Поиск по этому блогу

Казкі на тэму мовы

Я з братамі: старэйшым - Аляксандрам і малодшым - Уладзімірам


 Мая бабуля Марыся



                                                                                                                   Аляксей Якімовіч
















ЯК ЗАЯЦ І ВОЎК СЯБРАВАЛІ ДЫ НАВУКІ ВЫВУЧАЛІ
Казкі

У тваіх руках – цікавая кніга. Аўтар прапануе казкі пра хлапчукоў і дзяўчынак, пра незвычайнае казачнае жыццё звяроў і птушак. Яна прынясе табе радасць адкрыццяў, стане добрым сябрам і мудрым настаўнікам.
Выпушчана выдавецтвам “Народная асвета” ў 2017 годзе.
Якімовіч, А. М. Як Заяц і Воўк сябравалі ды навукі вывучалі : для дзяцей мал. шк. узросту / Аляксей Якімовіч ; маст. У. С. Пашчасцеў. – Мінск : Народная асвета, 2017. – 46 с. : іл. – (Бібліятэка Асветыка).
Дапрацавана аўтарам у 2019 годзе. Друкаваць у гэтым выпраўленым варыянце. Выпраўленні адзначаны чырвоным колерам.
























Як Заяц і Воўк вершы складалі

Жылі-былі па суседству Заяц і Воўк.
-- У слове “голас” пасля літары “л”, што трэба пісаць: “о” ці “а”? – неяк пацікавіўся ў Зайца Воўк.
-- Каб правільна напісаць слова, правіла трэба ведаць, -- заўважыў Заяц. Ён заўсёды старанна вучыў правілы і паўтараў ужо вывучаныя.
Воўк цяжка ўздыхнуў. Ён не вывучыў правіла “Правапіс галосных “о”, “э, “а”. А слова “голас” яму цяпер трэба было напісаць.
Пашкадаваў Заяц небараку Воўка.
-- У беларускай мове, -- сказаў ён, -- літара “о” пішацца пад націскам, як і літара “э”.
-- Значыць, у слове “голас” пасля літары “л” трэба пісаць літару “а”, -- здагадаўся Воўк і сеў на лаўку.
“Ж-ж-ж, ж-ж-ж, ж-ж-ж…” – загудзеў, пакружыўся побач Чмель і паляцеў кудысьці неўзабаве.
-- Ён таксама вырашыў праведаць, якую літару трэба пісаць у слове “голас” пасля “л”, -- правёўшы вачыма дапытлівага Чмяля, зазначыў Заяц.
-- Давай верш складзём, каб усе ведалі, калі пішуцца літары “о”, “э”, -- прапанаваў Воўк.
-- Добра ты прыдумаў! -- адразу ж пагадзіўся Заяц. – Верш можна пачаць так: -- У словах “спрэчка”, “голас”…
-- “Цэгла”, “колас”, -- падхапіў Воўк.
-- “О”, “э” пад націскам стаяць, -- прамовіў Заяц.
-- Значыць, значыць… -- прагаварыў Воўк і запнуўся. Ён не ведаў, як закончыць гэты верш.
-- Значыць, трэба іх пісаць, -- усміхнуўся Заяц.
Воўк ускочыў з лаўкі і ўсклікнуў:
-- Някепскі верш мы з табою склалі! Паслухай, як гучыць!
У словах “спрэчка”, “голас”,
                                               “цэгла”, “колас”
                                               “о”, “э” пад націскам стаяць.
                                               Значыць, трэба іх пісаць.
А я яшчэ адзін верш прыдумаў! – неспадзявана заявіў Заяц.
-- Які? – хочацца ведаць Воўку.
-- Паслухай! – сказаў Заяц і  прагаварыў выразна, выдзяляючы кожнае слова:
Акуратна,
                                                                                ад душы
                                                               “о”, “э” пад націскам пішы.

Патрыёт і чэмпіён

-- Ты ведаеш, хто такі патрыёт? – аднаго разу  запытаўся Воўк у Зайца.
Заяц азірнуўся, уважліва паглядзеў навокал і сказаў:
-- Патрыётам называюць таго, хто любіць сваю Радзіму, свой край.
-- Так, -- пагадзіўся Воўк і новае пытанне задаў сябру: -- А каго называюць чэмпіёнам?
-- Чэмпіён – пераможца ў спартыўным спаборніцтве, -- адказаў Заяц і прагаварыў у задуменнасці: -- Патрыёт! Чэмпіён! У гэтых словах ёсць спалучэнні літар “ыё”, “іё”.
-- Ну і што? – развёў лапамі Воўк. Ён не зразумеў, чаму менавіта такую гаворку распачаў яго сусед.
-- Спалучэнні “іё”, “ыё” заўжды пад націскам стаяць, -- заўважыў Заяц.
-- Ну і што? – паўтарыў Воўк.
-- Калі пад націскам стаяць, значыць, трэба іх пісаць! – выдзеліўшы голасам слова “іх”, растлумачыў Заяц.
-- Ёсць правіла, якое вучыць нас правільна пісаць словы са спалучэннямі літар “іё”, “ыё”! Цяпер я зразумеў цябе, -- прамовіў Воўк і дадаў праз хвілінку: – Спалучэнні “іё”, “ыё” прыгожа гучаць!
-- Яны заўжды пад націскам стаяць, -- усміхнуўся Заяц.
-- А ў нас сапраўдны верш атрымаўся!
Спалучэнні “іё”, “ыё” прыгожа гучаць.
                                      Яны заўжды пад націскам стаяць, --
прагаварыў Воўк.
-- Атрымаўся б, калі б быў пачатак, -- зазначыў Заяц.
-- Можна прыдумаць пачатак, -- сказаў Воўк і паглядзеў на Зайца. – З чаго пачнём?
-- Са слоў, у якіх ёсць спалучэнні “іё”, ыё”, -- прапанаваў Заяц.
-- Кіёск, -- назваў слова са спалучэннем “іё” Воўк.
-- Стадыён, -- назваў слова са спалучэннем “ыё” Заяц.
-- Патрыёт, -- назваў яшчэ адно слова са спалучэннем “ыё” Воўк.
-- Чэмпіён, -- назваў слова са спалучэннем “іё” Заяц.
Вось які верш атрымаўся ў Зайца і Воўка:
У словах “кіёск”, “стадыён”,
                                                “Патрыёт”, “чэмпіён”
                                                 Спалучэнні “іё, “ыё”
                                                 Прыгожа гучаць!
                                                 Яны заўжды пад націскам стаяць.

