Поиск по этому блогу

Уяўленні. Калі чую словы “джала”, “елка”

 

Калі чую словы “джала”, “елка”

 

Уяўленні, якія ўзнікаюць у мяне, калі чую слова “джала”.

У дзяцінстве мама, я і мой старэйшы брат Аляксандар летам часта хадзілі ў лес збіраць чарніцы. Іх у нас называлі чорнымі ягадамі. Звычайна ў лес адпраўляліся некалькі жанчын разам з дзецьмі, якія жылі па суседству.

Не раз і не два мы збіралі чорныя ягады ва ўрочышчы, якое называлася За рэчкай. Чаму так? У той лясной мясціне працякала вузенькая рачулка, падобная на ручай. За ёю, перайшоўшы па кладцы, зробленай з бярвенняў, мы звычайна і збіралі ягады. Акрамя чарніцаў, За рэчкай было шмат вужоў. Часам сустракаліся і гадзюкі. Таму мама прасіла нас, каб уважліва глядзелі пад ногі.

Праўда, некаторыя з паўзуноў папярэджвалі: прыўзнімаліся і з пагрозаю сыкалі, высоўваючы джала, што выклікала трывогу, неспакой. Засталося ў памяці, захавалася.

А якія ўяўленні ўзнікаюць у вас, калі чуеце слова “джала”?

Вершаваная трэніроўка.

Замест кропак падбярыце (устаўце) патрэбныя словы з сямі літар.

Падказкі.

Першае слова з сямі літар: дзеяслоў у форме прошлага часу жаночага роду.

Другое слова з сямі літар: дзеяслоў у форме прошлага часу, да якога можна падабраць аднакарэннае слова “класці”.

                                                        Слова “джала”

                                                        Рыфмуецца са словам з..,

                                                        Яму сугучна і слова п.. .

 

Уяўленні, якія ўзнікаюць у мяне, калі чую слова “елка”.

Маё сталенне, маё незабыўнае дзяцінства.

Набліжаўся Новы год. Я папрасіў бацькоў, каб адпусцілі мяне ў лес: вырашыў прынесці дамоў прыгожую елку. Яны дазволілі, але папярэдзілі, каб далёка, у самы гушчар, не заходзіў.

Зіма выдалася снежная, марозная. Па лёдзе перайшоў праз раку Шчару. Лес быў непадалёку, кіламетры два ад Шчары. Але па глыбокім снезе ісці нялёгка. Ногі правальваліся, коўзаліся ў снежным покрыве.

Лес, таемны і ўрачысты, накрыты белымі снежнымі шапкамі, ужо побач. Зялёныя елачкі купінкамі і паасобку паразбягаліся па ўсім урочышчы. Мне, канешне, хацелася выбраць, высечы самую прыгожую, каб парадаваць бацькоў, пачуць ад іх пахвалу і ўпрыгожыць нашу хату на навагодняе свята.  

Нарэшце я высек не адну, а дзве елкі, каб блізкія, родныя мне людзі маглі выбраць прыгажэйшую. Вядома, адразу дзве нясці было цяжка. Таму спачатку нёс адну; прайшоўшы колькі метраў, пакідаў яе  на бязлюдным белым лузе, а потым вяртаўся за другою, якая ляжала, чакала мяне.

Успацеў, стаміўся, але данёс дамоў дзве высечаныя елачкі і паклаў на падворку. З хаты выйшлі маці і бацька, прыўзняўшы, агледзелі елкі з усіх бакоў і пахвалілі мяне, сказалі, што прынёс прыгожыя. Я з палёгкаю ўздыхнуў і ўсміхнуўся. У гэты марозны дзень адчуў, што самастойна магу зрабіць нешта важнае.

А якія ўяўленні ўзнікаюць у вас, калі чуеце слова “елка”?

Вершаваная трэніроўка.

Замест кропак падбярыце (устаўце) патрэбныя словы з адзінаццаці і шасці літар.

Падказкі.

Слова з адзінаццаці літар: назоўнік, да якога можна падабраць аднакарэннае слова “стрэл”.

Слова з шасці літар: назоўнік, да якога можна падабраць аднакарэннае слова “нагрэць”.

                                                        Слова “елка”

                                                        Рыфмуецца са словам п..,

                                                        Яму сугучна і слова г.. .

 

Для даведкі (выкарыстоўвайце толькі для кантролю патрэбныя словы, напісаныя наадварот): аларібз, алалкап; аклэртсареп, аклэрг.

                                                                         Распрацаваў Аляксей Якімовіч