Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. ФОРМУЛЫ ВЕТЛІВАСЦІ Ў ПАБУДЖАЛЬНЫХ СКАЗАХ

 

Творчы ўрок у 3 класе. ФОРМУЛЫ ВЕТЛІВАСЦІ Ў ПАБУДЖАЛЬНЫХ СКАЗАХ

 

Мэты: пазнаёміць з формуламі ветлівасці ў пабуджальных сказах; фарміраваць уменні і навыкі ўжываць іх у вуснай і пісьмовай мове, арыентавацца ў сітуацыі зносін; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; фарміраваць у іх моўныя нормы этыкету, выпрацоўваць уменне весці размову; абуджаць цікавасць да беларускай мовы; вучыць правілам паводзін у час паездкі ў аўтобусе.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны этап.

                                                          У хату запрашаю,

                                                          Будзь здаровы.

                                                          Любім, вымаўляем

                                                          Нашай мовы словы.

                                                                    Аляксей Якімовіч.

Якія беларускія словы вы ведаеце? Назавіце іх.

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Трэцякласнік Алесь вяртаўся са школы дамоў.

На вуліцы яго сустрэў дзядуля Максім і працягнуў вялікі чырвоны яблык.

-- Бяры, унучак, частуйся.

Дзядуля Максім не раз і не два частаваў дзяцей і яблыкамі, і слівамі, і нават трускалкамі.

Хлопчык узяў у дзядулі яблык і пацікавіўся:

-- Можа,  у вас і груша ёсць?

-- Ёсць, -- сказаў дзядуля і дастаў з лазовага кошычка ружовую прадаўгаватую грушу.

Алесь схапіў грушу і прагаварыў:

-- Пабягу я. Бабуля Алена мяне даўно чакае, суп у талерку, напэўна, ужо налівае.

Дзядуля Максім уважліва паглядзеў на Алеся і прамовіў:

-- Потым падзякуеш ёй за смачны суп. Не забудзешся?

-- Не забудуся, -- паабяцаў Алесь і пабег, падскокваючы (Аляксей Якімовіч).

Якое слова забыўся сказаць дзядулі Максіму хлапчук? (Дзякуй.)

Растлумачце напісанне літары дз у слове “дзякуй”.

4. Чыстапісанне.

"Бывай", "дзякуй", "выбачай". Якая літара паўтараецца ва ўсіх гэтых словах? (й )

Запішыце літару й і спалучэнні з гэтай літарай, а таксама ветлівае слова і сказ з гэтым словам.

       й   й   ай   ой  дзякуй

      “Дзякуй”, -- сказаў Янка.

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Н а с т а ў н і к. Чым больш ветліва мы просім аб паслузе, тым больш ахвотна нам яе робяць. "Калі вам няцяжка, зрабіце ласку, прыміце сваю сумку з маёй нагі!" І вось ужо вашай назе не перашкаджае чыясьці сумка. Жарт жартам, а без ветлівых слоў пабуджальныя сказы-просьбы наўрад ці здолелі б дасягнуць сваёй мэты. Многія з гэтых слоў, формулы ветлівасці, вам ужо даўно вядомыя (пытальныя сказы з імі таксама сябруюць): калі ласка, будзь(це) ласкавы, зрабі(це) ласку, будзьце такія добрыя.

Умець весці размову --  вялікае майстэрства. Заўжды трэба думаць не толькі пра тое, што сказаць, але і пра тое, як сказаць, каб усе пры гэтым адчувалі сябе лёгка і вольна.

Паслухайце, шаноўныя, казку, якая, спадзяюся, як след дапаможа вам вывучыць формулы ветлівасці ў пабуджальных сказах.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай.

Аднаго разу папрасіў Шпачок старэйшага брата:

- Назаві мне словы ветлівасці. Я іх хачу вывучыць.

Старэйшы брат вельмі спяшаўся да сваякоў, таму вось як ветлівыя словы на паперы запісаў: добра раніцы; наведвацеся часце; бываце здаровы; усяго налепшага; да скора сустрэчы; добра ночы;  скора папраўкі; даруце, калі ласка; не крыўдуце.

Паляцеў старэйшы брат, а Шпачок словы ветлівасці ўсе-ўсе вывучыў, да адзінага, так, як было напісана.

Выйшаў на двор, Варону сустрэў.

- Добра раніцы, цётка Варона, - прывітаўся.

Зірнула на яго Варона, адвярнулася і ў лес падалася. Здзівіўся Шпачок: чаму яна яму не адказала?

Крыху пастаяў ён і далей пайшоў. Бачыць: Сініца ляціць.

- Куды ляціш, Сінічка? - пацікавіўся.

