Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 4 класе. НАЗОЎНІК ЯК ЧАСЦІНА МОВЫ

 

Творчы ўрок у 4 класе. НАЗОЎНІК ЯК ЧАСЦІНА МОВЫ

 

Мэты: пазнаёміць з назоўнікам як  часцінай мовы; выпрацоўваць уменні і навыкі распазнаваць у тэксце назоўнікі; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; выхоўваць у іх цікавасць да беларускай мовы; абудзіць жаданне дапамагаць птушкам у зімовы час.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

                                                          Дзень, світанне,

                                                          Сябар, бровы.

                                                          Любім, вымаўляем

                                                          Нашай мовы словы.

                                                                    Аляксей Якімовіч.

Якія беларускія словы вы ведаеце? Назавіце іх.

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Прачытайце прыказкі, якія запісаны на дошцы. Назавіце знаёмыя часціны мовы.

Зіма (наз.) на (прын.) лета (наз.) працуе (дзеясл.), а лета (наз.) на (прын.) зіму (наз.).

Зіма (наз.) снежная (прым.) – лета (наз.) дажджлівае (прым.) [1, с. 219, “Беларускія прыказкі Я. Рапановіча”].

4. Чыстапісанне.

Яшчэ раз прачытайце прыказкі, запісаныя на дошцы.

Зіма на лета працуе, а лета на зіму.

Зіма снежная – лета дажджлівае [1, с. 219, “Беларускія прыказкі Я. Рапановіча”].

Як вы разумееце сэнс гэтых прыказак?

З якой літары пачынаюцца першыя словы прыказак? (З літары з.)

Сёння на хвілінцы чыстапісання будзем пісаць літару, якая складае пару з літарай з. Якая гэта літара? (Гэта літара с.)

Паглядзіце ўважліва на ланцужок. Што ў ім адбываецца? (Малая літара с павялічваецца на адну.)

   Сс   Ссс   Сссс

Пішыце далей, захоўваючы гэту паслядоўнасць.

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Сёння мы сустрэнемся з часцінай мовы, якая часта ўжываецца ў нашай мове.  Знаёмцеся: назоўнік!

Назоўнікам таксама зацікавіліся героі казкі Сарока і Шпачок. Паслухайце іх, калі ласка.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Сядзіць за сталом Шпачок і старанна выводзіць літары. Літары ў словы складваюцца, а словы – у сказы.

-- Раптам з лесу данеслася гаворка, -- старанна піша ён на белым аркушы паперы.

Побач на дубовым крэсле сядзіць Сарока, назірае.

-- Размова мяне зацікавіла, -- напісаў Шпачок і ўсміхнуўся. – Сарока-белабока, а ў гэтых сказах ёсць блізкія па значэнні словы. Ты не магла б іх назваць?

Сарока зірнула на белы аркуш.

-- Чаму ж не! Гаворкаразмова.

-- Гаворка размова!у задуменні прамовіў Шпачок і нечакана ўсклікнуў: -- А гэтыя словы, як мне здаецца, адказваюць на пытанне што?.

Узнаўленне ўбачанага і пачутага.

Ці згодны вы са Шпачком?

На якое пытанне адказваюць словы гаворка, размова?

Як называецца часціна мовы, якая абазначае прадметы і адказвае на пытанні хто? што?

Праца са сказамі.

Устаўце ў сказы патрэбныя словы.

Назоўнікі, якія абазначаюць людзей, птушак, жывёл, адказваюць на пытанне …

Назоўнікі, якія абазначаюць прадукты харчавання, адзенне, пачуцці, з’явы прыроды, рэчы, расліны  і іншыя прадметы, адказваюць на пытаннне …

Праца з тэкстам.

Прачытайце. Знайдзіце назоўнікі. Пастаўце да іх пытанне хто? або што?.

Наляцеў халодны вецер, жорсткімі крупамі сыпануў у твар. Васілёк на імгненне заплюшчыў вочы. Можа, вярнуцца ў Залессе і там бацьку пачакаць? Ён на трактары прыедзе, забярэ іх. Але ж калі гэта будзе? У разгары працоўны дзень.

