Поиск по этому блогу

Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. "Параўнальны зварот".

 

Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма: Параўнальны зварот, спосабы выражэння параўнання, знакі прыпынку

 

Што трэба ведаць пра параўнальны зварот?

Параўнальнымі зваротамі называюцца словы ці словазлучэнні, якія паказваюць на падабенства адных прадметаў ці з'яў да іншых (шляхам параўнання) і ўводзяцца ў сказ пры дапамозе злучнікаў як, што, быццам, нібы (бы), нібыта, як бы, як быццам, чым.

А ў люстры водаў гэтай рэчкі, як закаханая дзяўчына, глядзіцца пышная вярбіна (Якуб Колас).

Параўнальны зварот як закаханая дзяўчына. Ён паказвае на падабенства закаханай дзяўчыны да прыгожай вярбы, якая схілілася над самаю вадою.

Як іх распазнаць?

Асабліва выразны характар параўнання праяўляецца тады, калі параўнальныя звароты адносяцца да ўказальных слоў так, такі, такая. Напрыклад: Такі, як ён, заўжды праб'е сабе дарогу.

Перакладчыкі.

Перакладзіце на беларускую мову.

Сравнение -- это сопоставление предметов и явлений по каким-нибудь общим признакам.

В сравнении обычно выделяют три элемента:

1) то, что сравнивается, п р е дм е т;

2) с чем что-то сравнивается, о б р а з;

3) то, по подобию чего одно сравнивается с другим, п р и з н а к.

Словы для даведкі:   сопоставление – супастаўленне; признак – прымета; что-то – нешта; по подобию -- па падабенстве; другой -- іншы.

Самастойная праца.

Прачытайце. Назавіце параўнанні і іх элементы.

   1. Зазвіні ты, як звон, і ўдар, як пярун,

                                               Песня наша, як воля, магутная.

                                                                          Янка Купала.

 

2. Зімовы спакой

Нерухома стаяў лес. Ні звер, ні чалавек, ні птушка не парушалі яго спакою. Толькі дзесь у гушчары суха палускваў мароз, пераскокваючы з дрэва на дрэва. Пачынала святлець. Са змроку вырысоўваліся камлі асін, дубы, бярозы. А паміж імі выступалі, быццам дзяды, зламаныя бураю абломкі дрэў ды капцамі раскідаліся па лесе курганы (Паводле Якуба Коласа).

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Моўныя сродкі параўнання неаднародныя. Сярод іх адрозніваюць лексічныя, марфалагічныя, сінтаксічныя.

Марфалагічныя сродкі параўнання:

а) творны склон параўнання (назоўнікі ў форме Т. скл.: ішлі валам);

б) прыназоўнікі накшталт, падобны да і інш: падобна да бярозкі;

в) параўнальныя злучнікі што, нібы, як, быццам: стройны, як таполя;

г) безпрыназоўнікавае кіраванне: Імклівымі стрэламі насіліся ластаўкі.

Проба сіл.

Спішыце, устаўляючы прапушчаныя літары. Падкрэсліце параўнанні і вызначце, чым яны выражаюцца.

1. Лёгенькая, як пуш..начка, гімнастка, здавалася, лунала ў паветры. 2. Хлапчукі кул..мі ляцелі праз лес. 3. Што пч..лка, працуе, стараецца мой сябар Максім. 4. Іншы раз Галя асакою скакала ў вочы. 5. Нібы пушынкі, сыпаліся сн..жынкі. 6. Мой брат Міхась як в..цер.  7. Усю дарогу за мною ішоў невялікі сабака, ростам з ката.

Назавіце назоўнік, у якім гукі [д], [т] пры змякчэнні чаргуюцца  [дз′], [ц′]. На пісьме яны перадаюцца літарамі дз, ц. (Брат -- аб браце.)

Ці супадае вымаўленне слова "раз" з напісаннем? Чаму?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Сінтаксічныя сродкамі рэалізацыі параўнання з'яўляюцца:

а) выказнікі з адценнем параўнання: воблакі быццам вата;

б) прыдаткі: трава, нібыта хваля;

в) параўнальныя звароты: матылькі, як кветкі.

