Поиск по этому блогу

Апісанне “Каля возера”

 

Апісанне “Каля возера”

 

Пахмурна. Толькі што прайшоў невялікі дожджык. Цёмна-сіняватае неба раскінулася нада мною. Стаю на беразе невялікага азярца. Вакол яго буяе, раскашуе асака, каля яе падымаецца, туліцца крапіва. Куст лазы навіс над зеленаватаю вадою. Яго тоненькія маладзенькія сцяблінкі, пакрытыя прадаўгаватымі вострымі лісточкамі, цягнуцца ўгору. Яны яшчэ не ўзмужнелі, толькі набіраюцца сілы. Кара на іх зеленавата-бледная. А некалькі дубчыкаў-лазінак, якія ўжо ўзмужнелі і пацяжэлі ад лісцяў, нагнуўшыся, ляжаць на вадзе. З вады паднімаюцца высокія, цёмна-зялёныя сцябліны чароту. Неаторыя з іх прыціскаюцца адна да адной, пераплятаючыся ў дзявочую касу. Усе яны дружна цягнуцца ўгару, стараюцца дагнаць дубчыкі-лазінкі, параўняцца з імі і сказаць: “ І мы тут. Мы не горшыя за вас”.

На супрацьлеглым баку возера дзікія расліны, падобныя на залатыя шары, растуць цеснай грамадой. Іх жоўтыя кветкі адлюстроўваюцца ў вадзе. Здаецца, на самым дне яны ляжаць, упрыгожваючы яго сваімі яркімі агеньчыкамі.

Воддаль ад возера стаіць вярба. Чатыры тоўстыя ствалы ідуць ад кораня. Каб не перашкаджаць адзін аднаму, ствалы падзяліліся на дружныя пары. Два растуць побач справа, а два – злева.

Да галінак вярбы прычапіўся дзікі вінаград, карабкаецца па ствалах і па галінках угору, каб першым бачыць, сустракаць вясною і летам цёплыя праменьчыкі сонца. Цяпер яго шырокія лісты, падобныя на нябесныя зубчатыя зоркі, пажаўцелі, страцілі сілу. На кожным лістку тры зубчыкі: два па баках і адзін пасярэдзіне востранькім канцом уніз апускаецца, глядзіць туды, дзе вада, на возера (Аляксей Якімовіч).

Дача. Ваколіца вёскі Чамяры Слонімскага раёна. 7. 09. 2018 г.

[Урывак з аповесці “Белакрылая птушка”, с. 41] 

Зборнік выйшаў у выдавецтве “Беларусь”

Якімовіч, А. М. Белакрылая птушка : аповесці, вершы / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 199 с.