Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс: правапіс няпэўных займеннікаў

 

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ    

 

Тэма: правапіс няпэўных займеннікаў.

Псіхалагічны настрой.                            

                                                    Належыць, перамога,

                                                    Шматтыднёвы –

                                                    Гэта словы нашай мовы.

                                                                         Аляксей Якімовіч.

• Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Успамінаем! Няпэўныя займеннікі ўказваюць на няпэўныя асобы, невядомыя прадметы, прыметы, колькасць.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

• Няпэўны займеннік, які ўказвае на асобу: абы-хто.

Ці можна так напісаць?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Пачнём з правіла.

Запомніце!  Няпэўныя займеннікі могуць утварацца пры дапамозе прыстаўкі абы-. Яна пішацца праз злучок, націск у такіх няпэўных займенніках заўсёды на канчатку [3, стар. 200, “Беларуская мова”].

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: абы-хто.

Назавіце слова.                            

                                                             Пішам без памылак

                                                              Абы-каму сказаць,   

                                                             Абы-каго пазваць,

                                                             Абы-каму … (чытаць.)

                                                                            Аляксей Якімовіч.

• Растлумачце правапіс займеннікаў з вершаванага тэксту.

Помніце!  Калі абы аддзелена прыназоўнікам, то пішацца асобна [3, стар. 200, “Беларуская мова”].

Скорагаворка.      

З Антосем гаварылі абы пра што (Аляксей Якімовіч).  

• Растлумачце правапіс абы.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

• Няпэўны займеннік, які ўказвае на прымету: нечы.

Ці можна так напісаць?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Чытаем правіла.

Помніце!  Няпэўныя займеннікі могуць утварацца пры дапамозе прыстаўкі не-. Яна пішацца разам і знаходзіцца пад націскам: нехта, нешта, нейкі, нечы, некалькі [3, стар. 200, “Беларуская мова”].

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: нечы.

Хвілінка кемлівасці.

• Карыстаючыся даведкай, праскланяйце няпэўны займеннік нейкі.

Для даведкі.                                                               

Канчаткі няпэўнага займенніка нейкі ва ўскосных склонах:  Р. -- -ага, Д. -- -аму, В. – як Н. або Р., Т. -- -ім, М.-- -ім.

Назавіце слова.                            

                                                             Пішам без памылак

                                                             Нейкую сцяжынку,  

                                                             Нейкую дзяўчынку,

                                                             Нейкую … (хусцінку.)

                                                                            Аляксей Якімовіч.

• Растлумачце правапіс займеннікаў з вершаванага тэксту.

Адзначаем! Прыстаўка не- без націску ўжываецца ў няпэўным займенніку некаторы і яго формах: некаторага, некатораму, некаторыя, у некаторых [3, стар. 200, “Беларуская мова”].

Працуем са спалучэннямі слоў.

• Са словам “некаторым” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

• Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

• Вызначце род займенніка некаторы  і растлумачце правапіс яго канчатка.

Для даведкі: некаторым шанцуе – некаторым праўда вочы коле.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

• Няпэўны займеннік, які ўказвае на прымету: якісьці.

Ці можна так напісаць?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэтае пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Чытаем правіла.

Помніце!  Няпэўныя займеннікі могуць утварацца пры дапамозе марфем сьці- і небудзь-, якія называюцца постфіксамі [4, стар. 220, “Беларуская мова”]. Няпэўныя займеннікі з постфіксам –сьці (-сь) пішуцца разам: хтосьці, штосьці, якісьці, штось, хтось. Пасля с у постфіксе згодна з вымаўленнем пішацца ь (мяккі знак) [3, стар. 200, “Беларуская мова”].

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: якісьці.

Назавіце слова.                            

                                                             Пішам без памылак

                                                             Хтосьці заплаціў, 

                                                             Хтосьці падарыў,

                                                             Хтосьці … (насмяшыў.)

                                                                            Аляксей Якімовіч.

• Растлумачце правапіс займеннікаў з вершаванага тэксту.

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя спалучэнні літар сьці, сь,  потым напішыце беларускае слова “калісьці” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

• Няпэўны займеннік, які ўказвае на прадмет: што-небудзь.

Ці можна так напісаць?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Звяртаемся да правіла.

Помніце!  Няпэўныя займеннікі з постфіксам –небудзь пішуцца праз злучок і вымаўляюцца з націскным не [3, стар. 201, “Беларуская мова”]. 

                [4, стар. 220, “Беларуская мова”]        

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: што-небудзь.

Назавіце слова.                            

                                                             Пішам без памылак

                                                            Якому-небудзь падарунку,          

                                                             Якому-небудзь малюнку,

                                                             Добраму … (гатунку.)

                                                                            Аляксей Якімовіч.

• Растлумачце правапіс займеннікаў з вершаванага тэксту.

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                  Абы з кім,

                                                  Зусім.

                                                  Не сябруйце

                                                  Бо прападзеце      

Адказ: 1 – 3, 2 – 1, 3 – 4, 4 – 2.

• Вызначце ў вершаваным тэксце няпэўны займеннік і растлумачце яго правапіс.

Сустрэча з фразеалагізмам.

Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які абазначае  “не час смяяцца, жартаваць”.

                                                              Нехта голас свой падаў,

                                                              Зблытаў нашы карты.

                                                              Асцярожным трэба быць.

                                                              Цяпер … .

• Знайдзіце ў вершаваным тэксце слова з арфаграмай на вывучанае правіла. Праскланяйце яго.

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: ен ад ўатраж [1, стар. 203, “Фразеалагічны слоўнік”].

Праца са сказам.       

Складзіце скорагаворку са слоў.

І, Маруся, Таццяна, гадзін, гаварылі, штосьці, некалькі. (Маруся і Таццяна некалькі гадзін штосьці гаварылі.)         

• Ці паўтараецца вывучаная арфаграма ў словах скорагаворкі?

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з прапушчанымі літарамі. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                 Самі ж вербы, як бабулі,

                                                 Нейк набожненька стаяць.

                                                 Штось заш(е, э)пчуць: “чулі-чулі”

                                                 Ч(а, я)раты ды зноў маўчаць [2, стар. 402, “Паэмы Я. Коласа”].

• У якой іншай форме можа ўжывацца няпэўны займеннік штось? (Штосьці.)

• Падбярыце аднакаранёвы няпэўны займеннік да прыслоўя нейк. (Неяк.)

Адказы на пытанні.

•  Як пішуцца прыстаўкі не-, абы- ў няпэўных займенніках?

• Як пішуцца суфіксы –сьці, -небудзь у няпэўных займенніках?

Як пішацца займеннік нечы?

Тэст.

• Назавіце займеннікі, напісаныя правільна.

1. Нейкі.

2. Якісьці.

3. Абы з каго.

4. Некі.

5. Нечы.

6. Некаторыя.

7. Некатарыя.

Адказ: 1, 2, 3, 5, 6.

                                                                                                            

Выкарыстаная літаратура

 

1. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

2. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

3. Малажай, Г. М. і інш. Беларуская мова : Падруч. для 6-га кл. шк. з рус. мовай навучання. / Г. М. Малажай, З. М. Кавалевіч, С. Р. Рачэўскі. – Мн. : Нар. асвета, 1996. --  238 с., [4] л. іл.: іл.

4. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання / Г. М. Валочка [і інш]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. --  240 с.

 

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, люты 2022 года, № 2.