ВЫВУЧАЕМ
БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ
Тэма: Асаблівасці
кіравання. Ужыванне прыназоўнікаў з (са).
Псіхалагічны настрой.
Сявенька, посуд,
Падліковы --
Гэта словы нашай мовы.
Аляксей Якімовіч.
• Якія
словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?
Успамінаем. Кіраванне – адзін з відаў сінтаксічнай сувязі ў словазлучэнні. Пры ім
залежнае слова ўжываецца ў тым ускосным склоне, якога патрабуе галоўнае.
Ствараем
праблемную сітуацыю.
• Пішам: жартаваць з брата.
Чаму так?
Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?
Хвілінка
кемлівасці.
Знаёмімся з правілам.
Запомніце! Дзеясловы жартаваць, смяяцца, насміхацца,
кпіць,
дзівіцца і інш. ужываюцца з залежным словам у форме Р. скл. з
прыназоўнікам з (са): смяяцца з сябе,
кпіць з няўмекі [4, стар. 205, “Беларуская мова”]. Параўнайце: у
рускай мове – у форме Т. скл. з прыназоўнікам над (шутить над братом).
Назавіце слова.
Пішам без памылак:
Жартаваць з Андрэя,
Здзекавацца з Мацея,
Рагатаць з … (Аляксея).
Аляксей Якімовіч.
• Растлумачце ўжыванне прыназоўнікаў.
Ствараем
праблемную сітуацыю.
• Пішам: сустракацца з сябрам.
Чаму так?
Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?
Хвілінка
кемлівасці.
Знаёмімся з правілам.
Запомніце! Прыназоўнік з ужываецца з назоўнікамі ў форме
роднага, вінавальнага і творнага склонаў.
Дзеясловы ажаніць, ажаніцца ўжываюцца
з залежным словам у форме Т. скл. з прыназоўнікам з: ажаніцца з Таццянай [4,
стар. 205, “Беларуская мова”].
Назавіце слова.
Пішам без памылак:
Бачыцца з Васілём,
Сябраваць з Міхасём,
Ехаць з … (Базылём).
Аляксей Якімовіч.
• Растлумачце ўжыванне прыназоўнікаў.
Ствараем
праблемную сітуацыю.
• Пішам: глядзіць са здымка.
Чаму так?
Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?
Хвілінка
кемлівасці.
Знаёмімся з правілам.
Запомніце! Перад словамі, якія пачынаюцца са спалучэння зычных, першы з якіх з,
с,
ж,
ш,
м,
ужываецца варыянт са. [4, стар. 205, “Беларуская мова”]
• Растлумачце ўжыванне прыназоўнікаў.
[1, стар. 126 --127,
“Беларуская мова”]
Назавіце слова.
Пішам без памылак
Са Сцяпанам размаўляць,
Са Змітраком пілаваць,
Са Святланай … (маляваць).
Аляксей Якімовіч.
• Растлумачце
ўжыванне прыназоўнікаў.
Працуем са спалучэннямі слоў.
• Са
словамі “са скуры” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным
значэннем.
• Ці
з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?
• З формай
якога склону спалучаецца прыназоўнік са?
У дапамогу: раменьчык са скуры – са скуры лезці.
Скорагаворка.
Ягада велічынёю з гарошыну, а груша велічынёю са збан (Аляксей Якімовіч).
• Якія
вывучаныя арфаграмы сустракаюцца ў скорагаворцы?
Праца са сказам.
Складзіце скорагаворку са слоў.
З’ехаў, скалы, трампліна, як, са, з. (Са скалы з’ехаў, як з трампліна.)
• Чаму
прыназоўнікі ў скорагаворцы трэба ўжываць з родным склонам?
Фізкультхвілінка.
На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя спалучэнні
літар з, с, са, потым напішыце беларускае слова “сакавітае” і лагодна
ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.
Праца з вершам.
Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея
Якімовіча.
Стаіць за ракою.
Мая вёска недалёка:
І ў сне жыве са мною.
Палюбіў даўно яе.
Аляксей Якімовіч.
Адказ: 1 – 2, 2 – 1, 3 – 4, 4 – 3.
• Знайдзіце
ў вершы арфаграму на вывучанае правіла. Растлумачце яе напісанне.
Сустрэча з
фразеалагізмам.
Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які
абазначае “не ісці на лад, не ладзіцца,
не выходзіць як след (з прычыны адсутнасці настрою, жадання і падобнага).
-- Цяжка без цябе мне, --
Кажа дзеду ўнук. --
Ўсё ідзе не так,
… .
• Чаму ў
вершаваным тэксце прыназоўнік з ужываецца з назоўнікам у родным
склоне?
Словы
фразеалагізма, напісаныя наадварот: аццілав з кур [2,
стар. 37, “Фразеалагічны слоўнік”].
Узбагачаем мову словам Якуба
Коласа.
Раскрываючы дужкі,
запішыце слова з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба
Коласа.
Па баках палі ляжалі,
Пападаліся гаі,
І дарогі праб(я, е)галі
Чыста срэбра-ручаіна
І шчасліва беглі далей
Між высокіх б(е, я)ражкоў,
Гаманіла хвалька з хваляй
Спевам роўным галасоў… [3, стар. 340, “Паэмы Я.
Коласа”].
• З назоўнікам у форме якога склону спалучаецца ў
вершаваным тэксце прыназоўнік з? Растлумачце яго напісанне.
• Якімі
злучнікамі можна замяніць слова “чыста”. (Быццам,
як.)
Адказы
на пытанні.
• Што вы ведаеце пра ўжыванне прыназоўнікаў з, с?
• У якім выпадку ўжываецца прыназоўнік са?
Тэст.
Адзначце словазлучэнні, у якіх прыназоўнікі ўжыты
правільна:
1) велічынёю з хату;
2) гуляць з сястрою;
3) скачаць з
снегу;
4) скачаць са снегу;
5) узяць з жменю;
6) узяць са жменю;
7) працаваць з суседзямі;
8) ажаніцца на Надзеі;
9) ажаніцца з Марынай.
Адказ: 1, 2, 4, 6, 7, 9.
Выкарыстаная
літаратура
1.
Валочка, Г. М., Язерская С. А. Беларуская мова : Падруч. для 7-га кл.
агульнаадукац. шк. з беларус. мовай навучання. 2-е выд. – Мн. : Нар. асвета,
1998. -- 206 с.: іл.
2. Гаўрош,
Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара
філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага. –
Мн., “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.
Перад загал. аўт. : Н. В.
Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.
3. Колас, Я.
Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448
с.
4. Валочка Г. М. Беларуская
мова : вучэб. дапам. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус.
мовамі навучання / Г. М. Валочка [і інш.]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020.
-- 232 с.
Гэты ўрок (у ім
могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і
літаратура”, ліпень 2022 года, № 7.