Васілёк расплюшчыў вочы. Побач стаіць сястрычка (А. Якімовіч “Сем гісторый пра Воўка і Вожыка”, апавяданне “Снежны туман”)  [4, с. 4, “Сем гісторый…”].

Дайце назву тэксту. Вызначце яго асноўную думку.

У слове “працоўны” пішам ў. А як чытаем? ([ ў] чытаецца хутка, не працяжна.)

Граматычная праца з арфаграфічнай задачай.

Уставіўшы прапушчаныя літары, напішыце спалучэнні слоў у такім парадку, каб назоўнікі адказвалі на пытанні: 1) хто? 2) што?

Дарыць кветкі, зач..ніць  дзверы, злавіць шч..пака, убачыць дзядулю,  любіць пр..роду, выпіць вады, падмесці  падлогу, узяць аловак, паведаміць с..стры.

Рэдагаванне тэксту.

Запішыце. Замест пытанняў устаўце назоўнікі.

                                        Сёння з (з кім?) .. працавалі,

                                        Разам (што?) .. пілавалі.

                                        А з (з кім?) .. гулялі

                                        І (каго?) .. ганялі.

                                                                      Аляксей Якімовіч.                            

Словы для даведкі: дровы, братам; камарыкаў, сястрычкаю.

Выразнае чытанне.

Паслухайце верш.

                                                Дзве дзяўчыны ля рабіны

                                                Рвалі з кусцікаў маліны.

                                                Ім Пушок дапамагаў,

                                                Белым хвосцікам віляў.

                                                                   Аляксей Якімовіч.

А ці бачылі вы маліны? Як яны выглядаюць? Калі паспяваюць?

Ці заўважылі вы ў вершаваным тэксце назоўнікі? Назавіце іх.

А цяпер разаб'ёмся на два рады і прачытаем верш разам. Адзін рад скажа за мною: "Дзве дзяўчыны ля рабіны". Другі рад паўторыць за мною (а першы памаўчыць): “Рвалі з кусцікаў маліны". І гэтак далей, да канца.

Гульня "Сказы-жартаўнікі".

Выпраўце памылкі, запішыце сказы правільна. Назавіце назоўнікі. Як вы іх распазналі ў сказах?

У Чорным моры мы налавілі шмат марской рыбы. Летам часта ідуць цёплыя летнія дажджы. (Лішнія словы: марской, летнія.)

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце і назавіце патрэбнае слова.

Каля нашай хаты

                                                       Вішня падрастае.

                                                       Мой малодшы брацік

                                                       Яе … (даглядае).

                                                                Аляксей Якімовіч.

Выпішыце з тэксту ў два радкі назоўнікі.

Узор. Ён: агонь, ...;

яна: сасна, ... .

Прыдумайце і запішыце ў трэці радок чатыры назоўнікі.

Узор. Яно: акно, ... .

Праца са словам.

Прачытайце верш.

                                                    Сонейка з-за хмарак

                                                    Выйшла пагуляць.

                                                    На траве расінкі

                                                    Ззяюць, зіхацяць.

                                                                           Аляксей Якімовіч.         

Вы сцвярджаеце, што ў тэксце назоўнікамі з’яўляюцца словы … . Абгрунтуйце сваё сцвярджэнне.

Падбярыце да гэтых назоўнікаў прыметнікі і запішыце іх.

Назавіце ў тэксце сінонімы. (Ззяюць, зіхацяць.)

Падбярыце сінонім да слова “выйшла”(З’явілася.)

Фізкультхвілінка.

Н а с т а ў н і к. Я буду чытаць вам сцвярджэнні, якія могуць быць правільнымі ці памылковымі. Калі вы згодны са сказаным, папляскайце ў далоні, калі не – прысядзьце.

1. У слове "льецца" пасля л пішам апостраф. (Вучні прысядаюць.)

2. У слове "шампіньён” пасля н пішам апостраф. (Вучні прысядаюць.)

3. У слове "паштальён” пасля л пішам раздзяляльны мяккі знак. (Вучні пляскаюць у далоні.)

Чытанне  працягу казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Паслухайце працяг нашай казкі.

Сядзяць на крэслах Сарока і Шпачок, няспешна вядуць размову.