- Да сябровак, - апусціўшыся на зямлю, адказала Сініца.

- Да скора сустрэчы. Усяго налепшага, - пажадаў Шпачок.

Здзіўлена зірнула на яго Сініца, галавой пакруціла і далей паляцела.

      "Нібы на дзівака, глядзяць яны на мяне", - падумаў Шпачок і далей паскакаў. А насустрач Верабей цягнецца, кульгае.

- Дзядзька Верабей, вам лапка баліць? - вырашыў паспачуваць Шпачок.

- Яшчэ як баліць! - уздыхнуў Верабей. - У бальніцу іду. У бальніцы мне лапку абавязкова вылечаць.

- Скора папраўкі, - пажадаў Шпачок.

А Верабей чамусьці злосна буркнуў:

- Знайшоўся суцяшальнік!

- Не крыўдуце, - збянтэжыўся Шпачок.

- Смяешся? - натапырыў пер'е Верабей.

- Даруце, калі ласка, - ледзь чутна прамовіў Шпачок.

Верабей штосьці буркнуў у адказ і як мага хутчэй паклыпаў па сцяжынцы.

Разгубіўся Шпачок, не ведае, чаму не разумеюць птушкі яго слоў ветлівасці.

 Можа, вы яму падкажаце?

( У ветлівых словах, формулах ветлівасці,  Шпачок прапусціў літару й.)

Думаецца, што вы сёння будзеце правільна ўжываць формулы ветлівасці, бо нават самая маленькая памылка можа пакрыўдзіць вашага сябра альбо выклікаць у яго смех.

А ветлівых слоў багата, шмат. Пазнаёмцеся, калі ласка, з нашай слоўнікавай скарбонкай.

Сустрэча з "чароўнымі" словамі.

                                              СЛОЎНІКАВАЯ СКАРБОНКА

Словы ветлівасці: прывітанні і развітанні.

Добрай раніцы!

Добры дзень! ці Дзень добры!

Прывітанне!

Добры вечар!

Дабранач!

Прыходзьце да нас часцей!

Дзякуй за ўсё!

Як жывяце?

Як здароўе?

Як сябе адчуваеце?

Усяго добрага!

Бывайце здаровы ці Заставайцеся здаровы!

Шчасліва!

Будзем вас чакаць!

Словы ветлівасці: звароты.

Калі ласка

Дзядзька

Дзеці, дзіця, дзіцянё(я)

Хлопчык, хлапец

Дзяўчынка, дзяўчына

Бацькі

Маці, матуля

Бацька, тата

Дачка, дачушка

Сын, сыночак

Браток, братка

Сябар, сяброўка

Будзьце ласкавы!

Шаноўная, шаноўны

Цётка

Брат, сястра

Муж, мужык, жонка

Мачаха, мачыха

Айчым

Мужчына, жанчына

Сусед, суседка

Словы ветлівасці: прабачэнні.

Даруйце, калі ласка!

Прабачце! Выбачайце!

Не крыўдуйце!

Прабачце, калі што не так!

Словы ветлівасці: у адносінах да чалавека, які просіць у вас прабачэння.

Усё ў парадку

Не турбуйцеся, калі ласка

Забудзьцеся аб гэтым

Не звяртайце ўвагі

Няма праблем

Нічога не здарылася

Гутарка.

-- Паслухайце размову дзеда Міхася з унукам Змітраком.

Прыбег да дзеда Міхася ўнук Змітрок і пахваліўся:

-- Дзядуля, я часта ад сяброў чую ветлівыя словы.

-- Якія ветлівыя словы кажуць табе сябры? – пацікавіўся дзед Міхась.

Змітрок выцягнуўся, як лазінка, і выпаліў:

-- Калі ласка, дзякуй, добры дзень!

Шырокаю шурпатаю далонню дзед Міхась пагладзіў на галаве непадатлівы ўнукаў віхор і ўсміхнуўся.

-- Прыгожыя словы кажуць табе сябры.

-- Я лічу, што з ветлівымі словамі трэба сябраваць, -- прамовіў Змітрок.

-- Трэба, -- паўтарыў дзед Міхась і, крыху падумаўшы, дадаў: -- Яны не раз дапамогуць табе ў жыцці.

Як ветлівыя словы могуць дапамагчы ў жыцці?

(Аснова чалавечых узаемаадносін -- гэта павага адзін да аднаго. Грубае, пагардлівае, здзеклівае слова можа не проста пакрыўдзіць, а глыбока параніць душу чалавека. І наадварот, добрае, спагадлівае слова чалавека суцяшае, здымае боль, робіць яго лепшым.)

У слове "лёгка" напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару патрэбна пісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Лёгенька.)

Якое правіла вы прымянілі?

Патлумачце прыказкі.