Жук і…

-- Жук! – сустрэўшыся з Воўкам, неспадзявана прамовіў Заяц.
Воўк устрапянуўся і з недаўменнем паглядзеў на суседа. Не спадабаўся яму такі пачатак размовы.
А Заяц зноў сказаў як нічога ніякага:
-- Джала!
“Мой добры сусед, напэўна, не з той нагі сёння ўстаў. Вось і кажа абы што”, -- падумаў Воўк.
-- Раса, -- нечакана сказаў Заяц.
-- Цырк, -- сказаў Воўк і ўсміхнуўся. Нарэшце ён зразумеў, што Заяц вырашыў з ім пагуляць. Сваю гульню ён прыдумаў.
-- Чарот! – усклікнуў Заяц.
-- Шалаш, -- прашаптаў Воўк. Быццам казачнае, прагучала ў яго слова “шалаш”.
-- Мы з табою цяпер назвалі словы, якія пачынаюцца… -- прагаварыў Заяц і замаўчаў.
-- З зацвярдзелых зычных гукаў ж, дж, р, ц, ч, ш, -- падхапіў Воўк. Ён нядаўна цэлую раніцу вучыў зацвярдзелыя гукі, як след запомніў іх.
 -- Пасля іх пішуцца а, о, у, ы, э, -- далей вядзе сваю гаворку хітры Заяц.
-- Давай пра гэта верш складзем, -- прапанаваў Воўк. – Няхай усе-ўсе яго чытаюць  і вучацца правільна пісаць.
-- А як яго пачаць? – запытаўся Заяц.
-- Ж, дж, р, ц, ч, ш
                                                        Заўсёды цвёрда ў нас гучаць, --
падмаргнуўшы Зайцу, пачаў Воўк.
Заяц крыху падумаў і дапамог Воўку:
-- Мы не будзем іх змякчаць.
-- А як далей прыдумаць? – усклікнуў Воўк.
-- Далей, далей… Не ведаю, як прыдумаць далей. Чамусьці ў галаву не лезе, -- паскардзіўся Заяц.
-- І мне сёння чамусьці ў галаву не лезе, -- шчыра прызнаўся Воўк. – Мабыць, стаміўся я.
Невядома, ці атрымаўся б у Зайца і Воўка верш пра зацвярдзелыя зычныя, калі б Чмель ім не дапамог.
Пачуў ён размову сяброў і падказаў ім, як трэба скласці далей:
                                                           Э, о, у, ы, а пасля іх
                                                           Трэба пісаць.
Заяц і Воўк падзякавалі Чмялю за дапамогу і заспявалі, быццам самую вясёлую песеньку:
                                                           Ж, дж, р, ц, ч, ш
                                                           Заўсёды цвёрда ў нас гучаць.
                                                           Мы не будзем іх змякчаць.
                                                           Э, о, у, ы, а пасля іх
                                                           Трэба пісаць.

Складаная задача

Стаяла сонечнае лета. Сябры-суседзі Заяц і Воўк адправіліся на рэчку.
З-за павароткі сцяжынкі паказаўся мядзведзь Міхайлавіч. Ён нёс кошычак, у якім ляжалі вялікія, быццам курыныя яйкі, маліны.
-- Міхайлавіч, дзе такія вялікія маліны сёлета выраслі? – вырвалася ў Зайца.
-- Такіх малінаў я нідзе не бачыў! – зірнуўшы ў кошычак, дадаў Воўк.
-- У сваім садку вырасціў. Кожны дзень даглядаў, не ленаваўся, – усміхнуўся мядзведзь.
-- Колькі іх тут? – торкнуўшы лапай, паказаў на  кошычак Заяц.
-- Восем. Усе да адной я палічыў, --пахваліўся Міхайлавіч.
-- Восем! – прагаварыў Заяц і аблізнуўся. Спелымі малінамі захацелася яму паласавацца.
Мядзведзь прыўзняў кошычак, каб лепей бачылі яго сябры.
-- Хочаце атрымаць?
-- Бясплатна? – зноў вырвалася ў Зайца. Ён не бачыў, каб тут, у ляску, хто-небудзь бясплатна маліны раздаваў.
-- Грошай у вас я не вазьму, -- паведаміў мядзведзь.
Заяц і Воўк пераглянуліся. Яны вырашылі, што Міхайлавіч пацяшаецца з іх, жартуе.
-- Адну задачу вам трэба рашыць, -- паведаміў мядзведзь. – Будзеце слухаць?
-- Будзем, -- адказаў Заяц. Ён ведаў, што Міхайлавіч любіць лясным жыхарам розныя задачкі задаваць.
-- У маім кошычку… – пачаў мядзведзь.
-- Восем малінаў! – не вытрымалі, падхапілі Заяц і Воўк.
Хітра ўсміхнуўся мядзведзь.
 -- Як іх можна пароўну падзяліць на траіх?
Задумаліся сябры-суседзі. Складаную задачу задаў ім Міхайлавіч.
-- Каб пароўну падзяліць, кожнаму трэба даць па дзве маліны, -- нясмела азваўся Заяц. Канешне, добра не падумаў ён.
-- Але ж у кошычку застанецца яшчэ дзве маліны, -- адпарыраваў мядзведзь.
-- Застанецца! – панурыўся Заяц.
-- Каб пароўну падзяліць, --  уступіў у размову Воўк, -- кожнаму трэба даць па тры маліны!
-- У такім разе трэцяму дастанецца толькі дзве маліны, -- заўважыў Міхайлавіч.
Стаяць Заяц і Воўк перад Міхайлавічам, з лапы на лапу пераступаюць. А той непрыкметна ўсміхаецца, правільнага адказу чакае.
-- Я здагадаўся! – прашаптаў Заяц. – Каб падзяліць на траіх восем малінаў, трэба…
-- І я здагадаўся! – перапыніў сябра Воўк. Як і Зайцу, яму вельмі хацелася даць правільны адказ.
-- Дык разам скажыце! Па маёй камандзе! – прапанаваў Міхайлавіч і махнуў лапай, як дырыжор палачкай. – Тры, чатыры!..
-- Трэба зварыць з малінаў варэнне! – разам гучна сказалі Заяц і Воўк.
-- Правільна, -- пагадзіўся з Зайцам і Воўкам Міхайлавіч і працягнуў ім кошычак. – Бярыце! Варыце варэнне і ешце на здароўе.
А Заяц і Воўк засаромеліся. Няёмка ім браць у Міхайлавіча маліны. Яны ж не за дарма яму дасталіся. Нямала папрацаваў ён у садку, пакуль вырасціў іх.
-- Бярыце! – паўтарыў мядзведзь. – Я свае словы на вецер не кідаю.
Заяц і Воўк пераглянуліся і ўзялі кошычак з духмянымі малінамі.
-- Міхайлавіч, -- сказаў Заяц, – сёння вечарам прыйдзі да нас. Малінавым варэннем цябе пачастуем.
--- Калі ласка! – дадаў Воўк.
Міхайлавіч прыязна ўсміхнуўся сябрам. Сёння складаную задачу яны рашылі.