-- Я ўсё-ткі крыху заблытаўся, -- сказаў Шпачок, -- добра не ведаю, як адрозніць назоўнік ад іншай часціны мовы, якая, як і назоўнік, можа адказваць на пытанне куды?. Напрыклад: ляцець (куды?) у лес, (куды?) наперад.

-- Да назоўнікаў можна паставіць два пытанні, -- адказала Сарока і прапанавала Шпачку: -- Паспрабуй паставіць два пытанні да назоўніка, які ўжываецца ў спалучэнні слоў “ляцець у лес”.

-- Куды? у што? -- паставіў два пытанні да назоўніка Шпачок і прыязна ўсміхнуўся сяброўцы.

Праца з дэфармаваным тэкстам.

Спішыце, апускаючы дужкі і ставячы прапушчаныя літары. Як вы распазналі ў тэксце назоўнікі?

Вызначыце род назоўнікаў.

                                                       (У) лесе вавёрка

                                                       Ар..шкі збірала.

                                                       Ар..шкі (ў)дупле.

                                                       Над..ейна схавала.

                                                                 Аляксей Якімовіч.

Гульня "Грамацейкі".

На дошцы вісіць аркуш паперы, на якім напісаны тры радкі слоў. Настаўнік называе словы па чарзе. Вучні паказваюць картку з назвай гэтай часціны мовы.

Радасць, радавацца, радасны.

Сум, сумны, сумаваць.

Ноч, начны, начаваць.

Як вы здагадаліся, што гэта розныя часціны мовы? (Па граматычных пытаннях.)

Самастойная праца.

Прачытайце спалучэнні слоў.  Замяніце іх, як прапаноўвае ўзор.

 Узор. Паварочваць асцярожна --  паварочваць з асцярожнасцю.

Згаджацца ахвотна -- згаджацца ... , сказаць шчыра – сказаць ... , прамовіць ласкава – прамовіць ..., сустрэць з радасцю – сустрэць ... , азірацца трывожна – азірацца ... .

Праца з практыкаваннем.

Знайдзіце сярод гэтых слоў назоўнікі. Якія з іх адказваюць на пытанне што?

Ніз, дзяцел, птушка, унізе, партрэт,  тэлевізар, дарослы, уверсе, кніга, сшытак, расце, верх.

Падбярыце антонім да слова “ўнізе”. (Уверсе.)

Падбярыце аднакаранёвыя словы да прыслоўяў унізе, уверсе.

Пры напісанні слоў “унізе”, “уверсе” ў якім месцы вас падсцерагае Памылка Памылкаўна? Чаму?

Перакладзіце на рускую мову словы "унізе", "уверсе". Параўнайце гучанне і напісанне.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Уверсе, унізе -- слоўнікавыя словы. Запішыце іх у слоўнік і выдзеліце прыстаўкі.

Хвілінка кемлівасці.

Складзіце сказ, у якім ёсць словы з разыходжаннем напісання і вымаўлення.

Узор. Мама хуценька дастала з шафы мой новы спартыўны касцюм. (Пішам  з шафы-- вымаўляем [ш шафы].)

Дакажыце, што слова “шафа” з’яўляецца назоўнікам.

Праца з вершаваным тэкстам.

Прачытайце.

                                                      Ў агародзе агуркі,

                                                      А на полі грэчка.

                                                      На вуліцы людзі,

                                                      На лузе авечка.

                                                      Плыве ў небе хмарка,

                                                      Зараз дождж пальецца.

                                                      Над яблыняй вецер

                                                      Хутка пранясецца.

                                                      Зелянее траўка,

                                                      Лашчыць наша вока.

                                                      Над хатаю буслік

                                                      Узняўся высока.

                                                      Вару я варэнне,

                                                      Хлеб купляю ў краме.

                                                      Я дапамагаю

                                                      Бабулі і маме.

                                                      Добрая адзнака

                                                      Радасць прыбаўляе.

                                                      Душу цеплынёю

                                                      Яна напаўняе.

                                                              Аляксей Якімовіч.

Выпішыце асобнымі групамі назоўнікі, якія абазначаюць птушак, розныя прадметы, будынкі, дрэвы, з'явы прыроды, прадукты харчавання, пачуцці, адчуванні і іншае. Пры неабходнасці кожную групу дапоўніце сваімі словамі і скажыце, якія з іх адказваюць на пытанне хто?, а якія -- на пытанне што?

