Поиск по этому блогу

Прыназоўнік як службовая часціна мовы

 

              Тэма: Прыназоўнік як службовая часціна мовы.

              Псіхалагічны настрой.            

                                                          Склады раз, це; ля, ка

                                                          Я старанна вымаўляю,

                                                          Прыназоўнікі складаю.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Назавіце словы (прыназоўнікі), у якія ўваходзяць склады раз, це; ля, ка. (Цераз, каля.) Запішыце іх.

Якую тэму ўрока мы сёння будзем вывучаць? Здагадаліся?

Вучымся разважаць.

Запішыце словазлучэнні з прыназоўнікамі цераз, каля. Абазначце ў іх галоўныя  і залежныя словы.

Ішоў цераз лес, стаіць каля яго, каля пяці літраў.

Прааналізаваўшы запісаныя словазлучэнні, выберыце патрэбнае:

а) прыназоўнік паказвае на залежнасць аднаго слова ад другога і служыць для сінтаксічнай сувязі слоў у словазлучэнні. Галоўным словам у такім словазлучэнні звычайна бывае дзеяслоў, радзей – назоўнік, прыметнік, прыслоўе, фразеалагізм: падобны да брата, непадалёку ад яго, вясна ў вёсцы; гарачая галава ў Антося;

б) прыназоўнік не звязвае словы ў словазлучэнні.

Прачытайце ў вучэбным дапаможніку па беларускай мове для 7-га кл. (2020) тэарэтыны матэрыял параграфа 44 і праверце, ці правільна вы разважалі.      

Праца са словам.      

Адгадайце загадку.

                                                    Пасярод двара

                                                    Стаіць гара,

                                                    Спераду вілы,

                                                    А ззаду мятла. (Карова.)

                                                                    З  народнага [1, с. 348, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].

Назавіце слова, якое рыфмуецца з прыназоўнікам пасярод.

На, за, народ, адстаўшы, над. (Народ.)

         Ці ўсе гэтыя словы з'яўляюцца прыназоўнікамі? Абгрунтуйце сваю думку.

Ці можна змяніць форму прыназоўнікаў на, за, над? (Прыназоўнік не змяняецца.)

Складзіце і запішыце сказ з прыназоўнікам пасярод.

Назавіце слова.

Аб, без, для, дзеля, ад,

                                            За, на, пра, праз, пад.

                                            Гэта не назоўнікі.  

                                            Яны … (прыназоўнікі).

                                                       Аляксей Якімовіч.

Назавіце прыназоўнікі. Ці з’яўляюцца яны членамі сказа? (Асобна ўзятыя прыназоўнікі не з’яўляюцца членамі сказа.)

У слове “прыназоўнікі”  пасля р пішам ы.  А як чытаем? (Цвёрда.) 

   Хвілінка кемлівасці.

   Дапішыце прыказкі і прымаўкі, выбраўшы патрэбны варыянт з

      прапанаваных.

              1. Без мазаля на руках …(не будзеш мець хлеба ў зубах). 2. Па народнай

   песні … (пазнаеш народ). 3. У кажуху … (у лазні не мыюцца). 4. Забраў

   манаткі з хаткі … (і даў лататы). 5. Лезе, … (як певень на плот) [1, с. 99, 226, 229, 247, 253, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].  

П р а п а н а в а н ы я  в а р ы я н т ы: у лазні не мыюцца; як певень на 

      плот; пазнаеш народ; і даў лататы; не будзеш мець хлеба ў зубах.

              Раскрыйце значэнне фразеалагізма даў лататы. (Пабег, уцёк.)

               Выпішыце словазлучэнні з прыназоўнікамі. Адносіны паміж якімі  

      часцінамі мовы яны выражаюць?

Што вам вядома пра напісанне слова “народ”? (Парныя звонкія гукі на канцы слоў аглушаюцца. Каб не памыліцца ў напісанні, падбіраем праверачнае слова з галосным пасля зычнага: народ -- народы.)

Працуем са спалучэннямі слоў.          

Да спалучэння слоў раслі між кустоў падбярыце спалучэнне з сінонімам-прыназоўнікам.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні словазлучэннямі?

На залежнасць якой часціны мовы паказваюць прыназоўнікі ў словазлучэннях?

Што вам вядома пра напісанне слова “кустоў”? (Пасля галоснай о пішам ў.)

Д л я  д а в е д к і: раслі між кустоў – раслі паміж кустоў.

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Ці згодны вы з наступнай думкай?

Пры мамцы цёпла, пры сонейку добра.

       Запішыце сказ у выпраўленым варыянце. (Пры сонейку цёпла, пры мамцы добра.)  [1, с. 91, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].

