Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс. Дзеепрыметнік як асобая форма дзеяслова: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля

 

7 клас

ВЫВУЧАЕМ ЧАСЦІНЫ МОВЫ: ПРАКТЫКУМ

                                   

              Тэма: Дзеепрыметнік як асобая форма дзеяслова: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля.

              Псіхалагічны настрой.            

                                                          Склады ву, ны, вы, ча

                                                          Я старанна вымаўляю,

                                                          Дзеепрыметнік з іх складаю.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Назавіце дзеепрыметнік, у які ўваходзяць склады ву, ны, вы, ча. (Вывучаны.)

Якую тэму мы сёння будзем вывучаць? Здагадаліся?

Вучымся разважаць.

Выкарыстаўшы слова “верш”, утварыце словазлучэнне з дзеепрыметнікам вывучаны.  (Вывучаны верш.)

Да дзеепрыметніка вывучаны пастаўце пытанне ад слова, да якога ён дапасуецца.

Прааналізаваўшы ўтворанае словазлучэнне і пастаўленае пытанне, выберыце патрэбнае:

а) дзеепрыметнік вывучаны, як і іншыя дзеепрыметнікі, абазначае прымету прадмета паводле дзеяння;

б) дзеепрыметнік вывучаны, як і іншыя дзеепрыметнікі, абазначае прымету прадмета.

А д к а з: а.                                                                                               

Прачытайце ў вучэбным дапаможніку па беларускай мове для 7-га класа (2020) лінгвістычны матэрыял параграфа 20 і праверце, ці правільна вы разважалі.

Праца са словам.

Адгадайце загадку.

                                                    Як намаляваная,

                                                    Ў небе праплывае,

                                                    Кроплямі празрыстымі

                                                    Зямлю палівае. (Хмара.)

                                                                     Аляксей Якімовіч.

        Назавіце слова, якое рыфмуецца з дзеепрыметнікам намаляваная.

         Высыпаная, дагледжаны, прыбраная, разгледжаныя, з'едзеныя. (Прыбраная.)

         Гэтыя словы з'яўляюцца … (дзеепрыметнікамі.) Абгрунтуйце сваю думку.

Ці ўсе яны стаяць у пачатковай форме?

Складзіце і запішыце сказ з дзеепрыметнікам намаляваная.

   Д л я   д а в е д к і.

Пачатковая форма дзеепрыметніка – Н. скл., адз. л., м. р.

Назавіце слова.

Поле зжата.

                                                     Пажаўцелыя лісточкі

                                                     Хутка ападуць. 

                                                     Ночы цёмныя … (прыйдуць).

                                                                 Аляксей Якімовіч.

Якімі членамі сказа бывае дзеепрыметнік? (У сказе дзеепрыметнік бывае азначэннем і выказнікам.) Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага дапаможніка.

Вызначце, якімі членамі сказа з’яўляюцца дзеепрыметнікі ў вершаваным тэксце.

У слове “зжата”  пасля ж пішам а.  А як чытаем? (Цвёрда.)

   Хвілінка кемлівасці.

   Дапішыце прыказкі і прымаўкі, выбраўшы патрэбны варыянт з  

      прапанаваных.

              1. Віламі па вадзе …(пісана ). 2. Дай яму яечка, … (ды яшчэ  аблупленае).

      3. Да чыстай крыніцы … (сцежка ўтоптана). 4. На балючае вока       

   … (ўсё парушша ляціць). 5. Хоць і не багаты, … (але не апрануты ў латы) [1, с. 244, 245, 246, 255, 264, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].  

         Для даведкі: сцежка ўтоптана; але не апрануты ў латы; пісана; усё парушша ляціць; ды яшчэ аблупленае.

         Як вы разумееце значэнне слова “латы”. (Залатанае адзенне.)

   Назавіце дзеепрыметнікі і вызначце іх лік. Як вы гэта зрабілі?

Працуем са спалучэннямі слоў.          

Да спалучэння слоў змарнелы спартсмен падбярыце спалучэнне з сінонімам-дзеепрыметнікам.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Вызначце склон дзеепрыметнікаў.

Што вам вядома пра напісанне слова “змарнелы”? (Прыстаўка з- у беларускай мове пішацца нязменна.)

Д л я  д а в е д к і: змарнелы спартсмен – змучаны спартсмен.

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Ці згодны вы з наступным сцверджаннем?

Лёгка пражыта – скора нажыта.

       Запішыце сказ у выпраўленым варыянце. (Лёгка нажыта – скора пражыта.) [1, с. 223, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].

         Назавіце ў сказе дзеепрыметнікі і вызначце іх род. Як вы гэта зрабілі?

Як вы разумееце сэнс прыказкі?

Гульня “Шукаю сябра”.

         Падбярыце дзеепрыметнік з такімі ж марфалагічнымі прыметамі, што і ў дзеепрыметніка аблупленае, ужытага ў рубрыцы “Прыказкі, прымаўкі”.                                    