Узор. Грыбы -- баравік, лісічка, масляк (што?).

Гульня "Хто больш".

Адкажыце на пытанні, выкарыстаўшы як мага больш назоўнікаў.

-- Якія гарады вы ведаеце?

-- Якія расліны вы ведаеце?

-- Якія прадукты харчавання вы ведаеце?

-- Якія прадметы адзення вы ведаеце?

-- Якіх дзікіх жывёл вы ведаеце?

Перакладчыкі.

Перакладзіце тэкст на беларускую мову.  Над назоўнікамі пастаўце літару н.

После дождей опять пошли грибы.

Самый лучший гриб – это белый, который вырос в бору.

Белые грибы – боровики – толстенькие, плотные крепыши. Шляпки у них тёмно-каштановые. И пахнет от них как-то особенно приятно (В. Бианки «Лесная газета», рассказ «Съедобные грибы», стар. 223) [2, с. 223, «Лесная газета»].

Слоўнік: плотный – моцны, дзябёлы, цвёрды, тугі, шчыльны; крепыш – мацак, здаравяка; шляпка -- капялюшык.

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а слова – тук-тук-тук  – потым прамовіце і вы.

Малаточкам тук-тук-тук…

                                               Вы пачулі Ясеў стук?

                                               Тук-тук-тук,

                                               Тук-тук-тук…

                                                     Аляксей Якімовіч.

Пастаўце пытанне да назоўніка малаточкам.  Што ён абазначае?

Цяпер прамовім разам, пакажам, як стукае малаточак: “Ту-тук-тук, тук-тук-тук…”

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                           Кажа дзеду баба:

                                                           -- Дзеду, з хлебам слаба --

                                                           Е(ц, дз)ь у млын ты, дзедка! --

                                                           Млын не страшан дзеду:

                                                           -- Трэба, дык паеду,

                                                           Бабка, мая кветка!

                                                           Дык гатуй сняда(н, нн)е --

                                                           Менш завозу зра(н, нн)я,

                                                           Справа, бач, такая. --

                                                           Паліць баба ў печы,

                                                           А дзед грэе плечы,

                                                           Снеда(н, нн)я чакае [3, с. 168, “Раніца ў нядзельку”, казка “Дзед і мядзведзь”].

Растлумачце сэнс выразаў “з хлебам слаба”, “бабка, мая кветка”, “менш завозу” (завоз -- чарга ў млыне). Якімі выразамі іх можна замяніць? ( Мала хлеба; бабка, мая прыгажуня; менш вазоў, меншая чарга.)

Растлумачце значэнне слоў “млын” (месца, дзе мелюць муку), “сняданне”. Пастаўце да іх пытанні.

У слове “бабка” напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару патрэбна пісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Бабулька.)

Якое правіла вы прымянілі?

Тэст.

У кожным радзе адзначце "лішняе" слова.

1. Газета, часопіс, кніга, дрэва, бабуля. (Бабуля, бо адказвае на пытанне хто?)

2. Вучань, настаўнік, брат, вяселле, садавод. (Вяселле, бо адказвае на пытанне што?)

7. Падвядзенне вынікаў урока.

На ўроку Міколка выканаў практыкаванне, праверыў і хацеў здаць сшытак, але Ніна спыніла яго.

-- Пачакай, -- прашаптала яна. – Ты не падабраў сінонім да слова “хата”.

На якое пытанне адказвае слова “хата”? (Што?)

Якой часцінай мовы яно з'яўляецца? (Назоўнікам.)

Што абазначае назоўнік?

Якія пытанні можна паставіць да назоўнікаў?

Падбярыце сінонім да слова “хата”. (Дом.)

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

2. Бианки, В. Лесная газета : / Виталий Бианки. – Минск : Юнацтва, 1997. – 589 с.

3.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

4. Аляксей Якімовіч. Сем гісторый пра Воўка і Вожыка : апавяданні і казкі  / А. М. Якімовіч. – Мінск : Пачатковая школа, 2016. – 58 с.                                                                               

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 22 (2017 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.