         Выпішыце словазлучэнні з прыназоўнікамі. Абазначце галоўнае слова. Якой часцінай мовы яно з’яўляецца?

Як вы ставіцеся да сваёй мамы?

Гульня “Шукаю сябра”.

         Да прыназоўніка па, ужытага ў рубрыцы “Хвілінка кемлівасці”, падбярыце прыназоўнік, які адрозніваецца ад яго адной літарай. (Да.)                                    

Фізкультхвілінка.

Успомніце, якія беларускія прыназоўнікі вы запісалі ў пачатку ўрока. (Цераз, каля.) На столі, на сцяне вачыма напішыце іх і лагодна ўсміхніцеся ім, добрым і ласкавым.

Пазнайце слова.

Пазнайце слова па яго апісанні: утварылася з двух слоў, складаецца з чатырох літар, першая частка пачынаецца з 9-й літары алфавіта, другая – з 17-й, пішацца праз злучок. Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага дапаможніка.

Так, гэта слова “з-пад”. Дзякуючы падказцы мы здагадаліся, як яно гучыць. А да якой часціны мовы адносіцца? (Гэта прыназоўнік.) Як вы дакажаце гэта?

Скорагаворка.

Вымаўляем правільна.

З часам многае зразумееш (Аляксей Якімовіч).

Назавіце прыназоўнік. Ці ўваходзіць ён у склад даданага члена?

Як вымаўляецца спалучэнне зычных у словах “з часам”?

Запомніце! Пішам з часам, а вымаўляем [ш часам].

Праца з дыялогам.

Дапоўніце дыялог Аляксея Якімовіча адказамі суразмоўцы. Устаўце прапушчаную літару. У якой частцы слова яна знаходзіцца?

-- Васілёк, ты вучышся ва ўніверсітэц..? (Ужо не першы год вучуся ва ўніверсітэце, на трэці курс нядаўна перайшоў.)

         -- Моцна сумуеш па родных?  (-- Крыху сумую. Успамінаецца, як з татам хадзілі ў грыбы, у журавіны.)

         -- Цяпер куды ідзеш? (Па ваду. Хачу набраць з крынічкі. Яна непадалёку.)

         Выпішыце прыназоўнікі і ў дужках укажыце, з якім склонам залежнага слова яны ўжываюцца.

         Вучаніца сказала: “Прыназоўнік служыць для сінтаксічнай сувязі слоў”. Удакладніце сцверджанне вучаніцы.

З пазычаных складоў.

Прачытайце словы. Вазьміце па адным складзе з кожнага і ўтварыце прыназоўнік услед.

Урывак, наследнік. (Услед.)

Выберыце патрэбнае.

Услед (крыкнуць, пабегчы, рвануцца, працаваць).

Перакладзіце прыназоўнік услед на рускую мову. (Вслед.)   Параўнайце   

      гучанне і напісанне.

Назавіце слова.

Тата мне гукнуў услед:

                                           -- Не згубі ты гэты … (след)!

                                                               Аляксей Якімовіч.

Запомніце, як пішацца прыназоўнік услед.

Праца з вершаваным тэкстам.

Вось што прыназоўнік паведамляе пра сябе:

                                                     Я ў лічэбніка гасцюю

                                                     І ў займенніка бываю.

                                                     Да назоўніка-суседа

                                                     Вельмі часта забягаю.

                                                                  Аляксей Якімовіч.

Вызначце прыназоўнікі. Адносіны паміж якімі часцінамі мовы яны выражаюць?

Утварыце і запішыце два словазлучэнні з прыназоўнікамі, якія выражаюць адносіны паміж назоўнікам і займеннікам і іншымі словамі.

Праца са словам.

Складзіце прыназоўнік з першых літар наступных слоў: асцярожна, будучыня, аб’ява, плынь, адзін, ластаўка. (Абапал.)

Выкарыстаўшы прыназоўнік абапал, складзіце словазлучэнне.  (Раслі абапал дарогі.)

Падзяліце слова “абапал” на склады і для пераносу.

Перакладаем.

Запішыце па-беларуску.

1. Мимо меня быстро пронеслась красная легковая машина (Аляксей Якімовіч). 2. Мы остановились напротив памятника поэту Максиму Богдановичу (Аляксей Якімовіч). 3. Несмотря на морозную погоду, соревнования лыжников не отменили (Аляксей Якімовіч).

Назавіце ў тэксце прыназоўнікі.

С л о ў н і к: соревнования --  спаборніцтвы.

Сустрэча з пісьменнікам.

Ва ўрыўку з кнігі Аляксея Якімовіча “Пан” раскрыйце дужкі і выберыце патрэбныя прыназоўнікі. Устаўце прапушчаныя літары.