Пра добры настрой

Стаіць Заяц каля хаты, бруском касу вострыць і весела напявае:
Касі, каса, блішчы, раса,
                                                    На сонцы ззяй, настрой стварай.
Падышоў да яго Воўк і запытаўся:
-- Касу вострыш?
-- Вастру, як бачыш, – усміхнуўся Заяц.
-- Траву будзеш касіць?
-- У садку, даволі вялікая ўжо вырасла, -- адказаў Заяц і, зайшоўшы ў садок, махнуў касою.
“Жых-жах, жых-жах”, -- прамовіла вострая каса, пакінуўшы пасля сябе свежы пракос духмянай травы.
“Лоўка ў цябе выходзіць. Вось каб цяпер ты касу ў зямлю загнаў!” – у думках пажадаў Зайцу Воўк, але не сказаў пра гэта, пацікавіўся:
-- Цяжка касіць?
-- А ты паспрабуй! – прапанаваў Заяц.
-- Не атрымаецца ў мяне! Не! – затрос лапамі Воўк.
-- А ў мяне атрымаецца! – сказаў Заяц і зноў весела заспяваў:
Касі, каса, блішчы, раса,
                                                   На сонцы ззяй, настрой стварай.
-- Вясёлы ты! -- адзначыў Воўк і цяжка ўздыхнуў.
-- Што  ёсць, то ёсць. Не сумую! – прызнаўся Заяц.
-- Што ж табе дапамагае так весела жыць? Калі ласка, адкрый мне свой сакрэт, – папрасіў Воўк.
-- Дапамагае прыказка “Хто працуе, той не сумуе”, -- сказаў Заяц і махнуў касою.
Пайшоў Воўк з Зайцавага падворка, сеў на лаўку і стаў паўтараць: “Хто працуе, той не сумуе… Хто працуе, той не сумуе… “.
Ішоў па вуліцы Мядзведзь.
-- Чаму адно і тое ж паўтараеш, Воўча? – запытаўся.
-- Сабе настрой хачу падняць, -- адказаў Воўк.
-- Я таксама сабе настрой хачу падняць. З самай раніцы па вёсцы цягаюся, добры настрой шукаю, -- паскардзіўся Мядзведзь.
-- Дык сядай побач, -- запрасіў Мядзведзя Воўк.
Мядзведзь усеўся на лаўку і разам з Воўкам пачаў паўтараць:
-- Хто працуе, той не сумуе. Хто працуе, той не сумуе…
Чакаюць сябрукі, калі з’явіцца ў іх добры настрой.
Але так і не з’явіўся ён. Змрочныя пацягнуліся дамоў.

Пасля дожджыку ў чацвер

Неяк сустрэліся Воўк і Заяц.
-- Давай заўтра па грыбы сходзім, -- прапанаваў Зайцу Воўк.
-- А ты ведаеш, дзе шмат грыбоў нарасло? – запытаўся Заяц у Воўка.
-- Ведаю адзін бярозавы лясок! Заўтра рана-раненька прыходзь да мяне. Не праспі! -- сказаў Воўк.
-- Не прасплю. У мяне будзільнік ёсць. На пяць гадзін раніцы яго пастаўлю, -- паведаміў Воўку Заяц. Вельмі хочацца яму першых грыбоў назбіраць.
-- Давай дамовімся так, -- прамовіў Воўк. – Заўтра я цябе завяду ў грыбы, а ты мяне паслязаўтра завядзеш у суніцы. Усе сунічныя мясцінкі, чуў ад Лісы, ты добра вывучыў.
-- Вывучыў, абавязкова завяду, -- паабяцаў Заяц і адправіўся дамоў.
Роўна ў пяць гадзін раніцы разбудзіў Зайца будзільнік, на ўсю хату весела зазвінеў.
Заяц ускочыў з ложка, узяў кошык і пабег да Воўка. А таго ўжо і след прастыў. Не пачакаўшы Зайца, панёсся ў грыбны бярозавы лясок.
-- Называецца, дамовіліся! – з горкасцю прагаварыў Заяц.
Апаўдні сустрэў ён Воўка. Той з бярозавага ляска ішоў з поўным кошыкам крамяных баравічкоў.
Паглядзеў Заяц на баравічкі і цяжка ўздыхнуў. А Воўк не разгубіўся, усклікнуў:
-- Усё-ткі праспаў ты, браток!
-- У пяць гадзін разбудзіў мяне будзільнік, -- пакруціў галавою Заяц.
-- Да шасці гадзін я цябе чакаў, -- схлусіў Воўк.
“Ён нават не пачырванеў, з яго як  з гусі вада. Такому нічога не дакажаш”, -- падумаў Заяц і пакрочыў па сцяжынцы.
-- Пачакай, сусед! – гукнуў Воўк. – Заўтра ў суніцы завядзеш. Дамаўляліся!
-- Яшчэ не паспелі суніцы, -- спыніўшыся, адказаў Заяц.
Воўк разявіў рот.
-- А калі яны паспеюць?
-- Пасля дожджыку ў чацвер, -- прамовіў Заяц і пайшоў.
-- Пасля дожджыку ў чацвер, значыць! Трэба пачакаць, -- паглядзеўшы ўслед Зайцу, прагаварыў Воўк.

Першае крэсла

Зрабіў Заяц крэсла і вырашыў паказаць яго звярам-суседзям.
Прыйшоў на палянку, а там ужо сядзяць на лаўцы Мядзведзь, Воўк і Ліс.
Заяц паставіў крэсла пад бярозкай і зірнуў на суседзяў. Чакае, што скажуць яны.
-- Тваё крэсла крываватае! – падзівіўшыся на крэсла, усклікнуў Воўк.
Прыгледзеўся Заяц. І праўда, крываватае атрымалася ў яго крэсла. Раней чамусьці не заўважыў гэтага.
-- Адна ножка ў крэсле таўшчэйшая! Ха-ха-ха… – зарагатаў Ліс.
Спахмурнеў Заяц.
А Воўк і Ліс рагочуць, весела ім.
-- Супакойцеся, рагатуны! – прыкрыкнуў на Воўка і Ліса Мядзведзь.
Воўк і Ліс адразу перасталі смяяцца. З Мядзведзем яны ніколі не спрачаліся.
-- Значыць, ты сёння зрабіў першае крэсла, – звярнуўся да Зайца Мядзведзь.
Заяц непрыкметна змахнуў слёзы, якія раптам выступілі на вачах.
-- Першае!
Мядзведзь сеў на крэсла.
Воўк і Ліс раты разявілі. Яны думалі, што крэсла не вытрымае, разваліцца пад Мядзведзем.
-- На першы раз у цябе  някепска атрымалася, -- пахваліў Зайца Мядзведзь, а потым запытаўся ў Воўка і Ліса: -- А вы калі-небудзь рабілі крэслы?
-- Я хацеў зрабіць, але перадумаў. У магазіне купіў, -- прызнаўся Воўк.
-- І я хацеў зрабіць, але перадумаў. Таксама ў магазіне купіў, -- прамовіў Ліс.
Мядзведзь строга паглядзеў на Воўка і Ліса і сказаў: “Той не памыляецца, хто ад працы хіляецца. Запомніце гэта”.
Воўк і Ліс апусцілі галовы як вінаватыя. А Заяц усміхнуўся.

Касá і кáса

За сталом сядзіць Заяц і чытае кнігу. Побач прымасціўся Воўк і ўважліва слухае яго.
-- Касá, -- прачытаў Заяц.
--Сусед, ты няправільна прачытаў апошяе слова, -- устрапянуўся Воўк.
-- А як яго трэба прачытаць? – не зразумеў Заяц. Яго звычайна хвалілі ў школе, казалі, што добра чытае.
-- Кáса, -- прамовіў Воўк.
-- Хіба няма слова “касá”? – гучна засмяяўся Заяц.
-- Дакажы, што ёсць! – натапырыўся Воўк.
-- Касá ёсць у дзяўчынкі, -- прагаварыў Заяц і, зірнуўшы на Воўка, зноў засмяяўся. – А ў цябе няма касы?
-- Па-твойму, я дзяўчынка? – абурыўся Воўк. Лапы сціснуў, вось-вось, здаецца, на Зайца кінецца.
-- А чым ты нядаўна ў садку касіў? – напомніў суседу Заяц.
-- Касою! – сказаў Воўк і ўсміхнуўся.
-- Я даказаў табе, што ёсць слова “касá”? – запытаўся ў Воўка Заяц.
-- Даказаў, -- мусіў пагадзіцца Воўк. – А цяпер я табе  дакажу, што ёсць слова “кáса”.
Заяц натапырыў вушы, падрыхтаваўся слухаць.
-- У кáсе грошы выдаюць. Мой тата ў кáсе кожны месяц заработную плату атрымлівае. Касір яе яму выдае, -- паведаміў Воўк.
-- І ты мне даказаў, што ёсць слова “кáса”. Малайчына! – пахваліў Воўка Заяц.
-- Цікава атрымліваецца, -- сказаў Воўк. – Адно слова, а некалькі значэнняў мае. Націск яго значэнне памяняў.
-- У націска вялікая сіла, -- адзначыў Заяц.

