Поиск по этому блогу

"Я сядзеў недалёка ад Прэзідэнта"


З напісанага даўней

“Я сядзеў недалёка ад Прэзідэнта”

Віталь Мароз, вучань 11 класа Касцянёўскай школы, разам са старшым камбайнёрам калгаса “Дружба” Аляксандрам Марозам на жніве заняў другое месца сярод маладзёжных экіпажаў Беларусі. На камбайне “Ск-5” гэты экіпаж намалаціў 482 тоны збожжа і быў запрошаны на рэспубліканскае свята “Дажынкі-98”. Сёння Віталь дзеліцца сваімі ўражаннямі.
-- У горад Нясвіж 80 удзельнікаў свята ад Гродзенскай вобласці павезлі на двух аўтобусах .“Ікарус”, у якім павінны  былі ехаць слонімцы, адпраўляўся з Навагрудка, куды нас дваіх адвезлі на калгаснай “Волзе”. На ўсім шляху да месца прызначэння наш аўтобус суправаджала стаўбцоўская міліцыя. Было вельмі прыемна ехаць у суправаджэнні ганаровага эскорту. На нас усе звярталі ўвагу, а сустрэчныя вадзіцелі па загаду міліцыі хуценька давалі дарогу.
У Нясвіжы нас сабралі разам і ўручылі ўсім пераможцам рабочае адзенне з надпісам “Нясвіж. Дажынкі-98”: летні і зімовы касцюмы. Потым пазнаёмілі з праграмай свята. Мне падаравалі тэлевізар “Гарызонт”, па які прыйдзецца ехаць у Гродна.
На самім свяце я сядзеў непадалёку ад Прэзідэнта, нас раздзялялі, можа, метраў дзевяць. У той момант у мяне было нейкае ўнутранае хваляванне, змешанае з пачуццём радасці ад таго, што і я з’яўляюся ўдзельнікам гэтай незвычайнай падзеі. А больш за ўсё мне запомніўся паветраны шар з людзьмі ў карзіне, які раптам з’явіўся над намі ў туманным небе. Гэта быў адзін са святочных сюрпрызаў…
                                                                    Аляксей Якімовіч, вёска Касцяні
                                                              Напісана ў верасні 1998 года.

Дачны сезон

Хутка распачнецца дачны сезон, а значыць людзей чакаюць новыя клопаты і турботы. Добра ведаю гэта як дачнік з пэўным стажам. Сённяшнія дачнікі – своеасаблівы добраахвотны рабочы атрад, які з ранку да вечару працуе на сваіх агародах. Асноўны касцяк яго складаюць людзі сталага і пенсіённага ўзросту. Няўдобіцы, якія ўлады адвялі пад дачныя ўчасткі, не даюць добрага ўраджаю. Нездарма дачнікі часам з сумам жартуюць: “Ад дачы няма аддачы”. А адзін мой знаёмы сказаў: “Пасля нас нашы дачы нашым дзецям будуць непатрэбныя”. Яны становяцца непатрэбнымі і  некаторым сённяшнім дачнікам. Многія дачныя ўчасткі ўжо не апрацоўваюцца, зарастаюць пустазеллем.
Адна з галоўных праблем – транспартная. Балюча бачыць, як у дачны сезон і пенсіянеры, і маладзейшыя з клункамі на плячах цягнуцца паўз дарогі на свае дзялкі. Мяне, шчыра кажучы, іншы раз здзіўляе цярплівасць і самаахвярнасць гэтых людзей. Ведаю жанчыну, якая адразу ж пасля працы вечарам за 15 – 20 кіламетраў едзе на дачу, каб прапалоць і паліць грады. А потым дома ноччу яе, увапрэлую, чакае кухня. Убогасць нашага жыцця знясільвае людзей, якім хочацца, каб дзеці і ўнукі паласаваліся свежымі ягадамі ці агароднінай, а мы, дарослыя, як адзначыў адзін знаёмы, і на таблетках пражывём.
Другая праблема – праблема вады. Ведаю многіх гаспадароў дачных участкаў, якія працуюць толькі на зелле, бо без дастатковага паліву на іх участках, акрамя травы, анічога не расце. Ваду возяць на тачках ў бідонах, каністрамі ў машынах, носяць вёдрамі… Пашанцавала тым дачнікам, дзе ўчасткі маюць кіраўнікі прадпрыемстваў. Там падведзена вада, электрычнасць, зроблены і іншыя зручнасці. Астатнім, так выходзіць, як Бог дасць.
Немагчыма пералічыць усе праблемы. Іх у дачнікаў шмат.
                                                                                                 Аляксей Якімовіч
                                                    Напісана ў красавіку 1998 года.