Фізкультхвілінка.

Успомніце, якое беларускае слова (дзеепрыметнік) вы запісалі ў пачатку ўрока. (Вывучаны.) На столі, на сцяне вачыма напішыце яго і лагодна ўсміхніцеся яму, добраму і ласкаваму.

Творчая хвілінка.

Вось што дзеепрыметнік паведамляе пра сябе:

                                                    Я сябрую з дзеясловам

                                                    І прыметнік паважаю.

                                                    Сказы, тэксты будаваць

                                                    Многім я дапамагаю.

                                                                 Аляксей Якімовіч.

Пабудуйце сказ з дзеепрыметнікам. Якія граматычныя прыметы дзеяслова і прыметніка ён мае?

Праца са словам.

Складзіце дзеепрыметнік з першых літар наступных слоў: зайграць, жалеза, ахайны, тэрыторыя, апавядаць. (Зжата.)

Складзіце словазлучэнне з дзеепрыметнікам зжата. (Жыта зжата.)

Назавіце гукі ў слове “зжата”.

Пазнайце слова.

Пазнайце дзеепрыметнік па яго апісанні: корань, як у слове “несці”, прыстаўка, як у слове “прыморскі”, суфікс, як у слове “зроблены”.

Так, гэта слова “прынесены”. Дзякуючы кораню, прыстаўцы і суфіксу мы здагадаліся, як яно гучыць. А да якой часціны мовы адносіцца? (Гэта дзеепрыметнік.) Як вы дакажаце гэта?

Скорагаворка.

Вымаўляем правільна.

Паказчык, дасягнуты ў працы (Аляксей Якімовіч).

Вызначце дзеепрыметнік і пастаўце яго ў форму давальнага склону. 

Як вымаўляецца спалучэнне зычных у слове “паказчык”?

Запомніце! Пішам паказчык, а вымаўляем [пакашчык].

Праца з дыялогам.

Выкарыстаўшы дзеепрыметнікі, дапоўніце дыялог Аляксея Якімовіча адказамі суразмоўцы. Устаўце прапушчаную літару. У якой частцы слова яна знаходзіцца?

-- Насцечка, якім словам ты можаш ахарактарызаваць асенні сад --  сад позняй восені? (Пра асенні сад можна сказаць так: апусцелы.)

         -- Ці можна ўбачыць у асеннім садз.. павуцінкі, якія заблыталіся за галінкі?  (-- У асеннім садзе можна ўбачыць на галінках заблытаныя павуцінкі.)

          -- Як выглядае трава ў асеннім садзе? (У асеннім садзе трава пажухлая, пажоўклая.)

         Выпішыце з дыялогу дзеепрыметнікі.

         Вучаніца сказала: “Дзеепрыметнікі змяняюцца па ліках і склонах”. Удакладніце яе сцверджанне. 

З пазычаных складоў.

Прачытайце словы. Вазьміце па адным складзе з кожнага і ўтварыце дзеепрыметнік у форме назоўнага склону адзіночнага ліку.

Надзея, падрыхтоўка, таварыш, вазон, сонны. (Нарыхтаваны.)

Пастаўце дзеепрыметнік нарыхтаваны ў форму множнага ліку. (Нарыхтаваныя.)

Выберыце патрэбнае.

Нарыхтаваныя (арэхі, прыпасы, козы, яблыкі).

Падбярыце аднакаранёвае слова да дзеепрыметніка нарыхтаваныя.  

      (Рыхтуем.)

               Перакладзіце дзеепрыметнік нарыхтаваныя на рускую мову.    

      (Заготовленные.)   Параўнайце  гучанне і напісанне.

Назавіце слова.

Дровы ў нас нарыхтаваныя,

                                       На зіму … (напілаваныя).

                                                           Аляксей Якімовіч.

Запомніце, як пішацца дзеепрыметнік нарыхтаваныя.

Перакладчыкі.

Запішыце па-беларуску.

Я видел гнёзда, построенные птицами. У мухоловки серой гнездо обычно  на пне в виде кружки, выстеленной волосом или пером. Ласточка деревенская, которую можно узнать по раздвоенному хвосту, гнездо строит в деревянных зданиях.

Назавіце дзеепрыметнікі ў тэксце.

С л о ў н і к: выстеленный – высланы, в виде – ў выглядзе, кружка – кубак, волос – волас, перо – пер'е.

Сустрэча з пісьменнікам.

Ва ўрыўку з кнігі Аляксея Якімовіча “Сем гісторый пра Воўка і Вожыка” ўстаўце патрэбныя літары.

Вось і сцірта. Як вялікі бухматы заснежаны дом, яна стаіць пры самым лесе.

-- Тут будзем нач..ваць? – гледзячы на сцірту, ціха прамовіла Алеся.