Сустрэча з Гномікам у чырвоным каўпаку

Аднаго разу заблудзіліся ў незнаёмым ляску Заяц і Воўк. Выйшлі на дарогу, каля якой ляжаў вялікі камень-валун.
-- Нам цяпер, напэўна, назад трэба ісці, -- азірнуўшыся, выказаў здагадку Заяц.
-- А мне здаецца, што трэба ісці ўперад, -- не пагадзіўся Воўк.
Стаяць сябры, спрачаюцца, адзін аднаго стараюцца пераканаць.
Раптам з-за валуна выскачыў маленькі дзядок з сівою барадою ў чырвоным каўпаку.
-- Дамоў не можаце трапіць, дарогу згубілі? – запытаўся ён у Зайца і Воўка.
-- Згубілі, заблыталіся, -- прызнаўся Заяц.
-- А вы хто? – пацікавіўся ў маленькага дзядка Воўк.
-- Гномік, -- адказаў дзядок у чырвоным каўпаку.
-- Нам вельмі прыемна пазнаёміцца з вамі, -- пачаў Заяц.
-- -- Вельмі прыемна, -- падтрымаў Зайца Воўк і дадаў: -- Не падкажаце, у якім баку знаходзіцца наш лясок?
Гномік у чырвоным каўпаку падзівіўся на сяброў, паморшчыў лоб і прамовіў:
-- Як ён называецца? Так і не сказалі вы.
-- Вельмі прыгожая назва ў яго, -- зноў нясмела пачаў Заяц.
-- Ён называецца Смалісты Гаёк, -- сказаў Воўк.
-- У мінулым годзе быў там, падарожнічаў. Цудоўная мясцінка! – пахваліў радзіму Зайца і Воўка Гномік у чырвоным каўпаку.
-- Цяпер нам уперад трэба ісці? – варухнуў хвастом Воўк. Ён спадзяваўся, што Гномік у чырвоным каўпаку адразу ж скажа яму, як трапіць дамоў, у Смалісты Гаёк.
Але не тут тое было.
-- Скажу, куды трэба ісці, калі тры мае заданні выканаеце, -- неспадзявана заявіў ён.
Што заставалася рабіць сябрам? Пагадзіліся яны з Гномікам у чырвоным каўпаку, бо вельмі дамоў хацелі трапіць.
-- З чаго ствараюцца словы? Як вы лічыце? – запытаўся ў сяброў Гномік у чырвоным каўпаку.
Заяц і Воўк пераглянуліся, не ведаюць, што сказаць.
А Гномік у чырвоным каўпаку глядзіць на іх і доўгую сівую бараду пагладжвае.
-- Словы ствараюцца з асобных літар, -- нарэшце прамовіў Заяц.
Гномік у чырвоным каўпаку скрывіўся. Не спадабаўся яму гэткі адказ. Вось-вось пойдзе, знікне, як па загаду нябачнага чараўніка.
-- Словы ствараюцца з асобных гукаў, спалучаных у пэўным парадку, -- успомніў Воўк.
Гномік прыязна ўсміхнуўся Воўку.
-- Так. Словы адрозніваюцца наборам гукаў. Могуць адрознівацца адным гукам. Не ведаеце такіх слоў?
На гэты раз Заяц успомніў словы, якія адрозніваюцца адным гукам.
-- Я ведаю! – прагаварыў.
Гномік у чырвоным каўпаку кіўнуў галавою. Маўляў, назаві, калі ведаеш, не саромейся.
-- Кот – бот! – назваў патрэбныя словы Заяц.
-- Кот – бот! – паўтарыў Гномік у чырвоным каўпаку і засмяяўся. Мабыць, пра знаёмага ката ён успомніў.
-- І я ведаю такія словы, -- вырашыў паказаць сябе Воўк. – Стог – стол.
-- Малайцы! – пахваліў сяброў Гномік у чырвоным каўпаку.
Пачуўшы пахвалу Гноміка, Заяц і Воўк на цэлую пядзю падраслі. Калі хваляць, кожны падрастае, быццам за вушы, угору яго цягнуць.
-- А ці можаце вы назваць словы, якія адрозніваюцца двума і больш гукамі? – нечакана запытаўся Гномік у чырвоным каўпаку.
-- Як і першы раз, Заяц і Воўк пераглянуліся.
-- Падобныя словы чамусьці не прыходзяць мне ў галаву. Можа, ты іх назавеш? – ціха звярнуўся да сябра Воўк.
-- А калі зноў памылюся? – занепакоіўся Заяц.
-- Тады я цябе зноў папраўлю, -- паабяцаў Воўк. Ён ніколі не кідаў свае словы на вецер.
Заяц цяжка ўздыхнуў і выпаліў:
-- Мышка – лыжка!
-- Ты выдатнік! – зірнуўшы на Зайца, усклікнуў Гномік у чырвоным каўпаку.
“Я таксама хачу быць выдатнікам”, -- падумаў Воўк і таксама ўспомніў, назваў словы, якія адрозніваюцца двума гукамі:
-- Мышка – вышка!
-- Высокая вышка? – развесяліўся Гномік у чырвоным каўпаку.
“Калі б тут стаяла высокая вышка, вышэйшая, чым самыя высокія дрэвы, то я залез бы на яе і ўбачыў бы, у якім баку знаходзіцца Смалісты Гаёк”, -- з сумам падумаў Воўк.
-- А ці не маглі б вы назваць словы, якія адрозніваюцца колькасцю гукаў? – усё дапытваецца Гномік у чырвоным каўпаку.
Воўк убачыў асу, якая праляцела непадалёку. Ён правёў яе позіркам і прагаварыў у задуменні:
-- Аса!
-- Раса, -- сказаў Заяц і дадаў: -- Я магу назваць яшчэ два падобныя словы.
-- Калі ласка, -- падахвоціў Зайца Гномік у чырвоным каўпаку.
Заяц набраў у грудзі паветра і назваў два словы, якія адрозніваюцца колькасцю гукаў:
-- Кола – школа!
-- Цяпер вы пакажаце нам дарогу дамоў? – звярнуўся да Гноміка ў чырвоным каўпаку Воўк.
-- Пакажу, калі зможаце назваць словы, якія адрозніваюцца паслядоўнасцю гукаў, -- паабяцаў Гномік у чырвоным каўпаку.
-- Ёсць такія словы, -- запэўніў Гноміка Воўк. – Соль – лось.
-- А яшчэ “сон – нос”! – прамовіў Заяц.
-- Вы справіліся з маім заданнем, -- сказаў Гномік у чырвоным каўпаку. – Ідзіце па дарозе ўперад. За павароткай будзе дзве дарогі: адна паверне налева, а другая – направа.
-- Па якой нам трэба ісці? – усклікнуў Воўк.
-- Пра гэта вам скажа мой брат-матэматык, -- ледзь прыкметна ўсміхнуўся Гномік у чырвоным каўпаку.
-- Як жа мы яго пазнаем? – выгукнуў Заяц.
-- Вельмі проста. Ён носіць жоўты каўпак, -- паведаміў Гномік у чырвоным каўпаку і імгненна, нібыта шустрая мышка, схаваўся за валуном.

