Поиск по этому блогу

Абагульняльныя словы пры аднародных членах і знакі прыпынку пры іх

 

ВЫВУЧАЕМ ПУНКТУАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ: ПРАКТЫКУМ

 

Тэма: абагульняльныя словы пры аднародных членах і знакі прыпынку пры іх.

Псіхалагічны настрой.

Назавіце слова па яго мовазнаўчых прыметах.

Гэта назоўнік другога скланення, агульны, неадушаўлёны, ужываецца ў форме ніякага роду, адзіночнага ліку.

Абазначае назву вадаёма, мае прыстаўны гук, пачынаецца з трэцяй літары алфавіта і заканчваецца першай.

• Устаўце літары ў клетачкі ланцужка, запісаўшы патрэбнае нам слова.

                                                            

                                                         (возера)

• Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Паведамленне тэмы ўрока.

Разгледзьце прапанаваную схему. Якой сінтаксічнай адзінцы (канструкцыі) яна адпавядае?

                                                        [Θ: , і ].

Для даведкі.

Θ  -- абагульняльнае слова.

(Апавядальнаму сказу з абагульняльным словам з трыма аднароднымі членамі; апошія два  звязаны спалучальным злучнікам і.)

Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.          

Знаёмімся.

Абагульняльнае слова пры аднародных членах сказа – гэта слова, якое выражае больш шырокае значэнне, чым аднародныя члены, і суадносіцца з яімі як родаве і відавое паняцце. Абагульняльнае слова з’яўляецца тым жа членам сказа, што і аднародныя члены [1, стар. 164, “Беларуская мова”].  

Праца з вершаваным тэкстам.

Прачытайце.

Аднародныя члены сказа

                                                Мы абагульняем.

                                                Працуем, не сумуем

                                                І вам дапамагаем.

Ствараем праблемную сітуацыю.                     

• Як  пішам?

1. Сонца асвяціла ўсё: балотца, рачулку і кусты. 2. Сонца асвяціла ўсё балотца, рачулку і кусты.

Што трэба ведаць, каб адказаць на пастаўленае пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Пачнём з правіла.

Запомніце! Калі абагульняльнае слова стаіць перад аднароднымі членамі, то перад імі ставіцца двукроп’е [3, стар. 92, “Беларуская мова”].

Тлумачэнне.

Пры аднародных членах сказа балотца, рачулку, кусты ёсць абагульняльнае слова ўсё. Як і аднародныя члены, яно адказвае на пытанне ш т о? і стаіць перад імі.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі, вывад.

Пішам.

Сонца асвяціла ўсё: балотца, рачулку і кусты.

Сустрэча з беларускай народнай казкай.

Прачытайце тэкст паводле казкі “Жораў і чапля”.

Жылі на канцах балота птушкі: жораў і чапля. Стала ім сумна. Задумаў жораў да чаплі ў сваты ісці. Прайшоў сем вёрст цераз бор ды ў чаплін двор.

-- Добры дзень, чапля!

-- Добры дзень, жораў!

-- Ці не пойдзеш, чапля, за мяне замуж?

-- Твае ногі доўгія, пер’і кароткія. Непрыгожы ты. Ідзі туды, дзе быў! (Урывак паводле казкі “Жораў і чапля”) [4, стар. 61, “Беларускія народныя казкі”].

Растлумачце пастаноўку знака прыпынку ў сказе з абагульняльным словам.

Ведайце!

Калі пасля абагульняльнага слова перад аднароднымі членамі сказа ёсць пабочныя словы напрыклад, а іменна, а менавіта, то двукроп’е ставіцца пасля яго [3, стар. 93, “Беларуская мова”].

Скорагаворка.

У школе вывучаем розныя часціны мовы, напрыклад: назоўнік, прыметнік, дзеяслоў (Аляксей Якімовіч).                                                                                

• Растлумачце ўмовы пастаноўкі знакаў прыпынку ў сказе скорагаворкі.

• Як вы вызначылі абагульняльнае слова і аднародныя члены?

Ствараем праблемную сітуацыю.                     

• Як  пішам?

1. Балотца, рачулку і кусты – усё асвяціла сонца. 2. Балотца, рачулку і кусты ўсё асвяціла сонца.

Што трэба ведаць, каб адказаць на пастаўленае пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Чытаем правіла.

