Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс: правапіс літар е, ё, я.

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ

 

Тэма: правапіс літар е, ё, я.

Псіхалагічны настрой.                             

               Будзь шчаслівы,

                                                         Будзь здаровы –

                                                         Гэта словы нашай мовы.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Вучымся разважаць.

Прачытайце словы “вёскі”, “вясёлы”, “жыццё”, пастаўце ў іх націскі і адкажыце на пытанне:

Калі ў беларускай мове пішацца літара ё? (У беларускай мове літара ё пішацца толькі пад націскам [5, стар. 118, “Беларуская мова”].)

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Як  пішам: ляснік ці леснік?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Пачнём з правіла.

Запомніце! У першым складзе перад націскам замест е, ё пішацца літара я [5, стар. 118, “Беларуская мова”].

Напрыклад: зялёны.

Слова “зялёны” дзелім на склады: зя-лё-ны.

Адзначаем націскны склад: зя-лё-ны. Націск падае на ё.

Вывад. У першым складзе зя перад націскам пішам я.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: ляснік.

Працуем са спалучэннямі слоў.

Са словам “лятаюць” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Што вам вядома пра напісанне слова “лятаюць”?

Для даведкі: лятаюць шпакі -- лятаюць сняжынкі.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Як  пішам: мяккаваты ці меккаваты?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Чытаем правіла.

Помніце! Каранёвае я пішацца нязменна, незалежна  ад месца націску [5, стар. 120, “Беларуская мова”].

Напрыклад.

Цяга (корань цяг; каранёвае я пад націскам), цягавіты, выцягнуць (каранёвае я не ў першым складзе перад націскам), месяц (корань месяц; каранёвае я не ў першым складзе перад націскам).

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: мяккаваты.

Назавіце слова.

                                                             Пішам з я 

                                                             Святкаваць,

                                                             Завязь, свята,

                                                             … (Завязаць).

                                                                     Аляксей Якімовіч.

Растлумачце правапіс літары я ў словах вершаванага тэксту “святкаваць”, “завязь”, “свята”, “завязаць”.

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя літары е, ё, я, потым напішыце беларускае слова “святло” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Як  пішам: пядаль ці педаль?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Звяртаемся да правіла.

Запамінаем! У першым складзе перад націскам літара е захоўваецца ў словах іншамоўнага паходжання, у тым ліку і ва ўласных назвах.

 Але: каляндар, сяржант [5, стар. 119, “Беларуская мова”].

Напрыклад: кераміка (е ў першым складзе перад націскам у слове грэчаскага паходжання), калектыў (каранёвае е ў слове іншамоўнага паходжання), Герасім (е ў першым складзе перад націскам ва ўласнай назве).

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: педаль.

                    [2, стар. 30 -- 34, “Беларуская мова”]

Праца са сказам.       

Складзіце скорагаворку са слоў.

З, гербарый, Херсона, сабраў, герой. (Герой з Херсона сабраў гербарый.)

Растлумачце напісанне выдзеленых літар. Пры неабходнасці звярніцеся да слоўніка іншамоўных слоў.

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                               Настрой святочны

                                                               Сваёй матулі

                                                               Заўжды ствараю:

                                                               Дапамагаю.

Адказ: 1 – 1, 2 – 3, 3 – 2, 4 – 4.

Знайдзіце ў вершы слова з арфаграмай на вывучанае правіла. Растлумачце яе напісанне.

Скорагаворка.

Ясь пасябраваў з ястрабам (Аляксей Якімовіч).         

Якая арфаграма паўтараецца ў словах скорагаворкі?

Сустрэча з фразеалагізмам.

Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які абазначае  “роўна, якраз; не больш і не менш”.

Не буду таіцца,

                                                  Скажу народу:

                                                  -- Два рублі маю

                                                  … .

Растлумачце правапіс ё ў другім слове фразеалагізма.

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: кя удёл [3, стар. 337, “Фразеалагічны слоўнік”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                   Нікла жыцце ў шумным лесе,

                                   Агаляўся твар з(е, я)млі,

                                   І л(е, я)целі ў падн(я, е)бессі,

                                   З звонкім крыкам жураўлі.

                                   Вос(е, я)нь ткала ўжо красёнцы

                                   Мяккай чырвані ў лістах,

                                   Вос(е, я)нь спеў в(я, е)ла б(е, я)сконцы,

                                З ветрам ходзячы ў кустах… [4, стар. 284, “Паэмы Я. Коласа”].

Падбярыце літаратурны адпаведнік да аўтарскага слова “жыцце”. (Жыццё.)

Раскрыйце сэнс слова “красёнцы”. (Кросныхатні ткацкі станок.) [1, стар. 175, “Тлумачальны слоўнік”].

Адказы на пытанні.

 Якая літара пішацца ў першым складзе перад націскам?

Ці ўплывае націск на правапіс каранёвага я?

У якіх словах захоўваецца літара е ў першым складзе перад націскам?

Калі ў беларускай мове пішацца літара ё?

Тэст.

Назавіце словы з літарай я.

1. З..мля.

2. Прыз..мліцца.

3. З..мляны.

4. Заз..мленне.

5. З..мелька.

6. Г..рой.

7. Н..апаль (горад у Італіі).

8. З..млі (форма множнага ліку).

Адказ: 1, 2, 4, 5.

                                                                                                            

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Валочка, Г. М. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 5-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання : у 2 ч.  – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2019. Ч. 2. --  144 с.

3. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

4. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

5. Красней, В. П., Лаўрэль, Я. М. Беларуская мова : Падруч. для 5-га кл. шк. з беларус. мовай навучання. / В. П. Красней, Я. М. Лаўрэль. – 3-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 1992. --  318 с. : іл.                 

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, чэрвень 2020 года, № 6 (224).