у словах вершаванага
тэксту “крызе”, “дошцы”, “фабрыцы”, “ткачысе”, “газеце”, “вёсцы”.
Працуем
са спалучэннямі слоў.
• Са словам
“зямля” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.
• Ці
з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?
Для даведкі: пясчаная зямля – зямля продкаў.
• Слова
“зямля” пастаўце ў давальным і месным склонах. (Зямлі, на зямлі.)
Фізкультхвілінка.
На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя спалучэнні
літар е, э, ы, і, потым напішыце беларускае слова “думка” і лагодна
ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.
Ствараем праблемную сітуацыю.
• Як пішам: касьба – касьбой ці касьбою, рабіна – рабінай ці рабінаю?
(1)
• Як пішам: ралля – раллёй ці раллёю, кашуля – кашуляй
ці кашуляю? (2)
Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?
Для даведкі: ралля – узаранае поле [1, стар. 281, “Тлумачальны слоўнік”].
Хвілінка кемлівасці.
Звернемся да правіла.
Запомніце!
1. У творным склоне назоўнікі з асновай на цвёрды,
зацвярдзелы зычны і на [г], [к], [х] маюць пад націскам канчатак –ой
(-ою),
не пад націскам -- -ай (-аю) [4, стар. 228 -- 229, “Беларуская мова”]. (Касьбой і касьбою, рабінай і рабінаю.)
2. Назоўнікі з асновай на мяккі зычны маюць пад націскам
канчатак –ёй (-ёю), не пад націскам -- -яй
(-яю)
[4, стар. 228 -- 229, “Беларуская мова”]. (Раллёй і раллёю, кашуляй і кашуляю.)
• Дапоўніце
гэтыя азначэнні адпаведнымі прыкладамі з задання “Ствараем праблемную сітуацыю”.
[5, стар. 94 -- 95, “Беларуская мова”]
Назавіце словы.
Пішам з ай, яй
Крыгай, дошкай,
Воляй, доляй,
Газетай, … (вёскай).
Аляксей Якімовіч.
• Растлумачце
правапіс канчаткаў у словах вершаванага
тэксту “крыгай”, “дошкай”, “воляй”, “доляй”, “газетай”, “вёскай”.
Для даведкі: крыга – ільдзіна (на рэчцы, возеры) [1, стар. 175, “Тлумачальны слоўнік”].
Пішам з аю,
ою,
яю
Службаю, гарою,
Песняю, травою,
Дарогаю, … (ракою).
Аляксей Якімовіч.
• Растлумачце
правапіс канчаткаў у словах вершаванага
тэксту “службаю”, “гарою”, “песняю”, “травою”, “дарогаю”, “ракою”.
Праца са сказам.
Складзіце скорагаворку са слоў.
Не, жыве, клетцы,
ў, мышка, а, норцы, ў. (Мышка жыве не ў клетцы, а ў норцы.)
• Растлумачце
правапіс выдзеленых слоў.
Праца з вершам.
Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея
Якімовіча.
Любуюся
калінаю.
Стаю на узлеску,
Махае мне галінаю.
А яна вітаецца,
Мілая калінка.
Цягну руку да цябе,
Пачастуй, дзяўчынка.
Ягадай чырвонаю
Буду частаваці,
-- Ягадай чырвонаю
Не сядзеў у хаце.
Каб гуляў на волі,
Вабная калінка.
Сарваў тваю ягадку,
Зусім не малінка.
А яна з
гаркотаю,
Годзе, нагуляўся.
Пайду я дадому,
З табой сустракаўся?
Навошта, калінка,
Гляджу на каліну.
Стаю на узлеску,
Рыпнула галіна.
А яна вітаецца:
Мяне арасіла.
Рыпнула. Слязіна
Што не ацаніла.
-- Прабач, прабач, хлопча,
Адказ: 1 – 2, 2 – 1, 3 – 4, 4 – 3.
• Знайдзіце
ў вершы словы з арфаграмамі на вывучанае правіла. Растлумачце іх напісанне.
Скорагаворка.
На
грушы растуць ігрушы (Аляксей Якімовіч).
• Ці
паўтараецца арфаграма ў словах скорагаворкі?
Сустрэча з
фразеалагізмам.
• Назавіце
фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, якія абазначае “з вялікім
задавальненнем, ахвотаю”.
Я дайду да мора,
Адолею сушу,
Потым лягу і пасплю
… … … .
• Назавіце
назоўнікі першага скланення ў вершаваным тэксце. Адзін з іх праскланяйце.
Словы фразеалагізма,
напісаныя наадварот: аз юулім ушуд. [2, стар. 107,
“Фразеалагічны слоўнік”]
Узбагачаем мову словам Якуба
Коласа.
Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар.
Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.
Па баках палі л(е, я)жалі,
Пападаліся гаі,
І дарогі прабягалі
Чыста срэбра-ручаіна
І шчасліва беглі далей
Між высокіх бера(ш, ж)коў,
Гаманіла хвалька з
хваляй
Спевам роўным галасоў,
Хлопцу ў душу закідалі
Водгук згоды і спакой;
Іх алешыны віталі
І ад сонейка хавалі,
Стаўшы дружнаю сцяной [3, стар. 340, “Паэмы Я. Коласа”].
• Раскрыйце
сэнс слова “гай”. (Невялікі, часцей лісцевы лес.) [1, стар. 80, “Тлумачальны
слоўнік”].
• Якім
словам можна замяніць слова “чыста”? (Быццам.)
• Назавіце назоўнікі першага
скланеня, выкарыстаныя ў вершаваным тэксце. Пастаўце іх у форме давальнага і
меснага склонаў.
Адказы на пытанні.
• Якія канчаткі маюць назоўнікі 1-га скланення ў
давальным і месным склонах?
• Якія канчаткі маюць назоўнікі 1-га скланення ў
творным склоне?
Тэст.
• Назавіце
назоўнікі, якія ў давальным склоне напісаны правільна.
1) Надзее;
2) падзеі;
3) перамозе;
4) адліге;
5) даярцы;
6) казке;
7. міліцыі.
Адказ: 2, 3, 5, 7.
Для даведкі: адліга – пацяпленне зімой з раставаннем снегу [1, стар. 17,
“Тлумачальны слоўнік”].
Выкарыстаная літаратура
1. Баханькоў,
А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я.
Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. -- Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.
2. Гаўрош,
Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара
філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага. –
Мн., “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.
Перад загал. аўт. : Н. В.
Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.
3. Колас, Я.
Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448
с.
4. Красней, В. П.,
Лаўрэль, Я. М. Беларуская мова : Падруч. для 5-га кл. шк. з беларус. мовай
навучання. – 3-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 1992. -- 318 с. : іл.
5. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў
агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання : у 2 ч. / Г. М. Валочка [і
інш]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. --
240 с.
6. Шэўчык, Н. І.,
Амяльковіч, А. А. Беларуская мова : Падручнік для 4-га класа. – Мн. : Нар.
асвета, 1977. -- 240 с. : іл.
Гэты ўрок (у ім
могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і
літаратура”, сакавік 2021 года, № 3.