Поиск по этому блогу

Аповесці-казкі ''Прыгоды Дыназаўрыка'

Я каля будынка Дзеравянчыцкай школы
 Дзядзька Васіль з жонкай Ліляй і сынамі Вовам (злева) і Сашам (справа)




                                                                                                     

                                                                                                       Аляксей Якімовіч
















ПРЫГОДЫ ДЫНАЗАЎРЫКА
Аповесці-казкі


У кнігу ўвайшлі дзве вострасюжэтныя аповесці-казкі: "Прыгоды Дыназаўрыка і яго сяброў" і "Ведзьма і Дыназаўрык". Іх галоўны герой -- добры, спагадлівы і смелы Дыназаўрык. Разам са сваімі сябрамі ён змагаецца са злом, адстойвае сваю годнасць. Падзеі ў творах развіваюцца імкліва, да самага канца трымаюць у напружанні чытача.
Як вядома, самая цікавая дзіцячая кніга заўсёды тая, у якой ёсць не толькі што пачытаць, але і паглядзець. І ў гэтай кнізе шмат малюнкаў, па-майстэрску выкананых мастаком.
Для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.
Дапрацавана аўтарам у 2019 годзе. Друкаваць у гэтым варыянце.























ПРЫГОДЫ ДЫНАЗАЎРЫКА І ЯГО СЯБРОЎ
Аповесць-казка

Як Дыназаўрык і Круглячок трапілі ў магазін "Цацкі"

На лясной паляне стаяў магазін "Цацкі". З вітрыны гэтага магазіна на паляну сумна пазіраў цацачны Дыназаўрык. Каля яго прымасціўся мядзведзік Круглячок. Як і Дыназаўрык, ён быў тоўсты, непрыгожы. Калісьці гэткімі непрыгожымі Дыназаўрыка і Круглячка зрабілі на цацачнай фабрыцы і прывезлі сюды, у магазін. Убачыўшы іх, незадаволена скрывіўся гандляр Аблавушка.
-- Дыназаўрыка і мядзведзіка не вазьму, -- заявіў ён прадстаўніку цацачнай фабрыкі.
-- Дык што? На сметнік іх выкінуць? -- разгубіўся прадстаўнік фабрыкі.
-- Можаш выкінуць, -- ухмыльнуўся гандляр.
Дыназаўрык і Круглячок ніколі не бачылі сметніка, не ведалі, што гэта такое, але адчулі, што там, на сметніку, нядобра. Яны спахмурнелі і цяжка ўздыхнулі.
Прадстаўнік фабрыкі пачуў гэты ўздых і быццам прачнуўся.
-- За капейкі  іх аддам! -- усклікнуў.
Аблавушка паморшчыў лоб, пачухаў патыліцу і сказаў:
-- За капейкі вазьму.
Вось так Дыназаўрык і Круглячок (яго Дыназаўрык назваў Круглячком)  апынуліся ў вітрыне магазіна "Цацкі". Ім вельмі хацелася, каб хто-небудзь з лясных звяроў купіў іх і падарыў сваім маленькім дзеткам. Цацкам хацелася жыць не ў бліскучай вітрыне, а ў прасторным утульным доме, дзе на вокнах вісяць чыстыя белыя цюлі і пануюць ласка і спакой.
А ў вітрыне было душна і горача. З самай раніцы летняе сонца пускала ў іх свае прамяні-стрэлы і бязлітасна пякло, быццам старалася знішчыць. Дыназаўрык і Круглячок прасілі сонца, каб не джаліла распаленымі стрэламі. Але сонца не чула Дыназаўрыка і Круглячка, заўзята смаліла, забыўшыся пра адпачынак. І тады сябры звярталіся да хмарак, каб тыя ім дапамаглі. Разам прасілі:
Хмаркі, хмаркі, прыплывіце,
                                               Нас ад сонца затуліце.
Хмаркі шкадавалі Дыназаўрыка і Круглячка, часта прыходзілі на дапамогу. Яны наплывалі на неба і затулялі сонца. А яно старалася ўцячы ад хмарак.
-- Ух!.. Ух!.. -- тады пагрозліва грукатаў дзядзька гром.
-- Усё! Здаюся! -- ціха вымаўляла сонца і выцірала спацелы лоб.
-- Ух, ух, ух!.. Ух, ух, ух!.. -- задаволены, рагатаў гром.
На зямлю падалі першыя важкія кроплі дажджу. Аблавушка (ён звычайна драмаў на лаўцы, якая стаяла каля магазіна) адчыняў дзверы і загадваў Дыназаўрыку і Круглячку:
-- Марш у магазін, неслухі!
Гандляр вельмі баяўся, што кроплі дажджу папсуюць Дыназаўрыка і Круглячка і яны стануць зусім непрыгожыя.
-- Чаму ён абзывае нас неслухамі? -- пытаўся ў Дыназаўрыка Круглячок. -- Мы ж стаім у вітрыне, як салдаты на варце, нават вокам баімся маргнуць.
-- Мабыць, настрою ў яго няма, -- адказваў Дыназаўрык і, саскочыўшы з вітрыны, бег у магазін.
-- Мабыць! -- нявесела паўтараў Круглячок і стараўся не адстаць ад сябра. Ад доўгага стаяння лапы ў яго аж пруцянелі.
Але некалі было думаць пра боль у лапах.
Дажджынкі дружна барабанілі па вітрыне і расцякаліся па ёй шматлікімі ручаінкамі. Некаторыя з гэтых ручаінак нагадвалі вясёлых чалавечкаў. Дыназаўрыку і Круглячку здавалася, што незвычайныя чалавечкі прыйшлі да іх у госці, каб пацешыць і даць бясцэнны кавалачак радасці.
Цацкі глядзелі на вясёлых чалавечкаў і ўсміхаліся.
А гандляр Аблавушка сядзеў надзьмуты і хмурны за вялікім пісьмовым сталом. Ён не глядзеў на вясёлых чалавечкаў, не заўважаў іх.

Нялёгкая размова

Гандляр сапраўды быў без настрою. Чамусьці пакупнікі перасталі прыходзіць у яго магазін, не прыносяць грошай. Сцежка да магазіна пустазеллем зарастае.
Аблавушка акінуў поглядам паляну з павыдзіраным мохам. Некалі на гэтай паляне раслі і баравічкі, і лісічкі, і рыжыкі, і маслякі. А цяпер  няма ніводнага грыба. Усю грыбніцу з мохам павыдзіралі грыбнікі. Цішыня, нібыта перад вялікай навальніцай, стаіць на паляне.
Задрамаў Аблавушка. Не заўважыў, як ведзьма падкралася да яго. Крыху падзівіўшыся, яна гучна кашлянула.
Гандляр уздрыгнуў і гукнуў спрасонку:
-- Купляйце цацкі! Прадаю самыя лепшыя на свеце цацкі!
Што ж, кожны гандляр свой тавар хваліць, стараецца прадаць хутчэй.
Дыназаўрык штурхнуў плячом Круглячка, паказаўшы на ведзьму.
-- Магчыма, гэтая цётка купіць цябе альбо мяне.
-- Вось каб і цябе, і мяне! -- у задуменні прамовіў Круглячок.
Вядома, сябры не хацелі разлучацца, але ведалі, што могуць трапіць у розныя сем'і. Такая ўжо незайздросная доля ў цацак. Таму яшчэ загадзя дамовіліся, што абавязкова патэлефануюць адзін аднаму, калі раптам разлучацца. Папросяць гаспадара, каб назваў нумар свайго тэлефона, і потым патэлефануюць.  
-- Купляйце цацкі! -- яшчэ раз гукнуў Аблавушка і, працёршы сонныя вочы, уважліва, быццам першы раз убачыў, паглядзеў на ведзьму.
-- Пазнаў? -- крыва ўсміхнулася ведзьма.
-- Ведзьме Барабулі цацкі непатрэбныя! -- перавёўшы погляд на вітрыну, з сумам прагаварыў гандляр.
Дыназаўрык сцяўся. Непрыемны халадок напоўніў грудзі. Не раз і не два ён чуў ад лясных жыхароў, што многім нашкодзіла ведзьма Барабуля. Лясныя жыхары шэптам казалі адзін аднаму, што душы ў яе няма. Вось таму і шалее яна, кожнаму зло стараецца зрабіць.
-- Гэта ведзьма Барабуля! -- зноў штурхнуўшы Круглячка, прашаптаў Дыназаўрык.
-- Не хачу да ведзьмы! -- ціха азваўся Круглячок.
-- Не люблю дзетак, золатца. Яны плаксівыя, крыклівыя, спакою не даюць, -- наблізіўшыся да Аблавушкі, прызналася Барабуля.
-- А мне падабаюцца плаксівыя і крыклівыя! -- нечакана заявіў Аблавушка.
Ведзьма аж рот адкрыла ад здзіўлення. Такога яна ніколі не чула.
-- Плаксівым і крыклівым найперш купляюць цацкі. Каб супакоіліся яны, -- растлумачыў гандляр.
Барабуля змяіным позіркам працяла гандляра і хутка-хутка зашаптала:
-- Аты, баты, ішлі салдаты. Аты, баты, на базар! Аты, баты, што купілі?..
-- Ідзі! Сваёй дарогай ідзі, Барабуля! -- ускочыўшы з лаўкі, замахаў рукамі Аблавушка.
Ведзьма ўсміхнулася гандляру як найлепшаму сябру.
-- Баішся, што зачарую?
-- Ідзі! -- тупнуў нагою гандляр.
--  Не чарую, а жартую, золатца! -- стараючыся паддобрыцца, сказала Барабуля.
Канешне, яна хацела зачараваць гаспадара магазіна "Цацкі", каб стаў бязвольны і падпарадкоўваўся ёй.
Аблавушка адчуў, што чары ведзьмы падзейнічалі на яго. Ён узяўся рукамі за галаву і прагаварыў, бы хворы:
-- Галава нейкая не такая, як была, цяжкая, амаль не разважае.
-- Напэўна, ведзьма зачаравала яго, -- шапнуў Круглячку Дыназаўрык.
-- Напэўна! -- прамовіў Круглячок.
Занепакоіліся, захваляваліся Дыназаўрык і Круглячок. Яны зразумелі, што не проста так заявілася сюды ведзьма. Штосьці кепскае задумала яна, няйначай.
Усміхаючыся, Барабуля наблізілася да вітрыны і ўставілася на Дыназаўрыка і Круглячка. Вочы ў яе былі халодныя і чорныя, як пераспелыя вішні. У гэтых вачах не было спагады.
Дыназаўрык адчуў, як задрыжалі ногі, а на лобе Круглячка выступілі кропелькі поту.
-- Не купляюць цацачкі? -- парушыла маўчанне Барабуля.
Гандляр бездапаможна развёў рукамі.
-- Няма пакупнікоў. Не ідуць у магазін. Быццам дамовіліся. Можа, параіш што-небудзь?
Ведзьма тыцнула доўгім тонкім пальцам, паказаўшы на Дыназаўрыка.
-- Як называецца гэты таўсцячок?
Дыназаўрык з жахам паглядзеў на палец Барабулі.
"Яна зараз пратне мяне ім, як вострым цвіком", -- падумаў ён.
-- Як называецца таўсцячок? -- паўтарыла ведзьма.
-- Дыназаўрык, -- панура адказаў Аблавушка і дадаў, апраўдваючыся: -- На цацачнай фабрыцы яго з дэфектам зрабілі.
Барабуля з недаўменнем паглядзела на гаспадара магазіна.
-- Дэфект -- загана, недахоп, -- растлумачыў гандляр. Ён гаварыў нехаця, як пад прымусам, з цяжкасцю вымаўляючы кожнае слова.
Ведзьма аж падскочыла, пачуўшы гэткае тлумачэнне. Дыназаўрыку здалося, што яна зараз паднімецца і паляціць над лесам. Вось каб паляцела! Тады ён уздыхнуў бы з палёгкаю.
Гандляр паглядзеў на ведзьму, пачухаў патыліцу і наморшчыў лоб, стараючыся зразумець, чаго дабіваецца яна ад яго.
-- Са скідкай прапанавалі, за малую цану! Паквапіўся на дарэмшчыну! Хіба не так? -- прагаварыла Барабуля.
Аблавушка не адказаў, цяжка ўздыхнуў.
"Значыць, я з дэфектам, з заганай, не такі, як усе. Непрыгожы я", -- падумаў Дыназаўрык і скрывіўся, нібы перад плачам.
-- Пакрыўдзіўся! -- зірнуўшы на Дыназаўрыка, са здзіўленнем усклікнула ведзьма.
-- Не спадабалася, што сказалі пра дэфект, -- падаў голас гандляр.
-- Таўсцячок! Таўсцячок! -- закрычала Барабуля. Яна вырашыла падражніць Дыназаўрыка, каб вывесці яго з сябе і паглядзець на слёзы. Ёй хацелася, каб яны сыпаліся, як пацеркі.
Дыназаўрык яшчэ болей скрывіўся. На яго вачах сапраўды неўзабаве выступілі вялікія, як важкія кроплі дажджынак, салёныя слёзы. Ён, відаць, заплакаў бы наўзрыд, але Круглячок узяў яго за лапку і моцна, па-сяброўску паціснуў яе, падтрымаў у гэтую цяжкую хвілінку.
-- Дыназаўрык, табе душна, горача ў вітрыне? -- неспадзявана ласкава прагаварыла Барабуля.
Дыназаўрык прамаўчаў, да болю прыкусіў губу.
-- Да таты і мамы хочаш?
-- У мяне няма таты і мамы, -- праз слёзы прамовіў Дыназаўрык, а затым нясмела дадаў: -- На сунічную палянку хачу.
Ведзьма ўставілася на Дыназаўрыка і зарагатала, махаючы рукамі, як крыламі.
"Яна не паверыла мне", -- здагадаўся Дыназаўрык і стаў тлумачыць:
-- На сунічнай палянцы добра, усе сябруюць, не абзываюцца, у згодзе жывуць.
-- Ты ведаеш? -- прыжмурылася ведзьма.
-- Многія кажуць. Чуў.
Барабуля адступіла, выцягнула руку і паклікала Дыназаўрыка:
-- Злезь з вітрыны, звярок. Завяду цябе на сунічную палянку.
Дыназаўрык уздыхнуў на поўныя грудзі. Няўжо падабрэла ведзьма? Няўжо неўзабаве збудзецца яго жаданне? Каб збылося, усяго крок трэба зрабіць, саскочыць з вітрыны і апынуцца на зямлі.
-- Не ідзі да ведзьмы, Дыназаўрык. Яна цябе зноў пакрыўдзіць, -- мацней сціснуў лапку сябра Круглячок.
-- Аты-баты... -- мядовым галаском загаварыла-заспявала Барабуля.
У Дыназаўрыка закружылася галава. Яму здалося, што ляціць угору на арэлях. Вызваліўшы сваю лапку з лапкі Круглячка, ён саскочыў з вітрыны на зямлю.
-- Дыназаўрык! -- данёсся ззаду ўсхваляваны голас Круглячка.
Дыназаўрык азірнуўся і сказаў, супакойваючы сябра:
-- Яна на сунічную палянку завядзе нас, Круглячок.
А гандляр стаяў, як аглоблю праглынуўшы. Ён не разумеў, што адбываецца тут.
Ведзьма прыязна ўсміхнулася Дыназаўрыку і заварушыла доўгімі гнуткімі пальцамі, падклікаючы яго да сябе.
Дыназаўрык асцярожна ступіў, як ступаюць у халодную ваду, і на крок наблізіўся да Барабулі. А яна, выгнуўшыся, гадзюкаю падскочыла да яго і гукнула:
-- Зараз як папхну!..
Аблавушка нарэшце ачнуўся. Ён з жахам паглядзеў на ведзьму і закрычаў, узняўшы рукі:
-- Не пхай! Тавар пашкодзіш!
Дыназаўрык стаяў, скурчыўшыся.

Паядынак

Круглячок зразумеў, што Барабуля здзекуецца, пацяшаецца з Дыназаўрыка. Яго страх -- радасць для яе.
"Я павінен дапамагчы Дыназаўрыку, хоць і мне страшна. Я павінен пераадолець свой страх", -- падумаў ён і, саскочыўшы з вітрыны, стаў насупраць ведзьмы, затуліў сабою закадычнага сябра.
Упэўненая ў сабе, Барабуля з пагардаю паглядзела на Круглячка.
-- За сябра Дыназаўрыка заступаешся?
-- Заўсёды заступаюся! -- паведаміў Круглячок.
-- А хто ты такі? -- ухмыльнулася ведзьма.
-- Мядзведзь Круглячок.
-- Таксама таўсцячок, з дэфектам! -- як іголкай, укалола ведзьма.
"Я ж не вінаваты, што таўсцячок. Чаму яна не разумее гэтага? Чаму абзывае?" -- падумаў Круглячок і сказаў з болем:
-- На цацачнай фабрыцы мяне з дэфектам зрабілі! Не чула?
Барабуля замахнулася рукою, быццам хацела стукнуць Круглячку па галаве, але не стукнула. Вырашыла напалохаць, спадзявалася, што мядзведзік пахіснецца, адступіцца.
Круглячок нават вокам не змаргнуў. Ён стаяў, шырока расставіўшы ногі, і смела глядзеў на ведзьму.
-- Смяльчак, як бачу! -- з едкасцю прагаварыла Барабуля.
-- Не з баязлівага дзясятка, -- з гонарам заявіў Круглячок. Ён адчуваў, што страх пакідае яго. Ён ужо амаль не баяўся ведзьму.
-- Можа, пазмагаемся? -- нечакана прапанавала ведзьма.
Круглячок абвёў позіркам зласлівіцу. Як незвычайны велікан, узвышаецца яна. Адступіцца, адмовіцца ад паядынку, зноў залезці на вітрыну і стаяць там, нібы на фотаздымку?
-- Круглячок, не звязвайся з ведзьмай: падмане, як і мяне, -- падаў голас Дыназаўрык.
"Вядома, ведзьма нешта задумала, хоча падмануць. Але я вуха востра буду трымаць, не дам сябе ў крыўду", -- падумаў Круглячок.
-- Спалохаўся! -- з пагардаю паглядзела на мядзведзіка Барабуля.
-- Пазмагаемся, але па правілах, без падману. Дамовіліся?
Ведзьма кіўнула галавою і захіхікала.
-- Падмане! -- у адчаі ўсклікнуў Дыназаўрык.
-- Аты, баты, ішлі салдаты, -- як звычайна, стала чараваць Барабуля. -- Аты, баты, на базар! Аты, баты, што купілі?..
Халодныя вішнёвыя вочы Барабулі, як два вострыя свярдзёлкі, свідруюць Круглячка.
Мядзведзік з сілаю сціснуў кулачкі. Ён вытрымае гэты халодны позірк, не паддасца чорным чарам вядзьмаркі. Няхай яна не думае, што ён нікчэмны. Ён такі ж, як і іншыя цацкі: дужы, смелы і... непрыгожы. Але хіба прыгажосць галоўнае?
Закончыўшы чараваць, ведзьма гучна шчоўкнула пальцамі.
На паляну апусціліся дзве сталёвыя рапіры.
Падхапіўшы рапіры, адну з іх Барабуля працягнула Круглячку. Доўга не думаючы, мядзведзік узяў рапіру. Да гэтага ён не трымаў у руках  гэткую зброю. У магазіне былі рапіры, але не сапраўдныя, цацачныя.  
Барабуля нечакана кінулася на Круглячка, хацела працяць яго вострай рапірай. Але Круглячок не разгубіўся, спрытна адбіў удар ведзьмы.
-- Круглячок! -- падтрымліваючы сябра, гучна крыкнуў Дыназаўрык.
А гандляр усё стаяў і чухаў патыліцу. Ён ніяк не мог зразумець, што тут адбываецца. На яго памяці цацкі ні разу не ўступалі ў бой з ведзьмай.
-- Таўсцячок! -- праз зубы працадзіла Барабуля. Яна хацела вывесці з раўнавагі Круглячка, штурхнуць яго на неабдуманы ўчынак.
Круглячок махнуў рапірай, а яна... паламалася. Вастрыё ўпала на зямлю, а ў руках мядзведзіка засталася толькі маленькая рукаятка.
"Мая рапіра была з дэфектам!" -- паглядзеўшы на рукаятку, здагадаўся Круглячок.
Ведзьма з новай сілай кінулася на Круглячка, стараючыся ўкалоць яго рапірай. Ён, безабаронны, стаў адступаць.
-- Не па правілах змагаешся, ведзьма! -- зноў гучна крыкнуў Дыназаўрык.
А Барабуля быццам не чуе. Наступае на Круглячка, прыгаворваючы:
-- Правучу! Больш не будзеш заступацца за сяброў.
"Яна хоча знішчыць не проста Круглячка, а сяброўства, не хоча, каб цацкі сябравалі", -- тахнула ў галаву Дыназаўрыку. Ён наблізіўся да Барабулі і сказаў строга, як суддзя:
-- Не па правілах!
-- Будзеш заступацца? -- цягнучыся рапірай да Круглячка, запыталася ведзьма. Яна нават не паглядзела на Дыназаўрыка. Для яе ён быў як пустое месца.
-- Буду! -- сказаў мядзведзік і ўпаў, спатыкнуўшыся.
Ведзьма злосна зарагатала і нацэлілася ў яго рапірай.
-- Не па правілах! -- усклікнуў Дыназаўрык і, схапіўшы з зямлі гнуткі дубец, сцёбнуў ведзьме па плячах.
-- Вушасцік, уцякай, пакуль цэлы! -- зыркнула вачыма ведзьма. На гэты раз яна заўважыла Дыназаўрыка, вырашыла адагнаць яго.
Але Дыназаўрык не спалохаўся, не пабег у вітрыну. На гэты раз ён дубцом сцёбнуў ведзьме па нагах і прамовіў:
-- Не па правілах!
Ведзьма падскочыла, як уджаленая, наставіла на Дыназаўрыка рапіру і стала набліжацца да яго. Усхапіўшыся, Круглячок прытуліўся да Дыназаўрыка і прапанаваў:
-- Давай заплюшчым вочы, Дыназаўрык!
-- Навошта? -- запытаўся Дыназаўрык.
-- Каб не было так страшна, -- сказаў Круглячок.

Страшная прапанова

Барабуля, мабыць, расправілася б і з Дыназаўрыкам, і з Круглячком, але нарэшце падаў голас Аблавушка.
-- Стой! Не дазволю псаваць тавар! -- паказаўшы на Дыназаўрыка і Круглячка, заявіў ён Барабулі.
Ведзьма з пагардай паглядзела на Аблавушку. "Ты мне не ўказчык. Што захачу, тое і зраблю", -- нібыта сказала яна яму.
-- Спачатку грошыкі заплаці, а потым рабі з імі што хочаш, -- прагаварыў гандляр. Ён адгадаў думкі Барабулі.
-- Кажаш, пакупнікі не ідуць у магазін? -- крыва ўсміхнулася Барабуля.
-- Не ідуць. Быццам дамовіліся! -- прамовіў Аблавушка і апусціў галаву.
Цяпер ужо ведзьма паказала на Дыназаўрыка і Круглячка.
-- Ці не з таго дня, як гэтыя таўсцячкі пасяліліся ў вітрыне твайго магазіна?
-- Здаецца, з таго самага, -- пачухаў гандляр.
Барабуля працяла позіркам сяброў і як крапівою секанула.
-- Яны тваіх пакупнікоў напалохалі!
-- Як? -- вырвалася ў гандляра.
-- Цацкі павінны быць прыгожыя. І дарослыя, і дзеці любяць прыгожыя цацкі.
-- Што ж зрабіць з імі, з непрыгожымі? Можа, адпусціць на ўсе чатыры бакі? -- разгубіўся Аблавушка.
Дыназаўрык уважліва прыслухоўваўся да размовы ведзьмы і гандляра. Апошнія словы Аблавушкі яго абнадзеілі. "Бывае, што і непрыгожым шанцуе. Наша непрыгожасць дапаможа нам пакінуць ненавісную вітрыну. Неўзабаве мы станем вольныя", -- падумаў ён і ўсміхнуўся, кінуўшы погляд на Круглячка. Мядзведзік зразумеў сябра, таксама ўсміхнуўся.
-- Бачыш, як расцвілі? Радуюцца! -- усклікнула ведзьма.
-- Чаму? -- у чарговы раз пачухаў патыліцу і паморшчыў лоб Аблавушка.
-- Будуць гуляць і ўсім расказваць, што з твайго магазіна ўцяклі, -- прамовіла Барабуля і ўважліва паглядзела на гандляра. -- Табе патрэбна такая рэклама?
Адкрыўшы рот, гандляр пазіраў на ведзьму. Ён паверыў ёй. Ён чакаў ад яе парады.
-- Золатца, іх трэба спаліць, -- параіла Барабуля.
-- Як? -- зноў вырвалася ў Аблавушкі.
Хутка махаючы крыламі, над палянай праляцела буравата-карычневая завірушка лясная. Дыназаўрык і Круглячок з зайздрасцю правялі яе вачыма. Ім цяпер вельмі хацелася стаць птушкамі і паляцець адгэтуль, назаўжды забыўшыся і пра ведзьму, і пра гандляра.
А ведзьма была на сёмым небе ад радасці. Сёння яна задаволіцца, пацешыцца, паглуміўшыся над гэтымі непрыгожымі цацкамі -- Дыназаўрыкам і Круглячком. Ёй не падабаліся не толькі непрыгожыя  цацкі, але і прыгожыя, бо вельмі не любіла малых дзяцей. "Цацкі -- гэта сябры дзяцей. А я не хачу, каб у дзяцей былі сябры. Няхай дзеці заўжды сумуюць", -- часта думала яна і ў такія хвіліны хацела сабраць усе цацкі ў адну вялікую кучу і спаліць іх, каб згарэлі і следу пасля сябе не пакінулі. Сёння яе мары пачынаюць збывацца. Гандляр верыць ёй, хутка з яго вяроўчыны можна будзе круціць.
-- Назбіраем сухенькіх дроў і спалім на кастры, -- прагугнявіла Барабуля і ўважліва паглядзела на Дыназаўрыка і Круглячка. -- Сінім агнём будуць гарэць!
-- Потым аб'явім, што іх у нас не было! -- задаволены, зарагатаў Аблавушка. "Спалю Дыназаўрыка і Круглячка, і, як па загаду добрай чароўнай палачкі, вырашацца ўсе мае праблемы", -- падумаў ён.
Дыназаўрык скрывіўся. У яго затрэсліся губы, як перад моцным плачам.
-- Страшна? -- запыталася ў Дыназаўрыка ведзьма.
Дыназаўрык кіўнуў галавою.
-- Паплач, палягчае, -- параіла Барабуля. Ёй так хацелася ўбачыць слёзы на вачах Дыназаўрыка! "Усё-ткі давяла я яго да плачу", -- тады з гонарам расказвала б яна лясным жыхарам. А тыя, канешне, трэсліся б ад страху.
-- Дыназаўрык не заплача, не! -- прагаварыў Круглячок. Ён зноў прыйшоў на дапамогу сябру.
-- Заплачаш, Дыназаўрык? -- разам усклікнулі ведзьма і гандляр.
Дыназаўрык зірнуў на Круглячка і сказаў:
-- Не заплачу!
Гандляр з недаўменнем паглядзеў на ведзьму і паціснуў плячыма.
-- Заплача, як босы пастаіць на гарачым агні, -- запэўніла гандляра Барабуля і накіравалася ў глыб лесу.
Аблавушка зарагатаў і пайшоў услед за ведзьмай. Пачуўшы ад яе, што Дыназаўрык і Круглячок напалохалі пакупнікоў, ён узненавідзеў іх і хацеў, каб яны хутчэй згарэлі на кастры.