Запомніце! Калі абагульняльнае слова стаіць пасля аднародных членаў сказа, то перад ім ставіцца працяжнік [1, стар. 165, “Беларуская мова”].  

                         [3, стар. 92, “Беларуская мова”]

Тлумачэнне.

Пры аднародных членах сказа балотца, рачулку, кусты ёсць абагульняльнае слова ўсё. Як і аднародныя члены, яно адказвае на пытанне ш т о? і стаіць пасля іх.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі, вывад.

Пішам.

Балотца, рачулку і кусты – усё асвяціла сонца.

Успамінаем вывучанае.

Закончыце сказ, дапоўніўшы яго аднароднымі членамі і паставіўшы патрэбны знак прыпынку.

Мы ведаем наступныя даданыя члены сказа(:) …, … і … . (Дапаўненне, азначэнне і акалічнасць.)       

Прыказкі, прымаўкі.

Прачытайце.

1. Для яго ўсё роўна: ці чорнае, ці белае. 2. Ні гневу, ні ласкі – нічога ад яго не дачакаешся. 3. Усё языком працавала: і шыла, і мыла, і прала, і ткала. 4. І кіем, і паленам – усё тым самым дрэвам [5, стар. 320, 322, 329, 366,  “Беларускія прыказкі…”]. 

• Ці ёсць у прыведзеных афарызмах абагульняльныя словы пры аднародных членах сказа? Якімі членамі сказа яны з’яўляюцца? Ці правільна пастаўлены знакі прыпынку пры іх?

Перакладчыкі.

Запішыце афарызмы па-беларуску, паставіўшы, дзе трэба, знакі прыпынку.

Несправедливость достигается двумя способами (:) или насилием(,) или обманом (Цыцэрон).

Правда(,) законность(,) добродетель(,) справедливость(,) кротость (--) всё это может быть объединено в понятии «честность» (Квінціліян) [7, стар. 88, 92, “Античные афоризмы”].

В человеке должно быть всё прекрасно(:) и лицо(,) и одежда(,) и душа(,) и мысли (А. П. Чэхаў).

• Ці ёсць у прыведзеных афарызмах абагульняльныя словы пры аднародных членах сказа? Як вы гэта вызначылі?

Слоўнік.

Или -- ці, або, альбо; добродетель – дабрадзейнасць, дабрачыннасць.

Для даведкі.

Марк Тулій Цыцэрон (106 – 43 да н. э.) – рымскі аратар, філосаф і дзяржаўны дзеяч.

Марк Фабій Квінтыліян (каля 35 – каля 96) – старажытнарымскі тэарэтык аратарскага мастацтва.

Ствараем праблемную сітуацыю.          

Як пішам?

1. Усё вакол: балотца, рачулка, кусты – было зацягнутае шэрым туманам. 2. Усё вакол: балотца, рачулка, кусты  было зацягнутае шэрым туманам.

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Звернемся да правіла.

Запомніце! Калі абагульняльнае слова стаіць перад аднароднымі членамі, але сказ імі не заканчваецца, то перад аднароднымі членамі ставіцца двукроп’е, а пасля іх – працяжнік [1, стар. 165, “Беларуская мова”].  

              [3, стар. 92, “Беларуская мова”]

Тлумачэнне.

Пры аднародных членах сказа балотца, рачулку, кусты ёсць абагульняльнае слова ўсё. Як і аднародныя члены, яно адказвае на пытанне ш т о?  і стаіць перад імі. Пасля аднародных членаў сказ працягваецца.       

Вырашэнне праблемнай сітуацыі, вывад.

Пішам.

Усё вакол: балотца, рачулка, кусты – было зацягнутае шэрым туманам.    

Праца са сказам.        

Складзіце скорагаворку са слоў.

Зямля, уся, і, і, і, людзі, луг, поле, раніцай, адпачывае, перад. (Уся зямля: і людзі, і луг, і поле – адпачывае перад раніцай.)

• Да якіх членаў сказа адносяцца абагульняльнае слова і аднародныя члены? Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку пры іх.

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма напішыце беларускае слова “раніца” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

У гасцях у тлумачальнага слоўніка.

Выкарыстаўшы адпаведны артыкул у слоўніку, запішыце па ўзоры кароткае азначэнне слова "кастаньеты". (Драўляныя бразготкі, якія надзяваюць на пальцы рук для прышчоўквання ў такт танца.)