Праца з практыкаваннем.

Спішыце, падкрэсліце галоўныя члены сказа, вызначце іх марфалагічнае выражэнне.

1. Тут жыта што сцяна. 2. Тут жыта было густое, што сцяна. 3. Сняжынкі быццам парашуцікі. 4. Сняжынкі, быццам белыя парашуцікі, павольна апсукаліся на зямлю.

Для даведкі (напісана на пераноснай дошцы). Вобразныя выказнікі-параўнанні часта можна замяніць прыдаткам: дарога цягнулася быццам стужка  і дарога-стужка.

Як зменіцца сэнс выказванняў, калі ў першым і трэцім сказах апусціць злучнікі?

Самастойная праца.

Пабудуйце і запішыце сказы, замяніўшы прыдаткі выказнікамі-параўнаннямі.

У з о р. Скала-веліканГэта скала быццам велікан.

Туман-імгла, яма-пастка, партфель-кашолка, волат-дуб.

Пагартаем "Лексіс" Лаўрэнція Зізанія.

Мель -- вапна, крэйда.

Выкарыстаўшы словы "вапна", "крэйда", складзіце і запішыце сказ з параўнальным зваротам. (Зямля ліпла да ног, як вапна.)

Для даведкі: крэйды – рознакаляровыя алоўкі.

У гасцях у тлумачальнага слоўніка.

Выкарыстаўшы ўзор, прачытайце і запішыце слоўнікавы артыкул да слова "гравіраваць". (Рабіць малюнак або надпіс, выразаючы іх на цвёрдым матэрыяле: метале, дрэве, шкле.)

Узор. Дзеяч, -а, м. Асоба, што праявіла сябе ў якой-небудзь галіне дзейнасці. Вядомы дзеяч.

Выкарыстаўшы слова "гравіраваць", пабудуйце і запішыце сказ з параўнаннем. (Міхась выгравіраваў на шкле прыгожую, як лялька, дзяўчыну.)

 [1, стар. 89 – 90, 103, “Тлумачальны слоўнік”]

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма напішыце прыгожае беларускае слова “прыдатак” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Акцэнталагічная хвілінка.

Пастаўце націскі ў словах і прачытайце іх.

Гравіраваць, сам-насам, спадцішка, нездарма, чатырнаццаць, інструмент.

Адказ. Гравіраваць, сам-насам, спадцішка, нездарма, чатырнаццаць, інструмент.

Хвілінка кемлівасці.

Пабудуйце разбураны чараўніцай-шкодніцай Памылкай Памылкаўнай верш з чатырох радкоў.

                                                  Ўздыхае хлопец Янка,

                                                  Сядзіць, як на жары.

                                                  Нішто яго не вабіць.

                                                  Вось так жыве, сябры.

                                                              Аляксей Якімовіч.

Назавіце параўнальны зварот у тэксце верша. Які ён: развіты ці неразвіты?

Для даведкі (напісана на пераноснай дошцы). Неразвітыя параўнальныя звароты уключаюць у свой склад адно слова; развітыя параўнальныя звароты звычайна складаюцца з некалькіх слоў.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Параўнальнымі зваротамі не лічацца фразеалагізмы, якія ў сказах выконваюць функцыю акалічнасці: Пятрусь паглядзеў на мяне як тры грошы даў. -- Як тры грошы даў -- "паглядзець, сказаць злосна";

словы са злучнікам як, што ўваходзяць у састаў выказніка: Алеся стала для малодшых сястрычак як маці.

Самастойная праца.

Прачытайце, вызначце ўстойлівыя выразы (фразеалагізмы), графічна абазначце іх як члены сказа.