На сунічную палянку

Дыназаўрык паглядзеў на Круглячка і цяжка ўздыхнуў.
-- Нікому не патрэбныя! Нават гандляру ў магазіне перашкаджаем... І вось фінал!..
-- Трэба ўцякаць, Дыназаўрык! -- усклікнуў Круглячок.
Дыназаўрык і сам разумеў, што трэба ўцякаць. Але куды? Дамоў не пабяжыш. Няма ў іх свайго дома.
-- На сунічную палянку пабяжым? -- запытаўся ён. Сунічная палянка -- адзінае, што давала надзею на выратаванне. Там весела, там не дзеляць на прыгожых і непрыгожых. Там прымуць і дапамогуць як сваім.
-- Але, -- кіўнуў галавою Круглячок. -- Там знойдзем сяброў.
-- А ў якім баку знаходзіцца сунічная палянка? Ты ведаеш? -- пацікавіўся Дыназаўрык.
Круглячок махнуў рукою, паказаўшы направа.
-- Здаецца, там.
-- А мне здаецца, што там, -- налева паказаў Дыназаўрык. -- Пакупнікі неяк казалі.
-- Кепска слухаў ты. Пакупнікі казалі, што там, -- зноў махнуў рукою Круглячок, паказаўшы направа.
"Я заўсёды ўважліва слухаў пакупнікоў. Мне так хацелася трапіць у добрую сям'ю! Але ж і Круглячок іх уважліва слухаў. І Круглячку хацелася трапіць у добрую сям'ю. Магчыма, ён лепей запомніў, дзе знаходзіцца сунічная палянка", -- падумаў Дыназаўрык і сказаў:
-- Дык у які бок пабяжым: налева ці направа?
-- Давай у каменьчыкі пагуляем, каб ні табе, ні мне не было крыўдна. Выйграеш ты -- пабяжым налева, -- прапанаваў Круглячок.
-- Давай, -- кіўнуў галавою Дыназаўрык. Спадабалася яму гэткая прапанова.
Пераглянуўшыся, Дыназаўрык і Круглячок выцягнулі ўперад лапкі.
Круглячок пачаў лічыць:
-- Адзін, два, тры...
Пачуўшы лічбу "тры", Дыназаўрык пальцы выцягнутай лапкі сціснуў у кулак, што азначала "камень". А Круглячок пальцы выцягнутай лапкі склаў у трубку, што азначала "калодзеж".
-- Каменем можна закрыць калодзеж. Ты перамог, -- зірнуўшы на лапку Круглячка, адзначыў Дыназаўрык.
Круглячок ледзь прыкметна ўсміхнуўся і хацеў пабегчы налева.
-- Пачакай! -- спыніў яго Дыназаўрык. -- Я ў магазін збегаю, нашы рукзачкі забяру.
Шырока расплюшчанымі вачыма Круглячок паглядзеў на сябра.
-- З фабрыкі нас прывезлі з рукзачкамі за плячыма, а гандляр іх зняў, асобна вырашыў прадаць, -- напомніў мядзведзіку Дыназаўрык.
-- Няхай прадае. Пабеглі хутчэй! -- занепакоіўся Круглячок. Не спадабалася яму задума Дыназаўрыка.
-- Рукзачкі нам у дарозе спатрэбяцца, -- растлумачыў Дыназаўрык і накіраваўся ў магазін.
Круглячок азірнуўся.
-- Яны хутка вернуцца!
-- Калі ўбачыш, што ідуць, вось так свісні! -- прамовіў Дыназаўрык і прарэзліва свіснуў. -- Дамовіліся?
-- Дамовіліся, -- мусіў пагадзіцца Круглячок. Ён зразумеў, што цяпер не спыніць яму сябра.
Праз адчыненыя дзверы Дыназаўрык таропка зайшоў у магазін. На запыленым прылаўку ляжалі зялёныя рукзачкі. Ён схапіў іх і выбег на двор. А Круглячок яго чакае, з лапы на лапу з нецярпеннем пераступае.
Дыназаўрык працягнуў Круглячку яго рукзачок.
-- Бяры!
Мядзведзік узяў рукзачок і павесіў за спіну. Дыназаўрык таксама павесіў за спіну свой рукзачок.
А на паляну выйшлі… ведзьма і гандляр. На выцягнутых руках яны неслі дровы.

Чаму гандляру спатрэбіўся кулямёт

Дыназаўрык і Круглячок з жахам глядзелі на ведзьму і гандляра.
Гандляр кінуў дровы на зямлю і наблізіўся да сяброў.
-- З рукзачкамі! З магазіна вынеслі!..
-- Рукзачкі нашы, не вашы! -- не змаўчаў Дыназаўрык. Не, ён не злодзей, не паквапіўся на чужое. Узяў тое, што належала яму, сваё.
Барабуля кінула дровы на дровы Аблавушкі і сваім халодным позіркам працяла Дыназаўрыка і Круглячка.
-- Сабраліся ўцякаць!
-- Няўжо? – вырвалася ў Аблавушкі.
-- Сам не здагадаўся, золатца? --  ухмыльнулася ведзьма.
Злосць узяла Аблавушку. Ён надзьмуўся, як індык, і працадзіў праз зубы:
-- Цяпер спаліў бы! Але малавата дроў для сапраўднага кастра.
-- Яшчэ адно бярэмя трэба прынесці, -- зірнуўшы на дровы, пагадзілася Барабуля.
-- Павартуй іх, а я прынясу, -- звярнуўся да Барабулі гандляр.
-- Не ўпільную. Вельмі ж вёрткія, паразбягаюцца! -- развяла рукамі ведзьма.
Гандляр кіўнуў галавою, паказаўшы на рапіру ў руках ведзьмы.
-- А зброя навошта?
Барабуля махнула рапірай.
-- Хіба гэта зброя?!  Вось каб была лепшая!.. Пашукай ў магазіне, золатца. Не стой.
Гандляр, як заўжды з ім бывала ў цяжкую хвіліну, стаў чухаць патыліцу і моршчыць лоб.
Ведзьме надакучыла на гэта глядзець.
-- Ёсць лепшая, адчуваю, -- прагаварыла яна. -- Прынясі!
Гандляр скрывіўся і пакруціў галавою.
 -- Зараз дамоў пайду. Сам разбірайся са сваімі таўсцячкамі, -- напалохала Аблавушку ведзьма.
Аблавушка зразумеў, што яму  аднаму будзе цяжка справіцца з адчайнымі цацкамі. Ён апусціў галаву і павалокся ў магазін.
-- Сумна?.. Нікому не патрэбныя? -- са здзекам сказала Дыназаўрыку і Круглячку Барабуля.
Цацкі прамаўчалі. Ім не хацелася дзяліцца сваёй бядой з гэтай злоснай цёткай.
-- А вы паплачце! -- зарагатала ведзьма.
Дыназаўрык хацеў папрасіць Барабулю, каб не чаплялася да яго і Круглячка, але ў дзвярах магазіна з'явіўся гандляр. Ён каціў перад сабою... станковы кулямёт, устаноўлены на колах.
Круглячок, Дыназаўрык і Барабуля ўставіліся на гандляра.
-- З цацачнай фабрыкі нядаўна прывезлі, -- выцягнуўшы з дзвярэй кулямёт, паведаміў ведзьме Аблавушка.
Ведзьма падышла да кулямёта, памацала яго і запыталася:
-- Ён страляе?
Аблавушка дастаў з кішэні белы шарык, падобны на тэнісны.
-- Вось такімі шарыкамі! Яны балюча б'юць.
-- Хлусіш! -- не паверыла ведзьма.
Гандляр заціснуў шарык у руцэ і лёг за кулямёт.
Пераглянуўшыся, Дыназаўрык і Круглячок затулілі вушы і прыселі. Яны зразумелі, што гандляр зараз націсне на спускавы кручок кулямёта, каб даказаць Барабулі, што ён страляе.
Ведзьма з цікавасцю глядзела на Аблавушку.
Нахмурыўшыся, Аблавушка націснуў на спускавы кручок.
"Тра-та-та-та-та..." -- гучна застракатаў кулямёт. У кустах трывожна закрычалі нябачныя птушкі.
Барабуля адкрыла рот і з жахам глядзела на гандляра.
Гандляр устаў з-за кулямёта і зарагатаў, як з гары едучы.
Ведзьма расставіла пальцы і падскочыла да Аблавушкі.
-- Зусім аглушыў!.. Вочы выдзерла б!..
-- Будзеш ахоўваць? -- рагочучы, запытаўся Аблавушка.
Барабуля далонямі стукнула па вушах.
-- Не чую!
-- Будзеш ахоўваць? -- крыкнуў гандляр.
-- Ідзі, ідзі!.. -- Барабуля штурхнула гандляра і лягла за кулямёт.
Весела напяваючы, гандляр пайшоў у глыб лесу.
Дыназаўрык і Круглячок усталі. Яны вырашылі, што небяспека мінула. А ведзьма навяла на іх кулямёт і залапатала:
-- Тра-та-та-та-та...
-- Цётачка ведзьма, не палохай, -- папрасіў Дыназаўрык.
-- Нам і так страшна, -- дадаў Круглячок.
-- Тра-та-та-та-та... -- зноў залапатала Барабуля.
Сябры міжволі прыгнуліся.
-- Круглячок, затулі вушы, -- параіў Дыназаўрык. -- Будзе не так страшна.
-- Будзе страшна! Будзе! -- гукнула ведзьма.

Надзея на выратаванне

Невядома, чым скончылася б для Дыназаўрыка і Круглячка гэтая гульня Барабулі, калі б да магазіна "Цацкі" не падышоў Заяц з вудаю на плячы. Ён быў у шэрых нагавіцах і ў кашулі ў клетку.
-- Добры дзень, шаноўныя, -- прывітаўся Заяц.
-- Добры дзень! -- дружна, як адзін, адказалі Дыназаўрык і Круглячок.
Ведзьма ўстала з-за кулямёта і прамовіла, з ухмылкаю паглядзеўшы на сяброў:
-- Каму добры, а каму і кепскі, рыбачок!
"Можа, гэты Заяц нам дапаможа, заступіцца за нас", -- падумаў Дыназаўрык, але адразу ж адагнаў гэтую думку. У Зайца рыбацкая вуда, а ў Барабулі магутны кулямёт. Не пойдзе ён супраць яе.
-- Шмат рыбы налавіў? -- пацікавілася ў Зайца ведзьма.
-- Дзве торбы. Толькі што дамоў занёс. А цяпер зноў іду на Лясное возера, --акінуўшы ўважлівым позіркам Барабулю, Дыназаўрыка і Круглячка, адказаў Заяц.
Чорныя, як сажа, бровы Барабулі прыўзняліся ўгору.
-- Казалі, што няма рыбы на Лясным возеры. Электрычнымі вудамі браканьеры ўсю знішчылі.
Не пагадзіўшыся з ведзьмай, Заяц пакруціў галавою.
-- Лясное возера бабры пільнуюць, браканьераў і блізка не падпускаюць.
-- Падманулі, значыць! -- у роспачы ўсклікнула Барабуля.
-- І такое бывае, -- прагаварыў госць.
-- Значыць, дзве торбы налавіў!.. -- Барабуля ўзялася рукою за вуду. -- Гэтай вудачкай?
"Не верыць яна Зайцу. А ён, напэўна, праўду кажа. Калі б хлусіў, то чырванеў бы", -- адзначыў пра сябе Дыназаўрык.
-- У Лясным возеры столькі рыбы развялося, што голымі рукамі цэлы кош можна налавіць, -- сказаў Заяц.
Загарэліся вочы ў ведзьмы. Яна наставіла перад сабою рукі і стала цягнуцца да нябачнага Ляснога возера.
-- Рукамі, рукамі!..
Як на яве, убачыла жаданую рыбу, пачула яе плёскат.
-- Голымі рукамі! -- напомніў ведзьме Заяц.
Ведзьма кіўнула галавою, паказаўшы на Дыназаўрыка і Круглячка.
-- Рыбачок, папільнуй іх з кулямётам. А я на Лясное возера палячу. Люблю свежанькую рыбку!..
Сябры з нецярпеннем чакалі, што скажа Заяц. Канешне, ім вельмі хацелася, каб Барабуля як мага хутчэй адправілася на возера. Тады можна папрасіць гэтага рыбачка, каб адпусціў іх. Магчыма, ён зразумее, пашкадуе.
-- Яны вялікія злачынцы? -- уважліва паглядзеўшы на Дыназаўрыка і Круглячка, пацікавіўся Заяц.
Дыназаўрык і Круглячок усміхнуліся Зайцу. Ім вельмі хацелася спадабацца яму, паказаць, што яны не злачынцы.
Барабуля тыцнула рукою, паказаўшы на рукзачкі.
-- У гандляра Аблавушкі рукзачкі ўкралі!
Заяц адвярнуўся ад Дыназаўрыка і Круглячка і нахмурыўся. "Не, не адпусціць ён нас. Не спадабаліся мы яму. Кепскую характарыстыку дала нам ведзьма", -- разважыў Дыназаўрык.
"Трэба не маўчаць, трэба сказаць Зайцу праўду", -- падумаў Круглячок. Ён так і зрабіў бы, расказаў усё як ёсць, але Барабуля яго апярэдзіла:
-- Рыбачок, папільнуй, уваж галодную цётку.
-- Бяжы, толькі не на доўга, -- уздыхнуў Заяц.
Ведзьма падскочыла і пабегла, неўзабаве схаваўшыся за павароткай дарогі.
-- У бяду трапілі, шаноўныя? -- звярнуўся да сяброў Заяц.
"А ён добры. Відаць, з сунічнай палянкі сюды прыйшоў", -- падумаў Дыназаўрык і сказаў:
-- Мы непрыгожыя, з дэфектам.
-- Таму гандляр Аблавушка разам з ведзьмай Барабуляй нас хоча знішчыць, спаліць, каб пакупнікоў не палохалі. Пакупнікі з-за нас у магазін не прыходзяць! -- выпаліў Круглячок.
-- Я адразу здагадаўся, што гэтая цётка ведзьма, -- прагаварыў Заяц.
-- Гандляр нас не паліў бы. Яна яго падбухторыла, -- паскардзіўся Дыназаўрык.
Заяц страсянуў доўгімі вушамі.
-- Дзе яна, там і бяда!
-- Адпусці нас! -- папрасіў Круглячок.
-- Калі ласка! -- дадаў Дыназаўрык.
Глядзяць сябры на Зайца. Няўжо не адпусціць, спалохаецца ведзьмы? А можа, ён гэткі ж самы, як і яна?
-- Канешне, адпушчу, -- разважаючы, пачаў Заяц.
Пачуўшы ад Зайца "адпушчу", Дыназаўрык і Круглячок не стрывалі і ў скокі пусціліся, абняўшыся, як два спарышы.
-- Дзілінь-дзілінь-баў!
                                                     Саўка прапаў!
                                                     Палажылі Саўку
                                                     На белую лаўку.
                                                     Лаўка трасецца.
                                                     Саўка смяецца, --
заспяваў Дыназаўрык. Аднаго разу ён з Круглячком чуў, як Барсук-тата спяваў гэтую песеньку свайму малому Барсучаняці.
                                                                   -- Курачка сакоча --
                                                                   Савачка рагоча.
                                                                   Дзілінь-дзілінь-баў!
                                                                   Саўка прапаў! –
                                                                             (З народнага.)
падхапіў Круглячок.
Танцуюць, спяваюць Дыназаўрык і Круглячок. Зусім забыліся, што непадалёку гандляр.
-- Адпушчу, але куды вы пойдзеце? -- прамовіў Заяц.
-- На сунічную палянку, -- азваўся Круглячок.
-- Там усе дружна жывуць, -- сказаў Дыназаўрык.

І гандляру захацелася рыбкі налавіць

На паляну з бярэмям дроў прыцягнуўся гандляр.
-- Заяц? -- са здзіўленнем прагаварыў ён, гледзячы на госця.
-- Як бачыш! -- прамовіў той.
Аблавушка расплыўся ва ўсмешцы.
"Да самых вушэй у яго ўсмешка. Лічыць, што Заяц пакупнік", -- здагадаўся Дыназаўрык і сказаў гандляру, паказаўшы на Зайца:
-- Ён не пакупнік.
-- Ён рыбачок, -- удакладніў Круглячок.
Гандляр адразу ж нахмурыўся. Нібы моцным ветрам, сагнала ўсмешку з яго худога, завостранага твару.
-- А дзе Барабуля? Га?
-- На Лясное возера пабегла рыбу лавіць, -- паведаміў Заяц.
 -- Рыбу? -- здзівіўся Аблавушка.
-- У Лясным возеры процьма рыбы. Голымі рукамі можна налавіць.
-- Ого! -- усклікнуў гандляр і выпусціў з бярэмя дровы. Яны ўпалі на прынесеныя раней.
-- Сама пабегла, а мяне папрасіла, каб гэтых жэўжыкаў павартаваў, -- кіўнуў галавою Заяц, паказаўшы на Дыназаўрыка і Круглячка.
Дыназаўрык зразумеў, што Заяц хоча выправіць гандляра адгэтуль, як нядаўна выправіў ведзьму. Калі Аблавушка пачуў, што дарэмнай рыбкі можна налавіць, у яго, як і ў ведзьмы, адразу загарэліся вочы. Але ці паверыць ён Зайцу?
-- Заяц, ведзьма табе даверыла кулямёт? -- пачухаўшы патыліцу і паморшчыўшы лоб, запытаўся Аблавушка.
-- Мне! -- адказаў Заяц.
-- Значыць, стой і вартуй гэтых жэўжыкаў.
-- Таксама на возера пабяжыш?
-- Пабягу! Свежай рыбкі захацелася! -- крыкнуў гандляр і прыпусціўся па дарозе.
Вось і ўсё. Няма ні гандляра, ні ведзьмы. Каля Ляснога возера яны хутка сустрэнуцца.
-- Мы пойдзем, Заяц, -- парушыў маўчанне Дыназаўрык.
-- Нам няма як тут заставацца, -- уздыхнуў Круглячок.
Заяц паглядзеў на сяброў і нахмурыўся.
-- Заблудзіцеся ў незнаёмым лесе!
Дыназаўрык апусціў галаву. Так, у незнаёмым лесе лёгка заблудзіцца. Там шмат дарог, безліч сцяжынак. Але ж і тут, як сказаў Круглячок, няма як заставацца.
-- Не заблудзімся, -- падбадзёрваючы сябе, прамовіў ён.
-- Язык да Кіева давядзе, --сказаў Круглячок.
-- Ведзьма і гандляр неўзабаве вернуцца, дагоняць вас і зловяць, -- запярэчыў Заяц.
-- Яны рыбу ловяць, -- напомніў Дыназаўрык.
-- Падмануў іх. У Лясным возеры няма рыбы. Браканьеры электрычнымі вудамі ўсю знішчылі, -- праўду сказаў Заяц.
-- Чаму ж тады з вудай ходзіш? -- запытаўся Круглячок.
-- Напэўна, каб весялей было, -- прамовіў Заяц і, паклаўшы вуду на паваленае дрэва, паказаў на адзінокую елачку, якая расла непадалёку. -- Шаноўныя, схавайцеся за елачкай, а я на возера збегаю, пагляджу, што ведзьма і гандляр там робяць. Потым разам памяркуем, як з бяды выбавіцца.
Дыназаўрык і Круглячок паглядзелі на елачку і ўсклікнулі:
-- Баімся туды ісці!
Сапраўды, ім стала страшна. Ім здавалася, што за густой елачкай нехта сядзіць і чакае, каб схапіць іх. Магчыма, Барабуля. Магчыма, Аблавушка. Магчыма, нейкая нядобрая істота.
Заяц са здзіўленнем паглядзеў на сяброў.
-- За елачкай страшна! -- прагаварыў Круглячок.
-- Вельмі страшна! -- падтрымаў Круглячка Дыназаўрык.
-- Там жа нікога няма. Магу паказаць, -- сказаў рыбачок і накіраваўся да елачкі.
-- Не трэба! -- папрасіў Дыназаўрык.
-- Нам усё роўна будзе страшна, -- прамовіў Круглячок.
Сябрам здалося, што тая страшная хвіліна, пра якую так доўга думалі яны, ужо наблізілася. Ім хацелася кінуцца наўцёкі, бегчы, бегчы стрымгалоў, каб быць далей ад гэтай палянкі.
Заяц спыніўся. Ён вырашыў дзейнічаць па-іншаму.
-- А калі б у хованкі гулялі, то схаваліся б за елачкай? -- пацікавіўся.
-- Калі б у хованкі гулялі, то, мабыць, схаваліся б, -- крыху падумаўшы, адказаў Дыназаўрык.
-- Так, так, -- два разы паўтарыў Круглячок.
Дыназаўрык і Круглячок ніколі не гулялі ў хованкі. Гандляр не адпускаў іх з вітрыны. Але яны не раз і не два бачылі, як маленькія звяркі непадалёку гулялі ў хованкі. Некаторыя, каб надзейна схавацца, нават на дрэва залазілі. Ім не было страшна. Яны бегалі наперагонкі, гукалі, весела смяяліся.
"Нам таксама было б радасна, весела, калі б гулялі ў хованкі. Радасць страх праганяе, адступае страх перад радасцю", -- прыкладна так думалі Дыназаўрык і Круглячок.
-- Дык давайце пагуляем у хованкі, -- прапанаваў Заяц.
-- Цяпер? -- са здзіўленнем прагаварылі Дыназаўрык і Круглячок.
-- Цяпер, -- сказаў Заяц і пачаў лічыць, пачаўшы ад Круглячка, так, каб выпала вадзіць яму, Зайцу:
Едзе брычка, званок звоніць,
                                               Выйшла пані лічыць коні.
                                               Раз, два, тры,
                                               Выйдзі, малы, ты.
                                                            (З народнага.)