Гномік-матэматык

-- Я думаў, што неўзабаве прыйдзем дамоў. Не! З Гномікам-матэматыкам прыйдзецца гутарку весці! – абурыўся Заяц.
-- Дык што? Сядзем і будзем сядзець тут? – перапыніў сябра Воўк.
-- Трэба ісці, дома будуць хвалявацца, -- сказаў Заяц. Ён зразумеў, што ніхто не прыйдзе і не павядзе іх. На сябе найперш трэба спадзявацца.
Сябры зірнулі на валун, у думках развіталіся з Гномікам у чырвоным каўпаку і таропка пакрочылі па дарозе.
Неўзабаве за павароткай яны ўбачылі дзве дарогі: адна вяла налева, а другая – направа. На перакрыжаванні, нібыта рэгуліроўшчык, стаяў Гномік у жоўтым каўпаку і ўсміхаўся Зайцу і Воўку як добрым знаёмым.
-- Гномік-матэматык ужо ведае пра нас! – заўважыў Заяц.
-- Мабыць, ведае. Нейкім чынам брат яму паведаміў, -- кіўнуў галавою Воўк.
-- У Смалісты Гаёк не можаце трапіць? – весела прагаварыў Гномік-матэматык, калі сябры наблізіліся да яго.
-- Не можам, -- развёў лапамі Заяц. – Хадзілі, хадзілі па лсесе і заблудзіліся!
-- Калі ласка, скажыце, па якой дарозе нам ісці, -- папрасіў Воўк.
-- Абавязкова скажу, не падману, калі маю задачу зможаце рашыць, -- паведаміў Гномік у жоўтым каўпаку.
-- Мы будзем старацца, -- паабяцаў Заяц. “Невядома, як атрымаецца ў нас”, -- падумаў ён.
-- Уважліва слухайце! – гучна аб’явіў Гномік-матэматык. – На навагодняй ёлцы віселі тры шарыкі і пяць караблікаў. Потым на ёлку павесілі адзін грыбок.
-- Хто павесіў? – не выцерпеў Заяц.
-- Каму трэба было, той і павесіў! – як адрэзаў Гномік у жоўтым каўпаку. – Слухайце і не перапыняйце!
“З ім не паспрачаешся”, -- падумаў Заяц і сцяў губы.
-- Потым знялі адзін караблік і два шарыкі, а павесілі дзве зорачкі. Колькі цацак стала на ёлцы? – так закончыў Гномік-матэматык.
Заяц паглядзеў на Воўка і цяжка ўздыхнуў.
-- Ты што-небудзь разумееш?
-- Здаецца, нешта разумею, -- адказаў Воўк.
-- А я анічога не разумею, -- прызнаўся Заяц. І праўда, у ягонай галаве ўсё пераблыталася: і шарыкі, і караблікі, і грыбкі, і зорачкі. Яму нават здалося, што дзве навагоднія ёлкі былі ў пакоі.
-- Ты няўважліва слухаў, а цяпер мне перашкаджаеш! – выгаварыў Зайцу Воўк. Ён стараўся хутчэй рашыць задачу Гноміка ў жоўтым каўпаку.
-- Ты думай, думай! Больш не буду табе перашкаджаць, -- паабяцаў Заяц і азірнуўся. Хоць каб лавачка паблізу стаяла. Прысеў бы на лавачку, адпачыў бы. Лапы аж гудзяць ад гэтай бясконцай хадзьбы. З самай раніцы блукаюць яны па ляску. А сонца ўжо высока ўзнялося.
-- Чаму задачу не рашаеш? – данёсся да Зайца голас Гноміка ў жоўтым каўпаку.
Заяц прамаўчаў. Яму не хацелася апраўдвацца, нешта даказваць гэтаму строгаму Гноміку-матэматыку.
-- Табе не падабаецца матэматыка? – паправіўшы на галаве каўпак, пацікавіўся Гномік.
-- Калі задача выходзіць, то падабаецца. А калі не выходзіць, то не падабаецца, -- шчыра прызнаўся Заяц. Ён ведаў, адчуваў, што гэтага Гноміка на мякіне не правядзеш.
-- Матэматыка – каралева ўсіх навук. Запомніш? – як важны суддзя, прагаварыў Гномік у жоўтым каўпаку.
-- Запомню! – паабяцаў Заяц і апусціў галаву. У гэты момант яму чамусьці не хацелася глядзець у вочы Гноміку-матэматыку.
-- Я ўжо рашыў задачу! – усклікнуў Воўк. Ён аж падскокваў ад нецярпення. Так хацелася яму хутчэй назваць адказ.
Заяц імгненна павярнуўся да сябра.
-- Колькі цацак вісела на навагодняй ёлцы?
-- Восем! – паведаміў Воўк.
-- У мяне таксама такі адказ атрымаўся, -- сказаў Гномік-матэматык і торкнуў рукою, паказаўшы направа: -- Гэтая дарога прывядзе вас дамоў.
Заяц з павагай паглядзеў на Гноміка-матэматыка і падумаў: “Ён хоць і строгі, але справядлівы дзядок. Свае словы на вецер не кідае”.

Сваякі

Сустрэліся на лясной палянцы Воўк і Заяц. Спачатку пра надвор’е пагаварылі, потым пра знаёмых успомнілі. А затым Воўк папрасіў Зайца:
-- Растлумач мне, калі ласка, чаму аднародныя члены сказа называюцца аднароднымі.
-- Ты ўважліва будзеш слухаць? – пацікавіўся Заяц. Ён добра ведаў, што іншы раз  у Воўка ў адно вуха ўлятае, а ў другое вылятае.
-- Не хвалюйся. Набяруся цярпення і паслухаю, -- паабяцаў Воўк.
Заяц узяў сухую галінку і на мокрым пасля дажджу пяску напісаў: “У нашым лесе жывуць дзятлы, сарокі, крумкачы”.
-- У нашым лесе жывуць дзятлы, сарокі, крумкачы, -- прачытаў Воўк і ўхмыльнуўся. – Хіба ў гэтым сказе ёсць аднародныя члены?
-- Кэк-кэк-кэк… -- рэзка закрычаў Дзяцел, пачуўшы гэткае выказванне Воўка. Не спадабалася яно яму.
А Сарока гучна застракатала, такім чынам сваё абурэнне выказала. І стары Крумкач яе падтрымаў, падаў голас з гушчару:
-- Крук-крук…
Воўк азірнуўся і прагаварыў са здзіўленнем:
-- Чаго птушкі раскрычаліся? Можа, штосьці здарылася ў нашым лесе?
-- Здарылася! – незычліва сказаў Заяц. – У сказе “У нашым лесе жывуць дзятлы, сарокі, крумкачы” аднародныя члены ты не знайшоў!
Воўк падцяў хвост і прашаптаў:
-- Бывае!
-- Аднародныя члены, -- пачаў тлумачыць Заяц, -- адказваюць на адно і тое ж пытанне.
-- Адказваюць на адно і тое ж пытанне, -- уважліва гледзячы на Зайца, паўтарыў Воўк.
-- І адносяцца да аднаго і таго ж слова, -- закончыў сваё тлумачэнне Заяц.
-- Выходзіць, яны блізкія, як сваякі? – усклікнуў Воўк.
-- Так выходзіць, -- пагадзіўся з Воўкам Заяц.
-- Я ўжо бачу іх! – заявіў Воўк.
-- Назаві, калі ласка, -- папрасіў Заяц.
-- Словы “дзятлы”, “сарокі”, “крумкачы” адказваюць на адно і тое ж пытанне і адносяцца да аднаго і таго ж слова, -- сказаў Воўк і ўсміхнуўся.