Узор. Глыба, -ы, ж. -- вялікі бясформенны абломак цвёрдага рэчыва. Глыба мёрзлай зямлі [2, стар. 88, 163, “Тлумачальны слоўнік”].

Са словам “кастаньеты” складзіце сказ з абагульняльным словам пры аднародных членах. (У нас было ўсё для выступлення: і скрыпка, і труба, і кастаньеты.)

Акцэнталагічная хвілінка.

Пастаўце націскі ў словах і прачытайце іх.

Кастаньеты, багун, гаварун, бэлька, сваволіць, слоік, бляшанка.                                

Адказ. Кастаньеты, багун, гаварун, бэлька, сваволіць, слоік, бляшанка.

Для даведкі.

Багульник (2), балагур (3), балка (4), баловаться (5), стеклянная банка (6), жестяная банка (7).

Працуем з сінонімамі і фразеалагізмамі.

Дапоўніце сказ фразеалагізмамі, якія абазначаюць “матэрыяльна выгадная, даходная праца, пасада”, “багністая бяздонная прорва”, “час, калі пачынае цямнець, на стыку дня і ночы”.

Ёсць розныя фразеалагізмы, напрыклад: … (цёплае месца), … (чортава вока), … (шэрая гадзіна) [6, стар. 311, 314, 321, “Фразеалагічны слоўнік”].

• Вы лічыце, што ў гэтым сказе… а) ёсць абагульняльнае слова пры аднародных членах, б) няма абагульняльнага слова пры аднародных членах. Абгрунтуйце сваю думку. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў сказе.

• Ці з’яўляюцца сінонімамі словы “выгадная”, “даходная”? Якое блізкае па значэнні слова можна падабраць да іх? (Прыбытковая.)

Назавіце слова.

Вясна наступае,

                                                         І ўсё ажывае:

                                                         Балота, луг, лясок –

                                                         Наш зялёны … (паясок).

                                                                       Аляксей Якімовіч.

• Ці ёсць у вершаваным тэксце абагульняльнае слова пры аднародных членах? Адказ абгрунтуйце.

Сустрэча з народным параўнаннем.                 

Назавіце народнае параўнанне ў вершы Аляксея Якімовіча, якое складаецца з чатырох слоў (першая яго частка “як з неба…”).

                                                            У ельніку, у бары, у гаёчку --

                                                            Усюды маслячкі з’явіліся.

                                                            У гэты дзень яны, сябры,

                                                            Як з неба … .

• Вызначце аднародныя члены сказа ў вершаваным тэксце. Чаму паміж імі ставяцца коска, а пасля іх -- працяжнік? Да якога слова яны адносяцца? Якім членам сказа з’яўляюцца?

Другая частка народнага параўнання, напісаная наадварот: ясілілавз [5, стар. 444, “Беларускія прыказкі…”]

Праца са сказам.

Запішыце сказ. Выбраўшы патрэбнае тлумачэнне, вызначце, якія знакі прыпынку трэба ў ім паставіць.

1. Пасля абагульняльнага слова перад аднароднымі членамі, выкарыстанымі ў сказе, мы ставім двукроп’е.

Калі сказ працягваецца, то пасля аднародных членаў, выкарыстаных у ім, мы ставім і другі знак прыпынку -- працяжнік.

2. Пасля аднародных членаў, выкарыстаных у сказе, перад абагульняльным словам мы ставім працяжнік.

Заўсёды(:) восенню і зімою(,) вясною і летам(--) дзяцей вабяць школьныя канікулы.

Падбярыце сінонім да слова “вабяць”. (Прыцягваюць.)

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

На прыгуменні, поруч з садам,

                                            Павець з гумном стаяла радам,

                                            А пад паветкаю пр(ы, і)лады:

                                            Вазок, калёсы, панарады,

                                            Старыя сані, восі, колы

                                            І ву(л, лл)яў некалькі на пчолы… [8, стар. 7, “Паэмы Я. Коласа”].

• Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў вершаваным тэксце.

