Поиск по этому блогу

Быў выпадак. "Горкая цыбуля"

 

Быў выпадак

 

Горкая цыбуля

 

У кожнага ў жыцці бывалі такія выпадкі, якія можна назваць непрыемнымі, нядобрымі, няўдалымі. Як застарэлая балячка, яны іншы раз напамінаюць пра сябе. І тады міжволі ўзнікае пытанне: а ці праваільна, ці так, як трэба, ты пражыў сваё жыццё?

Падобная балячка ёсць і ў мяне. След яе губляецца ў далёкім дзяцінстве, малентве.

Жыў у нашай вёсцы мужчына, якога звалі Іванам, па-вулічнаму Кунцумам. Хто, калі і чаму даў яму такую мянушку, не ведаю. Жыў ён разам з сястрой Марысяй у старэнькай, пахіленай хатцы, якая, можна сказаць, ледзь-ледзь ліпела. Затое каля хаткі разросся бэз. Ён цвіў і белымі, і фіялетавымі кветкамі. Вясною, калі бэз асабліва красаваў, мы бязлітасна ламалі яго і неслі дамоў вялікія букеты. Іван не звяртаў на гэта аніякай увагі.

Сама хатка стаяла на высокім пагорку, які ўзвышаўся каля вёскі. З гэтага пагорка зімою мы любілі з’язджаць на санках: на маленькіх, якія і цяпер можна ўбачыць у нашых крамах, а таксама на вялікіх. Нашы бацькі спецыяльна рабілі з дрэва вялікія санкі, потым зімою ўпрагаліся ў іх і вазілі з лесу дровы, каб напаліць печку ці печ у хаце. На такія вялікія санкі магло ўсесціся шмат народу (некаторыя хлапчукі, хто не змог добра прымасціцца, часта падалі ў час язды). Але ўсё звычайна абыходзілася без калецтва.

З грукатам несліся гэтыя санкі каля Іванавай хаткі і выязджалі на вясковую вуліцу. Ні Іван, ні Марыся на нас ні разу не насварыліся. А мы ўсё роўна глядзелі на іх звысоку, з насмешкаю, як на нейкіх недарэкаў.

Іван і Марыся анічога не садзілі каля гэтай хаткі. Крыху далей, на супрацьлеглай вуліцы, да якой падступала балота, яны мелі кавалак зямлі, на якім вырошчвалі розную агародніну. Глеба там была ўрадлівая. Летам мы, дзеці, часам лазілі ў чужыя сады, агароды, каб, падкараўшыся непрыкметна, часам паўзком, хаваючыся ў высокім бульбяніку, схапіць нейкі яблык ці агурок з градкі. Апетыт у нас быў заўсёды: елі яблыкі і спелыя, і няспелыя, зялёныя, і чарвівыя, іншы раз нават з чарвякамі. Пасля падобных набегаў мы адчувалі сябе сапраўднымі героямі.

У Іванавым агародзе мы нагледзелі цыбулю. Яе шырокія стрэлкі ўзвышаліся на градзе (іх мы звычайна елі з хлебам) і вельмі спакушалі нас. Але залезці ў Іванаў агарод было не вельмі проста. Ні ён, ні Марыся не працавалі ў калгасе і таму звычайна знаходзіліся на сваім агародзе. Як яны выжывалі, за кошт чаго, і цяпер не ведаю.

У нашу вёску іншы раз прывозілі кінафільм і паказвалі яго вечарам, пасля працоўнага дня. Гэта забаўлянка дужа падабалася і старэйшым, і дзецям. Старэйшыя сядзелі ў вясковым клубе на доўгіх драўляных лаўках, а мы, малыя, покатам ляжалі на падлозе перад лаўкамі. Мулка нам не было.

Іван таксама надта любіў кіно, але ў памяшканне клуба не заходзіў, бо не меў грошай, каб купіць білет. Калі не памыляюся, для дарослых ён каштаваў 20 капеек, а для дзяцей – 10.

Іван разам з тымі, хто не мог заплаціць, станавіўся каля акна і праз невялікую шчылінку (кінамеханік старанна завешваў вокны) уважліва глядзеў на тое, што адбывалася на экране. Праўда, праз нейкі час, дзесьці на палове кінафільма, кінамеханік дазваляў заходзіць у памяшканне і безбілетнікам.

Мы некалькі дзён сачылі за Іванам і аднаго разу, калі кінамеханік усім дазволіў зайсці ў памяшканне, угаварылі Івана, каб і ён туды пайшоў з іншымі безбілетнікамі. Ён спачатку аднекваўся, здагадаўся, што нездарма круцімся каля яго, але ўсё-ткі не вытрываў, пайшоў у клуб: перамагла цікавасць, цяга да кіно.

А мы пабеглі на агарод і, як гаворыцца, моцна пахадзілі па градзе цыбулі. Штосьці патапталі, штосьці павырывалі. Раненька ў нашу хату прыйшла Марыся і пачала скардзіцца маёй маці, абвінавачваючы мяне. Я слухаў яе горкае апавяданне і, як чарвяк, круціўся на ложку, які раптам стаў мулкі, гарачы. Менавіта тады зразумеў: мы ў той цёплы летні вечар моцна нашкодзілі бедным людзям, для якіх агарод быў ці не адзінай уцехай іх жыцця.

                                                                                           Аляксей Якімовіч