Прыемнае слова – вясенні дзень. Рана загоіцца, а злое слова ніколі [1, с. 179, 180, “Беларускія прыказкі”].       

Самастойная праца ў спалучэнні са слоўнікавай працай.

Прачытайце тэкст. Назавіце словы ветлівасці. Да якой групы слоў ветлівасці (глядзіце "Слоўнікавую скарбонку") іх можна аднесці? Запішыце тэкст.

-- Скажы мне, дружа, дзе жывуць буслы? – пытаецца дзядзька Міхась у першакласніка Алеся.

-- А вы хіба не ведаеце? – здзіўляецца Алесь.

Дзядзька Міхась знімае з галавы капялюш і ледзь прыкметна ўсміхаецца.

-- Не ведаю, шаноўны.

-- Вы хочаце, каб я сказаў вам?

-- Калі ласка, галубок.

-- Буслы жывуць у небе, -- паведамляе Алесь (Аляксей Якімовіч) [3, с. 113, “Каб мама ўсміхалася”].       

Выберыце патрэбны адпаведнік слова "капялюш":

а) парык; б) шляпа.

У якім значэнні можа ўжывацца слова "капелюшок"? (У зневажальным.)

Ці можа ўжывацца слова "капялюш", калі гаворка ідзе аб грыбах?

Пры напісанні слова "капялюш" у якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна? Чаму?

Растлумачце правапіс літары я ў слове "капялюш".

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Капялюш -- слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і выдзеліце літару я.

Складанне сказаў "Ветлівыя словы раніцай".

Раніцай вы прыйшлі ў школу. Каго тут сустрэлі? Як з імі павіталіся, што адказалі? Выкарыстаўшы формулы ветлівасці, пабудуйце адпаведныя пабуджальныя сказы.

Словы для даведкі: добрай раніцы, вітаю вас, прывітанне.

Праца з дэфармаваным тэкстам.

Устаўце прапушчаныя словы ветлівасці.

 

                                                            Гутарка

- ... . (Прабачце.) Я не расслухаў вас.

- .., (Не хвалюйся,) хлопчык. Ты не вінаваты. Вецер аднёс твой голас убок.

- Вы можаце сказаць, як называецца гэта вуліца?

- Канешне! Гэта вуліца Янкі Купалы.

- … . (Вялікі дзякуй вам.)

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Выправіце памылкі.

“Дзякую”, -- падзякавала сяброўцы шэранькая мышка і схавалася ў горку. (Дзякуй, норку.)

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце і назавіце патрэбнае слова.

                                                   Дзень добры, сад!

                                                   Дзень добры, хата!

                                                   Няхай заўсёды

                                                   Тут будзе … (свята).

                                                              Аляксей Якімовіч.

Ці ёсць у вершаваным тэксце пабуджальныя сказы?

З якімі словамі ветлівасці вы маглі б звярнуцца да старэйшага чалавека? (Калі ласка, будзьце добрыя.)

Фізкультхвілінка.

Заплюшчыце вочы і ўявіце сабе прыгожы сад, у якім спяюць, пераклікаюцца птушкі. Прывітайце іх, памахаўшы рукою.

Хвілінка кемлівасці.

Складзіце пабуджальны сказ, у якім ёсць слова з выбарам напісання раздзяляльных знакаў.

Узор. Зрабіце ласку, пазнаёмцеся з маёй сям(', ь)ёй.

Праца з тэкстам.

Карыстаючыся планам, складзіце і раскажыце казку “Індык у гасцях”.

 

                                                        Індык у гасцях

План

1. Певень запрасіў Індыка на абед.

2. Багаты стол у садзе.

3. Прыйшоў і нават “добры дзень” не сказаў.

4. Усё паеў і папракнуў, што не было рысавых зярнятак.

5. Пайшоў надзьмуты.

6. Што падумаў Певень пра Індыка?

Дыялог "Ветлівыя словы ў сталовай".

Н а с т а ў н і к. Вы прыйшлі ў сталовую. Пажадайце адзін аднаму "Смачна есці", падзякуйце адзін аднаму за пажаданне, падзякуйце повару за прыгатаваную ежу. Выкарыстаўшы формулы ветлівасці, пабудуйце адпаведныя пабуджальныя сказы.

Словы для даведкі: смачна есці, прыемнага апетыту, дзякуй вам.

Гутарка.

Паслухайце два абразкі.

1. - Алеська, будзь добрая: дапамажы мне паліць вазоны.

- Прабач, мамачка! Не магу! Рука баліць!

 

2. - Насцечка, дапамажы мне, калі ласка, прыбраць у пакоі.

- Зараз дапамагу. Я люблю прыбіраць у пакоі. Мне нават падабаецца, як уключаны пыласос гудзіць.