Зашыфраванае слова

Прыйшоў Воўк да Зайца. А той сядзіць за сталом і штосьці старанна піша.
Канешне, зацікавіўся Воўк.
-- Можна мне паглядзець? – запытаўся ў Зайца.
-- Калі ласка, -- адказаў Заяц і падсунуў суседу крэсла.
Воўк сеў побач з Зайцам. Вось што ён убачыў на лістку: зялёная ~ ва, у зялёнай ~ ве, зялёнаю ~ вою.
-- Не разумееш, што тут напісана? – пацікавіўся ў сябра Заяц.
Воўк пакруціў галавою.
-- Анічога не разумею. Баццам зацьменне найшло на мяне.
-- ~ Ва, ~ ве, ~ вою, -- прачытаў на лістку Заяц.
-- ~ Ва, ~ ве, ~ вою , -- паўтарыў Воўк. Сядзіць надзьмуўшыся, ад Зайца тлумачэння чакае.
-- ~ Ва, ~ ве, ~ вою -- гэта зашыфраванае слова, -- нарэшце зжаліўся над Воўкам Заяц, растлумачыў.
-- Мне яго трэба расшыфраваць? – усклікнуў Воўк.
Заяц кіўнуў галавою.
-- Прачытай, калі зможаш.
Воўк змахнуў кроплю поту, якая раптам з’явілася на носе.
-- Не змагу. Я не шыфравальшчык.
Сапраўды, Воўк вучыўся ў звычайнай школе, шыфроўкамі і расшыфроўкамі не займаўся.
-- Глядзі! -- прагаварыў Заяц і намаляваў на лістку значок “~”. – Гэта тыльда.
-- Тыльда, -- старанна, каб  запомніць, паўтарыў Воўк.
-- Тыльда – гэта ўмоўны знак.
Як дапытлівы вучань, Воўк паглядзеў на Зайца і паўтарыў:
-- Тыльда – гэта ўмоўны знак.
А Заяц, нібыта сапраўдны знаўца, далей вядзе гаворку:
-- Тыльдай прынята замяняць частку слова, якое часта паўтараецца.
-- Стоп, стоп! – крыкнуў Воўк.
Заяц замаўчаў і паглядзеў на Воўка.
-- ~ Ва, ~ ве, ~ вою – гэта зашыфраванае слова?
-- ~ Ва, ~ ве, ~ вою – гэта зашыфраванае слова. Ужо казаў табе, -- напомніў Заяц.
Воўк падскочыў на крэсле.
-- Я здагадаўся, як яго прачытаць!
-- Калі ласка, -- прамовіў Заяц.
-- Зялёная трава, у зялёнай траве, любуюся зялёнаю травою, -- прачытаў Воўк і заліўся смехам, падскокваючы на крсэсле.
-- Асцярожней, крэсла не паламі! – папярэдзіў Заяц. Ён на днях купіў крэслы ў дарагім магазіне і вельмі шанаваў іх.
-- Напішы яшчэ адно зашыфраванае слова! – папрасіў сябра Воўк.
“Пайсці на ~ цу, шырокая ~ ца, стаяць на ~ цы”, -- напісаў на лістку Заяц.
-- Пайсці на “цу”, -- прагаварыў Воўк і задумаўся.
-- Не здагадаўся, якое слова тут зашыфравана? – не выцерпеў Заяц.
-- Ужо здагадаўся. Пайсці на вуліцу, шырокая вуліца, стаяць на вуліцы,  -- сказаў Воўк і ўсміхнуўся, задаволены.

Цікава

Неяк на лясным ускрайку сустрэліся Заяц і Воўк.
-- Я магу пакласці ў рот і праглынуць адразу сто ягадаў, -- пахваліўся Заяц.
Воўк пакруціў галавою.
-- Не веру.
-- Можа, паспрачаемся? -- прапанаваў Заяц.
-- Давай паспрачаемся, -- пагадзіўся Воўк.
Заяц уважліва паглядзеў на Воўка.
-- На што паспрачаемся?
-- На тое, што ты мне болей ніколі не будзеш хлусіць! – зарагатаў Воўк. Ён быў упэўнены, што выйграе спрэчку ў Зайца.
Заяц наблізіўся да малінніка, сарваў некалькі спелых малінаў, кінуў іх у рот і з’еў, аблізнуўшыся.
-- Тры маліны ты праглынуў, -- адзначыў Воўк.
-- Не тры, а трыста! – нечакана заявіў Заяц.
Воўк ледзь не папярхнуўся. Такой заявы ад суседа ён не чакаў.
-- Шаноўны, супакойся, не кашляй, -- сказаў Заяц. – Зараз я табе ўсё растлумачу.
-- Калі ласка, растлумач, -- праз сціснутыя зубы прагаварыў Воўк. Моцна ўзлаваўся ён на Зайца. “Махлюеш і не чырванееш. Такога нахабства ад цябе я не чакаў”, -- падумаў пра сябе.
-- Плод маліны называецца многакасцянка, таму што ў ім многа костачак, -- пачаў тлумачыць Заяц.  – Уяві сабе, што гэта не адна ягада, а шмат маленькіх ягад. Можа, пяцьдзесят, можа, сто.
-- Вось яно што! – прамовіў Воўк. Павесялеў ён, прайшла ягоная злосць, прапала, як густы туман прападае раніцай пад цёплымі праменямі сонца. “Заяц не нахабнік, не махляр”, -- прабегла ў яго галаве.
-- Гэта што? – махнуўшы лапаю, паказаў на высокую гнуткую арэшыну Заяц.
-- Дрэва, – сказаў Воўк.
Заяц усміхнуўся.
-- Арэшына не дрэва, а…
-- А куст! -- апярэдзіўшы Зайца, усклікнуў Воўк. Ён успомніў, як казалі ім у школе, што арэшына не дрэва, а куст.
Заяц хітра прыжмурыўся і новае пытанне задаў Воўку:
-- А якое дрэва ў нас самае магутнае і даўгавечнае?
-- Дуб, -- адказаў Воўк і дадаў: -- А ці ведаеш ты, чаго баіцца сасна?
-- Марозу? —прагаварыў Заяц і запытальна паглядзеў на Воўка.
-- Не адгадаў, -- сказаў Воўк. – Сасне не страшныя ні мароз, ні спякота, ні вецер. Сасна баіцца толькі цемнаты.
-- А ці верыш ты, -- падхапіў Заяц, -- што крона дрэва з паўднёвага боку заўсёды гусцейшая?
-- Веру, -- кіўнуў галавою Воўк. – З паўднёвага боку заўжды цяплей. Адтуль ярчэй свеціць сонца.
Стаяць на ўзлеску Заяц і Воўк і няспешна вядуць размову. Цікава ім.