-- Тут.

-- Мы не замерзнем?

Сястра стаяла і хісталася, як гнуткая былінка на лютым ветры.

-- Нам будзе цёпла тут, -- сказаў Васілёк і, нагнуўшыся, стаў выд..іраць са сцірты салому, каб зрабіць глыбокую нару.

Восенню салому склалі ў спрасаваных трактарам цюках. Таму яна не паддавалася, не выцягвалася (Аляксей Якімовіч) [2, с. 7 – 8, “Сем гісторый пра Воўка і Вожыка”].

Падбярыце сінонімы да слоў “бухматы” (пышны, пушысты), “цюк” (пакунак, скрутак).

Падкрэсіце дзеепрыметнік як член сказа.

Гульня “Шукаю сябра”.

Падбярыце дзеепрыметнік з такімі ж марфалагічнымі прыметамі, як і ў дзеепрыметніка спрасаваных, ужытага ў рубрыцы “Сустрэча з пісьменнікам”.

Падбярыце патрэбнае.

Каб правільна вызначыць значэнне слова, падбярыце да яго іншае з двух, дадзеных у дужках.

Хаджалы (мураш, зямляк).

Якім словам можна замяніць слова “хаджалы”? Выберыце патрэбнае. (Бывалы, сціплы.)

                                                  Шмат пабачыў мой сусед.

                                                  Кажуць, што хаджалы.

                                                  Моры ён перасякаў

                                                  І адольваў скалы.

                                                                 Аляксей Якімовіч.

Ці адносіцца да дзеепрыметнікаў слова “хаджалы”, выкарыстанае ў вершаваным тэксце? Што вы пра яго можаце сказаць?

Падбярыце сінонім да слова  “кажуць”. 

Адказы (словы напісаны наадварот): кялмяз; ылавыб; ьцароваг.

Праца са сказамі.

1. Карціна, … маім земляком, у многіх наведвальнікаў музея выклікала захапленне (Аляксей Якімовіч). 2. Непадалёку ад  ракі на высокім узгорку стаяў  цагляны дом, … вядомым пісьменнікам (Аляксей Якімовіч). 3. Быццам знарок, вецер параскідаў па вуліцы … лісце (Аляксей Якімовіч). 4. Мужчыны і жанчыны, … на мяжы, ціха перагаворваліся паміж сабою (Аляксей Якімовіч).

Устаўце ў сказы дзеепрыметнікі ў форме жаночага (1), мужчынскага (2), ніякага роду (3), у форме множнага ліку (4).

Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот): яанаровтс, ынавадубап,  яынамыртаз, еалецўажап.

Творчая хвілінка.

Якія дзеепрыметнікі тут рыфмуюцца?

1. З прыметнікам сакавітая

                                               Рыфмуецца дзеепрыметнік  пры.. .

                                               2. З прыметнікам мілае

                                               Рыфмуецца дзеепрыметнік па.. .

                                               3. З прыметнікам бляшаны

                                               Рыфмуецца дзеепрыметнік ад.. .

                                               4. З назоўнікам свята

                                               Рыфмуецца дзеепрыметнік з.. .

                                               5. З дзеепрыметнікам падараваная

                                               Рыфмуецца дзеепрыметнік пры.. .

                                               6. З дзеепрыметнікам размыты

                                               Рыфмуецца дзеепрыметнік па.. .

                                               7. З дзеепрыметнікам ацалелы

                                               Рыфмуецца дзеепрыметнік з.. .

Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот): яатібырп, еаліхап, ынамалда, атажз, яанавацамырп, ытышап, ылелябз.                   

7. Падвядзенне вынікаў урока.

На ўроку Міколка выканаў практыкаванне, праверыў і хацеў здаць сшытак, але Ніна спыніла яго.

-- Пачакай, -- прашаптала яна. – Ты не падкрэсліў зацвярдзелы зычны ў слове “зарослых”.

На якое пытанне адказвае слова “зарослых”? (Якіх?)

Якая гэта форма дзеяслова? (Дзеепрыметнік.)

Што абазначае дзеепрыметнік і на якія пытанні адказвае?

Якія граматычныя прыметы дзеяслова і прыметніка мае дзеепрыметнік?

Якімі членамі сказа бывае дзеепрыметнік?

Назавіце зацвярдзелы зычны ў дзеепрыметніку зарослых. ([р].)

8. Тэст.

Адзначце дзеепрыметнікі.

1) Заінелы;

2) зморшчаны;

3) прывезены;

4) урачысты;

5) затулены;

6) мядзведжы;

7) падзелены.

Адказы: 1, 2, 3, 5, 7.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

2. Аляксей Якімовіч. Сем гісторый пра Воўка і Вожыка : апавяданні і казкі  / А. М. Якімовіч. – Мінск : Пачатковая школа, 2016. – 58 с.

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, № 9, 2024 год.