Талісман і нечаканыя стрэлы

Захапіўшыся лічылкай, ні Заяц, ні Дыназаўрык, ні Круглячок не заўважылі, як з маладога хвойніку выйшла Барабуля і прысела за адзінокай елачкай.
-- Хавайцеся, -- звярнуўся да Дыназаўрыка і Круглячка Заяц. -- Лічу да дваццаці.
-- Лічы! -- усміхнуўся Дыназаўрык.
Заяц адвярнуўся, лапамі затуліў вочы і пачаў лічыць:
-- Адзін, два, тры, чатыры, пяць...
Як згаварыўшыся, Дыназаўрык і Круглячок пабеглі да елачкі.
-- Шэсць, сем, восем, дзевяць, дзесяць, адзінаццаць... -- не спыняецца, старанна лічыць рыбачок.
Дыназаўрык і Круглячок падбеглі да елачкі і спыніліся. Некалькі крокаў трэба ступіць, каб схавацца за елачкай. Але нялёгка зрабіць гэтыя крокі.
-- Дванаццаць, трынаццаць, чатырнаццаць, пятнаццаць, шаснаццаць... -- даносіцца ззаду, падганяе іх голас Зайца.
Цацкі затаілі дыханне і з аглядкай сталі набліжацца да елачкі.
-- Ух-ух-ух!.. Ух-ух-ух!.. -- як сава, неспадзявана закрычала з-за елачкі ведзьма.
Дыназаўрык і Круглячок прыселі, потым падскочылі і, павярнуўшыся,  пабеглі да Зайца.
Заяц таксама пачуў крык ведзьмы. Ён адняў лапы ад вачэй і пачаў узірацца ўперад.
Запыхаўшыся, Дыназаўрык і Круглячок падбеглі да Зайца і схаваліся за яго.
-- Голымі рукамі ў возеры рыбы можна налавіць!.. Думаў, што паверыла табе, Заяц? Не. Непадалёку схавалася і вашу размову падслухала, -- выйшаўшы з-за елачкі, сказала Барабуля.
Дзіўна, але Дыназаўрык і Круглячок ужо амаль не адчувалі страху. Ён пачаў кудысьці аддаляцца, знікаць, як паступова аддаляецца, знікае цяжкі, неспакойны сон. Магчыма, таму, што небяспека наблізілася не толькі да іх, але і да гэтага добрага рыбачка.
Яны выйшлі з-за Зайца і сталі насупраць, гатовыя абараніць яго.
-- Гандляру раскажу, заступнічак! Ён табе не даруе! -- прыгразіла ведзьма і схавалася ў густым хвойніку.
"Чамусьці не любяць заступнікаў. А яны ж у бядзе дапамагаюць, добрую справу робяць. Заяц, напэўна, ведаў, што гэтае заступніцтва пашкодзіць яму, але ўсё роўна дапамог нам," -- падумаў Дыназаўрык і прамовіў:
-- Заяц, дазволь запытацца.
Заяц падняў угору вусы і ўсміхнуўся Дыназаўрыку.
-- Чаму ты вырашыў дапамагчы нам? -- пацікавіўся Дыназаўрык.
-- Патрэбныя табе? -- уступіў у гаворку Круглячок. Як і Дыназаўрыку, яму вельмі хацелася пачуць ад Зайца: "Але, вы вельмі патрэбныя мне, без вас не змагу абысціся".
-- Шкада мне вас, -- коратка адказаў рыбачок.
"Пашкадаваў, бо нешчаслівыя мы. Гэтак склаўся наш лёс. Ужо на цацачнай фабрыцы нам не пашанцавала", -- падумалі сябры і цяжка ўздыхнулі.
-- Не сумуйце, -- таемным голасам прагаварыў Заяц. -- Зараз падару вам... талісманы.
Дыназаўрык і Круглячок, што называецца, навастрылі вушкі. Першы раз пачулі яны гэтае слова -- талісман. Незвычайным, чароўным, казачным здалося яно ім.
-- Талісман -- прадмет, які аберагае ўладальніка ад няшчасця, -- растлумачыў Заяц і дастаў з кішэні невялікую бляшанку на тонкай шоўкавай вяровачцы.
-- Гэта талісман? -- запытаўся Дыназаўрык.
-- Так. У гэтым талісмане жменька нашай зямлі -- самае дарагое, што ёсць у нас, -- паведаміў Заяц і павесіў Дыназаўрыку на шыю талісман.
"Нашай зямлі. Агульная ў нас з Зайцам зямля. Гандляр так ніколі не казаў пра нашу зямлю", -- падумаў Дыназаўрык і падзякаваў Зайцу:
-- Дзякую, Заяц.
-- А мне калі падорыш талісман? -- вырвалася ў Круглячка.
-- Цяпер падару, -- усміхнуўся Заяц і, дастаўшы з кішэні яшчэ адну невялікую бляшанку на тонкай шоўкавай вяровачцы, працягнуў Круглячку. -- І ў гэтым талісмане жменька нашай зямлі. Любіце яе.
Круглячок узяў у Зайца талісман, павесіў яго сабе на шыю і таксама падзякаваў:
-- Дзякую, Заяц.
-- Насіце. Няхай талісманы аберагаюць вас ад няшчасця, -- пажадаў сябрам Заяц.
-- Падмануў!.. -- раптам данёсся з хвойніку прарэзлівы голас Барабулі.
-- Зараз атрымаюць гасцінца! -- як гром з яснага неба, прагучаў голас Аблавушкі.
-- Ворагі з'явіліся! -- сказаў Дыназаўрык, прыслухоўваючыся да галасоў ведзьмы і гандляра.
На Дыназаўрыка ўпала святло -- чырвоная кропка. Першы яе ўбачыў Круглячок. Ён ведаў, што гэтая чырвоная кропка -- адбітак промня рэвальвера Аблавушкі, які страляе цвёрдымі шарыкамі. Неяк ад няма чаго рабіць Аблавушка страляў з рэвальвера па дрэвах. Спачатку на дрэва падала такая ж самая чырвоная кропка, а потым гучаў стрэл, і цвёрдыя шарыкі зрывалі кару з прыціхлага дрэва.
-- Падай, Дыназаўрык! -- папярэдзіў аб небяспецы Круглячок.
Дыназаўрык зірнуў на чырвоную кропку і ўпаў на зямлю.
Прагучаў стрэл. Над Дыназаўрыкам прасвістаў імклівы шарык.
-- Дыназаўрык, талісман цябе выратаваў! -- адзначыў Круглячок.
Дыназаўрык убачыў, што чырвоная кропка -- адбітак промня рэвальвера гандляра -- застыла на Круглячку.
-- Падай, Круглячок! -- на ўсю сілу гукнуў Дыназаўрык.
Круглячок імгненна ўпаў на зямлю.
Прагучаў стрэл, і над Круглячком прасвістаў імклівы шарык.
-- Цяпер мяне талісман выратаваў, -- прагаварыў мядзведзік і зірнуў на Зайца.
А Заяц стаіць, прыгнуўшыся, не ведае, дзе яму схавацца. Страшная чырвоная кропка бегае, мітусіцца па паляне, набліжаецца да рыбачка.
"У Зайца няма талісмана. Шарык яго дагоніць", -- падумаў Дыназаўрык і, ускочыўшы, прыўзняў талісман і закрычаў:
-- Я не баюся вас! Не баюся!.. Мой талісман мяне не падвядзе!
Чырвоная кропка пачала павольна набліжацца да Дыназаўрыка. Як заварожаны, Дыназаўрык стаяў і глядзеў на яе.
-- Ратуйся, Дыназаўрык! – не стрываў Круглячок.
-- Падай! -- звярнуўся да Дыназаўрыка Заяц.
Чырвоная кропка -- адбітак промня рэвальвера -- павольна набліжалася да Дыназаўрыка.
-- Ах, так! -- усклікнуў Заяц і, падбегшы да кулямёта, лёг за яго і навёў ствол на хвойнік, туды, дзе схаваліся ведзьма і гандляр.
-- Страляй! -- прашаптаў Круглячок.
Заяц націснуў на спускавы кручок.
"Тра-та-та-та-та..." -- гучна застракатаў кулямёт.
Чырвоная кропка ўздрыгнула і знікла.
Усхапіўшыся, Заяц падбег да Дыназаўрыка, схапіў яго за лапку і пацягнуў да елачкі. Круглячок прыпусціўся за імі.

Грыбнік Губейка

З маладога хвойніку выйшлі Барабуля і Аблавушка. Яны павольна набліжаліся да кулямёта. Ведзьма трымала ў руцэ рапіру, а гандляр -- рэвальвер.
Наблізіўшыся да кулямёта, гандляр азірнуўся і пачухаў патыліцу.
-- Няма ні Зайца, ні Дыназаўрыка, ні Круглячка!
-- Яны схаваліся, -- здагадалася Барабуля.
Аблавушка тыцнуў рэвальверам, паказаўшы на елачку.
-- Правер за елачкай.
-- Сам правер, -- скрывілася ведзьма як серада на пятніцу.
З-за павароткі дарогі паказаўся Баравік. Ён цягнуў каляску, у якой сядзеў чырванашчокі мужчына гадоў сарака з пугай і торбай на плячы. У калясцы ляжалі вялікія граблі і вялікая каса.
Баравік ішоў, сагнуўшыся ледзь не да самай зямлі. Яму было цяжка цягнуць каляску. А чырванашчокі мужчына, паганяючы Баравіка,  час ад часу махаў пугай і крычаў аднатонна:
-- Дарогу!.. Дарогу!..
Каляска параўнялася з ведзьмай і гандляром.
-- Тпру-у!.. -- гукнуў чырванашчокі.
Баравік спыніўся і выцер з твару пот.
-- Здаецца, гэта Баравік, а паганяеш і спыняеш яго, як каня! -- зірнуўшы на Баравіка, звярнулася да чырванашчокага Барабуля.
Баравік з сумам паглядзеў на ведзьму і паківаў галавою.
-- Вялікую страляніну чуў. Што тут здарылася? Не скажаце? -- прагаварыў чырванашчокі.
Ведзьма кіўнула галавою, паказаўшы на гандляра.
-- Цацкі -- Дыназаўрык і мядзведзік Круглячок -- ад яго ўцяклі, недзе схаваліся. Не ўпільнаваў!
-- Ты гандляр? -- пазіраючы на Аблавушку, прамовіў чырванашчокі.
Гандляр кіўнуў галавою і ўсміхнуўся чырванашчокаму як пакупніку.
Чырванашчокі махнуў пугай і сказаў павучальным тонам:
-- Каля цацак з пугай трэба хадзіць.
-- Так, -- падтакнула Барабуля.
-- Ад мяне Баравік не ўцячэ! -- пахваліўся незнаёмец і пугай замахнуўся на Баравіка.
Баравік сагнуўся і апусціў галаву.
-- Магу дапамагчы. З пугай па ляску прайдуся, -- прапанаваў ведзьме і гандляру чырванашчокі мужчына.
-- Нам патрэбен сышчык, а не... – падаў голас Аблавушка і запытальна паглядзеў на незнаёмца.
-- Я, можна сказаць, сышчык... -- задаволена ўсміхнуўся той.
-- Хацелася б ведаць, як па-сапраўднаму цябе зваць, -- пацікавілася Барабуля.
Мужчына стукнуў сябе кулаком у грудзі.
-- Грыбнік Губейка! Ніводзін грыбок анідзе ад мяне не схаваецца.
-- Ведзьма Барабуля -- мясцовая чарадзейка, можна сказаць, экстрасэнс,-- адрэкамендавалася ведзьма.
Губейка прыязна ўсміхнуўся Барабулі.
-- Навошта возіш граблі, грыбнік? -- паказаўшы на граблі, запытаўся гандляр.
-- Мох у лесе выграбаю, пад мохам лісічкі шукаю, -- важна прагаварыў Губейка.
Ведзьма з разуменнем кіўнула галавою, а Аблавушка пачухаў патыліцу і з павагай паглядзеў на грыбніка.
Грыбнік злез з каляскі і ўзяў граблі.
-- Няма тут лісічак. Амаль увесь мох рукамі даўно павыдзіралі, -- паведаміў Губейку Аблавушка.
-- Давярай, але правярай, -- прабубніў Губейка і пачаў заўзята грабці, вострымі зубамі грабляў выдзіраючы рэшткі моху.
Ведзьма і гандляр з цікавасцю глядзелі на грыбніка.
-- Мох выдзірае! Болей тут ні адзін грыбок не вырасце! -- з горкасцю прамовіў Баравік і сеў на паваленае дрэва.
А Губейка старанна грабе, пакідаючы за сабою цёмныя палосы.
-- Упарты! Можа, пашанцуе яму, -- пазіраючы на грыбніка, сказала ведзьма.
-- Не пашанцуе! -- пакруціў галавою гандляр.
-- Можа, паспрачаемся? -- запыталася Барабуля.
-- На што? -- пацікавіўся Аблавушка.
-- На твой магазін, золатца.
Гандляр стаў чырвоны, нібы бурак. Нікому ні за якія грошы ён не аддаў бы свой магазін. Магазін для яго быў як выратавальнае кола на вадзе. Тут ён быў гатовы і дняваць, і начаваць.
"Быццам аса, уджаліла я цябе, Аблавушка!" -- падумала ведзьма і зарагатала, задаволеная.
Аблавушка спадылба паглядзеў на ведзьму і ўсклікнуў, выказаўшы сваё абурэнне:
-- Хітранькая ты!
А ўпарты грыбнік грабе, ні на што не зважае. Калі б цяпер каля яго вуха нечакана стрэлілі, то ён, відаць, ні на секунду не перапыніў бы свайго занятку.
Раптам непадалёку ад грабляў загарэўся чырванаваты агеньчык.
Губейка перастаў грабці і гукнуў з азартам:
-- Ёсць!
-- Ага! -- як рэха, азваліся Барабуля і Аблавушка.
Грыбнік стаў на калені, наблізіўся да чырванаватага агеньчыка і прагаварыў з замілаваннем:
-- Лісічка!
-- Малюпасенькая! -- любуючыся лісічкай, прамовіла ведзьма.
-- Толькі што з зямлі вылезла! -- заўважыў гандляр.
Губейка рукою пацягнуўся да лісічкі. Ведзьме і гандляру здалося, што яна ў яго выцягнулася і стала незвычайна доўгая.
-- Не пашанцавала табе, лісічка. Перасекліся!
-- Нажом яе зрэж! -- затаіўшы дыханне, прашаптаў Аблавушка.
-- Буду шукаць нажа! -- сказаў грыбнік і з коранем вырваў з зямлі лісічку.
-- Э-эх! -- гучна ўздыхнуў Баравік.
Грыбнік схаваў лісічку ў торбу, задаволена ўсміхнуўся і ўстаў.
-- Куды едзеш, золатца? -- звярнулася да Губейкі Барабуля.
Адкрыўшы рот, Аблавушка глядзеў на грыбніка і чакаў ад яго адказу.
-- На сунічную палянку. Там суніцы някранутыя, -- паведаміў Губейка і, падбегшы да каляскі, узяў з яе касу. -- Усе пакашу! Ніводнай не пакіну! Няхай валяцца пад касой, як смецце!
Барабуля захіхікала, падтрымліваючы Губейку. А гандляр з недаўменнем паглядзеў на яго і пачухаў патыліцу.
-- Усе, да апошняга каліва! -- галёкнуў грыбнік і махнуў касою.
Ведзьма захіхікала мацней.
-- Можа, і грыбочка знайду! -- застыўшы, нібы ўкопаны, у задуменні прагаварыў Губейка.
-- А трапіш на сунічную палянку? -- перастаўшы хіхікаць, запыталася ў яго Барабуля.
Грыбнік паглядзеў на ведзьму як дарослыя звычайна глядзяць на неразумнае дзіця.
-- Дарогу туды ведаеш ці маеш адпаведную карту? -- пацікавілася Барабуля.
Губейка махнуў касою, паказаўшы на Баравіка.
-- Ён давязе.
Баравік падняў галаву.
-- Не павязу!
Губейку здалося, што не расслухаў.
-- Што-о? -- прыставіўшы да вуха пухленькую руку, прамовіў ён.
Ведзьма нахмурылася. А гандляр зноў адкрыў рот, пазіраючы на грыбніка і Баравіка.
-- Не павязу на сунічную палянку, -- раздзельна вымаўляючы кожнае слова, прагаварыў Баравік.
Грыбнік адняў руку ад вуха і тупнуў нагою.
-- Усіх баравічкоў пазнішчаю!
-- Ужо павытоптваў, пазнішчаў, мяне з самага гушчару дастаў, -- агрызнуўся Баравік.
Губейка павольна ўзняў пугу.
-- І маслякоў пазнішчаў, і сыраежак, нават мухамораў не пашкадаваў. Пусты лес. Бачыў, цягнучы каляску, -- сказаў Баравік.
Грыбнік вышэй узняў пугу. Злосць душыла яго.
Баравік устаў з паваленага дрэва і прагаварыў з дакорам:
-- Маленькую лісічку, жывы агеньчык знішчыў!.. Гора-грыбнік!
-- Абзывае! Ля! -- усклікнула Барабуля.
-- З мяне смяяўся! Хваліўся, што Баравік паслухмяны, -- гледзячы на Губейку, выскаліўся гандляр.
Грыбнік паклаў у каляску граблі і касу і, акінуўшы поглядам ведзьму, гандляра і Баравіка, сказаў з пагрозаю:
-- Павязе як міленькі!
Барабуля і Аблавушка ўхмыльнуліся.
-- Павязе! -- Губейка сеў у каляску і крыкнуў, быццам апантаны: -- Дарогу!
Ведзьма і гандляр з цікавасцю глядзелі на грыбніка.
Грыбнік пугаўём торкнуў Баравіка.
-- Но!
Баравік не скрануўся з месца.
-- Но! Но! -- пугай сцёбнуў Баравіка Губейка.
Баравік сагнуўся, як дуга.
Пуга свіснула ў паветры і зноў апусцілася на няшчаснага Баравіка.
-- Пугаўём дай яму, золатца! -- падказала Губейку Барабуля.
-- Ага! -- прамовіў гандляр.
Грыбнік злез з каляскі і, сціснуўшы ў руцэ пугаўё, наблізіўся да Баравіка.
-- Лісічку пашкадаваў?.. Зямля нічыя!
-- Мая! -- заявіў Баравік і выпраміўся.
Аблавушка паглядзеў на грыбніка і Баравіка і пачухаў патыліцу.
Ведзьма торкнула пальцам, паказаўшы на грыбніка, і затрэслася ад смеху.
-- Чыя зямля?.. Паўтары! -- звярнуўся да Баравіка Губейка. Вочы ў яго сталі, нібы ў вялікай жабы.
-- Мая! -- паўтарыў Баравік.
Усё вышэй узнімаецца цяжкае пугаўё. Вось-вось з сілай апусціцца яно на Баравіка.

Азмрочаная радасць

З-за адзінокай елачкі выбег Дыназаўрык. З самага пачатку ён уважліва прыслухоўваўся да размовы, якая адбывалася каля магазіна "Цацкі". Дыназаўрык адразу ж неўзлюбіў пыхлівага і прагнага Губейку, які ўсё-ткі знайшоў на паляне і знішчыў апошнюю лісічку. А безабароннага Баравіка шкадаваў. Калі ж Баравік запярэчыў грыбніку, то вырашыў пра сябе, што не пакіне яго ў бядзе, падтрымае.
-- І мая! – уставіў сваё слова, стаўшы побач з Баравіком.
Не чакаў гэткага павароту аматар грыбоў. Апусціў пугаўё, глядзіць на Дыназаўрыка як мыла з'еўшы.
-- Сам прыбег, Дыназаўрык! --  быццам змяя, гатовая ўджаліць, сыкнула Барабуля.
З-за елачкі выскачыў Круглячок. Ён падбег і стаў каля Дыназаўрыка, прамовіўшы:
-- І мая!
Губейка запытальна паглядзеў на ведзьму. Тая тыцнула рапірай, як указкай, паказала на Баравіка.
-- Не бойся іх, бі яго!
У гэты момант з-за елачкі выбег Заяц. Ён стаў побач з Круглячком і таксама сказаў:
-- І мая!
-- Вашы ўцекачы? -- працінаючы позіркам Дыназаўрыка і Круглячка, запытаўся грыбнік у ведзьмы.  Не паднялася ў яго рука, каб стукнуць пугаўём Баравіка.
-- Ага! -- апярэдзіўшы ведзьму, са злосцю прагаварыў Аблавушка.
 Грыбнік перавёў позірк на Зайца.
-- А ён хто?
-- Іх заступнічак, золатца! -- праз зубы працадзіла Барабуля.
-- Вы хочаце знішчыць нашу зямлю!.. Мы не дазволім! -- хвалюючыся, прамовіў Дыназаўрык. Яшчэ там, за елачкай, ён зразумеў: знішчаючы лісічкі, Губейка  тым самым знішчае зямлю, яе багацце, псуе хараство зямлі. Сёння губіць лісічкі, а заўтра, мажліва, і за дрэвы возьмецца,  ссячэ, спілуе іх. Без гаманлівага лесу невясёлай стане родная зямля.
-- Наша зямля будзе багатая! -- усклікнуў Круглячок.
-- І прыгожая! -- сказаў Заяц.
Прытуліўшыся адзін да аднаго, Дыназаўрык, Круглячок, Заяц і Баравік сталі наступаць на ведзьму, гандляра і грыбніка.
Барабуля, Аблавушка і Губейка застылі, як пеўні пасля кукарэку, а потым... адступілі.
-- Гэтая паляна не ваша! -- прагаварыў Заяц.
-- Наша! -- сказаў Дыназаўрык.
-- Наша ўзяла! Наша! -- узрадаваўся Круглячок.
-- Наша! -- падхапіў Баравік.
Дыназаўрык, Круглячок, Заяц і Баравік зноў ступілі ўперад, наблізіўшыся да Барабулі, Губейкі і Аблавушкі.
Выхапіўшы з кішэні рэвальвер, Аблавушка наставіў яго на Дыназаўрыка. Чырвоная кропка -- адбітак промня рэвальвера -- як жывая, затрапяталася на грудзях цацкі.
-- Усім стаяць, бо застрэлю Дыназаўрыка! -- папярэдзіў Аблавушка.
Дыназаўрык адчуў, як пахаладзела ў грудзях. Не адрываючыся, ён глядзеў на  чырвоную кропку.
-- Чырвоная кропка -- гэта страшны цвёрды шарык. Ён цябе зачараваў, Дыназаўрык? -- хіхікнула Барабуля.
"Баравік не спалохаўся страшнай пугі.  І я не спалохаюся вашага страшнага цвёрдага шарыка. Талісман мне дапаможа, выратуе мяне", -- падумаў Дыназаўрык і падняў нагу, намерваючыся ступіць уперад.
-- Стой, Дыназаўрык! Яны не жартуюць! – падаў голас Заяц.
Дыназаўрык павярнуў галаву і зірнуў на Зайца.
-- Дастанецца не толькі табе! -- сказаў Заяц.
"Калі яны расправяцца са мною, то не пашкадуюць і Круглячка, і Баравіка, і Зайца-рыбачка. Па-іншаму трэба дзейнічаць", -- падумаў Дыназаўрык і апусціў нагу.
-- Наша ўзяла і заўсёды будзе браць, -- ухмыльнулася ведзьма.
-- Дзе захочам, што захочам, там і будзем рваць і збіраць, -- ледзь варушачы тоўстымі губамі, прамовіў грыбнік.
-- А потым па вялікай цане прадаваць, -- упершыню за ўвесь гэты час усміхнуўся гандляр Аблавушка.
-- Яшчэ паглядзім, дзе каго пасадзім, -- адказаў Заяц.
Ад работнікаў цацачнай фабрыкі Дыназаўрык чуў, што ўсе Зайцы баязлівыя. Як відаць, кепска ведаюць яны зайцаў. Хіба можна сказаць пра гэтага, што баязлівы? Ён сапраўдны герой, не баіцца ні ведзьмы з яе рапірай, ні гандляра з яго рэвальверам, ні грыбніка, узброенага пугай.
-- Заяц, ідзі дамоў, не перашкаджай нам, -- прапанавала Барабуля.
-- Ён не пойдзе, -- заявіў Дыназаўрык.
-- Не пакіне нас, не прымусіце! -- сказаў Круглячок. Як і Дыназаўрык, мядзведзік даверыўся Зайцу, быў упэўнены, што той не падвядзе іх.
-- Заяц не такі, як вы. Ён у сто разоў лепшы за вас! -- прагаварыў Баравік.
-- Аблавушка, вазьмі рыбачка на мушку! -- махнула рапірай Барабуля.
Гандляр навёў рэвальвер на Зайца. Глядзіць на яго, нібы воўк на казу.
-- Ідзі, Заяц. У любімым ляску пагуляеш. А мы касцёр падпалім і пагрэемся, -- сказала ведзьма і зірнула на прынесеныя дровы.
-- Ідзі! -- як люты воўк, ашчэрыўся Губейка.
-- Лічу да трох, Заяц! -- папярэдзіў Аблавушка.
-- Бывай, Дыназаўрык! -- сказаў Заяц і, узяўшы з паваленага дрэва вуду,  накіраваўся ў густы хвойнік.
-- Шчаслівай дарогі, Заяц! -- ціха прамовіў Дыназаўрык. Не чакаў ён такой развязкі. Мабыць, мелі рацыю работнікі цацачнай фабрыкі. Усе зайцы баязлівыя, як і гэты рыбачок. Спалохаўся ён рэвальвера. Зараз схаваецца ў хвойніку. Густы хвойнік яго выратуе. Няхай!
-- Бывай, Круглячок! -- азірнуўшыся, крыкнуў Заяц.
-- Помні пра нас, Заяц! -- гукнуў услед Зайцу Круглячок. Як і Дыназаўрык, ён не чакаў, што рыбачок пакіне іх. Але ён не крыўдаваў на яго. У думках жадаў яму найлепшага.
Ужо каля самага хвойніку Заяц. Зноў азірнуўся і крыкнуў:
-- Бывай, Баравік!
Баравік рукавом змахнуў з вачэй няпрошаную слязу.
-- Бывай!
Заяц ступіў у хвойнік і схаваўся ў ім. Быццам растварыўся. Быццам не было яго.

На касцёр

-- Радаваліся, што сябра знайшлі!.. Няма сяброў. Нідзе няма! Вакол здраднікі, -- сказала Барабуля, з нянавісцю пазіраючы на Дыназаўрыка і Круглячка.
-- Кожны жыве толькі для сябе, -- падтрымаў Барабулю гандляр.
-- Слова "сябар" для прыгажосці прыдумалі, -- прагаварыла ведзьма.
"Выходзіць, яно патрэбнае, раз прыдумалі. Выходзіць, ёсць сябры", -- падумаў Дыназаўрык. Ён хацеў сказаць пра гэта ведзьме і Аблавушку, але грыбнік дастаў з торбы вялікі карабок запалак і патрос ім, каб звярнуць на сябе ўвагу.
-- У мяне запалкі!..
-- Ну і што? -- паціснуў плячыма Аблавушка.
Як драпежнік, грыбнік паглядзеў на Дыназаўрыка і Круглячка.
-- Дазвольце спаліць іх!..
Некалькі хвілін на паляне панавала цішыня.
-- Дазволім? -- пачухаўшы патыліцу і паморшчыўшы лоб, запытаўся ў ведзьмы гандляр.
-- Няхай паліць. Пабачым, як у яго атрымаецца. Аты, баты!.. -- прамовіла ведзьма і шчоўкнула пальцамі.
З глыбіні лесу данёсся дроб барабана. З кожнай секундай ён станавіўся ўсё мацнейшы.
Грыбнік падцягнуў жывот і прайшоўся каля Дыназаўрыка і Круглячка, як камандзір каля сваіх бясслаўных ваяроў.
-- Хто першы з вас пойдзе на касцёр? Вырашайце, цацачкі!
Дыназаўрык і Круглячок узяліся за лапкі. Зараз яны дакажуць сваім ворагам, што ёсць сябры. Разам пойдуць на касцёр.
Барабуля і Аблавушка нахмурыліся. А Губейка з недаўменнем паціснуў плячыма.
Дроб барабана заціх. Як відаць, бясстрашша Дыназаўрыка і Круглячка перамагло чарадзейную сілу ведзьмы.
-- Слова "сябар" не для прыгажосці прыдумалі, -- уступіў у размову Баравік. -- З імі пайду на касцёр!
-- З цацачкамі? – не паверыў Губейка.
-- З імі!
-- Во даюць! -- вырвалася ў Аблавушкі.
Барабуля штурхнула яго ў бок.
-- Няхай гараць!
-- Няхай! -- выдыхнуў гандляр.
З глыбіні лесу зноў данёсся дроб барабана.
-- Пакіньце мне Баравіка! -- усклікнуў грыбнік.
Ведзьма падскочыла да Баравіка і крыкнула са злосцю:
-- Няхай ідзе на касцёр!
-- А хто на сунічную палянку мяне завязе? -- вылупіў вочы грыбнік.
Як відаць, зусім ашалеўшы ад злосці, Барабуля стала штурхаць Баравіка ў напрамку кастра.
-- Сам захацеў!..
І гандляр пачаў дапамагаць ведзьме, як і яна, ашалеўшы ад злосці.
-- Сам! Сам!..
-- Дарогу!.. Дарогу!.. -- мабыць, са страху загарлапаніў Губейка.