Прыметы

Ідзе Воўк па сцяжынцы і скардзіцца сам сабе:
-- Цэлы тыдзень холадна на дварэ! Дзе гэтае цяпло падзелася?
Выскачыў з-за куста Заяц.
-- Ох! – зірнуўшы на Зайца, усклікнуў Воўк і за галаву ўзяўся. – Ну й напалохаў ты мяне!
-- Я хацеў сказаць, што заўтра пацяплее, -- паведаміў Заяц.
Воўк з недаверам паглядзеў на суседа.
-- Табе хіба па спецыяльным тэлефоне паведамілі?
-- Камары! – сказаў Заяц.
-- Па спецыяльным тэлефоне? – паўтарыў Воўк і заліўся ад смеху. Развесяліў яго сусед.
Заяц паказаў на стройную бярозку, якая расла непадалёку.
-- Бачыш, як каля бярозкі над самай сцяжынкай камары мак таўкуць?
Прыгледзеўся Воўк. Сапраўды, кружацца, уюцца над сцяжынкай камары, быццам мак таўкуць.
-- Ёсць такая прымета. Камары мак таўкуць – цёпла будзе, -- прагаварыў Заяц.
Воўк перастаў смяяцца і пацікавіўся:
-- А яшчэ якія прыметы ты ведаеш?
-- Калі павукі плятуць свае красёнцы ў паўднёвым напрамку, то пацяплее, калі ў паўночным, – пахаладае, -- адказаў Заяц.
-- Хм, -- хмыкнуў Воўк. – Цікава! Вельмі цікава!
-- Канешне, цікава, -- пагадзіўся Заяц. – Ёсць і такая прымета. Калі зязюля  ў канцы жніўня кукуе – значыць, восень будзе цёплая.
-- Прыйдзе жнівень – паназіраю, паслухаю, -- паабяцаў Воўк і запытаўся: -- А ці ёсць прымета, якая прадказвае навальніцу?
-- Ёсць, -- паведаміў Заяц. – Калі матылькі хаваюцца ў пучкі галінак, у дуплы дрэў, чакай навальніцы.
Воўк разявіў рот.
-- Чаму?
-- Яны адчуваюць навальніцу і шукаюць укрыццё, -- растлумачыў Заяц.
-- А пра дождж што кажуць нам прыметы? – хочацца ведаць Воўку.
-- У папаратніка закруціліся лісты – быць цёпламу сонечнаму надвор’ю. Трава на ноч пакрываецца расою – дзень будзе без дажджу. Кветкі белага гарлачыка на возеры закрываюцца – да дажджу, -- ахвотна расказвае Заяц.
А Воўк уважліва слухае і запамінае.

Лясныя паэты

Аднаго дня Воўк сустрэў на вуліцы Зайца і паведаміў яму:
-- Сёння я ад Дзятла незвычайнае заданне атрымаў.
-- Якое заданне? – вырашыў удакладніць Заяц. Ён любіў выконваць незвычайныя заданні.
-- Глядзі! – сказаў Воўк і паказаў Зайцу ліст паперы.
На аркушы прыгожымі роўнымі літарамі былі напісаны наступныя словы: кава, загар, сяброўка, цень, хату, камары, навучылі, дзяўчынка, вады, слава, буквар, дзень, бульвар,  забава, туды, канава, дудар, справа, тавар, лоўка, рухава, твар, сцяжынка, мяту, працаваў, лячылі, Ірынка.
-- А дзе заданне? Задання не бачу, -- уважліва прачытаўшы ўсе словы, прамовіў Заяц.
-- Дзяцел сказаў, каб у гэтых радках мы з табою назвалі словы, якія рыфмуюцца.
Схітраваў Воўк. Такое заданне Дзяцел даў толькі яму. Пра Зайца ён зусім не ўспамінаў.
-- Рыфма – гэта сугучнасць, супадзенне ў гучанні канцоў слоў? – вырашыў напомніць Заяц.
-- Напэўна, так, -- развёў лапамі Воўк. Пра рыфму ён яшчэ не паспеў прачытаць.
-- Ты запісвай, а я буду называць словы, якія рыфмуюцца, -- звярнуўся да Воўка Заяц.
Воўк паклаў паперу на пянёк. Сам дастаў з кішэні ручку, прысеў побач і сказаў:
-- Я ўжо падрыхтаваўся. Называй.
-- Да слова “кава” падбярэм словы “слава”, “забава”, “канава”, “справа”, “рухава”, да слова “загар” -- “буквар”, “дудар”,“бульвар”, “тавар”, “твар”, да слова Ірынка – “дзяўчынка”, “смяшынка”, “іскрынка”, “сцяжынка”.
-- Не тарахці так, -- папярэдзіў Воўк. -- Не паспяваю запісваць!
Уважыў Заяц Воўка. Больш павольна стаў называць патрэбныя словы.
-- Да слова “сяброўка”падбіраем слова “лоўка”, да слова “цень” – дзень”, да слова “хату” – мяту”, да слова “навучылі” – “лячылі”, да слова “камары” – “гаспадары”, да слова “працаваў” – “пілаваў”, да слова “вады “ – “туды”.
-- Усё? Можна ставіць кропку? – запытаўся Воўк.
-- Усё, стаў, -- пагадзіўся Заяц. – Мы выканалі заданне Дзятла.
-- Давай з гэтых слоў складзем кароценькі верш, -- прапанаваў сябру Воўк. Ён ведаў, што са слоў, якія рыфмуюцца, можна скласці верш, калі добра пастарацца.
-- Падабаюцца яны табе? – усміхнуўся Заяц.
-- Яшчэ як падабаюцца! – прызнаўся Воўк. – Гучаць прыгожа.
-- А пра каго мы складзем верш? – пацікавіўся Заяц.
-- Пра ўнучку, якая дапамагае дзядулю, -- прагаварыў Воўк. Ён кожны дзень дапамагаў свайму дзядулю, стараўся.
-- Я прыдумаў пачатак верша! – прамовіў Заяц. -- Слухай!
                                                Ідзе да дзядулі Ірынка --
                                                Слаўная дзяўчынка.
-- Далей я складу. Можна? – прашаптаў Воўк. Цікавая думка і ў яго з’явілася. Ён баяўся, што раптам прападзе яна, згіне, як звычайна прападае ў паветры рознакаляровая мыльная бурбалка.
-- Калі ласка, -- дазволіў Заяц.
                                                 -- Вітаюць яе камары –
                                                 Лясныя гаспадары, --
сказаў Воўк і аж падскочыў ад радасці.
-- Цудоўны верш у нас атрымаўся! – гукнуў Заяц.
Панеслася па лесе рэха, паведамляючы, што ў ляску з’явіліся новыя паэты – Воўк і Заяц.