Ужо каторы дзень стаяла сп..кота. Трава … (у, на) ўзбочынах выгарала … (ад, каля) сонца, пажаўцела. Стала жаўцець і лісце … (на, у) дрэвах. Ветрык, які часам налятаў … (з, з-за) дамоў, зрываў яго і кідаў … (на, у) асфальт … (на, пад) колы імклівых а..тамабіляў.

… (У, на) паднябессі, як бы пацяшаючыся … (са, з) людзей, замучаных гарачынёю, патрэскваў гром, але даж..у не было.

Выпускнікі дзявятага класа Стась, Рыгор, Мітрафан і Яша … (у, на) канцовым прыпынку вылезлі … (з, ад) аўтобуса, надзелі напакаваныя рукзакі і рушылі … (на, па) шашы, … (уздоўж, упоперак) якой … (з, ад) абодвух бакоў рос лес (Аляксей Якімовіч) [2, с. 109, “Пан”].

Назавіце ў тэксце сінонімы. (Спякота, гарачыня.)

Гульня “Шукаю сябра”.

Да прыназоўніка з-за, ужытага ў рубрыцы “Сустрэча з пісьменнікам”, падбярыце прыназоўнік, які ўжываецца з такім жа склонам залежнага слова. 

Падбярыце патрэбнае.

Каб правільна вызначыць значэнне слова, з двух прапанаваных у дужках варыянтаў выберыце той, які падыходзіць да першага слова па сэнсе.

  Днее (рана, ноччу).

Якім словам можна замяніць дзеяслоў “днее”? Выберыце патрэбнае. (Світае, гасцюе.)

                                                  Сонца выйшла з-за гары,

                                                  Цяплом зямлю грэе.

                                                  На траве раса блішчыць.

                                                  На дварэ ўжо днее.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Што вы можаце сказаць пра прыназоўнік “з-за”, выкарыстаны ў вершаваным тэксце?

Падбярыце сінонім да слова “блішчыць”.

Адказы (словы напісаны наадварот): анар; еатівс; еязз.        

Праца са сказамі.

1. Непадалёку ад вёскі … дарозе расла разгалістая груша-дзічка (Аляксей Якімовіч). 2. З самай раніцы ў садзе  … вулея звінелі, кружыліся працавітыя пчолы (Аляксей Якімовіч). 3. Выскачыўшы з густых кустоў, … дарогу прабегла стройная казуля (Аляксей Якімовіч). 4. … крайняй хаты выбеглі загарэлыя хлапчукі (Аляксей Якімовіч). 5. “Рашэнне буду прымаць … той сітуацыі, якая складзецца”, -- крыху падумаўшы, вырашыў Сымон (Аляксей Якімовіч).

Устаўце ў сказы невытворны (1), вытворны (2), просты (3), складаны (4), састаўны прыназоўнік (5).

Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот): ырп, локав, зарец, аз-з, да іцсанжелаз у.

Хвілінка творчасці.

Якія прыназоўнікі тут рыфмуюцца?

                                                   1. З назоўнікам барада

                                                   Рыфмуецца прыназоўнік д.. .

                                                   2. З назоўнікам сад

                                                   Рыфмуецца прыназоўнік п.. .

                                                   3. З назоўнікам лес

                                                   Рыфмуецца прыназоўнік б.. .

                                                   4. З назоўнікам бас

                                                   Рыфмуецца прыназоўнік у.. ч.. .

                                                   5. З назоўнікам дзед

                                                   Рыфмуецца прыназоўнік у.. .

                                                   6. З назоўнікам цана

                                                   Рыфмуецца прыназоўнік н.. н.. .

Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот): ад, дап, зеб, сач у, делсу, ан ычязделгян.                                   

7. Падвядзенне вынікаў урока.

На ўроку Міколка выканаў практыкаванне, праверыў і хацеў здаць сшытак, але Ніна спыніла яго.

-- Пачакай, -- прашаптала яна. – У слове “ўпоперак”, якое ўваходзіць у словазлучэнне ляжала ўпоперак дарогі, ты не падкрэсліў няпарную глухую зычную.

Якой часцінай мовы з'яўляецца слова “ўпоперак” у словазлучэнні ляжала ўпоперак дарогі? (Прыназоўнікам.)

Што выражае прыназоўнік?

Ці змяняюцца прыназоўнікі?

Ці бываюць прыназоўнікі членамі сказа?

Назавіце няпарную глухую зычную ў прыназоўніку ўпоперак. (К.)

8. Тэст.

Адзначце прыназоўнікі.

1) Без;

2) пад;

3) для;

4) у час;

5) час;

6) на працягу;

7) працяг.

Адказы: 1, 2, 3, 4, 6.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

2. Якімовіч А. М.. Пан : аповесць і апавяданні  / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 135 с.

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, № 11, 2024 год.