Што вы можаце сказаць пра гэтых дзяўчынак?

Складанне сказаў.

Выкарыстаўшы формулы ветлівасці, складзіце пабуджальныя сказы на тэму "Мама (тата) просяць мяне дапамагчы..."

Рэдагаванне тэксту.

Ці памятаеце вы пра ветлівасць, калі гаворыце па тэлефоне? Паслухайце пачаткі тэлефонных размоў, сведкам якіх я быў неаднойчы. Вызначце, як можна і як нельга пачынаць гаворку па тэлефоне. Растлумачце,  чаму.

- Вітаю! Што ты сёння робіш?

- Добры дзень! Гэта Алеся. Ваша Вольга дома? Запрасіце, калі ласка, яе да тэлефона.

- Гэй, Міхась!..  Пазнаў мяне?.. Што нам задалі на дом па беларускай мове?.. Не сапі, кажы хутчэй!

- Насця дома ці не?

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а ціўканне куранятак – ціў, ціў, ціў—перадасце вы.

                                              Кураняткі вымаўляюць:

                                              -- Ціў, ціў, ціў…

                                              Іх нядаўна дожджык

                                              Крыху памачыў.

                                                              Аляксей Якімовіч.

Назавіце слова з памяншальна-ласкальным значэннем. Ці можна ўжываць словы з памяншальна-ласкальным значэннем ў якасці формулы ветлівасці? Як вы лічыце?

Складанне сказаў.

Прачытайце апісанні розных абставін, у якіх вы можаце апынуцца.

1. Вы купляеце ў магазіне механічную цацку і хочаце паглядзець, як яна працуе. 2. Вы зачапіліся за нешта вострае, і цяпер у вас у кофце дзірка, якую можа зашыць толькі мама. 3. Надышоў час гуляць з сабакам. Гэта ваш абавязак, але па тэлевізары паказваюць ваш любімы мультфільм.

Як ветліва папрасіць аб дапамозе ў такіх абставінах? Складзіце пабуджальныя сказы і запішыце іх.

Праца з вершам.

Устаўце патрэбныя словы ветлівасці.

Жучок раненька устаў,

                                               Сваю маму прывітаў.

                                               Усміхнуўся, пацягнуўся.

                                               -- (Добрай раніцы!) – сказаў.

                                                                   Аляксей Якімовіч.

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

 

                                                           - Ну, Ігнат, глядзі, брат,

                                                           Не дур(э, е)й, вучыся.

                                                           Годзе жыць без дзела --

                                                           За буквар ваз(ь)міся!

 

                                                           Будзь стара(н, нн)ым, сынку, --

                                                           Станеш чалавекам,

                                                           Будзеш ты чыта(ц, т)ь нам,

                                                           Цёмнікам, няўмекам...

 

                                                           На казанне бацькі

                                                           Адказаў Ігнатка:

                                                           - Буду я вучы(ц, цц)а,

                                                           Як ты кажаш, татка! [2, с. 20 -- 22, “У школку”].

Ці ёсць у гэтым вершы формулы ветлівасці? Якую ролю выконваюць тут словы “сынку”, “татка”?

Раскрыйце сэнс слоўдурэй” (сваволь),цёмнік”, “няўмека” (неадукаваны, які не ўмее чытаць), “казанне” (павучанне).

Тэст.

Знакам "+" адзначце словы ветлівасці (прывітанні).

1. Добрай раніцы.

2. Дабранач.

 3. Як жывяце?

4. Дзень добры.

5. Будзем вас чакаць!

Знакам "+" адзначце словы ветлівасці (звароты).

1. Сяброўка.

2. Шчасліва!

3. Дзядзька.

4. Усяго добрага.

5. Цётачка.

Знакам "+" адзначце словы ветлівасці (прабачэнні).    

1. Прабачце, калі што не так!

2. Поспехаў вам!

3. Прабачце.

4. Сыночак.

5. Не звяртайце ўвагі.

Знакам + адзначце пабуджальныя сказы са словамі ветлівасці.

1. Падайце, калі ласка, мой дзённік.

2. Шаноўны Іван Мікалаевіч! Віншуем Вас з днём нараджэння!

3. Заўтра, сябры, пойдзем на экскурсію.                                       

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Чаму трэба ўмець весці размову?

Успомніце і назавіце ветлівыя словы:

а) прывітанні і развітанні;

б) звароты;

в) прабачэнні.

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

2.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

3. Якімовіч, Аляксей. Каб мама ўсміхалася : апавяданні, казкі, смяшынкі / А. М. Якімовіч. – Мінск : Нар. асвета, 2010. – 120 с.

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 20 (2017 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.