Салю, палю…

Стаяў сонечны летні дзень. Сябры-суседзі Заяц і Воўк вучыліся граматна пісаць.
Завостраным дубчыкам Заяц напісаў на мокрым ад пяску дажджу два сказы: Я салю бульбу. Калі бульба зварыцца, я салю ваду.
-- Калі бульба зварыцца, я салю ваду, -- прачытаў Воўк і аж прысеў, рагочучы. -- Соліш ваду, Заяц?
Заяц крыху падзівіўся на Воўка і запытаўся:
-- Колькі сказаў я напісаў?
-- Два сказы! – выклікнуў Воўк.
-- У адным сказе ёсць памылка. Знайдзі яе, сусед, -- прапанаваў Заяц.
Воўк перастаў рагатаць. Ён здагадаўся, што зараз прыйдзецца паламаць галаву.
-- Адну памылку ці дзве?
-- У сказе адна.
“У сказе ёсць адна памылка, нейкая хітрая яна. Цяжка яе знайсці”, -- падумаў Воўк і паглядзеў на Зайца.
-- Хочаш, каб падказаў? – здагадаўся Заяц.
-- Ты мне так падкажы, каб я сам знайшоў гэтую памылку! – папрасіў Воўк.
-- Калі ласка, -- пагадзіўся Заяц і кіўнуў галавою, паказаўшы на напісаныя сказы. – Тут ёсць слова, у якім прапушчана літара.
Воўк пастаяў, паўздыхаў, падзівіўся і ўсё-ткі здагадаўся.
-- Другі сказ трэба чытаць так: ”Калі бульба зварыцца, я салью ваду”.
-- У слове “салью” прапушчаны раздзяляльны мяккі знак, -- зазначыў Заяц і зноў напісаў на пяску два сказы: Я палю градкі. Потым іх палю.
-- У першым сказе слова “палю” і ў другім сказе слова “палю”. Такога не можа быць! – заявіў Воўк.
-- Правільна разважаеш, -- прамовіў Заяц. – А цяпер успомні, калі пішацца раздзяляльны мяккі знак.
-- Успомніў бы, калі б ведаў! – цяжка ўздыхнуў Воўк.
-- Раздзяляльны мяккі знак пішацца пасля літары “л” перад галоснымі літарамі “е”, “ё”, “ю”, “я”, “і”, -- напомніў суседу Заяц.
Воўк з сілай пляснуў сабе па ілбе.
-- Здагадаўся! Трэба чытаць так: “Я палю градкі. Потым іх палью”.

Хто самы добры?

Сабраў Мядзведзь на паляне лясных жыхароў і запытаўся:
-- Хто з вас самы добры, сябры?
-- Я самы добры! – гукнуў Ліс і штурхнуў Зайца¸ які стаяў наперадзе. Бедны Заяц аж у калючы ядлоўцавы куст заляцеў, пакалоўся там.
Мядзведзь строга паглядзеў на Ліса і сказаў яму:
-- Адыдзіся ўбок. Не падабаецца мне твая дабрыня.
Ліс скрывіўся і адышоўся ўбок.
-- Я самы добры! – завыў Воўк і рвануўся ўперад. Барсуку спачатку на адну, затым на другую лапу наступіў.
Завохкаў, застагнаў Барсук.
-- Хоць прабачэння ў мяне папрасіў бы, -- звярнуўся ён да Воўка.
-- А ты не стой на маёй дарозе! – агрызнуўся Воўк.
-- Адыдзіся ўбок. Не падабаецца мне твая дабрыня, -- сказаў Воўку Мядзведзь.
-- Я самы добры, -- выбраўшыся з ядлоўцавага куста, паведаміў Заяц.
-- Дакажы, што ты самы добры, -- папрасіў Мядзведзь.
-- У мяне ёсць два прыгожыя футры: адно белае, зімовае, а другое шэрае, летняе. Я іх нядаўна ў самым дарагім магазіне купіў, -- пахваліўся Заяц.
-- Значыць, любіш сябе? – прамовіў Мядзведзь.
-- Яшчэ як люблю! Анічога для сябе не шкадую, – усміхнуўся Заяц. – Заўтра новыя боты ў самым дарагім магазіне куплю.
-- А я сабе ў самым дарагім магазіне куплю не толькі боты і футра, але і саламяны капялюш! – гукнуў Барсук.
-- Адыдзідзеся ўбок. Не падабаецца мне ваша дабрыня, -- сказаў Зайцу і Барсуку Мядзведзь.
Заяц і Барсук пераглянуліся, развялі лапамі, але не сталі пярэчыць Мядзведзю, адышлі ўбок.
Мядзведзь абвёў позіркам звяроў, нахмурыўся і сеў на пень.
-- Міхайлавіч, вы кагосьці чакаеце? – пацікавіўся Ліс.
-- Вожыка няма. Чамусьці не прыйшоў сюды Вожык, -- прагаварыў Мядзведзь.
-- Вожык да Янота пабег! – усклікнуў Заяц. – Захварэў Янот.
-- Моцна кашляе, -- дадаў Воўк.
-- Вожык Яноту малінавае варэнне панёс. Казаў, што малінавае варэнне абавязкова яму дапаможа, вылечыць яго, -- падаў голас Барсук.
Мядзведзь устаў з пня і ўсміхнуўся. Ён нарэшце праведаў, хто ў ляску самы добры.

У класе

За акном ярка свеціць сонца, шчабечуць птушкі, а ў класе ціха. Настаўнік Барсук праводзіць урок.
“У нашым лесе шмат розных дрэваў”, -- старанна напісаў у сшытку Воўк.
Да яго наблізіўся Барсук і ўздыхнуў.
-- Я напісаў няправільна? – здагадаўся Воўк.
-- Трэба пісаць не “дрэваў”, а “дрэў”, -- сказаў Барсук.
-- А я напісаў “Мы пасадзілі шмат вішняў”, -- падаў голас Заяц. – Так будзе правільна?
-- Трэба напісаць не “вішняў”, а “вішань”, -- заўважыў Барсук.
-- А я напісаў такі сказ: “Мне хочацца сустрэцца з людзямі!” – усклікнуў Вожык.
Усміхнуўся настаўнік Барсук.
-- Слова “людзямі” ты напісаў няправільна.
-- Трэба пісаць “людзьмі”? – выказаў здагадку Вожык.
-- Так, людзьмі, -- адказаў Барсук.
-- А ў мяне наступны сказ, -- азваўся Воўк. – Па дарогам ходзяць і людзі, і звяры. Так будзе правільна?
-- Няправільна, -- пакруціў галавою настаўнік Барсук. – Правіла ад нас патрабуе, каб пісалі “па дарогах”.
З усіх бакоў сыплюцца пытанні. Вельмі хочацца звярам пісаць і вымаўляць правільна.


Змест

Казкі

Як Заяц і Воўк вершы складалі
Патрыёт і чэмпіён
Жук і…
Складаная задача
Пра добры настрой
Пасля дожджыку ў чацвер
Першае крэсла
Каса і каса
Сустрэча з Гномікам у чырвоным каўпаку
Сваякі
Зашыфраванае слова
Цікава
Прыметы
Лясныя паэты
Салю, палю
Хто самы добры?
У класе