• Раскрыйце сэнс слоў “прыгуменне” (месца каля гумна), “павець”, “паветка” (страха на слупах, пад якой трымаюць розныя сельскагаспадарчыя прылады, дровы і інш.),  “панарад” (верхняя частка воза без колаў;  камплект колаў для воза), “прылады” (тут: сродак, прыстасаванне для якой-небудзь працы. Прылады працы) [2, стар. 228, 236, 270, “Тлумачальны слоўнік”].

• Падбярыце літаратурны адпаведнік да аўтарскага слова “радам”. (Побач.)

Праца са сказамі.

1. Мы добра ведаем, што ёсць наступныя … … (напрамкі свету) (:) поўнач(,) поўдзень (,), усход(,) захад (Аляксей Якімовіч).  2. І палі(,) і лугі(,) і лясы(,) і дарогі (–) … …. (усё наваколле) за ноч пакрылася першым снегам (Аляксей Якімовіч). 3. Для таго, каб дасягнуць поспеху ў жыцці, патрэбны … … (тры ўмовы)(,) … …(а менавіта)(:) настойлівасць(,) стараннасць(,) працавітасць (Аляксей Якімовіч). 4. … … (Усё навокал)(:) узгорак(,) палянка(,) узлесак (--) было ўсыпана спелымі чырвонымі суніцамі (Аляксей Якімовіч). 

• Устаўце патрэбныя абагульняльныя словы. Пастаўце прапушчаныя знакі прыпынку.

Хвілінка творчасці.

Якія словы тут рыфмуюцца?

         1. Апошняе слова ў радзе аднародных членаў  спартыўны інвентар: канькі ды лыжы

         Рыфмуецца з апошнім словам рада два мурашы: чорны ды р.. .

         2. Апошняе слова ў радзе аднародных членаў спяваюць розныя птушкі: стрыжы,чыжы,  сплюшкі

         Рыфмуецца з апошнім словам рада павесілі ўсё: і цацкі, і цукеркі, і с.. .

         3. Апошняе слова ў радзе аднародных членаў прывезлі агародніну: памідоры ды агуркі

         Рыфмуецца з апошнім словам рада грэюцца ўсе: і самы, і акуні, і ш.. .

         4. Апошняе слова ў радзе аднародных членаў паважаю  розных людзей: і знаёмых, і блізкіх,  і сяброў

         Рыфмуецца з апошнім словам рада не было відаць нічога: ні ракі, ні поля,  ні к.. .

Д л я  д а в е д к і.

Адказы да вершаванага тэксту (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; апошняе слова сказа напісана наадварот): ыжыр, ікжутс, ікапучш, ўотсук.             

Адказы на пытанні.

  Што вы ведаеце пра абагульняльныя словы?

• Якія знакі прыпынку ставяцца ў сказах з абагульняльнымі словамі пры аднародных членах?

Тэст.

Адзначце сказы, запісаныя без парушэння пунктуацыйных норм.

1. На дварэ нешта дзіўнае: ці то вецер стогне, ці то дрэвы шумяць.

2. Каля лесу, каля ракі, каля азярынкі – усюды наваліла шмат снегу.

3. Усюды наваліла шмат снегу каля лесу, каля ракі, каля азярынкі.

4. З бацькам Міхасёк не баяўся нічога: ні дрымучага лесу, ні гразкага балота, ні густога прырэчнага лазняку.

5. Ні дрымучага лесу, ні гразкага балота, ні густога прырэчнага лазняку – нічога не баяўся Міхасёк з бацькам.

Адказ: 1, 2, 4, 5.

                                                                                                            

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Бадзевіч, З. І. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 8-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання  / З. І. Бадзевіч, І. М. Саматыя. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. – 256 с.

2. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

3. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 11-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання  / Г. М. Валочка [і інш.]. – 2-е выд., перапрац. і дап. – Мінск. : Нац. ін-т адукацыі, 2016. – 256 с.

4. Беларускія народныя казкі / Склад. Г. А. Барташэвіч, К. П. Кабашнікаў – Мн. : Навука і тэхніка, 1981. – 480 с.

5. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы  / склаў Ф. Янкоўскі. – 2-е выд., дап. -- Мінск : Выд-ва АН БССР, 1962. – 556 с.

6. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

7. Казачёнок Т. Г., Громыко И. Н. Античные афоризмы : Темат. сб. – Мн. : Выш. шк., 1987. – 318 с.

8. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.         

Урок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, № 4, красавік 2023 г.