Рыбачок?

Каля магазіна "Цацкі" неспадзявана з'явіўся Заяц з барадою. Ён быў у чырвоных нагавіцах і ў кашулі ў клетку.
Надакучлівы дроб барабана абарваўся, заціх, быццам спалохаўшыся гэтага падарожнага.
-- Добры дзень вам, -- прывітаўся з прысутнымі Заяц.
-- Добры дзень, -- ціха адказалі Дыназаўрык і Круглячок.
-- Добры дзень, -- азваўся Баравік.
А Барабуля, Аблавушка і Губейка прамаўчалі. Яны з падазронасцю глядзелі на Зайца.
-- Відаць, перашкодзіў вам, важнай справай занятыя? -- звярнуўся да Барабулі, Аблавушкі і Губейкі Заяц.
-- Здаецца, рыбачок? -- прасвідравала позіркам падарожнага ведзьма.
Дыназаўрыку таксама здалося, што гэты Заяц быў падобны да таго Зайца-рыбалова, які заступіўся за іх і так нечакана пакінуў. Як быццам той самы. І шэры, і вушы доўгія. Але ж гэты з барадою і адзеты па-іншаму. "Той ці не той, той ці не той?" -- надакучліва, нібы нядаўні дроб барабана, застукала ў галаве. Дыназаўрыку хацелася затуліць вушы, каб не чуць гэтага стуку, але ён моцна сціснуў кулачкі, стрымліваючы сябе, каб не паказаць слабасці ворагам.
-- Які рыбачок? -- са здзіўленнем прагаварыў Заяц.
Барабуля падскочыла да Зайца і глянула на яго з-пад ілба.
-- Заяц-рыбачок!
-- У мяне вуды няма. Абазналася, шаноўная, -- усміхнуўся Заяц.
-- Вуду дома пакінуў.
-- Абазналася! -- паўтарыў барадач.
Ведзьма перавяла погляд на гандляра, чакаючы ягонага слова.
"Гэты Заяц іншы, не рыбачок", -- падумаў Дыназаўрык і яму стала так сумна, што хоць воўкам вый.
А гандляр паморшчыў лоб і заявіў:
-- Заяц-рыбачок быў у шэрых нагавіцах.
-- Але кашуля ў яго была ў клетку, -- прамовіла Барабуля і тонкімі пальцамі памацала кашулю Зайца.
-- Супадзенне! -- прагаварыў Аблавушка.
Ведзьма ўважліва паглядзела ў вочы падарожнаму.
-- Рыбачок!
-- Абазналася! -- зноў усміхнуўся Заяц.
-- Калі цацкі будзем паліць? -- усклікнуў грыбнік і патрос карабком перад тварам гандляра.
Аблавушка адпіхнуў грыбніка і сказаў Барабулі:
-- У Зайца-рыбачка не было барады.
-- Яна несапраўдная! -- наставіўшы пальцы, Барабуля пацягнулася да барады Зайца.
Заяц раптам схапіў ведзьму за доўгі нос.
-- А нос у цябе сапраўдны?
-- Адпусці! Адпусці! -- вырываючыся ад Зайца, заенчыла ведзьма.
Дыназаўрык міжволі ўсміхнуўся, гледзячы на Зайца і Барабулю. Сапраўды, было смешна бачыць, як грозная ведзьма стараецца вырвацца ад  звычайнага Зайца.
Дыназаўрык перавёў позірк на Круглячка і Баравіка. Яны таксама заўсміхаліся.
"Яшчэ не ўсё страчана, -- падумаў Дыназаўрык. -- Не паддадзімся мы вам, што-небудзь прыдумаем, каб выратавацца, вырвацца ад вас". Ён павесялеў і ўжо не так змрочна глядзеў на свет.
Заяц нарэшце адпусціў нос ведзьмы. Яна адбеглася ўбок і незадаволена зачмыхала носам. Ён у яе пачырванеў і, як здалося Дыназаўрыку, пабольшаў, стаў як порхаўка.
-- Будзем паліць? -- напомніў Аблавушку Губейка.
-- Не барабань, як пустая бочка! -- гыркнуў Аблавушка. Усё-ткі вывеў яго з сябе надакучлівы грыбнік.
-- Увага! Увага! -- гучна прагаварыў Заяц.
Дыназаўрык, Круглячок, Баравік, Аблавушка, Губейка і нават Барабуля ўважліва паглядзелі на барадача.
-- Увага! Слухайце ўсе! Каля Ляснога возера праводзіцца конкурс нестандартных цацак, -- аб'явіў Заяц.
-- Цацак з дэфектамі? -- зацікавіўшыся, вырашыў удакладніць гандляр.
-- Цацак з дэфектамі, -- зірнуўшы на Дыназаўрыка і Круглячка, сказаў Заяц.
Пачуўшы гэтую навіну, Дыназаўрык ледзь не падскочыў ад радасці. Нарэшце пашанцавала яму і Круглячку. Стаялі, стаялі ў вітрыне і дачакаліся свайго дня. Галоўнае -- верыць у лепшае, галоўнае -- цяжкую часіну перажыць. Вось толькі ці адпусціць на конкурс яго і Круглячка гандляр? Няўжо не ўгаворыць Аблавушку гэты барадаты Заяц?
-- Сёння ваша свята, сябры! -- звярнуўся да цацак Баравік.
-- Не будзем іх паліць? -- наблізіўшыся да Аблавушкі, ледзь не заплакаў грыбнік.
-- Адстань, смала! – вылупіў вочы Аблавушка і адпіхнуў грыбніка.
Дыназаўрык і Круглячок усміхнуліся, пераглянуўшыся.
-- Рана радуецеся, таўсцячкі, -- заўважыла ведзьма. -- Каб трапіць на конкурс, трэба атрымаць дазвол у гаспадара.
-- А што трэба для таго, каб паслаць Дыназаўрыка і Круглячка на конкурс? -- запытаўся ў Зайца гандляр.
-- Падаць заяўку арганізатарам, -- адказаў Заяц.
-- Не веру! Хлусня! – тупнула нагою Барабуля.
Дыназаўрык і Круглячок з хваляваннем глядзелі на Зайца. Што скажа ён цяпер? Можа, павернецца і пойдзе ў хвойнік, схаваўшыся там як за зачыненымі дзвярыма?
-- Пераможцаў конкурсу і іх гаспадароў чакае слава, узнагарода, -- паведаміў гандляру Заяц. На ведзьму ён стараўся не глядзець.
-- І рэклама? -- пацікавіўся Аблавушка. Усё-ткі дайшло да яго, што без рэкламы нялёгка прадаць тавар.
-- Бясплатная рэклама, -- сказаў Заяц.
-- Такая рэклама мне патрэбна! -- узрадаваўся гандляр.
-- Не веру! -- нібы кот на гарачай патэльні, падскочыла Барабуля.
Заяц кіўнуў галавою, паказаўшы гандляру на Барабулю.
-- Баламуціць! Шкодніца! Прагані яе.
Дыназаўрык з нецярпеннем чакаў развязкі. Няўжо гандляр паслухаецца Зайца і прагоніць ведзьму? Напэўна, не паслухаецца. Яны так пасябравалі, што цяпер іх і вадою  не разальеш.
Аблавушка наморшчыў лоб, задумаўся.
-- Прагані, калі хочаш атрымаць бясплатную рэкламу, -- прамовіў Заяц.
Гандляр павярнуўся да ведзьмы і патрос кулаком, парослым рэдкім рыжым шчаціннем.
-- Не баламуць!
Ведзьма адышлася ўбок і незадаволена зачмыхала носам.
-- Нам можна ісці? -- звярнуўся да гандляра Заяц.
-- Пачакайце. Зараз будзе сюрпрыз, парадую вас, -- прагаварыў Аблавушка і зайшоў у магазін.

Сюрпрыз

Як сапраўдных сяброў, Баравік абняў Дыназаўрыка і Круглячка.
-- Віншую вас з удзелам у конкурсе!
-- Рана віншаваць. Гандляр заяўку на конкурс яшчэ не падаў, -- прагаварыў Дыназаўрык. Як і многія, ён верыў у прыметы і не хацеў, каб віншавалі загадзя.
-- Можа, не падасць, перадумае, -- выказаў услых трывожную думку Круглячок.
-- Не перадумае, -- упэўнена сказаў Баравік. -- Узнагарода і рэклама яму патрэбны.
Апошнія словы Баравіка супакоілі Дыназаўрыка. "Сапраўды, для гандляра настаў цяжкі час. Апусцеў магазін, не чуваць у ім дзіцячых галасоў. Узнагарода і рэклама яму вельмі патрэбны", -- падумаў ён і паглядзеў на дзверы. Які ж сюрпрыз падрыхтаваў для іх прагны Аблавушка? Магчыма, скрывяцца яны ад гэтага сюрпрызу.
-- Дастань запалкі і палі! Усё вакол палі! Каб не ўцяклі яны з паляны! -- наблізіўшыся да грыбніка, шапнула яму на вуха ведзьма.
Губейка зірнуў на дзверы магазіна.
-- А сюрпрыз?
-- Гэта будзе сапраўдны сюрпрыз, -- ціха прамовіла Барабуля.
-- Аддай запалкі! -- загадаў Губейку Заяц. Ён сачыў за ведзьмай і грыбніком, пачуў іх размову.
-- Палі, золатца! -- быццам патрывожаная вужака, устрапянулася ведзьма.
Грыбнік адбегся, адкрыў карабок, паглядзеў на запалкі і ўсклікнуў у роспачы:
-- Запалкі адсырэлі!
-- Дажджу не было, і адсырэлі? -- не паверыла яму Барабуля.
-- Намачыў, калі з Баравіком праз ручай пераязджалі! -- паведаміў Губейка і кінуў карабок на зямлю.
З дзвярэй магазіна з замком і веласіпедам у руках выйшаў гандляр і накіраваўся да Дыназаўрыка і Круглячка.
У Дыназаўрыка аж дыханне перахапіла. Няўжо гэты новенькі бліскучы веласіпед гандляр хоча падарыць яму і Круглячку? Няўжо неўзабаве ён, Дыназаўрык, праедзе на ім? Як часта, стоячы з Круглячком у вітрыне, ён марыў праехаць на веласіпедзе!  Няўжо збудзецца доўгачаканая мара?
Аблавушка падвёў веласіпед да Дыназаўрыка і Круглячка і сказаў:
-- Вось падарунак!.. Выбачайце, што адзін на дваіх.
Сябры застылі ў нерашучасці. Можа, жартуе з імі гандляр, пацяшаецца, як Барабуля? Магчыма, накрычыць, зарагоча, калі яны возьмуцца за руль?
-- Бярыце, не саромейцеся, -- падаў голас Аблавушка.
Дыназаўрык узяўся за правую ручку руля веласіпеда і паглядзеў на гандляра.
-- Катайся, Дыназаўрык, -- лагодна сказаў гандляр.
-- Я  на веласіпедзе не ўмею ездзіць, ніколі не вучыўся, -- прызнаўся Дыназаўрык.
-- І я на веласіпедзе не ўмею ездзіць, ніколі не вучыўся, -- узяўшыся за левую ручку руля, прамовіў Круглячок.
Вусны Аблавушкі кранула ледзь прыкметная ўсмешка.
-- Навучыцеся калі-небудзь.
-- Чаму калі-небудзь? Цяпер паспрабуйце, -- звярнуўся да Дыназаўрыка і Круглячка Заяц.
Сябры пераступілі з нагі на нагу і разгублена паглядзелі на барадача.
-- Давай, Дыназаўрык! -- сказаў ён.
"Трэба некалі вучыцца. Трэба пераадолець страх", -- падумаў Дыназаўрык і сеў на веласіпед.
Заяц падштурхнуў веласіпед, але не адпусціў, падтрымаў яго.
-- Круці, Дыназаўрык!
Дыназаўрык крутнуў педалі. Веласіпед скрануўся і паехаў. Заблішчалі на сонцы сталёвыя спіцы. А Дыназаўрык круціць, едзе, з усіх сіл трымаючыся за руль.
За веласіпедам, падтрымліваючы яго, бяжыць Заяц і падахвочвае:
-- Круці, круці!..
"Мне зусім не страшна. Мяне падтрымлівае гэты дужы Заяц, ён не дасць упасці", -- падумаў Дыназаўрык.
У гэты час Заяц адпусціў веласіпед, і Дыназаўрык паехаў сам, без дапамогі, хоць веласіпед і віляў з боку ў бок, быццам стараючыся вырвацца, уцячы ад яго.
-- Ён едзе! Едзе! -- закрычаў Заяц, бегучы за Дыназаўрыкам.
-- Сам едзе! -- усклікнуў Круглячок, трымаючыся каля Дыназаўрыка.
-- Малайчына! -- даганяючы Дыназаўрыка, прамовіў Баравік. Ён ступаў шырока, каб не адстаць ад Дыназаўрыка.
-- Упадзе таўсцячок! Упадзе! -- пазайздросціўшы Дыназаўрыку, гукнула ведзьма.
-- Няхай хутчэй упадзе! Няхай! -- пажадаў Дыназаўрыку грыбнік.
Чаруючы цацку, Барабуля шчоўкнула пальцамі.
-- Аты, баты... Аты, баты...
А Дыназаўрык не зважае на чары ведзьмы, едзе па паляне, выпісвае кругі.
-- Чамусьці не дзейнічаюць мае выпрабаваныя чары! -- прашаптала ведзьма і, калі Дыназаўрык параўняўся з ёю, непрыкметна штурхнула яго.
Дыназаўрык усклікнуў і упаў разам з веласіпедам.
-- Казала, што ўпадзе! -- узрадавалася Барабуля.
Дыназаўрык ускочыў і ўзяўся за веласіпед, намагаючыся падняць яго.
-- Моцна выцяўся, баліць? Заплачаш? -- запыталася ў Дыназаўрыка ведзьма.
-- Не баліць! Не заплачу! -- сказаў Дыназаўрык, хоць і сапраўды выцяўся, хоць і балела яму правая нага.
Да Дыназаўрыка падскочыў Круглячок і дапамог падняць веласіпед.
-- Мне зусім не баліць! -- весела прагаварыў Дыназаўрык.
-- Дзівакі!  Сапраўдныя дзівакі! -- паглядзеўшы на Дыназаўрыка і Круглячка, прагаварыў Губейка.
-- Асцярожней катайцеся, веласіпед не паламіце. Гэта дарагая рэч, -- папярэдзіў Дыназаўрыка і Круглячка Аблавушка. Павесіўшы на дзверы магазіна замок, ён накіраваўся на дарогу.
-- На Лясное возера пойдзеш? -- пацікавіўся ў гандляра Заяц.
-- Арганізатарам конкурсу заяўку падам, -- паведаміў гандляр.
-- З рэвальверам на конкурс не ходзяць, -- строга сказаў Заяц.
-- А я свой рэвальвер у магазіне пакінуў, -- прагаварыў Аблавушка і шпарка пакрочыў па дарозе.

Заложнік

Калі гандляр схаваўся за павароткай, Заяц зняў бараду і абвёў позіркам Дыназаўрыка, Круглячка, Баравіка, Барабулю і Губейку.
-- Рыбачок! Казала! -- падзівіўшыся на Зайца, насупілася Барабуля.
Заяц паклаў бараду на выварацень і прамовіў:
-- Сяброў не пакідаю ў бядзе, цётачка ведзьма.
"Значыць, не спалохаўся Заяц, не здрадзіў. Ён сапраўдны сябар. З такім горы можна звярнуць", -- падумаў Дыназаўрык і запляскаў у ладкі, вітаючы смелага і знаходлівага рыбачка.
Круглячок і Баравік таксама запляскалі ў ладкі.
-- Радуюцца! А мне што рабіць? -- у роспачы прагаварыў грыбнік. Глядзіць на Дыназаўрыка, Круглячка, Баравіка і Зайца як гусь на бліскавіцу.
Дыназаўрык, Круглячок і Баравік мацней запляскалі ў ладкі.
-- Можа, завязеш мяне на сунічную палянку? -- нясмела звярнуўся да Баравіка Губейка.
-- Нізашто! -- адказаў Баравік.
-- А дамоў?
-- Сам дабярэшся, не маленькі.
Аматар грыбоў сеў на паваленае дрэва і апусціў галаву.
-- Круглячок, паспрабуй праехаць на веласіпедзе, -- прапанаваў Дыназаўрык.
-- Падстрахуй, калі ласка, -- папрасіў Зайца Круглячок. Канешне, яму вельмі хацелася праехаць на веласіпедзе, а потым з гонарам паглядзець на сяброў.
-- Не хвалюйся, падстрахую, не падвяду, -- запэўніў мядзведзіка Заяц.
Круглячок сеў на веласіпед і прыгнуўся, быццам спартсмен перад стартам.
Заяц штурхнуў веласіпед.
-- Круці педалі, Круглячок!
Мядзведзік крутнуў педалі і паехаў па паляне.
-- Едзе! Едзе! -- узрадаваўшыся, заскакаў Дыназаўрык.
Заяц пабег за Круглячком, не адпускаючы веласіпед.
-- Вось каб мне такі веласіпед! -- пазайздросціў грыбнік.
Ведзьма працягнула грыбніку рапіру. Губейка са здзіўленнем паглядзеў на ведзьму.
-- Дыназаўрыка ў заложнікі возьмеш і прымусіш Баравіка, каб на сунічную палянку цябе завёз, -- растлумачыла Губейку Барабуля.
-- Баюся! -- як ад холаду, затросся грыбнік.
-- Ну дык прападай тут! -- з пагардай прамовіла ведзьма і накіравалася на дарогу.
Грыбнік ускочыў з паваленага дрэва.
-- Пачакай!
Барабуля спынілася і павярнулася да Губейкі.
Грыбнік наблізіўся да Барабулі і праваю рукою ўзяў у яе рапіру.
Да магазіна "Цацкі" пад'ехаў Круглячок і рэзка націснуў на тармазы. Веласіпед стаў, як укопаны.
-- Круглячок, мы з табою ўмеем ездзіць на веласіпедзе, навучыліся! -- у захапленні прамовіў Дыназаўрык.
-- Заложнік! -- наставіўшы на Дыназаўрыка рапіру, нечакана крыкнуў Губейка.
-- Хто? -- не зразумеў Дыназаўрык.
-- Т-ты!  П-пашавелішся -- п-пратну! -- заікаючыся, прагаварыў грыбнік. Рукі ў яго трэсліся ад страху. Але ён вырашыў дзейнічаць да канца, не адступаць.
Дыназаўрык зразумеў, што Губейка не жартуе. Ён заплюшчыў вочы і вырашыў палічыць да дваццаці. Яму чамусьці падумалася, што менавіта тады скончыцца гэтая чарговая пакута.
-- Адпусці Дыназаўрыка! -- загадаў Губейку Заяц.
-- Адпушчу, калі Б-баравік пагодзіцца завезці мяне на с-сунічную палянку. Н-не пагодзіцца -- п-пракалю т-твайго с-сябра!.. – павысіў голас грыбнік і з сілай прыціснуў рапіру да цела Дыназаўрыка.
Дыназаўрык скрывіўся ад болі, але не застагнаў. "Я далічыў толькі да пяці", -- падумаў ён і стаў лічыць далей.
-- Адпусці Дыназаўрыка, Губейка. Так і быць. Завязу цябе на сунічную палянку, -- уступіў у гаворку Баравік. Ён не мог глядзець на гэты здзек. У яго было добрае, мяккае сэрца.
-- Дай с-слова! -- не паверыў Баравіку грыбнік.
-- Мяне пратні рапірай! -- ціха прагаварыў Баравік. Ён падумаў, што Губейка зараз адпусціць Дыназаўрыка і кінецца на яго, каб  пратнуць рапірай.
"Пакуль яны тут будуць разбірацца, я падрыхтую ім свой сюрпрыз", -- вырашыла ведзьма і кінулася да маладога хвойніка. На яго ўскрайку стаяў вялікі вазон з крапівою. Барабуля яго загадзя прынесла сюды.
-- С-слова! Дай с-слова! -- нерваваўся на паляне Губейка.
Схапіўшы вазон, ведзьма падбегла да магазіна.
-- Б-баравік, твайго слова не ч-чую! -- усклікнуў грыбнік.
-- Завязу, а ты там усё знішчыш? -- запытаўся Баравік.
-- В-вядома! -- адказаў Губейка
-- Грыбнік, хачу правесці з табою перамовы, -- не сцярпеў Заяц.
-- Ніякіх перамоў! -- віскнула Барабуля. Яна стала з вазонам каля самага Круглячка.
Круглячок адхіснуўся ад Барабулі.  
-- Баішся крапівы, золатца! -- заўважыла ведзьма.
Круглячок пакруціў галавою.
-- Дык панюхай, калі не баішся! -- хіхікнула Барабуля.
Хоць амаль усё сваё жыццё Круглячок прастаяў у вітрыне магазіна "Цацкі", але ведаў, што крапіва балюча пячэцца. Пакупнікі часта расказвалі пра яе жахлівыя гісторыі.
Ухмыляючыся, ведзьма паднесла вазон з крапівою да галавы Круглячка. Круглячок хацеў адскочыць, але ўявіў, як будзе хіхікаць ведзьма, радавацца, што напалохала яго.
Ужо каля самага носа пякучая крапіва.
Круглячок (рашэнне прыйшло нечакана) імгненна вырваў з вазона крапіву і стукнуў ёю па правай руцэ грыбніка.
Грыбнік усклікнуў і выпусціў рапіру. Яна ўпала каля Зайца. Заяц падняў яе і пахваліў мядзведзіка:
-- Малайчына, Круглячок!
Мядзведзік кінуў крапіву на зямлю і пацёр на лапцы пухір -- след ад крапівы.
А Губейка затрос праваю рукою і ўсхліпнуў, як малы:
-- Пячэцца!..
З-за павароткі дарогі паказаўся гандляр.
-- Дазволілі! Дазволілі! -- здалёку закрычаў ён і ўзняў угору дазвол на ўдзел у конкурсе.
-- Яму дазволілі. А мне што з гэтага? -- мацней усхліпнуў Губейка.
Гандляр падышоў бліжэй і акінуў поглядам прысутных.
-- Што тут нарабілася? Можа, хто-небудзь скажа?
-- Яна паляну крапівою хоча засадзіць, каб дарогі да магазіна не было, -- кіўнуўшы галавою, паказаў на Барабулю Заяц.
-- Каб пакупнікі ў магазін не прыходзілі і грошы мне не прыносілі? -- прамовіў Аблавушка і зірнуў на ведзьму. Злосныя агеньчыкі бліснулі ў яго вачах.
Ведзьма ўсміхнулася гандляру як нічога ніякага.
Гандляр працягнуў Зайцу дазвол на ўдзел у конкурсе.
-- Патрымай, шаноўны.
Заяц узяў у Аблавушкі дазвол на ўдзел у конкурсе і падмаргнуў Дыназаўрыку, Круглячку і Баравіку. Маўляў, пабачыце, што неўзабаве тут будзе.
-- Ведзьма! На галаву табе надзену! -- выхапіўшы ў Барабулі вазон, галёкнуў Аблавушка.
Барабуля затулілася рукамі і як мага панеслася з паляны. Схапіўшы каляску, за ёю прыпусціўся грыбнік.
-- Даганю!.. -- як на каршуноў, крыкнуў Аблавушка і прыпусціўся за ведзьмай і грыбніком.
-- Тут у нас будзе сунічная палянка, сябры! -- абвёўшы позіркам паляну, звярнуўся да Дыназаўрыка, Круглячка і Баравіка Заяц. -- Упрыгожым яе ягадамі.
-- І крамянымі баравічкамі, -- сказаў Баравік.
-- І рыжанькімі лісічкамі, -- дадаў Дыназаўрык.
-- І рознымі кветкамі. Я вельмі люблю кветкі, -- прызнаўся Круглячок. Ён асцярожна ўзяў крапіву і выкінуў яе з паляны.
Да Зайца, Дыназаўрыка, Баравіка і Круглячка падышоў гандляр.
-- Шкада, што не дагнаў іх, -- прагаварыў ён.
-- Сказаць, чаму пакупнікі перасталі прыходзіць у твой магазін? -- звярнуўся да яго Заяц.
-- Чаму? -- запытаўся гандляр.
-- Бо тут непрыгожа. Быццам бура прайшлася тут, -- сказаў Заяц.
-- Тут сам чорт галаву зломіць, -- пагадзіўся з Зайцам Баравік.
-- Выходзіць, Дыназаўрык і Круглячок невінаватыя! -- нарэшце дайшло да Аблавушкі.
Дыназаўрык і Круглячок пераглянуліся і ўсміхнуліся.
-- Заўтра ж возьмемся за справу, парадак на паляне навядзём, а сёння на конкурс адправімся. Хто "за"? -- прамовіў Заяц.
-- Я "за"! -- усклікнуў гандляр і першы высока падняў руку.
Вось так закончыліся прыгоды Дыназаўрыка і яго сяброў.











































ВЕДЗЬМА І ДЫНАЗАЎРЫК
Аповесць-казка

На лясной паляне

Паслухайце, як пачыналася гэтая гісторыя.
На лясной заснежанай паляне стаяла драўляная будка без страхі, на якой вісела шыльда з надпісам "Склад непатрэбных рэчаў".
Так здарылася, што на гэтую паляну прыйшоў галодны Воўк.
-- Ну й мароз!.. Ну й мароз!.. Зайцы і тыя з лесу ў вёску паўцякалі, каля хат хаваюцца. А мне ў вёску няма як ісці. Там Воўка не любяць. Чым жа пажывіцца? -- паскардзіўся на сваё жыццё Воўк і заспяваў з галадухі:
Куды ж мне падзецца
                                                     І што тут рабіць?
                                                     У мяне жывоцік
                                                     Ад голаду баліць.