1. Стафанковічык сціх як мыла з'еўшы (Кузьма Чорны). 2. Усе лясныя дарогі ва ўрочышчы Новіны Алесь ведаў як свае пяць пальцаў. 3. Пачуўшы выбух, Кастусь затросся як асінавы ліст. 4. Чаго ты прывязаўся як смала? Згінь, прападзі! (Якуб Колас). 5. Бабуля не захацела будзіць унука Змітрака: ён спаў як пшаніцу прадаўшы. 6. Э... глядзі ты! Як ён на бяду нашу ўсе ўказы і законы як рэпу грызе і не заікнецца (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч).

Назавіце назоўнікі, да якіх можны прымяніць наступнае выказванне:

Акуратна,

                                                                                    ад душы

                                                                     о, э пад націскам пішы.

Назавіце словы, у якіх назіраецца характэрная асаблівасць беларускай фанетыкі -- ужываецца зацвярдзелы зычны ... ([р]).

Закончыце думку сказа: Значымая частка, якая знаходзіцца пасля канчатка ці суфікса -- гэта ... . (Постфікс.) Назавіце слова з постфіксам. (Прывязаўся.)

Праца з вучэбным дапаможнікам.

Прачытайце ў вучэбным дапаможніку, якую ролю ў сказе могуць выконваць параўнальныя звароты.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! У вуснай мове параўнальныя звароты выдзяляюцца паўзамі і чытаюцца, калі стаяць у пачатку і сярэдзіне сказа, больш павышаным тонам, а ў канцы сказа -- паніжаным тонам.

Перакладчыкі.

Перакладзіце афарызмы на беларускую мову і прачытайце, захоўваючы патрэбную інтанацыю.

Иные думают, что старую любовь надо выбивать новой любовью(,) как клин клином. (Цицерон.)

Как чаша весов опускается под тяжестью груза(,) так и дух наш поддаётся воздействию очевидности (Цыцэрон).

Храбрым отчизна везде(,) как рыбам морское пространство (Авідзій).

Как хрупкий лёд(,) проходит гнев, если переждать (Авідзій).

Словы для даведкі: иной -- іншы,  очевидность -- відавочнасць,  хрупкий -- ломкі, крохкі.

Ці згодны вы з выказваннем рымскага паэта Авідзія? Ці трэба стрымліваць свае эмоцыі ў канфліктнай сітуацыі?

Проба сіл.

Прачытайце. Назавіце сказы: а) з параўнальнымі зваротамі; б) з даданымі параўнальнымі часткамі. Адказ абгрунтуйце.

1. Ён, Міхась, дачакаецца свайго шчасця, як перасохлая зямля – цёплага дажджу. 2. У тумане, нібы шэрыя цені, рухаліся аўтамабілі. 3. І дзе на свеце ёсць такая, як Нёман, рэчанька другая? (Якуб Колас). 4. Дуб стаяў на ўзмежку, як прывід ля дарогі. 5. У мроку нікне лес кашлаты, бы нейкі хітры чарадзей (Якуб Колас). 6. Поле нікне ў срэбным тумане, снег блішчыць, як халодная сталь (Максім Багдановіч).

Для даведкі (напісана на картцы). Параўнальныя звароты неабходна адрозніваць ад даданых параўнальных няпоўных частак складаназалежнага сказа, у якіх няма выказніка, але ёсць даданыя члены сказа з саставу выказніка: Стаялі тры дубы на лузе, як вартавыя на гасцінцы. У другой частцы (даданай) ёсць даданы член сказа з саставу выказніка -- акалічнасць месца на гасцінцы.

На ўзмежку вецер раскачвае вершаліну высокай бярозы, і яна шуміць, як шумяць марскія хвалі. У склад параўнальнага звароту выказнік не ўваходзіць і, адпаведна, даданыя члены сказа з саставу выказніка ў ім адсутнічаюць.

Назавіце сказ, дзе параўнальны зварот адносіцца да ўказальнага слова.

Раскрыйце сэнс слова "узмежак". (Мяжа паміж палеткаў; вузкая уздзірванелая палоска поля паўз мяжу, звычайна неўзараная і незасеяная.)

