Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс: правапіс канчаткаў рознаскланяльных назоўнікаў імя, племя, стрэмя

 

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ     

 

Тэма: правапіс канчаткаў рознаскланяльных назоўнікаў імя, племя, стрэмя.

Псіхалагічны настрой.                             

                                                        Хараство, сузор’е,

                                                       Дзяржаўны, вярбовы --

                                                       Гэта словы нашай мовы.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца? 

 Ствараем праблемную сітуацыю.

Як пішам у адзіночным ліку: племя -- племя ці племені, племю ці племені, племем ці племенем, у племі ці ў племені?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Чытаем правіла.

Запомніце! Назоўнікі імя, племя, стрэмя пры скланенні могуць набываць суфікс ен- і змяняцца без яго. З суфіксам ен-  яны, як і назвы маладых істот, у родным, давальным і месным склонах маюць канчатак і. Без суфікса гэтыя назоўнікі маюць канчаткі, уласцівыя назоўнікам другога скланення [2, стар. 168, “Беларуская мова”].

     [4, “Беларуская мова”].

Возьмем як прыклад назоўнік стрэмя. Ставім яго ў родным, давальным, творным і месным склонах: стрэмя (стрэмені); стрэмю (стрэмені); стрэмем (стрэменем); у стрэмі (у стрэмені).

Адзначаем суфікс ен-.

Вывад. З суфіксам -ен-  назоўнік стрэмя  мае канчатак і ў Р., Д. і М. склонах, без суфікса -ен- -- канчаткі, уласцівыя назоўнікам 2-га скланення.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: племя і племені, племю і племені, племем і племенем, у племі і ў племені.

Назавіце слова.        

                                                          Пішам без памылак

                                                          Старажытным племем,

                                                          Ганаруся іменем,

                                                          Пахвалюся… (стрэмем).

                                                                             Аляксей Якімовіч.

Растлумачце правапіс слоў з вершаванага тэксту “племем”, “іменем”, “стрэмем”.

Працуем са спалучэннямі слоў.             

Са словам “імя” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Праскланяйце адно з гэтых спалучэнняў слоў з суфіксам -ен-.

Для даведкі: маё імя -- гучнае імя.

Праца са сказам.       

Складзіце скорагаворку са слоў.

Імені, па, звалі, не, у, племені. (У племені не звалі па імені.) 

Растлумачце правапіс выдзеленых літар.

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя спалучэнні літар ен, ён, потым напішыце беларускае слова “ельнічак” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Ствараем праблемную сітуацыю.

Як пішам у множным ліку: імяімі ці імёны,  імяў ці імён (імёнаў), імям ці імёнам, імямі ці імёнамі, у імях ці ў імёнах ?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Звяртаемся да правіла.

Помніце! У множным ліку назоўнікі імя, стрэмя ўжываюцца з суфіксам -ён- і без яго, а назоўнік племя – толькі з суфіксам -ён- [2, стар. 168, “Беларуская мова”].

                  [4, стар. 110, “Беларуская мова”]

Возьмем як прыклад назоўнік стрэмі (страмёны). Паставім яго ў родным, давальным, творным і месным склонах: стрэмяў (страмён, страмёнаў); стрэмям (страмёнам); стрэмямі (страмёнамі); на стрэмях (на страмёнах).

Адзначаем суфікс -ен-.

Вывад. Назоўнік стрэмя мае дзве формы: з суфіксам -ен- і без яго .

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: імяў і імён (імёнаў), імям і імёнам, імямі і імёнамі, у імях і ў імёнах.

Назавіце слова.        

                                                          Як жа мы цяпер напішам?

                                                          Шмат плямёнаў ці плямён?

                                                          Звон страмёнаў ці страмён?

                                                          Вядомых імёнаў ці … (імён)?

                                                                                         Аляксей Якімовіч.

Растлумачце правапіс слоў з вершаванага тэксту, якія ў назоўным склоне заканчваюцца на -мя?

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                  Не бойся, не дрыжы,

                                                  Вораг нападае?

                                                  Імя беражы.

                                                  Не ідзі у рабства,

Адказ: 1 – 2, 2 – 1, 3 – 4, 4 – 3.

Знайдзіце ў вершы слова з арфаграмай на вывучанае правіла. Растлумачце яе напісанне.

Праскланяйце назоўнік “імя” без суфікса –ён-.

Скорагаворка.

Знаёміўся з плямёнамі ў джунглях (Аляксей Якімовіч).

У якім склоне ўжываецца назоўнік плямёнамі? Абазначце яго суфікс. Ці можа ён ужывацца без гэтага суфікса?

Сустрэча з фразеалагізмам.

Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які абазначае  “зусім забыцца”.

                                                            -- Пакарміў кароўку,

                                                            Прынёс ты ёй травы?

                                                            -- Знайшоў ля куста стрэмя

                                                            І  … .

Назоўнік стрэмя пастаўце ў форму роднага, меснага і давальнага склонаў адзіночнага і множнага ліку.

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: алецелыв з ывалаг [1, стар. 57, “Фразеалагічны слоўнік”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                     Брацце мае, беларусы!

                                                     У той кнізе люд (ц, ск)іх спраў

                                                     Сам лёс, мусіць, для спакусы

                                                     Гэты край нам адзначаў.

                                                     Тут схадзіліся плямёны

                                                     Спр(э, )чкі сілаю канчаць,

                                                     Каб багата адароны

                                                     Мілы край наш зваяваць,

                                                     А нас цяжка ў с(е, э)рца раніць,

                                                     Пад прыгон узяць навек,

                                                     Нашы скарбы апаганіць,

                                                     Душу вынесці на здзек,

                                                     Каб у віры той ашукі

                                                     Знішчыць нашы ўсе сляды,

                                                     Каб не ведалі і ўнукі,

                                                     Хто такія іх (д, дз)яды.

Якім словам можна  замяніць слова “ашукі”? (Ашуканства.)

Праскланяйце назоўнік “плямёны” [3, стар. 334, “Паэмы Я. Коласа”].

Адказы на пытанні.     

 Як скланяюцца ў адзіночным ліку назоўнікі імя, племя, стрэмя?

  Як скланяюцца ў множным ліку назоўнікі імя, племя, стрэмя?

Тэст.

Адзначце словы, якія правільна напісаны ў форме давальнага склону.

1) Стрэмю;

2) стрэмені;

3) страмёнам;

4) стрэмам;

5) плямёнам;

6) племям;

7) племю.

Адказ: 1, 2, 3, 5, 7.

 

Выкарыстаная літаратура

 

1. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

2. Гваздовіч, Г. А. і інш. Беларуская мова : Падруч. для 10-га кл. устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі з бел. мовай навучання з 11-гадовым тжэрмінам навучання / Г. А. Гваздовіч, М. М. Круталевіч, У. П. Саўко. – 2-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 2004. – 239 с.       

3. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

4. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання : у 2 ч. / Г. М. Валочка [і інш]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. --  240 с.

 

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, чэрвень 2021 года, № 6.