                                                     Птушкі не спяваюць,
                                                     Зайчыкаў няма.
                                                     Мяне даканае
                                                     Лютая зіма.
Воўк хацеў жаласна завыць, як, бывае, выюць галодныя ваўкі на піліпаўку, але пачуў, як у суседнім ельнічку затрашчаў снег.
"Людзі сюды ідуць. Пад іх нагамі снег трашчыць", -- здагадаўся Воўк і схаваўся за Склад непатрэбных рэчаў. Людзей ён баяўся, як агню, бо ведаў, што людзі могуць пакрыўдзіць яго.
Шэры разбойнік не памыліўся. Неўзабаве з маладога ельнічку выйшлі хлопчык Рыгор і дзяўчынка Сняжана. За плячыма ў Рыгора вісела паляўнічая стрэльба, а пад пахай ён трымаў цёплы кажушок.
-- Рыгорка, паглядзі, якая прыгажосць наўкола! -- усклікнула Сняжана.
Сапраўды, на паляне было вельмі прыгожа. Вакол ззялі, зіхацелі сняжынкі, а дрэвы, ахутаныя снегам, нагадвалі незвычайных веліканаў.
-- Сняжана, нам Дыназаўрыка трэба знайсці. Хараством прыроды потым будзем любавацца, -- напомніў сяброўцы Рыгор.
Сёння раніцай у небе Рыгор убачыў лятальны апарат, падобны на вогненную камету, а затым данёсся сігнал, які перадаваўся з дапамогай азбукі Морзе (яе Рыгор добра вывучыў, займаючыся ў тэхнічным гуртку): "На міжпланетным караблі, які цярпіць катастрофу, да вас набліжаецца Дыназаўрык. Ён спусціцца ў вашым лесе. Сустрэньце яго, дапамажыце яму".
Дыназаўры, як вядома, даўно вымерлі, няма іх на нашай планеце Зямля. "На нейкай невядомай нам планеце яны ёсць, захаваліся", -- падумаў тады Рыгор і неўзабаве расказаў пра гэта сваёй аднакласніцы Сняжане. Разам са Сняжанай ён вучыўся ў сёмым класе.
Захвалявалася Сняжана, пачуўшы пра міжпланетны карабель і Дыназаўрыка.
-- Рыгорка, гэты Дыназаўрык, напэўна, баіцца холаду. Ён замерзне ў зімовым лесе. Яму трэба дапамагчы, -- сказала яна.
-- Трэба, -- пагадзіўся Рыгор і разам са Сняжанай адправіўся ў лес.
І знаёмыя нізінкі, і пагорачкі яны абышлі, але не знайшлі Дыназаўрыка. Толькі воўчыя сляды ўбачылі ў ельніку.
-- Рыгорка, дзе той Дыназаўрык? Можа, яго зусім няма? -- прамовіла Сняжана і рукою выцерла спацелы лоб.
З вышыні нечакана данесліся гукі азбукі Морзе.
Сняжана задрала галаву, прыслухоўваючыся.
-- Рыгорка, чуеш? Нейкія незразумелыя гукі з вышыні даносяцца!
-- Гэтыя гукі -- азбука Морзе, якую звычайна выкарыстоўваюць тэлеграфісты. Іншапланецяне зноў сігналяць, перадаюць нам! -- растлумачыў сяброўцы хлопчык.
-- Што перадаюць? -- заморгала вачыма Сняжана.
-- Міжпланетны карабель цярпіць катастрофу! Сустрэньце Дыназаўрыка! Дапамажыце яму! -- расшыфраваў паведамленне іншапланецян Рыгор.
Гукі азбукі Морзе заціхлі, быццам абарваліся.
-- Дыназаўрык ужо спускаецца!.. -- у задуменні прагаварыў Рыгор.
-- Рыгорка, хутчэй хадзем. Дыназаўрык загіне ў халодным лесе, -- занепакоілася Сняжана і накіравалася ў ельнічак. Як і Рыгор, яна не баялася маленькага Дыназаўрыка, які не па сваёй волі ляцеў на зямлю.

Барабуля

Калі Рыгор і Сняжана схаваліся ў ельнічку, Воўк выйшаў з-за Склада непатрэбных рэчаў. Падслухаўшы размову дзяцей, ён узрадаваўся, падумаў: " Рыгорка і Сняжана нейкага Дыназаўрыка шукаюць. Я таксама яго пашукаю, каб з'есці. Дыназаўрыкі, напэўна, смачныя".
Воўк падняў галаву і па складах прачытаў надпіс на шыльдзе:
-- Склад не-па-трэб-ных рэ-чаў.
Галодны шэры разбойнік пацягнуў носам і адчуў прыемны пах мяса.
"У Складзе непатрэбных рэчаў ляжыць мяса", -- здагадаўся Воўк і ўзяўся за замок, хацеў адчыніць яго.
Але замкнёны замок не паддаўся Воўку.
-- Што ж гэта робіцца? У мой Склад сярод белага дня лезе злодзей Воўк! -- пачуўся ззаду адчайны крык.
Воўк азірнуўся і ўбачыў перад сабою жанчыну сярэдніх гадоў з кульбаю ў руцэ. На поясе ў яе вісеў вялікі ключ. "Гэты ключ ад замка, ад Склада непатрэбных рэчаў", -- прабегла ў Воўка ў галаве.
-- Ату Воўка!.. Ату Воўка!.. -- гучна закрычала жанчына.
-- Я не злодзей! Я не лезу ў твой Склад, -- натапырыўся Воўк.
-- Мяне, ведзьму Барабулю, не падманеш! -- не паверыла Воўку жанчына і ўзняла кульбу.
Воўк падціснуў хвост, але не адступіў, застаўся каля дзвярэй.
Ведзьма стала набліжацца да Воўка, час ад часу ўсклікаючы:
-- Ату Воўка!.. Ату Воўка!..
"Зараз Рыгорка яе крык пачуе і са стрэльбай сюды прыбяжыць. Будзе весела мне, як рыбцы на кручку!" -- падумаў Воўк і прагаварыў, стараючыся супакоіць ведзьму:
-- Не крычы так, Барабуля. У твой Склад неўзабаве залезе Дыназаўрык.
-- Які Дыназаўрык? -- было відаць, зацікавілася Барабуля.
-- Ён з іншай планеты. Ляціць на міжпланетным караблі, які цярпіць катастрофу. Хлопчык Рыгорка і дзяўчынка Сняжана прыйшлі ў лес, каб сустрэць яго. Рыгорка носіць цёплы кажушок, для Дыназаўрыка падабраў, -- растлумачыў здагадлівы Воўк.
-- Так я табе і паверыла!.. Ату Воўка!.. Ату Воўка!.. -- зноў прарэзліва закрычала жанчына і з узнятаю кульбаю кінулася на Воўка.
Воўк завыў і, павярнуўшыся, пабег у ельнічак. А што яму заставалася рабіць? Стаяць і чакаць, пакуль раз'юшаная ведзьма кульбай пачастуе?
Барабуля правяла вачыма Воўка, пакратала на Складзе замок і задаволена прагаварыла:
-- Мой замочак, нібы сабачка, маё дабро сцеражэ. Тут нікому не вер. Кожны стараецца ўкрасці, падмануць, усе злыя і сквапныя. І я, ведзьма Барабуля, сквапная, нядобрая: не люблю ні людзей, ні звяроў, ні птушак, нават самых маленькіх.
-- Ау-у-у!.. -- данеслася з ельнічку завыванне Воўка.
Барабуля патрэсла кульбай, палохаючы Воўка, а затым заспявала, прытанцоўваючы:
Ходзіць-лазіць цётка гаем
                                                  І цікуе, выглядае,
                                                  Каго можна запыніць,
                                                  Каб на зло яму зрабіць.

                                                  Ходзіць-лазіць цётка гаем,
                                                  Шчасце, радасць адбірае.
                                                  Цётка любіць ваяваць,
                                                  Ды не ўмее спагадаць...
Мабыць, ведзьма яшчэ крыху павесялілася б, задаволеная перамогай над шэрым драпежнікам, але нечакана пачуўся незразумелы гул.
Барабуля павярнулася ў адзін бок, у другі, прыслухоўваючыся. "Што ж так страшна гудзіць? Можа, магутны Зюзя-Зімавіца сваёй булавой па дрэвах стукае, лясных жыхароў палохае?" -- падумала яна.
Гул стаў мацнейшы і страшнейшы.
-- Не, гэта не Зюзя-Зімавіца! -- прагаварыла Барабуля.
Раптам пачуўся магутны выбух. Па лесе, аддаляючыся, прабеглася імклівае рэха.
Ведзьма ўспомніла нядаўняе паведамленне Воўка і прамовіла:
-- Міжпланетны карабель Дыназаўрыка спусціў і, мабыць, узарваўся. Парадуюцца дзеткі, Дыназаўрыка ўбачыўшы. А я не люблю, калі яны радуюцца. Распраўлюся з Дыназаўрыкам. Няхай дзеткі заплаканыя ходзяць!
Слупам застыла Барабуля. Нянавісць перакрывіла яе твар.

Радасць Барабулі

Барабуля не заўважыла, як да яе падышоў Воўк. Пачуўшы незвычайны гул, а затым і выбух, ён здагадаўся, што Дыназаўрык ужо спусціўся на зямлю. "Скажу ведзьме. Няхай бяжыць, шукае гэтага іншапланецяніна. Няхай падзівіцца на яго. А я тым часам у Склад залезу і пачастуюся там!" -- так вырашыў.
-- Не люблю дзяцей! -- вырвалася з грудзей Барабулі.
-- Барабуля такая страшная! -- ціха прамовіў Воўк і стаў адступаццца.
-- Пачакай, Воўча. Мяса хочаш? -- убачыўшы Воўка, сказала ведзьма.
Пачуўшы пра мяса, Воўк аблізнуўся і завіляў хвастом, быццам сабака.
-- Яшчэ як хачу!
-- Выканаеш маю просьбу -- атрымаеш самы вялікі кавалак свежамарожанага мяса. – паабяцала Барабуля і шырока развяла рукі, каб паказаць, які вялікі кавалак мяса атрымае Воўк. -- Вось такі!
-- Мне і меншага хопіць, -- адказаў Воўк. Ён разумеў, што вялікі кавалак мяса нізашто не дасць яму ведзьма, пашкадуе.
-- Магчыма, хопіць, магчыма, не хопіць. Ты, напэўна, моцна прагаладаўся.
-- Яшчэ як! -- каўтнуў слінкі Воўк.
-- Дык слухай мяне.
Воўк мацней завіляў хвастом.
-- Уважліва слухаю, Барабуля!
--  Я зараз паклічу Рыгорку і Сняжану, а ты падкрадзешся і кажушок у іх украдзеш, -- прапанавала Воўку ведзьма.
"Вось каб авечку ўкрасці разам з кажушком!.. Пабаляваў бы тады!" -- падумаў Воўк. Ён уявіў, як прабраўся ў цёплы хлеў, дзе ў загарадзе стаяць авечкі. Перапалохаліся, забляялі яны, яго ўбачыўшы...
-- Украдзеш? -- перапыніла думкі ляснога разбойніка ведзьма.
-- Навошта табе кажушок? -- пацікавіўся Воўк.
-- Не хачу, каб Дыназаўрык у ім грэўся. Няхай акалее на марозе.
Воўк паглядзеў на ведзьму і заморгаў вачыма. Не ведаў ён, што ў яе злосці поўныя косці.
-- Не лыпай так на мяне вачыма, Воўча! -- выгаварыла Барабуля і паказала на Склад непатрэбных рэчаў. -- За гэты будынак схавайся. Цяпер я буду дзейнічаць.
"Нарэшце пашанцавала мне. Мяса наемся і цёплы кажушок адзену", -- падумаў Воўк і схаваўся за Склад непатрэбных рэчаў.
-- Людзі, ратуйце! Людзі, дапамажыце! Людзі-і!.. -- залямантавала Барабуля.
Далёка, у самы гушчар панесла рэха яе адчайны лямант. Ад гэтага ляманту нават Воўку стала не па сабе. Ледзь не завыў ён, седзячы за Складам непатрэбных рэчаў.
А ведзьма навастрыла вушы, прыслухоўваючыся. Здаецца, галінка трэснула ў суседнім ельнічку. Так, яшчэ адна трэснула, і снег зарыпеў пад нагамі.
"Рыгорка і Сняжана бягуць, спяшаюцца на дапамогу. Купіла я іх!" -- падумала Барабуля і зноў залямантавала:
-- Людзі!.. Ратуйце, людзі!..
З ельнічку, як і меркавала ведзьма, выбеглі Рыгор і Сняжана. Твары ў іх былі расчырванелыя.
-- Добры дзень, цётачка! -- прывіталася Сняжана.
-- Добра дзень, шаноўная. Мы так беглі, спяшаліся, каб дапамагчы вам! -- сказаў Рыгор.
-- Дзякую вам, дзеткі. Ох і напалохалася я! -- хаваючы на вуснах ухмылку, усхліпнула Барабуля.
-- Хто ж вас так моцна напалохаў? -- запыталася Сняжана.
-- Дзеткі, сядайце на калоды, усё па парадку раскажу. Усё як было, ні слоўца ні прыбаўлю, -- прамовіла ведзьма.
Рыгор і Сняжана селі на калоды, якія стаялі каля Склада непатрэбных рэчаў.
Ведзьма ўзяла ў Рыгора кажушок і прагаварыла, паклаўшы яго за калодамі:
-- Кажушок няхай паляжыць. Тут яго ніхто не ўкрадзе.
Воўк толькі і чакаў гэтага. Вылез з-за Склада і стаў красціся да кажушка, асцярожна ступаючы, каб не зарыпеў настылы на марозе снег.
-- Вось што, дзеткі, здарылася са мною... Уважліва слухаеце? -- пачала ведзьма.
Рыгор і Сняжана дружна кіўнулі галовамі.
-- Значыць, было так. Стаю я на палянцы, адна стаю як таполя сярод поля, а ў небе раптам як загудзіць! Як загудзіць ў небе!.. -- сказала Барабуля і, пляснуўшы рукамі, заплюшчыла вочы, каб паказаць Рыгору і Сняжане, якога страху яна нядаўна набралася.
-- Маленькі Дыназаўрык на міжпланетным караблі да нас прыляцеў. А вы спалохаліся, -- вырашыў раскрыць свой сакрэт Рыгор.
Барабуля расплюшчыла вочы і стала расказваць далей:
-- Не маленькі, а вялікі, быццам слон. Зубы ў яго клыкастыя, загінастыя, як мая кульба, ногі тоўстыя-тоўстыя, нібы дубовыя...
-- Цётачка, ён маленькі, і зубы ў яго маленькія, і лапкі маленькія, -- не паверыла Сняжана.
"Мабыць, гэтай цётцы немаведама што са страху здалося. Нейкая вельмі баязлівая яна", -- адзначыў пра сябе Рыгор. Захапіўшыся расказам Барабулі, ён не заўважыў, як Воўк узяў кажушок і апрануў яго, быццам свой.
-- Не спрачайцеся, дзеткі, -- нахмурылася Барабуля. -- Сама, як вас цяпер, яго бачыла. Уважліва слухаеце?
-- Расказвайце, -- папрасіў Рыгор. Канешне, яму хацелася пачуць пра Дыназаўрыка. Як гаворыцца, любая інфармацыя пра Дыназаўрыка яму была цікавая.
-- Дыназаўрык, дзеткі, знянацку напаў на мяне, -- паведаміла ведзьма, наганяючы страх на Рыгора і Сняжану. Яна спадзявалася, што пасля яе расказу дзеці адразу ж пакінуць лес.
-- Гэта быў не Дыназаўрык! -- не вытрываў Рыгор.
-- Дыназаўрык!.. Не спрачайся, хлопчык! -- з раздражненнем прагаварыла Барабуля. -- Ён знянацку напаў на мяне і заявіў: " Цётка, я цябе з'ем". Міленькія, уцякайце з лесу, пакуль не позна.
-- Цётачка, мы хочам убачыць Дыназаўрыка, -- сказала Сняжана, паправіўшы торбачку, якая вісела на яе плячы. "Не пайду з зімовага лесу датуль, пакуль на свае вочы не ўбачу гэтага іншапланецяніна", -- вырашыла яна.
-- Мы знойдзем Дыназаўрыка. Мы дапаможам яму, выратуем яго, -- падаў голас Рыгор.
А Воўк стаіць за спінамі Рыгора і Сняжаны, уважліва разглядвае кажушок і ўсміхаецца, задаволены. Спадабаўся ён яму.
-- Дзеткі, Воўк ваш кажушок украў!.. Ату Воўка!.. Ату Воўка!.. -- азірнуўшыся, крыкнула Барабуля.
Рыгор і Сняжана ўскочылі і павярнуліся да Воўка.
-- Стой, Ваўчыдла, бо буду страляць! -- загадаў Рыгор.
-- Воўк, аддай кажушок! Аддай! – дапамагаючы аднакласніку, замахала рукамі Сняжана.
Думаеце, спалохаўся злодзей і аддаў дзецям кажушок?
Грузнучы ў глыбокім снезе, ён прыпусціўся наўцёкі. Сняжана і Рыгор кінуліся за ім. Рыгор скінуў з-за плячэй паляўнічую стрэльбу і перазарадзіў яе.
Воўк прыпусціўся хутчэй.
 -- І Рыгорку са Сняжанай адправіла, і Воўка без мяса пакінула. Вось якая хітрая я! -- пахваліла сама сябе ведзьма.

Дыназаўрык

У маладым ельнічку пачуўся трэск галля.
Барабуля застыла, прыслухоўваючыся.
Зноў трэснула галлё пад нечымі нагамі.
"Дыназаўрык прабіраецца праз густы ельнічак", -- здагадалася ведзьма і лягла на снег. Яна вырашыла прытварыцца нежывой, каб паглядзець, што будзе рабіць Дыназаўрык, убачыўшы яе.
Неўзабаве з ельнічку сапраўды выйшаў невялікі Дыназаўрык.  Ён ішоў, час ад часу азіраючыся. Яму было холадна і страшна ў незнаёмым лесе.
-- Нейкая цётка ляжыць. Відаць, замерзла яна, -- заўважыўшы ведзьму, занепакоіўся Дыназаўрык і наблізіўся да яе.
Барабуля затаіла дыханне. А Дыназаўрык  нагнуўся і прытуліўся вухам да грудзей ведзьмы.
Барабулі хацелася прарэзліва закрычаць, напалохаць іншапланецяніна, але яна стрымала сябе.
-- Жывая! Сэрца б'ецца, аж калоціцца!.. -- усклікнуў Дыназаўрык і паспрабаваў падняць Барабулю, але не змог. Ведзьма была цяжкая, як камень.
Над палянай праляцела сініца.
"Пінь-пінь", -- падала свой голас, сеўшы на дрэва. Зацікавілі яе ведзьма і Дыназаўрык.
-- Я не змагу падняць гэтую цётку. Загіне яна на марозе! -- паскардзіўся сініцы Дыназаўрык.
"Ты, Дыназаўрык, добры і даверлівы", -- падумала Барабуля і, прыўзняўшыся,  прагаварыла, нібы сонная:
-- Хто тут?
-- Я, Дыназаўрык, тут! -- убачыўшы, што акрыяла цётка, узрадаваўся іншапланетны жыхар.
-- Хлусіш, вушасцік. Дыназаўры даўным-даўно вымерлі, нават у гарачай Афрыцы іх няма, -- сказала хітрая Барабуля.
-- Я з іншай планеты. На нашай планеце ўвесь год цёпла, а ў вас цяпер холад стаіць. Замярзаю я! -- паскардзіўся Дыназаўрык.
"Ён той самы іншапланецянін, якога шукаюць Рыгорка і Сняжана", -- упэўнілася Барабуля. Яна ўстала і панюхала Дыназаўрыка, як іншы раз сабакі нюхаюць чужакоў.
-- І праўда, іншым духам пахнеш. Вельмі пахнеш, Дыназаўрык!
-- Я ляцеў на міжпланетным караблі, а ён пацярпеў катастрофу. На парашуце прыйшлося спусціцца. Я мірны Дыназаўрык, з вамі хачу сябраваць, -- паведаміў Дыназаўрык.зьмарка.
 ада і пачаў красціся да кажушка, асцярожна ступаючы, каб не рыпнуў настылы на марозе с
"Даверлівы, хітрыць не ўмееш, Дыназаўрык... Неўзабаве вакол пальца абвяду і знішчу. Не ведаеш, што толькі сябе люблю і шаную  я", -- падумала ведзьма і вырашыла напалохаць Дыназаўрыка, каб лепей слухаўся яе:
-- А ты запытаўся, ці я з табою хачу сябраваць? Зараз пайду адгэтуль, золатца. Згіну ў снежнай пустыні. Ніколі не ўбачыш мяне.
-- Цётачка, замярзаю! Дапамажы, калі ласка, -- калоцячыся ад холаду, папрасіў маленькі Дыназаўрык.
"Ты бездапаможны, слабы, а я дужая, моцная. Ты ў маіх руках. Што захачу, тое і зраблю з табою, пагуляўшы, як кошка з мышкаю", -- цешачыся, падумала Барабуля.
-- Цётачка!.. -- напомніў пра сябе Дыназаўрык.
 Высока ўзняўшы галаву, ведзьма прайшлася каля іншапланецяніна і нараспеў прамовіла:
-- Ходзіць-лазіць цётка гаем і цікуе, выглядае...
-- Цётачка, ты добрая! -- усхліпнуў Дыназаўрык.
Ведзьма наставіла на Дыназаўрыка кульбу. Здавалася, вось-вось стукне яго ці пратне.
-- Я добрая. Я дапамагу табе. Магчыма, дапамагу...
Дыназаўрык змахнуў з вачэй слёзкі.
-- Костачкі замярзаюць, цётачка!
-- Барабуляй мяне зваць, -- адрэкамендавалася ведзьма. Яе аж распірала ад радасці.
-- Цётка Барабуля, хутчэй дапамажы!..
Ведзьма вырашыла дзейнічаць. Яна ўжо ведала, што зробіць з Дыназаўрыкам, прыдумала, як яго знішчыць.
-- Супакойся, дапамагу! Я вельмі добрая!..
Дыназаўрык з надзеяй паглядзеў на ведзьму.
Вочкі заплюшч і роўненька стань, вушасцік! -- строга сказала Барабуля.
-- Дыназаўрыкам мяне зваць, -- напомніў ведзьме Дыназаўрык. Ён заплюшчыў вочы і стаў, выцягнуўшыся, як лазінка.
-- Не варушыся, нерухома стой, Дыназаўрык. Я Зюзю-Зімавіцу паклічу. Ён прыбяжыць і цяплом цябе сагрэе.
-- Пакліч, калі ласка, цёплага Зюзю-Зімавіцу, -- ціха прамовіў Дыназаўрык.
Так, у гэтым лесе жыў барадаты лысы дзядок Зюзя-Зімавіца. Ён хадзіў заўжды босы ў даўгаполым (амаль да зямлі) футравым адзенні. У яго, як і ў Дзеда Мароза, быў кій, зроблены з сасны. Гэты важкі кій Зюзя-Зімавіца час ад часу выкарыстоўваў у якасці дубінкі. Як і ведзьма, Зюзя-Зімавіца быў вельмі злы. Дзеля пацехі любіў ператварацца ў велічэзнага снежнага мядзведзя і нападаў на адзінокіх падарожных: навальваўся на іх і трымаў, стараючыся хутчэй замарозіць. Больш за ўсё Зюзя-Зімавіца шалеў напрадвесні, ненавідзеў той час, калі зіму змяняла вясна. Таму найбольш лютаваў у апошні зімовы месяц, названы лютым.
Не ведаў гэтага Дыназаўрык. Калі б ведаў, то не прасіў бы Барабулю, каб паклікала Зюзю-Зімавіцу.
-- Паклічу! Не калаціся, цярпі, Дыназаўрык. Нядоўга засталося табе цярпець, -- як градам, сыпанула словамі ведзьма і пабегла, напяваючы пад нос: -- Ходзіць-лазіць цётка гаем і цікуе, выглядае...
Падзьмуў вецер, заносячы сляды ведзьмы.
Дыназаўрыку захацелася спаць.
-- Мне зусім холадна, на сон морыць. Дзе ж падзелася добрая цётка Барабуля? Чаму яна Зюзю-Зімавіцу не вядзе? Мабыць, забылася яна пра мяне, -- прашаптаў Дыназаўрык.
Завыў вецер, калючым ледзяным душам абдаў іншапланецяніна.
Лапкі ў Дыназаўрыка падагнуліся. Ён лёг за калючай елачкай і ціха прагаварыў:зьмарка.
 ада і пачаў красціся да кажушка, асцярожна ступаючы, каб не рыпнуў настылы на марозе с
-- Напэўна, не дачакаюся Барабулю... Пасплю крыху на сняжку... Ён, здаецца, мяккі!..