Падбярыце сінонім да слова "ўзмежак". (Мяжа.)

Падбярыце аднакаранёвыя словы да назоўніка "узмежак". Выдзеліце ў іх корань. (Мяжа, межавы.)

Пры напісанні слова "ўзмежак" у якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна? Чаму?

Падбярыце рускі адпаведнік да слова "ўзмежак". (Полоса.) Параўнайце гучанне і напісанне.

Пабудуйце сказ ці словазлучэнне са словам "узмежак". (Утравелы ўзмежак.)

Растлумачце лексічнае значэнне слова “гасцінец”. (Вялікая праезджая дарога, звычайна абсаджаная дрэвамі.)

             [1, стар. 84, “Тлумачальны слоўнік”]

Праца з табліцай.

Пазнаёмцеся з табліцай.

Знакі прыпынку пры параўнальных зваротах

------------------------------------------------------------------------------------------------------------

На пісьме параўнальныя звароты звычайна выдзяляюцца коскамі незалежна ад іх месца ў сказе

Як і бацька, Пятрусь любіў працаваць..

Дождж ішоў амаль цэлы дзень, як і ўчора.

Сабакі, як і іх гаспадары, маюць свой характар.

Коска ставіцца перад злучнікам як у спалучэннях не хто іншы, як; не што іншае, як

Не хто іншы, як маці, так моцна цябе не палюбіць.

------------------------------------------------------------------------------------------------------------

Параўнальныя звароты не выдзяляюцца коскамі, калі:

1) яны ўваходзяць у склад выказніка: Маланка як змейка;

2) ўжыты ў саставе фразеалагізма са злучнікам як: Стаў як укопаны;

3) калі зварот са злучнікам як мае значэнне "ў якасці": На заводзе Міхася паважалі як вопытнага 

інжынера (Міхась і быў інжынерам).

------------------------------------------------------------------------------------------------------------

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Перад выказнікам-параўнаннем пры сэнсавым і інтанацыйным выдзяленні дапускаецца пастаноўка працяжніка.

                                                                 Спатканне – як зорка,

                                                                 Жыццё – бы дарога,

                                                                 Радасць – як вясёлка.

                                                                 Трывога – бы знямога,

                                                                               Аляксей Якімовіч.

Праца са сказам.

Прачытайце сказ, вызначце параўнальны зварот і ахарактарызуйце яго па схеме:

а) пры дапамозе якога злучніка ўведзены ў сказ;

б) месца размяшчэння ў сказе;

в) развіты ці неразвіты;

г) які член сказа паясняе ці ўдакладняе;

д) якім членам сказа з'яўляецца (падкрэсліце).

Антось з’явіўся перад намі нечакана, як з неба зваліўся.

Любімыя беларускія словы.

Раскажыце (адказы даюць 2-3 вучні), ці ёсць у вас любімыя беларускія словы. Чаму яны вам падабаюцца? Калі ўпершыню і ад каго вы пачулі іх?

Тэст.

Адзначце сказы, у якіх знакі прыпынку расстаўлены правільна.

1. Твар як сажа.

2. Ногі сталі, як драўляныя.

3. Цяжкія, быццам свінцовыя, хмары нізка плылі над зямлёю.

4. Дождж у гэты дзень ліў, як з вядра.

5. Яркія зоркі, як незвычайныя ліхтарыкі, асвятлялі наезджаную дарогу.

Адказы. Сказы, у якіх знакі прыпынку расстаўлены правільна: 3, 5.

5. Мытны кантроль.

Н а с т а ў н і к. Наша падарожжа заканчваецца. Засталося прайсці мытны кантроль.

Адкажыце на пытанні.

Што называецца параўнаннем? З якіх элементаў яно складаецца?

Якія вы ведаеце сродкі параўнанняў?

Што такое параўнальны зварот?

Якую сінтаксічную ролю выконваюць параўнальныя звароты ў сказах?

Калі параўнальныя звароты не выдзяляюцца коскамі на пісьме?

 

Выкарыстаная літаратура

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.