Услед за Воўкам

Закалыханы ледзяным ветрам, Дыназаўрык непрыкметна заснуў. А на паляну прывалокся Воўк.
-- Куды ж мне схавацца? Я ад голаду зусім абяссілеў, зараз упаду і  ўжо не ўстану, -- паскардзіўся на свой цяжкі лёс лясны разбойнік.
Сапраўды, ён моцна стаміўся. Рыгор і Сняжана беглі па яго слядах, не адставалі. Так і не змог Воўк адарвацца ад іх. Услед за Воўкам прыбеглі дзеці на паляну.
-- Стой, злодзей Воўк! -- наставіў на драпежніка стрэльбу Рыгор.
-- Аддай кажушок! -- загадала Сняжана.
Воўк хуценька зняў кажушок і працягнуў яго дзецям.
-- Не біце, не страляйце мяне. Я галодны, няшчасны Воўк. А кажушок забярыце.
Барабуля мяне навучыла, каб яго ўкраў.
-- Цётка Барабуля? -- здзівілася Сняжана.
-- Яна не цётка, а ведзьма. Яна нікога на свеце не любіць. Дыназаўрыка хоча знішчыць, загубіць у лесе.
-- Аддай! -- прамовіў Рыгор і забраў у Воўка кажушок.
-- Не пашанцавала мне. А я так спадзяваўся! Добра, што хоць мой кажушок на мне застаўся, -- сам сабе паскардзіўся Воўк і паплёўся ў глыб лесу.
-- Рыгорка, Барабуля Дыназаўрыка хоча знішчыць, -- напомніла Сняжана. -- Што будзем рабіць?
Рыгор цяжка ўздыхнуў. Не чакаў ён, што ведзьма аб'явіцца ў гэтым лесе. Канешне, ліхая Барабуля пастараецца звесці са свету Дыназаўрыка. Яна вораг усяму жывому на зямлі, злая, як аса. Так кажуць усе, каму выпала сустрэцца з ёю.
-- Што будзем рабіць? -- паўтарыла Сняжана.
-- Будзем дзейнічаць.
-- Як? -- запыталася Сняжана.
-- Ты пабудзь на палянцы. Можа, з'явіцца тут Дыназаўрык, а я за Воўкам крыху пахаджу, паназіраю, -- прагаварыў Рыгор і накіраваўся ўслед за Воўкам. Хлопчык спадзяваўся, што шэры разбойнік прывядзе яго да Дыназаўрыка. Магчыма, не ўсё ён расказаў. Яму, як і ведзьме, хлопец не верыў.

Дапамога

Рыгор знік, быццам растварыўся ў зімовым лесе. Сняжана моўчкі  глядзела ўдалячынь. Як доўга, як нудна цягнецца час! Мажліва, Дыназаўрык заблудзіўся і замерз. Мажліва, ведзьма ўжо расправілася з ім. "Няўжо спазніліся мы?" -- прабегла ў галаве трывожная думка.
Падзьмуў, прарэзліва засвістаў халодны вецер.
Цяжка ўздыхнуўшы, Сняжана накіравалася да невялікай разлапістай елачкі, каб там схавацца ад ветру.
Яшчэ здалёку дзяўчынка заўважыла, што каля елачкі хтосьці ляжыць. "Няўжо гэта Дыназаўрык?.. Няўжо?" -- тахнула ў галаве, а сэрца забілася часта і трывожна.
Сняжана наблізілася да елачкі і сапраўды ўбачыла Дыназаўрыка. Ён ляжаў, скурчыўшыся, як бездапаможнае дзіцянё.
-- А хто гэта ўлёгся на снезе і спіць, як на цёплым ложку? -- усклікнула дзяўчынка. Яна думала, што Дыназаўрык пачуе яе і ўскочыць. Але ён нават не паварушыўся.
Сняжана дакранулася да Дыназаўрыка і штурхнула яго, раскатурхваючы.
-- Дыназаўрык, уставай. Замерзнеш!
-- Спаць хачу! -- не расплюшчваючы вачэй, прамовіў Дыназаўрык.
Дзяўчынка мацней штурхнула іншапланетнага госця.
-- Уставай, не ляжы на халодным снезе!
-- Буду спаць!.. -- прашаптаў Дыназаўрык.
-- Уставай, міленькі. Паслухайся мяне! -- ніжэй нагнулася над Дыназаўрыкам Сняжана.
-- Я з іншай планеты. Там цёпла. Я на міжпланетным караблі прыляцеў, -- не расплюшчваючы вачэй, паведаміў Дыназаўрык.
-- Ты не загінеш, не дам табе загінуць! Гарачай гарбатай цябе напаю, -- сказала Сняжана.
-- Спаць!.. – падаў голас іншапланецянін.
Дзяўчынка дастала з сумкі тэрмас з гарачай гарбатай і прытуліла яго да рота Дыназаўрыка.
-- Пі, міленькі!
Дыназаўрык цмокнуў губамі і стаў піць гарбату, як, бывае, маленькае цяля п'е праз соску цёплае пойла.
Сняжана з замілаваннем глядзела на незвычайнага іншапланетнага жыхара. Цяпер яна не адчувала сябе адзінокай у лесе.
-- Тут нядаўна была добрая цётка Барабуля. Яна пабегла клікаць Зюзю-Зімавіцу. Яны дапамогуць мне, выратуюць, -- пахваліўся Дыназаўрык, напіўшыся цёплай гарбаты. Ён пажвавеў, ужо не калаціўся, як асінавы лісцік.
-- Дыназаўрык, Барабуля -- ведзьма. Яна прывядзе сюды Зюзю-Зімавіцу, і ён цябе зусім замарозіць. Зюзя-Зімавіца нікому не спрыяе, нават звяроў і птушак  марозіць! -- на адным дыханні выпаліла Сняжана.
-- Як цябе зваць, дзяўчынка? -- пацікавіўся Дыназаўрык.  
-- Сняжанай. Барабуля падманула не толькі цябе, але і мяне, і майго сябра Рыгорку. Уставай, Дыназаўрык. Рыгорка зараз прыйдзе да нас. Ты пазнаёмішся з ім, пасябруеш, -- сказала Сняжана.
Дыназаўрык устаў і нявесела прагаварыў:
-- Я ўсё роўна замерзну. Я ў цяпле прывык жыць. А ў вас холадна.
"Ведзьме паверыў, што дапаможа, а мне не верыць", -- падумала Сняжана і ўзяла Дыназаўрыка за лапкі.
-- Не замерзнеш. Хутка наступіць вясна, цёплае сонейка заззяе.
Дыназаўрык ледзь прыкметна ўсміхнуўся. Сняжана закружыла яго, як у танцы, і заспявала, абнадзейваючы:
                        Халодны снег растане,
                        Рачулка пабяжыць.
                        Махнаты чмель прачнецца,
                        На ўскрайку загудзіць.
                        І сонейка заззяе.
                        Прыйдзе вясна-красна.
                        Зялёнымі лісточкамі
                        Парадуе яна.
Іншапланецянін заўсміхаўся, пазіраючы на Сняжану.
"Ён нарэшце паверыў мне. Вера сілу яму дасць", -- падумала дзяўчынка і прагаварыла з захапленнем:
-- Прыйдзе вясна-красна, уцячэ ад нас халодная зіма!
Дыназаўрык перастаў кружыцца, спыніўся і паўтарыў у задуменні:
-- Уцячэ ад нас халодная зіма!..
Пра сваю далёкую планету, дзе цёпла, дзе свеціць яркае сонейка, цяпер успомніў ён, няйначай.
-- Канешне, уцячэ, -- усміхнулася Дыназаўрыку Сняжана. -- Ты не загінеш, будзеш жыць!
-- Пакуль яна ўцячэ, замерзну я. Мне ўсё халадней становіцца, -- скалануўшыся, паскардзіўся Дыназаўрык.
"Замерзну!.. Зноў заладзіў адно і тое ж", -- падумала Сняжана і папракнула:
-- Сагнуўся, як былінка, ківаешся на ветры!..
-- Я не сагнуўся б, як былінка, калі б мне было цёпла! -- прашаптаў Дыназаўрык.
-- Загартоўвайся, фізкультурай займайся, і ніякі холад цябе не возьме, -- параіла дзяўчынка.
-- Я не ўмею займацца фізкультурай. Мы, Дыназаўрыкі, на сваёй планеце фізкультурай не займаліся, -- паведаміў Дыназаўрык.
Сняжана ўважліва паглядзела на Дыназаўрыка і сказала:
-- Тады я навучу цябе загартоўвацца. Будзеш паўтараць за мною?
-- Буду! -- кіўнуў галавою іншапланецянін.
-- Дыназаўрык, ты хутка забудзешся пра мароз! -- усклікнула Сняжана і заспявала, выконваючы фізкультурныя практыкаванні:
Кую, кую ножку,
                                                         Паеду ў дарожку.
                                                         Куплю чаравічкі
                                                         На ножку вялічкі.
Як і Сняжана, Дыназаўрык заспяваў, выконваючы фізкультурныя практыкаванні:
Кую, кую ножку,
                                                         Паеду ў дарожку.
                                                         Куплю чаравічкі
                                                         На ножку вялічкі.
-- Дыназаўрык, табе ўжо цяплей? -- пацікавілася дзяўчынка.
-- Цяплей! -- азваўся Дыназаўрык. -- Неўзабаве стане зусім цёпленька. Сняжана, давай яшчэ фізкультурай пазаймаемся.
-- Давай, калі не стаміўся, -- пагадзілася Сняжана і заспявала, б'ючы ў ладкі:
Кую, кую ножку,
                                                         Паеду ў дарожку,
                                                         За чатыры мілі
                                                         Падковачкі збілі.
І Дыназаўрык заспяваў, б'ючы ў ладкі:
Кую, кую ножку,
                                                         Паеду ў дарожку,
                                                         За чатыры мілі
                                                         Падковачкі збілі.
А потым Дыназаўрык і Сняжана разам заспявалі, выконваючы фізкультурныя практыкаванні:
Кую, кую ножку,
                                                         Паеду ў дарожку.
                                                         Дарожка ліхая,
                                                         Кабылка кульгае.
                                                                    (З народнага.)
-- Сняжана, мне ўжо горача, нават спінка спацела, -- прызнаўся Дыназаўрык.
Сняжана зняла рукавіцы і працягнула іх Дыназаўрыку.
-- Бяры мае рукавічкі. Яны твае лапкі сагрэюць.
Дыназаўрык узяў у Сняжаны рукавіцы і пахваліў іх:
-- Дзіўныя рукавічкі! Такія мякенькія!..
Дзяўчынка ўсміхнулася, гледзячы на незвычайнага іншапланецяніна.
-- Сняжана, ты казала, што твой сябар Рыгорка да нас павінен прыйсці, -- успомніў Дыназаўрык.
Хмурынка прабегла па твары Сняжаны.
-- Дзесьці затрымліваецца Рыгорка.
-- Пашукай яго і прывядзі, калі ласка.
-- А ты тут застанешся?
-- Але!
Дзяўчынка пакруціла галавою.
-- Ведзьма і Зюзя-Зімавіца вось-вось з'явяцца. Не абаронішся ад іх, калі возьмуцца за цябе.
-- Я схаваюся, калі ўбачу гэтых нячысцікаў, -- сказаў Дыназаўрык.
--  Адзін не будзеш баяцца? -- падумаўшы, пацікавілася Сняжана.
-- Мне ўжо цёпла. А таму зусім не страшна ў вашым лесе, -- заявіў іншапланетны жыхар.
Сняжана працягнула Дыназаўрыку тэрмас з гарбатай.
-- Вазьмі. Калі стане холадна, вып'еш цёплай гарбаты.
Іншапланецянін узяў у дзяўчынкі тэрмас з гарбатай і прытуліў яго да грудзей.
-- Чакай мяне, Дыназаўрык, -- прамовіла Сняжана і пайшла па слядах Рыгоркі. Яны яшчэ віднеліся на снезе.
-- Хутка вясна наступіць, цяпло прынясе! -- усміхнуўшыся, прагаварыў Дыназаўрык і ціха заспяваў:
Кую, кую ножку,
                                                          Паеду ў дарожку.
                                                          Дарожка ліхая,
                                                          Кабылка кульгае.
З ельніку данеслася рыпенне снегу.
Дыназаўрык перастаў спяваць, прыслухаўся.
-- Напэўна, ведзьма Барабуля і Зюзя-Зімавіца сюды ідуць. Вунь як моцна снег рыпіць пад іх нагамі! -- сказаў ён і схаваўся за разлапістую елачку.

Разам з Зюзем-Зімавіцам

Дыназаўрык не памыліўся. На паляну выйшлі Барабуля з кульбаю і Зюзя-Зімавіца з тоўстым кіем.
-- Зюзя-Зімавіца, мы з табою!.. Мы з табою!.. -- падскочыўшы, крыкнула Барабуля. Што ж, перад Зюзем-Зімавіцам сваім розумам і спрытам яна вырашыла пахваліцца.
А Зюзя-Зімавіца адапхнуў ведзьму і заспяваў:
Буру я магу прыслаць,
                                                    Усё жывое пакараць.
                                                    У-ха-ха! Ну і сняжок!
                                                    Ён засыпле ўвесь лясок!
            -- Зюзя-Зімавіца, мы з табою!.. Мы з табою!.. -- зноў пачала Барабуля.
-- Без цябе замарожу Дыназаўрыка, -- перапыніў ведзьму Зюзя-Зімавіца. Не любіў ён, калі лезлі наперад яго.
"Вельмі ж фанабэрысты ты, толькі пра сябе думаеш, разумнік!" --  падумала пра Зюзю-Зімавіцу Барабуля, але не стала спрачацца, пабаялася, што разгневаецца гэты хуткі на расправу дзядок.
-- Замарозім, каб вечна мы ім любаваліся! -- захіхікала.
Зюзя-Зімавіца махнуў сасновым кіем і насупіў бровы.
-- Не толькі мы, але і мае верныя слугі: чэрці лазатыя, ваўкі-віхуры.
Ваўкі-віхуры лёгкія на ўспамін. Заскавыталі, закруціліся, паднімаючы снежны туман.
-- Як на замарожаную рыбу, будзем глядзець на яго! -- пратарабаніла ведзьма.
-- Дзе Дыназаўрык? Не бачу Дыназаўрыка, -- азірнуўся Зюзя-Зімавіца. -- Барабуля, дзе ён?
Пачуўшы грозны, незадаволены голас гаспадара, ваўкі-віхуры падціснулі хвасты і пабеглі ў гушчар. Ціха стала на палянцы.
-- Дыназаўрык, відаць, пад куст схаваўся. Сядзіць і калоціцца там, -- выказала здагадку ведзьма.
-- А мы знойдзем яго і выцягнем! -- прагаварыў Зюзя-Зімавіца і, ступаючы па снезе босымі нагамі, накіраваўся на ўскраек ельніку.
Барабуля пацягнулася за ім.

Незвычайны паядынак

Ні Зюзя-Зімавіца, ні ведзьма, вядома ж, не знайшлі іншапланетнага жыхара ў яловым ляску.
-- Як праз зямлю праваліўся Дыназаўрык! -- развёў рукамі Зюзя-Зімавіца.
"Калі б твае ваўкі-віхуры не замялі сляды, то мы даўно яго знайшлі б", -- падумала Барабуля, але не сказала пра гэта Зюзю-Зімавіцу. Пачні пярэчыць -- адразу ж сварку ці бойку распачне лясны царок. Задзірлівы, як певень.
-- Дзе Дыназаўрык? Я пытаюся! -- павысіў голас Зюзя-Зімавіца.
-- Не нервуйся, супакойся, золатца. Зараз паклічу! -- сказала Барабуля.
-- Даўно пара было паклікаць, -- незадаволена прамармытаў злосны дзядок.
-- Дыназаўрык, дзе ты? Добрая бабуля Барабуля цябе кліча. Дыназаўрык, азавіся! -- гукнула ведзьма. Яна спадзявалася, што Дыназаўрык пачуе яе і адразу ж прыбяжыць.
Але іншапланетны жыхар чамусьці не прыбег, нават не азваўся.
-- Добры Зюзя-Зімавіца кліча! Бяжы да нас, Дыназаўрычак! -- дапамагаючы ведзьме, гукнуў Зюзя-Зімавіца і ўхмыльнуўся.
-- Мы напоім малачком! -- крыкнула Барабуля.
-- Пачастуем піражком, -- паабяцаў нябачнаму іншапланецяніну Зюзя-Зімавіца.
-- Цукерачку дам! -- зноў крыкнула Барабуля.
-- А я пячэння кілаграм! -- зарагатаў Зюзя-Зімавіца, уяўляючы, як неўзабаве будзе марозіць Дыназаўрыка.
-- Вушасцік, мабыць, павалокся кудысьці, -- накрычаўшыся, паціснула плячыма ведзьма.
Моцна ўзлаваўся Зюзя-Зімавіца. Ён у мядзведжай бярлозе спаў, выгнаўшы адтуль на двор соннага мядзведзя, калі прыбегла да яго Барабуля і расказала пра Дыназаўрыка. Спаў, салодкі сон сніў...
-- Выдумала пра Дыназаўрыка. Ад няма чаго рабіць сюды прывяла, паспаць не дала! -- прабубніў лясны валадар і штурхнуў ведзьму.
Барабуля ледзь на нагах утрымалася, але не разгубілася. Таксама штурхнула Зюзю-Зімавіцу. Як гаворыцца, не на тую натрапіў ён.
-- Рукі не распускай! -- папярэдзіла.
Да шаленства давяла яна Зюзю-Зімавіцу.
-- Штурхнула мяне! -- праз зубы працадзіў ён і, схапіўшы Барабулю за плечы, дыхнуў у твар холадам.
-- Зюзя, пусці! Пусці, Зюзя! -- з пагрозай прагаварыла ведзьма. Не, яна не паддасца Зюзю-Зімавіцу, няхай і дужэйшы ён за яе.
А Зюзя-Зімавіца не адпускае, моцна трымае Барабулю, холадам дыхае. Чакае, калі замерзне яна.
Доўга не думаючы, ведзьма кульбай зачапіла Зюзю-Зімавіцу за нагу. Той упаў, як падкошаны.
-- Думаеш, што я слабенькая? -- бліснула вачыма Барабуля.
-- Кульбай пакаціла!.. Ну, Барабуля, трымайся! -- гыркнуў Зюзя-Зімавіца і, ускочыўшы, тоўстым кіем замахнуўся на ведзьму, хацеў агрэць яе па плячах.
Ведзьма кульбай адбіла гэты небяспечны ўдар і заявіла:
-- Не паддамся я табе, золатца!
-- Давяла мяне да злосці! Паламлю твае ўсе косці! -- на ўвесь лес галёкнуў Зюзя-Зімавіца і з новай сілай кінуўся на Барабулю. Скача, як дроздзік.
Ведзьма адчула, што слабее, сілы сталі пакідаць яе. Яна ледзь паспявала адбіваць страшныя ўдары Зюзевага кія.
-- Зюзечка, хопіць біцца, хопіць!.. -- загаласіла. -- Я здагадалася, як нам знайсці Дыназаўрыка.
Пачуўшы пра Дыназаўрыка, Зюзя-Зімавіца адразу ж апусціў кій.
-- Што ж, яшчэ раз паслухаю цябе, Барабулька.
-- Зюзя, пакліч Воўка -- свайго вернага слугу. У яго вельмі добры нюх. Ён знойдзе Дыназаўрыка, -- таропка прагаварыла Барабуля і ўважліва паглядзела на Зюзю-Зімавіцу. Ці паслухаецца ён? Ці прыме яе прапанову?
Задумаўся дзядок, стаіць, кудлачыць доўгую сівую бараду.
-- Паклічаш? -- не вытрывала ведзьма.
-- Паклічу. Воўк мае добры нюх. Ён мяса за вярсту чуе, -- нарэшце падаў голас Зюзя-Зімавіца..
-- Не чухай бараду, а кліч хутчэй, Зюзечка! -- палагаднела ведзьма.
Лясны цар набраў у грудзі паветра і гукнуў так, што аж снег з дрэў пасыпаўся:
-- Воўк! Воўча! Ваўчыдла! Ваўчыдла-страшыдла! Ау-у-у!..
Воўк адразу пачуў голас Зюзі-Зімавіцы. Узрадаваўся, падумаў, што гаспадар смачным мясам яго пачастуе. Хацеў завыць у адказ, ды чамусьці заняло ў горле. Ад вялікай радасці, напэўна. А магчыма, таму, што перасохла горла.
Вылупіў Воўк вочы, стаіць, не ведае, што яму рабіць.
-- І гэты маўчыць, не чуе, дзесьці цягаецца. Давай разам яго паклічам, -- прапанавала Зюзю-Зімавіцу Барабуля.
-- Па маёй камандзе, -- папярэдзіў Зюзя-Зімавіца.
Барабуля кіўнула галавою, падумаўшы пра сябе: "І тут першы хочаш быць. Няхай. Потым паглядзім, дзе каго пасадзім".
Зюзя-Зімавіца і Барабуля набралі ў грудзі паветра і гукнулі разам па камандзе Зюзі-Зімавіцы:
-- Ваўчыдла-страшыдла, ау-у-у-у!..
Воўк кашлянуў, прачысціў горла і праз хвіліну адклікнуўся:
-- Ау-у-у-у!..
-- Пачуў. Зараз прывалачэцца галодны і халодны, -- заўважыла ведзьма.
А ў Зюзі-Зімавіцы Дыназаўрык з галавы не выходзіць. Вельмі ж хочацца яму дабрацца да яго.
-- Замарожу Дыназаўрыка! У лядзяш ператвару! -- усклікнуў ён і заспяваў на ўсю сілу:
Буру я магу прыслаць,
                                                      Усё жывое пакараць!
                                                  -- У-ха-ха! Ну і сняжок!
                                                  Ён засыпле ўвесь лясок!

Ваяка

Запыхаўшыся, прыбег на паляну Воўк. Спадзяваўся, што ўволю наесца  тут.
-- З'явіўся ваяка! -- паглядзеўшы на Воўка, з пагардай прамовіла Барабуля.
-- Воўча, знайдзі  Дыназаўрыка альбо жывога, альбо мёртвага, -- адразу ж аддаў загад Зюзя-Зімавіца.
Воўк стрункай выцягнуўся перад Зюзем-Зімавіцам. Есць гаспадара галоднымі вачыма.
-- Яго сляды знайдзі і панюхай, -- падказала Барабуля.
-- Яго сляды даўно замеценыя, -- буркнуў Воўк. 
-- Нюхай вось тут і вось тут! -- паказаў на снезе Зюзя-Зімавіца.
-- Я ўсё абнюхаю. Я знайду Дыназаўрыка, -- паабяцаў Воўк.
-- Барабуля, майму Воўку два разы не трэба паўтараць. Ён з паўслова мяне разумее, -- з гонарам паглядзеўшы на ведзьму, пахваліўся Зюзя-Зімавіца.
Воўк пацягнуў носам, панюхаў паветра і накіраваўся да Склада непатрэбных рэчаў.
-- Куды ты, Воўча? -- захвалявалася ведзьма.
А Воўк не зважае на ведзьму, сагнуўшыся, як у час палявання, крадзецца да Склада і прыгаворвае:
-- Пахне! Мясам пахне там. Там, там, там...
Ведзьма кінулася да Воўка, па-добраму паспрабавала яго спыніць.
-- Воўча, не там Дыназаўрыка шукаеш.
Воўк бягом прыпусціўся да Склада.
-- Есці! Есці! Я тры дні не еў, па лесе галодны цягаюся!
-- Што тут робіцца? -- зусім разгубіўся Зюзя-Зімавіца. Вылупіў вочы, на Барабулю і Воўка пазірае.
А Воўк ужо каля Склада, лапамі па дзвярах стукае.
-- Так пахне, што аж нос набок зварочвае! Есці! Есці! Мяса! Мяса мне!
-- Куды лезеш? -- за карак схапіла шэрага разбойніка Барабуля. --  Не там шукаеш, табе  сказала!
А Воўк быццам прыліп да дзвярэй, не адцягнуць яго.
-- Там Дыназаўрык, там!
-- Зразумела! -- пачухаўшы бараду, прамовіў Зюзя-Зімавіца. --  Дыназаўрык у гэтую будыніну залез.
-- Даўно залез, схаваўся! -- завыў Воўк.
-- Зараз замок з прабоем вырву! -- шырока расставіўшы ногі, заявіў Зюзя-Зімавіца.
-- І ты на маё дабро паквапіўся? -- уставілася на Зюзю-Зімавіцу Барабуля. -- Не дам мяса!
-- Вырву я! -- заўпарціўся лясны валадар. Воўка адапхнуў, сам у Склад лезе. Да Дыназаўрыка хутчэй хоча дабрацца.
Барабуля адпусціла Воўка і ўзняла кульбу:  Зюзю-Зімавіцу да Склада непатрэбных рэчаў не падпускае.
-- Дыназаўрыка хачу ўбачыць. Дыназаўрыка мне! -- замахнуўся сукаватым кіем Зюзя-Зімавіца. Вось-вось агрэе ведзьму па плячах.
-- Вы пабарукайцеся, а я ключык зніму. Ключык мне хутка спатрэбіцца. Я галодны. Мне ўсё можна, -- сказаў Воўк і непрыкметна зняў ключ з пояса Барабулі.
-- Зюзя, адыдзіся, бо моцна паб'емся! -- выказалася Барабуля.
А Зюзя-Зімавіца не адыходзіцца, топчацца каля дзвярэй.
-- Дыназаўрыка хачу замарозіць! Дыназаўрыка!..
Мабыць, новай бойкай закончылася б іх спрэчка, калі б Воўк не гукнуў:
-- Вунь Дыназаўрык! Пабег!
-- Дзе пабег? Куды пабег? -- залыпаў вачыма Зюзя-Зімавіца.
-- Вунь туды пабег! -- тыцнуў лапай Воўк, паказаўшы на густы ельнік. -- За кустамі мільгануў і схаваўся, як заяц!
-- Замарожу яго! -- крыкнуў Зюзя-Зімавіца і панёсся ў ельнік. Быццам з ланцуга сарваўся.
-- Зюзечка, мяне пачакай! Разам паздзекуемся з Дыназаўрыка! -- гукнула ведзьма і рванула за сябруком.
Правёўшы вачыма Зюзю-Зімавіцу і Барабулю, Воўк ключом адамкнуў замок (праўда, прыйшлося яму павазіцца з замком, доўга не адмыкаўся ён, настыў на марозе), адчыніў дзверы і выцягнуў са Склада непатрэбных рэчаў вялікі кумпяк.

Калі голад розум адбірае

Вярнуўшыся з лесу, Барабуля і Зюзя-Зімавіца ўбачылі каля Склада Воўка з кумпяком.
-- Падмануў нас, каб мяса ўкрасці? -- закрычала Барабуля і кінулася да Воўка.
-- Не аддам мяса! -- ашчэрыўся Воўк  і пабег, узваліўшы кумпяк на спіну.
-- Зюзя, трымай злодзея! -- загаласіла Барабуля.
Зюзя-Зімавіца расставіў рукі. Спадзяваўся, што затрымае свайго вернага слугу.
-- Воўча, з Зюзем не жартуй. Аддай кумпяк Зюзі.
А ў Воўка быццам крылы выраслі. Мінуўшы Зюзю-Зімавіцу, ён маланкай сігануў у гушчар.
-- Воўча, кінь кумпяк! --  прашаптала Барабуля і спынілася, з горкасцю падумаўшы: "Не дагнаць мне гэтага злодзея. Прапаў мой кумпячок!"
-- Склад не-па-трэб-ных рэ-чаў, -- прачытаў надпіс на шыльдзе Склада Зюзя-Зімавіца і зарагатаў. -- Ха-ха-ха... Нездарма кажуць: не вер напісанаму.
"І ён, шкоднік, любіць дарэмнае мяса", -- падумала ведзьма, са злосцю пазіраючы на лысага дзядка.
-- Як мне здаецца, шмат дабра Барабуля ў свой Склад нацягала. Думаю, што і для мяне там што-небудзь знойдзецца, -- сказаў Зюзя-Зімавіца і ўзяўся за ручку дзвярэй.
Вавёркай падскочыла да яго ведзьма.
-- Зюзя, у мой Склад не лезь. Вочы павыдзіраю!
-- Ды я.. Я... Я дзверы хацеў зачыніць. Не дагнала Воўка? -- заморгаў вочкамі Зюзя-Зімавіца.
-- Ён жа твой слуга. Чаму не паслухаўся цябе? -- запыталася Барабуля.
-- Голад розум у яго адабраў, -- адказаў лясны царок.
-- Апчхі! -- не вытрываў, чхнуў Дыназаўрык, седзячы за елачкай. Усё-ткі прастудзіўся ён у халодным лесе.
-- Ты цяпер чхнула? -- зірнуў на Барабулю Зюзя-Зімавіца.
-- Дыназаўрык чхнуў! -- здагадалася ведзьма.
-- Дзе ён?
Барабуля торкнула рукою, паказаўшы на адзінокую разлапістую елачку.
-- Там.

Як Барабуля і Зюзя-Зімавіца хацелі злавіць Дыназаўрыка

Барабуля і Зюзя-Зімавіца разам падбеглі да адзінокай елачкі.
-- Вось дзе ты схаваўся! -- убачыўшы Дыназаўрыка, усклікнуў Зюзя-Зімавіца.
-- Прытаіўся, як зайчык каля мяжы! -- кульбай дакранулася да Дыназаўрыка Барабуля. -- А чаго, запытацца? Мы ж цябе не збілі, не знявечылі... Не збілі?
"Не збілі, не знявечылі, бо яшчэ не дабраліся да мяне", -- падумаў Дыназаўрык і
адказаў:
-- Прыбеглі, каб набіць!
Зюзя-Зімавіца зарагатаў. Ад вялікага рогату ў яго аж жывот закалыхаўся.
-- Пакіньце мяне ў спакоі. Не люблю я вас. Зусім не люблю! -- заявіў Дыназаўрык. Ён спадзяваўся, што Барабуля і Зюзя-Зімавіца пакрыўдзяцца і пойдуць. Ды кепска ведаў ён нячысцікаў. Праз імгненне яны схапілі яго і выцягнулі з-за ўтульнай елачкі.
-- Ад нас не ўцячэш. Мы тут самыя дужыя, -- пахвалілася ведзьма.
-- Мы тут самыя хітрыя! -- сказаў Зюзя-Зімавіца. -- Мы!.. Мы!..
Ён, напэўна, доўга расхвальваў бы сябе і Барабулю і ні разу не пачырванеў бы, але ведзьма перапыніла яго, песню зацягнула:
Нас баяцца ўсе на свеце,
                                                   Ўсе: і людзі, і звяры.
-- Правільна! -- падтакнуў Зюзя-Зімавіца і таксама заспяваў басам, палохаючы лясных жыхароў:
                                                     Не дарослыя, не дзеці --
                                                     Мы ў ляску гаспадары.
                                                     Мы лянівых не караем,
                                                     Добрым спуску не даём,
                                                     Гультаям мы патураем,
                                                     А разумных кіем б'ём.
"Калі вы ў ляску гаспадары, то хто тады тут Рыгорка і Сняжана? Пабачу, як заспяваеце, калі на палянку яны вернуцца. Напэўна, перастанеце задавацца", -- падумаў Дыназаўрык і прагаварыў:
-- Вы не знайшлі б мяне, калі б я не прастудзіўся і не чхнуў.
-- Мы не знайшлі б? -- абурылася Барабуля.
-- Мы? -- стукнуў сябе кулаком у грудзі Зюзя-Зімавіца.
Дыназаўрык прыставіў лапку да рота і гучна чхнуў.
Вядзьмарка і Зюзя-Зімавіца ад неспадзеўкі падскочылі.
-- Спалохаліся! -- зазначыў іншапланецянін.
-- Шкада мне цябе, Дыназаўрык, -- уздыхнула Барабуля.
-- І мне вельмі шкада! -- выціснуў слязу лясны царок. -- Ты такі прыгожанькі!
 "Цаца, цаца -- і ў кішэнь. Так кажуць у нас пра такіх, як вы", -- падумаў Дыназаўрык і адступіў ад Барабулі і Зюзі-Зімавіцы.
-- Замарозім мы цябе! -- страсянуўшы барадою, нечакана заявіў Зюзя-Зімавіца.
-- У цяпле пражыў, баішся холаду. Ведаем! -- ухмыльнулася ведзьма.
"Не ўсё вы ведаеце пра мяне" -- падумаў Дыназаўрык і дастаў з-за пазухі тэрмас з гарбатай.
-- Замарозіце? Паспрабуйце!
-- Зюзя, дзейнічай! -- павярнулася да Зюзі-Зімавіцы ведзьма.
Лясны валадар надзьмуў шчокі, на Дыназаўрыка холадам хацеў дыхнуць.
-- Я зараз вып'ю гарачай гарбаты і сагрэюся. Мяне ніякі мароз не возьме, -- сказаў Дыназаўрык.
Барабуля ступіла ўперад і працягнула руку.
-- Аддай гарбату, вушасцік!
-- Мне аддай! -- разявіў рот Зюзя-Зімавіца.
Іншапланетны жыхар смела паглядзеў на нячысцікаў. Няхай ведаюць яны, што і тут ёсць каму абараніць яго.
-- Не вы мне яе далі! Вось так!
-- Па-добраму просім цябе, Дыназаўрычак! -- скрывіла ва ўсмешцы вусны ведзьма, падумаўшы пра сябе: " Не вырвешся ты ад нас, золатца. Папаўся, як верабей у шапку".
-- Падыдзі да мяне. Пагуляем крышку. Цып-цып-цып, -- быццам неразумнае кураня, паклікаў Дыназаўрыка Зюзя-Зімавіца. Як і ведзьма, лёгкай здабычай лічыў ён Дыназаўрыка.
-- Не падыду я да вас. Не прасіце і не клічце! -- прагаварыў Дыназаўрык. Ён яшчэ спадзяваўся, што Барабуля і Зюзя-Зімавіца пакінуць яго і пойдуць сваёй дарогай.
-- Які ўпарты! -- пакруціла галавою Барабуля. -- Зюзя, заходзь ззаду і акружай гэтага вушасціка.
-- А я скок --  і ў лясок, -- прамовіў Дыназаўрык і скокнуў убок.
-- Зюзя, не пускай яго ў лясок! – перайшла на крык Барабуля.
Іншапланецянін не збіраўся хавацца ў яловым ляску.
-- Не хацеў я ў лясок. І тут для мяне ёсць схованка, -- сказаў ён і, забегшы ў Склад непатрэбных рэчаў, на зашчапку зачыніў за сабою дзверы.
-- Дзівіся, Барабуля. Хутка дастану яго адтуль, -- узяўшыся за ручку дзвярэй, пахваліўся Зюзя-Зімавіца.
-- Ну! – падахвоціла ведзьма.
Зюзя-Зімавіца з усёй сілы тузануў дзверы, але яны не адчыніліся.
-- Дыназаўрык дзверы на зашчапку зачыніў! -- падказала сябруку Барабуля.
-- Адарвем зашчапку. Сілы ў нас хопіць, каб нейкую зашчапку адарваць, -- ажывіўся Зюзя-Зімавіца.
-- Паспрабуйце, калі такія дужыя. Падзіўлюся на вас, -- азваўся са Склада Дыназаўрык. Сапраўды, яму цікава было паглядзець хоць праз шчылінку, як Барабуля і Зюзя-Зімавіца будуць адрываць металічную зашчапку.
Пачуўшы голас Дыназаўрыка, Зюзя-Зімавіца ўхапіўся за ручку дзвярэй і скамандаваў:
-- Барабуля, за мяне бярыся, дапамагай!
Ведзьма ззаду абхапіла Зюзю-Зімавіцу.
-- Узялася, Зюзечка!
-- Цягнем-пацягнем! -- цягнучы за ручку дзвярэй, нараспеў прамовіў грозны Зюзя-Зімавіца.
-- Ага-а! -- як сойка, закрычала  Барабуля, цягнучы Зюзю-Зімавіцу.
І на гэты раз дзверы не адчыніліся, не паддаліся ведзьме і Зюзю-Зімавіцы. Не змаглі яны адарваць металічную зашчапку.
-- Ганьба вам, слабакі! -- выказаўся Дыназаўрык.
-- Цягнем-пацягнем! -- занятыя сваёй чорнай справай, усклікнулі Барабуля і Зюзя-Зімавіца.
Усё-ткі адарвалася, але не зашчапка, а ручка дзвярэй, і лясныя нячысцікі, быццам снапы, кульнуліся на снег.
-- Ручку адарвалі, а дзверы не адчынілі, толькі ўсе бакі сабе пабілі, -- устаючы, паскардзіўся Зюзя-Зімавіца.
-- Слабакі, мала кашы з'елі! -- гукнуў са Склада Дыназаўрык. Праз шчылінку між дошкамі Склада ён добра бачыў, як упалі Барабуля і Зюзя-Зімавіца. Павесялеў ён. Пра страх і холад зусім забыўся.
-- У-у, я яго!.. У-у, я яго!.. Замарожу! -- сказаў, як сякераю секануў, Зюзя-Зімавіца.
-- Ён за сцяною. За сцяною яго не замарозіш, -- напомніла сябруку ведзьма.
-- Барабуля, давай  я табе на спіну стану і праз верх у Склад залезу, -- крыху падумаўшы, прапанаваў Зюзя-Зімавіца.
"Скалечыць, калі на спіну стане. Потым усю зіму буду вохкаць, сама сабе скардзіцца", --зірнуўшы на дзябёлага  Зюзю-Зімавіцу, падумала ведзьма.
-- Давай я табе на спіну стану. Твая спіна мацнейшая, -- сказала яна.
-- Але, мая спіна мацнейшая! Я здаровы, як мур, -- пагадзіўся Зюзя-Зімавіца і, сагнуўшыся дугою, стаў каля Склада непатрэбных рэчаў.
Абапіраючыся кульбай аб зямлю, Барабуля  ўскарабкалася на спіну Зюзі-Зімавіцы. Хоць і дужы быў лясны цар,  але пахіснуўся.
-- Зюзечка, роўненька стой, не варушыся, -- папрасіла Барабуля. Зараз выцягну Дыназаўрыка.
А Дыназаўрык праз верх высунуўся са Склада непатрэбных рэчаў і стаў біць ведзьму дзеркачом, прыгаворваючы:
-- Атрымай дзеркачом! Атрымай! Атрымай!..
Барабуля ўзмахнула рукамі, нібы птушка крыламі, але не паляцела. Упала са спіны Зюзі-Зімавіцы, зарыўшыся носам у снег.
-- Я вас у госці не прасіў, -- сказаў Дыназаўрык, схаваўшыся ў Складзе непатрэбных рэчаў. Цяпер ён адчуваў сябе як пераможца, які выйграў нялёгкую бітву.
-- Дыназаўрык, мы цябе ўсё роўна дастанем. Дыназаўрык ты! -- усхапіўшыся, крыкнула Барабуля.
-- Зноў мне на спіну станеш, а потым задрыжыш і ўпадзеш? -- з пагардай прагварыў Зюзя-Зімавіца.
-- Цяпер па-іншаму зробім. Бервяно прынясем і дзверы выб'ем. Не выб'ем, думаеш?
-- Тоўстым бервяном выб'ем, -- пагадзіўся Зюзя-Зімавіца.
 -- Хадзем, Зюзечка, не будзем на заўтра адкладваць! -- сказала ведзьма.
-- Хадзем, Барабулька. Ненавіджу Дыназаўрыка! -- прамовіў  Зюзя-Зімавіца і першы рушыў з паляны.

Новае выпрабаванне

На паляне, як прывід, з'явіўся Воўк. Пад пахай ён трымаў костку ад кумпяка.
-- Крыху наталіў  я голад, з'еўшы кумпяк. Адна костка ад яго засталася. У гэтым Складзе шмат мяса. Зараз дабяруся да яго! -- прагаварыў Воўк і, узяўшыся за край дзвярэй, пацягнуў іх да сябе.
Незамкнёныя дзверы, што вельмі здзівіла Воўка, не адчыніліся.
-- Што за ліха! Прымерзлі яны ці што? -- сам сабе не паверыў шэры разбойнік.
-- Ідзі сваёй дарогай. Дзверы я на зашчапку зачыніў, -- падаў голас са Склада Дыназаўрык. Праз шчылінку ён убачыў няпрошанага госця і вырашыў выправіць яго дамоў.
-- Хто гэта ў чужы Склад залез і распараджаецца як у сваім? -- абурыўся Воўк.
-- Я, Дыназаўрык! -- гучна сказаў Дыназаўрык.
Воўк пацягнуў носам, панюхаў і лагодна прагаварыў:
-- Смачненькі, адчыні дзверы. Абяцаю: доўга не будзеш мучыцца.
"І гэты з мяне здзекуецца, пагражае! Згаварыліся яны, ці што?" -- падумаў Дыназаўрык і адкруціў накрыўку тэрмаса.
-- Смачненькі!.. -- аблізнуўся Воўк і з сілай тузануў дзверы.
-- Ідзі сваёй дарогай. Апошні раз табе кажу, -- папярэдзіў Воўка Дыназаўрык.
-- Не адчыніш, значыць? -- пацікавіўся Воўк.
-- Не адчыню! – павысіў голас Дыназаўрык. Надакучылі яму гэтыя няпрошаныя госці.
-- Косткай дзверы разаб'ю. Костка моцная, як камень, -- прамовіў лясны разбойнік і з усёй сілы стукнуў па дзвярах косткай.
-- Не старайся. Тут ужо былі старанныя, -- пазіраючы праз шчылінку, сказаў Дыназаўрык.
-- Ты мне пагражаеш? Мне, Воўку, які цэлы кумпяк з'еў, нейкі Дыназаўрык пагражае! -- разышоўся Воўк. Ён зняў кажушок і шпурнуў яго на снег. Затым зноў з усёй сілы стукнуў косткай па дзвярах. -- Увесь Склад на шчэпкі разнясу! Заплачаш, Дыназаўрык!
"Ліхі гэты шэры валацуга, як і Барабуля з Зюзем-Зімавіцам. Такіх не ўгаворыш", -- падумаў Дыназаўрык і, высунуўшыся праз верх Склада, стаў ліць на Воўка гарбату, прыгаворваючы, як звычайна:
-- Гарачанькага паспытай. Вось табе гарачанькага! Вось табе!..
-- Апарыў! Ён мяне апарыў! -- завыў Воўк і, кінуўшы костку, пабег з паляны, як жару ўхапіўшы.
Дыназаўрык выйшаў са Склада, узяў  кажушок, адзеў яго і сказаў:
-- Цёплы кажушок. Грэе, быццам сонейка вясною. Добры падарунак падрыхтавалі мне Рыгорка і Сняжана.
-- Нас баяцца ўсе на свеце,
                                                 Ўсе: і птушкі, і звяры.
                                                 Не дарослыя, не дзеці --
                                                 Мы ў ляску гаспадары, --
данеслася з гушчару знаёмая песня.
-- Мае самыя небяспечныя ворагі набліжаюцца, -- прыслухаўшыся, адзначыў Дыназаўрык. Узяўшы костку ад кумпяка, ён зайшоў у Склад непатрэбных рэчаў і зачыніў дзверы.

Костка, маска і іншае

Тут як тут Барабуля і Зюзя-Зімавіца з тоўстым бервяном у руках. Наперадзе -- Зюзя-Зімавіца. Ідуць, спяваюць, сябе падбадзёрваюць:
                                                     Мы лянівых не караем,
                                                     Добрым спуску не даём,
                                                     Гультаям мы патураем,
                                                     А разумных кіем б'ём.
-- Зюзя, накіроўваю цябе на дзверы. Злосці набярыся і бягом! -- пралапатала Барабуля.
-- Ура-а!.. -- як на вайне, закрычаў Зюзя-Зімавіца і пабег, стараючыся трапіць бервяном у дзверы. Але не трапіў, прамахнуўся і грымнуўся, быццам хвоя аб зямлю. Прываліла яго бервяно.
  Ведзьма стаіць, вачыма моргае.
-- Ратуй мяне, Барабуля! Ратуй! -- завойкаў Зюзя-Зімавіца.
-- Ну чаму ж ты такі нязграбны, Зюзя? Дзверы вунь якія вялікія, а ты бервяном у іх не трапіў, -- папракнула ведзьма і пусціла бервяно. Напэўна, адной ёй было цяжка трымаць яго.
-- Паднімі бервяно, Барабуля! --мацней застагнаў Зюзя-Зімавіца.
-- Развохкаўся, быццам дзед на печы. Цяжка мне з табою, Зюзя, -- уздыхнула Барабуля і, зжаліўшыся над хаўруснікам, падняла бервяно.
-- Мне ўжо не трэба злосці набірацца. Злосць даўно ў грудзях кіпіць. Рыхтуйся да сустрэчы, Дыназаўрык! -- устаўшы, сказаў, як адрэзаў, Зюзя-Зімавіца.
-- Доўга мне з бервяном стаяць? -- зыркнула на яго вачыма ведзьма.
-- Барабуля, назад. Разгон набіраем, набіраем!.. -- узяўшыся за бервяно, прагаварыў Зюзя-Зімавіца.
Ведзьма адступіла разам з бервяном.
-- Зюзя, на прыступ бягом!
-- Ура-а!.. -- зноў закрычаў Зюзя-Зімавіца і панёсся да Склада непатрэбных рэчаў.
А Дыназаўрык як след падрыхтаваўся да сустрэчы з непрыяцелямі. Адчыніўшы дзверы, у масцы дракона і з косткай у руках выскачыў ён са Склада і рыкнуў па-звярынаму:
     -- Р-р-р... Р-р-р...
Зюзя-Зімавіца рэзка спыніўся, быццам на нябачны тормаз націснуў. Вочы ў яго акругліліся ад страху.
Барабуля таксама спынілася, як укапаная, уставілася на Дыназаўрыка.
-- Я Воўка з'еў -- і вас з'ем. Р-р-р... -- напалохаў іншапланецянін.
Нячысцікі кінулі бервяно і ўпалі, страціўшы прытомнасць.
-- Упалі і ляжаць, ледзь дыхаюць! -- упершыню разгубіўся Дыназаўрык.
Над палянай праляцела сініца.
"Пінь-пінь", -- нясмела азвалася, сеўшы на адзінокую елачку.
-- Не думаў я, што так моцна іх напалохаю, -- сказаў Дыназаўрык і, нагнуўшыся, страсянуў Зюзю-Зімавіцу. -- Зюзя, уставай!
Лясны цар ледзь чутна застагнаў і паварушыўся.
"Стогне і варушыцца. Значыць, будзе жыць", -- адзначыў пра сябе іншапланетны жыхар і страсянуў ведзьму. -- Барабуля, уставай. Уставай, Барабуля!
-- Я ўстану, але скажы мне: хто ты? -- прашаптала Барабуля.
-- Дыназаўрык я.
-- Праўда, што ты жывога Воўка з'еў і толькі костку ад яго пакінуў? -- пацікавілася ведзьма.
-- Костка ад кумпяка, а Воўк па лесе цягаецца, з'еўшы гэты кумпяк, -- растлумачыў Дыназаўрык. Ён вельмі хацеў дапамагчы Барабулі і Зюзі-Зімавіцы. Ён не жадаў ім зла.
-- Чаму ты так перамяніўся, чаму стаў такі страшны? -- заварушылася ведзьма.
-- Такую страшную маску ў Складзе ўзяў і надзеў, каб вас напалохаць. Я страшны ў масцы. Вельмі страшны. Ха-ха-ха... -- засмяяўся Дыназаўрык.
-- Зюзя, уставай. Дыназаўрык бяскрыўдны, сілы ў яго, як у камара. Ён страшную маску надзеў, каб напалохаць нас. Страшная маска ў Складзе ляжала. Зусім пра яе забылася. Дыназаўрык галаву затлуміў, каб яго качкі затапталі! -- ускочыўшы на ногі, звярнулася да Зюзі-Зімавіцы Барабуля.
Зюзя-Зімавіца ўстаў, памацаў пабітыя бакі і скрывіўся, нібы паўтара няшчасця.
-- Я яго напалохаю! Як стукну кіем па дрэве, дык адразу замарожу.
-- Пачакай крыху, -- сказаў Дыназаўрык і стаў адступаць да дзвярэй.
-- Дыназаўрык, стаяць! -- загадаў лясны валадар. На гэты раз ён заўважыў, што іншапланецянін зноў у Складзе хоча схавацца.
-- Маску аддай! -- прамовіла Барабуля і, падскочыўшы да Дыназаўрыка, сарвала з яго галавы маску і кінула яе ў Склад непатрэбных рэчаў.
"Я іх пашкадаваў, а яны зноў, быццам чорныя хмары, наваліліся на мяне!" -- цяжка ўздыхнуўшы, падумаў Дыназаўрык.
-- Зюзя, хутчэй замарозь яго! -- напомніла хаўрусніку ведзьма.
-- Паплач перад замарожваннем, Дыназаўрык. Гэта будзе тваім апошнім жаданнем, -- ухмыльнуўся Зюзя-Зімавіца і заспяваў, стукаючы кіем па вывернутым дрэве:
Буру я магу прыслаць,
                                                  Усё жывое пакараць!
                                                  У-ха-ха! Ну і сняжок!
                                                  Ён засыпле ўвесь лясок!
-- Я вам дапамог, можна сказаць, выратаваў вас, а вы мяне марозіце? -- з дакорам прагаварыў Дыназаўрык.
-- Марозім, бо ты нам зусім не патрэбен, -- заявіў Зюзя-Зімавіца. Адчуўшы сваю сілу і веліч, ён падняў галаву і грозна паглядзеў на Дыназаўрыка.
-- Ненавідзім мы цябе, Дыназаўрычак! -- прызналася ведзьма.
-- Я ведаю, што мне зрабіць, каб не замерзнуць, -- зірнуўшы на нячысцікаў, сказаў Дыназаўрык.
-- Паглядзіце на гэтага яноціка!.. Ён ведае! Ха-ха-ха... -- зайшлася ад смеху Барабуля.
-- Ты яшчэ нічога не ведаеш. Зразумеў? Скажы, што зразумеў!-- вызверыўся Зюзя-Зімавіца.
-- Я фізкультурай умею займацца, -- паведаміў Дыназаўрык і заспяваў, выконваючы фізкультурныя практыкаванні:
Кую, кую ножку,
                                                         Паеду ў дарожку.
                                                         Куплю чаравічкі
                                                         На ножку вялічкі.
Зюзя-Зімавіца рот разявіў, дзівіцца на Дыназаўрыка.
-- Зюзя, чаго рот разявіў? -- ушчыкнула за бок сябрука Барабуля. -- Лупі з усіх сіл кіем!
З усіх сіл лупячы па вываратні кіем, заспяваў Зюзя-Зімавіца:
Буру я магу прыслаць,
                                                  Усё жывое пакараць!
І Барабуля, не вытрываўшы, пачала яму дапамагаць, загаласіла, як халодны вецер, бывае, галосіць, усхадзіўшыся:
                                                  У-ха-ха! Ну і сняжок!
                                                  Ён засыпле ўвесь лясок!
А Дыназаўрык не зважае на іх. Выконваючы фізкультурныя практыкаванні, сваю песеньку выводзіць:
Кую, кую ножку,
                                                         Паеду ў дарожку,
                                                         За чатыры мілі
                                                         Падковачкі збілі.

Кую, кую ножку,
                                                         Паеду ў дарожку.
                                                         Дарожка ліхая,
                                                         Кабылка кульгае.
Горача стала Дыназаўрыку. Ён нават спацеў.

Прытворы

-- Барабуля, Дыназаўрыка ніякі холад не бярэ! -- разгубіўся Зюзя-Зімавіца.
Ведзьма ўважліва паглядзела на іншапланетнага жыхара і запыталася:
-- Холад цябе не бярэ?
-- Не бярэ, -- з гонарам адказаў Дыназаўрык.
"Прыйдзецца стаць лагоднай, каб расправіцца з табою, Дыназаўрык. Злосць не заўсёды дапамагае", -- падумала Барабуля і лісліва прамовіла:
-- Мілы вушасцік, мы не хацелі цябе замарозіць. Мы проста пажартавалі, такую гульню прыдумалі. Таму і не бярэ цябе холад.
-- А я хацеў!.. -- не зразумеўшы Барабулю, пачаў Зюзя-Зімавіца.
-- Пажартавалі, Зюзечка! -- перапыніла хаўрусніка ведзьма. -- Ты ж сам прапанаваў мне: "Давай пагуляем з вушасцікам". Я і пагадзілася.
Нарэшце дайшло да ляснога цара, зразумеў, што Барабуля Дыназаўрыка хоча падмануць, каб потым загубіць.
-- Але, я прапанаваў, я... Дыназаўрык, ты хіба жартаў не разумееш? -- кашлянуўшы ў кулак, сказаў лясны цар.
 "Можа, ужо падабрэлі яны, можа, перамяніліся? Цяжка бясконца быць злосным," -- падумаў маленькі Дыназаўрык і прагаварыў з крыўдаю:
-- Жарты бываюць розныя.
-- Дыназаўрык, мы пасябруем з табою. Нам многія пазайздросцяць, -- набліжаючыся да Дыназаўрыка, мядовым галаском прагаварыла Барабуля.
-- Я даўно шукаю сабе сапраўднага сябра. Такога, як ты! -- набліжаючыся да Дыназаўрыка, нібы кот на сала, аблізнуўся Зюзя-Зімавіца.
"У іх няма сяброў. Таму яны такія злосныя. Трэба пасябраваць з імі. Тады падабрэюць, перастануць палохаць лясных жыхароў", -- падумаў Дыназаўрык і пацікавіўся:
-- Вы мяне не падманваеце?
-- Мы не ўмеем падманваць! -- усклікнула  Барабуля. Яна ўжо побач з даверлівым Дыназаўрыкам, вось-вось схопіць яго.
-- Мы цябе не пакрыўдзім! -- як у трубу, прагудзеў Зюзя-Зімавіца. Ён ужо непадалёку ад Дыназаўрыка.
-- Дыназаўрычак, які ты харошанькі! Які разумненькі! -- пахваліла ведзьма і схапіла Дыназаўрыка.
"Падманулі, паддаўся ім! Як неразумная мыш, трапіў у іх пастку", -- падумаў Дыназаўрык і рвануўся, хацеў уцячы. Але моцна трымала яго ведзьма.
-- Папаўся той, хто не даваўся! -- радасна прамовіла яна. -- Зюзя, ён у Воўка кажушок украў, прысвоіў.
-- Ён знарок да нас спусціўся. Каб у няшчаснага Воўка кажушок украсці. Ведаю. Я сам не такі, -- знімаючы з Дыназаўрыка кажушок, сказаў Зюзя-Зімавіца.
-- Я не краў кажушок. Воўк сам яго зняў і на снег кінуў, а потым пабег, быццам апараны, -- не сцярпеў Дыназаўрык. На яго вачах выступілі слёзы.
-- І рукавічкі сцягну. Таксама крадзеныя, -- буркнуў Зюзя-Зімавіца і сцягнуў з лапак Дыназаўрыка цёплыя рукавічкі -- падарунак Сняжаны, а затым разам з кажушком кінуў іх на зямлю.
"Яны нават не запыталіся ў мяне, дзе я ўзяў рукавічкі. Іх зусім не цікавіць маё слова. Яны амаль ні пра што не пытаюцца, толькі падманваюць, палохаюць і загадваюць", -- падумаў Дыназаўрык, у думках дакараючы сябе за даверлівасць.
-- Зюзя, звяжы злодзея! -- скамандавала Барабуля. -- Яго трэба судзіць.
Зюзя-Зімавіца дастаў з-за пазухі вяроўчыну. Дыназаўрык адхіснуўся. Там, дома, на далёкай планеце, яго ніколі не звязвалі вяроўчынай.
-- Дыназаўрык, не круціся, бо кіем як стукну па галаве, дык адразу засуджу! -- звязваючы Дыназаўрыка, папярэдзіў Зюзя-Зімавіца.
-- Паверыў я вам! -- прагаварыў Дыназаўрык. -- Вы прытворы... Вы хлуслівыя, нявыхаваныя вы...
-- Не хачу яго слухаць, не хачу! Зюзя, рот яму завяжы! -- затупацела нагамі  ведзьма.
Лясны валадар падняў з зямлі рукавіцы Сняжаны і прытуліў іх да рота іншапланецяніна.
Дыназаўрык закруціў галавою, стараючыся скінуць рукавіцы. Зюзя-Зімавіца заціснуў іх вяроўчынай і, як змоўшчык, падмаргнуў ведзьме. Рады, як на сто коней сеў.
-- Барабуля, цяпер кіем яго адлупіць?
-- Нешта цікавейшае прыдумаем, -- не пагадзілася Барабуля.
-- Ты прыдумай, а я выканаю, -- пацёр рукі лясны царок.
-- Ужо прыдумала! -- ухмыльнулася ведзьма.
-- Дык кажы хутчэй!
-- У мой Склад увапхнем і дзверы зачынім. Няхай там скалее ад холаду!
-- Звязаны сваёй фізкультурай не пазаймаецца... Давай, Дыназаўрык, давай! -- пхаючы Дыназаўрыка ў дзверы, прамовіў Зюзя-Зімавіца.
-- Ідзі, не ўпірайся! -- кульбай замахнулася ведзьма.
Зюзя-Зімавіца і Барабуля ўвапхнулі Дыназаўрыка ў Склад непатрэбных рэчаў і зачынілі дзверы, павесіўшы на прабой замок.

Збан з сон-травой

Барабуля і Зюзя-Зімавіца селі на выварацень.
-- Важную справу мы зрабілі, звязанага Дыназаўрыка ў халодны Склад пасадзіўшы, -- распачаў гаворку Зюзя-Зімавіца.
-- Давай калыханку яму паспяваем, -- прапанавала Барабуля.
Зюзя-Зімавіца ўстаў з вываратня і тупнуў босаю нагою.
-- Паспяваем, пацешымся! А ён няхай паслухае.
Заспявалі нячысцікі, стараючыся адно перад адным:
                        Па ляску гуляе цемра.
                        Пахаваліся звяры.
                        Дыназаўрычак прыгожы
                        Спі, як вожык у нары.
                        Ты забудзеш пра трывогі,
                        Добры сон сабе прысніш.
                        Не саб’еш да часу ногі,
                        Не замерзнеш, наш малыш.
                        Па ляску гуляе цемра.
                        Пахаваліся звяры.
                        Дыназаўрык наш прыгожы
                        Спі, як вожык у нары.  
-- Добрую калыханку прыдумалі, Барабуля! -- скончыўшы спяваць, пахваліў сябе і вядзьмарку Зюзя-Зімавіца.
Барабуля ўсхапілася з вываратня, падбегла да Склада непатрэбных рэчаў і прытулілася вухам да дзвярэй, прыслухоўваючыся.
-- Варушыцца, не замерз? -- пацікавіўся лясны валадар.
-- Яшчэ крыху пасядзіць і замерзне. Дрэвы і тыя аж трашчаць ад марозу, -- адказала ведзьма.
-- Барабулька, Рыгорка і Сняжана вось-вось з'явяцца. Забылася пра іх? -- напомніў Зюзя-Зімавіца. Хоць ён і лічыў сябе лясным царом, але з людзьмі баяўся сустракацца. Людзі, ведаў ён, разумныя і спрытныя. Іх цяжка перамагчы.
-- Не забылася. Настоем з сон-травы пачастую Рыгорку. Вып'е гэты настой -- і на ўсю зіму засне, пра ўсё на свеце забудзецца. А з дзяўчынкай справімся. Звяжам і да Дыназаўрыка ў Склад кінем, -- сыпнула слоўцамі ведзьма.
-- Цудоўна, Барабулька! Нясі сваё зелле, -- колам выгнуў грудзі Зюзя-Зімавіца.
-- Зараз прынясу, золатца! -- нараспеў прамовіла ведзьма і пабегла ў ельнік.
"З Барабуляй чорныя справы можна рабіць. Калі трэба каго-небудзь пакараць ці знішчыць, тут як тут яна. Някепская памагатая", -- падумаў Зюзя-Зімавіца і гучна прагаварыў:
-- У лесе я гаспадар! Я! Ні Дыназаўрык, ні Рыгорка, ні Сняжана мне не патрэбны!
Да Зюзі-Зімавіцы падбегла Барабуля з двума глінянымі збанамі.
-- Барабулька, навошта два збаны прынесла? Няўжо Рыгорку аднаго мала? – заморгаў вачыма Зюзя-Зімавіца.
Ведзьма паставіла збаны на тоўсты смалісты пень і стала тлумачыць:
-- У гэтым збане, што справа, настой з сон-травы.
-- У гэтым збане, што справа, настой з сон-травы, -- стараючыся запомніць, паўтарыў Зюзя-Зімавіца.
-- А ў гэтым, -- Барабуля паказала на збан, які стаяў злева, -- звычайная гарбата.
-- А ў гэтым звычайная гарбата, -- як вучань на ўроку, паўтарыў за ведзьмай Зюзя-Зімавіца.
-- Вып'еш з Рыгоркам, запросіш яго пачаставацца, -- сказала Барабуля.
Як апараны кіпнем, Зюзя-Зімавіца ўскочыў з вываратня.
-- Не хачу ўсю зіму спаць! У лесе хачу гаспадарыць, днём і ноччу хадзіць, кіем па дрэвах стукаць, лясных жыхароў палохаць. Вось так!
"Да яго разумнае слова цяжка даходзіць. У лясной школе не вучыўся, ні дня ў класе не сядзеў. Ён нават чытаць і пісаць не ўмее", -- з пагардай падумала пра сябрука Барабуля і растлумачыла:
-- Ты гарбаты вып'еш. Настой з сон-травы справа, а гарбата злева. Запомніў?
-- Што ж тут запамінаць! -- развёў рукамі Зюзя-Зімавіца. -- Я ж не Дыназаўрык, не дурань.
Барабуля выцягнула шыю, прыслухоўваючыся.
-- Слухай, слухай!.. Рыгорка і Сняжана ідуць, іх духам пахне.
Лясны царок зарагатаў, сціснуўшы ў руцэ неразлучны кій.
-- Зюзя, сядзь побач са мною і плач горка-горка, як дзіця, -- сеўшы на выварацень, сказала ведзьма.
-- Я не хачу плакаць. Я цяпер вясёленькі, -- лыпнуў вачыма Зюзя-Зімавіца. Цвіце, нібы васілёк.
-- А ты не хочучы плач. Так трэба.
-- Чаму трэба?
-- Сядзь! -- страціўшы цярпенне, пацягнула за руку Зюзю-Зімавіцу Барабуля.
-- Што ж, крыху паплачу, а потым паспяваю я, -- заявіў Зюзя-Зімавіца і сеў на выварацень побач з ведзьмай.
-- Ы-ы-ы... У-у-у-у... -- гучна заплакала Барабуля.
-- Ы-ы-ы... А-а-а... -- на ўвесь голас завёў Зюзя-Зімавіца.

Незадаволенасць Барабулі

Знайшоўшы ў суседнім ляску Рыгора, Сняжана разам з ім вярнулася на паляну.
-- Рыгорка, побач з ведзьмай Барабуляй сядзіць Зюзя-Зімавіца! -- здагадалася Сняжана, убачыўшы Барабулю і Зюзю-Зімавіцу.
-- Ы--ы-ы... -- мацней заплакала Барабуля, заўважыўшы дзяцей. Вялікія, як боб, слёзы пацяклі па яе шчоках. Яна старанна размазвала іх па твары. Што ж, ведзьма была някепскай артысткай.
-- А-а-а... -- працяжна зацягнуў Зюзя-Зімавіца. Плача, нібы бабёр.
Рыгор наблізіўся да ведзьмы і Зюзі-Зімавіцы і пацікавіўся:
-- Хто гэта вас, нячысцікаў, да плачу давёў?
-- Дыназаўрык! -- усхліпнула Барабуля.
-- Ён давёў! -- кіўнуў кудлатаю галавою Зюзя-Зімавіца.
Вядома, Рыгор не паверыў Барабулі і Зюзі-Зімавіцы, што Дыназаўрык іх да плачу давёў. Іншым разам ён абмінуў бы гэтых нячысцікаў, не стаў бы заводзіць з імі размову.
-- Зноў Дыназаўрык вінаваты? Ён жа добры, бяскрыўдны, -- не сцярпела Сняжана.
-- Гэты ваш бяскрыўдны Дыназаўрык цэлага Воўка з'еў! -- усклікнула Барабуля і, ускочыўшы з вываратня, паказала Рыгору і Сняжане  на кажушок. -- Ад беднага Воўка толькі кажушок застаўся.
-- Не, яшчэ і костка засталася, -- уставіў сваё слова Зюзя-Зімавіца і, устаўшы з вываратня, падняў з зямлі і паказаў Рыгору і Сняжане костку ад кумпяка.
"Я павінен знайсці Дыназаўрыка, павінен убачыць яго", -- падумаў Рыгор і паведаміў хаўруснікам:
-- Мы Дыназаўрыка ў вёску хочам забраць.
Барабуля захіхікала, быццам яе за пяты сталі казытаць.
-- Забярыце! У вёсцы ён усіх людзей паесць.
-- Толькі костачкі ад іх застануцца. Ні старых, ні малых не пашкадуе, -- прабубніў Зюзя-Зімавіца і кінуў пад ногі Рыгору костку.
-- Штосьці тут не так, не так! -- пакруціла галавою Сняжана.
Рыгор тыцнуў пальцам, паказаўшы на збаны.
-- А ў збанах што стаіць?
Зюзя-Зімавіца ўзяў з вываратня і працягнуў Рыгору збан, які стаяў справа.
-- Гарбата. Частуйся, мілы хлопчык!
"Невядома, якая ў вас гарбата. Магчыма, з сон-травой яна", -- падумаў Рыгор і адказаў:
-- Няма калі мне частавацца.
-- Нам Дыназаўрыка трэба шукаць, -- падтрымала аднакласніка Сняжана.
-- Мы абавязкова знойдзем Дыназаўрыка і ва ўсім разбярэмся, -- паабяцаў Рыгор і разам са Сняжанай пайшоў з паляны.
-- Не выпіў, не захацеў!.. Дзе ж гэты збан стаяў? Зусім забыўся я, разнерваваўшыся. Мабыць, тут! -- у роспачы прагаварыў Зюзя-Зімавіца і паставіў збан злева.
-- Не пераблытаў, правільна паставіў збаны? -- пацікавілася Барабуля. Не спадабаўся ёй разнерваваны сябрук.
-- Мабыць, правільна. Мабыць, не пераблытаў, -- буркнуў Зюзя-Зімавіца. "Не трэба было мне звязвацца з Барабуляй і Дыназаўрыкам. Дабром гэта не скончыцца", -- упершыню прабегла ў яго галаве трывожная думка.
-- Мабыць, мабыць!.. -- перадражніла Зюзю-Зімавіцу Барабуля. -- Прападу я з табою. Адчыні Склад і паглядзі, што з Дыназаўрыкам. Можа, ужо акалеў. Дык выкінем у кусты.
Зюзя-Зімавіца адчыніў дзверы Склада. Дыназаўрык стаяў перад самымі дзвярыма. Зюзю-Зімавіцу здалося, што ён усміхнуўся яму.
-- Акалеў? -- не вытрывала ведзьма.
-- Жывы.
-- Цягні яго сюды!
--  Ану, вылазь, вушасцік!.. Вылазь, табе кажу!
Зюзя-Зімавіца схапіў Дыназаўрыка і выцягнуў на двор.
-- І чаму ж ты такі жывучы? Нацярпелася я з табою! -- прагаварыла ведзьма і сарвала з рота Дыназаўрыка павязку.
-- Мне не холадна. Займаючыся фізкультурай, загартаваўся я, -- пахваліўся іншапланецянін.
-- Ён яшчэ і задаецца! -- абурыўся Зюзя-Зімавіца. -- Барабуля, давай паздзекуемся з яго.
Дыназаўрык не хацеў, каб ведзьма і Зюзя-Зімавіца з яго здзекаваліся.
-- Рыгорка! Сняжана! Ратуйце мяне! -- крыкнуў ён.
Барабуля рукавіцамі  затуліла рот Дыназаўрыку.
-- Зюзя, рот яму завяжы, не стой!
Хоць і затрэсліся ў Зюзі-Зімавіцы рукі (пачуўшы адчайны крык Дыназаўрыка, ён зноў занерваваўся), але  як след завязаў рот Дыназаўрыку вяроўчынай і сказаў:
-- Ніхто табе не дапаможа. Запомні, Дыназаўрык.
Ведзьма ўпіхнула іншапланетнага жыхара ў Склад непатрэбных рэчаў і зачыніла дзверы.
-- Барабуля, Піліпок і Сняжана, напэўна, пачулі, як крычаў гэты нахабны Дыназаўрык. Хутка з'явяцца. Вось пабачыш! -- насупіўшы белыя, як шэрань, бровы, прамовіў Зюзя-Зімавіца.
"Напэўна, пачулі. Напэўна, з'явяцца. Дзесьці непадалёку яны", -- нявесела падумала ведзьма і, сеўшы на выварацень, падказала свайму сябруку:
-- А ты побач са мною на выварацень сядай і, як нічога ніякага, песеньку спявай.
-- Зноў штосьці задумала? -- запытаўся Зюзя-Зімавіца.
-- Задумала! -- усміхнулася ведзьма і заспявала:
Кую, кую ножку,
                                                         Паеду ў дарожку.
                                                         Куплю чаравічкі
                                                         На ножку вялічкі.
"А яна выдатна запомніла песеньку Дыназаўрыка, някепская памяць у яе", -- падумаў Зюзя-Зімавіца і падхапіў, хоць гэтая песенька яму была як костка ў горле:
Кую, кую ножку,
                                                         Паеду ў дарожку,
                                                         За чатыры мілі
                                                         Падковачкі збілі.
Рыгор і Сняжана сапраўды пачулі крык Дыназаўрыка. Подбегам накіраваліся яны на паляну.
-- Кую, кую ножку,
                                                       Паеду ў дарожку.
                                                       Дарожка ліхая,
                                                       Кабылка кульгае, --
убачыўшы знаёмых дзяцей, мацней завялі Барабуля і Зюзя-Зімавіца.
-- Рыгорка, нячысцікі спяваюць тую песню, якую я з Дыназаўрыкам развучыла. Ад яго яны яе пачулі, няйначай, -- заўважыла Сняжана.
-- Я яе даўно ведаю, во з такой тоўстай кніжкі вучыла! -- расставіла рукі Барабуля, каб паказаць, якую тоўстую кніжку яна нядаўна прачытала.
"Не бывае тут такіх тоўстых кніг. Дый не любіш ты чытаць кнігі. Чытаеш толькі тыя, у якіх напісана пра вядзьмарства і розную варажбу", -- зазначыў пра сябе Рыгор.
-- І я ведаю! -- падаў голас Зюзя-Зімавіца. -- Кую, кую ножку, паеду ў дарожку.
-- Шаноўныя нячысцікі, хто тут нядаўна крычаў "ратуйце"? Не падкажаце мне? -- запытаўся Рыгор, уважліва гледзячы на ведзьму і Зюзю-Зімавіцу.
Барабуля і Зюзя-Зімавіца падскочылі, як падсмаленыя, і разам крыкнулі:
-- Мы не чулі!

І настой з сон-травы дапамагае

Ні Рыгор, ні Сняжана, ні ведзьма, ні Зюзя-Зімавіца, захопленыя размовай, не заўважылі, калі на паляне з'явіўся Воўк.
-- Холадна мне! Замярзаю я! -- завыў ён, як апантаны.
Сняжана зірнула на Барабулю і Зюзю-Зімавіцу.
-- Вы ж казалі, што Воўка Дыназаўрык з'еў. А ён перад намі стаіць і ад холаду трасецца.
-- Мы казалі, што Дыназаўрык на Воўка напаў і кажушок забраў, -- схлусіла, адмовілася ад сваіх слоў Барабуля і кульбай паказала на Воўка. -- Глядзіце на яго, глядзіце! Голы стаіць, без кажушка.
Воўк неспадзявана рвануўся да Склада непатрэбных рэчаў.
-- Дыназаўрык у Складзе! Ён гарбатай мяне апарыў. У Склад хачу!
-- Не пушчу ў Склад! -- загарадзіла Воўку дарогу Барабуля.
-- Барабуля, трымай Воўка. Я яго кіем агрэю, каб ведаў, што гаспадара трэба слухацца, -- вырашыў напомніць Воўку пра сябе Зюзя-Зімавіца.
"Неўзабаве тут пачнецца вялікая бойка. Падчас гэтай бойкі, магчыма, і Сняжане дастанецца", -- падумаў Рыгор і адпіхнуў ляснога валадара.
-- Ужо і кій у ход пайшоў? Не дазволю біцца.
-- Я яшчэ дабяруся да Склада. Я абавязкова сюды вярнуся. У-у-у!.. -- завыў Воўк і пабег прэч, падтуліўшы хвост.
-- Ф-у-у! -- выдыхнуў паветра з грудзей Рыгор. -- Ну й нагрэлі яны мяне! У горле аж перасохла.
-- Зюзя, гарбатай пачастуй Рыгорку. У яго ў горле перасохла, -- як сарока, засакатала ведзьма.
Зюзя-Зімавіца рады старацца.
-- Як самага дарагога госця, пачастую. Даўно хацеў пачаставаць, -- прагаварыў ён і пачаў разважаць, гледзячы на збаны: -- Гэты збан злева, а гэты справа...
-- Хутка ты? -- тупнула нагою Барабуля.
-- Справа для Рыгоркі, -- сказаў Зюзя-Зімавіца і, узяўшы з вываратня збан, які стаяў справа, працягнуў яго Рыгору. -- Пі, мілы хлопчык.
 Рыгор узяў у Зюзі-Зімавіцы гарбату, але не стаў яе піць, уважліва паглядзеў на дзядка.
-- І я з табою вып'ю, -- ухмыльнуўся Зюзя-Зімавіца і, узяўшы збан з настоем з сон- травы, хлебануў з яго і прыцмокнуў языком. -- Смачная гарбата, духмяная! Даўно такой не піў.
-- А я хачу ведаць, дзе Дыназаўрык! Куды вы яго падзелі? – уступіла ў размову Сняжана.
Зюзя-Зімавіца паставіў на выварацень збан і прамовіў, як сонны:
-- Ён за сінімі марамі, за высокімі лясамі...
-- Чуе маё сэрца, што Дыназаўрык там. Зачынілі вы яго, няйначай, -- падышоўшы да дзвярэй Склада, сказала Сняжана.
-- Зюзя, бі іх кіем!.. Чаго ківаешся, Зюзя? -- кульбай штурхнула Зюзю-Зімавіцу Барабуля.
-- Спаць захацелася... Пайду я. Пайду! -- на ўвесь рот пазяхнуў Зюзя-Зімавіца і павалокся ў сваю бярлогу.
-- Эх ты, Зюзя! Усё-ткі пераблытаў збаны. Настой з сон-травы выпіў, -- паўшчувала ведзьма.
Сняжана тым часам зняла з прабоя замок, адчыніла дзверы Склада і ўбачыла звязанага Дыназаўрыка.
-- Мой слаўны, добры Дыназаўрык! Вунь куды яны цябе схавалі, -- сказала яна і зняла з рота іншапланецяніна павязку.
-- Калі б не чхнуў, то не знайшлі б яны мяне за елачкай, -- вінавата ўсміхнуўся Дыназаўрык.
Не марудзячы, дзяўчынка вывела Дыназаўрыка са Склада непатрэбных рэчаў і развязала.
-- Ну, Барабуля! Дыназаўрыка хацела загубіць, а мяне сон-травою напаіць? -- прамовіў Рыгор і, паставіўшы на вывернутае дрэва збан, узяўся за стрэльбу. Вядома, ён не хацеў страляць у ведзьму, вырашыў толькі напалохаць яе.
А Барабулі немаведама што здалося.
-- Не вінаватая я! Не вінаватая-а! -- загаласіла яна і панеслася з паляны, прабіваючы снежныя сумёты.
Рыгор падняў з зямлі кажушок і накінуў яго на Дыназаўрыка.
-- Пагрэйся, Дыназаўрык.
-- Дзякую вам, Сняжана і Рыгорка. Вы сапраўдныя сябры, -- сказаў Дыназаўрык, а потым падняў галаву і паглядзеў угору. На яго вачах бліснулі дзве слязінкі.
-- Дамоў хочацца, Дыназаўрык? -- запытаўся Рыгор.
-- Дома тата і мама мяне чакаюць, -- апусціўшы галаву, адказаў Дыназаўрык.
-- Мы нешта прыдумаем. Мы абавязкова адправім цябе дамоў. Ты верыш нам, Дыназаўрык? -- прагаварыў Рыгор.
Дыназаўрык падняў галаву, паглядзеў на Рыгора і Сняжану і цвёрда сказаў:
-- Вам веру!



ЗМЕСТ

Аповесці-казкі

ПРЫГОДЫ ДЫНАЗАЎРЫКА І ЯГО СЯБРОЎ

Як Дыназаўрык і Круглячок трапілі ў магазін "Цацкі"
Нялёгкая размова
Паядынак
Страшная прапанова
На сунічную палянку
Чаму Гандляру спатрэбіўся кулямёт
Надзея на выратаванне
І Гандляру захацелася рыбкі налавіць
Талісман і нечаканыя стрэлы
Грыбнік
Азмрочаная радасць
На касцёр
Рыбачок?
Сюрпрыз
Заложнік

ВЕДЗЬМА І ДЫНАЗАЎРЫК

На лясной паляне
Барабуля
Радасць Барабулі
Дыназаўрык
Услед за Воўкам
Дапамога
Разам з Зюзем-Зімавіцам
Незвычайны паядынак
Ваяка
Калі голад розум адбірае
Як Барабуля і Зюзя-Зімавіца хацелі злавіць Дыназаўрыка
Новае выпрабаванне
Костка, маска і іншае
Прытворы
Збан з сон-травой
Незадаволенасць Барабулі
І настой з сон-травы дапамагае